|
|
ХЛЕБ НАДЗЁННЫ I РЭХА ГАДОЎ
|
|
|
| ХЛЕБ НАДЗЁННЫ I РЭХА ГАДОЎ | | Пасля таго як у славутым Камп’енскім вагоне было падпісана трагічнае для Францыі перамір’е, i ў Касаве, у выкананне загаду пра ўсенародны трыумф, на цэлую дэкаду былі вывешаны ўсе сцягі, a кірхі бомкалі-пераклікаліся двума званамі тройчы на дзень, ажно падскоквалі пеўнікі на шпілях. Ідэі нацысцкай звышчалавечасці ўбіваліся ва ўсе мазгі да металічнай нудоты настойліва. I вынікі былі. Алесь адчуў ix у сям’і сваіх новых гаспадароў. Неяк цыбаты, даволі-такі сімпатычны з твару Курт купіў машынку, каб абстрыгчы Оскара. Але хітры, гультаяваты хлапчук, які i сапраўды аброс на службе цэлай капою валасоў, не паддаўся, уцёк. Тады гаспадарык паклікаў з канюшні паляка. – Слухай, Алекс,– сказаў ён на дварэ,– давай я цябе абстрыгу. Сёння нядзеля, i я хачу навучыцца стрыгчы. А табе – ты ж гефангенэр, табе гэта ўсё роўна. Уражаны, можа, не столькі самой прапановай, як тонам, самым сур’ёзным тонам, якім яна была выказана, Руневіч паглядзеў на блазнюка i, не сказаўшы нічога, пайшоў у канюшню. Дух часу загаварыў у Курце больш энергічна. Праз некалькі мінут ён зноў паклікаў палоннага на двор, да самага ганка, працягнуў яму ў адной руцэ боты, у другой шчотку i баначку крэму i, як мог суровей, загадаў: – Пачысць! Але як след i хутка! Гэта – не ўсё. На Курце былі ўжо не тэніска i нармальныя штаны, а форма гітлерюгенда. Не поўная, праўда, без шапкі i ботаў, але ж з галоўным – ca свастыкай на павязцы. Высокі, плячысты юнак у палапленых вайсковых неданосках,– дарослы, начытаны, біты жыццём мужчына,– Алесь стаяў перад немчыкам, успёршыся на вялікія васьміраговыя вілы, спачатку звёўшы густыя светлыя бровы, пасля – з усмешкай на поўных, падкрэсленых абадочкам губах... Успомніўся афіцэрык-эсэсавец на турэмным двары, перад натоўпам палонных. З выгляду – мала старэйшы за Курта. «I ты ўжо тузаў бы за акрываўлены бінт? Ці толькі яшчэ рагатаў бы, як тыя – i ў чорным, i ў светла-карычневым?..» – Ja, horch mal, du,– пачаў Руневіч.– Запомні ты сабе, mein lieber Freund, адно.– Гаварыў на дзвюх мовах адразу: лягчэй было іменна так.– Ich bin fur dich nur Soldat.. I больш ты да мяне mit solchen Schweinereien35 ніколі не лезь. Зразумеў? Спытаўшыся – адказу не чакаў, пайшоў назад у канюшню. Разгублены Курт пабег у дом, паекатаў там то па-мужчынску, то па-дзіцячы i выйшаў на ганак з мамай. Яны паклікалі палоннага трэці раз. Ды ён як быццам не пачуў. Тады гаспадыня, а сын за ёю падышлі да расчыненых дзвярэй канюшні. – Алекс! – сама паклікала гаспадыня і, калі ён выйшаў на відное, здзіўлена спыталася: – Алекс, чаму ты не паслухаў Курта? Два разы не паслухаў. Алекс, варум? Поўная, мілавідная мутэр у драўляных выступках, у нейкім па-курынаму стракатым плацці i белым кухонным фартуху – яна глядзела на яго з даволі-такі дурнаватым здзіўленнем на твары... Хутчэй – з недаўменнем, якое было безнадзейна-шчырае. – Алекс, варум? У голасе гэгым быў i дакор: «Мы ж цябе кормім, далі табе працу, табе ж у нас так добра, а ты... Варум?» Якраз як у першы вечар: «Чаму ж вы не паддаліся без бою?.. Наш фюрэр не хоча вайны!..» I як ён, Алесь, ні растлумачваў ёй чаму,– нічога так i не зразумела. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
|
|