РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Атака
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
10
        
10

        
        Ужо не было думкі: «Прапаў» − не было наогул ніякае думкі, адзін толькі боль, вялізны і нясцерпны, упіўся сваімі кіпцюрыстымі лапамі ў скрываўленае Рыбчонкава цела. Ён трохі адпоўз з таго месца, дзе ўпаў, падсунуўся да купіны з паламанай альхою, з усяе сілы зацяў у сабе дыханне, намагаючыся стрымаць, сцішыць тым боль, з якім нельга было жыць.
        У кустоўі па лёдзе нехта прабег, гулка лязгаючы абцасамі. «Немцы!» − абыякавы ўжо да ўсяго, адзначыў Рыбчонак. Ад стомы і болю грудзі яго раздзірала неадольная горыч, кожны рух, уздых, нават думка скразным болем аддаваліся ў жываце і ў паясніцы. Не стрымаўшыся ад гэтага болю, Рыбчонак застагнаў − кораценька, ціха і вельмі пакутна.
        Толькі цяпер ён зразумеў, што ўсё ўраз перавярнулася ўгору дном, што ззаду і наперадзе немцы, а ў яго рана і боль, якія наўрад ці пакінуць яго ў жыцці. Гэта быў канец, пакутны жахлівы канец яго дарагога, адзінага, самага неабходнага жыцця, якое вось-вось абарвецца і болей ніколі, нідзе, ні ў кога не паўторыцца. Агнянай пякельнасцю ўзнялася ў пачуцці жаласць да сябе, шкадаванне і позняе раскаянне − што даў гэтак неразумна ашукаць сябе, што не знайшоў якога лепшага спосабу ўратавацца. Гіне ён у гэтым балоце, пагінуць і тыя, што яшчэ засталіся ў вёсцы, бо немцы акружылі ўсіх іх, зама-нілі ў гэтую пастку. Цяпер усё. І хай! Загіне Рыбчонак, і яму не шкада нікога, няхай цяпер увесь свет ляціць у тартарары, цяпер ужо нічога не мела ніякага сэнсу…
        «Але як жа гэта?.. Як?.. Чаму?.. − неўзабаве слупам паўстала ў галаве неўразумелае запытанне. − Чаму так недарэчна, так няўдала, так рана і так балюча?..»
        Ён хацеў сказаць сабе, чаму так недарэчна ён гіне тут, калі заўсёды так дбаў пра сваё жыццё і больш за каго іншага зрабіў для яго паратунку? Хіба ён не бярог сябе, хіба не туліў-ся да самай зямлі, хіба не хітрыў, не выкручваўся, як толькі можна было, каб зрабіць як лепей для сябе, для свайго жыц-ця − ніколі не лез на ражон, а так ціхенька, хітравата, можа, не заўжды сумленна, але затое і без вялікае шкоды для ін-шых. Шкоды нікому ён не хацеў і нават тады, калі ў чым была маленькая выгода яму, але што ж зробіш, калі ў жыцці ўладкавана так, што добрае сабе можна прыдбаць, вельмі часта падсунуўшы благое іншым…
        Недзе бліскалі-гарэлі ракеты, іх белае святло торапка блукала між кустоў па ледзяным доле. Зверху праз суччо хмызняку блішчэла палавінка месяца і гарэлі, сноўдалі, іскрыліся па-зімоваму яркія зоркі − яны поўніліся сваім адметным ад зямлі клопатам, у іх была там суладнасць, згода, поўныя вялікага незямнога сэнсу…
        Рыбчонак ціха енчыў ад болю, сутаргамі біўся на лёдзе, і ў яго тлумам затуманенай галаве снавалі, жылі і біліся ў роспачнай безадказнай маўклівасці вялікія зараз думкі-пы-танні: чаму? і за што?
        Чаму гіне іменна ён, малады і здаровы дваццаці шасці год чалавек, які толькі яшчэ пачаў ладзіць сваё жыццё, свой дабрабыт і так многа яшчэ не пазнаў, недалюбіў, недагуляў, недабачыў… Дзе ён зрабіў памылку, на чым пакаўзнуўся, што не выканаў з мудрых бацькавых наказаў, такіх, накшталт: «Заўжды кумекай, як жыць», «Не глядзі, што людзі кажуць, глядзі, што робяць», «Слухай усіх і нікому не вер», «Усё, і благое, і добрае намотвай на вус, тады будзеш як туз».
