РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рым
 
Выбраныя вершы: 2002 – 2010 Беларусь – Нарвегія
Til min Datter  
Маёй дачцы Ксені
 
*  *  *
Вясна ідзе...
Давайце жыць вясной! –
каткамі на галінках любавацца,
глядзець, як растае зьляжалы snø1,
і на апошнім лёдзе спатыкацца.
 
 
 
 
Усё, пра што ты думаеш
Усё, пра што ты думаеш,
існуе ў тваёй галаве:

высокае жыта за студняй,
цэбар, вада ў ім зялёная
i чорныя апалонікі —
заўтра ўжо камары…
…жыве ў тваёй галаве:
камізэля абходчыка жоўтая,
салодкі дым паравоза,
рэйкі Лібава-Роменскай,
дрэва лісткі маладыя
прыліплі да пальцаў школьніка…
… жыве ў тваёй галаве:
рыжы кажух дзеда i калаўрот на гарышчы,
леташнія кілбаскі сухія ў вялікім кашы,
фасоліны залацістыя ловіш у малацэ,
на прыпечку гостраць нож,
сякера ў калодзе, строгая
баба Грася на зэдліку
расплятае сівую касу,
тулава пеўня скача i кроў з гарляка пырскае
па хларафіле дварышча
i сьвежых альховых трэсках…
…жыве ў тваёй галаве:
рызьнік сонечным днём
узьехаў на панадворак
забраць старызну гадоў;
белыя ізалятары
часоў электрыфікацыі
бацька твой б’е натхнёна,
а потым крышыць курам
зь вераю, што пачнуць яны
несціся гарадзкімі
белымі-белымі яйкамі…
… усё, пра што ты думаеш,
існуе ў тваёй галаве:

ранкам раса першабытная,
рыбіны цела пругкае,
на выгане парнакапытныя,
па бруку рыдван грукае,
сабака яшчэ цёпленькім
зайца бярэ ў гнязьдзе,
i крапаюць верхнія кропелькі
па ніжняй вадзе.
 
 
 
 
*  *  *
Успамінаю: плуг і лемяхі,
нарог, стальвагу, лейцы і каня:
ару дзірван і бачу, як з ляхі
скацілася малое жабяня.
 
Ару, а грудзі рве азон ральлі,
і конскі бок дрыжыць пад лейчыной,
і брат нясе падпахай хатулі —
мы садзім бульбу раньняю парой.
 
 
 
 
*  *  *
Што ж адбываецца? Што?
— Акупацыя!
Што адбываецца?
— Хам в кураже!
Трашчаць у эфіры мянтоўскія рацыі
і гáдзінай сыкае рускі гук “Же”.
 
 
 
 
*  *  *
Аднойчы я прайшоў яе наскрозь –
Радзіму, што прысьніў у снах трывожных.
І стаў шукаць зямное кулі вось
далёка ад айчынных раздарожжаў.
 
 
 
 
*  *  *
О так, я вярнуся i буду, як босы на вогнішчы;
о так, я вярнуся, таму што я той пралетар,
хто толькі свае адзначае купальлі й вадохрышчы,
і крэсівам словаў вялікі ўсчынае пажар.
 
 
 
 
*  *  *

Натальлі

 
Памятаеш, каханая,
быў сад, i конь малады
мокрымі тыцкаўся xpanaмі
ў крыжык твой залаты.
 
Яблыкі падалі. Весела
елі мы сьпелы ранэт.
Пасьля ты моўчкі павесіла
на гронку шыпшыны берэт…
 
Памятаеш, каханая,
ты мне шаптала ў далонь,
калі па зямлі неўзаранай
працокаў сонечны конь.
 
 
 
 
*  *  *
Што напісаць табе, каханая, з Нарвегіі,
дзе я жыву ў даліне сярод скал?
Не, я не перайшоў на стансы ды элегіі,
свой верш пляту я, быццам грубы трал.
 
Я словамі прыгожымі ня сьпешчаны…
Ты ведаеш, люблю я ў словах соль.
Пішу я, як другія сталі першымі,
а першыя пайшлі ў сівую золь.
 
 
 
 
Зэйнаб

Дачушцы Ксені

 
Насупраць маёй кватэркі
жыве дзяўчынка Зэйнаб,
частуе мяне цукеркамі i
дзеліць на ўcix кебаб.
 
Ёй толькі што два з паловай
споўнілася. Пакуль
расьце яна пад аховай
ад розных шалёных куль.
 
На рукі і з рук просіцца,
вялікай цацкай грыміць —
крыніца такога настрою,
што хочацца жыць i жыць!
 
 
 
 
Нічога не адбываецца
Калі нічога не адбываецца,
тады на душы сум адбіваецца,
тады нічога не прамаўляецца,
i не сьвітае, i не зьмяркаецца.
 
Калі нічога з намі ня робіцца,
тады пачынаем мы хутка горбіцца,
тады нам даводзіцца целам пакутваць
i спадцішка дух свой прыпутваць.
 
Калі нічога ні з кім не здараецца,
тады ніхто нi ў чым i не каецца,
тады імкліва сваё забываецца
і ўжо ніхто нi з кім не вітаецца.
 
Калі нічога, што ў неба іскрамі,
калі ў вачах тваіх згаслі бліскаўкі,
калі не агонь ты, а толькі прысачак,
тады і ў мяне ня словы, а рысачкі.
 
Ах, што ж гэта больш нічога ня робіцца:
дабро ад зла нікім не бароніцца?
Ня йдуць да нас ні вогнепаклоньніца,
ні хітры француз, ні татарская коньніца?
 
Hiчora з намі не адбываецца —
xібa што жонка на кухні лаецца,
хіба што на трох мы паспелі затарыцца,
а перад тым у лазні папарыцца.
 
Нічога з намі не адбываецца?
Жывецца нам ціха i не паміраецца?
Ня веру! Павінна адбыцца штосьці,
як быццам у сэрца жалезныя восьці!
 
 
 
 
*  *  *
Штогод у сярэдзіне студзеня на неба над  
запалярным нарвежскім гарадком Буда (Bodø)  
вяртаецца свастыка адвечнага Сонца – гэта  
значыць, што завяршылася Палярная Ноч i  
пачынаецца Палярны Дзень.
16-ы дзень году!
Вітае тутэйшы люд
вяртаньне сонца на неба –
прыроды адвечны цуд.
Віншуюць мяне таксама:
маўляў, kommer sola i dag1,
i я разумею саама,
я кемлівы, нібы грак,
які на ральлі вясеньняй
чакае свайго чарвячка…
О, момант прыходу трымценьня! –
нібы выпадзеньне цьвічка
з гнілое бэлькі цярпеньня.
Адчуйце ж: ідзе вясна
ў вашу душу эмігранта,
у змораную душу…
Не, зьехалі мы не па транты,
свайго нам хапала ільну
(блакітна-зялёныя мантры
уквецяць любую шашу),
а зьехалі мы, каб ня згаснуць
парою міжчасься i страт.
Дык скажам выразна i ясна:
Чакайце, мы kommer snart2.
 
