|
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Пугачоўскі цырульнік
Дзённікавая проза паэта
|
|
СТУДЗЕНЬ * * * 1.01.2012. «Чаму ты мне да сённяшняга дня пісталет не пры- нёс?» — пытаецца бацька. «Нашто ён табе і дзе яго табе вазь- му?» — не разумею я. «Усю ж ноч стралялі!» — кажа бацька. «У горадзе на Новы год заўсёды страляюць!» — усміхаюся і яшчэ раз віншую бацьку з Новым годам… Бацька і зубы 2.01.2012. «Трэба ехаць да Ладыжэнкавага хлапца, каб ён мне паставіў новыя зубы. Можна і жалезныя, але хаця б два залатыя былі наперадзе для красаты!» — кажа бацька. «А дзе ён табе золата возьме?» — пытаюся. «Не ведаю, але калі захоча, дык і знойдзе!» — адказвае бацька… Бацька і ялінка 4.01.2012. Са старым нямоглым бацькам хаджу па лесе. Шукаем ялінку, каб паставіць на Новы год. Знаходзім. Бацька замахваецца сякерай, а ялінка, страпянуўшыся, кажа: «Не сячы мяне, стары! Я для цябе выканаю любое жаданне!» Бацька доўга не думаючы, просіць: «Хачу быць маладым!» І бацька робіцца маладым, а я — хлапчуком. Праз некалькі хвілін мы з бацькам па заснежаным лесе вяртаемся дамоў, цягнучы за сабой ссеча- ную ялінку, якая нядаўна выканала бацькава жаданне... Бацька і яма 5.01.2012. «Трэба тэрмінова капаць яму!» — заявіў сёння з самага ранку бацька. «Для чаго?» — цікаўлюся. «Будзем бульбу ссыпаць! На Юстынавай гары — далёка! Капай каля хаты! Калі будуць бамбіць, дык можна будзе схавацца!» — тлумачыць бацька, а я слухаю не ўсміхаючыся і абяцаю купіць яму добрую вострую рыдлёўку... 270 * * * 5.01.2012. Нядаўна снілася рыба. А калі мне сніцца рыба — гэта на хваробу. Баяўся прыхварэць, і на табе — прыхварэў. А мне хварэць нельга! Трэба ж бацьку глядзець... Бацька папярэджвае... 5.01.2012. «Яму выкапаў?» — пытаецца бацька. «Выкапаў!» — сур’ёзна адказваю я. «Ну тады глядзі не ўваліся ў яму!» — папя- рэджвае бацька... Святло ў хаце... 5.01.2012. (Прыснілася). Іду басанож па снежным цаліку. Марозу не адчуваю. Далёка наперадзе свеціцца акно ў белай, як гурба, хаце. Падыходжу да акна. Стукаю. І святло ў чужой хаце гасне... * * * 6.01.2012. Зіма як хвароба. І трэба зіму перазімаваць, як хва- робу перахварэць... * * * 6.01.2012. Хварэю. Мне холадна. Сяджу каля камп’ютара, як каля тлеючага вогнішча, і капаюся ў інтэрнэце, як у попеле... * * * 6.01.2012. Сарока, як злепленая са снегу і чорнай зямлі, пра- ляцела каля майго акна... Бацька і спявачка 7.01.2012. «Сёння не спаў! Нейкая баба па радыё ўсю ноч спявала. Відаць, была ў партызанах і там яе мужыка забілі!» — расказвае бацька пра мінулую ноч. «Трэба было радыё выклю- чыць! І адкуль ты ведаеш, што яна была ў партызанах?» — пы- таюся. «Так жаласліва спяваюць толькі тыя, што былі ў партыза- нах!» — адказвае бацька... 271 * * * 7.01.2012. Адведаць мяне хворага і павіншаваць з Калядамі прыходзіў Алесь Квяткоўскі. Пілі толькі гарбату. Гаварылі пра літаратуру і мастацтва. На маё пытанне: «Як табе мастак Губараў» — Алесь адказаў: «Кіно...» * * * 7.01.2012. На вуліцы светла, як у Храме... Напалеон 7.01.2012. (Прыснілася). Трэці месяц, як у вёсцы пустуе род- ная хата. Прыязджаю. Навокал усё замецена. Заходжу ў хату і бачу на канапе Напалеона, які ляжыць ухутаны ў маміны хусткі і накрыты бацькавым кажухом. Пытаюся: «Што тут робіш?» На- палеон кажа: «Грэюся. Масква ж згарэла...» У чорным... 7.01.2012. Іду да бацькі. Цямнее. На вуліцы марозна. Час ад часу сустракаю людзей у чорным. Вяртаюся дамоў. Цёмна. Зноў сустракаю людзей у чорным. Прыходжу дадому. Гляджу на сябе і бачу, што я таксама ў чорным... Ніхто 7.01.2012. (Прыснілася). Могілкі. Тут пахаваны немцы, якія загінулі ў 1916 годзе. Да мяне падыходзіць жанчына. Пытаецца: «Хто яны для вас: ворагі ці свае?» — «Ніхто...» — адказваю я, і жанчына знікае, як мроіва... * * * 7.01.2012. «У нашу яму хто-небудзь уваліўся?» — пытаецца бацька. «Пакуль што ніхто...» — адказваю. «А ты туды бульбы на- сып!» — раіць бацька... * * * 8.01.2012. Замардаваны прастудай і сабачым жыццём, гляджу на поўню, але выць яшчэ не хочацца... * * * 8.01.2012. Упала знічка, а я не паспеў прашаптаць жаданне... 272 * * * 8.01.2012. «Усё праходзіць і гэта пройдзе...» — думаю, ня- спешна ідучы (баюся паслізнуцца і паваліцца) да нямоглага бацькі на кватэру... * * * 8.01.2012. «Адвязі ты мяне дамоў і не мучайся са мной!» — просіць бацька. «А хто там цябе будзе глядзець? Там жа нікога няма!» — кажу. «Як гэта нікога няма?! А партызанкі адзінокія!» — не маўчыць бацька... * * * 8.01.2012. Ужо трэці месяц штодзённа два разы на дзень хаджу да бацькі на кватэру праз сквер і ні разу не было такога, каб нехта не піў на лаўках... * * * 9.01.2012. Там, дзе засталася родная хата пустой, цяпер сон- ца заходзіць... * * * 9.01.2012. Ён не быў у Парыжы. І яму часта думалася, што ніякага Парыжа і няма. А ўсё, што пра гэты горад гавораць, пішуць і паказваюць па тэлевізары — выдумана для таго, каб яму хацелася трапіць у Парыж, якога няма... * * * 9.01.2012. Яна жыла ў люстэрку. І ён Яе бачыў, калі заходзіла сонца... * * * 9.01.2012. Там, дзе няма сонца, там няма жыцця. І яна памер- ла, калі зайшло сонца. І поўня ўзышла над светам, як яе душа... Бацька ўзгадаў... 12.01.2012. Бацька ўзгадаў дзядзьку Вячаслава Рагойшы — Кастуся: «Ён у нас у вёсцы ў школе працаваў. Расказваў пра гісторыю Ракава, Валожына, Маладзечна. Ведаў, калі былі збу- даваны ў Ракаве касцёл і царква. Вельмі граматны быў. Хадзіў у паліто і ў капелюшы...» 273 Калі б... 12.01.2012. «Калі б палякі прастаялі ў нас крыху даўжэй, то праз Пугачы праклалі б чыгунку. Па ёй у Аляхновічы ездзілі б пагранічнікі, а так у 1939 годзе прыйшлі Саветы — і ўсё лясну- лі...» — бацька ўспомніў польскую ўладу... Бацька і пенсія 13.01.2012. «Дзе мая пенсія? Ужо чатыры гады мне не пры- носяць грошы! Пайду на пошту і скаргу напішу!» — кажа бацька. Я маўчу, бо калі пачну тлумачыць, што да чаго і што ён цяпер жыве ў горадзе у чужой кватэры, бацька ўспомніць пра вяско- вую хату, якая ўжо амаль тры месяцы пустуе... * * * 13.01.2012. Мыш залезла ў слоік з малаком і ўтанула... * * * 13.01.2012. Снег у галаве... Галава ў снезе... Яшчэ далёка да вясны... 14.01.2012. Учора з-за снегападу доўга ехаў у бібліятэку Цёткі на выступленне ў паэтычным тэатры «Арт.С», дзе па- спяхова, дзякуючы Аксане Спрынчан і Ярашу Малішэўскаму, распачаўся наш год Арэхавай Вавёркі. Седзячы ў тралейбусе і думаючы пра вясну, зарыфмаваў: Яшчэ далёка да вясны, Яшчэ далёка. І пра вясну нам сняцца сны, Як пра Марока. І снег, нібыта яблынь квет, Ляціць з аблокаў. І гэты белы-белы свет, Як вершы Блока. Яшчэ далёка да вясны, Яшчэ далёка. І мне ў твае не трапіць сны, Як у Марока... 274 * * * 15.01.2012. Пад снегам, як пад штукатуркай фрэскі, схаваны калюгі з умерзлай у лёд восеньскай лістотай... Бацька і маці 15.01.2012. Пра маму, якую цяпер даглядае мая сястра Валя, бацька не пытаецца, але, калі я часам пачынаю яго вучыць, як жыць у гарадской кватэры, ён кажа: «Мама добрая была...» Майстар і Маргарыта 15.01.2012. Дзякуючы Алесю Емяльянаву, які ўчора пакінуў флэшку з фільмамі, з Людмілай глядзілі югаслаўскі варыянт «Майстра і Маргарыты», што быў зняты ў 1972 годзе. Дзея ад- бываецца зімой. І калі трамвай адрэзаў Берліёзу галаву, я ўзгадаў свой запіс, зроблены 13 студзеня: «Снег у галаве... Галава ў сне- зе...» Цяпер я ведаю, як гэта выглядае... Танцы на стале 16.01.2012. Коля Ганьчын, станцаваўшы на стале ў сваёй былой нявесты, якая выходзіла замуж за другога, стаў танца- ваць і на іншых вяселлях, куды прыходзіў сам ці клікалі. Праз нейкі час Колевы танцы набылі папулярнаць, і ўжо, калі вяселле праходзіла без танцаў на стале, яно лічылася няўдалым. Мой будучы бацька, сабраўшыся жаніцца, хацеў запрасіць Колю Гань- чынага сватам, але мая будучая мама не дала яму на гэта згоду, бо ў яе родных Лягезах моды танцаваць на стале не было... * * * 17.01.2012. Прыходжу да бацькі на кватэру. Ён апрануты і абуты. Боты ўсцягнуты на босыя ногі. Правы бот на левую нагу, левы на правую. Пытаюся: «Куды сабраўся?» — «У вёску дамоў!» — «Чаго?» — «Бульбу садзіць!» — «Зіма ж яшчэ».— «Пакуль дайду, вяс- на будзе!» * * * 17.01.2012. У скверы над снегам свецяцца ліхтары, як зімовыя гарлачыкі, якія распускаюцца, калі пачынае цямнець... 275 Прыходзіў мастак... 18.01.2012. Прыходзіў мастак. Даволі вядомы. Прынёс афармленне кнігі. Паглядзелі, нібыта пабылі ў Савецкім Саюзе, дзе няма ні сексу, ні камп’ютараў, ні добрай паперы... Свіння 20.01.2012. Хлопец прыехаў у вёску, каб дапамагчы старым бацькам закалоць свінню. Закалоў. І бачаць — са швайкай у грудзях, на акрываўленым снезе, ляжыць брыгадзір, які восенню не даў старым каня, каб разараць бульбу... Бацька і маці 20.01.2012. «Мая Ніна ў мяне добрай бабай была!» — хваліцца бацька, даведаўшыся, што мама ўсё слабее і слабее. «Чым жа яна была добрая?» — пытаюся. «Камандавала! Ідзі есці! Ідзі на рабо- ту! Ідзі спаць!» — адказаў бацька... Дома... 22.01.2012. (Прыснілася). З электрычкі іду па снежным цалі- ку. На шэрым даляглядзе мае Пугачы. Выходжу на дарогу, па якой зрэдку праязджаюць грузавыя машыны і легкавушкі. Хачу пад’ехаць, але руку не падымаю, каб хто спыніўся, і ніхто не спыняецца. Падыходжу да роднай сялібы, а на месцы хаты стаіць сячкарня, з якой сыплецца і сыплецца белая сечка снегу... Раней і цяпер... 23.01.2012. На выхадныя мой малодшы брат ездзіў у вёску. Раней, выйшаўшы з хаты, гасцей сустракала мама з бацькам. Ця- пер ранкам насустрач Вову з хлява, дзе яшчэ засталася салома, выбегла на некрануты снег, брэшучы, каля дзясятка незнаёмых сабак, сярод якіх быў і наш малы... * * * 24.01.2012. На працы холадна. Паперы на сталах, як снег… 276 Малькі дыназаўраў... 25.01.2012. «У яе зялёных валасах кішэлі вошы, як малькі дыназаўра ў водараслях марскіх...» — гэты радок з’явіўся, калі ў тралейбусе ўбачыў п’яную жанчыну з пафарбаванымі валасамі... Сын 25.01.2012. Зіма. Вечар. Каб крыху пагрэцца і паслухаць жы- вых паэтаў Анатоль Сыс прыйшоў на пасяджэнне «Літаратурнага прадмесця», якое праходзіла ў Музеі Янкі Купалы. Сядзеў спакой- на, і яго ніхто не бачыў і не адчуваў. Калі пасяджэнне закон- чылася і ўсе паэты пакінулі памяшканне, дзяжурная вырашыла здаць музей на сігналізацыю і пайсці дахаты. І толькі жанчына захацела выключыць святло, як Сыс прамовіў: «Не пакідай- це ж мяне, каб не ўмёрлі!» — «Хто вы такі?» — грозна запыта- лася дзяжурная. «Я — сын Янкі Купалы!» — адказаў Сыс. Жан- чына не спалохалася. І з таго вечара ў музеі начуе сын Янкі Ку- палы... Янішчыц 26.01.2012. З Магілёва патэлефанавала аднакурсніца Яўгеніі Янішчыц Тамара Аўсяннікава з прапановай да 70-годдзя паэткі выдаць яе Збор твораў у 5-ці тамах. Дамовіліся, што яна, Каляд- ка і сын Яўгеніі Іосіфаўны зоймуцца гэта справай. Ад Тамары Аўсяннікавай даведаўся, што продак Яўгеніі Янішчыц Герман Чугай у сярэдзіне XIX стагоддзя прыехаў у Беларусь з Германіі. Ажаніўшыся з мясцовай дзяўчынай, выгадаваў двух сыноў Паўла і Пятра. Адзін з іх і стаў прадзедам паэткі… Ацяпленне і вечарына 27.01.2012. Вечарам прыйшоў на кватэру да бацькі. У пакоях, як у лядоўні. Што такое? Гляджу, а награвальная калонка параво- га ацяплення не працуе. Як яе ўключыць? Не ведаю. Інструкцыі аніякай. Пайсці да суседзяў? Гаспадыня казала, каб ні з кім не меў спраў. І пачаў сам уключаць. Недзе з паўгадзіны калупаўся, пакуль разабраўся, што да чаго. Ад бацькі дамоў вярнуўся амаль праз тры гадзіны, а збіраўся ж пабыць з паўгадзіны і паехаць у Музей гісторыі беларускай літаратуры на вечарыну, прысвеча- ную 10-годдзю суполкі «Літаратурнае прадмесце»… 277 Бацька ўспомніў… 27.01.2012. Пакуль прыбіраў у бацькавай кватэры, наслухаўся ўспамінаў. Упершыню даведаўся, што ў бацькі, акрамя брата Славіка і сясцёр Ноні і Галі, была яшчэ сястра Іра. Яна пражыла тры гады і памерла ад нейкай даваеннай эпідэміі. Тады ў Пу- гачах хварэлі амаль усе дзеці. Бацька хварэў таксама, але неяк ачухаўся, а Іра памерла. Пахавана ў Дубровах… * * * 28.01.2012. Як крынічная вада, неба чыстае і халоднае, і са- малёт у ім, як белая льдзінка… * * * 28.01.2012. Сёння дома заўважылі, што ў нас яшчэ стаіць на- вагодняя ялінка. Прыбралі… * * * 29.01.2012. Снілася мама. Маладая. Па-святочнаму апранутая. Прыехала на возе ў госці. Болей нічога не магу ўспомніць… Мікола Макарцоў 29.01.2012. З рэжысёрам і акцёрам Міколам Макарцовым я пазнаёміўся, працуючы ў «ЛіМе», куды ён пры рэдактарстве Алеся Пісьмянкова прынёс свае вершы. Тое-сёе паправіўшы, мы прапусцілі некалькі твораў у друк. Мікола быў жыццярадасным і поўным рэжысёрскіх і паэтычных планаў. Па ягоных сцэнарыях прайшло шмат літаратурна-мастацкіх свят у абласных і раённых цэнтрах. У Міколы была адна вялікая мара выдаць сваю кніжку вершаў. І ён яе выдаў, і 24 студзеня на 64-м годзе жыцця памёр членам СПБ… Квяткоўскі і жарты 29.01.2012. Вечарам да нас дахаты заходзіў Алесь Квяткоўскі, каб наш Максім яму перакінуў на камп’ютары здымкі з ад- наго дыска на другі. Крыху пагаварылі пра мастацтва і но- выя працы Алеся. Развітваючыся, я жартам прапанаваў земляку прыўнесці ў ягоныя карціны нечаканасцей. Так, у карціне «Ба- лота» намаляваць Сабаку і Граждана, якія плывуць па балотнай вадзе ў труне і назваць яе «Пераправа». У карціну, дзе наша зямлячка Канстанцыя Буйло, дамаляваць Уладку Станкавічанку і Паліну Мядзёлку, якія гуляюць у карты на распрананне. Тут жа на канапе пад белай прасціной павінен ляжаць паэт у адным гальштуку і чакаць тую, якая прагуляецца да гала. Карціну на- зваць «Няроўны шлюб». Людміла ад душы пасмяялася, Алесь жа абяцаў скарыстацца маёй жартаўлівай прапановай… Бацькаў выбар… 30.01.2012. Сёння ад бацькі даведаўся, што ў яго ў пяцідзясятыя гады пасля службы ў Савецкай Арміі быў выбар: ісці працаваць участковым у Чысьці, што каля Ракуцёўшчыны, ці быць салдатам ізраільскай арміі, куды яго клікаў сябар Антон, што іміграваў з Савецкага Саюза. Бацька выбраў пасвіць кароў… * * * 31.01.2012. У скверы каля дарожак з-пад снегу віднеюцца кучы пяску, як мурашнікі… 279 ЛЮТЫ Бацькавы суседкі… 1.02.2012. Калі на кватэру, дзе зімуе бацька, прыходзіла гаспадыня, я пацікавіўся: «Хто тут жыве па суседстве?» — «За адной сценкай прастытутка, а за другой дзеўка з трымя малымі дзецьмі!» — адказала гаспадыня кватэры… * * * 1.02.2012. У заснежаным скверы па сцяжыне, якую я праклаў да бацькі тыдзень назад, цяпер ходзяць людзі… * * * 2.02.2012. Калі праходзіш міма маладой жанчыны, і ў мароз адчуваеш яе цеплыню… Пісьменнік і вераб’і 3.02.2012. Тэлефанаваў з Віцебшчыны пісьменнік. Жыве ў вёсцы. Мінулай ноччу было 33 градусы марозу. Казаў, што зімой корміць вераб’ёў і траціць на іх па 400 тысяч рублёў у месяц… Мама! Матуля мая! 4.02.2012. Слухаю і слухаю песню Сяргея Новіка-Пяюна «Мама! Матуля мая!». Плачу, бо бачу перад сабою сваю маму. Успамінаю Сяргея Міхайлавіча, з якім мы жылі побач і, калі прыходзілі да яго ў госці, ён нам спяваў гэтую песню. А цяпер спявае Адась Матафонаў. Цудоўна спявае! Цудоўна!!! * * * 5.02.2012. Люда пайшла ў царкву. Максім яшчэ спіць. А я, вярнуўшыся ад бацькі, сяджу каля камп’ютара і цягаю інфармацыю, як з палонкі рыбу… 280 * * * 5.02.2012. Прачынаюся ў вёсцы ў роднай хаце. Холадна. Уключаю святло і бачу, што знаходжуся ў сваёй гарадской кватэ- ры. Выключаю святло, і я ізноў у вясковай хаце і мне холадна… Бацька і кубак 6.02.2012. Раніцай, прыйшоўшы да бацькі, убачыў, што на стале няма аднаго кубка. Было тры. Амаль гадзіну шукаў і не знайшоў. У бацькі пра кубак не пытаўся, бо зразумеў, што ён яго разбіў і схаваў. І толькі