|
|
«ХЛОПЦЫ, НАСТАЎ НАШ ЧАС...»
|
|
|
| «ХЛОПЦЫ, НАСТАЎ НАШ ЧАС...» | | – Падна! Аўф! Падна!.. Такую каманду – польскае «падній», лажыся, абсечанае на свой лад, і зручнае, да брэху адшліфаванае «аўф», устань, – як аўтамат, нястомна і бяздушна паўтарае гітлераўскі старшы унтэр Шранк. Адбываецца гэта ў чэрвені саракавога года, калі і атлусцеламу тылавіку вельмі проста было ўявіць сябе звышчалавекам. I тут, у вялікім шталагу, стацыянарным лагеры палонных, грымяць на слупах рэпрадуктары, словам і маршам трубяць перамогу над чарговай краінай Еўропы, цвікамі і падковамі салдацкіх ботаў таўкуць яе, пад ногі зрынутую Францыю, яе Парыж, яе нікому не патрэбную свабоду. – Падна! Аўф! Падна! Ляжаць, праклятыя польскія свінні!.. Сотня былых франтавікоў – у чорных, марскіх, і ў сухапутных, колеру хакі, неданосках – ляжыць, прыпаўшы грудзьмі да выбітай, як ток, зямлі і цяжка дыхае на гарачы пыл і стаптаныя рэшткі травы. Усім вядома: цяпер, як заўсёды, пачнецца поўзанне... Калі б зяізу заглянуць пад гэтыя насупленыя бровы над зямлёй – убачыў бы ў вачах, вядома, і нянавісць, рознай сілы і адкрытасці, і стому, у залежнасці ад узросту таксама розную: каму не на карысць, а каму дык і проста не на жыццё. Найменш заўважыў бы страху, – прывылка. А вось смяшыякамі свецяць адны толькі вочы. Усміхаецца правафланговы. I відно гэта толькі, бадай, яму аднаму. Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае. Таксама «падній», хоць з іншых вуснаў. Калі ён быў яшчэ польскім рэкрутам – даўжэзны год таму назад. Скамандаваў тады капрызназлосны, нявыспаны з перапою ці валацугі паручнік Слядзіньскі, такі сабе маладзенькі ды выпінасты ўзводны «вудз», правадыр, па салдацкай мянушцы – Пінгвін. Ляжаў узвод марской пяхоты, нядаўнія вясковыя ды гарадскія дзецюкі з-пад розных Торуняў ды Наваградкаў. Лаянка, што сакатала над імі, не хвацкая, не смешная, а такая ўжо да нудоты агідна штодзённая, лішняя, што ёй бы не з рота выходзіць... Пакуль скамандаваць «хамам» паўзці, Пінгвін мяшаў з брудам і іх саміх і іхніх маці, жаваў, перажоўваў і з асалодай выхаркваў самую ліпкую поскудзь казарменнага фальклору, шчодра запраўленую адчуваннямі стомы, і абавязку, і ўласнай вышэйшасці. З грэбліва-пакутніцкай усмешкай на далікатнай, выпешчанай мордзе. Бялявы хлопец, які і там, у войску, быў правафланговы, глядзеў, як усе, у зямлю. Малебен гэты трываў нядоўга, аднак рэкрут паспеў заўважыць перад самымі вачыма, паміж нерасцвіўшых рамонкаў, светлыя, тлустыя, небывала выразныя пясчынкі, успомніць, што ў сонечнай вышыні – пушыстыя, белыя хмары-баранчыкі, адчуць, што на душы ў яго – свой, чалавечы, вясёлы настрой. Ад кнігі, якую днямі ўзяў з палкавой бібліятэкі. «Дивны дела твои, господи!..» (Пайшоў манах у грыбы ды з лесу бабу прынёс у мяшку.) Кніга тая – «Прыгоды бравага ваякі Швейка». Па слепаце начальства яна трапіла ў казарму або як? Нібы знарок, каб увечар ты нарагатаўся з аўстравенгерскай ваеншчыны, а ўранні ўбачыў яшчэ адну, на гэты раз польскую, інсцэніроўку агульначалавечых старонак. Знізу... Ды не – не знізу, хоць і павалены загадам пана паручніка, глядзеў тады правафланговы на яго, па тупасці, па лаянцы – ледзь не таксама, як Шранк, звышчалавека. «Не тое ўсё гэта, – думаў тады салдат, – ну, ненайгоршае яшчэ, што можа быць. Я вытрываю, не паддамся! Я...» Тут мімалётны ўспамін абарвала каманда: – Паўзці! Цум доннарвэтар ніхт нох маль, паўзці!.. Палонныя паўзуць. Так, як і ўчора і пазаўчора, – паволі, зберагаючы сілы, выдатна, як пад шнурок, трымаючы раўненне. Шранк забягае з-заду доўгай лінейкі і зноў, як учора, бачыць: не адстае ніхто. Няма каго як быццам падганяць. Іменна толькі як быццам, бо раптам ён заўважае, што ногі ў вышэйшых – даўжэйшыя, адстаюць. Кідаецца да гэтых ног і б’е наскамі моцных, наглянцаваных ботаў у стаптаныя, запыленыя падэшвы і абцасы. Забегшы спераду, ён заўважае зноў, што лінейка паўзе ідэальна. I гэта, цум доннарвэтар, перастае быць цікавым. Звышчалавек у званні старшага унтэра камандуе ўстаць, пастроіцца па тры і з песняй – марш! Пры гэтым ён і сёння не забываецца напомніць, што чым лепшы будзе спеў, тым хутчэй абед. Па шырокай лагернай вуліцы, абапал якое стаяць спачатку маладзенькія дрэўцы прысадаў, а далей – цагляныя, нізкія, доўгія блокі, з песняй ідзе сотня дашчэнту вымучаных, выкачаных у пыле людзей, а перад імі – немец у седлаватай шапцы, з галунамі на каўняры, з выглядам, вартым меднагалосых труб і кветак. Польская песня пра вясновую раніцу, пра церпкую расу і румяную Чэсю, што выганяе на пашу валоў, – песня, якую не зацягала, не затаптала казарма, народная песня, якая вышэй за ўсе войны, – гучыць пераможным маршам. А унтэр Шранк – здалёк відно – успрымае гэты спеў, усё гэтае незразумелае «фэрфлюхтэ, проша пана», як трыумф свайго камандзірскага генія, як належнае нацыі, арыйцу. Ён перарос герояў Гашэка: ён і агідны, і смешны інакш, чым Швейкавы начальнікі, чым той шляхецкі фюрэрчык Слядзіньскі. Шранка палонныя палякі ахрысцілі Бамбавозам. Ён таксама дзябёлы, грымучы, нахабны і недасяжны для помсты, як тыя самалёты, што бамбілі іх у дні вайны, амаль зусім безабаронных і тады. Калі ён біў штрафніка, крыкам паставіўшы на stillgestanden1 відаць было: гэта – далёка не ўсё, што можа і чаго хоча гэты... нечалавек па прафесіі. Калі ён надоечы вёў па лагернай вуліцы ў камендатуру мараканца, – як на повадзе, залыгаўшы за шыю разматаным і скручаным палотнішчам цюрбана, – па пісталеце ў руцэ і па ўсмешцы ясна было, што ён ахвотна зрабіў бы з абстрыжанай, несамавіта светла-шэрай галавой маладога, смуглага афрыканца ў французскай форме. Зрабіў бы і зробіць – абы сігнал – гэты двухногі рэзервуар нянавісці і самаўпэўненага нелюдства, прытоеных толькі да часу... Агромністы натоўп з усіх праходаў паміж блокамі плыве на