        Такое гэта было тады шчаслівае і далёкае жыццё: бацька яго працаваў на гарбарным заводзе і зарабляў някепска. Але тое, што было атрымана па ведамасці, складала толькі пэўную долю з прыбыткаў іх гаспадаркі, якая складалася з хаты, абшаляванай у елачку, гарода з садком, раўка, на якім яны збіралі капешкі са дзве сена для сваёй каровы. Яшчэ нейкую і немалую долю іхняга бюджэту бацька здабываў таемна. Рыбчонак і дагэтуль не ведаў усяго, але памятаў, што ў бацькі заўжды было некалькі вельмі патрэбных сяброў, якія любілі выпіць, з імі «за кампанію» піў і бацька, гэты скупы скнарлівы чалавек прапіваў часам і свае грошы. Але малады Рыбчонак ведаў, што бацька п’е не так сабе, што ён п’е з людзьмі, якія былі патрэбны яму. Яшчэ дзіцём Рыбчонак даведаўся, што ўсе людзі дзеляцца на патрэбных і нікчэмных. Патрэбных бацька прыводзіў дадому, матка пякла ім яешню, патрэбным ён ірваў у садку кошыкі яблык і сам адносіў у пэўныя адрасы. Непатрэбныя боязна ўваходзілі ў брамку, дзе іх сустракаў звяглівы Валет, бацька, перш чым падысці і абараніць іх ад сабакі, бубніў пры сабе кепскія словы. Непатрэбнымі людзьмі былі шмат якія суседзі, ад якіх яны адгароджваліся высокімі з калючым дротам платамі, некаторыя рабочыя з завода, а таксама матчына цётка Галена і яе дачка Зоя, што некалькі з ім вучылася ў гарадскім тэхнікуме. Спачатку Зоя жыла ў іх, а затым перайшла ў інтэрнат, і калі часам наведвалася да іх, бацька кожнага разу хмурыў бровы і маўчаў. Аднойчы яны прыйшлі ўдзвюх з Галенай (тая была з вёскі), цётка прынесла гасцінцаў − кілбас, сала, сыр, загорнуты ў вільготную анучку, бацька павесялеў трохі, лагодна разві-таўся, а пасля, калі праводзіў сваякоў за брамку, заклапочана шкрэб за вухам і пытаўся ў маці:
        − Чаго б гэта Галена раздобрылася? Няйначай, прасіць што будзе? Нездарма гэта − ласункі.
        Галена аднак болей не прыйшла да іх, паехала некуды на працу і Зоя, а Рыбчонак доўга чакаў, калі ж гэта высветліцца, чаго таемна дабівалася цётка. Але чакаць ім давялося марна.
        Жылі яны моўчкі, сквапна да ўсяго, што можна было пера-тварыць у грошы: маці кожнага ранку выпраўлялася на рынак, прадавала гародніну, малако, кветкі і з-пад палы − хромавыя нарыхтоўкі і падэшвавы тавар на боты. У іх быў лепшы на вуліцы дом, пакрыты цынкаванай бляхай, спакваля яны паспраўлялі хатнюю абставу, купілі патэфон, швейную ма-шыну. У Рыбчонка заўжды былі цэлыя башмакі, паліто, цёплая шапка, сястра Нэля рыхтавалася замуж і накладвала ўсячынай паточаны шашалем бабін куфар.