 
 
 
Сны


Сьніцца, як часта сьніцца
рознае, ды пра адно:
чырвоны гіль i сініца,
i студні чыстае дно,
i хутар, дзе ты качаўся
на ячнай саломе ў таку,
за бацьку раней прачынаўся
i клікаў яго на раку.
У снах эмігрантаў весела,
у снах ёсьць работа i дом,
i маці, якая песьціла,
і строгі бацька з дубцом.
I сьніцца, як білі, як страшылі,
як часта быў сам па сабе;
змагаўся з каростай i кашлямі,
баяўся, як дзед, згарбець…
Усё там, у снах эмігранцкіх,
а болей, а болей вясны;
калготкі з дзірачкай, фанцікі,
год посны i год мясны;
Каляды — пара трывожная;
Вялікдзень — жыцьцё на ўздым!
I першыя асцярожныя
абдымкі i буські, як дым.

 

#IІ
Мне сьнілася: хутар бабы Параскі
i сад, якога ў яе не было;
белыя паскі, чырвоныя паскі,
i што жыло, i што не жыло.
Сьнілася: я на Радзіму вярнуўся,
сваіх абдымаю,
Жанчыну люблю,
якая мяне не чакала мусіць,
men#Men#нарв.#Але. я ня ганю яе, не хвалю, —
маімі ейныя вусны лаўлю…
Далей ня памятаю — прачнуўся
i вершам выпаў на чысты ліст,
волю даўшы сапраўдным пачуцьцям,
з крыкамі болю чаргуючы сьвіст.
 
 
 
 
*  *  *
Нe “народны”, а толькі родны,
не “заслужаны”, а слуга,
я пішу пра род мой нязводны,
што вядзе адлік ад плуга.
 
Бачу ўсё: як улазяць у скуру,
як аж плішчуцца вон з яе,
з польскім áкцэнтам кажучы — курвы,
а па-нашаму — бледаўе.
 
Што ж вы, сукі, на целе Краю
выкабельваеце кубло?
У спадзеве, што вашу зграю
абароняць сіла й бабло?
 
Не, шасьцёркі пятай калоны,
сыты сьмех ваш — то п’яны сон.
На пахмельле ж прасіць палону
цугам пойдзеце пад Закон.
 
Вось тады вы ўспомніце “права”,
“Канстытуцыю”, вашы “суды”…
У турэмнай наглядчыцы
Клавы канькаць станеце чыстай вады.
 
Вось тады, калі вашы каркі
ашчаперыць карцэра золь,
i турэмшчык, сын чаркі i скваркі,
адбярэ у вас нават соль,
 
вось тады зразумееце рэзка вы,
прарабы саюзных валют,
што пагарда да времени местного
гэта шлях у тутэйшы грунт.
 
 
 
 
*  *  *
Адзінота. Адліга. Напуста
пражываю гады i дні
i чарнею душой, нібы луста,
наша луста ў чужым aгні.
 
Безь мяне вырастаюць дочкі,
не са мной мае жонкі сьпяць,
побач только нянавісьць крочыць,
за сьпіною выжлы хрыпяць.
 
Хто ж там прагне вершыкаў Славы?
Хто ў эфіры мой ловіць крык?
Я пicaў языкамі лавы,
а ў адказ мне — зьмяіны сык?
 
Што ж, лясы вызваленчай справы
зноў нашчадкам з нуля уздымаць.
Рыштаваньнямі, як аправай,
хай спрабуюць наш край абняць.
 
Там, у будучыні, магчыма,
белым днём народзіцца ён,
беларускі гэрой-мужчына
зь пераможным словам “Рубон!”
 
2003
 
 
 
 
*  *  *
Усё, што напісаў,
ужо пакрыта пылам.
Што доктар прапісаў —
душа не ацаніла.
 
Чакаў я, што вось-вось
пастукае Жанчына…
Чужая маладосьць
паціснула плячыма.
 
Жанчына не прыйшла,
і маладосьць мінула,
i доўгая шаша
закончылася шулам.
 
2003
 
 
 
 
Пісьмо з Краіны паўночнага шляху
Мілая, падумай, тут няма
ні жытоў, ні васілёчкаў ciніx...
Ведаеш, тут вельмі шмат цямна
і тунэляў, і электраліній.
 
Любая, тут холадна зімой,
горы тут зусім не з даламіту,
летам тут у кволы травастой
шыюцца лесавічкі-рахіты.
 
Сьмешная, тут людзі, як i мы, —
белыя з зялёнымі вачыма.
Праўда, ў ix драўляныя дамы,
чысьціня вакол i дабрачыннасьць.
 
Родная! Я ўсё яшчэ люблю
гэны Край, дзе ты жывеш за мужам…
Толью лепш свайго не пакідай
i ня йдзі за іншага у сьцюжу.
 
2003
 
 
 
 
Агонь
Ня вырвеш гэта зь мяне,
хоць многім хацелася гэтага.
Ніхто яго не кране,
майго агню апраметнага.
 
Яго не загасіш віном,
халодным півам i клёцкамі.
Няхай жа гарыць ён суздром,
каб слабыя сталі моцнымі.
 
Агонь мой, што срэбра вады:
ён лечыць i наталяе,
i мёртвыя гарады
дзеля жывых спапяляе.
 
2003
 
 
 
 
*  *  *
Палюбоўніцы, палюбкі, пакладаначкі,
Hi адну не адштурхнуў я ад сябе.
Я любіў вас днём i ноччу, мае панначкі,
як над вершамі, над кожнаю гарбеў.
 
Калі ў лютым завіруха ў вокны білася,
у маім пакоі жыў вясёлы май.
I на белым нешта юнае храбрылася,
i шаптала, i шаптала: “Не кранай…”.
 
2003
 
 
 
 
Прынцэсе Нарвегіі Марце Луізе
Нашчадніца суровага берсерка,
прыгожая звычайнай пекнатой,
прынцэса Марта бачыць у люстэрку,
што хутка стане мамай маладой.
 
Ня ў дыхавічнай плоці сьпее семя –
здаровая жанчына носіць плод,
каб нарадзіць агністае, як крэмень,
дзіця, што прывітае свой народ.
 
Ня бачыў я прынцэс такіх ніколі,
прынцэсу Марту бачу ўпершыню:
як быццам мама на вясеньнім полі
кідае зерне ў цёплую ральлю.
 
Ёсць пекната сапраўдная, зямная,
ёй непатрэбны перлаў танны бляск.
Такой я ўбачыў Марту i схіляю
свой горды лоб ніжэй, чым ватэрпас.
 