вечарам у калідоры за старой і непатрэб- най газавай плітой заўважыў адзін са схаваных аскалёпкаў кубка… Крыху вясновае… 7.02.2012. Мароз марозам, а ў галаве па дарозе з працы зарыфмаваліся вясновыя радкі: О, як хачу табе я пазваніць, Нібыта самы чорны лес спаліць, Каб ён адразу неба асвяціў, Дзе я табе ўсе зоркі прысвяціў. Але табе я болей не званю, Каб не парушыць нашу цішыню, Што паміж намі, нібы чорны лес, Які я пасадзіў, балбес… Чатыры пакеты 9.02.2012. Учора вечарам, калі ішоў на кватэру да бацькі, по- бач з ягоным домам у метрах дзесяці ад сметніцы, сярод шыро- кай сцяжыны, стаялі чатыры поўныя пакеты. Хацеў паглядзець, што там у пакетах, але пабаяўся, падумаўшы, што гэта, можа, якія бомбы. Праз паўтары гадзіны, калі ўжо ішоў дахаты, пакеты яшчэ стаялі, а сёння раніцай іх не было, і на дзвярах пад’езда я прачытаў абвестку: «Хто знайшоў чатыры пакеты з пультамі ад тэлевізара, просьба вярнуць за ўзнагароду…» Купала і малады чалавек 9.02.2012. Прадаём факсімільнае выданне кнігі Янкі Купалы «Шляхам жыцця», якая ўпершыню выйшла ў 1913 годзе. І тут раптам малады чалавек пытаецца: «А вы часам не рэдагавалі Купалу?» — «Дык гэта ж факсімільнае выданне! І гэта ж Янка Купала!» — абураюся я. «Ну тады добра! А то некаторыя і ў 281 факсімільныя выданні ўносяць свае праўкі»,— кажа малады ча- лавек і купляе кнігу… Багдановіч і дзеці 10.02.2012. На кніжнай выставе прэзентавалі кнігу з серыі «ЖЗЛБ» «Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы», якую склала Таццяна Шэляговіч. Прэзентацыю ўпрыгожылі і надалі ёй паэ- тычнасць вучні са школы № 185 літаратурна-музычнай кампа- зіцыяй па творах Багдановіча. Кіравала дзецьмі завуч школы Марына Емяльянава. Алесь Наварыч, які стаяў побач са мной, сказаў: «Гэта самае лепшае за тры дні выставы, што можна было тут пачуць і ўбачыць!» Кнігі… 10.02.2012. Набыў кнігу Томаша Главінскага «Забыты гарнізон. Аддзелы Корпуса аховы памежжа ў Івянцы ў 1924—1937 гадах». Мне, як валожынскаму чалавеку, усё, што звязана з роднымі мясцінамі вельмі цікава. Чамусьці адразу пасля набыцця гэтай кнігі ўзгадалася, як недзе ў 1996 годзе я з нашым тэлебачаннем тры дні ездзіў па Валожыншчыне. Здымалі невялікія сюжэты пра маіх таленавітых, знакамітых і працавітых землякоў. У адной з вёсак каля Івянца былі ў хаце васьмідзесяцігадовага мясцовага інтэлігента. Ён гаварыў па-польску і вельмі радаваўся знаёмству са мной, бо чытаў мае вершы. На сценах у хаце віселі невялікія карціны і старыя фотакарткі ў рамках пад шклом. У зале стая- ла піяніна, на якім нам гаспадар сыграў паланэз Агінскага. Развітваючыся, я запісаў адрас старога інтэлігента і абяцаў вы- слаць яму сваю кнігу. На жаль, не выслаў… * * * 10.02.2012. На кніжнай выставе, як у Ноевым каўчэгу… * * * 11.02.2012. Мароз. Мужчына з выставы нясе ахапку кніжак, як ахапку дроў… Працяг гасцявання… 12.02.2012. Учора з Людмілай былі ў гасцях у цудоўных людзей, дзе было шмат нашых добра знаёмых і сяброў. Дамоў вярнуліся позна і ў вясёлым настроі. З лёгкасцю заснуў і прысніў 282 працяг нашага гасцявання, у якім, перад тым як разыходзіцца па дамах, паэтка А. прапанавала ўсім паглядзець, што там робіцца ў іншых гаспадарскіх пакоях, дзе мы яшчэ не былі. І мы пайшлі. Зайшлі ў адзін. А там буцік, у якім, каб мы ўсе змаглі выйсці з яго, трэба хоць нешта купіць. Людміла купіла прыгожы шалік, і мы пайшлі ў другі пакой, у якім паэтка А. выкупіла падарожжа ў маю вёску. На жаль, у вёску мы не трапілі, бо па лясной да- розе назбіралі грыбоў, з якімі вярнуліся да гаспадароў нашага гасцявання і аддалі на кухню смажыць. Потым мы ўсе зайшлі ў пакой, дзе я купіў матор з прапелерам, на якім можна лётаць. Хацеў усіх звазіць у вёску, але не было гаручага, і мы пайшлі ў наступны пакой. І толькі мы зайшлі ў пакой, як нейкі здаравяка схапіў спявака З. і, накінуўшы на яго сабачы ашыйнік з шыпамі, загнаў яму ў галаву велізарны мядзяны цвік. Крыві не было. У жаху ўсе разбегліся, а я прачнуўся… * * * 12.02.2012. Раніцай вярнуўшыся дамоў ад бацькі, раптам падумаў, што забыўся выключыць газ, на якім грэў гарбату. І ўявілася мне, што сапраўды газ гарыць і вось-вось закончыц- ца вада ў чайніку, і пачнецца пажар. Амаль бягом вярнуўся да бацькі на кватэру. Зайшоў на кухню. Газ выключаны… * * * 12.02.2012. Матылі — гэта парэшткі адзення памерлых… Вечарам… 12.02.2012. Вечарам з Людмілай сустрэлі трох музыкаў з інструментамі. Малы нёс велізарны кантрабас. Гледзячы на музыкаў, падумаў: «Відаць, вяртаюцца з пахавання… А можа, спазняюцца на вяселле…» * * * 12.02.2012. Прачнуўся сярод ночы. І з нечаканай думкай, што ў вёсцы ў пустой хаце памерзлі вазоны, не мог доўга за- снуць… Белы і калекцыя 12.02.2012. Жонка Анатоля Белага Ала Мікалаеўна праз Яўгена Гучка перадала мне каталог калекцыі прыватнага мастац- 283 кага музея Анатоля Белага ў горадзе Старыя Дарогі «Раскрылі крылы музы». Белы памёр, і ўсё багацце, што ён сабраў, за- сталося на роднай зямлі. А некаторыя баяліся даваць яму свае мастацкія творы… Чорны кот 13.02.2012. З суседняга пад’езда выйшаў чорны кот. Пастаяў, паглядзеў на заснежанае навокалле і пайшоў назад, мяўкнуўшы, нібыта сказаўшы: «Марцаваць яшчэ ранавата!» Бабуля і ўнук 13.02.2012. Ідучы праз сквер да бацькі, напаткаў бабулю з унукам гадоў пяці. Бабуля, ні на кога не звяртаючы ўвагі, гучна пыталася ў дзіцяці: «Колькі будзе пяць дадаць сем?» Малы ў адказ плакаў, а бабуля ўсё роўна не адчэплівалася: «Колькі будзе пяць дадаць сем?!» — «Дванаццаць!» — сказаў я і ўбачыў у сябе перад носам дзіцячы чырвоны пісталет, які бабуля, падышоўшы да мяне, дастала з кішэні чорнай курткі… * * * 13.02.2012. У скверы зноў на лаўках з’явіліся любіцелі выпіць і закусіць на прыродзе. Відаць, болей маразоў не будзе… Міша Сапега 14.02.2012. На другі дзень кніжнай выставы Мікола Нікалаеў з Санкт-Пецярбурга, сустрэўшыся са мной, падарыў невялічкую кніжку, якую я тут жа паклаў у партфель і толькі сёння дастаў, каб паглядзець, што за падарунак атрымаў. А атрымаў я кніжку Мішы Сапегі «Рознае», якую на беларускую мову пераклаў Мікола Нікалаеў. Ва ўступным слове напісана: «Час пазнаёміць Беларусь з адметнай з’явай сучаснай піцерскай культуры. Гэта Міша Сапега — ён нарадзіўся ў раёне Маскоўскага праспекта, які за царом называўся Забалканскім праспектам. Дзед Мішы — Міхаіл Васільевіч Сапега, ураджэнец вёскі Сапегі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, пасяліўся тут каля 1929 г. і стаў шліфоўшчыкам на ваенным заводзе. Бацька Мішы Сапегі Ге- надзь Міхайлавіч і дзядзька Віктар Міхайлавіч сталі маракамі. І Міша Сапега стаў мараком. Ён вучыўся ў Макараўцы (зараз акадэмія імя адмірала Макарава) і дзеля практыкі нават хадзіў 284 матросам па вялікай сібірскай рацэ Калыме. Але пасля гэтага змяніў курс. Міхась далучыўся да «Міцькоў». Група «Міцькі» — гэта «піцерская» субкультура Ленінграда напярэдадні перабу- довы і рэспектабельныя дзядзькі з настальгічнага Ленінграда ў Піцеры нашых дзён. На мяжы тысячагоддзя (1995—2011) часткай праекта «Міцькі» стала выдавецтва «Чырвоны матрос», заснаванае Мішам Сапегам. «Чырвоны матрос» выдаў каля двух- сот кніг… З кнігай Сапегі ў дом прыходзяць невыдуманыя віды прыгожага і жывога Піцера, апалітычныя рэфлексіі з прахадных двароў нашага горада, успаміны дзяцінства і іранічная філасофія патомнага пецярбуржца з беларускім княжацкім прозвішчам». Не магу не працытаваць: Санкт-Пецярбург. А ў маім Ленінградзе столькі варон не было… * слухаючы музыку, пальцы часам абпаліш,— толькі тады і заўважыш, што цыгарэта сатлела… * * * 14.02.2012. У бацькі выгляд, нібыта ён вываліўся з Ноевага каўчэга, і цяпер на чужой канапе плыве на Божы суд, не разу- меючы, дзе ён і што адбылося з ім… * * * 14.02.2012. І пастукала да бацькі ў акно варона, каб даць яму кусок сыру. А бацька паслаў варону падалей і застаўся га- лодным… * * * 14.02.2012. Чорныя і светлыя птушкі, як чорныя і светлыя думкі, узляцелі з Пішчалаўскага замка… * * * 14.02.2012. Жыццё з мамай, як вядро з жывой вадой, якое, абарваўшыся, падае назад у цемрыва студні, дзе вада як неба, і неба як вада… 285 * * * 15.02.2012. Сёння раніцай у 7 гадзін 15 хвілін памерла мая мама. 19 красавіка ёй было б 82… Мама была добрая… 15-16.02.2012. Свае апошнія паўгода мама жыла ў маёй ся- стры Валі. І я ўвесь гэты час кожную раніцу, ідучы да бацькі, баяўся тэлефонных званкоў… «Як там наша мама? Жывая?» — пытаецца бацька. «Жывая. Але ўжо вельмі слабая…» — адказваю я, і ў гэты момант мой мабільны кліча да сябе. Тэлефануе брат Вова і паведамляе, што толькі што ў 7 гадзін 15 хвілін памерла наша мама… Іду ад бацькі па ранішнім скверы, і ліхтары, якія яшчэ нядаўна былі, як апельсіны, бачацца свечкамі… Дома яшчэ ўсе спяць. Нікога не буджу. Паўтараючы адно слова «мама», гляджу, як узыходзіць сонца, як залатая ікона… Тэлефануе заплаканая сястра. Пытаецца, што будзем рабіць… Тэлефаную ў Ракаў цётцы Марыі і прашу дапамагчы ў пахаванні… Дзень праходзіць, як вечнасць… Дзве крамы «Рытуальныя паслугі», якія паблізу нас, закрыліся назаўсёды… Еду на Альшэўскага. Стаю на прыпынку. І раптам нехта мяне кранае за локаць. Паварочваюся. Анікога… Вяртаюся дамоў з вянком, як са шчытом… Люда і дзеці побач. Мамы няма… Спрабую заснуць. Баліць сэрца, і я баюся не прачнуцца… У шэсць гадзін я на кватэры ў бацькі. Пра маму нічога не кажу. Кармлю яго і ледзьве стрымліваю слёзы. Бацька ж паўтарае: «Мама была добрая…» У восем гадзін выязджаем у Ракаў, дзе трэба ўсё падрыхта- ваць да пахавання, пакуль маму ад сястры звозяць у Пугачы, каб прыйшлі аднавяскоўцы развітацца. Едзем моўчкі. Я ўсю дарогу гляджу на гадзіннік і на прыдарожныя слупы, па якіх даведваю- ся, колькі кіламетраў засталося да Ракава… З цёткай Марыяй едзем да кафэ, дзе па дамоўленасці з гаспадыняй, якая жыве ў Мінску, будзе памінальная вячэра. Дзе- вяць гадзін. Кафэ на замку… Цётка Марыя ідзе да жанчыны, якая працуе ў кафэ, каб даведацца, чаму няма гаспадыні, калі дамаўляліся сустрэцца ў дзевяць гадзін. Мінула дзесяць хвілін, дваццаць, паўгадзіны. Цёт- ка не вяртаецца… 286 Тэлефануе сястра, і я даведваюся, што яны затрымліваюцца з выездам, бо аўтобус не заводзіцца… Ідзём з Людай шукаць цётку Марыю. Не знаходзім… У дзесяць гадзін з’явілася цётка, якая зайшла ў суседні дом з кафэ і загаварылася. У гэты час прыехала з Мінска гаспады- ня кафэ. Тут жа патэлефанавала сястра і паведаміла, што яны выехалі… Тэлефаную бацюшку, каб напомніць, што мы з ім дамовіліся на адпяванне на 12 гадзін. Не можа на гэты час, бо ён у Мінску ў епархіі. Дамаўляемся на 13… У вёсцы каля нашай хаты сябраліся вяскоўцы, каб развітацца з нашай мамай… У 12 гадзін з Пугачоў маму прывозяць у Ракаў. Мароз і сонца. У царкве, як у лядоўні. Агеньчыкі свечак, як з раю залатыя пчолы… Бацюшка адпявае. Гляджу на маму і мне здаецца, што яна вось-вось сядзе і скажа: «Ну добра! Хопіць мерзнуць! Пойдземце на вуліцу, парадуемся сонцу!» Дол для мамы выкапаны на ўзгорку. Гляджу на дно магілы, а там пакладзены яловыя лапкі, а праз іх свеціцца, як неба, вада… «Тут усюды вада, бо месца крынічнае»,— кажа далакоп, і я ўспамінаю, што ў метрах трохстах адсюль стаіць каплічка са святой крыніцай… Развітваемся з мамай. Цалую ў лоб і рукі. Чую голас цёткі: «Пацалуй маме ногі на ўдачу…» Цалую і праз слёзы бачу, што мама ўсміхаецца мне… Вяртаемся дамоў і, як малітва, гучыць ува мне: «Мама была добрая…» * * * 17.02.2012. «Як там мама?» — запытаўся бацька. «Ляжыць. Ад- пачывае…» — адказаў я і адвярнуўся, каб бацька не бачыў слёз… Да мамы ў Ракаў… 17.02.2012. Ранкам патэлефанавала сястра Валя і прапанава- ла: «Паехалі да мамы!» З учарашняга дня да мамы будзем ездзіць ужо не ў Пугачы, а ў Ракаў… Люда і я сустрэліся з Вовам, Валяй і яе мужам Віцем на пры- пынку «Каменная горка». Такой кампаніяй у дарогу да мамы мы сабраліся ўпершыню... Раней за нас маму адведаў наш стрыечны брат, сын цёткі Марыі Ігар. Ён абгарадзіў магілу, каб і нашаму бацьку было мес- ца каля мамы… 287 Успаміналі, якой была мама і якімі мы былі ў мамы. Выяз- джаючы з Мінска, планавалі пабыць з мамай хвілін пятнаццаць, бо марозна. Прабылі з мамай больш за гадзіну… На могілках адведалі роднага брата мамы, мужа цёткі Марыі Паўла, які памёр ў 2003 годзе. Узгадалася, што, калі нашы бацькі пабраліся шлюбам, дзядзька Павел клікаў маладажонаў будавац- ца ў Ракаве. Бацька не захацеў пакідаць сваіх бацькоў, таму хату збудавалі ў Пугачах. Мама часта ўспамінала магчымасць жыць у Ракаве і шкадавала, што не паслухаліся Паўла. Цяпер яна побач з братам на Ракаўскіх могілках… Заехаліся да цёткі Марыі, каб падзякаваць за дапамогу ў пахаванні і пачулі: «А я тут чытаю Псалтыр, каб Ніне было лягчэй». Старэйшая маміна сястра Шурка другі тыдзень як у Ракаўскай бальніцы. Зайшлі да яе ў палату, і яна адразу нас усіх пазнала. Цётцы 89 год… На пытанне: «Як жывяце?» — цётка Шурка адказала: «Жыву, як гарох пры дарозе. Усе шчыпаюць!» Мама была добрай, з мамай было добра… * * * 20.02.2012. Няспешна вяртаюся з Храма, І неба над мною, як мама… * * * 20.02.2012. Чытаю малітвы, нібыта праз вечнасць іду ў по- шуках мамы… * * * 20.02.2012. Магіла мамы стала для мяне цэнтрам маёй зямлі, маёй Беларусі… * * * 21.02.2012. Гэты свет, нібы двор прахадны, Ад калыскі вядзе да труны… * * * 22.02.2012. Для мяне жыццё падзялілася на жыццё з мамай і без мамы… * * * 23.02.2012. Сёння дзевяць дзён, як у мяне няма мамы… На слова «мама» мне ніхто не адгукнецца, І пройдзе гэта ноч, і новы дзень пачнецца, 288 І буду я цяпер да скону сіратой, Без мамы, як без сонца, без вады жывой… Сёння ў «ЛіМа» свята… 24.02.2012. Сёння «ЛіМ» святкуе сваё 80-годдзе. Я ў ім адпрацаваў амаль дзесяць гадоў. Узгадалася першая публікацыя ў штотыднёвіку: «Калі я вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, жыў на вуліцы Змітрака Бядулі. Яна знаходзілася зусім блізка ад Захарава, 19, дзе была і ёсць рэдакцыя «Літаратуры і мастацтва». На той час я ўжо друкаваўся ў «Чырвонай змене», наведваў «Маладосць», а ў літаб’яднанні «Крыніцы» мне параілі схадзіць у «ЛіМ». І я, сямнаццацігадовы, вырашыў знайсці гэтую рэдакцыю. У мяне звычайна часу не было: гэта ж не лета, калі дзень доўгі, а восень — тут і заняткі, і цямнее рана… Я ж вясковы хлапец, які прывык не бадзяцца па незнаёмым горадзе, тым больш што маці гаварыла — нікуды па вечарах не хадзі, сядзі дома. І я сядзеў у інтэрнаце. Але неяк вечарам выпадкова праходзіў з сябрамі па вуліцы Захарава і заўважыў шыльду «Газета “Літаратура і мастацтва”». Запомніў. Пасля падрыхтаваў вершы, спецыяльна на заняткі не пайшоў і выправіўся ў «ЛіМ». Хадзіў-хадзіў недзе гадзіны дзве, усё там абышоў — не знайшоў. Цяпер толькі дзіву даюся — як жа можна было не знайсці?.. Калі ж адшукаў, адразу скіраваўся ў аддзел паэзіі. Там працаваў Юрась Свірка. Вершы мае ўзялі і сказалі зайсці праз месяц. Я зайшоў праз месяц — Свірка кажа: «Не чытаў, братка. Зайдзі яшчэ праз два». Заходжу праз два — не чытаў. Праз тры месяцы — не чытана нічога. Цякучка (як і цяпер). Тады хоць і людзей ў штаце было многа, але не паспявалі чытаць. Праз год прыходжу і чую — будзем друкаваць. У якім нума- ры? «А вось хутка будзе Ленінскаму камсамолу 60 гадоў…» У тым нумары (27 кастрычніка 1978 года, № 43) надрука- валіся Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Мікола Мінчанка, Уладзімір Васько, Вольга Русілка, Тадэвуш Чарнавус, Леанід Пранчак, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Мазго, Леанід Якубовіч, Валерый Шкурын, Таццяна Дзмітрусёва і я. Верш называўся «На адкрыцці абеліска». Патрыятычны такі… Пад ну- мар падбіралі. Для мяне гэтая публікацыя была вельмі значная, бо я ведаў, што ў такім узросце на той час друкаваліся толькі 17-гадовы Анатоль Шушко і Алесь Разанаў, яшчэ школьнік. Хоць на год і выходзіла 52 нумары газеты, пачатковец мог туды 289 трапіць толькі ў сувязі з такімі вось датамі ці прадстаўляючы нейкае літаб’яднанне. Наступная публікацыя ў «ЛіМе» адбылася толькі праз тры гады — 11 снежня 1981 года (№ 50). Да гэтага маё прозвішча ўпаміналася хіба што ў аглядах. Нумар быў прысвечаны нарадзе маладых у Каралішчавічах. На адным развароце змяшчаліся творы Алеся Жыгунова, Алега Мінкіна, Васіля Сахарчука, Валянціны Хам- чук, Леаніда Галубовіча, Адама Глобуса, Міраслава Шайбака і мае. Ходзячы дарогамі зямнымі, Прыкмячаю, што ў краях далёкіх Гэтак, як і ў нас, красуюць кветкі, Жыта спее, зелянеюць дрэвы, Аднаго там не хапае — маці… З белымі вершамі тады наогул складана было. У Разанава не хацелі нават кніжку выдаваць. Увесь час, калі я працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», патрабаванні да аўтараў былі вельмі высокія. Нават да старэй- шых ставіліся строга. Лепшыя творы друкаваліся на восьмай і дзявятай старонках. А дванаццатую адводзілі для твораў «З літаратурнай пошты». І тут друкавалі тых, каго не маглі не дру- каваць, бо стары, заслужаны, але на восьмую і дзявятую старонкі не дацягвае. Пра гэта ведалі толькі ў рэдакцыі. Гэта было даўно, але гэта было… Мужык і Верка 25.02.2012. «Мужык Верку Мацюшыкаву на ланцуг навязваў…» — расказвае бацька пра Пугачы. «Чаму?» — цікаўлюся я. «А таму што надта была красівая!» — адказвае бацька. * * * 25.02.2012. Сёння паэту Алесю Пісьмянкову было б 55. Учора з гэтай нагоды ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына «Рыцар паэзіі». Восем год назад я быў ма- ладзейшы за Алеся на тры гады, цяпер я старэйшы на пяць. Час ляціць! Выступоўцаў хапала, але, на жаль, аніводнага не было літаратара з сённяшніх маладых… * * * 26.02.2012. Пагаліў і падстрыг бацьку. Ён увесь час быў маўк- лівы і сумны, як трынаццаты апостал, які заблудзіўся ў вечнасці… Свая гісторыя… 26.02.2012. Нядаўна глядзеў па расійскім тэлебачанні, як дзве прыгажуні сур’ёзна разважалі пра вайну 1812 года. Адна дагаварылася, што Напалеон сканаў у Маскве ад пажару. Другая таксама паказала сваю мудрасць, сказаўшы, што помнік Мініну і Пажарскаму — гэта помнік двум мужыкам, адзін з якіх ставіў міны, а другі паліў Маскву… Сумна… 26.02.2012. Па дарозе ў Вільню Менее бяроз. Снег, як пілавінне, Сыплецца з нябёс. Ды не знікне тое, Што павінна быць, Бо яно святое, Бо душа баліць І за нашу Вільню, І за шум бяроз, І за пілавінне, Што ляціць з нябёс… * * * 27.02.2012. Бацька расказвае пра золата, якое было ў Мацю- шыкаў. На маё пытанне: «Дзе яно цяпер?» — бацька адказаў: «Што Пеця Мацюшыкаў не прапіў, тое бабы пакралі, якія да яго лезлі ў жонкі…» Бацька і Кукабэка 29.02.2012. «Ці скора Вялікдзень?» — пытаецца бацька. «Яшчэ трэба пачакаць…» — адказваю я. «Падгаворым Кукабэку! У яго ёсць гармонік. І пойдзем у валачобнікі. Спачатку ў Еленку!» — працягвае бацька. «Колькі ж гадоў твайму Кукабэку?» — цікаўлюся. «Ды ён даўно памёр»,— чую ў адказ. «А як ён мёртвы пой- дзе?» — «Калі добра падгаворым, дык і ён пойдзе!» — кажа бацька і пачынае расказваць, якім добрым гарманістам быў Кукабэка… * * * 29.02.2012. Сёння чатыры месяцы, як бацьку прывезлі ў го- рад. Пра вёску амаль ужо не пытаецца. Жыве ўспамінамі пра час да сваёй жаніцьбы… 291 САКАВІК * * * 2.03.2012. «Мама хварэць не ўмела. Мама мая не хварэ- ла…» — напісаў два радкі і спыніўся, бо спынілася маміна сэрца… * * * 2.03.2012. Прыходзіў Вераціла, у якога трынаццаць зубоў. Прыводзіў падобнага на сябе мастака, у якога яшчэ амаль усе зубы… * * * 2.03.2012. «Дзед у сенцах гнаў самагонку — расказвае баць- ка.— Раніцай прыходзілі мужыкі пробаваць. Пробавалі цэлы дзень…» * * * 2.03.2012. Яшчэ зусім нядаўна думаў, што мама дажыве да часу, калі прыйдзе Бог і скажа: «Усе, хто дажыў да сённяшняга дня, будуць здаровыя і будуць жыць вечна!» * * * 2.03.2012. Думаю толькі пра маму. Стараюся не заглыбляцца ва ўспаміны і гэтым ратуюся ад слёз… * * * 2.03.2012. Без мамы жыць цяжка. Глыбіню гэтых слоў зразумеў, страціўшы маму… * * * 2.03.2012. Ужо сёння мама планавала б, у які дзень будзем садзіць бульбу… 292 Лёнька 4.03.2012. Даведаўся, што амаль месяц назад у Татарскіх па- мёр Лёнька Якаўлеў. Яму было 53 гады. У школе ў мяне з ім былі добрыя адносіны. Падчас службы ў войску Лёнька ўпаў з вышкі і, атрымаўшы траўму галавы, быў камісаваны. Жыў пры маці, якая працавала паштальёнкай, і, калі застаўся адзін, быў пад наглядам аднавяскоўцаў… Мама і «Звязда» 4.03.2012. Мама амаль 50 гадоў выпісвала газету «Звязда». І свае першыя вершы, калі мне было 12, я паслаў у гэтую газету. Апошнія тры гады «Звязду» выпісваў бацька, хоць яе і не чытаў. Выпісваў для мамы. Цяпер «Звязду» ў вёсцы і бацька не выпіша… * * * 4.03.2012. Мне на дзень народзінаў мама падарыла цёплыя скураныя пальчаткі. Прыехаўшы дамоў, захацеў пахваліцца маміным падарункам. Гляджу, а пальчатак няма. Згубіў. З таго дня мінула больш за дваццаць гадоў… * * * 5.03.2012. Сёння тры гады, як мама атрымала інсульт. Бацька не разабраўся, што адбылося, і мама амаль суткі праляжала на ложку. І, каб не зайшоў вясковец, мама б ужо тады памерла, а так выклікалі «хуткую», на якой маму завезлі ў Ракаўскую бальніцу, дзе і адратавалі. Потым мама ўспамінала пра інсульт: «Раптам у вачах шуганула маланка — і я ўпала. Болей нічога не памятаю». Свідруюць… 5.03.2012. На месцы разбуранага філфакаўскага інтэрнату пачаліся падрыхтоўчыя работы да новага будаўніцтва. Ужо два тыдні машыны свідруюць зямлю і бяруць пробы грунту. Свідруюць, нібыта шукаюць нафту… Аньця Бельская 6.03.2012. Аньця Бельская была партызанкай. Пасля вайны працавала піянерважатай у Пугачоўскай школе, дзе вучыўся ма- лодшы брат майго бацькі Славік. Аньця мела кніжку пра Канька- Гарбунька. І аднойчы яна дала яе пачытаць Славіку. Дома кніжку 293 Славік чытаў услых і, слухаючы казку пра Канька-Гарбунька, бацька запомніў яе на ўсё жыццё. Аньця ж выйшла замуж у Гарадок за Гарбачоўскага, які працаваў настаўнікам у Пугачах. І сёння, слухаючы пра Канька-Гарбунька, мне ўзгадалася, як перад сном бацька часта расказваў гэтую казку мне і маім малодшым сястры і брату. Ад успаміну стала светла і сумна… * * * 7.03.2012. Глядзеў тэлевізар. На пару хвілін задрамаў. Прысні- лася мама. Светлая. Добрая. Прачнуўшыся, успомніў толькі два маміны словы: «Пішы… Запісвай…» * * * 8.03.2012. Ніколі ў маёй сям’і ў вёсцы 8 Сакавіка не было вялікім святам, але заўсёды мы віншавалі маму. Сёлета ўпершыню мы не павіншуем маму… * * * 9.03.2012. Неба чыстае, як шкло на іконе… * * * 9.03.2012. Кожны вечар чытаем малітвы. Люда сваю, а я сваю. І я спакойны за маміну душу… * * * 9.03.2012. Тры гады таму ў гэты дзень я ішоў у Ракаўскую бальніцу да мамы. Гэтак жа, як і сёння, свяціла сонца і неба было чыстым, але тады была мама, а цяпер яе няма. І я ў думках іду да мамы ў Ракаўскую бальніцу… Па дарозе да Ракаўскай бальніцы бачу, як на возеры растае лёд і шум вады, якая цячэ пад мостам, запаўняе мне душу невы- казнай самотай. І раптам мабільны тэлефон напамінае мне, што сёння працоўны дзень. Незнаёмы пытаецца пра свой рукапіс. Я прызнаюся, што яшчэ не чытаў, бо не было часу. Мужчына злуец- ца, і я кажу, што іду да мамы ў бальніцу і мне цяпер не да вершаў… У палаце мама не адна. Усе бабулькі, як толькі я зайшоў, прыселі і пачалі глядзець на мяне, як на саломінку, якая раптам з’явілася на іх рацэ часу і за якую можна ўхапіцца і не патануць. Маме нядаўна ставілі кропельніцу, і яна мне паказвае руку, дзе застаўся велізарны сіняк ад уколаў. Плача. Спрабуе нешта рас- казаць, але ў яе не атрымоўваецца, і яна зноў плача. Побач з 294 маміным ложкам на падаконніку стаіць букет. Мама, убачыўшы, што я гляджу на кветкі, кажа: «Салім… Салім…» І я разумею, што гэта Вовін сябра Салім прыязджаў і павіншаваў нашу маму, а мама Саліма далёка-далёка ад Беларусі… У бальнічнай палаце змрочна. Мама, не кранаючыся нагамі падлогі, сядзіць на ложку, як на краі свету… Мама, стоячы на каленях на бальнічным ложку, глядзіць праз акно і махае мне ўслед рукой. І мама ў аконнай раме, як на іконе… Каля мамінага бальнічнага акна лётае голуб, як анёлак… * * * 9.03.2012. Лета. Мне шаснаццаць. Мама прыехала ў Мінск, і я з ёй разам упершыню хаджу па крамах у пошуках абновак для мяне. Мама ў запыленых туфлях і ў паношанай куртцы, і я саромлюся мамы… …Мне хутка пяцьдзясят. Мама пасля інсульту жыве ў мяне. Апрануўшы маму ў што ёсць у яе, выводжу на вуліцу. І, узяўшы маму пад руку, іду з мамай, як з каралевай… Бацька і міліцыя 9.03.2012. Вярнуўшыся з войска, бацька пайшоў у Радаш- ковічы, каб стаць на вайсковы ўлік. Там яго ўгаварылі быць міліцыянерам у Чысьці з перспектывай працы ў Маладзечне. Ве- чарам бацька вярнуўся дамоў. Бабуля Параска, убачыўшы сына ў форме міліцыянера, адразу ж закрычала: «Не хапала нам тут паліцыянтаў! Заўтра ж раніцай пойдзеш і здасі гэтае барахло!» І назаўтра бацька пайшоў у Радашковічы і здаў назад міліцэйскую форму… * * * 12.03.2012. Прыходжу да бацькі. Бацька сядзіць цёпла апра- нуты, трымаючыся за колік, з якім яго прывезлі з вёскі. Не па- спяваю запытацца, куды гэта сабраўся, як чую: «Звадзі ты мяне ў Амерыку! Тут па радыё ўсё гавораць і гавораць пра Амерыку, а я там ні разу не быў!» * * * 13.03.2012. Амаль кожную раніцу, калі прыходжу да бацькі, чую: «Ты там каня напаі! Дай два вядры вады і каб не халодная была!» Відаць, бацька думае, што я прыязджаю да яго на кані і, як ён у свой час, працую на ферме падвозчыкам кармоў… 295 * * * 14.03.2012. Здаецца, гэта было ўчора, калі мама, жывучы ў нас, чакала мяне з працы. Цяпер дома мяне чакае мамін партрэт… * * * 15.03.2012. Раніцай бацька даў мне заданне: «Купі дзесяць мяшкоў цэменту. Будзем рабіць склеп. Пара абжывацца ў гора- дзе!» — «А дзе будзем капаць?» — пацікавіўся я. «У двары! Там не будзе зацякаць вада. А тут пад вокнамі балота стаіць!» — адказаў бацька і нагадаў, што трэба купіць дзесяць мяшкоў цэменту… * * * 16.03.2012. Не магу супакоіцца ад пытання: «Чаму ўчора на ве- чарыне памяці Янкі Сіпакова не было анікога з родных?» Тое, што яны займаюцца бізнесам і вельмі занятыя — гэта не прычына… * * * 17.03.2012. У вёсцы ў нашу пустуючую хату ўжо нехта лазіў. У шафах узламаны дзверцы. Бачна, што злодзей шукаў і выбіраў, што яму ўкрасці, няспешна, не раскідваючы рэчы, як у час ператрусу… Навошта бібліятэкі? 18.03.2012. У інтэрв’ю Людміле Рублеўскай вядомы расійскі пісьменнік, літаратурны крытык і загадчык аддзела культуры «Российской газеты» Павел Басінскі (дарэчы, мы з ім адначасова вучыліся ў Літінстытуце) сказаў: «У Амерыцы ў любым гарадку ёсць шыкарная бібліятэка. Чытачоў няма, а бібліятэка ёсць. Ведаеце, чаму? Таму што ў Амерыцы лічаць, што бібліятэка — гэта фундамент дэмакратыі. У бібліятэцы ўсе роўныя, таму што могуць усе атрымаць любую кніжку, любую газету, любую інфармацыю пра свет…» * * * 18.03.2012. У мяне праз тыдзень дзень народзінаў, але ўжо ўчора мастак Алесь Квяткоўскі мяне павіншаваў і падарыў карціну, якую напісаў паводле майго верша: «Неба — гэта возе- ра святла, на дне якога занесеная ветрам жоўтая лістота з рай- скага саду…» Сёння Алесь прыходзіў паглядзець, куды ягоны падарунак я прыладзіў… 296 Пытанне… 18.03.2012. Ідучы да бацькі на кватэру, каля крамы, дзе пра- даюцца моцныя напоі, прачытаў пытанне, напісанае на асфаль- це рознакаляровай крэйдай: «Мама, ты любіш мяне?» Не ведаю… 18.03.2012. Хутка будзе пяць месяцаў, як я з лыжкі кармлю бацьку. Сёння ён быў нейкі не такі, як звычайна, і называў мяне Славікам. І я запытаўся: «Скажы, як мяне завуць?» — «Не ве- даю…» — адказаў бацька. На пытанне: «Хто я для цябе?» — бацька таксама сказаў: «Не ведаю…» І ўзгадалася, што, калі я нарадзіўся, бацька хацеў назваць Славікам, але мама назвала мяне Віцем, і я стаў Віцем... Дзеці і кніжкі 21.03.2012. Раённы цэнтр. У кнігарню, куды мяне запрасілі выступіць, прывялі дзяцей з дзіцячага садка. Пакуль я расказваў казкі, дзеці панабіралі кніжак і, калі я закончыў выступаць, малыя пабеглі на вуліцу, а следам за імі кінуліся прадаўцы, каб забраць неаплочаныя кніжкі. Хвілін пятнаццаць каля магазіна стаяў дзіцячы крык і плач… * * * 21.03.2012. Спрабую ўспомніць нумар тэлефона, па якім тэлефанаваў бацькам у вёску. Не ўспамінаецца. Замест лічбаў у памяці бачу маму з бацькам… * * * 22.03.2012. Нашая мама была залатая… Мама пра гэта не знала й не знае… Бог ёй пра гэта ніколі не скажа, І ці пачуе ўжо мама нас наша Там у раі, дзе усе, як святыя, І дзе ўсе мамы душой залатыя… Нашая мама была залатая! Мама і сёння нас дома чакае… 297 * * * 23.03.2012. Сонечна. З-за дома даносяцца крыкі падобныя на крыкі варон. Заходжу за дом і бачу дзяцей з дзіцячага садка… Сорак дзён 24.03.2012. Заўтра будзе сорак дзён па маме. А сёння ў Рака- ве ў царкве збіраліся сваякі на памінальную службу. Мы з Людай і Максімам у Ракаў заехалі дзякуючы нашым сябрам Іне і Алегу, які завёз нас на машыне. Выехалі а палове восьмай. У Мінску было два градусы цяпла, а ў Ракаве два градусы марозу. За намі ў Ракаў плыло сонца, як маміна душа… У Ракаве каля царквы сустрэлі майго брата Вову. Ён прыехаў раней на гадзіну на аўтбусе Мінск — Пугачы, на якім ездзіў у вёс- ку да мамы, пакуль яна там жыла… Забраўшы з дому цётку Марыю і заехаўшыся да майго стры- ечнага брата Ігара, паехалі ў царкву, дзе нас ужо чакала сястра Валя з мужам і дзецьмі. Служба адбывалася ў царкоўным прытворы. Падлога ў ім драўляная і пафарбаваная ў руды колер, як у нас дома пафар- баваная мамай… З прытвора ў царкву час ад часу хадзілі жанчыны, якія прыслужваюць у царкве. Дзверы рыпелі, як у нас дома з сенцаў у кухню і з кухні ў сенцы, калі мама рыхтавала для сям’і ежу… У прытворы печка цёплая, як у нас дома, калі яе распальвала мама… Служба ішла чатыры гадзіны. Думаў, што да канца не дастаю і не дастаяў бы, калі б не мама… На могілках каля мамы ўжо новыя перасяленцы. І ўсе мала- дзейшыя за яе… На вярбе каля мамінай магілы зажаўцелі коцікі, як залатыя кропелькі мамінай душы… На магіле зямля адтала і, патрэскаўшыся, крыху асела, нібыта не вытрымала колькасці вянкоў і кветак… Цётка Марыя з нявесткамі паспявалі маме святыя песні. Мама іх пачула… Я зазірнуў у гушчыню вянкоў, нібыта захацеў пераканац- ца, што гэта не сон, а ява, і на крыжы прачытаў: «Шніп Ніна Міхайлаўна. 