РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Двое на Зямлі
 
Радкі несустрэч
        Ды таямніцы маладой прычасьце
        Расьсеялася ў золку залатым.
        I сустракалі раніцай мы шчасьце –
        Дым.
Сьцяпан Гаўрусёў
        
1. З забытага сшытка

А мне быў сон...
Як расказаць?
Як на паперы перадаць?!
Мне ён цяпер не па плячы,
хоць вобзем біся, хоць крычы –
вяртае памяць зноў і зноў
да тых даўно забытых слоў,
да тых начэй, у белы сад,
навошта мне туды назад?..
 
У той куток, у той язьмін,
зглынуўшы дзён сваіх палын,
вярнуцца, сесьці на краёк
самотнай лаўкі i здалёк
раскласьці дзеі, дні, часы,
i слухаць, слухаць галасы,
што ўжо ў нябыце...
Адышлі
з расой па высьмяглай зямлі.
 
Навошта той кругазварот?
О, колькі вёснаў ля варот
маіх з часоў тых адцьвіло,
a колькі зімак адгуло!
О, верце, людзі, з тых часоў
ня шыла я сабе абноў,
з сабачай вернасьцю ў вачах
на попел дзьмула, ды ачах
непадуладны мне агонь,
i адзінота – на далонь,
як непазьбежнасьць, як прысуд
крычала: тут!
                      Я тут!
                               Я тут!
І ўсё ж быў сон...
Я не зманю,
калі скажу –
                    быў сон з агню!
Агонь шумеў, паліў мяне,
было ж звычайна ўсё, о не!..
Звычайна там, за садам тым...
Курыўся вечаровы дым
з туману,
шоргату,
з расы...
Нібыта пад лязом касы
хвіліны падалі...
І вось –
зямная падалася вось...
Быў асьцярожны ў дзьверы стук,
i ўзнагародай – поціск рук
мне за чаканьне ўсіх гадоў,
якія б кожны быў гатоў
аддаць за найсалодшы міг:
ты і каханы – удваіх!
 
Спачатку рознае...
Цыклон
з суровай Балтыкі паклон
нясе да нас і задажджыць,
туманам горад заімжыць.
Пасьля пра цэны спакваля,
і вось
пра локан мой здаля,
пра вусны i ружовасьць шчок,
нарэшце, начніка шчаўчок...
 
– О, не цяпер. Хадзем у сад,
там сярод стоеных прысад
блукае поўня, нібы лунь,
i аксамітам вабіць рунь
травы някошанай, густой...
Хадзем туды, у травастой!
 
Ня выдасьць ноч і не адна,
як гаварылі да відна!
Нясла мурожны смутак кос
яму, нібыта першы ўкос
бацькоўскай струджанай рукі,
і вочы,
          быццам васількі,
мае парою той цьвілі,
дзе гнёзды ластаўкі вілі.
Дзе басаногая дзятва
у час гарачага жніва
зьбірала ў полі каласкі...
Усё нясла!
Закон такі –
не пакідаць нішто ў душы,
жыцьцё сваё разварушы
і ўсё аддай –
свой першы май,
сваю пяшчоту i цяпло,
і поўні белае сьвятло...
Усё нясі!
І я нясла.
Нібыта пырскі з-пад вясла,
прад ім ляцелі
дні,
гады,
дзе ў кожным зь ix –
мае сьляды!
 
Мінала лета.
Чэзнуў сад.
Лісьця барвянага каскад
нам разьвітаньне прадракаў.
Хто хоць аднойчы не спазнаў,
мне не паверыць, a віной
было пісьмо рукі чужой.
Самотны плён чужых начэй,
дзе словы –
боль другіх вачэй...
І там
таксама чэзнуў сад,
маліў,
прасіў аддаць назад,
вярнуць яго, бо ён ня мой,
бо ён заручаны з другой.
 
І зноў пра рознае...
Цыклон
з суровай Балтыкі паклон
прынёс да нас, і вось дажджы,
і мы ня ў садзе –
на мяжы!
Куды цяпер?
Які прысуд?
О, як няўтульна стала тут!
А там?
Што будзе за мяжой,
за тым дажджом,
за той імжой?!
Стаялі моўчкі...
– Што ж, бывай.
І мне ў адказ:
– Не забывай...
– Ты чуеш, дождж адтуль пяе.
Ідзі, каханы, да яе...
        
