 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Сонечны гараскоп Чурлёніса
|
Чурлёніс… Аднойчы пачутае гэта імя ўжо назаўсёды застаецца, як дзіўны акорд, у вашай свядомасці. Назаўсёды застаюцца ў вашай свядомасці аднойчы ўбачаныя творы Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса, яго «Ісціна» і «Спакой», яго «Дружба», «Смутак» і «Рэкс». Запамінаюцца, застаюцца назаўсёды – як пачутыя ў дзяцінстве казкі ці як убачаныя аднойчы незвычайныя з’явы прыроды: шаравая маланка, паўночнае ззянне, сонечнае зацьменне. Аднойчы, будучы на поўдні, я назіраў адвячоркам, пад ціхі плёскат мора, як у выніку ўзаемадзеяння промняў заходзячага сонца і аблок на небасхіле ўзнікла цэлая казачная краіна – з гарамі і далінамі, з дамамі і вежамі, з шырокай звілістай дарогай і адыходзячымі ад яе ва ўсе бакі сцяжынамі-атожылкамі. Зачараваны, захоплены, я не мог адарваць вачэй ад відовішча. Было такое адчуванне, быццам я падарожнічаю ў нейкай незямной, шматмернай прасторы і адкрываю для сябе антысвет, двайніка нашай зямной цывілізацыі. Я потым доўга знаходзіўся пад уражаннем ад свайго незвычайнага «падарожжа». Яно запомнілася мне назаўсёды. Нешта падобнае зведваеш і пры знаёмстве з Чурлёнісам. Яго карціны – своеасаблівае запрашэнне да падарожжа ў нейкі іншы, нетутэйшы, ахутаны вялікай тайнай свет, на іншы, супрацьлеглы бераг. У гэтым перш за ўсё іх незвычайнасць, гэтым перш за ўсё, мабыць, вытлумачваецца сіла іх уздзеяння. Ды вось што – неабходна адразу агаварыцца – характэрна: як бы высока ні ўзлятала муза Чурлёніса, як бы ні лунала яна, яна, – сведчыць пераважная большасць яго карцін, – не парывае з родным гняздоўем, з зямной глебай. Свет Чурлёніса, пры ўсёй яго незвычайнасці і непараўнанасці, не халодны, не чужы для нас, а, наадварот, ён дыхае жыццём, прываблівае, абнадзейвае. Яно і зразумела. Яго вялікі дар чуйны і жыватворчы.
С природою одною он жизнью дышал: Ручья разумел лепетанье, И говор древесных листов понимал, И чувствовал трав прозябанье. Была ему звёздная книга ясна…
| Гэта радкі з вядомага верша Баратынскага «На смерць Гётэ». Але іх можна цалкам аднесці і да Чурлёніса, у якім імкненне чытаць «зорную кнігу», слухаць зоры («Чуеш? Як ціха перагаворваюцца зоркі») гарманічна спалучалася з надзвычай абвостраным успрыманнем навакольнай прыроды («Жыта не шамаціць, а звініць як звон»). У роздуме над «загадкай» Чурлёніса прыходзіш і да наступнай высновы. Ёсць нямала вызначэнняў генія і геніяльнасці. Зыходным крытэрыем тут можа быць і мера задаволенасці светам, адпаведна з якой геніяў можна падзяліць умоўна на два тыпы. Адны а іх, накшталт таго ж Гётэ, у асноўным задаволены светам і бачаць сваю задачу, сваё прызначэнне ў тым, каб яго далей абжываць, удасканальваць, рабіць лепшым. Другія, напрыклад, Леанарда да Вінчы, Ван Гог, Леў Талстой, больш крытычныя ў сваім стаўленні да свету і па-максімалісцку парываюцца ператварыць яго на свой лад, па сваім вобразе і падабенстве. Вывяраючы свой ідэал, яны звяртаюць позірк да новых вымярэнняў, да зорак, да космасу. Да апошніх трэба аднесці і