РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьпіраль Бруна
*  *  *
«Рукі назад!» – ты ідзеш на допыт.
«Рукі назад!» – ты дзяржаўны злачынца.
«Рукі назад!» – набываеш вопыт.
«Рукі назад!» – і думка, як сьпіца,
 
пра тое, што там красавік і суха,
дзяўчаты скінуді тоўстыя гетры,
на крушні яшчарка сушыць бруха,
і пахне гудронам асфальт нагрэты.
 
З рукамі назад выводзяць ва пляцык
трохкутнай формы – хадзі і думай
пра тое, як там дэфілююць грацыі,
як там парлямэнт фліртуе з думай.
 
Пра радасьць успомні, калі жанчына
цябе па-крывіцку любіла штоноч,
і вы любоў запівалі «чын-чынам»,
і сьлёзы сьветлыя беглі з воч.
 
А «рукі назад!» – гэта ўсё часова,
я «рукі назад!» – ня страшна, калі
табою валодае вечнае Слова
і памяць пра ліпеньскі пах ральлі.
 
21.IV.1996. 9-я камэра СІЗО КГБ.
 
 
 
 
*  *  *
Ах, проста блакітнае неба,
проста птушка пяе,
проста цёплая глеба,
проста сонца ўстае.
 
Проста цьвітуць пралескі,
проста жоўты пясок,
проста сьвежыя трэскі,
проста па дрэвах сок.
 
Проста сяджу ў вязьніцы,
проста ем баланду,
проста ніяк ня сьпіцца,
проста нікуды ня йду.
 
Проста сябры на волі,
проста і ворагі там,
проста цячэ са столі,
проста жыцьцё – бэдлам.
 
Проста хутка асудзяць,
проста буду маўчаць,
проста сумую па людзях,
проста хачу кахаць.
 
28.IV.1996.
 
 
 
 
Педэль
Педэль ходзіць за дзьвярыма,
педэль ведае дакладна.
як патрэбна службу правіць
у любых умовах часу,
у пару тэрору, гвалту,
летам, восеньню, зімою...
Педэль мае палку з гумы,
не турбуюць яго думы.
Педэль, наш любімы педэль,
безь цябе мы анікуды.
Дай нам, педэль, каб нам ведаць,
як хадзіць, глядзець куды,
як пазьбегнуць нам бяды.
У цябе пруток гумовы,
у цябе густыя бровы.
Педэль – гэта проста цуд.
Педэль – цаца. Педэль – гут!
Педэль слухае маўкліва.
Педэль – млын.
А мы ёсьць мліва?
 
29.IV.1996. 9-я камэра СІЗО КГБ.
 
 
 
 
Сустрэча з афіцэрам Смаргонскага пагранатраду
– Дзень добры, палкоўнік! Я Славамір.
Будзем знаёмыя? – Будзем.
Трашчыць і рвецца ад гукаў эфір,
і рвуцца ад кашлю грудзі.
 
– Палкоўнік, прыступім. Вось карта і плАн.
Далей мы цярпець ня можам...
– Я ведаю, гэты паршывы клАн
Мы зьнішчым і пераможам.
 
– Выдатна, палкоўнік! Вы, бачу, наш,
сапраўднай касьці беларускай.
Вы будзеце нішчыць здраднікаў аж
нават на глебе рускай.
 
– Я буду, аднак жа, дзе нашы арлы?
Час «ч» мы павінны прызначыць.
Мы выступім ціха на самай зары,
пакуль вораг сьпіць на дачах.
 
Мы жаль і спагаду адкінем прэч.
За нашых жанчын і дзетак
мы будзем галовы варожыя з плеч
здымаць, як жытцо з палетак.
 
Атрады зьнішчальныя ўжо ў лясах,
чакаюць толькі загаду.
Што ж, кожнаму здрадніку свой пасаг.
Гатова ўсё да нападу.
 
– Палкоўнік, трымайце, вось вам рука,
рука не салдата – паэта.
I вып’ем давайце за колер кукард,
за бела-чырвоны. За гэта!
 
9.V.1996. 9 камэра.
 
 
 
 
Чыстае
Яно жыве на паверхні,
на плоскасьцях каардынат,
на ніжняй вусьне, на верхняй,
пад сэрцам у нашых дзяўчат.
 