2003
 
 
 
 
*  *  *
Няўжо i пра цябе, о Сандвіка,
я напішу, як некалі пра Вільню:
зь любоўю i жальбой, прыгожа, стыльна,
i, што галоўнае, – кірылічнаю графікай?
 
О Сандвіка! Твой край такі ж прыгожы,
як Бацькаўшчына белая мая.
Магчыма, сёньня ты мне дапаможаш,
а заўтра я сплачу табе спаўна.
 
Як доўга я чакаў, што на Радзіме
нарэшце пойдзе спорны сьвежы дождж,
а ён ішоў над Сандвікай гадзіну,
а потым бліснуў жоўты сонца грош.
 
I паплылі над ф’ёрдамі аблокі,
працятыя праменьнямі сьвятла,
i скальны мох тысячагодзьдзяў токі
аслабаніў з каменнага жытла.
 
* Sandvika – нарвежская мястэчка, недалёка ад Осла.
 
 
 
 
*  *  *
Калі я бачу, што бачу,
я думаю: гэта канец,
нічога ўжо не перайначаць
нi бог, нi д’ябал, ні жрэц.
 
I плавіцца наш палярны,
тым больш – запалярны – круг,
а момант расплаты астральнай
пільнуе паганскі дух.
 
 
 
 
Адракаюся!
Да 10-й гадавіны 1 зьезду  
беларускіх нацыяналістаў
Адракаюся ад запраданцаў,
адракаюся ад паяцаў,
ад свабодных радыёстанцыяў,
ад лядова-магільных палацаў!
 
Адракаюся ад нікчэмнасьці,
апазіцый, рухаў i партыяў,
ад фальшывае бурапеннасьці,
i ад натаўскіх збройных гарантыяў!
 
Адракаюся ад глабалізму,
ад анархіі, ад беспарадку,
ад бясплоднага аптымізму
i ад слабых духам нашчадкаў!
 
Адракаюся ад лібералаў,
дэмакратаў i правых марксістаў,
ад крывавых тэлеканалаў,
ад царкоўнікаў i манархістаў!
 
Адракаюся ад графаманаў,
багамазаў i Мельпамены,
адракаюся ад падману,
дэмагогіі i падмены!
 
Адракаюся ад свабоды
жыць сярод зьмізарнелай шаці,
адракаюся зьверху i споду
ад паўзучых інкарпарацый!
 
Адракаюся! Адракаюся!
Адракаюся ад… каханьня! –
ад таго, што хацела паюснай
і шампанскага на сьняданьне.
 
Ад “настаўнікаў” адракаюся,
што вучылі казаць “плястык”…
Адракаюся i ня каюся
ў сьвятле сонечных свастык!
 
2004
 
 
 
 
Госьця
Па Калядах – сонца на лета,
мокры сьнег і кволы мароз,
і аднойчы суседка Магрэта
забяжыць накурыцца да сьлёз.
 
Я скажу ёй: “Ня трэба дыму –
я люблю натуральны пах,
чысты позірк, усьмешку бяз грыму,
і шчаслівы бляск у вачах.
 
Распранайся і будзь як дома.
Прапаную класічны набор:
белы ложак, лёгкая стома,
элегантна праліты кагор…”.
 
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -
 
Газ расейскі гарыць на кухні –
добра ведаць, што ўсё ж гарыць,
і твае сустрэчныя рухі
мне да раніцы не спыніць.
 
 
 
 
Успамін пра самагонаварэньне
Гэта калісьці было:
хата, зіма і холад,
у полі шмат намяло;
пад ложкам бушуе солад.
Сусед наш стары прыйшоў
варыць самагонку з бацькам.
Схаваўшы пад шапку вушшо,
дастаў самагонныя цацкі.
Сьпярша разьвялі агонь,
паставілі трубкі і трубы,
і цэбар, і цеста ў далонь
уліпла, як воск у зубы…
У хаце палілі печ,
за садам кіпела работа…
Варыць самагонку – рэч,
якая робіцца ўпотай.
Было гэта так даўно –
пачатак сямідзесятых:
лавілі дарослых, і дно
выбівалі ў цэбрах мурзатых…
Але самагонка – напой
жытнёвы, жывы і чысты.
Хто піў яго з галавой –
рабіўся, як дуб вячысты.
Я помню, што пасядзець
бацькі маладыя ўмелі:
хто голас меў – мог спець;
пад закусь павольна хмялелі.
А як жа елі!.. Бабуля на стол
стаўляла капусту з дзежкі,
грыбную поліўку і расол,
мачоныя сыраежкі…
З шастка даставалі пару кілбас
і бондачку для малечы.
Гарэлка – дарослым,
                                        а дзецям – квас
і дранікі сьвежыя з печы;
пяршак пілі, курэў “Беламор”,
партыйных, было, згадалі,
і хтосьці, на хлеб намазаўшы здор,
выпіў і крэкнуў:
                            “Дасталі!”
 
2005
 
 
 
 
*  *  *
Мы новае стагоддзе1 пачалі
Ад’ездамі, уцёкамі, зьнікненьнем,
– як некалі ў 13-м2 дзяды,
а хтосьці, як Касьцюшка, паланеньнем.
 
Краса і сіла, сьлёзы i бяда,
а трэба жыць (жыцьцё праходзіць зараз!),
старэем мы, як горная руда…
Дык адкуем сябе ў агні паразы
 
у помсты меч, у лёгкі спрытны корд,
аздобім тронкі прагай перамогі,
i сто гадоў пражыўшы, быццам год,
ня выйдзем з каляі сваёй дарогі.
 
Пры куфлі піва (а каму мілей
шампан, няхай даруе мне плебея звычку)
мы абмяркуем, як жа быць далей
нам на чужыне: зырыцца ў кантычку,
 
дзе словы страцілі свае i бляск, i сілу?
Ці праведна чакаць цямна магілы?
Не, думаю, зьнікаць нам не ў дугу:
мы адступілі толькі на часова.
 
Вось пакаштуем іхняга рагу,
раскажам ім пра нашыя засовы,
а там, а там мы набярэмся сіл,
i назва бежанецкага народу
умоўнай стане, i Радзімы тыл
пакліча нас да роднага парогу.
 
 
 
 
*  *  *
Я дома быў! Я над гняздом зязюлі
высока ў небе ціха праляцеў,
але не ўпаў, а так хацеў, хацеў
шурпатым тварам у зямную кулю!
Там, на нізах, жыла мая Краіна,
мой хутар светлы і стары хмызьняк;
тачыўся з глебы свежы пастэрнак,
і будслаўская грэшніца Фаіна
натхнёна абдымала ў сьне яго,
апошняга каханага свайго.
 
