РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзікае паляванне караля Стаха
Раздзел першы
Раздзел другi
Раздзел трэцi
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел семы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзiнаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
Раздзел чатырнаццаты
Раздзел пятнаццаты
Раздзел шаснаццаты
Раздзел семнаццаты
Раздзел васемнаццаты
Раздзел дзевятнаццаты
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
        
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

        Я з'явіўся дадому брудны, стомлены і, калі вартаўнік адчыніў мне дзверы, адразу прайшоў да сябе. Нарэшце ўсё было скончана, нарэшце раздушылі чыгунную дзікую сілу. Я быў такі выснажаны, што, запаліўшы свечку, ледзь не заснуў на ложку, напалову сцягнуўшы адзін бот. А калі я лёг, усё паплыло перад маімі вачыма: балоты, полымя над домам Дубатоўка, мерны пошчак капытоў, коннікі, жудасныя крыкі, твар Рыгора, які апускае цяжкія габлі-трайчаткі. І толькі потым цяжкі сон зваліўся на мяне, уціснуў галаву ў падушку, як конь капытом галаву Дубатоўка. Нават у сне я жыў падзеямі ночы: бег, страляў, скакаў і адчуваў сам, што ногі мае рухаюцца, бягуць у сне.
        Дзіўным было маё абуджэнне, хоць і нельга было назваць абуджэннем мой стан. Яшчэ ў сне я адчуваў, што нешта цяжкае, вельмі нядобрае робіцца вакол, што ў пакоі гусцее цень нейкай невымоўнай, апошняй бяды. Быццам нехта сядзеў у мяне на нагах, так наліліся яны цяжкім. Я адкрыў вочы і пабачыў смерць пад руку з Дубатоўкам, які смяяўся. І я разумеў, што яны ў сне, што вочы я адкрыў у сне, што бяда па-ранейшаму жыве ў гэтым пакоі, рухаецца, што яна ўсё набліжаецца і набліжаецца.
        Балдахін навісаў, плыў на мяне, душыў, і кутас яго вісеў проста перад маімі вачыма. Сэрца шалёна калацілася. Я адчуваў, што невядомае ідзе на мяне, што яго цяжкія крокі гучаць на пераходах, і я адчуваў, што я быў слабы, бездапаможны, што ўся мая сіла зараз дарэмная, што нейкае дурное страшыдла зараз схопіць мяне, або нават не мяне, а яе, і хрупнуць тонкія, слабыя яе костачкі. А я буду толькі глядзець. Я круціў галавою і мыкаў, не ў змозе адбіцца ад кашмарнага цяжкага сну.
        І раптам полымя свечкі пацягнулася да столі; стала чэзнуць, чэзнуць, знікаць і згасла нарэшце, знясіленае барацьбою з цемрай.
        Я глянуў на дзверы - яны былі прыадчынены. Зноў цяжкі кашмар. Месяц распляскаў святло па сценах пакоя, паклаў квадраты на падлогу, блакітным туманом курыўся ў праменнях дымок ад згаслай свечкі.
        Застагнаў, не маючы змогі варухнуцца. І раптам пабачыў два вялікія бессэнсоўныя вокі, якія глядзелі на мяне з-за парцьеры. Гэта было жахліва! Я хітнуў галавою: твар жанчыны глядзеў на мяне. І яшчэ каб вочы яе глядзелі, а то яны ўтаропіліся кудысьці за мяне, быццам бачылі мяне наскрозь і ў той жа час не заўважалі.
        Пасля невядомая істота паплыла да мяне. Я глядзеў на яе, на Блакітную Жанчыну Балотных Ялін, і валасы мімаволі ўставалі дыбарам на маёй галаве, хоць я і не ведаў, ява гэта ці сон, сон майго знясіленага цела. Гэта была яна, жанчына з партрэта, падобная на Надзею Яноўскую і адначасова зусім не падобная: даўжэйшы твар, спакойны, як смерць, зусім не той выраз на ім, постаць больш высокая і моцная. І вочы глядзелі мёртва і пранікнёна, глыбокія, як вір.
        Блакітная Жанчына плыла. Вось яна ў сваім дзівосным блакітным уборы, які зіхацеў пераліўчатымі хвалямі пад туманным святлом месяца, выплыла на сярэдзіну пакоя, выцягнула рукі, мацаючы імі паветра.
        Я адчуваў, што канчаткова прачнуўся, што ногі мае скутыя, што дзівосная здань рухаецца да мяне, цягне свае рукі.
        "Што здарылася з гаспадыняй, можа, яна мёртвая зараз, нездарма ж такі невымоўны жах ахапіў маю істоту толькі што, у сне?"
        Гэтая думка надала мне сілы. Я збіў нагамі коўдру, прыгатаваўся да нападу і, калі яна падплыла бліжэй, схапіў яе проста за выцягнутыя рукі. Адна мая рука трапіла ў нейкі, унікаючы пальцаў, флёр, другая моцна схапіла за штосьці невымоўна тонкае, слабае і цёплае.