Іскрыцца яно ў зялёным
і ў жоўтым на сонцы блішчыць,
зрываецца кропляй з клёнаў,
у душах зьлёгку шчыміць.
 
Яно жыве ў пацалунках
крывіцкіх жанчын і мужоў,
у сьветлых дзіцячых малюнках
і там, дзе сьляды вужоў.
 
Жыве яно ў самым-самым,
на вейках нашых дрыжыць,
блішчыць у квадраце рамы
і на сталёвым нажы.
 
Яно жыве на сьвітаньні,
і днём, і калі паўзмрок,
і там, дзе нашы спатканьні,
і скрозь, дзе чуваць наш крок.
 
19.V.1994. 9-я камэра «амэрыканкі».
 
 
 
 
*  *  *
Кавалак чорнага хлеба,
нашага хлеба з нашага жыта
давай пераломім на дзьве палавіны –
табе і мне –
і абмочым у мёдзе
яшчэ не загуслым, яшчэ з пахам воску
і нашых прастораў.
 
Давай падсілкуемся, дружа,
насыцім нашыя целы
высокай энэргіяй пушчы
і гарызанталямі поля.
 
Пасьля столькіх дзён паміраньня
пахнуць дажджом навальнічным
рамонкі і мята ў букеце,
які нам прынесла інкогніта
жанчына з краіны кветак.
 
23.VI.1996. Шпіталь КГБ.
 
 
 
 
*  *  *
Жыць хочацца, бадай што, як ніколі,
тым больш любіць, тым больш, калі вясна,
тым больш, калі ў цябе дачка на волі,
тым больш, калі яе ў цябе няма...
 
VII.1996. «Амэрыканка».
 
 
 
 
*  *  *
Такая ціхая і сьціплая,
на шыі крыжык залаты,
вяртаеш ты мяне, асіплага,
зноў да жыцьця і пекнаты.
 
1996. Шпіталь КГБ.
 
 
 
 
*  *  *
Не гані пургу, начальнік,
я табе не крымінал,
я прыгожага шукальнік,
я – пачатак, ты – фінал.
 
Я ірву душу на часткі,
ты вязаць канцы мастак,
я ўнікаю хітрай пасткі
на ральлі, як чорны грак.
 
Эх, з кайданнага я племя,
кантралёр табе імя,
мае ногі прагнуць стрэмя,
твае рукі – рамяня.
 
I таму, як ні ўсьміхайся,
як мне ў вочы ні хлусі,
скажа некалі: «Зьбірайся!»
I табе ДэПээНСІ.
 
6.VII.1996.
 
 
 
 
*  *  *
Няма куды бегчы, таварыш,
закрытыя захад і ўсход,
падпісаны ордэр на арышт,
пастаўлены штамп: «У расход».
 
Настроены вораг рашуча,
ды толькі і ты не слабак,
і ўголас ты сьмела і гучна
гаворыш пра ўсё, што ня так.
 
Але ўжо і словаў замала,
і значыць настала пара
выходзіць насустрач вандалам
пад сьпеў партызанскіх гармат.
 
27.VII.1996. «Амэрыканка».
 
 
 
 
Малодшаму сяржянту Віталю, сядзельцу 4-й камэры СІЗО КГБ
Сядзіш за скрадзены цэзій,
а мог бы за Беларусь,
маўклівы і негарэзьлівы
барысаўскі беларус.
 
Яшчэ толькі ўчора быў ты
малодшы сяржант БэА,
у форму як быццам уліты,
як быццам ты ўжо камбат.
 
Яшчэ толькі ўчора... а сёньня
ты разам са мной сядзіш,
сьціскаеш роспачна скроні,
хістаесься ды маўчыш.
 
Ты думаў, што шыта-крыта
адбудзецца справа, аднак,
ня выйшла ў цябе са збытам,
і спраўдзіўся дрэнны знак.
 
I раз ужо так прыйшлося –
давай ня плакаць, ня ныць,
давай рабіць, каб збылося
усё, што павінна быць.
 
12.VIII.1996.
 