2005, Вільня – Осла
 
 
 
 
*  *  *
Дык прыязджай!.. Пакуль ня выпаў сьнег.
Я пакажу табе гару кахання,
я раскажу, што грэх і што ня грэх,
пра што няма ні ў Торы, ні ў Каране.
 
Дык прыязджай хутчэй! Дык прылятай!
Я тры гады пазбаўлены Радзімы,
любові, словаў родных і вачэй…
Дык прыязджай пакуль ня сталі зімы.
 
А, зрэшты, не, куды тут прыязджаць,
гарэць удвох у пекле настальгіі?
Чужому краю дзетак нараджаць,
замест любошчаў прагнучы герылы?
 
Не прыязджай! Пакліч мяне сама,
хоць парай фраз пакліч мяне дадому.
Я запяю, зайграю, як сурма,
і стану зноў любімы і вядомы.
 
Не прыязджай! Вярні мяне назад!
У дыпкур’ерскім правязі праз межы…
Я так хачу убачыць плодны сад
і позірк твой, пасля каханьня сьвежы.
 
 
 
 
*  *  *
550
А. П.

 
Ты кажаш: пакайся, вярніся ў Будслаўе да маці.
Ты радзіш мне кветкі разводзіць i нават пра вершы забыць.
Мой дружа далёкі, для гэтых дзіцячых нарацый
я надта здаровы, мне здорава хочацца жыць.
 
Я доўга цягнуўся да сонца зялёнаю шылкай
з айчыннае крушні, з балотаў, з калгасных канаў.
Я цела сваё напінаў да апошняе жылкі
i тлеў на разрыве, каб дух мой свабодна лунаў.
 
Мой дружа высокі я розныя практыкі зьведаў,
экспірыенс мой перапоўнены розным дабром,
але не сабраны яшчэ мой букецік для атамнай Леды
i ў пошуках кветак я зноў пакідаю свой дом.
 
2005
 
 
 
 
*  *  *
Ня тое ўсё! Ня так i не пра тых!
Аслаб, ачах, кудысьці зьніклі сілы,
І словаў не хапае залатых,
i сьняцца сны пра сьвежыя магілы.
 
 
 
 
*  *  *
Ой, жанчына, любі мяне,
ой любі, пакуль я жывы!
Не чакай ад мяне ямнага,
бо пры мне толькі ранаў швы.
 
А ня любіш – пільнуй надзейнага,
а ня хочаш – свайго знайдзі
рабачáя i дабрадзейнага,
каб з табою заўжды хадзіў.
 
Не маё, не маё правіла –
жыць-пражыць, як што набяжыць.
А калі ж, калі мяне спанаравіла,
не спрабуй, ня думай адваражыць.
 
Палюбі вазьмі безумоўнага,
пасьцялі пасьцелю на двох,
пасьцялі з таго, што ё, – зь
невымоўнага,
я зайду пад твой абарог.
 
Во як гэтая птушка кнігаўка,
запяі мне раніцай: мілы, піць!..
Абачнуся i ціха выгукну:
як жа файна з каханай быць!
 
21.VI.2005
 
 
 
 
Эмігрант

Землякам у замежжы

 
Дзень да вечара перабыў,
ноч да раніцы пераспаў,
а ня ўсе яшчэ крыўды збыў,
не ўсяго сябе распластаў.
 
Вырваць кратны свой боль з душы
не, ня здолееш, як ні рві.
На чужым, на злым скавышы
хоць крыжуй сябе, хоць гняві.
 
Будзеш спаць хоць гадзіны тры,
а ўсё роўна прысьніцца дом
i зялёныя чараты,
i над пушчаю летні гром.
 
Дзе ж ты дзенесься ад свайго,
дзе прыстроіш свой вольны сьпеў?
На чужыне? О не, крый, бо..!
На радзіму цябе сарве.
 
Kassa-dama зірне ў білет,
ухмыльнецца абурана: “Як?
Наш утульны ватэр-клазэт
зноў мяняеце на бардак?”
 
… У салоне вас толью сем,
дзьве газэты – “эСБэ”, “Звязда”,
i па радыё pycкi эFэM:
“С возвращением, эмигрант!”
 
2006
 
 
 
 
*  *  *
Пакуль я пicaў пра Алжыр,
вайна прыйшла на Балканы,
хвост распусціла веерам
бомбаметалу цяжарнага
i, як прастытутка сусьветная,
ракетным стабілізатарам
узвыла над Македоніяй,
а скончыла дзесьці
пад Менскам.
 
Паслухайце вы, штатныя,
штацкія i ваенныя,
мне гэта не падабаецца,
не будзіце ўва мне зьвера
(пакуль яшчэ сьвет трымаецца
на шчырасьці i даверы).
Ня возьмеце крэйсерскай хуткасцю,
нi нават адчаем штрафбатаў
над нашаю Мачу-Пікчу *
сьцяг свабоднай Рэспублікі.
 
* Старажытная крэпасьць iнкaў, пабуда-
ваная на вяршыні гары.
 
 
 
 
Раманс
Ты сьнілася, ты зноў мне сёньня сьнілася:
чужая жонка – родная душа.
Нязвычна доўга сонца ў сьне садзілася,
i маладзела пад дажджом шаша.
 
Ядловец пах зьнікомым пахам тайнага,
няўлоўнага імгненьня тэт-а-тэт
i цені два з пейзажу пастаральнага
выходзілі, ствараючы дуэт.
 
Сказаў адзін: “Як ціха сёньня вечарам”.
Сказаў другі: “Maглі мы разам быць”.
Заўжды ў жыцьці нам не хапае нечага,
пакуль у жылах дымна кроў кіпіць.
 
Ноч адбыла, i на сьвітаньні ўзрушана
прайшоўся верхам вецер малады.
I зніклі цені разам i нязмушана,
i ты шапнула: “Мілы, дай вады”.
 
 
 
 
Эніра Браніцкая
…ты poбіш расьцяжку, навучана
прыёмам дзюдо i пачуцьцям
нянавісці да акупанта.
Замежныя мовы ты ведаеш
і
сьпецыяльнымі іншымі
ведамі, пэўна, валодаеш,
плюс да таго ты начулася
прыблатнёнае фені ў камеры
турэмнага ізалятару,
дэмакратычна кляймёнага
“амэрыканкай”
i сьціпла схаванага ў порціку
за жоўтым гэбэшным гмахам…
У свае маладыя годзікі
ты столькі ўжо бруду зьведала!
Ты ўжо не забудзеш ніколі,
як пахне жаночая камера,
як сьпіцца на “верталёце”*
i сьніцца свабодны Край,
i як у прагулачным дворыку
нясьцерпна вольнасьці хочацца,
i хоць бы вось тою бліскучаю
i цьвёрдакрылай кузуркаю,
а выпаўзьці з гэтага логава,
так дэмакратычна кляймёнага…
I ўсё-ткі, Эніра Браніцкая,
ня гэты брутальны экспірыенс,
 
* “Верталёт” – турэмныя нары, якія
днём адкідваюцца да сьцяны (жаргон).
 