цэнтральную вуліцу. Песня!.. Большасць не разумее яе, як і Шранк. Гэта – французы, арабы і негры з іх каланіяльных войскаў, галандцы, трохі англічан, бельгійцы. Навічкі, што прыбылі сюды днямі, не разумеюць не толькі слоў гэтай песні, але і наогул не могуць пакуль што ўцяміць, да чаго яна і з якой такой радасці. Але ж чуваць з натоўпу і галасы: – Брава, хлопцы! Няхай жывуць штрафнікі!.. I словы гэтыя кветкамі ляцяць на бесказыркі, пілоткі, непакрытыя галовы тых, што спяваюць. А песня гучыць, як ніколі, магчыма, не гучала, – на злосць праклятай няволі, на злосць плюгаваму Бамбавозу!.. I ўжо не толькі ў вачах правафланговага, але і ў іншых, амаль прыкметна для тых, што абапал дарогі, іскрыцца горкая, гордая радасць пратэсту і веры. Правафланговы цяпер – запявала, і моцны голас яго звініць задорна, як на свабодзе. I самай раскошнай кветкай з натоўпу ляціць проста ў хлопцава сэрца роднае беларускае слова: – Арол, Руневіч! Маладзец, Алесь!.. У гэтым шматтысячным чалавечым мурашніку палонныя з польскай арміі адчувалі сябе ветэранамі. Іх прыгналі сюды летась у верасні, яшчэ ў цэльты – брызентавыя палаткі на вялікім пустыры, які быў толькі што абцягнуты новенькім калючым дротам, падрыхтаваным загадзя і ўдосталь. Іх рукамі пабудаваны гэтыя цагляныя блокі, на дзвесце пяцьдзесят чалавек кожны, пракладзены і ўкатаны шлакам вуліцы, пасаджаны дрэўцы. Усё – па загадзя прадуманым плане і, відаць, надоўга. Гэта яны, каго не адразу пагналі на працу ў вёскі, маёнткі, на заводы, амаль да самай вясны, пакуль не зроблены былі блокі, удосталь паспыталі, як спіцца пад лопат брызенту, у берлагу з перацёртай саломы, калі прачынаешся часта пад снегам, грэешся сам ад сябе ды ад мізэрнага, абы ты жыў, казённага пайка. Сотні дзён і начэй гаворана і думана было палякамі, што гэта швабам не Польшчу асядлаць з усіх бакоў, што вось вясна сваё пакажа, вясна ды Англія з Францыяй... У красавіку, калі ў лагер прыгналі чалавек з трыццаць англійскіх маракоў, узятых пад Нарвікам, палякі сустрэлі іх вельмі радасна. Сыны Альбіёна трымаліся з ворагам горда. Зойдзе ў іхні барак які-небудзь нават гер гаўптман ці лёйтнант, пафанабэрыцца наконт таго, што Энглянд хутка і немінуча будзе капут, а тады, знакам арыйскага рыцарства, кіне на стол пераможаных пачак ці два цыгарэт. Так і ляжаць яны, ніхто не кране, хоць курыва свайго няма. Нават калі іх частуе каторы з палонных, англічане спачатку спытаюцца, ці не з нямецкіх гэта рук. Праўда, так было толькі спачатку, а ўсё ж – на зайздрасць прыгожа. Пасля прыгналі галандцаў – блакітна-шэрую масу і цёмнасініх гвардзейцаў з белымі аксельбантамі. Адны з гэтых людзей былі на дзіва крыўдна нетрывушчыя: толькі і нылі каля кухні, наіўна чакаючы дабаўкі; чысценькія шнуры другіх красамоўна даводзілі, што да зямлі яны нават не дакраналіся. Галандцаў лагер сустрэў непрыхільна. Калі ж неўзабаве па цэнтральнай вуліцы ў далейшыя пустыя блокі паплыла ўжо не соценная, а шматтысячная французская рака, калі ўжо не толькі за вузкімі спінамі іх каляровых афрыканскіх ваякаў загайдаліся вялізныя мяхі «трафеяў», але і самі гаспадары «непераможнай лініі Мажыно» ішлі некаторыя настолькі забарахолена, што нейкі грэнадзёр – малы, пузаценькі, акадэмічна важны, з чамаданам – вёў за сабой на повадзе карміцельку-казу, – ветэранаў прарвала пагардлівым смехам і словамі... нават пра здраду: «Дасядзеліся, дапіліся!..» Не горш, як тых маракоў-англічан, сустракалі бельгійцаў, пра мужнасць якіх з цынічнай «аб’ектыўнасцю» грымела нават нямецкае радыё. Ашуканыя і пакінутыя ў дні вайны не толькі саюзнікамі, але і ўласным урадам, палякі цяпер, пасля разгрому нават Францыі, у горкім адчаі маглі суцяшацца тым, што ваявалі яны – не горш за ўсіх, куды там! – нават лепш за многіх. З новай сілай ажылі, новымі легендамі пачалі абрастаць молатыя ды перамолатыя за восень і зіму расказы ўдзельнікаў і сведак. Права на гордасць давала ўжо не толькі суровая, страшная праўда фактаў, не толькі яшчэ ды яшчэ раз узбітая над тою праўдай пена ва ўсякім узросце блазенскага, на хмельнай выдумцы настоенага самалюбавання, – палякі ганарыліся нават і стажам няволі, тым, што яны – ветэраны, якія тым часам усяго паспыталі: і гора, і здзеку, і смаку пратэсту ды ўцёкаў... Штрафкампані, штрафная рота, нейкая сотня найбольш непакорных, пакуль што толькі з салдат польскай арміі, лічылася лагернай гвардыяй. Па адным, па двум ці па трох гэтых «гвардзейцаў» прыганялі сюды то з арбайтскамандаў2, дзе яны асмельваліся выказваць якое-небудзь нездавальненне, то з тых – далейшых ці бліжэйшых ад лагера – вёсак і гарадоў, каля якіх каго накрылі на днёўцы або злавілі ноччу. Уцекачоў было найбольш. Настойлівыя смельчакі ці проста свабодалюбівыя, паэтычна настроеныя рызыканты, яны ныралі ў цёмную ноч, яшчэ не ведаючы дый мала думаючы пра тое, што іх чакае, калі зловяць. Ужо суровай зімою па многіх арбайтскамандах гордай легендай пайшла, пашапацела вестка пра самыя першыя ўцёкі, дзе два матросы неслі, пакуль не папаліся, трэцяга – з адмарожанымі нагамі. Шапталіся, збіраліся зімой, а вырай пачаўся, вядома, з вясны. Тады была і створана гэтая штрафкампані, своеасаблівы канцлагер у лагеры. Адзін з блокаў абгарадзілі зноў жа калючым дротам, паставілі туды камендантам найгоршага гада з лагерных унтэраў – Шранка. Ён падабраў сабе з радавых вахманаў, канваіраў, двух адпаведных памочнікаў. Утрох яны і будзілі штрафную, і клалі спаць, і кармілі, і вадзілі на працу, і займаліся з ёю так званай гімнастыкай. Суткі тут пачыналіся ўвечары, калі выдаваўся хлеб. Сто шэсцьдзесят грамаў хлеба, да якога – кавалачак, не большы за запалкавы карабок, ці мармеладу, ці штучнага мёду, ці крывяной каўбасы. I «чай» – горкая мята, што памагала, як гаварылася, ад абжорства. Зрэшты, гэта быў не які-небудзь спецыяльны, а