19.04.1930—15.02.2012». У мамы пры жыцці было кароткае прозвішча і кароткае імя, і сама мама была невысокага росту, і гэта была мая МАМА… За памінальным сталом успаміналі маму, і мама слухала нас… Вярталіся дамоў ад мамы, і сонца, як маміна душа, было над Ракавам… 298 Сашка Буры 25.03.2012. Ад стрыечнай сястры Ані з Крапіўнікаў даведаўся, што перад мінулым Новым годам павесіўся мой сябра дзяцінства Сашка Буры. Напачатку, недзе праз тыдзень пасля пахавання цёткі Манькі, ён спаліў сваю хату. Потым Сашка перабраўся на нейкі час у Пугачы да Амельяніхі, а вярнуўшыся ў Крапіўнікі, жыў у чужой пакінутай хаце. Быў на саракавінах па цётцы Маньцы. Аня тады добра яго пакарміла і надавала паесці з сабой. Калі яда скончылася, Сашка ўключыў па ўсёй хаце святло, каб людзі, якія яшчэ засталіся жыць у Крапіўніках, заўважылі, што ён павесіўся… * * * 25.03.2012. Паведамляю бацьку: «У Крапіўніках Сашка Буры павесіўся!» І чую: «Ну й дурны!!!» * * * 25.03.2012. З хворай мамай было цяжка, а без мамы яшчэ цяжэй… Сонечны ранак… 26.03.2012. Сёння мой першы дзень народзінаў без мамы, але мама павіншавала мяне, падарыўшы мне сонечны ранак… Экспромт ад Барадуліна 26.03.2012. Пераглядаў старыя паштоўкі. Сярод іх знайшоў ад Рыгора Барадуліна: Калі б, калі б, калі б Такія ўсе былі, Як годны Віктар Шніп, Сьвятлела б на зямлі! дзядзька Рыгор Р. S. Хай доўжыцца вярста Ад сарака да ста! 26.03.2000 * * * 26.03.2012. Каля сцяжыны, па якой хаджу да бацькі на ква- тэру, сёння расцвіў дзьмухавец. Дзьмухавец, як прывітанне ад мамы. І я сарваў кветку, і прынёс дамоў… Валодзя Ціханчык 27.03.2012. Валодзю Ціханчыка я ведаў мала. Ён быў ста- рэйшы за мяне на восем гадоў. Апошні час жыў адзін у вёсцы Татарскія, што ў трох кіламетрах ад маіх Пугачоў. Усё жыццё працаваў трактарыстам і, калі хто прасіў, мог за пляшку, вяртаю- чыся дахаты, скінуць мяшок мукі ці зерня. Мінулай восенню Ва- лодзя пайшоў на пенсію і тады ж згарэў у роднай хаце. Родных у Валодзі нікога не было, і яго хаваў сельсавет… * * * 29.03.2012. Гляджу праз аконнае шкло і праз маму на вуліцу, дзе вясновы дождж ідзе… * * * 29.03.2012. Учора выступаў на літаратурна-мастацкай веча- рыне ў бібліятэцы, якая знаходзіцца зусім блізка ад дома, дзе жыву. Прэзентавалі карціну Алеся Квяткоўскага «Кош», якую ён намаляваў паводле майго верша. Людзей было нямнога, чалавек трыццаць. З іх два — не старыя мужчыны, а ўсе астатнія — пенсіянеркі. Нязвыкла было выступаць перад такой аўдыторыяй, але ўсё прайшло нармальна. Я чытаў вершы, Алесь расказваў пра свой «Кош», а Вікторыя Ільінская спявала песні на мае і Людмілы Рублеўскай вершы. Ідучы на вечарыну, думаў, што праз гадзіну вярнуся дамоў, а затрымаўся на тры з паловай… * * * 30.03.2012. «Ёсціка бабы горш, чым вошы, бо прыстаюць да таго, хто мае грошы!» — заявіў бацька, успамінаючы памерлага Пецю Мацюшыкава, у якога было золата… * * * 31.03.2012. Я прывык, што да мяне людзі звяртаюцца, як да дзядзькі, як да бацькі, як да дзеда. Сёння жанчына, старэйшая за мяне на гадоў дзесяць, падышла і сказала: «Хлопчык, дай за- курыць!..» 300 КРАСАВІК * * * 1.04.2012. Над невялікім штучным азярцом, якое завецца Мухляй і зусім блізка ад нашага дома, лётаюць чайкі. Праходзя- чы побач азярца, думаю пра мора і маму, якая пражыла амаль 82 гады і ніколі не была на моры. А каля нашай Мухлі я вадзіў маму за руку… «Блакітны сьвін» і госці… 1.04.2012. Учора быў на ўручэнні «Блакітнага сьвіна», якое праходзіла ў невялічкім кафэ «Квін» на вуліцы Мяснікова. Ура- чыстасць пачалася а палове другой і ўжо ў дзве гадзіны Людміла Рублеўская ўручыла Наталцы Кучмель, Юліі Новік, Юрасю Не- ратку і Георгію Барташу належныя ім узнагароды. І толькі было расстаўлена па століках разлітае з дзвюх пляшак шампанскае і разнесены чатыры талеркі з бутэрбродамі, як у кафэ зайшоў высокі здаравенны мужчына ў форме рабочага, але ў даволі чыстай, і сеў на ўваходзе за столік. Афіцыянтка тут жа паднесла яму меню. Мужчына выбраў піва. Седзячы за столікам, незнаёмы выглядаў, як самы галоўны сярод нас, і хутка, праслухаўшы вер- шы Наталкі Кучмель, сказаў па-беларуску: «Канчайце гаварыць на трасянцы!» Пару чалавек з нашых нешта жартоўнае адказалі незнаёмаму, і ён пачаў далей павучаць нас, як трэба чытаць вершы. Юліі Новік мужчына прапаноўваў залезці на крэсла і адтуль выступаць. Мы зноў пасмяяліся і перасталі звяртаць увагу на нашага «настаўніка». Хутка да мужчыны прыйшоў другі мужчына гэтак жа апрануты, і яны пачалі шаптацца. Афіцыянтка прынесла меню. Другі мужчына палістаў яго і, дапіўшы піва свайго сябра, выйшаў. Першы мужчына яшчэ паслухаўшы, што мы гаворым і некалькі раз сфатаграфаваўшы нас на мабільнік, не разлічыўшыся, пакінуў кафэ. Следам за незнаёмым выбегла афіцыянтка і прымусіла яго разлічыцца. Незнаёмец думаў, што 301 тут «всё включено» і яму ні за што плаціць не трэба. Праз хвілін дзесяць першы мужчына зноў зайшоў да нас і, падышоўшы да барменнай стойкі, пачаў прасіць афіцыянтку, каб яна з ім выйшла пагаварыць. Напарнік афіцыянткі не пусціў дзяўчыну, сказаўшы, што ёй няма часу размаўляць. Яшчэ крыху нешта пабубнеўшы, незнаёмец пакінуў кафэ. На маё пытанне, што гэта былі за нечаканыя госці, Юрась Нераток сказаў: «Хахлы са Львова!» Чаму? 1.04.2012. Да нас шпакі прылятаюць ярка-чорныя, як паза- лочаныя, а адлятаюць проста чорныя, як паношаныя дзіцячыя чаравікі… * * * 1.04.2012. Знічка, як пісьмо ад мамы, якое не даляцела да мяне… * * * 1.04.2012. У пад’ездзе дома, дзе дажываюць свой век адзінокія старыя, драўляныя паштовыя скрынкі, як макеты трун, прыбітыя да сцяны… * * * 2.04.2012. Дзень пачаўся з зімовай завірухі. Прыходжу да бацькі і чую: «Як там бедныя шпачкі?» * * * 2.04.2012. У скверы па дарозе да бацькі сёння снежна і поўна чаек. І любіцелі выпіць, якія гучна гамоняць, здаюцца мне марскімі ваўкамі… * * * 2.04.2012. Сёння было неба чорнае, як зямля, а зямля была белая, як неба. А я ішоў да бацькі, успамінаючы маму… * * * 3.04.2012. З акна на працы ўвесь год бачыў, як будаваўся трыццацідвухпавярховы дом. Нарэшце, здаецца, будынак за- вершаны, і цяпер ён другі месяц апранаецца ў шкло, нібыта зацягваецца лёдам… 302 * * * 4.04.2012. Прыходзіў мастак, які ўжо шаснаццаць гадоў піша вершы. Творы цікавыя і месцамі вельмі нядрэнныя. Праўда, рыфмы не ўсе дакладныя. Амаль паўгадзіны давялося даказ- ваць, што «рэдзька — феня» і «река — вода» не рыфмуюцца... Разышліся мірна… * * * 4.04.2012. Кармлю бацьку з лыжкі, і ён на мяне глядзіць, як на Хрыста. А я ж усяго бацькаў блудны сын… * * * 5.04.2012. Выступаў перад школьнікамі восьмага класа ў біб- ліятэцы № 6, што на вуліцы Алега Кашавога. Імпрэза была прысвечана юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ці то жартам, ці то ў сур’ёз на пытанне супрацоўніцы бібліятэкі: «Хто пер- шым ацаніў творы Купалы?» — адзін з вучняў адказаў: «Пушкін!» Праўда, тут жа некалькі ягоных аднакласнікаў выгукнулі: «Купала і Пушкін жылі ў розныя часы!» Прыемна было даведацца, што сярод прысутных ёсць дзяўчына, якая піша вершы. Піша па- беларуску і нядрэнна для яе ўзросту. Вяртаючыся дамоў, хацеў заглянуць у кнігарню, у якую я раней нярэдка заходзіў. Кнігарні няма. На месцы кнігарні крама абутку… * * * 5.04.2012. Іржавы каналізацыйны люк у калюзе, як савецкая капейка, якая вырасла пад вясновым сонцам… Жыццё і вершы 6.04.2012. Паэт Глеб Артханаў (Юра Аляксееў) прыехаў на пару тыдняў дамоў з Санкт-Пецярбурга, дзе зарабляе грошы для сям’і, працуючы архітэктарам і мастаком-рэстаўратарам. Пры сустрэчы гаварылі пра бацькоў, якія ў нас засталіся адны. Бацька Юры жыве ў Ялце і яму 84 гады. Паэт баіцца, што цяпер у любы дзень можа так здарыцца, што яму давядзецца кінуць усё тут і ехаць да бацькі, каб даглядаць яго. На развітанне Юра падарыў мне сваю новую кнігу вершаў «Зеркальный ковчег». Я разгарнуў яе і адразу ж напароўся на радкі: 303 Я умер — узнали не скоро — На юге в конце февраля. Мятутся шторма в эту пору Сквозь розовый дым миндаля… На ялтинском кладбище горном Под сизую зелень огня, В лазурь, в родовые просторы — К отцу положили меня… * * * 6.04.2012. Бацька ўспомніў, што ў вёсцы засталося ў лядоўні сала. А як мяне завуць — не ўспомніў… * * * 7.04.2012. Бацька, даведаўшыся, што ў вёсцы ягонае сала пакралі, сказаў: «Злодзея трэба злавіць і расстраляць!» Пра рас- стрэл бацька гаварыў два дні, а сёння, калі я ўжо адчыніў дзверы, каб ісці дамоў, сказаў: «Не трэба расстрэльваць!» * * * 7.04.2012. Сыплецца снег, як змерзлы дым з комінаў вяско- вых хаты… * * * 7.04.2012. Мы, як вузлы ў сетцы, на якой над прорвай нябы- ту наша Беларусь… У межах двара… 7.04.2012. У двары кантэйнеры поўныя смецця. Да іх падляцелі галубы. Тут жа праз хвіліну іх прагналі з двара чайкі, а чаек прагналі вароны, а варон прагналі бамжы. І толькі шэрыя вераб’і не ўцякаюць за межы двара… Свята 8.04.2012. Сёння католікі святкуюць Вялікдзень, праваслаў- ныя — Вербную, а каля тралейбуснай станцыі «Лермантава» 304 жэсаўскія рабочыя ўжо да васьмі гадзін раніцы назграбалі кучы смецця і бруднага пяску. Узгадалася, што мама не прымушала нас, дзяцей і бацьку, наогул нешта рабіць нават у звычайную нядзелю, калі можна было тое зрабіць у буднія дні… * * * 8.04.2012. Прынёс бацьку некалькі галінак вярбы і пачуў: «Праз тыдзень Вялікдзень…» * * * 8.04.2012. Сніліся Лягезы. Я з хаты прыйшоў у сад. Сонечна. І раптам загудзелі звышгукавыя самалёты, час ад часу пікіруючы на вёску. Я схаваўся пад яблыню. Успомніў маму — і навокал стала ціха… * * * 8.04.2012. Дзеці былі малыя, і мы, іх бацькі, самі былі, як дзеці. І хацелася нам, як дзецям, сустракацца, і мы сустракаліся з такімі ж маладымі бацькамі, і было нам усім пра што гаварыць і чым заняцца разам. Дзеці выраслі, і цяпер мы сядзім сумныя і разумныя па сваіх кватэрах, як ахоўнікі таго, чаго ўжо няма і ніколі не будзе… * * * 9.04.2012. Іду дахаты і бачу, што на лавачцы каля пад’езда сядзіць мама. Падыходжу... Мама, але не мая… * * * 9.04.2012. Бацька пра маму ўжо не пытаецца, нібыта ведае, што мамы няма… * * * 9.04.2012. Кучы смецця і бруднага пяску, якія былі ўчора з самага ранку нагрэблены каля дыспетчарскай станцыі «Лер- мантава», сёння яшчэ не звезены. І трэба было на Вялікдзень зганяць людзей на працу? 305 * * * 10.04.2012. Каля сцежкі, што вядзе на кватэру да бацькі, зацвілі дзьмухаўцы. Раніцай, убачыўшы іх, хацеў сарваць і занесці бацьку. Не сарваў, падумаўшы: «Няхай лепей расквітнеюць!» Ве- чарам ужо дзьмухаўцоў не было — нехта сарваў… * * * 11.04.2012. Апошнім часам бывае, што прыходзіш да бацькі, а ён на дыване ляжыць, як памерлы. Прыслухаешся, прыгледзішся. Дыхае! І сам пачынаеш дыхаць… * * * 12.04.2012. Па запрашэнні сястры Уладзіміра Марука Вольгі Буйневіч выступаў у СШ № 203 перад настаўнікамі Першамай- скага раёна Мінска, якіх хвалюе тое, што дзеці ўсё меней і ме- ней чытаюць кніжкі. З Вольгай узгадалі Валодзю. Ужо трэці год, як яго няма… Помніцца… 12.04.2012. Сёння дзень народзінаў празаіка Алеся Масарэнкі. Я пра гэта ўзгадаў, калі глядзеў па тэлевізары фільм пра Гагары- на. У свой час Алесь Герасімавіч ганарыўся тым, што нарадзіўся ў Дзень касманаўтыкі. І, калі я патэлефанаў яму, ён адразу пазнаў мяне па голасе. У наступным годзе Масарэнку будзе 75 гадоў. А мне помніцца, як на пачатку 90-х гадоў пры «Чырвонай змене» Алесь Герасімавіч кіраваў літаб’яднаннем «Крыніцы» , як дамогся, каб для моладзі пачаў выходзіць часопіс «Першацвет», на ста- ронках якога многія сёння вядомыя пісьменнікі пачыналі свой творчы шлях, і на старонках якога былі надрукаваны першыя апавяданні Людмілы Рублеўскай… * * * 13.04.2012. Гледзячы на першую красавіцкую траву, зарыф- мавалася балючае: …Мама стане травою, Мама будзе жывою, Пакуль будзе трава І нябёс сінява Над зялёнай травою, Як над мамай маёю… 306 * * * 14.04.2012. Мама на Вялікдзень заўсёды пякла шмат булак, і амаль усе яны былі вялікія. Вялікія, як сонца. І цяпер для мяне сонца ў небе, як вялікая велікодная булка ад мамы… * * * 14.04.2012. На лаўцы каля пад’езда мужыкі з самага ранку пачалі піць гарэлку. З пад’езда выйшла жанчына і прагнала іх. На месца мужыкоў неўзабаве селі хлопцы гадоў дваццаці і пачалі піць піва, і ніхто не выйшаў з пад’езда і не прагнаў іх… * * * 14.04.2012. Тонкія свечкі, як стрэлы з артбалета… Хрыстос уваскрос! 15.04.2012. Бацька быў першым, з кім я сёння адзначыў Вялікдзень. Дамоў вяртаўся, праслухаўшы святочную песню ў выкананні бацькі… * * * 15.04.2012. Першы Вялікдзень без мамы сумны і светлы. І, здаецца, што мама недзе блізка, нават побач, але яна не паказва- ецца і назірае, як мы далей без яе ў гэтым свеце жывём… * * * 15.04.2012. Устаючы з-за святочнага стала, бацька кажа: «Мама была добрая…» І я за бацькам паўтараю, як малітву: «Мама была добрая…» * * * 15.04.2012. Бацька, як апошні з магікан, еў паляндвіцу з хрэнам… Лётчык і хлопчык 16.04.2012. Сніўся сон, што я ў вёсцы каля роднай хаты стаю і гляджу, як высока-высока ў небе ляціць самалёт. І тут раптам самалёт запыняецца і праз хвіліну падае на зямлю, і ўзрываецца. «Чаму гэта лётчык не катапульціраваўся?» — пытаюся ў незнаё- мага хлопчыка і чую ў адказ: «Гэта ж быў паэт!» 307 * * * 17.04.2012. У вёсцы памерла наша суседка Манька Генява. Апошніх пяць гадоў яе даглядала дачка Жанна. Цётцы было 85. Цяпер у цэнтры Пугачоў амаль ніхто не жыве са старых жыхароў, і вёска стала, як дрэва з вымерлай сэрцавінай… Віталь Гарановіч 17.04.2012. Сёння на 61-м годзе жыцця памёр паэт Віталь Гарановіч. Яшчэ зусім нядаўна, а гэта было на пачатку года, ён заходзіў да мяне ў выдавецтва — прыносіў вершы ў зборнік «Глыбоччына літаратурная», які плануецца да Дня беларускага пісьменства. Узгадалі, як мы пазнаёміліся ў час святкавання 30-годдзя Алеся Жыгунова, у 1984 годзе. Віталь тады працаваў у школе, і я змог пабыць у яго на ўроках і выступіць перад вучнямі. Потым нярэдка сустракаліся ў «ЛіМе», дзе я працаваў з Алесем Пісьмянковым. Пашкадавалі Алеся, які так рана і неча- кана памёр. Апошнія гады Віталь Гарановіч працаваў у раённым прафсаюзе работнікаў адукацыі і, дзякуючы гэтаму, час ад часу прыязджаў у Мінск і наведваў сяброў і знаёмых… * * * 18.04.2012. Заўтра ў мамы дзень народзінаў. Маме было б 82. Мне ўпершыню не трэба баяцца, што забудуся павіншаваць… * * * 18.04.2012. Бацька, як Ван Гог, любіць сланечнікі, але пра Ван Гога анічога не ведае... * * * 18.04.2012. Вераб’і ў траве, як рудыя вошы ў фарбаваных валасах… Шляхамі сейбітаў і ратаяў… 19.04.2012. У Маладзечанскай цэнтральнай раённай біблія- тэцы імя М. Багдановіча адбылася навукова-краязнаўчая кан- ферэнцыя «Шляхамі сейбітаў і ратаяў», прысвечаная 100-год- дзю з дня нараджэння паэтаў Максіма Танка і Пятра Бітэля. Арганізаваў усё і правёў краязнаўца Міхась Казлоўскі… 308 Вячаслава Рагойшу, Людмілу Рублеўскую і мяне ад станцыі метро «Каменная горка» забраў на машыне Уладзімір Мароз. Усю дарогу да Маладзечна ішоў дождж і мы сядзелі ў машыне, як у падводнай лодцы… У бібліятэцы холадна. Слухачоў сабралася шмат, але ўсё роўна было холадна… Гледзячы на партрэты Танка і Бітэля, узгадаў святкаванне 70-годдзя Ніла Гілевіча, калі ён выступаў у гэтай зале гадзіны тры і народу было паўнютка… Пра радавод Пятра Бітэля павінна была расказаць ягоная ўнучка Тамара Бярэзіна. Яна не змагла, бо на мінулым тыдні трапіла ў бальніцу. Чакалі, што замест яе прыйдзе і прачытае даклад яе маці Ала Пятроўна. Не прыйшла і яна, і не прыйшоў сын Бітэля Андрэй Пятровіч. І мы падумалі, што ў іх дома яшчэ нешта здарылася. А калі закончылася канферэнцыя даведаліся, што Бітэлі пераблыталі час пачатку канферэнцыі і збіраліся ў бібліятэку на 17 гадзін… Пасля канферэнцыі паехалі праз Валожын у Вішнева. Ехалі доўга. Мужчыны жартавалі, жанчыны смяяліся… На Вішнеўскіх могілках нас чакаў бацюшка, які правёў служ- бу па Пятру Бітэлю і ягонай жонцы Ніне Пятроўне, а таксама не забыўся і пра Канстанцыю Буйло. Малітва ляцела ў неба, а з неба ляцеў дождж… Спыніліся каля хаты Пятра Бітэля. Хата прададзена і ў ёй жыве старая. На выхадныя да яе прыязджае сын. Убачыўшы нас, гаспадар выйшаў на вуліцу, павітаўся. На пытанне Валянціны Гіруць-Русакевіч, як ён глядзіць на тое, што на хату будзе пры- мацавана памятная дошка, мужчына адказаў станоўча… Касцёл, дзе доўгі час гаспадарыў ксёндз Уладыслаў Чарняўскі, быў зачынены. І мы, набраўшы вады са святой крыніцы і пакланіўшыся праху ксяндза Уладыслава, пайшлі ў аўтобус. І як толькі мы селі ў аўтобус і зрушыліся з месца, адчыніліся