 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Насуперак вятрам і змроку
|
Мова ў гэтай дзяўчыны шапаткая, пявучая, родная… Чысцюткая і празрыстая, як крыніца. І піша, і думае, і гаворыць Ганна па-беларуску. Гэтым і выдзялялася з самага пачатку сярод студыйцаў школы “Малады літаратар”. …На спіне шнары, то ад крылаў. Я ведаю: табе баліць. Можна пазайздросціць духоўнай цнатлівасці гераіні яе вершаў. Ёй дадзена чуць і бачыць тое, міма чаго мы звычайна праходзім, не звяртаючы ўвагі: шчэбет сінічы, рытм цягніка, танец дажджу, зорка,як свечка ў зацемку… …На кубку нябачны слядок пацалунку Пакінуць і дзьмухнуць лянотна на свечку. І не змагчы адмахнуцца ад думкі, Што ноч і адліга ўжо цягнуцца вечнасць. Не можа адмахнуцца яна і ад скрушнай думкі пра мову: Распляжылі. Патрушчылі. Знявечылі. Забыліся. Аскепкі неўміручыя Усё-ткі зліцца сіляцца. Пакуль не могуць. Множацца І ў сэрцы колюць дзідамі. Аж покуль дыхаць можацца, Не забывай радзімую. Такіх пранікнёных і глыбокіх радкоў пра мову мне чытаць не даводзілася… тут сапраўды адчуваецца — баліць. І шнары ад крылаў праглядваюць… Таму і верыш усяму, пра што аўтар нам распавядае. Умее гэта рабіць Ганна Новік вобразна, маляўніча, пераканана: Вазьмі асадку і пішы Насуперак вятрам і змроку. Ты не адзін ў імгле глыбокай, Вазьмі асадку і пішы. Пажадаем аўтару гэтых радкоў шчаслівай зоркі над звілістай сцежкай, што вядзе яе ў Літаратуру.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|