Чурлёніса. У гэтым сэнсе сімптаматычная яго няздзейсненая да канца задума стварыць са ста карцін цыкл на тэму «Стварэнне свету». Паказальная ў гэтым сэнсе ўся яго творчасць. Як і належыць дэміургу, Чурлёніс творыць смела і мэтанакіравана, крута «замешвае», сінтэзуе ў якасці «будаўнічага матэрыялу» ўсё – ніз і верх, фарбу і гук, колер і штрых, рэальнасць і фантасмагорыю, мікракосм і макракосм. Універсальнасць – вызначальная асаблівасць творчага генія Чурлёніса. Натуральна, што яго мастацтва вытрымала і працягвае годна вытрымліваць выпрабаванне часам, што яго прарочыя касмічныя фантазіі захоўваюць сваю мастацкую каштоўнасць, гэтак жа як колішнія «мроіаб зямліінебе» Цыялкоўскага захоўваюць на сённяшні дзень сваю каштоўнасць тэарэтычную. Прыгадваю – для мяне самога гэта павучальна, – як я паступова, прыступка за прыступкай, адкрываў для сябе Чурлёніса. Прыступка першая. Літоўскія сябры падарылі мне альбом з яго «Знакамі задыяка». Дванаццаць знакаў, дванаццаць карцін. «Сонца ўступае ў знак Блізнят… Сонца ўступае ў знак Дзевы… Сонца ўступае ў знак Вагаў…» Не вельмі ўспрымальны, прызнацца, да жывапісу, тут я быў заінтрыгаваны, зацікавіўся. І не столькі знешнім, астралагічным характарам цыкла, не столькі каларытам і кампазіцыйнымі асаблівасцямі твораў, колькі іх агульнай задумай, сапраўды наватарскім імкненнем аўтара пераасэнсаваць па-свойму векавы міф, паказаць сродкамі жывапісу ва ўзаемасувязі зямны лёс чалавека і векавечны рух сузор’яў. Прыгадваецца, што «Знакі задыяка» Чурлёніса асацыіраваліся не столькі з містычнымі табліцамі старажытных зоркагадальнікаў, олькі з «воляй сусвету» Цыялкоўскага і «ноосферай» Вярнадскага. Прыступка другая. Наведанне мастацкай галерэі М. К. Ч урлёніса ў Каўнасе. Другая сустрэча – ужо як са старымі знаёмымі – са «Знакамі задыяка». Але тут, у кантэксце ўсёй жывапіснай спадчыны мастака, яны ўжо ўспрымаюцца крыху інакш. Тым больш, што астральныя матывы складаюць змест і іншых карцін. І яшчэ адзначаеш, што ў «гараскопе» Чурлёніса, у яго алегорыях пераважае светлы, сонечны тон, за якім выразна прачытваецца вера аўтара ў добры, разумны пачатак жыцця, яго імкненне «быць патрэбным людзям і адчуваць святло ў сваіх далонях». Гэты жыццесцвярджальны, сонечны пачатак асабліва моцна дае знаць у так званым «музычным жывапісе», у прыватнасці, у «Санаце вясны» і «Санаце сонца». У каўнаскім музеі я яшчэ падумаў, помню, аб тым, што калі асобныя цыклы Чурлёніса называюць музычнымі (для такой назвы ёсць падставы), то ўсе яго карціны ў сукупнасці можна смела называць жывапісам паэтычным. За гэта гаворыць ужо той факт, што некаторыя з іх можна смела інтэрпрэтаваць асобнымі вершамі ранняга Купалы («Крыжы», «Чорны бог», «К зорам» і інш.), што ў другіх выпадках, у якасці тлумачальнага тэксту, прыходзілі на памяць вершы Блока, у прыватнасці, вось гэтыя радкі, што ўразілі некалі ў далёкім юнацтве:
Ветер принёс издалёка Песни весенней намёк. Где-то светло и глубоко Неба открылся клочок. В этой бездонной лазури, В сумерках дальней весны Плакали зимние бури, Реяли звёздные сны.