2. Вяртаньне да раней напісанага

Няўжо быў сон?!
Мо забыцьцё?
Штодзённай думкі адкрыцьцё?
Жывая памяць аб табе
ні дня спакою не дае!
Шукаю твой у садзе сьлед,
цябе чакаю на абед,
навошта ж ліпы у смузе,
нібы за шчасьцем у чарзе?
Навошта ж наш гасьцінны двор
так рана скінуў свой убор?
Дзе лісьця залатога звон,
дзе неба зорны парасон?
 
Не, не адкажа лістапад,
адзін хіба што зарапад
падкажа на зыходзе дня,
дзе зорка стлелая мая.
Яшчэ далека да відна,
a ўжо на шкло майго акна
той зоркі цьмянае сьвятло
нясьпетай песьняю лягло!
Раптоўна захлынуўся гук
ласкавае пяшчоты рук.
Музыка, што ж ты, пачакай,
не адступай, іграй, іграй...
Музыка –
спадарожнік мой!
Ты долі родны брат маёй,
майго жыцьця шчасьлівы лёс
i сведка горкіх маіх слёз.
Музыка, ты ўяўленьне мар,
блукаеш недзе сярод хмар,
дык напаі ж мяне вадой
з крыніцы вечнасьці сьвятой.
Не з той прычыны, каб імя
мае сьвяцілася штодня.
А з той прычыны, каб штодня
яго сьвяцілася імя!
Каб там у нейкі соты век
далёкай эры чалавек
пачуў, як вымаўляю я
адно імя –
яго імя!
        
3. Адноўлены запіс

Мігціць «паўторнае кіно».
Якое сьветлае яно!
І нейкі ветрагон-дзівак
для недаўмекаў-разявак
экран агромністы стварыў.
Пракручваецца фільм стары.
 
Стары. Стары.
У ладкі пляшчуць ліхтары.
Стары. Стары.
Гудуць у комінах вятры.
 
Ну, як не затрымацца тут!
Ах, што за дзівы,
што за дуд –
я нечакана пазнаю
і сад, і вуліцу сваю.
 
Вясёлкай сьвеціцца экран.
Вось толькі...
Не ўвайсьці б у зман!
Ды мне, як самы лепшы гід,
здаўна знаёмы краявід.
 
Дзьве постаці ўдалечыні.
Ня бойся, сэрца, адчыні
пяшчоты жыцьцятворны міг.
Экран! Не зацямняй жа іх!
 
Ты... Ты...
Нясу праз доўгія гады
я прад сабою вобраз твой...
Ты – мой!
Ты – побач!
Ты – са мной!
 
Ты... Ты...
Прымаюць рэха гарады,
эфір, запоўнены табой,
шуміць, як пеністы прыбой!
 
А на экране той жа сад,
за кадрам – шолахі прысад,
азёрнай хвалі пераліў,
перабалелых дзён наплыў...
 
* * *
 
Шэрая матульчына зязюля
з простае работы палатна
прыляцела, жалем агарнула,
закувала на зыходзе дня.
 
Маці ў маладосьці вышывала
на прасьцінцы беленькай маёй
квеценным узорам аздабляла
каб спакойней спалася на ёй.
 
Ты кувай, кувай, мая зязюля,
абуджай самотную душу,
як жа ты, харошая, адчула, –
я куваньня звонкага прашу!
 
* * *
 
Песьні... Песьні...
Улівайцеся ў сэрца,
і трывожце, і плачце!
Песьні... Песьні...
Ветразь ружовы на мачце
самай глыбокай думкі,
споведзі самай чыстай,
самай высокай любві...
 
* * *
 
Вось яблынька!
                             Ах, дарагая!
Усё шуміш,
                   усё такая ж!
Сьцяжынка у знаёмы лес,
а там, ля плота, рос агрэст,
і мальва пад акном цьвіла...
Калісьці там і я жыла!
 