што німбам сьмярдзючым зьвіваецца
над Вашай чарнявай галоўкаю,
хацеў бы я бачыць, о не!
I мне перманентныя вышукі
быдлячай улады вядомыя,
i я разрываў свае лёгкія
густой протасферай камеры.
I усё ж пра мужчынаў мы ведаем,
што лёс наш – турма ці вайна.
А Вы, о Эніра Браніцкая,
наш сімвал Айчыны i Вольнасьці,
жывіце свабоднаю птушкаю,
відушчай ляціце арліцаю,
уцелаўлёнай Радзімаю –
чарнявая, стройная, мудрая,
надзейная, годная, – нашая!
А я напішу Вам гекзаметры,
як пахнеце Вы травастоямі,
як Вашай энэргіяй поўняцца
карпускулы атмасферычныя,
i крушні, грымотам адкрытыя,
зьбянтэжана заціхаюць,
як толькі Вы засынаеце
на грубым турэмным посьціле…
 
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -
 
Вярні ж нам, Эніра Браніцкая,
надзею i веру, а самае
галоўнае, самае-самае –
любоў нам, Эніра, вярні!
 
2006
 
 
 
 
Беларускай моладзі
Стойце мужна на нашых пляцах!
Стойце сьмела, ні кроку назад!
За нашу свабоду! За вольную працу!
За свой, за новы свабодны ўрад!
 
Стойце дарэшты i гаварыце
мовай вуліцы з народам сваім.
Нам нельга, нельга здацца, скарыцца,
як некалі барбарам здаўся Рым.
 
Нясіце веру, што мы пераможам.
Нясіце горда наш чысты сьцяг
за нашых матуль i жанчын прыгожых,
за нашу волю, за наш абсяг!
 
А калі раптам стане так горка,
а калі раптам – “рукі назад!” –
іншыя прыйдуць i дапамогуць
шыхтом яднаньня i песьняй у лад.
 
Вы – наша сёньня, вы – наша заўтра,
i хоць балюча, але, але
i па той бок металічных кратаў
вясна цьвіце на турэмным шкле.
 
2006
 
 
 
 
Пісьмо земляку
Ты ведаеш, мой дарагі зямляк,
што азначае жыць гадамі ў скрусе,
з нянавісьцю глядзець на мяккі знак
і бачыць здрайцу ў кожным беларусе.
 
Ты ведаеш, мой раньні эпігон,
пісаць адно, а жыць жыцьцё другое,
вядома, можна, толькі як закон,
у выніку ні вершаў, ні героя.
 
Я столькі год, напрыклад, ні гу-гу,
адзін у гэтым вольным еўразьвязе.
I хоць падбі падковамі блыху –
тутэйшыя ня зойдуцца ў экстазе.
 
Мы іншыя, зямляк, i напінаць
перыферыю жыл няма патрэбы,
а калі ўсё ж за нешта паміраць,
дык за цяпло сваёй айчыннай глебы.
 
2007
 
 
 
 
Перад кампутарам
Я мipгаю сваёй маладосьці
лёгкім націскам на мышаня,
раптам нешта прыйшло,
як штосьці,
што ня мае свайго імя.
 
Толькі пахі, і толькі гукі:
пaxi – восені, гyкi – слоў,
i твае маленькія pyкі
набіраюць слова “любоў”…
 
2007
 
 
 
 
Прадчуваньне
Прападаю, чую, прападаю, –
ні Радзімы, ні дзяцей і ні
рук тваіх, што ціха так гартаюць
кнігу ў вечаровай цішыні…
 
Хопіць слабнуць, хопіць паддавацца
настальгіі, суму i віну.
Калі нельга дома заставацца,
выбірай апошняе – вайну.
 
На вайне як на вайне заўсёды:
за сьпіною – рваныя тылы,
справа-зьлева горныя пароды
i сяржант абкураны i злы.
 
Транспарт баявы пасеклі міны,
у акопах ні жывой душы,
i дыміцца пад ствалом асіны
шлем танкіста па той бок шашы…
 
2007
 
 
 
 
Ксені
Заўсёды, дачушка, будзь:
для сваіх – карамелька,
для лџбага – як кудзелька;
ну а для ворага – як цесная
                                                  камізэлька,
каб ні ўздыхнуць яму, ні павярнуцца,
калі паспрабуе да цябе навярнуцца.
 
2007
 
 
 
 
Рыжае золата восені

Зямлячцы з інэту

 
Малю цябе, рыжая, азалаці
aпoшнімі промнямі ў верасьні…
Я выдахся быў, я амаль заціх,
забыўшы, як пахне верасам.
 
Завіс я ў чужых, быццам акамянеў,
i што мне да гэтай Нарвегіі,
калі я сохну па роднай дрыгве,
i прагну пушчанскай энергіі.
 
Адно ратаваньне: твая любоў,
тваё жываплаўкае золата,
што льецца ў маю неслухмяную кроў,
каб нарадзіць нам волата!
 
2007, Буда
 
 
 
 
Рым1
Гэта бывае – хочацца болю;
гэта бывае – хочацца ў неба,
дзе адшукаеш свабоду i волю,
у гэтым толькі твая патрэба –
          выйсьці на волю,
                      на волю,
                                на волю!
 
Зімою шукаеш зімы i сьнегу,
чыстага сьнегу, празрыстага лёду;
чытаеш гісторыі пра Сапегу,
нібыта схемы сакрэтнага коду
          на волю!
                      на волю!
                                на волю!
 
Цела тваё паддаецца спакусе
зрабіць зацяжку i выпіць, i зьесці…
О як няпроста, сьвяты Icyce,
“з цэлым народам гутарку весьці”
          пра волю,
                      пра волю,
                                пра волю!
 
Але ўжо палае ў сьнежаньскім небе
палярнае ззяньне з краю да краю,
i ты ў экстазе нішчыш плацэба,
i шэпчаш зацята: я выбіраю
          ісьці на волю,
                      на волю,
                                на волю!
 
А там, на волі, на горных вышынях,
у водах вечнага акіяну,
ты будзеш Радзіме сапраўдным сынам,
шчаслівы ў дзень на сьвятога Яна,
бо ты нарэшце
                      на волі,
                                на волі!
 
2007
 
 
 
 
*  *  *
Прыхінуцца да тваіх каленяў
перад боем, некалькі хвілін,
а пасьля ў парыве захапленьня
расстраляць апошні магазін!
 
I няхай ня ўбачу перамогі,
і сьцяку крывёю на асфальт –
прыйдзе час, i будуць нашы бóгі
нашым прахам гартаваць базальт!
 
