 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Занатоўкі мастака
|
ЗАЧАРОЎВАЕ... * * * Зачароўваюць хутказменлiвыя аблокi на густа-блакiтным шаўковым небе, асаблiва апошнiмi цёплымi вераснёўскiмi днямi. * * * Паркавы вадаспад спачатку клiча... Падыходзiш, глядзiш на заслону з тонкiх струменяў, на лёгкiя пухкiя шапкi шуму, на вiрлiвыя пераплаўленнi чорнае глыбiнi... Вадаспады зачароўваюць. * * * Люстэркi, пастаўленыя адно насупраць аднаго, зачароўваюць; яшчэ больш зачароўвае невялiкi пакой, сцены, столь i падлога якога абшыты люстэркамi. Адна, хай i вельмi вялiкая люстраная сцяна, нiколi не зачаруе. * * * Восеньскiм ранкам, калi я хадзiў у дзiцячы сад, нашую групу вадзiлi на прагулянкi ў парк. Мы збiралi ў кiшэнi i шапкi жалуды, а кляновыя "носiкi" падкiдалi ў кастрычнiцкую сiнечу. "Носiкi", мы iх называлi верталётамi, круцячыся, апускалiся долу. А мы iх падкiдалi зноў – хто вышэй? Мяне i цяпер зачароўвае палёт кляновага верталёцiка. ЛЁГКА ЗАПОМНІЦЬ... * * * Лёгка запамiнаюцца прозвiшчы старшакласнiкаў i старшакурснiкаў. Спытаюць: з кiм ты вучыўся? I пачынаеш называць спачатку старэйшых, потым аднагодкаў i амаль нiколi не называеш малодшых. ПОМНЮ З ДЗЯЦІНСТВА... * * * Добра помню з дзяцiнства будынiну гарадскога халадзiльнiка – доўгiя высозныя сцены без вокнаў i вялiзарныя плямiны цвiлi на iх. * * * Мамiна мацi, баба Ядзя, каляндарным лiстком падпальвала ў печы. * * * Бацькава мацi, баба Броня, казала, каб не даваў руку старым людзям, калi яны збiраюцца памiраць. Тлумачыла тым, што чортава сiла не дае лёгкай смерцi, а праз руку можна гэтую сiлу перадаць iншаму чалавеку, што жанчыне лягчэй перадаваць хлопцу, а мужчыну лягчэй, калi руку падасць дзяўчына. Баба Броня, калi расказвала, сядзела на ложку, а я тым часам, седзячы за сталом, маляваў чырвоныя дзверы дзедавай хаты. Прайшло, можа, хвiлiн пяць, я i забыўся пра бабiны словы. А яна раптам на ўсю хату: "Прасiць будуць, а ты не давай рукi!". Так i запомнiлася папярэджанне. * * * Этажэркi вымерлi. У нас была этажэрка з дыхтоўнымi палiчкамi, са стойкамi, састаўленымi з нiтачных катушак. Суседзi мелi этажэрку з бамбуку. Былi i лазовыя этажэркi – светлыя, з выпаленымi рыскамi арнаменту. Я ўжо гадоў дзесяць не сустракаў "жывой" этажэркi. Мэбля, як i жывёлы, вымiрае цэлымi вiдамi. Этажэркi вымерлi. * * * Мой сваяк – Казiмiр Кiсель – шрот i насенне захоўваў у аднолькавых мяшэчках. РОБІЦЦА НЯЁМКА... * * * Няёмка робiцца, калi ў час размовы пазяхнеш. Дзiўна яшчэ й тое, што ў няёмкае становiшча трапляеш не толькi сам, а i ўсе прысутныя – i тыя, што гавораць, i тыя, што слухаюць, i нават тыя, што не слухаюць. ПРЫЕМНА Ў РУЦЭ ТРЫМАЦЬ... * * * Прафесiйна i таму крыху нядбайна завостраны аловак прыемна трымаць у руцэ. * * * Толькi што знойдзеную ў археалагiчным шурфе касцяную