|
Уцешна слухаць песьню Хваляў родных Пад ліпамі нябёснай вышыні. Каля крыніц вытокаў срэбнаводных Лічу бяздумна страчаныя дні. У шатах ночы пакланюся зорам. Яны мудрэй мяне, шчадрэй сьвятла Запалкі той, што вогненным узорам Цень д’ябла спапяляе ўміг датла. Ці уратуе неба ад нікчэмных, Бяздумных і сухіх калекаў-слоў? Імкнуся ў сьвет пачуцьцяў узаемных, Ды толькі прачынаюся ізноў. Я не зайздрошчу ўсім тварэньням Бога І спачуваю ссохламу гальлю. Зьнікае ў хмарах зорная дарога, Далонь цярусіць попел на зямлю.
1.IX.2003.
|
Пад шэрым небам, як у павуціне, Што парасла ў кутах замшэлай хаты, Ўвесь сэнс жыцьця ў палоне вязкай стыні Пільнуюць часам зьедзеныя краты. А побач – шматпакутная Радзіма, Паволі сонца хіліцца да бору. Душы няўтульна і нязвыкла зімна, Нібыта тут чужынцам быў учора. Як жыць шчасьліва і забыць пакуты, У марах сустракаць чарговы вечар, Што ў ноч спаўзае, цішынёй крануты, Якую раскудлаціў прыткі вецер? О, як самотна грэшным быць анёлам, Ці ў сьценах роднай хаты, нібы прывід, Пражыць жыцьцё, якое гнутым колам Люстэрка часу ненаўмысна скрывіць. А мо’ аддацца снам, што, быццам совы, Лятуць нячутна змрокам расставаньняў? Стварыць малітву! I сьвет чысты, новы Мне болей не задасьць пустых пытаньняў.
|
Стынуць густаплынна Барвы ў небе, Морак ахінае любы гай, Конікі стракочуць звонка недзе, Горнецца да сну азёрны край. У палон бярэ ля хваляў лёгкіх Водар нарачанскіх кветак-сноў. Сэрца вызваляецца ад крохкіх Хваляваньняў і нясьмелых слоў. Сінія глыбіні таямніцаў Сёньня для мяне, для аднаго. Даплываюць сьпевы беражніцаў Да туманных, сонных берагоў. Вечар – Казка Матухны-прыроды, – Крылы разьвінаючы свае, Ап’яняе мяккай асалодай І ў душы спагадліва пяе.
06.X.2003.
|
Салодкія вусны, як неба пасьля навальніцы. А словы каханьня – цнатлівай расой на траве. I зоркі гараць, як пад ранішнім сонцам суніцы I сэрца пяшчотную песьню каханьня пяе. Юначыя мары падхоплены подыхам ветру. А вочы галактык – у кропельцы чыстай вады. Прачыстыя думы душу прасьвятляюць да нетраў А вера мацуе, ратуе ад лютай бады. Прыцішаным голасам песьня крынічна ліецца. Нясьмелыя зоры цалуюць расу на траве. Бяздоннае неба ў каханых вачах адаб’ецца, – Народзіцца дзень, – значыць сьвет у каханьні жыве.
|
500 Н.Н.
Даўно... Эх, як даўно Я ў роспачы Мог назіраць Твой цень На вільготным асфальце, Дакрануцца зьлёгку Да гарачых вуснаў І назаўсёды... Назаўсёды сэрца апячы І ўтапіцца ў сьветла-русых Валасах. Расстаньне Ўзяло сваё... Ты побач, Але я ня бачу. Толькі пот халодны Маладзіковай ноччу Мне нагадвае Цябе, І фотаздымак – Падарунак – Сьведка жыцьця майго На сьцяне пацёртай. Час бяжыць, Як увесну ручай, І нарэшце Я змог зразумець, Што яго абагнаць І спазнаць Сэнс жыцьця Можна толькі, Калі ты са мною.
|
Прыткі, расхлістаны вецер Пакінуў прастуджаны двор. Змоклым вандроўнікам вечар Блукае пад кроплямі зор. Мокрымі вокнамі хата Глядзіць у асеньні садок. Паруе духмяна гарбата, І словы кладуцца ў радок. Ноч мне дыктуе: – Пішы Таемную споведзь душы. Поўня з-за хмары цікуе, Пагляд за алоўкам вядзе, Цень-крыжык, нібыта бракуе, – На сьпісаны аркуш кладзе.