        З самага маленства Рыбчонак засвоіў бацькоўскія ісці-ны: «не ўкрадзеш − не пражывеш», «з праўды штаноў не па-шыеш», «дурняў работа любіць». Скончыўшы шэсць класаў, ён кінуў школу і пайшоў на той жа гарбарны завод, дзе працаваў і бацька. Бацька тады ўжо зусім узяў яго пад сваю апеку − яны па чарзе кралі з красільні скуры і выкідвалі іх уначы за плот. Плот быў дашчаты, стары і паламаны, і ў глухім месцы адзін перакідваў, а другі падбіраў у кра-піве. Але прапажу скур на заводзе прыкмецілі, паставілі на ахову яшчэ некалькі вахцёраў, красці стала трудней. Баць-ка доўга думаў, як быць, бо без «свежай» капейкі жыць стала цяжэй, а галоўнае, нецікава, і ён удумаў. Ён стаў старацца на працы, некалькі месяцаў падрад даў самую высокую на заводзе выпрацоўку, прыдумаў рацыяналізацыю. Усё гэ-та не засталося непрыкмечаным, яго прэміявалі, залічылі стаханаўцам, аб ім сталі пісаць у газетах, ён заў-жды сядзеў у прэзідыумах розных сходаў. Вахцёры ў прахадной, як і ўсе на заводзе, пранікліся павагай да яго і рэдка калі для прыліку мацалі яго кішэні, а часцей прапускалі так − ніхто не наважваўся і падумаць, што такі чалавек можа што ўкрасці. А Рыбчонак стаў выносіць мяккія хромавыя скуркі ў халявах, пад світкай, у штанах. Увечары дома, калі зачыняліся стаўні, ён у спальні вымяраў свае дэцыметры і хітра пасмейваўся:
        − Выгода, а што думаеш! І стаханавец − выгода. Хе-хе. Партбілет бы яшчэ агораць…
        Не, малады Рыбчонак не адстаў ад бацькі. Праз гады тры ўжо ён, а не бацька, стаў прыносіць асноўны даход у іх абзелянёны, увіты кветкамі дом. Ён дамогся большага, чым тое, што ўмеў бацька, − скаапераваўся з хаўруснікамі і скуры хромавыя, шаўровыя і падэшвы вывозілі з завода цераз прахадную, на машынах, у цюках і скрынках, вядома, па фальшывых дакументах. У армію яго не ўзялі, ён ажаніўся, аддзяліўся, жонка не мела клопату аб грошах, ладзіла дома гаспадарку, ён даставаў дэфіцытны шырспажыў (усюды ж былі сябры), грошай хапала, і жыццё здавалася раем.
        Гэты рай раптоўна стаў пеклам, калі пачалася вайна і яго прызвалі на службу.
        Многія, хто быў побач з ім, апанурыліся, змарнелі, засмут- кавалі, а Рыбчонак сказаў сабе: глядзі і думай, тужся, не можа быць, каб і тут не было прадухі. Старая бацькава ўхватка вель-мі спатрэбілася і ў войску, Рыбчонак пакрысе агледзеўся і стаў кеміць.
        Аднойчы, яшчэ будучы ў тыле ў ахоўным чыгуначным батальёне, ён заснуў на пасту. Заснуў па-дурному, таму што ха-цеў спаць: прысеў на канец таўровай бэлькі маста і знямог. Яго разбудзіў начальнік каравула, пасля добрай прапаркі няўдалага вартавога пасадзілі на гаўптвахту. Там ён спярша засмуткаваў, а пасля згледзеў, што сядзець пад арыштам і нічога не рабіць, калі ўсе знясільваюць ад працы, нарадаў, ву-чобы, − проста самае лепшае з усяго магчымага ў гэтых абста-вінах. Тое, што гэта было непрыгожа, ганебна, не бралася ім у разлік, думка і адносіны да яго таварышаў не шмат што зна-чылі для яго, − важна было, каб добра жылося самому. І ён па-сябраваў з гаўптвахтай, не цураўся яе кожны раз, калі меркавалася нешта горшае − выезд, якая работа або капанне акопаў. Трапіць на яе не было дужа цяжка − у камандзіраў хапала злосці, варта было пасварыцца са старшыной ці ўзводным.
        На фронце стала горш, тут не было гаўптвахты, і трэба было шукаць нешта новае, каб застацца жывым. Сноўдаючы ў траншэях, Рыбчонак многія дні і ночы ламаў над тым сваю галаву, прыглядаўся − людзей у тылавых падраздзяленнях было не менш, чым у ротах на перадавой, але шляхі туды да часу былі невядомы Рыбчонку. Вырвацца з роты было стра-шэнна цяжка, амаль немагчыма. Спачатку ён спрабаваў, як толькі мог зрабіць гэта, праз санчасць, ды ўсе тыя спробы скончыліся канчаткова і зусім няўдала. Ды і што маглі зра-біць медыкі, калі здароўя ў маладога байца ніколечкі не бракавала. Тады ён сунуўся да тылавікоў − інтэндантаў, абознікаў, тэхнікаў − і там здарылася, што яму ўшанцавала.
        Неяк на агнявой пазіцыі сямідзесяцішасціміліметровай батарэі ён убачыў, як двое хлопцаў-артмайстроў рыхтавалі гармату для стральбы. Хлопцы былі з тылавой артмайстэрні, як толькі пачаўся артналёт, яны падхапілі свае скрыначкі і пабеглі хавацца. Рыбчонак падаўся за імі, яны закурылі разам, седзячы ў закінутым бліндажы. І там Рыбчонак даведаў-ся, што наогул артмайстроў не хапае, што нядаўна адзін з іх наскочыў ля дарогі на міну, а другі захварэў. Рыбчонак імгненна сцяміў, што тут ёсць шанец, назваўся хлопцам артмайстрам і даў зразумець, што быў бы не супраць, каб перайсці да іх у майстэрню. Хлопцы абяцалі далажыць начальніку артузбраення, і праз тыдзень, калі пачаліся баі з танкамі і выйшлі са строю шмат якія гарматы, а працы па іх рамонце пабольшала, яго перавялі ў артмайстэрню.
