РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чазенія
І. Песня аб успамінах у сінім, туманным горадзе
ІІ. Песня аб марскіх зорках, жанчыне i ракетах
III. Кароткая песня пра сны, абуджэнне i шторм
IV. Сіняя песня, якую спявалі людзі i якой падпявалі рыбы i васьміног
V. Ода шляхам i стуку сандаляў
VI ВЯЧЭРНЯЯ ПЕСНЯ КЕДРА
VII РАНІШНЯЯ ПЕСНЯ ПРА ДЗІКАГА КАТА, ЯКІ ДАЎ МАХУ
VIII САНАТА ТАЙГІ (СКЕРЦА)
ІХ ЭЛЕГІЯ ПАЛЯЎНІЧАЙ ХАТКІ
Х НАКЦЮРН I АЛЬБА
XI НАЧНАЯ БАЛАДА ТРЫВОГІ, ПРАСПЯВАНАЯ БЛАКІТНАЙ ОРДЭНСКАЙ СТУЖКАЙ
XII ПЕСНЯ ПЕСНЯЎ
XIII ОДА СОНЦУ
XIV БАЛАДА ПРА ЛЕАПАРДА БЕЗ ІМЯ I ПРА БЕЛУЮ ЛАЙКУ, ІМЯ ЯКОЙ – АМУР
XV ПАКАЯННЫ ПСАЛОМ РАЗЛУКІ
XVI. Песня Чазеніі (фінал i кода)
IV
СІНЯЯ ПЕСНЯ, ЯКУЮ СПЯВАЛІ ЛЮДЗІ I ЯКОЙ ПАДПЯВАЛІ РЫБЫ I ВАСЬМІНОГ
        Шторм грымеў усю ноч і паспеў да світання вычарпаць усю сваю ярасць. Мора, праўда, яшчэ калыхалася, але супакойвалася на вачах, як быццам нехта ліў у яго масла. У млявым ранішнім святле хвалі і сапраўды здаваліся маслянымі.
        МРС1 выйшаў у мора задоўга да сонца. Маленькая шкарлупінка, а на ёй дзевяць чалавек: шэсць матросаў-рыбакоў, матарыст, капітан і – бясплатны дадатак – Севярын Будрыс.
        Акрамя сейнера ў моры відаць было яшчэ два судны. Па правым борце ішоў сейнер-напарнік. Па левым – імчала белым матылём Васілёва яхта.
        Паўлаў дурэў: то адставаў, то без прыкметнага напружаныя пераганяў сейнер. Капітан стаяў на спардэку і ўхвальна бурчаў:
        – Марскі бог... Быдла бязрогае... Бач, што вычварае... З маторам навыперадкі бегае... Гэта яму гульня ў гарыпні... “Гары-гары пень...”
        Будрыс стаяў ля борта, і кожны раз Васіль крычаў яму, пераганяючы сейнер:
        – Рыцар бедны!.. Праз смерць і ўраган плыве!.. Прынцэса-Летуценне... Ледзь не патопнуў з верным збраяносцам... Ну, каб гэта я яшчэ калі... Дудкі! “За дзікаю ружай ляці праз туман!”
        Урэшце яму гэта абрыдла:
        – Бяру курс на Уладзівасток!.. Памагай бог!.. Не зняслаў зямлі беларускай!
        – А ну цябе! Бывай! Дзякуй!
        Белы матыль ветразя хутка знік. Мора ўсё больш сінела.
        – Так, – сказаў Няпіпіва. – Якшчо б у нас всі такія маракі – чорта з два мы японцам саступілі б.
        Напярэдадні Будрыс думаў, што сапраўды сустрэне сівавусага “казака”, і нават трохі расчараваўся. Няпіпіва Іван быў малады голены хлопец невысокага росту. Загарэлы твар, шэрыя вочы, прыгожыя цвёрдыя мускулы на шчоках. Нічога ад традыцыйнага “капітана” ў ім не было, акрамя хіба ўмення закавырыста лаяцца. Ды і тое ўменне змякчаў тыповы ўкраінскі гумар.