| Сны зямныя пераходзілі ў карцінах Чурлёніса ў «сны зорныя», карціны многа гаварылі на сваёй нялёгкай мове розуму і сэрцу. Прыступка трэцяя. Знаёмства з яшчэ адной музай Чурлёніса – з яго літаратурнымі творамі, перакладзенымі на беларускую мову А. Разанавым да 110-годдзя мастака. Твораў гэтых нямнога, некаторыя з іх, падобна, незавершаны, але яны цікавыя і значныя ў тым сэнсе, што адкрываюць яшчэ адну грань творчай асобы вялікага літоўца, праліваюць у нейкай меры святло на прыроду яго маральных і эстэтычных шуканняў, на яго сімвал веры. У адным з гэтых паэтычных іншасказанняў як бы расшыфроўваюцца сонечная сімволіка мастака, яго метафара «сонца ў далонях». «Святло трэба мець з сабою, у сабе, – піша Чурлёніс, – каб свяціць у цемры ўсім, хто стаіць на дарозе, каб, азораныя святлом, яны змаглі адшукаць яго і ў сабе таксама і пайсці сваёй дарогай». Прыступка чацвёртая. Чытаю набытую некалі ў вільнюскай кнігарні кнігу «Успаміны пра М. К. Чурлёніса», напісаную яго роднай сястрой Ядвігай Чурлёнітэ. Раскіданыя на старонках кнігі згадкі і сведчанні высвятляюць яшчэ адзін, асобасна-чалавечы, аспект творчасці Чурлёніса. «Калі Чурлёніс быў з намі, усе былі лепшыя. Побач з ім не магло быць ні дрэннага чалавека, ні злых пачуццяў. Ён разліваў вакол сябе нейкае святло… Чурлёнісу быў зусім чужы сыты лад жыцця «забяспечанага грамадзяніна», ён ніколі не змог бы ім задаволіцца і адчуваць сябе шчаслівым… Брат не адносіўся да тых практычных людзей, якія проста і «паспяхова» вырашаюць бытавыя пытанні. Ён жыў у іншым свеце. У свеце, у якім панавалі любоў і дружба і яшчэ нешта вельмі важнае, без чаго нельга жыць…» І гэтак далей. Словам, старонкі кнігі пераканаўча сведчаць аб тым, што Чурлёніс-мастак, Чурлёніс-творца неаддзельны ад Чурлёнісачалавека, ад Чурлёніса-асобы. Яшчэ адзін доказ – ад зваротнага, – што геній і ліхадзей не могуць суіснаваць, быць сумяшчальнымі. «Зорнае неба над намі, а маральны закон унутры нас». Гэтыя крылатыя кантаўскія словы ў дачыненні да Чурлёніса можна вытлумачыць так: на тыя высокія вежы, з якіх ён бачыў зорнае неба, ён узнімаўся па загаду свайго вялікага, поўнага любві, чалавечнасці і тугі па лепшым жыцці, сэрца. Прыступка пятая. Заключная. Пасля кнігі Я. Чурлёнітэ я ўжо не мог адкладваць на далей здзяйсненне сваёй даўняй мары – наведаць Друскінінкай2 і пакланіцца родным мясцінам Чурлёніса, той хаціне, дзе ён жыў і пачынаў тварыць, з якой выйшаў у свет. І вось я тут у адзін з апошніх дзён залатой восені (гарадок быў літаральна заліты барвамі лістапада). Невялікі, прысадзісты домік, ашаляваны пафарбаванай дошкай і заценены садам. Пры ўваходзе – лазовы кош, куфэрак, вялікая бляшанка з-пад чаю з імем купца Высоцкага, на сцяне – гадзіннік, застылыя стрэлкі якога паказваюць… пачатак стагоддзя. У галоўным пакоі, злева, музычныя інструменты – старое рудаватае піяніна фірмы «Арнольд Фібігер», якое некалі юны музыкант Кастукас атрымаў у падарунак ад свайго мецэната, князя Агінскага, побач з піяніна – ззяе чорным лакам новы раяль, на якім кожнае лета выконваюцца творы Чурлёніса. У правым кутку пакоя – невялікая шафа, запоўненая старымі кнігамі ў пацямнелых пераплётах. У суседнім, праз некалькі крокаў, доміку (у адным жылі самі, другі дзеля грошай здавалі летам дачнікам) знаходжу той самы – малюсенькі, з адным акенцам – пакойчык, дзе Чурлёніс маляваў і дзе знаходзіцца самы каштоўны, відаць, экспанат мемарыяльнага музея – мальберт. Аглядаю экспазіцыю музея. Гутару з яго загадчыкам, мастаком па прафесіі Адэльбертасам