2008
 
 
 
 
Да трэцяй гадавіны пахаваньня Анатоля Сыса
Ты быў – i вось гэта галоўнае,
а як – неістотна цяпер.
Зьмярцьвеньне амаль пагалоўнае
ты прагна глытаў напавер.
 
Ты піў, быццам выпіць пакляўся ты
да донца вялікі наш боль,
i сам будаваў свае краты,
у раны ўціраючы соль.
 
Навокал жылося па-рознаму:
любілі, iшлі “на ты”,
спакойныя i нэрвозныя, –
усе. I “мільярд залаты”.
 
Цьвіло, бурапеніла, пырскала
жыцьцё – толькі ты дажываў.
I ўрэшце пайшоў – згасла іскарка,
ты гэтага сам пажадаў.
 
Цяпер я адзін бурапенюся:
блукаю i блудам грашу…
Бывай! Прыйдзе час – i сустрэнемся.
За чаркай… адвесьці… душу.
 
2008, Буда
 
 
 
 
Ася
Напішыце мне, Ася, што-небудзь
мімалётнае i без ніякіх.
Ну, напрыклад, пра белую лебедзь,
ужываючы амфібрахій.
 
Тут, Асюня, такія змрокі
дзевяць месяцаў, потым – сонца…
Я прысьніў сёньня Вашы крокі –
Вы ішлі пад рыфму “бясконца”,
 
у сьлядах пылок завіваўся,
за плячыма – газавы шалік,
толью я пазваць Вас баяўся,
баючыся разбіць скрыжалі
сну…
 
Напішыце мне, Ася, раскрыйце
фантастычны ваш, сонны вобраз,
толькі блізкім не гаварыце,
што прыходзіў я, i не адзін раз.
 
Ася, Ася!.. О божа горны
і нябесны! I водаў мора!
Вы прайшлі, быццам дождж спорны,
і прапалі ранкам, як зоры.
 
Не зьнікайце ж! Хоць бы ў муаравым
сьне, а будзьце са мною, дзіва,
i ў пралётным экспрэсе тварным
я заўважу Ваш эксклюзіўны.
 
2008, Буда
 
 
 
 
Дэбет/Крэдыт
Фінансавая паэма у 2-х частках
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Смокча мяне памяць,
жне траву раса,
лётае ня раніць
жоўтая аса.
 
Каматозны станік
я зь цябе сарву…
Заўтра, як устанем,
пойдзем у царкву.
 
Храм наш – там, дзе пушча,
дзе ў заломах Зьвер
сілай адчайдушнай
рве граніцы сфер.
 
Мы з анабіёзу
у амбіцыёз
выйдзем, як з марозу,
на гарачы плёс.
 
Ты – мая палова,
вечны мацярык…
Не хапае словаў –
перайду на крык.
 
Хай дрыжаць сатрапы
        ад жу-
                    ды
пад магільным крапам
        на-
            заў-
                    жды!
 
2008, Буда
 
 
 
 
Што такое вайна?
Кастусю
Што такое вайна? Гэта увасабленьне амбіцыяў
у сталёвыя формы ракетна-ядравых комплексаў;
гэта ўзяцьце i здача, узяцьце i здача пазіцыяў,
i прашытыя буйнакаліберным белыя крокусы.
 
Што такое вайна? Гэта спосаб лячэньня фісташкамі
куль гарачых, кампрэсамі бомбакіданьняў;
гэта спосаб прымусіць быць іхнымі “нашымі”;
гэта час, калі часу няма ні на бога і ні на каханьне.
 
Што такое “вайна”, зразумець немагчыма бяз вопыту
уваходжаньня ў зону, крывавую зону вайны.
Гэта час, калі час не губляюць на лішнія допыты,
і кароткімі чэргамі
                                да вас
                                            падступаюць
                                                                    кранты.
 
Што такое вайна? Мы, на жаль, не пасьпеем з адказамі :
гэта тое, што ўжо, і даўно, і навокал, і ў нас;
гэта токі звышэнэргетычна-шматфазныя,
прызначэньне якіх – разбураць стратэгічны баланс.
 
Што такое вайна? Гэта спазмы закутага розуму,
хаатычны распад біямасы на перадавой,
палявыя шпіталі, апошнія крыкі тыфознага,
i ў нягашанай вапне згарае падскурны лой…
 
2008, Буда
 
 
 
 
З пяшчотай пра тую, што спаткае мяне на радзіме
Позні вечар, вецер, змрок… – сумна.
Падступае крок у крок сон як пума.
Праз імгненьне ты ўжо сьпіш – сьніш
краявіды
                Краю.
Сьніцца ў небе зор Спарыш…
                Па-
                      зя-
                            ха-
                                еш.
Позні вечар. Ціха сьнег
                це-
                      ру-
                            сіцца
і шукае лёгкі грэх…
                прымасьціцца –
на тваёй шчацэ xiбa
                ці на скроні,
ці, даруйце, на губах –
                там, дзе ўлоньне.
 
2008
 
 
 
 
*  *  *
Сьвежы,чысты i здаровы,
саракашасьцігадовы
я
хачу любіць бязьмежна
i, вядома, незалежна
ад краінаў i шыротаў,
i тэхнічных наваротаў…
К чорту! К д’яблу апраметнай,
як старыя сандалеты,
выкідаю грэх самоты!
Набіраю абароты –
можа быць,
што раз астатні,
спрэс адкрыты,
непадкатні.
Сам сябе я выкрываю,
ачышчаю, адшкрабаю
ад старога думкаходу
i прастую на свабоду
аддаваць сябе любові
і жанчыну славасловіць,
і сьмяяцца зь ёю разам,
і пасьля застыгнуць плазам
на расістых прасцірадлах…
Я, паэт красы і сілы,
без ніякіх, да магілы,
самы крэпкі, самы лепшы,
як галоўка белай рэпкі…
I пакуль я тут з табою,
я табе свайго накрою
хлеба чорнага да сьвята
проста так i без праплаты.
Проста так я твой – кудлаты,
непрыручаны, працяты
страсьцю з галавы да пятаў…
Дык любі, любі зацята, –
так, як я люблю а пятай, –
што пад вечар, што пад раньне,
сон прысьніўшы пра вяртаньне.
 
12 кастрычніка 2008
 
 
 
 
Проста такая зімa
…Не, ты ня думай, я разумею: Каляды
хутка ўжо, а за вакном – слата,
i на душы так самотна і хто б даў рады…
Ды толью вецер, вецер-сабака вые ў дратах.
 
Не, ты ня думай, твой жаль гэты не назаўсёды,
i у твaix у шэра-зялёных вачах
заўтра ізноў загарацца іскрынкі свабоды,
i, значыць, у зрэнках варожых затоіцца жах.
 
Не, ты ня думай, бывае, што нават гepoi
ідуць на аральны кантакт з рэвальверным ствалом…
Толью я пэўны, што лепей пакінуць набоі
да непазьбежнага моманту перасячэньня са злом.
 