        Нашчадак перасяленца. Адзін з мільёнаў. Ездзіш па краі і чуеш у адной вёсцы – беларускую мову, у другой – украінскую, у трэцяй – рускую ці мардоўскую. Звычайныя людзі.
        Але глянеш на цвёрды рот такога – і разумееш, што прыйшлі сюды самыя прадпрымальныя, самыя, у добрым сэнсе гэтага слова, авантурыстычныя.
        I гэтыя ўкраінцы, беларусы, рускія не кідалі слоў ка вецер, ажывілі гэты кінуты, “бросавы”, пустошны край, набудавалі ў ім гарадоў, вёсак, заводаў, правялі чыгункі, угрызліся ў скалы руднікамі, спусцілі ў мора караблі і, аднак, у першапачатковай чысціні збераглі свае мовы. Часам больш чыстыя, чым нават на радзіме.
        Сваімі рукамі стварылі сабе новую радзіму. I нікуды з яе не пойдуць. Пабраталіся з карэннымі жыхарамі, удэ, нанайцамі, тазамі; як кедры, пусцілі карані ў гэтую зямлю. I не далі яе ў крыўду нікому. I не дадуць.
        – Недзе ў другой палове дня будзем ля Тыгравай, – сказаў Няпіпіва. – Чаго цябе туды нясе?
        – Справы.
        – Дывысь, як далэко справы кыдаюць людыну. Аж з Білорусі!
        – Нічога не зробіш.
        Мора было ўжо зусім сіняе, але лёгкая гайданка ўсё ж калыхала сейнер, калі пачалі спускаць сець. На сейнеры-напарніку падабралі другі яе канец, расцягнулі і пайшлі паралельным курсам, нібы скародзячы і працэджваючы мора.
        – Што мне рабіць? – спытаў у капітана Будрыс.
        – Цяпер з гадзіну нічога. А після воны свій кінец сеці перададуць нам, і тут – трымайся... Сартаваць хіба рыбу будзеш.
        – А як жа ім?
        – А ў наступны раз іхні будзе ўлоў. Мы ім канец перадамо. I вось так, чаргуючыся... Так што, разабраўшыся з рыбай, можна і пад’есці, і ў шахы згуляць, і падрамаць.
        – Курорт...
        – Ну... Каб тут був курорт, то всі дармоіды тут булы б. Усіх класаў і нацый. Добра, што мора спакойнае сёння, вось і курорт...
        Севярын ледзь не згарэў з сораму.
        Праз гадзіну напарнік падышоў да сейнера борт у борт. Кінулі канец. Замацавалі абодва канцы разам. З грукатам пачала працаваць лябёдка.
        Адчуваючы сваю непрыстасаванасць і нікчэмнасць, Будрыс сачыў, як паўзе пад вадою змяя сеці, як яна ўспаўзае на борт і цягнецца ўгору, як, выцягнуўшы чарговую порцыю сеці, схопліваюць яе пятлёй з каната і трымаюць кручкамі за гэтую пятлю і адпускаюць лябёдку, і мокрая, вытраўленая сець цяжка грукаецца на палубу. А крук лябёдкі чапляюць за новую пятлю, і сець зноў паўзе ўгору.
        Яшчэ захоп. Яшчэ. Яшчэ. З усім, што ёсць. З рэдкімі пакуль рыбамі, з пачварнымі павукападобнымі крабамі, з аранжава-жоўтымі студзяністымі васьміногамі (шчупальцы прасунуліся ў ячэі і звіваюцца ў паветры).
        – Тэхніка на грані фантастыкі... – сказаў Няпіпіва. – Ведаеш, як васьміногаў карэйцы лавілі? Заўважаюць месца, дзе ён у скэлі сыдыць, ныраюць па доўгай лаце. Адзін дражніць. Другі чакае. А воно мыролюбнэ. Ось раз ныраюць, другі, трэці. Ну, чалавечага нахабства ўрэшце і васьміног не вытрымлівае. Нападае. I як толькі абаўе чалавека ўсімі васьмю, другі кідаецца і наносіць васьміногу “пацалунак смерці”. Пракусвае зубамі паветраны мяшок. Прысоскі адразу адпадаюць. Шчупальцы віснуць. Тут бяры яго, раба, за шкірку і вынырвай.