агульны лагерны паёк. Хлеб і «да хлеба» глыталі адразу, бо практыка паказала, што пакідаць палавіну на ранне – лішняя пакута. «Ён табе, браце, заснуць не дасць: багатаму, сам ведаеш, не спіцца...» У лагерным фальклоры было і такое, што як толькі ў барак заходзіў нехта з іншага блока, абавязкова было каму крыкнуць: «Хавайце хлеб!» Той хлеб, што з’яўляўся адзін раз у суткі і тут жа знікаў. Снеданне – «чай», абед – тры чвэрткі літра бурды, што афіцыйна значылася супам: вада, трохі бульбы ці высевак, на падкалоту, акрашана далёкім пахам нейкага загадкавага тлушчу. Бывалі і кавалкі кармавых буракоў, два ці тры ў кацялку, з адпаведным наварам. Словам – голад, бязмежны і беспрасветны, які найбольш адчувала-такі штрафкампані... Дзень пачынаўся свістком на дварэ, пасля якога ў барак урываліся вахманы з кіямі. Марудзіць было небяспечна. Уранні і ўвечары муштра ішла паўгадзіны, тут жа, у загарадзі штрафной, апоўдні – гадзіну на лагернай плошчы. Для загартоўкі нерваў на тыя «падна» і «аўф» выводзілі ад стала, пасля таго як людзі пасядзяць каля яды, абавязкова моўчкі гледзячы на цёплы, нейкім жыццём напоўнены салдацкі кацялок... Паколькі лагер яшчэ ўсё разбудоўваўся, на работу далёка не гналі. Капалі хлопцы канавы пад трубы водаправода і каналізацыі, насілі каменне і цэглу, цягалі вялізнымі бочкамі ваду. I ўсё гэта пад пільным вокам і з вечным вяканнем над галавой. Сон – на голых папярочных дошчачках, без такіх нават, як у агульным лагеры, сенніка і падушкі, толькі з благенькай коўдрай. Адбой і – мёртвая цішыня. Захоўваючы яе, «гвардзейцы» навучыліся пералазіць сябар да сябра, каб адну коўдру падаслаць, другою накрыцца, а легчы спіной да спіны. I шэпт, і смех былі даведзены, як тое раўненне, да ідэалу і вышэй, нават і сам Бамбавоз не прычэпіцца. Хоць той, вядома, знаходзіў, да чаго прычапіцца. Ён дзёрся крыкам і біў – аддаючы належнае на кожны новы дзень. Алесь Руневіч трапіў у штрафкампані з маёнтка. У каманду, якая там працавала з прадвесня, сабралі адных беларусаў. Паміж СССР і Германіяй была дамоўленасць наконт абмену польскімі палоннымі па месцу іх жыхарства; пачаўся быў нават і абмен, пад гарачую руку, а потым справа з ім паступова аціхла. У вёску, дзе Алесь быў зімой, дайшла са шталагу чутка: туды як быццам прывезена многа палякаў з савецкага боку. Бальшавікі іх выпусцілі з палону, а немцы – зноў за дрот. Пасля гэтая чутка пацвердзілася самым жывым, пераканальным чынам: на Алесеву арбайтскаманду, у групе папаўнення, трапіў улан, што пабываў у савецкім палоне. Палон той успамінаў ён нядрэнна: «I хлеб давалі, і чай, і кашу, і нават махорку». Паказваў жоўтую трохкапеечную манету, на якой быў і герб, і літары СССР, і дата 1933 – цудоўны і неабвержны доказ. Чуў, што Саветы адправілі сюды сем эшалонаў палякаў, якія жылі перад вайной на захад ад Буга, а швабы туды толькі два, дый то найбольш інвалідаў або яўрэяў. – Яўрэі ў шталагу, – расказваў новенькі, – сабраны ў адзін блок, над уваходам у які напісана: «Для адпраўкі нах Руслянд». Кажуць, што хутка адправяць туды і вас, беларусаў з украінцамі. I сам я з вамі паехаў бы, хлапакі. I так, і сяк – няволя да канца вайны, дык лепш ужо, псякрэў, быць там, дзе лепш... За восень і зіму Руневіч і сябры яго, хто з усходу, з-за Буга, тры разы запаўнялі анкеты, для таго нібыта, каб вярнуцца – і то неўзабаве – дахаты. З дзён і начэй, з гадзін і мінут паволі складалася тое чаканне, поўнае маладой, неспакойнай тугі і надзеі, без аніякай звесткі ад сваіх, без аніякай упэўненасці, што і да іх дайшло тваё першае слова: жыву!.. I вось напрадвесні саракавога года было нарэшце аб’яўлена: «Беларусы – да маткі». Колькі дарэмнай радасці!.. Іх жа проста пазвозілі са змешаных арбайтскамандаў у каманды нацыянальныя, аддзялілі для чагосьці ад палякаў і ўкраінцаў, зноў сказаўшы старое, да болю агорклае: «Працуй і чакай». Сорак сем хлопцаў – з розных, пешых ды конных, палкоў, з розных, лясных, палявых ды балотных, мясцін Заходняй Беларусі – сабраны былі ў вялікім маёнтку. У старой цаглянай адрыне ім адгарадзілі кут, збілі нары, заслалі іх саломай, паставілі жалезную печку і, як усюды на камандах, закратавалі акно, а на дзверы павесілі завалу і замок. Яднала землякоў туга па радзіме, яшчэ не зусім развеяная надзея на той абяцаны абмен, а галоўнае – маладосць. Яднала і цешыла. Вялікая сіла, што памагала і ад холаду, і ад голаду, і ад гора. Алеся ўзялі ў палон толькі ў мундзіры, так, як ляжаў у акопчыку за кулямётам. Бялізны, праўда, у тым акопе парваць не паспеў... (Быў такі звычай у польскіх казармах: кожны салдат, атрымаўшы ў суботу бялізну, стараўся, па традыцыі, здаць яе праз тыдзень як мага больш падзёртую. Гэта быў нават шык такі, спаборніцтва і малады бяздумны рогат.) На фронце, а потым у палоне, стала не да гэтага. Неўзабаве, яшчэ да прымаразкаў, бялізна сама падзерлася так, што Алесю прыйшлося аднойчы ў нядзелю проста дарваць яе на кавалкі, якія могуць прыдацца, памыць і развесіць на дроце. А з ім і другія, яшчэ чатырох, паразвешвалі рэшткі бялізны, стаяць на холадзе ў адных мундзірчыках ды ў портках на голае цела, любуюцца, – смешна: – Ну вось, абрадзініцца толькі катораму: будзе ў што спавіваць!.. У маёнтку, на новай камандзе, беларусаў сустрэлі дэзінфекцыяй. Забралі вопратку, звалілі яе ў спецыяльна падрыхтаваным закутку, куды напусцілі газу, а голую каманду замкнулі пры тым закутку ў адрыне. Стукай, крычы, галасі – адзін чорт. I тут сярод іх, яшчэ мала знаёмых паміж сабою, аб’явіўся той залаты чалавек, які заўсёды знойдзецца ў любым натоўпе, з якім заўсёды лягчэй на душы. Невядомы Алесю дагэтуль Мішка Венік, нярослы хлапчына з заечай губой, знайшоў у кутку, пад нагамі, нешта накшталт паласатай посцілкі, накрыўся ёю, як рызай, узняў руку са складзенымі шчопцямі і загалёкаў