дзверы Храма і на вуліцу выйшаў цяперашні ксёндз… У Вішнеўскім Доме культуры наведалі бібліятэку. Кожны з прыезджых пісьменнікаў на асобнай паліцы ўбачыў сваю кнігу... Вярталіся праз Валожын. Па дарозе да Маладзечна Міхась Казлоўскі хацеў заехаць да сваёй любімай настаўніцы, якой ужо 88 гадоў і пазнаёміць усіх нас з ёю. Шафёр адмовіўся ехаць… * * * 20.04.2012. Вечарам праз балкон да цябе ў кватэру на святло заляцеў матыль, каб пагрэцца. А ты яго забіў… 309 * * * 21.04.2012. Хацеў абстрыгчы бацьку пазногці. Ён не даў і паглядзеў на мяне, нібыта я захацеў яму рукі адрэзаць… «Сонцаварот» Марыі Вайцяшонак 21.04.2012. Люда прынесла дахаты новую кнігу Марыі Вай- цяшонак «Сонцаварот» з дэдыкацыяй. І я цяпер чытаю, і бал- дзею ад вось такіх радкоў: «Голуб белы, як слова з боскіх вуснаў, ляціць ад алтара проста да мяне…», «З табой пагавару бы вы- сушу пасля цёмнай ночы падушку на сонцы», «Ваш зборнік на століку каля майго ложка; ноччу я пэўна трымаю вас за руку, каб перайсці з рыфмы дня ў сон белага верша…», а такіх цудоўных радкоў у кнізе нямала. Шкада, што Маша вершы пачала пісаць толькі некалькі гадоў назад… * * * 22.04.2012. У старога мазгі ператварыліся ў дзіцячую хвічку… * * * 22.04.2012. У сне з памерлым Антонам Мікалаевічам (мой траюрадны брат) лічыў грошы. Налічылі 150 тысяч даляраў… * * * 22.04.2012. Апошні снег, як белая атава... На Кальварыйскіх могілках… 23.04.2012. Сонечна. У дванаццаць гадзін з Людай пайшлі на Кальварыйскія могілкі… Могілкі прыбраны. Выразана шмат старых дрэў, і цяпер, дзе былі галінастыя кроны, агалілася неба, нібыта на Храме месцамі разабрана страха… Абход пісьменніцкіх магіл заўсёды пачыналі з Алеся Аста- шонка. На гэты раз каля магілы Алеся Пісьмянкова здалёку ўбачылі Уладзіміра Ягоўдзіка і Анатоля Зэкава. Падышлі, і я, забыўшыся, запытаўся: «А Валодзя Марук прыйдзе?» На ўваходзе на могілкі прадаюцца кветкі. Накуплялі букетаў пісьменнікам і назаўтра маме… 310 Каля магілы Янку Лучыне стаялі два мужыкі і спрачаліся, якой магла б быць Беларусь. Я паклаў на магілу кветкі і спакай- нейшы мужчына сказаў: «Дзякую!» Падышлі да магілы Вячаслава Адамчыка. Якраз былі Ніна Уладзіміраўна і Міраслаў. Пагаварыўшы, я іх і Люду сфатаграфаваў на памяць… Пастаялі каля магілы Ніны Гілевіч. Дзве цукеркі, як два анёльскія пацалункі, былі пад крыжам… Хутка будзе чатыры гады, як памёр Генадзь Кісялёў. Помнік чорны, а памяць светлая… Алесь Траяноўскі на ўскрайку могілак. І хоць ў спадара Алеся не засталося нікога з родных, магіла ягоная дагледжаная… У метрах дзесяці ад Кальварыйскіх могілак па вуліцы Бе- рута пад ліпамі маленечкія магілкі, абкладзеныя камянямі і каляровымі пліткамі — тут закапаны сабакі і каты… Хвілін пятнаццаць ішоў дождж. Цёплы і светлы… Радаўніца ў Ракаве 24.04.2012. Дзякуючы сябрам Барысу і Людміле і іх машыне, я з Людай і Вовам наведалі маму… Ракаўскія могілкі густа абстаўлены машынамі. Машыны, нібыта жалезныя чаўны вакол вострава нябыту… Машыну пакінулі на ўзбочыне дарогі і пайшлі да мамы напрасткі па полі. Ідучы, узгадаў: «Жыццё пражыць — не поле перайсці…» Маміну магілку Вова ўчора прыбраў, і нам сёння нічога не давялося рабіць. Запалілі свечку, Люда пачытала малітву, і мы памаліліся. І я пабачыў маму і слёзы на яе вачах. Не ўсе прыехалі… Непадалёк ад могілак святая крыніца. Людзі бяруць ваду, як вечнасць… Мама пахавана на ўзгорку. У метрах дваццаці ад мамы ты- дзень назад быў выкапаны дол, але чалавека не змаглі там паха- ваць, бо з зямлі прабілася крыніца… Маміна магілка абгароджана так, каб потым можна было пахаваць каля мамы бацьку. Праўда, я намераў зямлі каля мамы яшчэ на чатыры магілы… Адразу ж каля мамінай магілы кустоўе, у якім мы разгледзелі некалькі старых ўтравелых помнікаў. З аднаго даведаліся, што тут пахаваны людзі, якія памерлі сто гадоў назад. Значыць, і дзе пахавана мама, таксама месца не пустое, але забытае… Ходзячы па кустоўі і расшукваючы старыя помнікі, Людміла знайшла гняздзечка з трыма блакітнымі яечкамі, як кропелькамі неба… 311 Развітаўшыся з мамай, вырашылі знайсці магілу літарату- разнаўцы Тамары Чабан. Магілу не знайшлі, але сярод кустоў, дзе заканчваюцца цяперашнія могілкі, знайшлі цагляную браму, праз якую сто гадоў назад людзі хадзілі на могілкі. Цяпер за брамай трава і кусты, і зрэдку ў траве бачны каменныя помнікі, як акамянелыя мачты караблёў, што плылі ў вечнасць… Наведалі магілу мамінага брата Паўла. Ідучы да машыны, не- чакана сустрэлі цётку Марыю з нявесткамі. Родныя душы… На могілках усе і мёртвыя, і жывыя, як сваякі… Пасля чатырох гадзін людзі пачалі раз’язджацца па дамах і над могілкамі, дзе былі пакінуты памерлым вялікодныя яйкі і цукеркі, закружыліся груганы. Закружыліся, як над полем бітвы… У Смаргонь да чытачоў 26.04.2012. З Людмілай ездзілі ў Смаргонь, дзе ў музычнай школе цэнтральная раённая бібліятэка арганізавала сустрэчу чытачоў з намі… Дзень для мяне пачаўся ў шэсць гадзін з дажджу і дарогі да бацькі. Ішоў па мокрым асфальце і ўвесь час баяўся наступіць на чарвякоў, якія павыпаўзалі з зямлі, нібыта цяпер чэрвень. Баяўся наступіць не таму, што гадка, а таму, што чарвякі жывыя… У Смаргонь маршрутка ад’ехала ў 9 гадзін з «Каменнай горкі». Білеты па 30 тысяч. Пасажыраў назбіралася 10 чалавек… Праязджаючы каля Ракава, узгадаў Радаўніцу, калі мы ездзілі да мамы. Усё навокал зелянее, а мама ўжо гэтаму не радуецца. Цяпер у яе свае радасці… Указальнік на Яршэвічы. Узгадаліся вёска Крапіўнікі і цётка Манька, маміна старэйшая сястра, якая памерла 9 лістапада мінулага года, пражыўшы 93 гады. Калі маме сказалі пра тое, што яе сястра памерла, мама ўжо не заплакала, бо ёй самой за- ставалася пражыць крыху больш за тры месяцы… Вёска Доры. Раней тут быў калгас, якім кіраваў Сямён Шарэцкі і які доўгі час хацеў наш «Бальшавік» далучыць да сваёй гаспадаркі. У маіх Пугачах амаль усе баяліся далучэння і самога Шарэцкага… У Дорскай школе гадоў дзесяць таму я выступаў з Людмілай. Запрашалі яшчэ, але не атрымалася пад’ехаць… На ўзлессях яшчэ сівая трава… Некаторыя людзі ўжо садзяць бульбу. А ў нас дома ў Пугачах у гэтым годзе будзе расці трава… За спінай у нас сядзела маладая пара. Хлопец усю дарогу весяліў дзяўчыну. Запомнілася з іх гамонкі: «У нас у Беларусі 312 амаль усе дамы пафарбаваны ў зялёны і жоўты і зрэдку ў сіні колеры». І сапраўды… Праязджаючы праз Крэва, бачылі буслоў і чырвонарудыя сцены замка… У бібліятэцы нас чакалі. Сустрэлі, як сваіх даўніх сяброў… На сустрэчу з намі ў музычную школу прыйшло каля ста чалавек. Вядучыя хораша вялі імпрэзу. Была музыка, было шмат пытанняў, а сваіх вершаў мы так і не пачыталі… Едучы назад, каля Крэва ўбачыў азярыну. Захацеў даведацца назву ў жанчыны, якая села ў маршрутку ў Крэве і пачуў: «Ніяк не называецца! Проста Крэўскае возера!» Зноў каля Ракава думаў пра маму і Пугачы без мамы… Дзень закончыўся сонечна і дарогай да бацькі і дамоў… Бачна з акна… 27.04.2012. У двары на дрэвах пачала распускацца лістота і дамы, што насупраць майго, хаваюцца ў зелені, нібыта зацягва- юцца зялёнай павутой… * * * 28.04.2012. На кватэру, якую здымаем для бацькі, прыходзіла гаспадыня. Да сустрэчы мы з бацькам, як маглі, падрыхтаваліся, і атрымалі ад гаспадыні тры яблыкі, як узнагароду… * * * 29.04.2012. У сем гадзін раніцы, ідучы да бацькі на кватэру, убачыў каля прыёмнага пункта шклатары ў дзіцячым выгульным вазочку бамжа, які спаў. А палове дзявятай я вяртаўся ад бацькі. Бомж яшчэ спаў, як дзіця… * * * 29.04.2012. Ноччу ў двары каля дома, дзе жыве бацька, зацвілі слівы і вішні. Адламаўшы белую ад квецені галінку, пры- нёс бацьку. Цяпер і ў бацькі ў кватэры вясна… * * * 29.04.2012. Дзякуючы сябрам, былі за горадам, як у свеце, у якім заўсёды добра, бо там мы бываем рэдка… * * * 29.04.2012. Сёння паўгода, як бацька жыве ў горадзе. І я за гэты час, ходзячы да бацькі на кватэру і назад, прайшоў амаль 1000 кіламетраў… * * * 29.04.2012. Гарачыня пад 30. Хадзіў босы і не адчуваў зямлі пад нагамі… * * * 30.04.2012. Прачнуўся сярод ночы і доўга не мог заснуць, ду- маючы пра родную пустую хату ў вёсцы, якая можа праз тыдні два зарасці травой і быльнягом… * * * 30.04.2012. Учора, відаць, перагрэўся на сонцы, бо сёння з ранку баліць сэрца. А на вуліцы каля пад’езда сядзіць старая суседка. Ёй летам будзе 85. Гляджу на старую і бачу ў ёй сваю маму… * * * 30.04.2012. Па старых могілках ходзяць людзі, як мёртвыя… Расказала супрацоўніца 30.04.2012. «Іду я дамоў праз сквер і раптам чую за спінай дробнае «тук-тук-тук-тук-тук-тук…» Адварочваюся і бачу малога сабаку ў баціначках!» 314 ТРАВЕНЬ Максім 1.05.2012. У 10 гадзін 35 хвілін дзевятнаццаць гадоў таму нарадзіўся сын Максім. Вага была — 3 500, рост — 54 см. Цяпер Максім студэнт Акадэміі мастацтваў… Да 100-годдзя Купалы… 2.05.2012. Быў час, быў век, была эпоха… Трапіўся ў рукі часопіс «Полымя» № 6 за 1982 год. Амаль усе матэрыялы пры- свечаны 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, і яны дру- куюцца пад рубрыкамі «Ідзе, таварышы, камуна», «Вам на памяць серп і молат…» і «З цэлым народам гутарку весці…» Пісьмянкоў луг 2.05.2012. Атрымаў запрашэнне на І абласное свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», якое пройдзе 19 мая ў вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна. Пачатак у 10 гадзін. Усё цудоўна, але, мне здаецца, што сам Алесь Пісьмянкоў (мы з ім былі знаёмыя і сябравалі амаль трыццаць гадоў) быў бы засмучаны, што запрашэнне ў свет ягонай паэзіі зроблена на рускай мове… Банкамат і былы сусед 2.05.2012. Вяртаючыся ад бацькі, захацеў зняць з карткі гро- шы. Падыходжу да банкамата і чую: «Прывітанне, паэт!» Гляджу і бачу перад сабой былога суседа, які ў свой час працаваў у банку. Гадоў дзесяць назад сусед развёўся з жонкай і знік з майго жыц- ця. «Прывітанне! Куды ідзеш і адкуль?» — спытаў я і пачуў: «Іду з поўдня на поўнач!» — «Як справы?» — пацікавіўся я. «Як бачыш, нармальна!» — «Дзе працуеш?» — «Галоўнае, не дзе працаваць, а колькі атрымоўваць!» — «Згодны!» — «Тая вунь серабрыстая 315 машына — мая! Купіў новую! Абрыдла купляць патрыманыя!» — паказваючы на ўзбочыне дарогі на шыкоўную машыну, сказаў сусед. І тут падышла мая чарга да банкамата. Я паглядзеў, колькі ў мяне грошай на картцы, і, нічога не зняўшы, развітаўся з бы- лым суседам… Новая зямля… 3.05.2012. У восьмым класе вясной вывучалі «Новую зямлю» Якуба Коласа. Чытаў дома. Я быў вельмі ўражаны гэтым творам і асабліва мяне кранула канцоўка, дзе апісваецца смерць Міхала. Захапіўшы паперу і аловак, я пайшоў у забалочаны лясок, што быў непадалёк ад нашай хаты. Там, абхапіўшы бярозку, доўга сядзеў на купіне сярод вады і прыдумляў працяг «Новай зямлі». Па сённяшні дзень у памяці засталіся радкі: Вада бяжыць. Навокал ціха, І недзе Міхал Ў зямлі ляжыць… * * * 4.05.2012. З галавы не выходзіць думка пра родную хату. Па дарозе ад бацькі зарыфмавалася: Зялёны агонь у зялёнай траве Наш дом асвяціў, дзе ніхто не жыве. І ў дом я заходжу, нібыта ў той свет. Гаршкі і каструлі парадам планет Стаяць прада мною на пыльным стале, І муха, як чорны анёл, у святле Лятае самотна… * * * 6.05.2012. Яшчэ зусім нядаўна словы «дзеці», «дзіцячы са- док», «школа», «вучоба» былі ў мяне самымі ўжываемымі, а пасля смерці мамы на першы план выйшлі «мама», «бацька», «могілкі»… * * * 6.05.2012. Бацька ўспомніў, што да яго ў вёсцы гадоў пяць таму прыходзіў сусед і, узяўшы ножык, па сённяшні дзень не аддаў. Сусед у мінулым годзе памёр… 316 * * * 6.05.2012. Пад вокнамі ў двары распусціўся белы бэз. У мінулым годзе на яго глядзела мама і паўтарала: «Прыгожа… прыгожа…» Суседзі 7.05.2012. Вяртаючыся ад бацькі, трапіў на вочы суседа Дзімы: «Пазыч чырвонец!» І толькі я хацеў зманіць, што грошай няма, як з-за куста бэзу выйшаў мой другі сусед, які нядаўна засяліўся ў наш пад’езд, і Дзіма тут жа заявіў: «Знаёмся! Гэта наш паэт Віктар! Жонка ў яго вядомая мастачка!» — «Яна большая за мяне пісьменніца!» — запярэчыў я, але, атрымаўшы ад мяне чырвонец, суседзі далей не захацелі высвятляць хто я і хто мая жонка… * * * 8.05.2012. У выдавецтва заходзіў празаік Алесь Савіцкі. Ба- дзёры, энергічны, нягледзячы што яму 87 гадоў. Казаў, што ўсюды пішуць, што ён з 1924 года, але дакладна ён нарадзіўся ў 1925. Год нараджэння ён сам памяняў, каб у час вайны ўзялі ў партызанскі атрад. Гаворачы пра вайну, Алесь Ануфрыевіч успомніў, як ён выплаўляў тол са снарадаў: «Тол выцякае і тут жа застые і на ім з’яўляюцца карункі, як ад марозу на шыбах. Такі вось прыгожы твар смерці…» Любоў 8.05.2012. Мужчына ўдаўся вельмі раўнівы. Аднойчы, прыраў- наваўшы жонку да вясковых мужыкоў, зрабіў пятлю і сілай стаў прымушаць каханую здзейсніць самагубства. Жанчына ў пятлю сама не палезла і, уцёкшы з дому, заявіла ў міліцыю на мужа. І, калі мужу далі пятнаццаць сутак, жанчына, забраўшы аднаго кабанчыка і пакінуўшы ў хляве другога, перайшла жыць да маці. Вярнуўшыся з пастарунка дамоў, і ўбачыўшы, што застаўся адзін, мужчына так раззлаваўся, што, узяўшы каністру з бензінам, абліў хату, хлеў з кабанчыкам, легкавушку і мінітрактар, і ўсё падпаліў. І калі прыехала пажарная, мужчына з крыкам «Я люблю яе!» і са стрэльбай у руках анікога не дапусціў тушыць пажар. Скон- чылася ўсё тым, што ўсё згарэла, а мужчыну забралі ў дурдом. Цяпер, падлечаны мужчына, жыве ў сваёй маці, а на пажарышчы расце быльнёг… 317 * * * 8.05.2012. Хата, спаленая маладым Піліпчыкам, раней нале- жыла Вінцэсю Трацяку. Хата была вялікая і ў ёй, калі мой бацька быў маладым, збіралася моладзь і ладзіла танцы. Танцавалі пад гармонік, скрыпку і бубен. «На бубне іграла баба!» — кажа баць- ка і ўсміхаецца… * * * 9.05.2012. Віншую бацьку з Днём Перамогі і чую: «Дзякую, але я не ваяваў!» * * * 10.05.2012. Узрост ужо такі, што цяпер ідзеш па могілках, як па вясковай вуліцы. З помнікаў, як з акон, глядзяць родныя, сябры, суседзі… * * * 10.05.2012. Знаёмы расказвае гісторыі пра тое, як у маладыя гады ягоныя аднагодкі аднавяскоўцы пакінулі гэты свет. Слухаю і не вельмі жахаюся, бо падобныя смерці былі і ў маёй вёсцы… * * * 10.05.2012. Чытаю ў Анатоля Грачанікава: Нахмурыла хата чало, Цяпер яна нібы чужая. Маё гаманкое сяло Маўкліва мяне сустракае… Як цяжка вяртацца дамоў, Як вусцішна робіцца ў хаце, Калі ты дажыў да грудкоў, Спачылі дзе бацька і маці… Цяпер, пасля смерці мамы, і я ведаю пачуццё, якое прымусіла паэта напісаць гэтыя радкі. На жаль, і самога Анатоля Грачанікава (1938 — 1991) няма сярод нас ужо больш дваццаці гадоў, а сёлета яму 8 верасня было б яшчэ ўсяго 74… 318 * * * 10.05.2012. Зноў тапалёвы пух! Але ўсё непаўторна ў гэтым свеце, і для мяне сёлетні тапалёвы пух, як лютаўскі снег, калі па- мерла мама. І гэты снег лётае так, што аж хочацца разбіць неба… * * * 10.05.2012. Іду да бацькі праз сквер. На лаўках там-сям сядзяць адзінокія дзяўчаты і жанчыны, а па скверы бадзяюцца п’яныя мужыкі. Узгадалася, як у Маскве мы з аспірантам Андрэем Тусічышным пасля заняткаў хадзілі па Цвярскім бульвары і знаёміліся з дзяўчатамі, якія сядзелі на лаўках… * * * 10.05.2012. У вёсцы дома ўжо была б пасаджана бульба, ка- лі б жыла мама… * * * 11.05.2012. Упершыню за паўгода жыцця ў Мінску ў чужой кватэры бацька сказаў: «Мне тут добра!» — «Чаму?» — запытаўся я і пачуў: «Накормлены і ніхто не крычыць!» У чарзе… 12.05.2012. На пошце стаяў мужчына гадоў 70. Стары смярдзеў і смярдзеў так, што паміж ім і астатнімі ў чарзе да касы было метры два. Ён адной рукой трымаў добра паношаныя шта- ны, бо звальваліся, а другой разлічваўся за камунальныя паслугі. Стары быў абуты ў ірваныя белыя чаравікі на босыя ногі. Расплаціўшыся, ён гучна падзякаваў касіршы і ўсім хто стаяў у чарзе пажадаў добрага здароўя і цярпення. Стары пайшоў, а ў паштовым пакойчыку застаўся ягоны смурод. Маладая жанчына, якая стаяла перада мной, прашаптала: «Відаць, былы інтэлігент…» * * * 12.05.2012. З Лягез тэлефанавала цётка Стася. Ад яе даведаўся, што 6 мая мамінаму брату Віцю было 79 гадоў. Нядаўна, узлазя- чы на воз, дзядзька ўпаў і пабіў бок. Адчувае сябе не вельмі, але пасадзілі грады і бульбу. У Лягезах на сённяшні дзень жыве чатыры чалавекі… 319 * * * 13.05.2012. Наш Максім апошнімі днямі хадзіў на фестываль «Мельніца моды». Учора вечарам былі аб’яўлены вынікі конкур- су, на якім Максімава сяброўка з калекцыяй касцюмаў і сукенак «Шляхам ветру» (дарэчы, так называецца адна з маіх кніг) заня- ла другое месца, і наш Максім гэтую падзею з сябрамі адзначаў, і ўпершыню дамоў прыйшоў у 6 гадзін раніцы… * * * 16.05.2012. Добра напісаны раман часцей за ўсё, як збудава- ны замак, а напісаны верш часам, як шпакоўня, у якой, бывае, жывуць толькі вераб’і… * * * 16.05.2012. Учора быў настрой для вершаў і ў мяне атрымаліся вось гэтыя радкі: За сценкаю смяецца дзеўка маладая, Сама не спіць і не дае табе заснуць У час, калі чаромха з бэзам зацвітае Пад небам, дзе гавораць зоркі пра вясну. І ты не спіш і, гледзячы ў імглу начную, Ты хочаш думаць пра Айчыны сумны лёс, Але ты думаеш пра дзеўку маладую, Што весела смяецца аж да слёз… * * * 17.05.2012. Даведаўшыся, што мы рыхтуем кнігу пра трох- разовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя, нам у выдавецтва патэлефанавалі з алімпійскага камітэта Беларусі і, пачуўшы мяне, мой суразмоўца тут жа, выгукнуўшы: «О, вы гаво- рыце на мове!», працягнуў са мной размову па-беларуску… * * * 17.05.2012. Прыходзіла Раіса Баравікова з просьбай перапі- саць на дыск тэксты яе выдадзеных у нас кніг і асобных публікацый у зборніках: «Хачу, каб, калі што са мной здарыцца, а ў мяне ўжо ўзрост невясёлы, дзецям было меней клопатаў з маімі творамі!» 