        Адзін вялікі васьміног неяк выблытаўся з сеці і ўпаў ля Будрысавых ног. Глядзеў вялікімі вачыма, варушыўся, мяняючы колер, то ўцягваў, то зноў выпускаў папугайскую дзюбу.
        – Дакраніся падэшвай. Да галавы.
        Будрыс дакрануўся. Вокамгненна шчупальцы абвілі нагу, прыліпнулі.
        – Не варушыся.
        Праз некаторы час васьміног, зразумеўшы, што няма чаго трымацца чортведама за што, калі справа ідзе аб скуры, адпусціў нагу, зноў заварушыўся, закішэў. Севярын закасаў калашыну і ўбачыў на назе рады цёмных плямаў.
        – Во, насмактаў, – засмяяўся Няпіпіва. – Адчувае, чорт, як мы яго ўвечары смачна есці будзем. .
        – Гэтую дрэнь?!
        – Гэтая дрэнь – самае смачнае ў моры.
        Грукатала лябёдка, ляскала аб палубу мокрая сець. Вясёлая, падобная на шалёную гульню праца віравала на палубе. I вось невядома з чыёй глоткі ўзнікла хрыпатая, радасная, хмельная песня:
        Цягні, падцягівай на стрэлку,
        Цягні, падцягвай на гарэлку.
        Спружынілі мокрыя медныя спіны. На руках і тварах зіхацелі кроплі вады. Звінела, калацілася ў сеці, спявала рыба. I шлёпаў, напінаўся, нібы таксама хацеў падпяваць, ды не хапала голасу, зменліва-вясёлкавы васьміног.
        “Божа, – падумаў Будрыс, – як гэта было б добра, каб я мог паказаць гэта ёй! Якое было б шчасце – стаяць тут, на палубе, між сінім небам і аквамарынавым морам! Які дзівосны свет!”
        Пад вадою ўрэшце ўзнік жамчужна-блакітны вялізны куль, падцягнуўся бліжэй да борта, ускінуўся ва ўсплёсках вады і рыбіных хвастоў, павіснуў над морам.
        Паасобныя рыбы вырываліся, падалі ў ваду, ляжалі некаторы час, як прыгаломшаныя, а пасля знікалі ў прадонні. Рыўком.
        Маціцова-сіні і серабрысты, памерам з добры пакой, куль навіс над палубай. Як велізарнае вінаграднае грона.
        Падскочыў рыбак, адным рыўком расшнураваў яму дно і кінуўся прэч, каб не задавіла.
        I на палубу лінуў шматтонны рыбаспад: вастрамордыя сінія мінтаі, камбала, марскі акунь, цярпуг, велізарная траска, бычкі...
        Паліўся, затапіў усё, расплыўся, затрапятаў.
        Зноў завялі сець, зноў пачалі скарадзіць мора. Капітан сунуў Будрысу ў рукі кій, у якім перпендыкулярна тырчаў востры доўгі цвік.
        – Багарэц, – сказаў Няпіпіва. – Голай рукой не папрацуеш. Чапляй цвіком і кідай. Бач, хлопцы засекі з дошак зрабілі. У той – мінтая, у той – камбалу. Крабаў – у той, ля спардэка.
        Севярын пачаў працаваць. Цяжэй за ўсё было з камбалой. Яна дрэнна зрывалася з цвіка. Даводзілася біць правай рукой, што трымала багарэц, аб перадплечча левай. Сарваная сілай інерцыі, камбала ляцела і, як блін, плюхалася ў патрэбны засек.
        Спачатку было цяжка, але потым ён навастрыўся.
        Мінтай – камбала – цярпуг. Камбала – бычок – мінтай. Лясь-лясь-плёх! Траска – мінтай. А ты хто?
        Такое пытанне даводзілася задаваць сабе часта. Вось нейкі дзіўны бычок з пузам, падобным на вялізны шар.