        Моцна ірвануў яе на сябе, пачуў крык і зразумеў сутнасць з'явы, калі пабачыў, як грымаса жаху зноў села на твар, як у вачах, быццам абуджаных ад сну, з'явіўся асэнсаваны агеньчык, выраз болю, трывогі і яшчэ чагосьці, што бывае ў вачах сабакі, які чакае ўдару. Блакітная Жанчына закалацілася ў маіх руках, не здольная ад нечаканасці сказаць ані слова, а пасля сутаргавае рыданне вырвалася з яе вуснаў.
        І схожасць, новая схожасць гэтай істоты з Надзеяй Яноўскай была такой моцнай, што я, не памятаючы сябе, крыкнуў:
        - Надзея Раманаўна, супакойцеся! Што вы, дзе вы?!
        Яна і слова не магла сказаць. Пасля жах споўніў яе зрэнкі.
        - А! - крыкнула яна коратка і спуджана і затрэсла адмоўна галавой.
        Абуджаная з самнамбулічнага стану, яна яшчэ нічога не разумела, толькі жах поўніў яе маленькае, дрыжачае, як кацяня, сэрцайка. І нязнаны жах споўніў і мяне таксама, бо я ведаў, што ад такога раптоўнага спуду людзі часта вар'яцелі або заставаліся нямымі.
        Я не ведаў, што я раблю, як мне ратаваць яе ад гэтага, і стаў укрываць пацалункамі яе духмяныя доўгія валасы, спуджана дрыжачыя павекі, халодныя рукі.
        - Надзея Раманаўна! Надзея Раманаўна! Любая! Пяшчотная! Не бойся, я тут, я з табою, я знішчыў караля Стаха! Ніхто ўжо не парушыць твой добры ласкавы спакой!
        Павольна, вельмі павольна вярталася да яе прытомнасць. Зноў адкрыліся вочы. І я паступова пакінуў цалаваць яе, хоць гэта было цяжэй за смерць.
        - Што гэта? Што за пакой? Чаму я тут? - прашапацелі вусны.
        Я ўсё яшчэ трымаў яе ў абдоймах, танюткі сітняг, без якога я, моцны, адразу зламаюся. Я трымаў яе, бо ведаў: пакінь - і яна ўпадзе.
        А ў вачах яе між тым плескануўся такі жах, змешаны з такой вар'яцінкай, што я пашкадаваў, нашто я абудзіў яе ад гэтага.
        - Надзея Раманаўна! Супакойцеся, калі ласка! Не трэба больш, усё-ўсё будзе добра, светла для вас на зямлі.
        Яна не разумела. Чорны цень поўз аднекуль з кута да яе (відаць, хмара засноўвала месяц), і яна глядзела на яго, і зрэнкі, і вочы яе ўсё шырыліся, шырыліся, шырыліся.
        Вецер раптам загрукацеў недзе напаўадарванай аканіцай, завыў, заскуголіў у коміне. І гэта было так неймаверна падобна на далёкі грукат капытоў дзікага палявання, на нялюдскі крык: "Раман! Раман! Выходзь!"
        Гэта было так падобна на ўсё гэта, што я здрыгануўся.
        А яна раптам закрычала, прыціснулася да мяне так, што я адчуваў яе грудзі, калені пад тонкім флёрам, учапілася за мяне, і я, падначалены нястрымнаму жаданню, прыціснуў яе ўсю да сябе.
        - Клятыя грошы. Клятыя грошы! Забярыце, забярыце мяне адсюль, забярыце!.. Моцны, вялікі чалавек мой, уладар, забяры мяне адсюль! Тут так жахліва, так холадна, так змрочна! Я не жадаю, не жадаю паміраць...
        Я перанёс яе на ложак, лёгкую, як дзіця. "Капыты" ўсё яшчэ грукацелі за акном. Яна так учапілася ў мае рукі, што я адчуў сапраўдны боль.
        - Забярыце, забяры мяне!.. Я не магу, я не магу.
        І ўсё прыціскалася да мяне, лавіла мой позірк, хавалася за мае грудзі.
        Я адварочваў твар, я задыхаўся. Але я не мог. Гэта наляцела, як навала, і слабы чалавек не вытрымаў. Усё злілося, закруцілася ў чырвоным кругавароце, і яна даравала мне нават боль.
        Месяц схаваўся за домам, апошнія адбіткі яго праменняў падалі на яе твар, на радасныя спакойныя вочы, якія глядзелі ў змрок.
        Амаль рыдаючы ад шчасця, якое заўжды валодае першым і першай, калі ніхто раней не кранаўся так тварам да тваёй рукі, я з жахам думаў, што яна, мая першая, адзіная, назаўжды свая,магла, каб гэтыя мярзотнікі дабіліся свайго, быць падобнай чымсьці на тую, у Кульшавым доме.
        Гэтага не будзе. Пяшчотай, вечнай удзячнасцю, дабрынёй - я зраблю так, што знікне яе самнамбулізм. Ніводнага крыўднага, ніводнага чэрствага слова не скажу я ёй. Хіба не вянчаў нас нясцерпны жах, чаканне смерці, агульнае жаданне звычайнай цеплыні? Хіба не рызыкавалі мы адзін для аднаго? Хіба не ўзяў я яе, як найвялікшае шчасце, на якое не спадзяваўся?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.