 
 
 
*  *  *
Канчаецца лета. Яблычны спас.
Пра Афрыку мараць птушкі.
Ах, як жа на волі прыгожа ў вас!
Ах, як жа за кратамі скрушна.
 
У вас там кажуць пра новы стыль
(«Прадай Радзіму» назвалі).
А мы тут гніём, як падвальная цьвіль,
як брудная пена хвалі.
 
У вас там нардэпы ідуць у бой
з «усенароднаабраным»,
а мы тут штодня становімся ў строй,
штодня залізваем раны.
 
Мы тут прырастаем грудзьмі да нар,
мы тут заціхаем дачасу,
а ноччу смакуем чыфірны ўзвар
усёй арыштанцкай расай.
 
На волі ў гародчыках астры і кмен,
нясьпелы агонь каліны,
а ў нас на прадоле нахабны мент
пагардліва цыркае сьлінай.
 
Яму дазволена, ён «круты»,
цяпер ён сіла і права,
а нам застаецца – грудзьмі на драты,
худым абліччам у гравій.
 
А нам застаецца нічога і ўсё –
турэмная вош і Радзіма,
і наша нянавісьць, зь якой мы расьцём
насустрач рэжыму.
 
7.IX.1996. Віцебскі цэнтрал, камэра 60.
 
 
 
 
*  *  *
Ізноў кастрычнік. Час пасадкі дрэваў.
На саджанцах раса дрыжыць,
а ты,
ты ўспамінаеш падарожжа ў Крэва,
значэньня стратэгічнага масты,
любімы шлягер, інтэрнат, свабоду,
турму, сабак, іржавыя драты,
супраціўленьне мужных, слабых згоду,
неадэкватнасьць зла і дабраты;
ты ўспамінаеш, як заходзіць сонца,
як на цэнтрал навальваецца змрок,
як з вымені каровінага ў донца
струменем б’е антысухотны сок.
Ах, памаць, памяць! Файная ўласьцівасьць,
яна табе ня дасьць асатанець,
яна сілкуе годнасьць і гідлівасьць
да усяго, што западло цярпець.
Ты ўспамінаеш, як цьвітуць вяргіні,
як лес шуміць, як асядае пыл
на жыта прыдарожнае, як гіне
блакітны чмель у белай конскай грыве,
як баба ў лазьні свой шаруе тыл;
ты ўспамінаеш, як шманалі «хату»,
як ты ня стаў з рукамі на сьцяну,
як дапамог твайму блатному «брату»
жывот ускрыць, прачнуўшыся ад сну.
 
 
 
 
У судзе
Ізноў адклалі суд
(калядныя вакацыі).
На волі маразы,
у камэры смурод.
Радзіму прадаюць
мэтодай трансплантацыі
пад шыльдай індульгенцыі
пад назваю «народ».
А я, сяджу я ў камэры,
на мне фуфайка чорная,
на мне шузы ад фраера
і стрыжачка «пад нуль».
Нібы матор за бампэрам,
я сьцяўся, супакойваю
свой рухавік з прадсэрдзямі,
у страўніку шумы;
ня лаюся з суседзямі,
і толькі дух настройваю
паводле верша ўласнага
на хвалю барацьбы.
 
26.XII.1996. У боксе Віцебскага абласнога суда.
 
 
 
 
Ён
Бойся яго, ня бойся –
ён побач, і над, і пад.
Штодня ён прыходзіць у госьці,
твой самы «старэйшы брат».
 
Ён любіць тваю жанчыну
і вечна прагне яшчэ,
ён ходзіць крокам качыным,
альбо як дровы сячэ.
 
Спакойна яму і сьпіцца,
і соладка п’ецца яму,
тутэйшы начальнік паліцыі
яго ня кіне ў турму.
 
Ён любіць гасіць плявочкамі
агмені самотных душ
і пільнымі шэрымі вочкамі
глядзець скрозь садовы плюшч.
 
Ён пляга твая адвечная,
штодзённы твой госьць у дом,
і ты, як лаза надрэчная,
праходзіш праверку на злом.
 
 
 
 
*  *  *
Студзень. Спачатку марозны,
потым адліга і бруд,
потым кашаль грыпозны,
карцэр, камэра, суд...
 
27.I.1997.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.