320 * * * 18.05.2012. Апошнім тыдням ужо каля 10 гадзін вечара прос- та на хаду засынаю, таму ў гэты час і кладуся спаць. Устаю, каб ісці да бацькі на кватэру, без дваццаці шэсць. Пакарміўшы баць- ку, іду на працу, а з працы дамоў, каб ізноў ісці да бацькі. І так, ужо хутка сем месяцаў, кожны дзень. І каб год назад мне нехта сказаў, што я фактычна адзін буду столькі часу даглядаць бацьку, то я б не паверыў, што ў мяне на бацьку хопіць сіл і цярпення… Федаровічы… 18.05.2012. Даведаўся ад сваяка Леаніда Жыткевіча, што мая бабуля Параска (27.06.1909—24.06.1992) у дзявоцтве мела прозвішча Федаровіч і яе бацька Андрэй быў са шляхетнага роду, які меў свой герб. Дарэчы, з гэтага ж роду быў і Вацлаў Пятровіч Федаровіч (25.09.1848—25.01.1911) вядомы ў свой час як краязнаўца, калекцыянер, член-карэспандэнт Кракаўскай АН. Нарадзіўся Вацлаў Пятровіч у Магілёве. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. З 1872 года працаваў адвакатам у Саратаве, Балашо- ве, Царыцыне, Ерэване. З 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Быў намеснікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Дапамагаў у раскопках археолагам, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы. Набыў у сваю калекцыю матэрыялы віцебскіх калекцыянераў Бергнера і Валковіча. У яго бібліятэцы (больш за тысячу тамоў) былі кнігі па гісторыі Беларусі і Літвы, беларускія і літоўскія выданні XVIII—XIX стагоддзяў. Свае артыкулы па гісторыі Вацлаў Федаровіч друкаваў у «Витебских губернских ве- домостях». Быў складальнікам і ініцыятарам выдання літаратурна- краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912). Распрацаваў статут Беларускага вольнаэканамічнага таварыства. У 1920 годзе на базе яго калекцый арганізаваны своеасаблі- вы музей старажытнасцей імя В. Федаровіча, які ў 1924 го- дзе стаў часткай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея… * * * 19.05.2012. Упершыню за час кватаравання вывеў бацьку на вуліцу. Пахадзілі па двары з паўгадзіны, і бацька сам захацеў у кватэру, а я ж баяўся, што назад яго і сілай не завалаку… 321 * * * 21.05.2012. Заходзіў Сяргей Вераціла. Пачуўшы нашу раз- мову наконт рукапісу Верацілы, адна з супрацоўніц выдавецт- ва зрабіла заўвагу: «Як гэта вы, Сяргей, размаўляеце з на- шым начальнікам!» Вераціла тут жа адказаў: «Гэта для вас Шніп начальнік, а для мяне паэт! І я з ім размаўляю, як з паэтам!» * * * 22.05.2012. У кнізе «Памяць» Валожынскага раёна вычытаў: «С 17 января 1948 года открылось регулярное сообщение Минск — Ивенец и обратно. Самолеты производят перевозку пассажиров и грузов». * * * 22.05.2012. На Валожыншчыне, у Вішневе ў 1923 годзе нарадзіўся вядомы ізраільскі палітычны і грамадскі дзеяч Шы- мон Перэс (Шымон Перскі). На той час у мястэчку было 149 будынкаў, у тым ліку касцёл і дзве сінагогі. Жыло 442 палякі, 428 яўрэяў і 85 беларусаў. У 1992 годзе Шымон Перэс прыязджаў у Беларусь і пабываў на сваёй радзіме — у вёсцы Вішнева. Нядаўна мастак Алесь Квяткоўскі намаляваў карціну, прысвечаную наша- му земляку і цяпер спадзяецца, што Шымон Перэс яшчэ пры- едзе ў Беларусь і ацэніць ягоны твор… * * * 22.05.2012. Сёння трэці раз у гэтым годзе бацька са мной выйшаў на вуліцу. Былі пад сонцам паўгадзіны, прайшлі метраў дзвесце. А мама са мной хадзіла па кіламетру… * * * 22.05.2012. Дзяўчына, відаць, яшчэ школьніца курыць каля пад’езда. Курыць няспешна, як гаспадыня нашага двара… * * * 23.05.2012. На пачатку вёскі Выганічы Валожынскага раё- на, злева ад гасцінца Ракаў — Пярэжары, стаіць мемарыяльны знак у гонар расійскага дзекабрыста Аляксандра Бястужава- Марлінскага, які ў 1821—1822 гадах знаходзіўся тут па абавязку вайсковай службы. Знак быў пастаўлены ў 1987 годзе. Выганічы з’яўляюцца роднай вёскай беларуска-польскага кампазітара ХІХ стагоддзя Міхала Грушвіцкага, які пахаваны на Ракаўскіх могілках. Пра кампазітара аніякага знака ў Выганічах няма… 322 * * * 24.05.2012. Жыццё без мамы, як паданне з абрыву ў прорву… * * * 24.05.2012. Толькі цяпер, калі застаўся без мамы, адчуваю сябе дзіцём, якому патрэбна мама... * * * 24.05.2012. Алена Ваенга спявае: «Моя почти святая мама, прости отца!» І гэтыя словы я паўтараю для сваёй мамы… * * * 25.05.2012. Нашы зноў праляцелі на «Еўрабачанні». Саліст гурта «Лайт Саунд» сказаў: «Мне было безразлично, пройду я в финал или нет». Дык для чаго тады трэба было ехаць у Баку? * * * 25.05.2012. У серыі «Беларусь мастацкая» выйшла кніга «Ва- лентин Губарев. Важно всё». Некаторыя выдавецкія жанчыны, гартаючы кнігу, прыйшлі да думкі: «Відаць, у маладосці нейкая жанчына пакрыўдзіла мастака, і ён цяпер ёй помсціць, малюю- чы жанчын стокілаграмовымі!» * * * 27.05.2012. Вярнуўся з VІІІ абласнога семінара маладых паэ- таў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча», які арганізава- ла і правяла Мінская абласная бібліятэка імя А. Пушкіна. У семінары ўдзельнічала 29 літаратараў узростам ад 16 да 30 га- доў. Акрамя мяне з семінарыстамі займаліся Раіса Баравікова, Галіна Каржанеўская і Рагнед Малахоўскі. Усё было добра, але ўсё ж засмуціла мяне тое, што амаль усе пішуць рэдка і нават вельмі рэдка і тое, што з 29 паэтаў было толькі тры хлопцы. Парадавала, што амаль усе семінарысты добра валодаюць бела- рускай мовай… * * * 28.05.2012. Збіраюся ад бацькі дамоў і чую пытанне: «І нашай мамы няма?» — «Няма…» — адказаў я і пачуў: «Мне ж гаварылі, што ў мяне дзве жонкі будуць…» * * * 30.05.2012. Даўно працуем у адным доме, але ў розных вы- давецтвах і на розных паверхах. Кожны дзень сустракаемся. Я вітаюся, а ён не адказвае. Глухі? Здаецца, не. І мне хочацца часам, як казаў калісьці Юры Станкевіч, «падраўняць мужыку пятачок», але я вітаюся, а ён маўчыць… * * * 30.05.2012. Ідучы да бацькі, каля будынка «Інвестбанк» убачыў мёртвую варону. «Дакаркалася!» — сказаў я і пайшоў далей… Апякункі паэтычных нябёсаў 31.05.2012. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры рыхту- ецца выстава, прысвечаная 40-годдзю выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сёння завёз у музей нашы ўзнагароды і кнігі, за якія мы іх атрымалі. Паглядзеў выставу «Апякункі паэтычных нябёсаў», прысвечаную паэткам Еўдакіі Лось, Яўгеніі Янішчыц, Раісе Баравіковай, Веры Вярбе, Дануце Бічэль, Ніне Мацяш, Галіне Каржанеўскай, Валянціне Коўтун і Таісе Бондар. Якія ўсё ж яны ў час сваёй маладосці былі ветлыя і прыгожыя, светлыя і наіўныя! Але ўсё гэта было даўно! І ўспамінаюцца радкі Янішчыц: Дзе час былы з паводкай весялосці, Дзе шчыры поціск вернае рукі? Саманаіў расстайнай маладосці Агнём на сэрцы выпіша радкі. І змые час дурных здзіўленняў пену, І пачуццё абвугліцца датла. ...Паэзія,— яна не знае тлену, Калі ў душы хоць прыгаршчы святла. Усё мінае. Паэзія застаецца! * * * 31.05.2012. Ідучы з працы, сустрэўся са скульптарам Іванам Міско, які адразу ж сказаў: «Я вас даўно чакаю ў госці, а вас няма ўсё і няма!» І я абяцаў, што ў хуткім часе з Людмілай і дзецьмі за- глянем да яго ў майстэрню. Крыху прайшоўшыся разам па вуліцы, я ад Івана Якімавіча даведаўся, што ён нядаўна быў у Маскве і цяпер працуе над скульптурай расійскага касманаўта-беларуса, які ў канцы гэтага года павінен паляцець у космас… 324 ЧЭРВЕНЬ Мама і бацька 2.06.2012. Прысніліся Лягезы. Зіма. Усё замецена. Бязлюдна. Я жыву з бацькам у хаце дзядзькі Вані. І раптам чую на вуліцы людскія галасы. Выходжу і бачу рудога каня запрэжанага ў сані, на якіх ляжыць мая мама. Яна мёртвая. Я гляджу на яе, а на мяне глядзяць незнаёмыя людзі, і я не ведаю, што мне рабіць. Клічу з хаты бацьку. Ён выходзіць босы і спыняецца на ганку, убачыўшы на санях мёртвую маму. Людзі знікаюць, а мама, разжмурыўшы вока, усміхаецца бацьку… Паэтка 2.06.2012. У выдавецтве ёсць цэлая шафа закладзеная блакнотамі паэткі Алы Церахавай. Гэта плён яе апошняга пяцігадовага рыфмавання. Нам яна пісала амаль кожны тыдзень. Паштальёны злаваліся на паэтку і на нас, што мы несвоечасова прыходзім на пошту па яе бандэролі, а яна кожны дзень пыта- ецца, ці аднеслі яе вершы ў выдавецтва. Напачатку мы адказвалі Але Церахавай, што немагчыма з-за яе почырку прачытаць тое, што яна нам дасылае, а потым нават звярнуліся да яе з прось- бай, каб яна больш не загружала пошту сваімі бандэролямі. Наша просьба падзейнічала, але наадварот, і нам у тыдзень сталі прыходзіць дзве, а то і тры бандэролі ад Церахавай. І вось недзе гады паўтары назад паэтка знікла і мы ўжо думалі, што назаўсёды, але на мінулым тыдні ў выдавецтва прыйшла бан- дэроль ад Алы з блакнотам, у якім запісаны вершы, якія нельга прачытаць з-за неразборлівага почырку. Жыццё працягваецца… На крылах рамантыкі… 2.06.2012. У «ЛіМе» Яўген Гарадніцкі ў артыкуле «На крылах рамантыкі» напомніў усім нам, пісьменнікам, што 31 мая было б усяго 60 гадоў літаратуразнаўцу Тамары Чабан. Гэтае імя час ад 325 часу з’яўляецца ў спасылках літаратуразнаўчых і крытычных прац, згадваецца сучаснымі даследчыкамі. Тамара пісала і вер- шы. Тое-сёе было пасля яе смерці (памерла 20 сакавіка 1992 го- да) надрукавана ў альманаху «Дзень паэзіі». Памятаю, як на гадавіну па Тамары Чабан мы з Яўгенам Гарадніцкім ездзілі на Ракаўскія могілкі. І потым яшчэ планавалі разам з’ездзіць, але так і не атрымалася. І не ведаю, як часта цяпер Яўген наведвае Тамару, але калі б ён не быў яе мужам, то наўрад сёння ў «ЛіМе» успомніў бы хто пра яе юбілей, і не таму, што яна не вартая доб- рага ўспаміну, а таму, што няма ў нас асабліва каму ўспамінаць нашых памерлых… З прыемнасцю прачытаў… 3.06.2012. З прыемнасцю прачытаў у «Звяздзе» за 30 мая сказанае настаўніцай беларускай мовы Таццянай Красоўскай: «Вырашыла, што лета я прысвячаю Уладзіміру Караткевічу і яго непаўторным творам. Я «падсела» на гэта яшчэ з «Каласоў пад сярпом тваім», цяпер чытаю «Чорны замак Альшанскі». Буду чытаць усяго Караткевіча, і нават перачытаю тое, з чым пазнаёмілася раней, калі была студэнткай. Мне падабаюцца яго творы за праўду жыцця, сардэчнасць і цудоўную беларускую мову. З ужо прачытанага хачу таксама параіць кнігу Людмілы Рублеўскай «Золата забытых магіл». Проста немагчыма адар- вацца! Кожную вольную хвіліну аддаю чытанню. Гэты твор трымае цябе ад першай да апошняй старонкі. А яшчэ Людміла Рублеўская можа пісаць пра каханне проста і разам з тым вельмі велічна». Пяць фільмаў і жыццё 3.06.2012. Два выхадныя дні, якія былі падзмрочаны хола- дам і дажджом, праляцелі. І я за гэтыя два дні ў вольны час ад паходаў да бацькі праглядзеў пяць фільмаў. Першы фільм Марка Ферэры «Я тебя люблю», які ў 1986 го- дзе ў Канах атрымаў «Залатую пальмавую галінку» быў пра тое, як малады чалавек, якому ўжо абрыдла празмерная ўвага з боку жанчын, знайшоў на вуліцы бралок для ключоў. Бралок не просты, а ў выглядзе сімпатычнага жаночага тварыку, які на кожны свісток гаспадара адклікаецца: «Я тебя люблю!» Праз нейкі час бралок стаў маладому чалавеку замяняць усіх ягоных палюбоўніц. Ды аднойчы здарылася бяда — малады чалавек зламаў зуб і не змог болей свістаць… Ходзячы кожны дзень да 326 бацькі праз сквер, на сваім шляху я знаходзіў шмат якой усячы- ны, а вось бралка з сімпатычным жаночым тварыкам не бачыў. Ды і не патрэбны ён мне! Фільм рэжысёра Уладзіміра Мірзоева па аповесці Андрэя Платонава «Катлаван», на жаль, не закончаны. У ім зняліся Пётр Мамонаў, Максім Суханаў і Віктар Сухарукаў. Фільм цудоўны, і я, даглядзеўшы яго да канца, сказаў: «Дурдом!» Трэці фільм — «Чудо». Рэжысёр Аляксандр Прошкін. Гераіня фільма на вечарынцы, не дачакаўшыся свайго жаніха, запрашае на танец Мікалая Угодніка. Хапае ікону і з ёй камянее. Жыхары правінцыйнага гарадка напалоханы гэтым незвычайным зда- рэннем, якое абрастае чуткамі і выдумкамі… У аснову фільма пакладзены рэальныя падзеі, якія адбыліся ў Самары ў 1956 го- дзе і вядомыя як «Стояние Зои». Хрушчоў у фільме — самадур у капелюшы і ў бацінках, які нядаўна вылез з гразі ў князі. Словам, ёсць пра што падумаць і ўспомніць, што Бог ёсць! Фільм рэжысёра Вячаслава Росса «Сибирь. Монамур» рас- казвае пра тое, як у тайзе жыве стары старавер Іван і яго сямігадовы ўнук Алёшка. Яны чакаюць бацьку хлопчыка, які два гады назад сышоў з дому і не вярнуўся. Зграя здзічэлых сабак паядае ўсё жывое, што трапіцца на іх шляху. Хлопчык сябруе з адным з гэтых сабак. Час ад часу далёкі сваяк дзядзька Юра прывозіць дзеду і ўнуку ежу. Апошнім разам, вяртаючыся дамоў ад старавера, дзядзьку з’ядаюць сабакі. У фільме хапае стрэлаў і крыві, але ён заканчваецца добра. Гледзячы на Алёшку, які ўпаў у перасохлы калодзеж і яго адтуль не змог дастаць дзед, успомніў, што і я ў сваім дзяцінстве было ўваліўся ў калодзеж. Я ў кало- дзежы прабыў паўдня, і мяне адтуль дастала мая бабуля Ганна. Хлопчыка дастаў вайсковец, і ён яго назваў «татам»… Фільм Клода Лелуша «Железнодорожный роман» пра вя- домую пісьменніцу і яе літаратурнага негра. Усё канчаецца тым, што пісьменніца канчае жыццё самагубствам, бо негр не захацеў болей працаваць на яе… Цяпер на душы, як у кінатэатры, дзе хвілін пяць назад закончыўся фільм і гледачы пакінулі залу, а я застаўся з тым, што бачыў на экране… * * * 5.06.2012. «Деревья, как зрелые женщины, казались тщатель- но напудренными» — так пачынаецца раман, рукапіс якога ў мяне сёння з’явіўся на стале… 327 * * * 5.06.2012. Хадзіў у Музей гісторыі беларускай літаратуры. У кабінеце дырэктаркі Лідзіі Макарэвіч сустрэў Леаніда Дранько- Майсюка. 