        Ніхто яму не наладжваў экзаменаў, не рабіў допытаў − яго адразу паставілі разабраць накатнік саракапяткі, і ён раскруціў усе яго гайкі. Пасля ён рабіў звычайныя слясарныя работы, выконваў, што загадвалі, асаблівага кантролю за работай не было, давяралі так, а як усё тое напраўду выходзіла ў яго, ведалі толькі агневікі ў батарэях. Але агневікі былі далёка, на перадавой, гарматам, апроч як ад ягоных рук, перападала яшчэ ад мін, танкавых балванак і бомбаў, дабівацца якасці і падазраваць не было калі і не было каму. Рыбчонак ужо акрыяў духам, чаму-колечы і падвучыўся ў майстэрні. Жыццё ў дывізійным тыле пасля ротнага ланцуга было спакойным, сытым і вольным.
        Але ўсё добрае рэдка і каротка. Прыйшла бяда − наступленне, і ён зноў спатрэбіўся тут, у аслабелым, парадзелым авангардным батальёне. Аднойчы начальства ператрэсла тылы, і артмайстар Рыбчонак не паспеў, як кажуць, міргнуць вокам, як зноў апынуўся ў стралковай роце ў самы для яе цяжкі час…
        …Ішоў пякельны, поўны нязносных пакутаў час, Рыбчонак слабеў, немцы болей не з’яўляліся тут, распластанае на лёдзе Рыбчонкава цела дрыжэла ад сутаргаў, болю і сцюжы. Смерць была блізка, яна ўсё настойліва падкамячвала пад сябе ягонае цела, нішчыла жыццё болем, ад пякельных кашмараў мутнела свядомасць. Часам ён забываўся, дзе ляжыць і што сталася з ім. Угары гарэла нейкая вельмі яркая зорка, час ад ча-су яна напамінала пра тое, што ён не пераступіў яшчэ таго апошняга парога, за якім была адвечная пустка. Ён то абу-джаўся, то зноў заміраў, у разгарачанай свядомасці таўкліся прывіды, пасля з’яўляліся выразныя думкі і зноў пачыналася немаведама што. Здавалася Рыбчонку, што ён імчыцца некуды ў цемры, што хтосьці крычыць у ім, спрачаецца, скуголіць і гамоніць-скардзіцца ўрыўкамі ягоных фраз-думак.
        Але смерць чамусьці не спяшалася так, як спярша здалося яму. Жыццё ўсё яшчэ змагалася з ёю, і часам Рыбчонак думаў, а можа ён выжыве. О калі б выжыць! Хоць бы пажыць яшчэ трошкі, хаця б некалькі тыдняў! Ён ужо згодны быў застацца ў роце, кожнага дня пакутваць пад лютым нямецкім агнём, мерзнуць, не спаць, галадаць, толькі б пажыць яшчэ з год, паўгода, месяц. Навошта ўсе тыя яго хітрасці, усе заха-ды за ўсё жыццё, калі такі заўчасны і такі недарэчны канец? Ад роспачы, крыўды і па-ранейшаму пякельнага болю ён застагнаў глуха, цягуча, хрыпата, яго маглі ўчуць немцы, але ця-пер гэта ўжо не мела значэння.
        І раптам, здалося яму, сапраўды яго ўчуў нехта, нехта зводдаль ціха знаёма паклікаў:
        − Гэй! Хто тут?
        Рыбчонку здалося, што яго аж ускінула ад радасці − то бы-лі свае, родныя, дарагія рускія людзі − яны выратуюць, дапамогуць, яны не аддадуць яго смерці. Раптоўна падзесецярылася ў ім прага да жыцця і надзея, ён зварухнуўся і прастагнаў гучней, чым усе разы, з прыцятым унутраным крыкам:
        − О-о-о-ох!
        Яго ўчулі, нехта затупаў па лёдзе сюды − усё бліжай і блі-жай, Рыбчонак яшчэ застагнаў і знямог − ад радасці, палёгкі і напружанай балючай надзеі…

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.