Нядзельскісам. Частуюся яблыкамі з саду Чурлёніса (даведваюся, што першыя саджанцы яблынь і груш для свайго саду бацька Чурлёніса, мясцовы арганіст, прывёз з Гродна). Потым блукаю па вуліцах гарадка і яго ваколіцах, каля Нёмана, вакол возера Друсконіс, па лесе, які пачынаецца адразу за возерам. У гэтым маляўнічым, «райскім» кутку Літвы міжволі думаеш аб той ролі, якую, пэўна, адыграла – не магла не адыграць – прырода ў выспяванні шматбаковага таленту Чурлёніса, у станаўленні яго як асобы. Уяўляючы, як Мікалоюс Чурлёніс вяртаўся з лесу ці з возера дадому, узнімаюся на высокі бераг і зноў падыходжу да доміка-музея. Здаецца, яшчэ адзін крок, яшчэ адзін раптам заўважаны след, яшчэ адна падмечаная дэталь, яшчэ адно, нарэшце, намаганне – і разгадаецца феномен Чурлёніса, тайна з’яўлення вялікага мастака і музыканта, адкрывальніка новых кантынентаў і сузор’яўу сусвеце, імя якога Мастацтва. Калі б… У Друскінінкай я прыехаў поездам з Вільнюса, праз літоўскабеларускую станцыю Парэчча. Вяртаўся дамоў аўтобусам Друскінінкай–Мінск. Той самай гродзенскай дарогай, якою Чурлёнісы, бацька і сын, ездзілі ў Беларусь, у прыватнасці, на суседнюю Гродзеншчыну. У думках я развітваўся і вітаўся зноў з Чурлёнісам, які стаў мне цяпер яшчэ бліжэйшым (хоць і не менш загадкавым). І яшчэ мне чуліся, здавалася, як пажаданне на дарогу, словы героя прытчы Чурлёніса (ці, можа, самога аўтара) пра тое, што чалавек павінен быць заўсёды ў нястомным пошуку, у дарозе і што, каб ведаць дарогу, ён павінен «глядзець з высокіх вежаў» і верыць у гадзіну знямогі ў цудадзейную «лаўку для пасланцоў». На радзіме Чурлёніса мне адкрыўся глыбінны сэнс яго мудрай прытчы – аб «хрэсным шляху» чалавецтва, аб духоўнай сувязі часоў і вечнай эстафеце людскіх пакаленняў. P. S. Чытаючы ўспаміны сястры Чурлёніса, я не мог, канечне, не звярнуць увагу на наступнае сведчанне: «Вясной дом у Друскінінкаі апусцеў. Зосе паехала да сваіх сяброў у маёнтак Петраўшчызна (Мінскай губ.), дзе 30 мая нарадзілася дачка Кастукаса Данутэ…» І вось літаральна на другі дзень пасля майго вяртання з Друскінінкай я раптам даведваюся ў час тэлефоннай размовы ад літаратуразнаўцы Валянціны Гапавай, што яе знаёмыя, навуковы супрацоўнік Віталь Скалабан і рэдактар тэлебачання Уладзімір Содаль гэтымі днямі якраз – бываюць жа такія супадзенні! – шукалі на адной з ускраін Мінска, у гэтай самай Пятроўшчыне («Петраўшчызне» – на польскі лад) сляды былога маёнтка Чарноцкіх, сяброў жонкі Чурлёніса. Я пазваніў Віталю Скалабану ў выдавецтва «БелСЭ», дзе ён працуе. Так, пацвердзіў ён, пахадзілі, палазілі мы па былой Пятроўшчыне. Вёска зліваецца з горадам. Пабудавана вялікая бальніца, будуецца школа. Ды рэшткі колішняга двара захаваліся: старыя ліпы, алея глогу… Знайшлася яшчэ жанчына, якая працавала ў Чарноцкіх пакаёўкай. В. Скалабан паведаміў мне яшчэ, што чытаў пісьмы жонкі Чурлёніса Соф’і Кімантайтэ (Ядвіга Чурлёнітэ называе яе Зосяй. – А. В.), якія тая пісала з Пятроўшчыны. У адным з пісьмаў С. Кімантайтэ паведамляла, у прыватнасці, свайму адрасату, што Аўгусцін Чарноцкі і яго сёстры, Ядвіга і Зося, «вельмі добрыя, мілыя, культурныя, дэмакратычных поглядаў» людзі. І яшчэ адну цікавую рэч сказаў мне В. Скалабан: увесну 1911 года, літаральна за некальні дзён да смерці Чурлёніса, у Мінску адбылася мастацкая выстаўка, дзе сярод іншых работ экспанаваліся і творы Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса, першая і адзіная дачка якога нарадзілася на беларускай зямлі…
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|