Не сумнявайся i не пераймайся з нагоды,
ну а тым болей, калі той нагоды няма.
Ведай, дзяўчынка, ты самай найлепшай пароды,
а усё астатняе – проста такая зіма.
 
запалярная Нарвегія, Буда, 10.X.2008
 
 
 
 
*  *  *
Ноч. Вуліца… Ліхтар… Каляды.
Для тых, каму няма з кім быць,
сьвіцяцца ў небе зоркапады
i поўня яркая дрыжыць.
 
I што з таго, што цёпла, суха
i з крана чыстая вада,
калі няма цябе, прысуха,
а без цябе – бяда…
 
28.12.2008, Буда
 
 
 
 
*  *  *
Будзь са мной, пакуль ты маладая,
будзь са мной, пакуль я не стары.
Будзь са мной – i бог пра нас падбае,
гэны бог, што свеціць нам згары.
 
 
 
 
*  *  *
Элементарныя часткі цэлага
вясною лепяцца ў формы,
новыя арганічныя,
калі на праталінах точыцца,
точыцца курасьлеп,
а за
маладым сасоньнікам
бухматыя, нібы чмелікі,
i быццам бы прытаміўшыся
пасьля разгульнага эрасу
прыціхлі рэдказямельныя
кветачкі сон-травы.
 
9 лютага 2009, Буда
 
 
 
 
Кaлі заўтра вайна
Я ўпэўнены, што, калі заўтра вайна,
я буду найлепшым салдатам,
бо ведаю ўжо, як паслаць усё на
усьлед за кідком гранаты.
 
А ты, мне цікава, дзе будзеш ты,
калі яна заўтра пачнецца –
вайна па перыметрах нематы
i на вышынях фартэцый?
 
Нічога, ня ксьціся, як перад канцом:
ня маючы, ты i ня страціш…
Ты толькі ня дай сябе зьнішчыць жыўцом
на радасьць варожае шаці.
 
2009
 
 
 
 
*  *  *
Каторы дзень ні сьнегу, ні дажджу,
i толькі вецер штармавы ганяе
скальны пыл
так, што і вокны нельга прыадкрыць,
а да таго ж адзін, сярод чужых,
а паглядзіш, сьцягнуўшы з фрэндастужкі выпадкова
цікавы кліп –
і ўздымецца настрой –
хай на хвіліну, хай ажно да сьлёз;
i нават гэтыя радкі
складуцца ў верш, агорнуты настроем…
 
 
 
 
На паласе нейтральнай
На паласе нейтральнай
любіць апошні раз
так натуральна…
На паласе нейтральнай…
апошні… раз.
Трывога дадае энэргіі жыцьцю…
Жанчыне i табе няма чаго губляць…
На паласе нейтральнай пачуцьцю
няма калі чакаць…
 
2009, Вільня
 
 
 
 
Дажынкі – 2009
Расея заявіла, што 8 верасьня
2009 г. яна плануе ўвесьці
на тэрыторыю Беларусі
2 кадравыя арміі – быццам бы
для вучэньняў…
 
Сто тысяч “старэйшых братоў”
зьбіраюцца на вучэньні,
сто тысяч крывавых патоў
пральецца пры перасячэньні
паўночна-заходняй мяжы.
 
Да 8-га верасьня – факт –
пасьпеюць ячмень i жыта,
i стане поле Полем атак,
i будзе наўсьцяж пакрыта
стотысячным целам “старэйшых братоў”.
 
На нашым полі паляжа масква!
У гэтым i сэнс вучэньняў…
“Ніколі, – казалі дзяды, – не ўпускай
таго, хто без запрашэньня
прыходзіць у землі твае,
тым больш калі гэта сто тысяч
“старэйшых братоў” з Усходу”.
 
Запомні, брат, калі ўжо пайшло
пра тое, жыць нам ці легчы,
мы будзем жаць, як ня жаў ніхто
на полі людское сечы!
І факт, што палягуць сто тысяч цел
“старэйшых братоў” з Усходу!
 
2009, Запалярная Нарвегія
 
 
 
 
*  *  *
Прычашы мяне як на сьвята,
калі папараць разбушуецца;
прыбяры мяне ў шлях кудлаты,
калі сумны сьпеў з поля чуецца.
 
Палюбі мяне, калі зацьвітае
на Купальле смолка ружовая…
Пахавай мяне з таго краю,
дзе ляжаць нашы ўсе, дамовыя…
 
2009, Вільня
 
 
 
 
*  *  *
Сукеначка гарошыкам
ды белы паясок,
дзяўчыначка харошая,
вясёлы галасок, –
 
ты напяі мне песеньку –
я словы напісаў,
як я, табой узьнесены,
па-над зямлёй вітаў…
 
2009, Буда
 
 
 
 
*  *  *
Вяртаюся… зацяты, як i да
таго, калі я выехаў з Краіны,
дзе летам адключаецца вада
і жабракі ў дварах, як бедуіны.
 
 
 
 
*  *  *
З пазавугольля Еўропы
вяртаюся: хопіць! сыты!
Іхны стол таўстапопы
не для мяне накрыты.
 
 
 
 
*  *  *
Бывай, Нарвегія! Там, па той бок парогу,
ты будзеш сьніцца мне ў геаметрычных снах,
твая паўночная “Е-6” дарога
і сьлед мой на скале ў тваіх гарах.
 
2009, Буда
 
 
 
 
*  *  *
Вось i вярнуўся я.
Пытаюцца: “Надоўга?”
А з жыта мне міргаюць васількі
і астывае вечарам дарога
праз вёску з мілай назваю “Малькі”.
 
Вярнуўся я, бо так запланавана
было з часоў ад’езду за рубеж.
З жыцьцём сваіх мае жыцьцё старанна
нітуецца, што паспрабуй разрэж…
 
2009, Друя, Беларусь
 
 
 
 
*  *  *
…а ўвогуле мне трызьніцца ваш пах,
пялёсткі вашай сьціплай ружы-кветкі
i нашага ўзаемства хуткі крах,
як выпадковы націск на гашэтку.
 
2009
 
 
 
 
*  *  *
Хоць вы гадуеце i не маіх дзяцей,
ды ўсё ж віншую з добрым днём Матулі!
Спакойных вам i ветлівых гасьцей,
i каб малыя за парой паснулі…
 
2009
 
 
 
 
Перапіс 2009
Запішы мяне, перапішчыца,
раскажу табе як на духу,
як паўвеку я з гора плішчыўся,
аказалася – на бяду.
Моваў ведаю – дай бог кожнаму,
адукацыя… ўсё як сьлед.
Толькі нейкі ўвесь час трывожны я,
дзе зьяўлюся – там тузін бед.
Запішы, толькі не дапісавай –
не люблю я казак чужых,
я тады раблюся бязлітасным
ад чужой нахабнай ілжы.
Запішы, замальдуй як сьлед,
дзе жыву i што-дзе нажыў,
а чырвоным адзнач, што вандруе шэпт,
нібы сам я даўно чужы.
 