12 чэрвеня ў музеі адбудзецца прэзентацыя ягонай «Кнігі для спадарыні Эл». Дранько-Майсюк быў з вялікім чорным парасонам, як з чорнымі складзенымі крыламі… * * * 5.06.2012. Амаль чатыры месяцы мама для бацькі была яшчэ жывой. Сёння на словы бацькі «мама наша, відаць, памерла…» я сказаў: «Памерла» і расказаў усё, як было 15 лютага, калі памерла мама. І плакаў бацька, і плакаў я… * * * 6.06.2012. Ля царквы, як ля вогнішча, людзі… * * * 7.06.2012. Мы з табой, як самураі, засталіся адны… Ракаў Вячаслава Рагойшы 7.06.2012. Майму земляку Вячаславу Пятровічу Рагойшу два дні назад споўнілася 70 гадоў. З гэтай нагоды ў мяне напісаўся верш «Ракаў Вячаслава Рагойшы»: У Ракаў не прыходзяць цягнікі. У Ракаве былі бальшавікі І не патрэбна ім была чыгунка, Якая б не спаскудзіла малюнка Старога Ракава, дзе брукаванка Была, нібы кальчуга велікана, Што скінуў на дарогу для каханкі, Каб да яго прыйшла вясною рана І ножак маладзенькіх не змачыла. І як прыгожа ўсё было б і міла, Калі б цягнік спыніўся і народ, Які даўно ўжо не сляпы, як крот, З яго пайшоў, але не на базар, А да здзяйснення самых светлых мар У госці да Рагойшы Вячаслава, 328 Дзе кожнаму заўсёды будзе лава, Каб сесці і душою пасвятлець, І ў думках над Айчынаю ўзляцець, І ўбачыць з вышыні, што родны край І быў, і ёсць наш беларускі рай, Дзе ў цэнтры Ракаў, а над ім буслы, Нібыта Божыя да нас паслы… У Ракаў не прыходзяць цягнікі, І не бяда. У Ракаве вякі Вякуюць у касцёле і ў царкве, У Ракаве і Беларусь жыве, І будзе жыць… Дзве навіны… 8.06.2012. Беларускі гісторык Захар Шыбека з’ехаў у Ізраіль. Статут ВКЛ вярнуўся на радзіму… * * * 9.06.2012. Дробны дождж. Каля выставачнага павільёна, што на вуліцы Янкі Купалы, сцягі на флагштоках намоклі, нібы завялі… * * * 10.06.2012. Машыны, на якіх абтрапаныя Георгіеўскія стужкі, выглядаюць, як толькі што скрадзеныя… * * * 10.06.2012. Чорныя бліскучыя легкавікі ў высокай траве, як велізарныя жукі… На фестывалі… 10.06.2012. Учора быў на фестывалі беларускай песні і паэзіі. Некаму, што адбывалася на свяце, спадабалася ўсё, а некаму, як паэту Міхасю Башлакову, не спадабалася, што гэта быў фесты- валь Фінберга і безгалосых пяюх, а не свята паэзіі Янкі Купалы… За дваццаць хвілін, калі ў Вязынцы каля помніка Янку Купа- лу выступалі паэты, побач прагрукацела каля дзясятка цягнікоў… У дзесяці кіламетрах ад Вязынкі мае Пугачы. Стараюся думаць толькі пра свята паэзіі, але ўсё роўна бачыцца пустая родная хата і трава на ганку… 329 Як ніколі шмат людзей з кінакамерамі. Здымаюць шмат, а пакажуць, баюся, як і раней, пару хвілін… На новым мосціку праз рачулку, калі мы вярталіся да свайго аўтобуса, павіталіся з тутэйшымі мужыкамі, што стаялі з косамі, як купалаўскія касінеры… Жыта каля дарогі на Маладзечна яшчэ не палягло… Там-сям на лугах пажаўцелыя пракосы, як сцежкі ў яшчэ далёкую восень… Могілкі каля дарогі. На помніках з партрэтаў глядзяць людзі, якія ўжо ведаюць дакладна ці ёсць Бог… Паэтка сядзіць у аўтобусе каля вакна і ўсміхаецца, нібыта за выступленне ў Вязынцы яе пахваліў Янка Купала… Тэлевізійныя антэны-талеркі, як велізарныя апенькі, красу- юцца на дамах… Каля дарогі мужчына, падобны на празаіка Андрэя Федарэн- ку, памахаў нам, паэтам, услед… У Маладзечне ёсць свой лядовы палац. Побач на другім баку вуліцы будуецца касцёл… У Яхімоўшчыне з’явілася адчуванне, што недзе ў кустах схаваўся Янка Купала і дзівіцца праз бінокль з прыезджых паэтаў… Абедалі ў Маладзечне ў рэстаране-клубе «Еўропа». Я сядзеў за столікам разам з Міхасём Башлаковым, Міколам Шабовічам і Уладзімірам Мазго. Настрой быў вясёлы, і мы, пазнаёміўшыся з дзяўчатамі-афіцыянткамі, вырашылі напісаць ім у «Кнігу скаргаў» падзяку за добрае абслугоўванне. Падзяку напісаў Шабовіч, распісаўся. Распісаўся і я з Башлаковым. Да нашых подпісаў далучыўся Дзмітрый Пятровіч. А Мазго катэгарычна адмовіўся падпісацца… Дворык Маладзечанскай музычнай вучэльні сабраў шмат народу. Над сцэнай вісеў плакат «І бачыць Бог, ёсць музыка над намі…». І Бог, спадзяюся, не толькі ўсё бачыў, але і чуў, бо было што паслухаць… У бібліятэцы імя Максіма Багдановіча пасля адкрыцця вы- ставы, прысвечанай Янку Купалу і Якубу Коласу, прайшла прэ- зентацыя кніг, што выйшлі да юбілею нашых класікаў. Міхась Казлоўскі прадставіў кнігу Рыгора Семашкевіча «Янка Купала і беларускае адраджэнне». Гаварыў натхнёна і па справе… За цэлы дзень нашы паэтычныя шляхі не перасякліся са шляхамі песеннымі… 330 * * * 10.06.2012. Вечарам бацька сустрэў мяне словамі: «Ты не крыўдуй, што я цябе, бывае, называю Славікам! Я ведаю, што ты Віця, але, гледзячы на цябе, успамінаю свайго малодшага брата, які быў такі ж добры, як і ты…» * * * 13.06.2012. Сёння майму земляку мастаку Алесю Квяткоўскаму 60 гадоў. З гэтай нагоды я падарыў яму верш: У майстэрні Алеся Квяткоўскага Кожны дзень — сатварэнне сусвету, Кожны дзень — пераход наш праз Лету, Быццам бы ў Кастуся Каліноўскага У скляпенні, дзе спела паўстанне — Наша квола-чырвонае ранне, Ад якога з крывёю дарога Да Айчыны, да волі, да Бога, Без якіх не было б у Квяткоўскага Ні Скарыны і ні Каліноўскага, Ні Сабакі і ні Граждана, А была бы чужына адна. Але што тут казаць, што было б, Сонца наша камусьці, як клоп, А для нас наша сонца — святло, Што да кожнага ў сэрца зайшло, Бы ў майстэрню Алеся Квяткоўскага, Бы ў скляпенне-жытло Каліноўскага, Каб мы помнілі хто мы такія, Беларусы, не дзеці Батыя, І тут наша зямля, тут Еўропа, І з майстэрні, нібыта з акопа, Ты выходзіш і ў Заўтра глядзіш, І нясеш свой мальберт, нібы крыж… * * * 14.06.2012. Еду ў аўтобусе. Побач два хлопцы, відаць, учарашнія школьнікі абмяркоўваюць здачу тэсціравання па рус- кай мове. Адзін пытаецца ў другога: «А як правільна пісаць «мальберт» ці “мольберт”?» І чую адказ: «Калі «маляваць», то «мальберт», а калі «моль душыць», то “мольберт”»… 331 * * * 14.06.2012. Учора ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё выставы «Няхай світае свету!», прысвечанай 40-годдзю выдавецтва «Мастацкая літаратура». На жаль, з-за дажджу шмат хто не прыйшоў, а так было чалавек пяцьдзясят. Прыкра, што амаль ніхто не прыйшоў з тых, каму былі разве- зены запрашальнікі, густоўна зробленыя супрацоўнікамі музея. Праўда, некаторым не спадабалася, што на запрашальніку радкі Рыгора Барадуліна з верша «Кнігары»: «Усе мы жыхары Краіны прагнай ведаў. Святло ў душы, гары — Няхай світае свету!» А не- каторыя, не атрымаўшы запрашэння на выставу, пакрыўдзіліся і сёння ўжо крытыкавалі нашы новыя выданні… * * * 14.06.2012. Дорачы свае «Выбраныя творы», Анатоль Вяр- цінскі тут жа выправіў у кнізе дзве памылкі. На старонцы 48 у радках: «Колькі святла навокал! А мама туды пайшла, Дзе ні рам, ні вокан, дзе ні школы, ні святла» заместа слова «школы», трэба «шкла». А ў паэме «Даруйце!» заместа «Даруйце, мая мама!» трэба «Даруй, мая мама!»… * * * 16.06.2012. Некаторыя асуджаюць незнаёмых і малазнаёмых людзей за іх непрыстойныя паводзіны ў складаных жыццёвых сітуацыях, а потым праз нейкі час гэтыя ж «суддзі» самі гэтак жа паводзяць сябе ў падобных складаных сітуацыях, як і тыя, каго яны асуджалі… З жыцця Змітро Віталіна 17.06.2012. Не магу ўстрымацца, каб з кнігі Уладзіміра Лякіна «Тры жыцці Змітро Віталіна» не працытаваць радкі пра жыццё ў 1930 годзе: «Кагосьці ў ЦК ЛКСМБ, а можа быць, і вышэй, асвяціла ідэя стварыць у калгасах адмысловыя камсамольска- моладзевыя брыгады па адкорме свіней, ад якіх, вядома ж, чакалі выдатных вынікаў. Як водзіцца, прынялі адмысловую пастанову і далі распараджэнне «Чырвоназменке» правесці адпаведную агітацыйную працу. Апрануць заклікі і лозунгі ў вершаваную форму даручылі Віталіну. Але замест таго, каб добрасумленна збудаваць чарговую стандартную рыфмаваную «агітку», малады 332 паэт вырашыў, як уяўляецца, злёгку пажартаваць. Апублікаваныя 14 кастрычніка, аб’ёмам амаль на старонку «Вершы пра свіней» пачыналіся неардынарна: Мы голасна песні і вершы пяём Пра сонца, пра зоры, машыны, Але вось чаму па-за нашым акном Стаяць неапетыя свінні? Былі там яшчэ «свінарнік-палац», «свінаматка-ўдарніца» і іншыя пасажы, відавочна, недарэчныя на старонках органа ЦК ЛКСМБ. Застаецца загадкай, як гэты верш наогул быў надрукаваны. «Арг- высновы», зразумела, былі зроблены, і на працягу доўгіх месяцаў вершаў Змітро Віталіна камсамольская газета не друкавала». * * * 18.06.2012. Зранку да мяне на працу прыехала тэлебачанне з просьбай, каб я расказаў пра Веру Вярбу, якой 14 студзеня было 70 гадоў. На шчасце, я з Гертрудай Пятроўна знаёмы, таму гава- рыць было лёгка. Праўда, я назваў яе не Гертрудай Пятроўнай, а чамусьці Маркаўнай. Магчыма, таму што з ёй пазнаёміўся яшчэ ў 1980 годзе ў рэдакцыі часопіса «Беларусь», дзе яна пра- цавала ў аддзеле літаратуры, куды я прынёс вершы, і з памяці выветрылася дакладнае імя па бацьку. Вера Вярба запомнілася ў элегантным капелюшы, з такімі ж элегантнымі сумачкай і парасонам. Яна выглядала так, як я ўяўляў і павінна была выгля- даць паэтка. Словам, нагаварыў пра Веру Вярбу кучу харошых слоў. Магчыма, яна і пачуе іх, калі глядзіць наша тэлебачанне… * * * 19.06.2012. На працу патэлефанаваў незнаёмы і папярэдзіў, каб я сёння чакаў яго, бо ён хоча мне паказаць свае геніяльныя творы. Праз некалькі гадзін пасля тэлефанавання прыйшоў незнаёмы гадоў пяцідзясяці і прынёс рукапіс рамана. Гаварылі доўга, на развітанне мужчына сказаў: «Калі не надрукуеце да канца года, я зап’ю і буду піць да таго часу пакуль ці я памру, ці вы надрукуеце мой геніяльны твор!» * * * 19.06.2012. «Дай ты мне, хлапец, якую-небудзь работу, а то я памру!» — сёння гэтымі словамі сустрэў мяне бацька, калі я вечарам прыйшоў да яго на кватэру… * * * 21.06.2012. Сумна, як у той дзень, калі мама памерла… * * * 21.06.2012. Пабыў у бацькі, як у калгасе, які вымер, а ў ім застаўся адзін мой бацька… * * * 21.06.2012. Яшчэ далёка восень, а лістота ўжо ападае. І ты наступаеш на лістоту, як на дні не табой пражытыя… * * * 21.06.2012. «А ці пайшла б за мяне замуж Шурка?» — пытаец- ца бацька. «Якая Шурка?» — «Маміна сястра!» — «Шурцы ж хутка будзе 90 гадоў!» — «Ну і што!» — кажа бацька… * * * 22.06.2012. На аўтобусным прыпынку да мяне падышоў ста- ры невысокі мужчына і прывітаўся. Я адразу ж узгадаў, што гэтага старога недзе бачыў і мы некалі з ім знаёміліся. І каб мужчына не падумаў, што я не пазнаў яго, я запытаўся: «Як вашы справы?» — «Не вельмі. Працую ў газеце. Тыраж дзве тысячы. Нас засталося мала…» — адказаў стары і тут жа наша размова перарвалася, бо якраз падышоў патрэбны аўтобус і мужчына, развітваючыся, дастаў з торбы газету і даў мне. Праз хвіліну я разгарнуў выданне і прачытаў назву «Коммунист Беларуси»… * * * 24.06.2012. Колькі ні рабі людзям дабро, яны ўсё на цябе глядзяць, як ваўкі на авечку… * * * 24.06.2012. У Вязынцы каля Музея Янкі Купалы над скоша- най травой лётае белы матылёк, як белы верш… * * * 28.06.2012. Гляджу ў акно, нібы ў ваду, дзе лета цячэ… 334 ЛІПЕНЬ * * * 1.07.2012. Высока-высока ў небе самалёт, як мамін срэбны крыжык у вадзе вечнасці… * * * 6.07.2012. Не бачу лета. Бачу бацьку… У Вязынцы 8.07.2012. Учора цэлы дзень з Людай правёў у Вязынцы на святкаванні 130-годдзя Янкі Купалы. Мора людзей не было, але некалькі тысяч — дакладна. Выступленні адбываліся каля свірна і на вялікай сцэне. На жаль, прадукцыі, прысвечанай юбілею на- шага класіка, было малавата. Некаторыя мае знаёмыя скардзіліся, што абвестак пра свята амаль не мелася, таму ехалі наўгад і, прыехаўшы ў дзевяць гадзін раніцы ў Вязынку, затаміліся ў спякоце, чакаючы дванаццаці гадзін, калі афіцыйна пачалося Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З ад- ною думкаю аб шчасці Беларусі…» Уладзімір Содаль, як заўсёды, на купалаўскай студні прадаваў кнігі. З намі пагаварыў пра вышыванкі. У Люды ёсць вышыванка. Яе мы купілі больш дваццаці гадоў назад, яшчэ тады, калі паблізу з намі жыў Сяргей Новік-Пяюн, які нас і натхніў на набыццё святочнай нацыянальнай кашулі… Вітаўт Мартыненка прадаваў музычныя дыскі. Нам нічога новага купіць не прапанаваў… Іван Ждановіч, убачыўшы Люду і мяне, загарэўся сфатагра- фаваць нас у вобразе княгіні і князя ў стэндзе, зробленым для фатаграфавання Генікам Лойкам… Выступаў з вялікай сцэны. Даў інтэрв’ю тэлебачанню і радыё… Пасля выступлення да мяне падышла настаўніца з Івянца і запыталася, ці можам мы з Людай прыехаць да іх у школу і выступіць. Дамовіліся на кастрычнік... 335 У тры гадзіны пасля выступленняў, як ужо стала традыцыяй, з Анатолем Бутэвічам і Навумам Гальпяровічам пайшлі ў госці на лецішча да Уладзіміра Гілепа. Пакуль мы ішлі, туды пад’ехалі сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч з дачкой Марыяй і Радзім Гарэцкі з жонкай і сябрамі. Шкада, што не было дыктафона, бо вельмі цікава было паслухаць успаміны Міхася Канстанцінавіча пра Янку Купалу і Якуба Коласа, а Радзіма Гаўрылавіча пра баць- ку і пра Максіма Гарэцкага… Дамоў вярнуліся а палове дванаццатай. Сёння ад учарашняга дня яшчэ з нас не сышоў добры святочны настрой… Паляўнічыя і хлапчук 8.07.2012. Даслухаўшы мой расповед пра тое, як я ў дванац- цаць гадоў хадзіў у Вязынку да Янкі Купалы, каб паказаць яму свае вершы, сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч запытаўся пра назву маёй вёскі. «Пугачы!» — адказаў я і нечакана пачуў, што зімой 1968 года Міхась Канстанцінавіч з сябрам, будучы за Ракавам на паляванні, заблудзіліся. Невядома колькі б блукалі паляўнічыя, калі б не напаткалі ў лесе на гары хлапчука з санкамі, які на іх пытанне, дзе тут бліжэйшая вёска, з якой мож- на выехаць на аўтобусе, адказаў, што непадалёку ёсць Пугачы, і паказаў ім, як туды зайсці. «Дык ці не Вы, Віктар, былі тым хлап- чуком, які нас выратаваў?» — запытаўся Міхась Канстанцінавіч. «Магчыма!» — адказаў я і расказаў, як у дзяцінстве, катаючыся ў лесе з гары на санках, напаткаў паляўнічых, якія запыталіся ў мяне, дзе тут якая вёска, каб там быў аўтобусны прыпынак, і я паказаў дарогу ў Пугачы. Паўспамінаўшы той далёкі час, мы з Міхасём Канстанцінавічам вырашылі, што нашы гісторыі пра паляўнічых і хлапчука — гэта адна гісторыя пра нас… * * * 9.07.2012. Ад сябра сям’і Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча доктара Саковіча даведаўся, што ў 1981 годзе, калі я праходзіў апошнюю медкамісію ў войска ад Афганістана мяне выратаваў доктар Сяргей Язерскі, які любіў беларускую паэзію і чытаў беларускія часопісы… * * * 9.07.2012. Гарачыня. І птушкі амаль не спяваюць, і бацька амаль маўчыць… 336 * * * 10.07.2012. Спякотна. Высока ў небе варона, як муха… Сашка Балотнік 12.07.2012. На паўзмрочным выдавецкім калідоры да мяне падышоў незнаёмы і, прывітаўшыся, запытаў: «Пазнаеш?» Агле- дзеўшы мужчыну, я адказаў: «Не!» — «Я ж Сашка Балотнік!» — з усмешкай прамовіў мужчына і яшчэ раз паціснуў мне руку. І я адразу ўзгадаў свайго вясковага сябрука Сашку Балотніка, які пяць гадоў назад памёр, задушыўшыся куском сала. «Ведаеш, я вярнуўся і хачу зноў заняцца музыкай! У нас з табой ёсць цудоўная песня, але яе цяпер ніхто не выканае. Давай напішам што-небудзь новае!» — сказаў Сашка Балотнік і папрасіў нумар майго тэлефона… * * * 14.07.2012. Памерла Вера Вярба. Узгадалася, што 18 чэрвеня да мяне на працу прыязджала тэлебачанне з просьбай, каб я расказаў пра Веру Пятроўну, якой 14 студзеня было 70 гадоў. Паэтку я ведаў і размаўляў з ёю ў той час, калі яна працавала ў часопісе «Беларусь», таму і расказваў для тэлебачання пра яе, якой яна была 30 гадоў назад. Расказваючы, лавіў сябе на тым, што пра Веру