шахматную фiгуру прыемна паказваць, узважваючы на далонi. * * * Прыемна ў руцэ трымаць пясочны гадзiннiк; здаецца, пакладзi ты яго на бок – i спынiцца час. * * * Добра выдадзены, нiкiм не прачытаны асобнiк кнiгi твайго любiмага пiсьменнiка прыемна ў руцэ трымаць, прыемна пагартаць старонкi i прачытаць адзiн-два сказы. МЕСЦЫ, ДЗЕ ЛЮБЛЮ БЫВАЦЬ... * * * Нiкуды не збiраючыся ехаць, люблю прыйсцi на вакзал i пашукаць людзей, што прыйшлi сюды не сустракаць i не ехаць, а паглядзець, як гэта робяць iншыя. * * * Дом хутка знясуць. У такiх, асуджаных на знiшчэнне, дамах з выламанымi дзвярыма i павыбiванымi шыбамi адчуваеш, як скразнякi выносяць чалавечы дух. Цяжка сцвярджаць, што люблю бываць у такiх вось дамах, дакладней будзе – не магу абмiнуць. * * * Люблю наведваць закiнуты стадыён. Брама павалiлася i, лежачы ў плыткай калюжыне, iржавее. Асфальт на сцежках патрэскаўся. Трыбуны i поле пазарасталi высокай травою. На прыступках зелянеюць купiны моху. Спакой... * * * Люблю ўздымацца на вежы. * * * Цiкава наведаць галоўпаштамт. Сядзеш за мармуровы заплямлены атрамантам стол, возьмеш простую асадку з пашкоджаным рознымi почыркамi пяром, падсунеш да сябе шкляную атрамантку i зробiш выгляд, што ты, як усе, запаўняеш бланк. Любоў да вакзалаў i паштамтаў засталася ад часоў, калi наведваў мастацкую вучэльню i пасля заняткаў з папкаю i мяккiм алоўкам хадзiў па горадзе i рабiў накiды. ПРЫЕМНА ДАКРАНУЦЦА... * * * Стаiш у пустым музейным пакоi перад незашклёнай карцiнаю. Прыемна дакрануцца да палатна – пераканацца, што яно сапраўды ёсць. * * * Цэлы дзень атынкоўваў сцяну. Нарэшце праца скончана, але няма задавальнення – не атрымалася тое, што хацеў. Прыехаў дадому, напусцiў поўную ванную блакiтна-празрыстай вады. Трэба паглядзець, цi не занадта гарачая. Асцярожна дакранешся, а яна якраз такая, як i павiнна быць. Апускаеш руку глыбей у чыстую вадкасць... Вельмi прыемна. УВАСАБЛЯЮЦЬ ЧЫСЦІНЮ... * * * Састаўленыя з гiпсавых шматграннiкаў (па-беларуску лепш казаць – шматкантнiкаў), конусаў, цылiндраў, тораў, шароў i белых крухмальных драпiровак нацюрморты (па-беларуску лепш казаць – рэчавiкi) выклiкаюць адчуванне гармонii i ўвасабляюць чысцiню. * * * Ад рулона льнянога палатна павявае прахалодаю летняга ранку, i гэта для мяне – увасабленне чысцiнi. * * * Красавiк. Снег сышоў. На адхонах чыгункi гарыць падпаленая дзецьмi леташняя трава. Дым незаўважна злiваецца з лёгкай смугою. У прыбраных садах хлопчыкi кладуць вогнiшчы. Назаву ўсё гэта вясновым ачышчэннем. МІЖВОЛІ ЗВЯРТАЕШ УВАГУ... * * * Мiжволi звяртаеш увагу на нумар кiнабiлета. Усё роўна цi ён 8591992, цi 2991958 – рознiцы ну анiякай, а ўвагу звяртаеш. * * * Мiжволi звяртаеш увагу на флуарэсцэнтныя махеравыя шапкi, якiя любяць насiць жанчыны з гарадскiх ускраiн. * * * Жалезабетонны