РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прадмова да збора вершаў «Смык беларускі»
        А праўду сказаў Бурачок у сваёй «Дудцы», што ўсе мы завём нашу мову «мужыцкай», і так – нічагусенька, як бы так і трэба! Здарывалася і мне чытаць і ксёнжачкі, хоць ня надта старыя, друкаваныя навет, якогась пана Марцінкевіча, але ўсе як бы сьмеючыся з нашага брата пісаны; чытаў я і так перапісаныя вершыкі якогасьці Юркі «Панскае ігрышча», гдзе Юрка надта дзівуецца і як бы завідуе панам тым, каторыя, можа, і больш ад Юркі таго працуюць, толькі, ведама, вучоныя, дык лягчэй і спарней. Я перапісаў і сюды тое «Ігрышча», няхай выбачае пан Юрка, але, дальбог, аж злосьць узяла, што Юрка спадабаў тое, што толькі блазну можа спадабацца. Я тыкі і чыркнуў яму «Адказ», але так думаю, што гэта ён, сьмеючыся з нашага цёмнага брата, напісаў; гэтак думаў, што дурны мужык, дык ужо нічога і ня відзе, і ня знае! Ой, памыліўся!
        Не раўня я Бурачку, – ён лепей, можа, знае жыцьцё мужыцкае, больш, можа, відзеў і чуў; але так мне спадабаліся, яго тыя вершы, што і я здумаў папрабаваць штокольвек напісаць. Ёсьць шмат друкованых песьняў нашага народа; пісаў Пачабут, Я. Тышкевіч, апісуючы наш Барысаўскі павет, і шмат хто сьпісываў іх, а шмат ёсьць і не сьпісаных, але песьні ўсе тыя не надта, каб сказаць праўду, харошыя, і нота наша плакучая, аднастайная, і песняў васолых ня шмат, да і тых ужо рэдка пачуць. Надта за хлебам народ гоніцца, а хлеба дастане, дык і за крамнай вопраткай, і за ляксаванымі ботамі гоніцца, і ўсё маркоціцца. Даўней, кажуць, людзі, як меншым абходзіліся, то больш мелі і васалейшыя былі. Вот я і напісаў з дзесятак песьняў «сякіх-такіх». Граю трошкі на скрыпачцы, ну дык няхай і мая ксёнжачка завецца струмантам якім; вот я і назваў яе «Смык». Смык ёсьць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была «Дудка» – вот і мы зробім музыку, як тыя жыдкі, што на цымбалах іграюць.
        
        Шымон Рэўка з-пад Барысава

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.