на папоўскі лад: – Радуйся, варона, радуйся, сарока, радуйся і ты, верабей-цудатворца!.. Адрына выбухнула рогатам. А неўзабаве голы, азяблы хор падпяваў ужо свайму бацюшку, па-анёльску чулліва і нават стройна: – Удивительно, удивительно, удивительно-о-о!.. Аднак маладосці хапала ім не на ўсё. Стаялі над хлопцамі два вахманы і мясцовы батрак, шчуплы, рыжавусы дзядзька ў сіняй форме пажарніка, з вінтоўкай і штыхом пры боку. Старэйшы вахман, неяк фарфорава-пашлавата прыгожанькі унтэр Хэльмут, які выгульваўся тут пасля франтавога ранення, удачліва пасучыся пры салдатках, амаль штодня быў «пад мухай» і пра каманду мала дбаў, спадзеючыся на другога вахмана. Любіў толькі сяды-тады зайсці ў барак і прычапіцца да лупатага і рахманага дзецюка з дзіўным прозвішчам Кэнць. Чапляўся унтэр ад лішняй дасціпнасці. Стане перад хлопцам, уталопіцца грозна і лічыць: – Айн, цвай, тшы, штыры, пэнтш – Кэнтш!.. I рагоча, проста такі па-дзіцячы здаволены самім сабою і жыццём. Другі вахман, тоўсценькі, мітуслівы яфрэйтар Глянцпапір, да мабілізацыі гандляр яйкамі, звягаў па-бабску тоненька, многа і злосна. А стары рыжавусы пажарнік надта любіў расказваць палонным, стоячы пры іх дзе-небудзь у полі ці каля горбы кампосту, што ён не проста аднафамілец, але ж і блізкі сваяк – то пляменнік, то ўнук – славутага Эрнста Морыца Арндта, «паэта, якіх вельмі мала». А па-другое, у тую вайну сам ён, оберяфрэйтар Ганс Оскар Арндт, быў у рускім палоне. Але, як і належыцца нямецкаму салдату, прабыў ён там, у фэрфлюхтэ Сібір’ён, толькі шэсць дзён. Вывучыў рускую мову, зарэзаў вартавога-казака, пераадзеўся ў яго вопратку і ўцёк. Падрабязнасці гэтай гісторыі мяняліся, удасканальваліся амаль штодня, аднак галоўнае заставалася непарушным: «зэкс таген ім ганцэн» – шэсць дзён у цэлым на ўсё, на дарогу ў Сібір ды назад і на мову, якой ён цяпер, дарэчы, карыстаўся вельмі скупа, толькі ў злосці, – падганяючы сваіх слухачоў, каб лепш працавалі, або калі яны смяяліся з яго расказаў. Усе тыя тры карабіны і шэсць патранташаў падпарадкоўваліся не столькі лагернай камендатуры, колькі аконаму маёнтка Штундэру. Быў, праўда, і пан, патомны ўладар маёнтка, бязногі кайзераўскі афіцэр фон Лепар. Казалі, што нядаўна ён сам гаспадарыў, але дрэнна, і, паводле нейкіх там законаў нацыяналсацыялізма, пану выдзелілі адпаведную зарплату, а маёнткам пачала распараджацца сама дзяржава, з рукі якое дзейнічаў гер Штундэр. Наколькі ён быў гаспадарлівы – палонных мала цікавіла, а што пан ён круты ды паганы, яны даведаліся вельмі хутка. Дагэтуль хлопцы бывалі на розных камандах – у асобных баўэраў, у маёнтках, на фабрыках, у лагеры, – харчаваліся з розных катлоў, але такога здзеку з ядой яшчэ не бачылі. На іх пратэсты ні вахманы, ні аконам спачатку не звярталі ўвагі. Тады каманда не выйшла на работу. Унтэр Хэльмут зусім нечакана стаў за палонных. – Яны таксама салдаты, – сказаў ён Штундэру тут жа, каля дзвярэй адрыны, – яны многа працуюць і яны павінны, бясспрэчна, gut fressen3. Аконам уступіў, бурда пагусцела, прыбыло трохі хлеба, з’явілася нават сякая-такая акраса. Аднак ненадоўга. Тым больш што унтэра неўзабаве адклікалі ў шталаг. Гаспадарлівы Штундэр падсунуў палонным нядошлага кныручка, смярдзючае мяса якога настолькі псавала баланду, што нават з голаду нельга было цярпець. Тады каманда зноў узбунтавалася. – Не выйдзем на работу і есці не возьмем, пакуль не выклічаце з лагера камісію... Было ж, казалі, на адной камандзе, што прыязджала камісія ды заступілася. А ў шталаг наязджала нават праверка з міжнароднага Чырвонага Крыжа. У тыя дні, расказвалі, хто бачыў, і яда была лепшая, і вахманы так не крычалі, а сам лагерны камендант, грозны і недасяжны бог у маёрскіх пагонах, проста віляў каля тых ягамосцяў з партфелямі. Тут, аднак, выйшла інакш. Рыжы пажарнік, мабілізаваўшы ўсю сваю фантастычную мужнасць, надзеў на «качаргу» кінжальны штых і з рускім матам ды з фэрфлюхтарам пачаў пароць палонных, выганяючы на двор. Тут прыбег і яфрэйтар. Каманду пастроілі і загадалі: «Марш!» Калі ж яна не скранулася з месца, былы гандляр яйкамі з бабскім віскам кінуўся на першага ў крайняй двойцы і з маху цяў яму прыкладам у грудзі. Алесь хіснуўся, але падэшваў з зямлі не скрануў. Немцы загналі палонных у адрыну і замкнулі. I гамана, і маўчанне бунтароў усё выразней пачалі падзяляцца на боязь – «А што ж цяпер будзе?» – і на наіўную ўпэўненасць, што вось прыедуць з лагера і разбяруцца... Алесь таксама ўжо то баяўся глыбока ў душы, то яшчэ цьмяна верыў у тую легендарную камісію. А звыш таго, ён нёс ужо глухі, неадчэпны боль у грудзях, і боль гэты вёў за сабою глыбока схаваную радасць: «I я – за ўсіх, і я – за праўду!..» За сцяною – «Ну што ж, нарэшце гэта скончыцца!..» – загула і спынілася аўтамашына. Ключ у замку лузгануў звычайна, як і заўсёды, завала грукнула аб брук – таксама. Тады ж пачуўся гвалт, і ў адрыну праз раптоўна расчыненыя вароты ўварвалася салдатня са штыхамі на карабінах. Толькі крыху пазней стала ясна, што іх было ўсяго чацвёра, дый то чацвёрты – пажарнік. Праз момант палонныя зноў стаялі строем, перад якім, у баявой гатоўнасці, тыя чатыры штыхі і збоку – нечакана – унтэр Хэльмут. Хэльмут быў той, ды не той. За сотні вёрст паляцелі кудысьці і блазнаватыя кепікі з Кэнця, і тая дзіўная салдацкая салідарнасць... Паміж арлом на задзірастым фасадзе шапкі і значком вермахта на грудзях – пошла прыгожанькі твар быў ужо не фарфоравы, не ўсмешлівы, а стандартна жалезны. Побач з Хэльмутам, успёршыся на кульбу, стаяў высокі, худы і нясклёпісты Штундэр, з вельмі рашучым выразам на індычай фізіяноміі. Хэльмут, менш чым заўсёды зважаючы, што разумеюць яго, дый то сяк-так, два ці тры чалавекі, прамовіў тонам самага высокага, безапеляцыйнага прысуду: – Я не прыехаў слухаць вас ды