        – Дырэктар цырка, – усміхнуўся кандзей2.
        Чырвоныя марскія сабакі страшна зявалі шчакастым, тоўстым, грыбазвонным ротам – аж шкада было. Шчокі былі пальцы ў тры.
        Вясёлка калацілася пад нагамі (“Вось бы ёй убачыць!”): даўгамордыя марскія лісіцы, нейкія малінавыя падводныя яйкі (і не зразумець, жывёліна ці расліна; ударыш багарцом – знутры струменем б’е вада), зялёныя марскія ракі, махнатыя шрымсы.
        I яшчэ марскія пеўнікі з плаўнікамі, бы ў акуня, але вясёлкавымі і дужа доўгімі.
        Кандзей трымаў аднаго...
        – Мы ў дзяцінстве абклеім іхнія плаўнікі паперай, пачакаем, пакуль высахнуць, і такія яны прыгожыя ў нас вакол лямпы ці на акне вісяць. Вось я табе пакажу, як гэта робіцца. Дзяўчыне адвязеш.
        Круціліся і падалі за борт марскія зоркі велічынёю з талерку, ляцела ў розныя бакі рыба. Севярын стараўся, і хлопцы пачалі глядзець на яго нават з павагай.
        Камбала – марскі сабака – мінтай. Краба перакідаеш на спіну і цвіком багарца трохі адхіляеш панцырны шчыток на ягоным жываце.
        “Ікра, падобная на дробную кетавую: ага, самка! Хапай яе за клюшню і, блінам, у ваду. Спускаецца ўсё больш цьмяная ў лазурньш, варухнулася, знікла.
        Няма ікры, шчыток больш пляскаты – ага, галубок, хадзі ў загон. Такая ўжо наша мужчынская доля”.
        Дробнага “марскога павука” – проста шуфлем за борт. I драбязу. I водарасці. I гожыя ракушкі. Вось толькі дзесяткі з два, узлезшы на спардэк, пакласці на кажух трубы, у гарачае месца. Хай мяса адстане ад іх. Тады аддзяліў – і вось у руках вясёлкавая чарапашка, падобная на кубак або кветку.
        I вось ты па калена ў слізі, і луска блішчыць на нагах. Змыць палубу струменем вады. I чакай. Цяпер улоў напарнікаў і іх праца.
        Будрыс трымаў вялізнага краба за клюшню. Круглае цела – сантыметраў пяцьдзесят у дыяметры. Ногі – таўшчынёй і даўжынёй з руку.
        – Вікінг, – сказаў капітан.
        – А што, калі яму туды палец торкнуць? – спытаў “вікінг”.
        – У сэнсе “прывітацца па-англійску”? Ну, паздароўкайся.
        Няпіпіва ўзяў тоўстага заснулага мінтая, усунуў яго ў клюшню і пачаў дражніць. Краб доўга не хацеў злавацца, але ўрэшце пстрыкнуў клюшняй...
        ...Перарэзаў рыбіну на дзве часткі, нібы нажніцамі для бляхі паперу. Севярынавы вочы ад здзіўлення палезлі на лоб.
        – ІІаздароўкайся. Сіла поціску – восемдзесят атмасфер.
        – Н-ну!..
        – Вось табе і “ну”. Сумна было б, каб сунуў... Нясі кандзею.
        Скарадзілі і скарадзілі мора. Працавалі да рэзкага болю ў спіне, а пасартаваўшы чарговы ўлоў, ляжалі на палубе, варылі есці, спявалі або рыхтавалі на зіму дробную камбалу пад піва: патрашылі, трохі салілі і развешвалі вяліцца на снасцях. Як сотні дзівосных авальных сцягоў.
        А над усім гэтым было сонца і вецер. А пад усім гэтым было сіняе мора і хвалі. I часам скакалі па гэтых хвалях, радаваліся, што вырваліся з сеці, абмытыя, чысценькія шарыкі з сіняга шкла, плаўкі. Блішчалі, падскаквалі. Як маленькія блакітныя сонцы.