2009
 
 
 
 
*  *  *
Калі ты жывеш, адчуваючы сваім
плячом плячо надзейнага сябра,
а сьцягном – сьцягно любімай жанчыны,
то ўсё астатняе – прыдасца…
 
 
 
 
*  *  *
Я ня проста восень люблю,
я люблю яе холад i вецер,
першы замаразак на ральлю
і ядкія запасы к налецьцю…
Я ня проста… нельга паддацца
ні на злом, ні на згін хрыбта…
Пяцьдзесят, вядома, ня дваццаць –
ад вінта.
 
 
 
 
Ранішнія радкі пра яду i паэзію
350
Я жирных с детства привык ненавидеть,
всегда себя за обед продавая.
#Ул. Маякоўскі

 
Мінулі часы савецкіх паэтаў,
тым больш – гераічны час Маякоўскага.
Цяпер таўстамясыя пішуць куплеты,
не карыстаючыся нават коскамі.
Сёньня ў фаворы хайку-лімéрыкі
(гэта калі сказаць няма чаго).
Пішуць спакойныя, без ніякай гістэрыкі,
такім сабе правільным дэмакратычным арго.
Апошні з нашых памёр у нуль пятым –
захлынуўся, самотны, крываваю плазмай,
таму што быў не з падкладачнай ваты
i не буфетнай запыленай вазай…
Цяпер ня тое – за правы чалавека
змагаюцца пііты вербальным паносам.
А чалавеку
          патрэбны
                      адвеку
                                рэальны кавалак яды пад носам.
 
2009
 
 
 
 
*  *  *
Я раптам успомніў, як пахне маліна
у расьцяробах, што за чыгункай;
траскотны грукат старой дрызіны
і доўгі брэх крывалапай чумкі.
Маліны той пуховую спеласць
помню выяўна, як твае вусны,
і як бянтэжыла твая смеласць,
быццам “Парфумай” пісьменьнік Зюскінд…
 
2010
 
 
 
 
Музыка
Я чую дзіўную музыку:
яна прылятае раптам
з-за сіняга-сіняга мора.
 
Яна называецца блюзам,
часамі бывае джазам,
рамансам,опернай арыяй,
канцэртам для скрыпкі з аркестрам,
сімфоніяй жытніх палёў
тваёй неабсяжнай Краіны
паміж Усходам i Захадам…
Але заўсёды дарэчы
зьяўляецца гэтая музыка
i перапаўняе сімпатыяй
да поўні на небе, да зораў
i акіяну бязьмежнага
жаночай ахвярнай любові.
 
Я слухаю вечную музыку:
вунь чорна-чырвоныя дзятлы
іграюць на сухастоінах
i над блакітнымі ф’ёрдамі
клякочуць арлы, трымаючы
высокую ноту жыцьця.
 
2010
 
 
 
 
*  *  *
Я разгладжу твае палавінкі
языкамі вечнага Фенікса
Загарацца ў вачох іскрынкі
і… памром недаждаўшы пенсіі.
 
І ўзьляцяць нашы душы грэшныя
па-над пеклам райскага полымя…
Толькі ты адно не прысьпешвай
меч майго сьвятога Георгія.
 
2010
 
 
 
 
*  *  *
Я не пішу вершыкаў –
нi на патрэбу дня, ні без патрэбы.
Проста ў душы маёй варыцца, а я памешваю,
каб на стале вашым сытым
                                                  было нешта i да хлеба.
 
2010
 
 
 
 
І назаву яго сынам
І назаву яго сынам –
хай будзе дачцы маёй братам,
хай вершы мае чытае
i верыць ім большчым сабе…
 
Такое ня часта здараецца –
ды дзе там! – увогуле рэдка,
што нехта тваёй зачытаецца
паэзіяй не па праграме
школьнай за 8-ы клас.
 
А ён зачытаўся аднойчы
(зь якой прычыны, хто ведае),
радкам рыфмаваным паверыўшы,
як можа верыць юнак.
 
Цяпер я нарэшце ведаю:
пicaў не на ўзьвей вецер,
тым болей, пicaў, значыць, правільна,
і словам, як штык-нажом,
мяса жыцьця намацваў
i каштаваў на смак – правільна…
 
Ён, можа, крыху i здзівіцца,
што ў бацькі яму набіваецца
герой крымінальных показак
i віртуальных легенд.
 
Няхай жа! Мы ўсе тут дзіўныя –
шумім, як вецер гальлём…
Дык назаву яго сынам адзіным,
хай будзе, пакуль жывём.
 
2010
 
 
 
 
Шляхі
Ёсць два шляхі: уверх i ўніз.
Астатняе – прамежкі.
Вядома, ўніз бяруць бяз віз,
i на аўто, і пешкі.
 
Хоць стрымгалоў каціся ўніз –
ніхто не затрымае.
Наадварот, галантны пліз
шапнуць вам па-над краем.
 
Таму я не жадаю ў дол –
наверх мая дарога…
Такі вось, браце мой, прыкол,
такая, бачыш, прога.
 
2010
 
 
 
 
*  *  *

У запалярным нарвежскім
гарадку Буда, перакладаючы
прозу Гамсуна

 
Сто гадоў праляцелі i дзьве вайны,
i праз горы прабілі шашу і чыгунку,
і ніхто за сабою ня чуе віны
за той вусьцішны крык на карціне Мунка.
 
2010
 
 
 
 
Патаемныя думкі беларускага эмігранта новай хвалі
…Не маўчыце ж, біце ў звоны:
еду заўтра з Еўразоны!
Пакідаю край багаты
(праўда,крышачку пархаты).
 
Ой, нажыўся, наглядзеўся –
рай для тых, хто не наеўся.
Ну а тыя, хто ўжо сыты,
лезуць хвацка ў садаміты.
 
Хай сабе хоць скруцяць карак –
да свaix вярнуся скварак!
Дома хоць ня ўсё ў парадку,
ды ямчэй майму азадку.
 
Дома бульба, дома сала,
i ня ўсё яшчэ прапала.
Дома ў нас жыве надзея,
што над Краем заірдзее
так чаканы промень Вoлі…
Толькі к дому! I – даволі!..
 
2010
 
 
 
 
*  *  *
Паўстаць зь нічога няпроста,
але магчыма, калі
ты выбіраеш для росту
абшары сваёй зямлі…
 
2010
 
 
 
 
Мне женщина нужна…
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
…И час пришел: все испытав…
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Вот так получилось — родился я на Северах…
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Как пронзительно пахнет трава…
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Северный этюд
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
У меня была своя Татьяна…
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.