10.IX.2004
|
Не вярнуць санцавокага лета, Не забыць тапалёвых завеяў. А душа маладога паэта Зачарована сьпевамі феяў. Углядаецца ў далеч сівую Час Вачыма пакрыўджаных зораў. Дотык радасьці вусны мілуе, Заварожвае веліччу мора. Блудзяць цені забытага лета, Вецер грыву ў чароце хавае, А душа маладога паэта Жаўруком Аж пад сонцам сьпявае.
23.X.2003
|
Над галавой тужлівыя аблокі – Хвіліна безгалосай сумятні. І ценяў шэрых здрадлівыя крокі Адлічваюць наканаваньня дні. Застылы погляд любай на прыпынку, Чаканьне – безвыходнасьці туман. Мне дорыць вечар зорную іскрынку, Каханьне, горад сноў – усё падман. Усё – трызьненьне, мроя на дарозе, Няма ні сьцюжы, ні цяпла, ні слоў. Жыцьцё стаіць, як грэшнік на парозе Сьвятога храма, дзе жыве любоў.
19.I.2004
|
У расколіне начнога далягляду Спадзяваўся стрэцца з прывідам-самотай, Але ў колерах размытых перападаў Спакусіўся віртуальнай адзінотай. У абрысах скамянелага стагодзьдзя Енчаць высахлыя душы змрочных ценяў. Я адзін уцёк з чужога асяродзьдзя Ў ясны сьвет сваіх юначых летуценьняў. На сьвітанку ля вытокаў песьняў сьветлых Скарб душы па залаціначцы шукаю. Абрываючы пялёсткі ўсьмешак ветлых, Спадзяюся, што каханьне напаткаю.
2.X.2003
|
Нешта зьмянілася… Сьмягла ручай дапівае вясёлку ўрачыстую. Лета забылася Небам асьветліць надзею, па-срэбнаму чыстую. Пасачкам вузенькім Зоркі ўліваюцца ў бездань вачэй непарушаных. Трэснутым гузікам Поўня зашпільвае крысы нябёсаў прастуджаных. Сьвет страпянаецца Яшчаркай кволай у віры збавеньня містычнага. Сонца вяртаецца… Глянуць зямляне у вочы бяздоньня касьмічнага.
3.VII.2003
|
500 Маёй Матулі
Сьцяжынка ўецца між бярозак беластволых, Душа сьмяецца і працягвае любіць. Гарыць агеньчык у вачах ад сьлёзаў кволых. З глыбокай верай сэрца б’ецца зноўку жыць. Галінка бэзу разважае у праменьні Льнянога сонца, што распальвае расу, Куды лятуць зачаравана летуценьні, Што заплятаюць з каласоў жыцьця касу. Блакіт прасторы водар кветкавы люляе, Гудзе, заняты дружнай працай, пчолак рой. Бялюткі бэз павевы ветрыку вітае І зачароўвае расквечаны настрой.
14.VI.2003
|
Барвовай заранкай на вуснах ірдзее надзея, Яе калыхаюць бясшумныя крылы вясны. А ночы акраец пад чарамі зор палымнее, Блакiтам нябёсаў асвечаны мары i сны. Глухія куты не пачуюць прыцішаны голас, I здрада паточыць пачуцьці, як вопратку моль, Пасохнуць яны, як сьпякотай засмужаны колас, Душу запалоніць нясьцерпны, заслужаны боль. Астыў на стале чорны прысак згарэлай лучыны, I зоркi адбітак размыты у шклянцы вады. Павыстылі сьцюжна пачуцьці і думы дзяўчыны, У садзе каханьня трымціць бадыльлё лебяды. Сьвятое пачуцьце расьпятае бачыць нязвыкла. Лязо халадком жыцьцядайныя вены кране. Зьнявечана шчасьце да сьмешнага дробным і прыкрым, – Прысуд агалошаны. Сорам карае мяне.
