РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Веялі ветры...
        Далёка над полем, з кожным неасцярожным шолахам ветру, сіняй імглой расцвітала жыта.
        Хтось пяяў... Абвеяная залатым жытнім цветабоем песня то калыхалася нажоўта-зялёных каласістых пералівах, то разам з ветрам кацілася жывымі зялёнымі хвалямі ў даль да цёмнага бору і, адбіўшыся ад смалістых пнёў старак, зноў плыла туды, адкуль прыйшла, – за Крывы Перавал, а мо і далей...
        
...Веялі ветры, веялі ветры...
ды ўжо перасталі...
        
        Прыпамінаецца ўчарашні дзень. Прыпамінаю Міколу... рэвізію... ліцытацыю Язэпавай гаспадаркі... Міколу ўзялі. Закінуў на плечы торбу з кавалкам хлеба, пару новых лапцей і пайшоў.
        – Бунтаваць захацелася! – вечарам, на сяле, гаварыў солтыс Астапчук. – Уладаў не шануюць. Я ўжо не раз яго перасцерагаў!
        Зноў варочаецца мінулы дзень, і прад вачыма ўстае высокая, трохі сутулістая постаць Міколы ў шэрай, зрэбнай кашулі, з падарожнай торбай на плячах. Куды яго пагналі?..
        Роўнай струной цягнецца праз вёску, праз вузкія шнуры гасцінец... Шмат хлопцаў, дзяўчат з вёскі пайшлі гэтым гасцінцам у свет, ды мала хто з іх вярнуўся! Вось і Даніла ўжо чацвёрты год, Грышка – сёмы год, як нічога не піша, Бронька...
        Чакае каторага маці. Чакае месяц... год... Часамі далёка выходзіць на гасцінец, доўга глядзіць з-пад рукі, аж пакуль не пацямнее ў вачах ці на полі... Не даюць заснуць ім гарачыя слёзы нат у кароткія летнія ночы... А ўсё ж не адной хацелася б ведаць хоць бы магілу сына!..
        Высока над галавой з крыкам калясяць груглы.
        
...Веялі ветры, веялі ветры...
ды ўжо перасталі...
        
        Іду на спатканне песні, а вецер смяецца ў калоссі, наганяе шэра-зялёныя хвалі, якія далёка зліваюцца з белымі, заснуўшымі на небасхіле хмарамі.
        
...Глядзелі вочы, глядзелі вочы...
ды ўжо плакаць сталі...
        
        – Але ж і голас ты маеш, Кацярына! – хутка павярнулася да мяне. Неяк пужліва, быццам крылы ластаўкі, падняліся чорныя, простыя бровы. – Ну, зноў, быццам у вырай, ляцець сабралася? Што?..
        – А табе зайздросна?
        – Не!.. Мне вось Міколы шкада... Прыйдзе, а цябе і не застане.
        – Я і не збіраюся ляцець. I так шмат набадзялася. З малых год усё на службе. А Мікола – гэта другая рэч! Самі вінаваты! Трэбы было не даць, а то, таксама, нібы хлопец!.. – сказала, гледзячы на мяне.
        Я пачаў тлумачыць, што зусім не трэба кідацца з кулакамі, калі не пад сілу, а кінуць у бой толькі людзей адданых – гэта не толькі вялікае глупства, але і праступак...
        Неяк не выходзіла ў мяне, зусім не аб тым трэба было гаварыць. А то нейкія сухія цытаты...
        – Пэўна, яго выпусцяць. Нічога не знайшлі. Ну, а плакаць не варта. Гэта не паможа... толькі што перад гэтым пяяла.
        – Усяк можна пяяць, – села на мяжу, задумалася.
        – А ты не патрабаваў бы ўцякаць? – неяк неспадзявана звярнулася да мяне. – Баялася я за яго, як бы ён на волі, а цяпер яшчэ горш. Адважны ён... А ты не патрабаваў бы ўцякаць? Скажы!
        – Каб ведаў, што і мяне хтось чакае, так як яго, уцёк бы...
        З шолахам ветру дацвітала на вячэрняй зары жыта. Над памежкам адазваліся першыя чэпікі...
        – Максім... ідзі дамоў!.. Я яшчэ застануся... Неспакойна затрымаліся яе вочы на далёкіх вербах, на гасцінцы, адкуль паўзлі доўгія цені, мокрыя ад апаўшай вячэрняй расы.
        Але на шэрым гасцінцы было пуста... Вецер улёгся, дрэміць. Толькі час ад часу сонна закалышацца жыта, атрасаючы цяжкія пацеркі сцюдзёнай расы...
        
...Веялі ветры, веялі ветры...
ды ўжо перасталі...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.