разбірацца. Я ведаю ўсё сам. Я навучу вас паважать два словы: немцы і Германія. Узяць яго! На ўладны жэст начальніцкай рукі два прыезджыя салдаты кінуліся да Руневіча, штыхамі адкінулі яго ад правага фланга і пагналі да машыны. За сабою Алесь пачуў унтэрскі голас: – Rechts um!4 Р-работай – марш! Азірнуўся на тупат сяброў, але адзін з маўклівых дагэтуль салдатаў гаркнуў знячэўку і тупа штурхануў яго штыхом. I вось ён сядзіць на заднім сядзенні адкрытай вайсковай машыны. Абапал – два штыхі, два непрыступныя твары пад каскамі. У насцярожаным атупенні Алесь усё ж такі заўважае ў вялізнай люстранай шыбіне ветравога шкла, разам з гэтымі каскамі ды штыхамі, як быццам больш чалавечны твар маладога шафёра ў пілотцы, з расшпіленым каўняром мундзіра, і, нарэшце, – самога сябе. Твар яго – нейкі на дзіва, да жаху чужы і нейкі да смеху свой, ягоны, з іх вёскі, з іх хаты, мамін і Толеў, і ўсіх, каму ён раскажа калісьці аб гэтай прыгодзе... Так, ён у гэты іменна момант адчуў, што нічога не будзе, самага горшага сёння пакуль што – не будзе!.. А ўсё ж усміхнуцца не здолеў. Батракоў, з якімі яны, палонныя, перакопвалі кампостныя горбы, рассявалі па руні салетру, накідалі на трактарныя прычэпы гной, цяпер тут не было. Ну, пэўна ж, яны недзе ў полі. Сабралася толькі чародка малых, якія стаялі пакуль што воддаль. I толькі нейкі нягеглы дзядок, якому не наўме ўжо, відаць, і кухаль піва, немаведама як і адкуль з’явіўшыся, стаіць побач з машынай. Якое там – стаіць: ён нават усміхаецца, выставіўшы недаедзены клык, адзнаку непрыкрытай батрацкай беднасці, узнімае руку, якая ўжо ўсё аддала фон Леперам, і сіпла каркае: – Хайль Гітлер, Хэльмут, і вы, гер Штундэр! Што – нарэшце вы яго маеце?.. «А я ж цябе, хрэна старога, ні разу не бачыў», – думае Алесь, міжвольна адзначаючы ў думках, што гэты клык і крывую ўсмешку раба не забудзе, як твар свой паміж штыхоў у гэтым незвычайным люстры. I вось яны едуць. У шыбе з’явіўся яшчэ адзін – Хэльмутаў – твар. Жалезная маска з яго сышла, а на фарфоры з’явіўся выраз задавальнення: і маёнтак, і парабкоўскі пасёлак (ну няхай сабе толькі жанчыны ды дзеці) бачылі, як спраўна быў ліквідаваны путч!.. «Герой – ляжачай карове на хвост наступіў, – успомніў прымаўку Алесь. I адчуў, што ўсміхнуўся. Сяк-так. Аналізаваць усё, што здарылася і тым больш што яшчэ здарыцца, ён не можа дый не імкнецца. Значна пазней ён падумае, што Хэльмут, відаць, атрымаў у шталагу наганяй за першую патачку палонным, якіх так распусціла, чорт вазьмі, нямецкая дабрата, і яму прыйшлося цяпер выправіць памылку перад радзімай і фюрэрам. Значна пазней Руневіч будзе думаць і пра ўвесь саламяны агонь іх наіўнай і рызыкоўнай смеласці... Цяпер жа ён толькі адчувае, што ўсё абышлося, што найгоршага – сёння не будзе... Майская зеляніна прысадаў і збожжа. Вёска. Чыгуначны пераезд з паласатым, як быццам спрадвеку задзёртым шлагбаумам. Зноў толькі поле за прысадамі. I сонца. На блізкім даляглядзе – лес. Да горада, дзе шталаг, кіламетраў, здаецца, з пятнаццаць. Унтэр Хэльмут важна маўчыць. Маўчаць і падуладныя. I толькі як у лес уехалі, пачулася: – Гальт! Яшчэ не вылезшы з машыны, ён зусім дзелавіта гаворыць: – Тут і закончым. За два месяцы вахманства ў маёнтку унтэр сяк-так ведаў арбайтскаманду, хоць ён – і цвярозы, і п’яны – быў да яе амаль зусім абыякавы. «Доўгі Алекс» не толькі добра спявае, – ён і па-нямецку разумее лепш за ўсіх. I Штундэру не варта было так горача пераконваць, што путшар, падбухторшчык – іменна ён, Руневіч: Хэльмут ведае гэта і сам. Тырада перад строем «Што такое немцы і што такое Германія!..» была і разлічана перш за ўсё на яго, на путшара. Няхай разумее і цяпер, што я кажу, і няхай падрыжыць... Аднак пакуль рабіць абяцаны канец, фарфоравы прыгажунчык адышоўся крокаў на тры і, адвярнуўшыся толькі ў профіль, пачаў праяўляць шчодра апетую Рэмаркам непасрэднасць. «...Мы мочымся серабром», – міжвольна ўсплыла ў Алесевай памяці фраза з «Вяртання». – Так, мы зробім поўны парадак, а самі паедзем далей... «...Мочымся серабром, а думаем золатам...» – дадаў палонны ад сябе і ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Другі раз. Хэльмут ужо стаяў перад ім. – Што, нарабіў у порткі? – неяк знячэўку спытаўся ён і па-свойму, усім і сабой здаволены, зарагатаў. – А гэта ж яшчэ, мой мілы, не ўсё! Ты паспытаеш у нас, што азначае штрафкампані!.. Так Руневіч пачуў гэтае слова ўпершыню. Ды ўсё праходзіць. У другой палавіне чэрвеня, адбыўшы свой месяц, Алесь выйшаў на волю. Гэта – не агаворка: такое ў хлопца было адчуванне, калі ён з цеснага катуха штрафное роты, з-пад Бамбавозавай апекі, вырваўся ў агромністую загарадзь агульнага лагера. Няволя, голад і туга на гэтым, праўда, не канчаліся, аднак на такім прасторы, у такім шматлюддзі, на пляцы і ў блоках лягчэй было хавацца ад вахманаўскіх вачэй, ад лаянкі, удараў ботамі і кулакамі. Казённае і самадзейнае зверства аховы расцярушвалася тут, у параўнанні са штрафкампані, з дзесяткаў тых самых ахвяр – на многія ды цякучыя сотні і тысячы. Адчуванне пэўнай волі ўзмацнялася яшчэ і тым, што нештрафных амаль не ганялі на працу. Дакладней кажучы, для работы пры кухні, на будаўніцтве, паліваць дрэўцы і вуліцы бралі таго, хто пападаўся пад рукі, а ветэранам, каторы спрытнейшы, стала цяпер вельмі зручна туляцца ад працы ў агромністых натоўпах навічкоў. Добра было пахадзіць, патаўчыся ў шумлівым і неабдымным чалавечым мурашніку, зрэдку толькі пачуўшы знаёмае ці зразумелае слова. Алесю нецікавымі здаваліся французы: неспадзявана вялыя і вельмі ж многа іх, на першы погляд ды без ведання іх мовы – аднастайна, сумна аднолькавых. Многа было таксама і мараканцаў з французскіх паўночнаафрыканскіх дывізій. Смуглявыя, яшчэ больш за паноў сваіх вялыя, яны або валяліся на выпаленай сонцам і вытаптанай