РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзікае паляванне караля Стаха
Раздзел першы
Раздзел другi
Раздзел трэцi
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел семы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзiнаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
Раздзел чатырнаццаты
Раздзел пятнаццаты
Раздзел шаснаццаты
Раздзел семнаццаты
Раздзел васемнаццаты
Раздзел дзевятнаццаты
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
        
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

        Калі да гэтага тэмп майго апавядання быў трохі запаволены, то зараз ён будзе, наадварот, ці не занадта хуткім. Але што зробіш, надзеі з той жахлівай ночы так імчаліся, што ў мяне кружылася галава.
        Ранкам наступнага дня мы хадзілі з Яноўскай да вёскі, дзе я запісваў легенды. Усю дарогу я пераконваў яе, што не трэба так баяцца дзікага палявання, расказаў, як я ўчора ашукаў яго, а ў галаве круцілася: "Што ж гэта было? Што?"
        Гаспадыня трошкі павесялела, але ўсё ж была прыгнечанай: такой яе я яшчэ не бачыў. А калі я вяртаўся да палаца (Яноўская затрымалася ля флігеля з вартаўніком), я заўважыў брудны аркуш паперы, прышпілены калючкай да стаўбура яліны на відным месцы. Я садраў яго:
        "Тое, чаму трэба, загіне. Ты лёзны чалавек, чужынец нейкі. Сыходзь з дарогі. Ты чужы тут, якая справа табе да праклятых радоў. Паляванне караля Стаха прыходзіць апоўначы. Чакай".
        Я толькі плячыма знізаў. Пасля таго апакаліптычнага жаху, які я перажыў учора, гэта пагроза здалася мне дрэннай меладрамай, непрадуманым ходам і, між іншым, пераканала мяне ў зямным паходжанні гэтай чартаўшчыны (як вы пабачыце далей, дарэмна).
        Я схаваў ліст. А ўначы адбылося адразу два здарэнні. Спаў я зараз вельмі дрэнна, мучылі нейкія кашмары. Я прачнуўся апоўначы ад крокаў, але на гэты раз нейкая незразумелая ўпэўненасць, што гэта не проста гукі, прымусіла мяне ўстаць. Я накінуў халат, асцярожна адчыніў дзверы і выйшаў у калідор. Крокі гучалі ў дальнім яго канцы. Я пайшоў за імі і... пабачыў ахмістрыню, якая са свечкаю ішла кудысьці. Я асцярожна ішоў за ёю, трымаючыся цемры. Яна зайшла ў нейкі пакой. Я пайшоў быў да яго, але яна выглянула адтуль, і я ледзь паспеў прыцісцуцца да сцяны. Калі я дайшоў да пакоя, то пабачыў там толькі стары пісьмовы стол, разьблёную шафу. На падаконніку стаяла свечка. Я зайшоў туды, вельмі асцярожна заглянуў у шафу - пустая. Пакой быў зусім пусты, і на жаль, мне нельга было вартаваць у ім: я мог сапсаваць усю справу. Таму я пайшоў за паваротку калідора і стаў там. У халаце было холадна, мерзлі ногі, але я стаяў. Я стаяў, напэўна, ужо каля гадзіны, калі раптам другая з'ява ўразіла мяне. Па калідоры, па дальнім яго канцы, рухалася блакітная постаць жанчыны. Адкуль яна з'явілася - не ведаю: калідор у тым канцы таксама рабіў калена. Яна рухалася плаўна, быццам плыла. Я толькі быў рушыў туды, як спыніўся, уражаны. Твар гэтай жанчыны быў тварам Надзеі Яноўскай, толькі дзіўна змененым. Ён быў вельмі паважны і спакойны, больш сталы і нейкі нават больш выцягнуты. Дзе я бачыў такі? Я ўжо здагадаўся і ўсё ж не верыў сам сабе. Ну, вядома, партрэт страчанай жанчыны ў зале. Блакітная Жанчына!
        Я забыўся на ахмістрыню, на холад, на ўсё. Гэтую таямніцу я павінен быў вырашыць неадкладна. І я рушыў туды. А яна плыла, плыла ад мяне, і тут толькі я заўважыў, што вялікае акно ў калідоры напалову адчынена. Яна ступіла на нізкі падаконнік і знікла. Я дабег да акна, выглянуў і нічога, нічога не пабачыў, быццам нехта смяяўся з мяне. Кут дома быў, праўда, зусім недалёка, але карніз быў, усё той самы вузенькі карніз. Я ўшчыкнуў сябе за руку - не, я не спаў.
        Я так быў уражаны гэтым новым здарэннем, што ледзь не прапусціў вяртання ахмістрыні. Тая ішла са свечкай, трымаючы ў руцэ нейкі аркуш паперы. Я прыціснуўся ў нішы дзвярэй, яна прайшла паўз мяне, не заўважыўшы, пасля выглянуў і пабачыў, што яна спынілася ля акна, пахітала галавою і, мармычучы нешта, зачыніла яго.
        Пасля пайшла па сходах па першы паверх.
        І што ёй трэба было тут, на другім паверсе? Я пайшоў быў да сябе, але раптам спыніўся і ціхутка пастукаў у дзверы пакоя Яноўскай. Чым не жартуе д'ябал, а раптам гэта ўсё ж была яна? Я сказаў шэптам:
        - Надзея Раманаўна, вы спіце?
        У адказ я пачуў соннае мармытанне.
        Я вярнуўся ў пакой і, не запальваючы свечкі, сеў на ложак. Мяне калаціла ад холаду, а чэрап проста разломваўся ад розных супярэчлівых думак.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.