плот, сама надзейнасць, i раптам дзiрка ў iм. Мiжволi спынiшся i зазiрнеш. САНЛІВАСЦЬ... * * * Чакаеш аўтобуса на правiнцыйным вакзале. Перад вачыма ляжыць залiты белаватым сонечным святлом пыльны пляц. Усе тэрмiны прайшлi, а аўтобуса няма, i робiцца ўсё роўна – прыйдзе ён зараз, цi праз гадзiну, цi праз тры... Пачынаеш засынаць i спiш самым невыносным дзённым сном у пякельную гарачыню. Наогул, правiнцыя з яе маруднымi рытмамi выклiкае санлiвасць, зразумела, калi ты – сталiчны чалавек. НА ШТО ЦЯЖКА ГЛЯДЗЕЦЬ... * * * Цяжка глядзець на доўгi байкавы бальнiчны халат колеру какавы з малаком. * * * На чыгуначнай станцыi ў Негарэлым стаiць больш як сотня цягнiкоў. Яны ўжо ведаюць пра смяротны прысуд i чакаюць за нiзкiм сятчастым плотам у тупiку, калi iм дадуць магчымасць сказаць сваё астатняе слова. * * * Цяжка глядзець на мармуровы бюст з адбiтым, а потым прыклееным носам. * * * На ўласную працу, зробленую толькi дзеля заробку, глядзець цяжка. * * * Насупраць мяне ў электрычцы сеў мужчына. Замест левай кiсцi ў яго з рукава тырчаў пратэз. Мужчына гладзiў чорныя скураныя пальцы правай рукою. * * * Цяжка глядзець на чалавека, якi заносiць у тралейбус вялiкi жалобны вянок. ВІДОВІШЧЫ, ЯКІЯ СПЫНЯЮЦЬ... * * * Сметнiцы за могiлкамi завалены пахавальнымi вянкамi. Выцвiлыя, пакамечаныя папяровыя кветкi. Прапарафiненая кардонная дубовая лiстота. Пякуча-чырвоныя ад iржы драцяныя каркасы. Пасiвелыя збэрсаныя стужкi з лускою бронзавых i срэбных надпiсаў. Атрыбутыка жалобы спыняе мяне. ПРЫЕМНА ГЛЯДЗЕЦЬ... * * * Прыемна глядзець з высокага прыгорка на цень воблака, як ён плаўна рухаецца па полi. * * * З хiсткае кладкi, перакiнутай праз плыткую крынiчную рэчку, прыемна панаглядаць за гульнёю верхаводак. КАЛІ АДЧУВАЕШ АДЗІНОТУ... * * * Робiш роспiс. Доўга не можаш зразумець, чаму так цяжка даецца, так марудна рухаецца наперад праца. I раптам бачыш, што перад вачыма не намаляваны сад, а сцяна. Цяжка i самотна стаяць тварам да сцяны, нават калi малюеш сад. ПАЧУЦЦІ, ЯКІХ ІМКНУСЯ ПАЗБЯГАЦЬ... Азарт У электрычцы ад няма чаго рабiць назiраю за гульнёю ў карты. Пасажыры добра ведаюць, што азартныя гульнi забараняюцца ў вагонах i тамбурах, але многiя гуляюць. Насупраць мяне двое мужчын рэжуцца ў "дурня". Адзiн з iх маўклiвы, другi гаваркi i ўвесь час жартуе i смяецца, словамi дапамагае сабе, хоча голасам надаць карце большую вагу. – А тваю сямёрку мы дзесяткай. А тваю дзесятку мы валетам завалiм, каб яна нам тут свет не засцiла. Ну а валета мы казырнай шасцёркаю заложым. Вось так. Ёсць? Няма? Ну, то й добра... Я не супраць гульнi ў карты, дамiно цi косцi, калi гульня мастацкая i той, хто гуляе са мною, седзячы насупраць, разумее сэнс гульнi. Насупраць – гэта не значыць супраць у мастацкай гульнi, як у спартыўнай i азартнай, дзе гульня спачатку