* * *
 
Вяртаньне ў былое,
ў былыя хвіліны,
падзялюся я болем
са старонкаю мілай.
Далягляд, як далоня
працавітай жанчыны,
вось i зноў я ў палоне,
у палоне Айчыны!
Разьбяжыцеся, далі,
расступіцеся, вёсны,
тут суседкі дзесь жалі,
недзе ладзілі кроены.
Дуб асмалкам чарнее,
памяць літасці просіць,
сорак першы шалее,
засьціць раніцы просінь.
На сьвітаньні вясновым,
калі соладка сьпіцца,
цені ў касках сталёвых
падыходзяць напіцца
да крыніцы сьцюдзёнай,
да хаціны пагрэцца,
цені з зоркай чырвонай,
зь перамогаю ў сэрцах!
Іх бяда абмінае,
травы лашчаць спрасоньня,
а любоў іх лунае
у прасторы бяздоньня
да радзімы, да сьцежкі,
што чаборам абвіта,
да дзіцячай усьмешкі,
да расянага жыта.
А любоў іх, як песьня,
абарваная куляй,
цені, цені, мне цесна
нават побач з матуляй.
У палях вас гукаю
з вашай сонечнай мары
і ў пясчынках шукаю
вашы сьветлыя твары...
 
Кадр за кадрам прадзецца,
цень ляжыць на экране,
ён на сэрца кладзецца
незагоенай ранай...
 
* * *
 
Дарога
ліхтаровым сьвятлом
б’е у вочы!
Праменная сонечнасьць раньня,
нібы позірк дзявочы,
раскрываецца да каханьня...
 
* * *
 
Страпянуся, нібыта ад болю...
Хто я, што я на гэтым сьвеце?!
Можа, заўтра раскінуся полем,
можа, ветрам, а можа, вецьцем,
ці лясною бруістай крыніцай,
да якой прыпадаю напіцца,
можа, песьняю стану сваёю?!.
Адным словам – зямлёю...
Той адною,
дзе шумяць лясы,
дзе жывуць сябры,
дзе кахаюць,
дзяцей нараджаюць,
лісьцем ападаюць,
зернем прарастаюць...
 
* * *
 
Сярод жытоў, сярод лясоў,
сярод знаёмых i сяброў
ня звычай, не падман жыцьця –
гарачы подых пачуцьця!
Іду ў жыты, іду ў лясы
паслухаць птушак галасы,
але чаму ня чую я
вясёлай песьні салаўя?
Чаму, чаму маўчыць пяюн,
тады, як птушка Гамаюн
перабірае срэбра кос,
i мараю сячэ наўскос,
i абуджае мае сны,
з гадоў далёкіх даўніны
мяне ў мінулае заве,
туды, дзе вобраз твой жыве.
Дзе зьзяе сумны Казярог,
як скрыжаваньне дзьвюх дарог,
каханьня нашага сьвятло
сузор’ем квеценным лягло.
Я верыць здрадзе не хачу!
Стрымаю боль, перамаўчу,
у нетрах золкай пустаты
гаючае шукаю: «Ты!»
 
Насупілася штось зіма.
Як зразумець – цяпла няма!
У стыні засмучоных дзён
твой цень праменісты відзён.
І песьні сыну я пяю,
і за дваіх зь ім гаманю,
і не сьмяюся – рагачу,
пяшчотай за дваіх плачу...
 
* * *
 
Паміраюць птушкі, паміраюць.
Іх жыцьцё ня часам вымяраюць,
вымяраюць самай звонкай песьняй,
той, што i ў Сусьвеце нават цесна.
 
Паміраюць дрэвы, паміраюць,
іх жыцьцё не лісьцем вымяраюць,
вымяраюць плодам сакавітым,
цішынёю ранішняй спавітым.
 
Паміраюць людзі, паміраюць,
іх жыцьцё жыцьцём i вымяраюць,
на сумленьне душы правяраюць,
рэжуць праўды чэрствае акраец...
 
* * *
 
Прымала сваё першае прычасьце –
зарою разгаралася акно!
Мне выпадала надта многа шчасьця,
а выпала – урэшце, не яно!
 
Прыму сваё апошняе прычасьце!
Не папрашу спагады у жыцьця,
травой праб’ецца промень
                                               майго шчасьця,
закрэсьленага лёсам пачуцьця!
 
* * *
 
Сярод сузор’яў, сярод зор
кладзецца песенны узор...
І сярод гукаў, сярод сноў
таемнай згадкай золкіх сноў
мая дарога пралягла –
маланкі вогненнай страла.
Няхай жа ў стомленай цішы
ірвецца плач з маёй душы,
я веру запаветным дням,
як верыць ноч сваім агням:
у іх праменнасьці відзён
прастор неперажытых

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.