падкутымі ботамі траве, у самую спёку і то затуліўшыся ў шынялі ды панастаўляўшы каўняры, або сушылі на дратах памытыя каля калонкі лёгкія палотнішчы светлакаляровых цюрбанаў. Ажывалі арабы, з маўклівых, панылых рабіліся шумнымі толькі гуляючы ў косці, – проста на зямлі, падкурчыўшы ногі ў абмотках, – а яшчэ больш на лагерным рынку, дзе цэлы дзень кішэла спекуляцыя, ці, лешп сказаць, змаганне чалавечай прагнасці з усемагутнай сілай голаду. Алесю дзіўна было, незразумела, якую вартасць, у параўнанні з кавалкам хлеба, мае, скажам, нейкі бінокль, бранзалет, залаты гадзіннік ці нават шынель? А людзі хапалі гэтыя рэчы – адны дрыжачымі рукамі, моўчкі глытаючы радасць, другія нават рагочучы, радыя, што ашукалі... А побач, глядзіш, другі такі ашуканец, наіўны аматар не проста выжыць, але ж і цацку прынесці дахаты, сам стаіць з учарашняй ці пазаўчарашняй удачай і прагнымі, тужлівымі вачыма з’ядае кавалачак хлеба ў чужой руцэ. Сорак, восемдзесят, сто дваццаць грамаў – чвэртка, палавіна, тры чвэрткі пайка, шэры наздрасты кавалачак салдацкага хлеба быў такі фантастычна магутны эквівалент, што да зеніту яго, да поўнай вагі, цэны, здаецца, і не даходзілі. Нават самы азартны гандляр не мог не пашкадаваць самога сябе хоць на чвэртку-паўчвэрткі пайка... Неграў – з французскіх каланіяльных часцей – было няшмат, і таму, відаць, яны карысталіся вельмі вялікай увагай. Алесю яны цёпла напаміналі маленства, школу і экзатычныя кнігі пра падарожжы па Афрыцы і, больш за ўсё, – «Хаціну дзядзькі Тома». А назіраючы, як некаторыя з ветэранаў не могуць нацешыцца ды надзівіцца з «чорных дзікуноў», думалася пра дзікунства наогул... Мыецца, скажам, негр каля калонкі, а навокал збіраецца цэлы натоўп: яшчэ раз падзівіцца, што вось ён выцірае свой чорны, наглянцаваны твар ручніком, а ручнік – застаецца белы! Мала таго – неяк адзін асабліва дапытлівы польскі дзядзька з саламянымі вусамі пад мятай палявой канфедэраткай, як следапыт, пайшоў за неграм у прыбіральню і праз хвіліну выскачыў адтуль, з дзіцячай радасцю на бягу крычучы землякам: «Войтак, Адась, як бога кохам, ушыстко чарнэ!..» А «чорны дзікун» неўзабаве, пад пахіхікванне белых, спакойна, ледзь не велічна прайшоў міма, пакалыхваючы характэрна адкінутай назад, дробненька кучаравай галавою, пабліскваючы попельна-шэрымі пятамі босых ног, сухія лыткі якіх былі не вельмі па-вайсковаму абкручаны абмоткамі. Сенсацыяй было здарэнне каля рэвіра, лагернай санчасці. Лёгка параненага француза перавязваў нямецкі фельчар, фельдфебель. I раптам чорны з чародкі палонных, што прыглядаліся, стоячы побач, зрабіў яму заўвагу. Па-нямецку і ветліва. Немец ударыў яго і аблаяў. На гоман збегся – заўсёды гатовы – натоўп. Немцу сказалі, што гэты чорны – славуты медык і ведае некалькі моў. Фельдфебель пажадаў яго ўбачыць яшчэ раз. Ды негр не выйшаў з барака. «Не хоча», – сказалі пасланцы. Тады натоўп, галодны інтэрнацыянальны натоўп прывітаў гэтыя словы задаволеным крыкам, смехам, свістам, апладысментамі. I немец падаўся адтуль, стуліўшыся, як пад халодным ліўнем. Руневіч свістаў ды галёкаў разам з усімі, здаецца, больш за многіх рады, што, і не ведаючы чужых моў, можна, выходзіць, усім так здорава зразумець галоўнае. Аднак без мовы – пагана... Вось ён, Алесь, у пары з другім дзяжурным па блоку, стаіць з катлом у чарзе каля кухні. Чарга вялікая і, як усё тут цяпер, міжнародная. Пар на пяць за Алесем стаяць з катлом два маладыя, вясёлыя негры. Гамоняць штосьці, рагочуць, пабліскваючы авечымі бялкамі вачэй і зайздросным багаццем зубоў. А потым адзін падыходзіць і становіцца перад Руневічам. – Ну, ну! – гаворыць той, казытліва ўзяўшы чорнага пад пахі. Негр рыўком павярнуўся, драпежна ляснуў зубамі, і, разам з сябрам сваім, які застаўся з катлом на іх месцы, яны так молада, так задушэўна зарагаталі! За імі – і нашы хлопцы і ўся чарга, хто бліжэй. I так шкада было, што нельга вось з людзьмі пагаварыць!.. На ўсё такое Алесь глядзеў спачатку толькі з-за дратоў штрафкампані. I не дзіва, што выхад з-за іх хоць трошкі, хоць неяк напомніў пра волю. Галоўнае ж – тут, у агульным лагеры, не было той муштры, што зверствам сваім выганяла з цябе і так небагатую сілу. Алесь калісьці быў дужы хлопец – ці з касою, ці ў лесе, – а «падна» і «аўф» давялі за месяц да таго, што, устаючы з зямлі, цяпер яму вельмі хацелася абаперціся аб што-небудзь, тады пастаяць, пакуль перашуміць у галаве і супакоіцца ў вачах... У польскім блоку, куды Руневіча перавялі са штрафной, пра казарму напамінала толькі малітва, уранні і ўвечары, абавязковая тут таксама, як казыранне немцам-начальнікам, і, раз у тыдзень, паверка. Палонных афіцэраў тут не было: для іх былі недзе асобныя лагеры, афлагі. Хапала затое унтэраў, асабліва старшых. Яфрэйтары ды капралы, пераважна хлопцы абавязковай службы, да гэтага часу амаль канчаткова растварыліся ў салдацкай масе. Зрэдку толькі які-небудзь звыштэрміновы служака, нібы праз сон, падаваў прышыбееўскі голас. Зрэшты – нясмелы. Бо нават плютановыя і сержанты (узводныя і фельдфебелі), у тым ліку былыя ротныя шэфы (старшыны), асобы найбольш непрыемныя для салдат, і тыя сталі тут дэмакратамі, хоць, вядома ж, ніяк не маглі, не хацелі забыцца пра свой мінулы хлеб, і новыя функцыі нібы начальнікаў, хоць і ў няволі, спраўлялі з прыкметнай ахвотай. Прызначалі дзяжурных, назіралі за парадкам, праводзілі пастраенне на паверцы, двойчы ў дзень паднімалі лянівую вольніцу на малітву. Алесю, які яшчэ падлеткам, на маміна гора, сам пакінуў маліцца, смешна было цяпер, ужо не салдату, скаванаму суровай дысціплінай, а палоннаму, станавіцца з дарослымі людзьмі ў лінейку, паміж трох’яруснымі нарамі і доўгім няшчыльным сталом, і цягнуць старасвецкую ды ксяндзоўскую хвалу пану богу за ўсё, што з табой ні здараецца. Праўда, і самі