ператвараецца ў спрэчку, а потым у сварку, бывае, нават i ў бойку, бо пачуццё азарту разбурае правiлы, скасоўвае дамоўленасць. Зайздрасць Убачыў дагледжаныя рукi студэнта, параўнаў са сваiмi, перапэцканымi ў фарбу, i пазайздросцiў. ЗДЗІЎЛЯЮЦЬ... * * * Здзiўленне – сустрэча з дзiвам. * * * Мяне здзiвiлi памеры тэатральнай люстры. Глядзеў на яе з балкона, i мiжволi ўзнiкла пытанне: якая ж патрэбна лесвiца, каб замянiць лямпачкi ў гэтым фантане з бронзы i крышталю, якi, здаецца, вось-вось абрынецца ў партэр? Адказ, надзiва просты, знайшоўся толькi пасля антракту – люстру апускаюць на ланцугу. * * * Незнаёмая жанчына здзiвiла мяне надзвычайным знешнiм падабенствам да маёй мацi. Дзiўна, што прырода так жорстка жартуе з магчымасцi адрознiваць адно ад аднаго. Аднаго разу я нават бачыў "самога сябе". Я... Ён... не ведаю, як пiсаць, таму пакiну сказ без дзейнiка... iшоў па другiм баку вулiцы, у супрацьлеглым кiрунку. Я адрознiваўся тым, што заўважыў на той момант, як... назаву яго – iншы... на той момант, як iншы не бачыў мяне. ПРЫЕМНА... * * * Прыемна вярнуцца дадому i павячэраць з мацi, хай гэта будзе шклянка малака з хлебам. * * * Прыемна, калi прымаеш без слоў. * * * Лета звiнiць тонкiм шклом страказiных крылаў. Ад спёкi ратуюць ветрык i рухомыя ценi соснаў, што зусiм блiзка падышлi да хуткай рэчкi. Іду па вузкай стужцы белага пяску, каля самай вады. Што можа быць прыемней, як перайсцi ўброд крынiчную рэчку ў гарачы лiпеньскi дзень? Заходжу ў ваду. Даходжу да сярэдзiны i спыняюся.... Успомнiлася мая лодачка з сасновай кары. Лодачку я тачыў аб асфальт, пакiдаў на шурпатым панцыры сцежак пiсягi цаглянага колеру. З лодачкай я клаўся спаць. Лодачка ратавала мяне ад розных бедаў у школьным лагеры. ...Хуткая халодная вада бруiцца каля маiх каленяў. Вяртаюся на той бераг, з якога прыйшоў. КРЫЎДНА... * * * Крыўдна робiцца не ў час падману, а ў момант, калi ты даведаўся пра падман. * * * Адпачываў з сябрам. Цэлы месяц давялося насiць на руцэ гадзiннiк, бо сябар забыў свой гадзiннiк дома. Непрыемна ў час адпачынку насiць гадзiннiк. Час i ягоная матэрыяльная абалонка – гадзiннiкi – прыдуманыя чалавецтвам кайданы, якiмi кожны з нас прыкуты да грамадства. Адпачынак скончыўся. Мы ехалi ў аўтобусе ў аэрапорт. Сябар дастаў з кiшэнi свой "забыты" гадзiннiк, завёў яго i спытаў: "Колькi часу?". ЖАЛЬ... * * * Без пачуцця жалю нельга зрабiць сапраўдны падарунак. * * * Мацi захоўвала падушачку для iголак, якую я пашыў яшчэ ў дзiцячым садзе. Аднойчы я ўбачыў падушачку ў руках сваёй дачкi. Ёй так падабалася стракатая падушачка, што забраць яе не адважыўся. Дачка гуляла з падушачкай некалькi дзён, пакуль на вулiцы не згубiла яе. СУПАКОЙВАЕ... * * * Вастрэнне простых алоўкаў мяне супакойвае.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|