5.I.2003
|
Мае лісты ня вернуцца ніколі. Сваіх лістоў мне не напішаш ты. Стаю самотны ў пасівелым полі, Чытаючы аблокі, як лісты. Чакаю зь неба вестак белакрылых. Чаканьня час бясьсьледна не міне. Пакуль пульсуе верай кроў у жылах, Расстаньне лёдам сэрца не кране.
5.I.2004
|
Нам наканавана бясконцасьць, але мы захапляемся надзённым. Асьлепленыя бесклапотнай ілюзіяй часу, скіроўваем дапытлівы погляд вачэй туды, дзе нас чакае вечнасьць, дзе кожная мара баліць уваскрашэньнем душы, куды пругкім промнем імкнецца думка, дзе кружляюць, не зважаючы на нашы захапленьні, буслы.
14.XI.2003
|
Горад пакінутай думкі Дыхае прысакам дзён. Страчаныя паратункі Шлюць нам праклён Наўздагон. Вуліцы бронзавых мараў – Даўкія петлі шляхоў. Колькі тут ходзіць ахвяраў, Што п’юць віно, Быццам кроў. Колькі скалечаных душаў Стогнуць у пастцы быцьця. Сьлёзы засмужаных ружаў Жыцьцям ці вернуць Працяг? Горад расьпятага шчасьця Гасьне над сьвечкамі сноў. Дай, Бог, дарогу пракласьці Сонейку Ўспыхнуць ізноў.
17.II.2004
|
Свабода не давалася ў далоні Перуну, Дарожны пыл клубіцца пад дугою. І сон праднавальнічны пазалотаю крануў Рамонак пад струхнелаю страхою. Жахнуўся і хаваецца нядбайны грэшны люд Уласнаручна створанага пекла. Няхай прырода-матухна бяздумства змые бруд, І сонца прамянямі зло расьсекла. Узыдзе сонца і штовечар зойдзе – Ня высахне жыцьцёвая крыніца. Грымотна-бліскавічнай ноччу пройдзе У душах ачышчэньня навальніца.
23.V.2003
|
Як пустыя вочы мерцьвяка, Дні сівой мінуўшчыны няўцешнай. Празь вякі цячэ жыцьця рака Па каменьні памяці бязгрэшнай. Колькі сьцерла забыцьцё імён! Колькі чорных дзір на хусьце зорнай! Хто ім кінуў наўздагон праклён, Затушыў агмень у ночы чорнай? Да нябёсаў праз адчайны лёс Душы адлятаюць незваротна. Час на спадзяваньні – уваскрос, Ды ад стратаў цяжка і маркотна.
18.I.2004
|
Не хаваючы твару пад маскаю, Не шкадуючы слоў добрых, поглядаў, Намалюю чароўнаю казкаю Сьвет узьнёслых пачуцьцяў, што Божа даў. Нечакана, загадкава сталася – Мяккім ценем, народжаным сьвечкаю, Закаханай паэткаю клалася Ганарлівая котка за печкаю. Выпраменьвае існасьць узьнёслае: Лікі сьветлыя, верай натхнёныя, Думы чыстыя, словы іх простыя, А пачуцьці, душой усхвалёныя. Думак рух уздымаецца кіпенем… Не паэт той, хто ісьціны страшыцца. А паэзія дыхае ліпенем І даверлівай коткаю лашчыцца.
15.XI.2003
|
Засталіся ад прозьвішча літары, Як іскрынкі разьбітага шкельца, Зіхатнулі трывожна і хітра так, Што імгненна працялі мне сэрца. Сьпеюць словы туманнымі ранкамі, Прамаўляюцца думкі няўмела, І з каменнай няволі – Падранкамі – Мкнуцца ў сьвет невядомы нясьмела. Не закрэсьліць размашыстай лініяй Маладога імя падарожніка У бясконцасьці сонечных ліліяў, На старонках жыцьцёвага слоўніка.
25.XI.2003
|
|
|