палякі спявалі далёка не ўсе з належнай адданасцю справе. Было аднойчы так, што ў самы разгар літаніі ў расчыненае акно з двара заглянуў мараканец – здаравенны, чорнабароды, у бледна-ружовым цюрбане. Нейкі час ён з недаўменнем, але ж і спакойна глядзеў і слухаў, нібы стараючыся зразумець, ці не яму адрасавана песня. Пасля, не дачакаўшыся канца, ён азірнуўся, выцягнуў з-пад шыняля белы жмуток тавару, распасцёр яго вопытным жэстам перад сабой, дзелавіта прамовіў: – Камарад, кальсон!.. Набожную нудоту рванула маладым, здаровым рогатам. Нават і дабравольны шэф ледзь узяў сябе ў рукі, каб крыкнуць: – Ад-ставіць смех! За-чыніць акно! Яшчэ раз –н-на м-малітву! Спалі на сенніках і падушках са стружак, ператвораных за зіму ў шалпатлівую, пыльную сечку. Бяду сваю елі без вахмана над душой. Ну, а ўжо не папасціся на работу, у пару ўцячы з блока ды знікнуць у чалавечым моры – гэта залежала ад удачы і спрыту кожнага паасобку. Алесю пакуль што ўдавалася. Находзішся, наглядзішся, наслухаешся і зразумелага, і не – ажно сумота возьме за душу, сумота найбольшай самотнасці – сярод такой небывалай і дзіўнай, ненатуральнай безлічы людзей... Куды лепш было паміж тымі, што загаралі дзе-небудзь у самым глухім кутку агромністай лагернай загарадзі, у глыбокай, не збітай нагамі траве, з такімі самымі, як і на волі, кветкамі. Адкрыеш сонечнай пяшчотнасці худыя, удараныя прыкладам грудзі і, соладка ачмурэўшы ад спёкі, слухаеш, як балюча пяе ў табе сваю тужлівую, няўмольную песню цар-голад. Або пад звонкі лепет сапраўдных жаўранкаў над сапраўдным калоссем за драцянай сцяной агароджы глядзіш на лёгенькія, белыя хмаркі і думаеш, нібы малы, што ёсць жа на гэтым шалёным свеце куток, дзе любяць, нябось, і цябе... Палонным, якія працавалі на арбайтскамандах або хадзілі на работу са шталагу ў горад, выплачвалі па трынаццаць лагермарак у месяц. За гэтыя боны, вузкія, белыя паперкі з чырвоным трохкутнікам, можна было купіць толькі тое, што не ахоплівалася картачнай сістэмай: брытву, кавалачак поснага мыла, пачак махры, падобнай на жытнюю сечку, чамадан, губны гармонік, а то, сабраўшы бонаў з семдзесят – акардэон. Аркестр польскага марскога флоту трапіў у палон амаль у поўным складзе, толькі, вядома, без інструментаў. Адной камандай хадзіў ён у горад на работу і да лета ўзброіўся акардэонамі. Першы канцэрт, дазволены лагеркамендатурай, легальна лічыўся от сабе – святочнай пробаю сіл. А ў сапраўднасці, як шапталіся ў польскіх бараках, ён прысвячаўся героям Нарвіка, той самай групе англійскіх маракоў, што яшчэ ўсё трымалася ў адносінах да немцаў з найбольшай у лагеры годнасцю і карысталася выключнай павагай большасці ветэранаў. «Англія не прайграла яшчэ ніводнай вайны, яна яшчэ сябе пакажа...» Чуліся, праўда, і іншыя галасы. Адзін з найбольш сталых па ўзросту палякаў, лысы сержант, сказаў аднойчы, у вячэрняй дыскусіі, што «ключык ад усяго, мне здаецца, трымае ў сваёй кішэні пан Сталін». Сержанту не пярэчылі, аднак і радасці ніхто асабліва не праяўляў. Палонных беларусаў, што радаваліся вызваленню сваіх людзей з-пад ненавіснага панства і ўз’яднанню родных мясцін з краінай, якую яны заўсёды лічылі Радзімай, частка палякаў або ненавідзела, або не магла зразумець і па-чужому маўчала. Былі, вядома, і такія сярод польскіх сяброў па нядолі, што і разумелі «крэсавякаў»5, і зайздросцілі ім, і плацілі за чалавечую дружбу тым самым. Так бывала на змешаных арбайтскамандах, тое ж цяпер адчуваў Руневіч у польскім блоку – што ад каго. Для большасці ён быў, аднак, ці абыякавы, ці чужы. Большасць яшчэ ўсё глядзела на Англію – адзіную, найбольш жаданую надзею вызвалення. Перад аркестрам, на лавах, вынесеных з блокаў, сядзелі імяніннікі – з экзатычнымі марскімі бародкамі, з люлькамі ў зубах, пазакладаўшы нагу за нагу, амаль усе з непакрытымі галовамі, высокія, светлыя, некалькі рыжых – як на падпал. А ўжо за імі – мора галоў і шматгалосы гоман у чаканні чагосьці і сапраўды незвычайнага. Алесь сядзеў на даху драўлянага барака, у груле шчаслівых, то весела, то зусім абыякава адчуваючы, як растае пад ім і так нагрэты на сонцы толь. Усё гэта – нішто. Галоўнае – перад трыма радамі аркестрантаў (першы сядзіць, другі стаіць за ім, трэці стаіць за другім на лавах), горда ўзброеных зіхатлівымі шчытамі акардэонаў, з’яўляецца дырыжор, пажылы, нават сівы марак. Ён дастойна, з лёгкай усмешкай кланяецца англічанам, другім паклонам прымае іх прывітальныя словы і ўсмешкі, тады паварочваецца тварам да зіхатлівых шчытоў і ўрачыстым, велічным жэстам уздымае рукі. Спачатку ціхім, пасля нарастаючым шумам марское хвалі паплыла над натоўпам журботна-задушэўная «Палома»6. Без слоў яна цяпер, але ж гаворыць сэрцу вельмі многа. I не таму, што і польскія словы да гэтай музыкі ёсць, што марскі пехацінец Руневіч іх ведаў. Не, не толькі таму, – сама мелодыя, сама гармонія гукаў гаварыла так многа, так невымоўна хораша і родна, што душа твая пачынала за песняю хвалявацца. Спачатку бачыш, як нараджаецца з гукаў карціна суровай, шэрай пустыні, па хвалях якое, барознячы пеністы след, ідзе яшчэ адзін – які па ліку? – карабель. О, якое бязмежжа, якое бязлюддзе!.. Усплёскам хвалі, небывалым па сіле, уздымае свой голас адно адзінае пачуццё. Яно амаль усё – о не, не ўсё! – перадаецца ўсплёскам слоў: Ах, не пазбыцца вечна жывой тугі, Вечна чужыя сцелюцца берагі!.. Нас не прыгорне к сэрцу сцюдзёны свет – Хай жа лютуе бура і ўдаль ірве!.. Хлопцы, настаў наш час, Мора ўжо кліча нас... Бліскучыя шчыты пяюць, кожны па-свойму і ўсе адно, а ў Алесевай памяці, нібы хваля на хвалю, то нагрувашчваецца, то зноў раскочваецца былое... Хлопцы, настаў наш час... Пад гэты спеў павольна, раскалыхана ідзе, плыве, мерна і жорстка грукаючы па мокрым бруку падкутымі чаравікамі, цяжкая, шэрая польская рота. На