        Калі сопкі сталі залатыя ад нізкага сонца, Севярын раптам убачыў, што чайкі гоняць над морам кагосьці дужа дробнага. Старыя, беласнежныя, чайкі і гадавалыя, карычняватыя.
        Тое, дробнае, выкручвалася, чайкі прамахваліся і гарлалі, як быццам іх нехта нахабна, сярод дня, абакраў.
        – Чаго гэта яны?
        – А сінічка... – адказаў Няпіпіва.
        – Адкуль у моры сінічка?
        Твар капітана расплыўся ў шырокай усмешцы.
        – У нас на носе жыве. Унь там старая ватоўка ляжыць. То пад ёю гняздо. I птушаняты там былі. Намучылася з імі, пакуль вылецелі. Сёння паляцела яшчэ як адшвартоўваліся. I вось, бач, бліжэй да ночы адшукала хату. Марская сініца. Гэта ж мы колькі міль зрабілі. I, глядзі ты, адкуль яна ведае, дзе мы?
        Чайкі лямантавалі, скардзіліся на нахабнае парушэнне сухапутнай птушкай іхніх марскіх межаў. Ганяліся за малой. Але яна кожны раз выкручвалася і ўрэшце нырнула проста ў рубку.
        Пагоня расчаравана паляцела ў мора. Сініца пырхнула з рубкі і села на гняздо.
        ...На захадзе сталі на якар.
        – Унь там Тыгравая, – сказаў Няпіпіва. – Сёння табе на бераг высаджвацца – дурная справа. Ноч хутка. А заўтра – з сонцам...
        – Не хацелася б.
        – А начной тайгі хочаш? Адсюль да бухты кіламетры тры. Там вузкакалейка. Можа пашанцуе захапіць дрызіну. Вёрст восем, а там – хрыбет. Бачыш, залаціцца над морам. I адтуль – налева цераз горы. Звярынымі сцежкамі. Унь, бачыш, пальчык?
        Праз лясістую шкуру хрыбта, нібы прадзёршы яе, сапраўды тырчала нешта падобнае на палец. I гэткае ж малое.
        – У гэтым “малым” метраў дзвесце. Гэта Янтун-лаза – Скэля Пячнога Коміну. Вось ад яе ўбачыш запаведнік. Ну, як?
        – Пачакаю. Сапраўды далекавата.
        – Тады мы будзем сейнеру манікюр наводзіць, а ты ідзі да кандзея. Вучыся.
        Вучыцца было цікавей, чым драіць палубу. Паклалі ў кацёл чатырох крабаў і ахапак ракаў і шрымсаў, хаця карыстацца катлом для кулінарных мэтаў не рэкамендавалася. Пасля кандзей пачаў гатаваць “цярпуг а ля Няпіпіва”. Адразаў галовы з самай тоўстай часткай загорбка, трымаў іх у марской вадзе, пасля клаў на жалезку – галава прасунута ў галаву. Дадаваў перац, трохі вады, трохі тлушчу (астатняе пусцяць самі) і ставіў у духоўку.
        Гадзінай пазней усе сядзелі і ляжалі на палубе, чэрпалі з жалезкі густую карычневую падліву, вазілі лыжкамі, даставалі церпуговыя галовы, смакталі іх, пляваліся косткамі за борт, мачалі хлеб. Гарэлі мускулы ад працы, твары – ад сонца і солі. I ўсё было смачна – праглынеш язык.
        Ламалі гарачыя клюшні крабаў, разгрызалі іх – з рызыкай раздзерці рот да вушэй, – вымалі адтуль тоўстыя валокны белага мяса.
        Елі па-зверску. I радаваліся, што дзень прайшоў хораша, а заўтра зноў пройдзе добра. Сонечны, салёны, марскі.
        I дагараў над імі, над сопкамі, залаты захад.
        “Шкада, што нельга паказаць гэтага ёй,– думаў Будрыс. – Падзяліцца. Яна радавалася б... Было б тады зусім добра. А так, без яе... гэта ўсё ж няпоўнае шчасце”.
        1Малы рыбалоўны сейнер
        2Кок

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.