плячах, на галовах – жалеза: кулямёты і каскі. Дажджлівы ранак з цяжкімі, нізкімі хмарамі. Душы прыгнечаны гэтым апошнім выхадам – з казармаў у акопы. Песня тут недарэчы, – спяваюць яе механізмы, нібы ключом, заведзеныя поклічам каманды. Кулямётчык Руневіч ведае, дзесьці схапіў мімаходзь на шляху самавука, цяпер прыпомніў і нясе з сабой смешныя, горкія, страшныя словы аднаго з найбольш закончаных салдафонаў, Паўла Першага: «Солдат есть простой механизм, артикулом предусмотренный». Толькі аднаго з тых прадугледжаных механізмаў прарвала нейкім жывым, чалавечым пратэстам... Напярэдадні, чысцячы зброю, рота спявала. Без каманды, сама, пад настрой. Гэтую ж песню марское тугі... I вось на словах «Хлопцы, настаў наш час...» маўклівы, ужо даволі немалады рэзервіст, які чамусьці не спяваў, зусім начакана апаў грудзьмі ў нацельнай кашулі на замазучаную сталь «максіма» і дзіўна не па-мужчынску заахаў наўзрыд... А яны – учарашнія рэкруты, героі пасля шасцімесячнага абучэння, – яны гаварылі, што гэта, бачыце, не кадравік, толькі што з дому, ад бабы... Жонак у іх не было, слова «дзеці» яны абміналі, яшчэ глыбей, у самых недасяжных тайніках хаваючы вобразы самых любімых і самых няшчасных – маці. Добра, што іх тут няма. I як нядобра, што вось яны – стаяць і плачуць на абочыне – дзве, тры, чатыры мамы мясцовых хлопцаў. А хлопцы – усе і тыя чатырох – зусім абыякава ідуць, механічна калышуцца, ціха бразгаюць цяжкім, панурым металам вайны, што заваліў цяпло жывой душы. Хлопцы, настаў наш час... Дагэтуль усё здавалася толькі забавай. Спрадвечнай, вясёлай, агіднай, аднак – забавай. I маршы, і казармы, і начальнікі, службовая строгасць якіх хоць і да слёз, да абурэння часамі даводзіла аднак больш весяліла здаровых, бесклапотных юнакоў. «Мне што – адслужыць ды дахаты вярнуцца, не больш!..» Нават калі яны, улетку трыццаць дзевятага, капалі акопы на мяжы тэрыторыі «свабоднага горада» Гданьска, усё здавалася ім толькі забавай. Граніцы, у поўным разуменні гэтага слова, тут не было: дваццаць метраў нейтральнай паласы і – вораг, гітлераўцы, якія ўжо фактычна ператварылі «свабодны» Гданьск у свой, нямецкі Данцыг. Стаяць, выскаляюцца, кепікі строяць па-польску: – Копай, копай, а кто заплаці?.. Нібыта самі напрошваюцца на поўху. Ды ім адказвалі, па загаду, спачатку маўчаннем, а потым, адыходзячы, пацешна ваяўнічай песняй: Нікт нам не зробі ніц, Нікт нам не рушы ніц, Бо з намі Сміглы, Сміглы, Сміглы-Рыдз!.. Забавай здавалася нават першая начная перастрэлка, што ўспыхнула за два дні да пачатку вайны. Эх, здорава заекаталі над далінай, над морам іх кулямёты! «Забава» гэтая была не на самай граніцы, а на схіле парослага букамі ўзвышша, дзе ў глыбокіх, пакручастых акопах і ў бліндажах засела Алесева рота. Бліндажы, ці, лепш сказаць, проста зямлянкі, нібы наспех былі накрыты, двума накатамі танклявага сасонніку. Хоць і рабіліся яны, разам з добра замаскіраванымі акопамі і падвойнай лініяй калючага дроту, як быццам грунтоўна, усё лета. У свой бліндаж Руневіч з сябрамі па кулямётнаму разліку дасталі ў пакінутых жыхарамі дамах стары, без толку балбатлівы будзільнік; над уваходам, маючы на ўвазе не толькі сваіх, чорнаю фарбай намазалі: «Староннім уваход сурова забаронены»; злавілі, прывялі і навязалі, для поўнай дамавітасці, пярэстага, несаліднага шчанюка. Пазней, у час першага артабстрэлу, цюцька шчасліва сарваўся і ўцёк, а самі гаспадары бліндажа, шэсць радавых і плютановы, сталі куды больш сур’ёзнымі... У той жа першы дзень, калі аціхла пад вечар, да Руневіча з другога крыла абароны прыйшоў землячок, вясёлы Коля Баярын са стралковай роты, і прывалок аднекуль – «у адведзіны без нічога не ходзяць» – вядро вішнёвага варэння. Ды Алесю было ўжо не смешна. Душу яго разрывалі туга і адчай. I ўдзень, і ў бяссонную ноч, і ў наступнае ранне... Вось ты калышашся, мора – чароўнае, ціхае мора! – і празрыстыя хвалі так мілагучна, нячутна, пяшчотна выгінаюцца ад шчодрай ласкі ранняга вераснёўскага сонца. I як жа добра – крутою сцежкай у ляшчэўніку, пад высачэзнымі, шапатлівымі парасонамі букаў – асцярожна, амаль бясшумна, беручыся за галлё, спусціцца, да вады, зняць з галавы дурны жалезны гаршчок, расперазацца, разуцца, каўнер расшпіліць і ціхенька, каб толькі сонца бачыла, зайсці па самыя калені ў мора. «Здарова, сонца!.. Няўжо ты тое самае, як і там, адкуль мяне «паклікалі» сюды, там, дзе маладзенькая, мною пасаджаная рабіна сарамлівым дзяўчом ірдзіць перад старым акенцам, у якое ты гэтак часта свяціла і мне? А я – не той самы. Бо ўсё, што мы, салдаты, робім, што і мне – часамі нават і праз горкі сум – здавалася дагэтуль забавай, стала жудаснай і нялюдскай работай. Нядаўна яшчэ – свабодны, самастойны, закаханы ў прыгожую праўду любасці да чалавека, упэўнены ў шчырасці, у сіле свайго пратэсту супраць вайны, цяпер я – толькі механізм, бязвольны, прадугледжаны чужым артыкулам. Гэта, сонца, жахліва – што ўжо вайна, што ўжо і мы, на самай блізкай дыстанцыі, сышліся са словамі: Хлопцы, настаў наш час!..» «Палома» змоўкла даўно. Акардэоны спявалі пасля штосьці іншае. Потым наогул закончыўся незвычайны канцэрт. Але высокі, светлы юнак, што сядзеў на бараку, яшчэ ўсё чуе яе – тую песню марской, чалавечай тугі. Ён ляжыць у зацішным кутку на траве, глядзіць на белыя хмаркі – высока-высока! – і кажа той песні душою, без слоў: «Не, ты не кліч мяне да тых халодных і тужлівых хваль, дзе ні дні і ночы бушавала агнём і жалезам нянавісць, дзе толькі цудам мяне абміналі асколкі і кулі, дзе без пары абарваліся шчасце, свабода і маладосць!.. Вядзі цяпер да сонечных, да непаўторна радасных, што калыханкай шумелі мне ў самым пачатку!..» –––––––––––– 1 Смірна. 2 Рабочых камандаў. 3 Добра жэрді. 4 Направа! 5 Жыхароў «усходніх крэсаў». 6 Неапалітанская песня «Галубка».
|
|