Вярбу гавару ў мінулым часе… Мінск — Ракаў — Пугачы 15.07.2012. Ездзіў у родныя Пугачы на свята вёскі… У аўтобусе Мінск — Валожын на вакзале сеў не на сваё, пазна- чанае ў білеце, месца, бо на ім сядзела дзяўчына і таму на «Камен- най горцы», дзе ў аўтобус зайшлі новыя пасажыры, маладая жан- чына папрасіла мяне ўстаць з яе месца. Да Ракава ехаў стоячы, думаючы пра тое, што я ўжо даўно не ездзіў у міжгародніх аўто- бусах… З аўтобуса выйшаў каля Ракаўскіх могілак і пайшоў да мамы. Адчуваў спінай, як услед мне з аўтобуса глядзелі людзі… Ідучы да мамы ў канец могілак каля агароджы, чытаў на помніках імёны памерлых і лічыў, колькі хто пражыў. Вельмі шмат моладзі… Маміны магілка прыбрана. Прыбрана так, як быццам яе прыбірала сама мама… Расказаў маме ўсё пра бацьку і пра тое, што еду ў Пугачы выступаць на свяце вёскі… 337 На Ракаўскім аўтавакзале мяне чакала загадчыца Пугачоўскага клуба Наталля Сасноўская з маладой дырэктаркай Пугачоўскай школы Сафронавай Аксанай Віктараўнай, якая ў нашы мясціны трапіла з Гомельшчыны па размеркаванні і цяпер жыве каля Ракава ў Выганічах, з якіх амаль пяць гадоў ездзіць на працу ў Пугачы. Раней яна некалькі гадоў выкладала замежную мову. Усю дарогу да Пугачоў з Наталляй, якая была за рулём, гаварылі пра вёску. Напрыканцы Наталля ўспомніла, што яна са мной адзін раз танцавала ў клубе... Каля Дома культуры нас чакалі старшыня Залескага сель- савета Арабей Галіна Аляксандраўна і загадчыца бібліятэкі Кавалеўская Наталля Леанідаўна. Я глядзеў на іх і побач з імі бачыў сваю маму… Бібліятэка пачынаецца са стэнда «Наш зямляк — Віктар Шніп». На ім стаіць мой вялікі партрэт, які тры гады таму намаля- ваў Алесь Квяткоўскі, і ляжаць кнігі мае і Людмілы Рублеўскай з аўтографамі… Святкаванне пачалося а палове дванаццатай. Аднавяскоўцаў сабралася вельмі шмат. Мікрафоны стаялі на ганку Дома культу- ры. Пасля старшыні сельсавета выступаў я. Глядзеў на людзей і сярод іх бачыў маму… На сённяшні дзень у Пугачах жыве 500 чалавек. З іх 100 дзяцей… Самая старэйшая жыхарка Пугачоў — Марыя Адамаўна Багіна. Ёй — 88. Самы малы жыхар — Шымель Дзяніс Дзмітравіч, які нарадзіўся 3 ліпеня 2012 года… На свята з Валожына прыехалі музыкі і выканаўцы песень. Аляксандр Шаўчэнка праспяваў маю «А ў гасцях…» Пасля свята да мяне падбеглі дзеці, каб разам сфатаграфа- вацца, а ўсе сваякі сталі мяне клікалі ў госці. Абяцаў, што наступ- ным разам прыеду спецыяльна і ўсіх адведаю… Дамоў не пайшоў. Там мамы няма… * * * 16.07.2012. У Дубровах знаходзіцца царква Нараджэння Бо- жай Маці (1897). Да царкоўнага прыхода адносяцца вёскі: Агароднікі, Бортнікі, Будраўшчына, Вуша, Гіравічы, Гойжава, Дуб- ровы, Душкава, Еленка, Кайцяні, Касцюкі, Кашына, Кулакоўшчы- на, Навасёлкі І, Навасёлкі ІІ, Пазнякі, Пугачы, Раманава, Сцяцкі, Татарскія. А я ўвесь час да сённяшняга дня думаў, што мае Пуга- чы адносяцца да ракаўскага царкоўнага прыхода... 338 Прыстойны… 19.07.2012. Званок у дзверы. Адчыняючы, думаю: «Відаць, сусед Дзіма…» Не. Дзве жанчыны. Маладзейшая з паперамі ў руках кажа: «Нам сказалі, што тут жывуць прыстойныя людзі! Падпішыцеся за кандыдата ў дэпутаты!» І давялося мне быць прыстойным чалавекам… * * * 23.07.2012. Падчас вяртання з Лысай гары на электрычцы «Гарадскія лініі» зарыфмаваліся радкі: На Лысай гары зноўку попел, як вершы, І сосны наўкол, як калоны ў палацы, Нябёсы трымаюць, дзе дух вершаў грэшны Лятае, нібыта лістоўкі на пляцы, Які апусцеў… Вера Вярба 23.07.2012. Да мяне на працу прыходзіла Раіса Баравікова. Пагаварыўшы па справах, узгадалі Веру Вярбу, якая нядаўна памерла. «У канцы мая ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры было адкрыццё выставы, прысвечанай беларускім пісьменніцам. Сярод памерлых былі чатыры жывыя: Загнетава, Каржанеўская, Вярба і я. Калі запрашалі на адкрыццё Вярбу, яна сказала, што не пойдзе, а прыйдзе сын. Словам, Вера сама сябе яшчэ тады далучыла да мёртвых, бо ад памерлых пісьменніц былі іх дзеці і сваякі!» — так завяршыла ўспамін пра выставу Раіса Андрэеўна і, сказаўшы, што Вярба была запанібрата са старэйшымі пісьмен- нікамі, расказала дзве гісторыі. Веру Вярбу з самага пачатку яе творчага шляху рэдагаваў Анатоль Вялюгін. І вось некуды ён прапаў, а Веры трэба тэрмі- нова здаваць кніжку і, не адшукаўшы Анатоля Сцяпанавіча, яна пазваніла Аркадзю Куляшову і сказала: «Аркадзь! Мне тут трэба адрэдагаваць некаторыя вершы, ты паглядзі і адрэдагуй, бо я нікім не чытаныя творы ў выдавецтва не здаю! Трэба тэрмінова!» І народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў прачытаў рукапіс Веры Вярбы, а потым і выйшла кніжка з ягонымі праўкамі. Неяк выпіваючы ў кампаніі са Сцяпанам Гаўрусёвым, Вера Вярба сказала: «Сцёпка! Я мяркую, калі б ты кінуў піць, то даўно купіў бы сабе машыну!» Гаўрусёў, кульнуўшы чарку, адказаў: «Мілая Верка, калі б я кінуў піць, то даўно б купіў самалёт!» * * * 25.07.2012. Дзякуючы Таццяне Барысюк, якая не палянава- лася схадзіць у Нацыянальную бібліятэку Беларусі і пагартаць «ЛіМ» за канец 2002 года, стаў вядомы дакладны дзень першага пасяджэння суполкі «Літаратурнае прадмесце». У штотыднёвіку за 29 лістапада 2002 года напісана: «Запрашаем! 5 снежня ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (вул. Захарава, 19) пройдзе арганізацыйнае пасяджэнне літаб’яднання. Запраша- юцца маладыя паэты, празаікі, крытыкі. Пачатак у 17 гадзін. Тэлефон для даведак: 284-44-04». * * * 25.07.2012. Учора з Людай, з дзецьмі і Людзінай мамай адзначылі сваё сярэбранае вяселле. Цешча ўспомніла, што пяць гадоў назад напісала пісьмо на радыё з просьбай павіншаваць Люду і мяне з 20-годдзем вяселля і перадаць для нас яе любімую песню. Песню перадалі, але не тую, што хацела цешча. Наш Максім, даведаўшыся, якую песню прасіла бабуля, пайшоў у другі пакой і, знайшоўшы яе ў інтэрнэце, уключыў. Пачуўшы сваю любімую песню, цешча сказала: «Глядзі ты, праз пяць гадоў успомнілі!» і тут жа, пакінуўшы святочны стол, села бліжэй да выключанага тэлевізара і пачала слухаць. Мы з Людай і дзецьмі, усміхнуўшыся, не сталі казаць, што песня гучыць з камп’ютара ў другім пакоі… * * * 26.07.2012. Бацька, заўважыўшы ў мяне на шыі ланцужок з крыжыкам, пацікавіўся: «Што гэта ў цябе?» — «Крыжык. Прынесці табе?» — запытаўся я. «Не! Мне яшчэ рана!» — адказаў бацька… • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • * * * 27.12.2012. Вечарам 25 снежня ў 20 гадзін 6 хвілін зазвінеў мабільны тэлефон: «Гэта з Ракаўскай бальніцы. Ваш бацька па- мёр. Прыязджайце і забірайце...» Паехалі. Забралі. Пахавалі баць- ку на Ракаўскіх могілках побач з мамай. І мне цяпер не трэба быць цырульнікам... 340 Яшчэ будуць харошыя светлыя дні… * * * Я гляджу праз акно на задымлены горад, У якім я жыву і ў якім я памру За старымі дамамі, дзе цені і холад, Дзе на ўсходзе вятры раздзімаюць зару, Быццам прысак, які там застаўся ад Храма, Што ў мінулым стагоддзі, як свечка згарэў, У якім маладая малілася мама, Каб я быў паслухмяным і каб не хварэў. Я гляджу праз акно, як праз лёд адзіноты, І мне цяжка ўздыхаць, і мне хочацца жыць, А над горадам чайкі, нібы самалёты, Што з дзяцінства майго прыляцелі кружыць Па-над горадам дымным і па-нада мною, Каб тут я хоць цяпер, але ўсё ж зразумеў, Што на свеце няма і не будзе спакою З-за таго, што наш Храм сто гадоў як згарэў… 30.06.2011 * * * Адзін сяджу ў кватэры, як у клетцы, І не хачу зусім з яе ўцякаць За матыльком, які аб шыбу б’ецца, Нібы аб неба, дзе ўначы сядзяць, Як матылі, на Млечным Шляху зоры. І я на зоры сумныя гляджу, Якім самотна ў залатым прасторы, Нібыта ў кроплі вечнага дажджу, Які праліўся і застыў на кветцы, Якая сонцам заўтра можа стаць, Каб матылёк, які аб шыбу б’ецца, Не захацеў да зорак адлятаць… 12.08.2011 341 * * * У вечнасці губляюцца дарогі, Як павуцінне ў небе і ў агні, Дзе нашы радасці і ўсе трывогі У Бога, нібы соль, на далані. І ты стаіш ля вогнішча і марыш, Што пройдзе восень, а пасля — зіма І знікнуць з сэрца, як і з неба, хмары, Разваліцца самота, як турма. І будзе добра і табе, і свету, Дзе ты жывеш і ведаеш, што ты У вечнасці, як дым ад цыгарэты, А ў сёння, нібы стомлены святы… 30.11.2011 * * * Па туманнай расе, па сцюдзёнай вадзе Пастушком басаногім твой ранак ідзе. Ты глядзіш на яго і ў ім бачыш сябе, І душа твая плача ў асенняй журбе, Што ў апалым лісці пад нагамі ляжыць, І так сумна табе, што не хочацца жыць, А тым болей што хутка надыдзе зіма, У якой для цябе анічога няма, Бо зіму, як любіў, ты не любіш цяпер, Бо зіма для цябе, як палюючы звер, Што не спіць і ўначы, і заснуць не дае… Сёння восень і вецер — сабака яе — Па туманнай расе, па сцюдзёнай вадзе За табою бяжыць, а твой ранак ідзе Пастушком басаногім, што любіць жыццё І збірае апалае з клёнаў лісцё, І ў лісці ён не бачыць асенняй журбы… 7.12.2011 Бацька ў горадзе У чорнай гарбаце, нібыта ўначы, Ты бачыш дарогу ў свае Пугачы. Там хата пустая, там змрочна і тло, 342 І ўсё ўжо, здаецца, пражыта, сышло, І ў горадзе ты, як у панскай турме, Глядзіш праз акно, дзе не бачна ў зіме Нічога знаёмага сэрцу твайму. І ты ўжо не любіш сябе і зіму За тое, што ўжо ўсё пражыта, сышло. І ў чорнай гарбаце, як цукар, святло Знікае паціху, зусім растае, І ты мне гаворыш пра думы свае, І слухаю я тваю споведзь і сны, І хочаш яшчэ ты дажыць да вясны, Бо ў чорнай гарбаце, нібыта ўначы, Ты бачыш дарогу ў свае Пугачы… 26.12.2011 * * * У свеце і ў душы даўно зіма, А снегу, як і радасці, няма, І травы зелянеюць, як вясной, І чорны воран ходзіць, як герой, Па плоце, за якім чарнее сад, Дзе шчэ нядаўна светла лістапад Кідаў лісцё мядзянае ў траву, Дзе вецер выў стамлёнае «Жыву!», Нібыта думкі паўтараў мае. Для шчасця сёння снегу нестае. І я іду па вуліцы і мне Вялікі кактус кветкаю ў акне Як сябар усміхаецца стары. І кот руды мудруе па двары, І можна мне зайсціся ў гэты дом, Напоўнены спакоем і дабром. Ды не зайду — гаспадароў няма І ў свеце, і ў душы, як крыж, зіма… 28.12.2011 * * * Першы снег мы чакалі, як свята. І стаў белым увесь белы свет, Дзе, як вугаль, чарнюткая хата 343 Патанула ў снягах, як траве У бялюткай, як дым на пажары, Дзе згарэлі былыя гады, У якіх былі светлыя мары І надзеі на час залаты, Што вось прыйдзе, як сонца прыходзіць, Пад якім растаюць снег і лёд. Выпаў снег. І па снезе, па лёдзе, Нібы снежны, спяшае народ, У якога немнога тут святаў, І таму першы снег, як святло, Што на крылах было ў лістапада І што ў нашай самоце было… 2.01.2012 * * * Не кажы пра самоту нічога, Бо самоту цяпер не люблю, Як і пыл над вясковай дарогай, Што ўзляцеў, каб ізноў на зямлю Апусціцца і з пылам змяшацца, І абсыпаць кусты і траву. Калі можна ад пылу схавацца, Ад самоты сваю галаву Не схаваць, бо самота заўсёды, Як паветра, ля нас і ў душы, Праз якую і пыл, і лістота Пралятаюць, праходзяць дажджы, Пакідаючы сумныя вершы, У якіх ёсць і лёд, і цяпло. Што прайшло, больш таго ўжо не вернеш, І ці трэба вяртаць, што прайшло, І таму не кажы пра самоту, Бо самота, як пыл, як вуглі, Як стаптаная ў парку лістота, Як у небе начным жураўлі… 20.01.2012 344 * * * Ізноў вясна жаданая прыйшла, І ў кожнай, нават незаўважнай кветцы, Нібы анёлак, пабыла пчала, Сваім лятаннем асвяціўшы сэрцы Людзей, што цэлую зіму чакалі, Калі зноў кветкі ў садзе зацвітуць, І залатой ад сонца стане далеч, Нібыта рыбкі залатыя там жывуць У возеры нябесным, што адтала І ад снягоў пазбавілася ўжо. Пчала ў тваю кватэру залятала, Хавалася ад ветру і дажджоў, І ты казаў пчале, што ты сумуеш І з ёй гатоў да сонца паляцець. А ў сонцы, быццам у дупле, вяснуе Руды вялікі сонечны мядзведзь, Якога бачыў ты, калі ляцела Пчала з тваёй кватэры ў белы свет, Дзе раніцай упаў, растаў збялела Апошні снег у першае траве… 16.05.2012 * * * Спакойнае неба Айчыны, Як купал адвечнага Храма, Які берагчы мы павінны, Дзе сёння іконаю мама Мне стала і будзе іконай Маёю, пакуль я жыву, Дый потым травою зялёнай Не стане, бо сам я ў траву Сыду, каб іконаю мама Была нада мною заўжды, Дзе помнікі сценамі Храма Стаяць ля крынічнай вады У Ракаве родным і мілым, Дзе светла, дзе гойна, дзе я Стаю каля кожнай магілы І кожная з іх, як мая… 31.05.2012 345 * * * Дажджлівая халодная вясна Табе прысніцца, і прачнешся ты, І паглядзіш на белы свет з акна, Нібыта з-пад аціхлае вады, Што ўчора бушавала і цякла І праз тваю самотную душу, Якая тут адвыкла ад цяпла, Прывыкшы да бясконцага дажджу. Ды дождж прайшоў, і наступіла лета, І дзе была вада, цяпер трава Буяе, і па жоўтых хвалях кветак Плыве да вёскі белая царква… І ты прачнуўся, і глядзіш з усмешкай Удалячынь, дзе сонца, як акно, Дзе лесу шнур, як у нябёсы сцежка, І лён, нібы блакітнае віно, Разлітае анёламі даўно… 5.06.2012 * * * Цеплынёй, як вадой, заліваецца Гэты свет, што забыў пра патоп, Дзе на промні ў жніво рассыпаецца Сонца спелае, быццам бы сноп Аржаны, што звязала матуля І пайшла адзінока ў той свет, Пра які ўсё жыццё сваё чула, Дзе цяпер нас чакае, жыве, І праз зоркі глядзіць залатыя, І яна гэтак будзе глядзець Да тых хвіляў, пакуль мы жывыя, Пакуль будзем да Бога ляцець… 25.06.2012 * * * Маленькі павучок густою павуцінай Аплёў ікону ў хаце, дзе людзей няма, Дзе шыбы ў вокнах, нібы вечныя ільдзіны, Якія тут для нас пакінула зіма, 346 Што адышла кудысьці з белымі ваўкамі, Што вылі тут нядаўна, як спусцеў наш двор, Дзе раптам разышлася глеба пад нагамі У мамы, што глядзела на сцяжыну з зор Па-над сабою, па-над нашым белым светам, Дзе белага хапае, як зімой снягоў, Якія ў дзьмухаўцах і ў павуціне летам Жывуць, чакаючы, каб уладарыць зноў Над намі, нібы павучкамі, што у хаце Іконы аплялі, каб не глядзеў з іх Бог, Які паўгода ўжо з маёй гаворыць маці, Што да яго прыйшла, каб дараваць ён змог Усім людзям грахі і павучку малому, Які свайго яшчэ не мае дому… 18.07.2012 * * * Яшчэ зусім далёка да зімы, І ты глядзіш на свет і разумееш, Што дом чужы падобны да турмы, З якой да маразоў ты не паспееш На волю выбрацца, і ў родны дом Прыйсці, як вестка добрая прыходзіць І, душы напаўняючы святлом, Жыве і не знікае ў новым годзе, Але яшчэ далёка да зімы І ўсё далёкае зусім далёка, І, як непрачытаныя тамы, Гады шчэ непражытыя нялёгка Лічыць і думаць: «Ці дазволіць Бог Усё спазнаць, што ты спазнаць жадаеш?» І ліст асенні падае да ног, І ты яго, як зорку, падымаеш, І ў дом чужы нясеш, каб пасвятлеў, Як родны дом, які цябе чакае, І дзе абрус бялюткі на стале, Як даўні снег, ляжыць і не знікае… 3.08.2012 347 * * * Агонь патухне і ссівее неба, Бы шэранню ахопіцца вада, І стане непатрэбным, што нам трэба Было нядаўна, і ўзрасце жуда Між камянёў забытай брукаванкі, Дзе шчэ нядаўна грукалі вазы, І скрыгаталі ўзімку сані й санкі Па камянях, дзе з кроплямі расы Перамяшаны кроў былі і слёзы, Якімі быў затушаны агонь, Які не грэў ні ў спёку, ні ў марозы, А ўсё знішчаў, склікаючы варон На свята смерці, дзе сівела неба, Бо ў ім за зоры зачапляўся дым, Якому нашая зямля не трэба Была ні ў гэтым свеце і не ў тым, Куды вядуць амаль усе дарогі, Бо гэты свет часовы, як вада, Што сёння нашыя цалуе ногі, А заўтра ўжо вады і не відаць З пяску, як з вечнасці, што нас чакае, І будзе нас на могілках чакаць, Дзе ўсё жывое, як вада, знікае, Каб, знікшы раптам, болей не знікаць… 31.08.2012 * * * Мог я нарадзіцца у Парыжы, Толькі нарадзіўся ў Пугачах, Дзе з лясоў асенні вецер рыжы Рассыпае лісце па шляхах, Па якіх вяртацца мне дахаты, Дзе ёсць хата, толькі ў ёй няма І не будзе болей мамы й таты І чакаць іх і гукаць дарма. І па лісці я іду асеннім, Быццам па пражытых мной гадах, І гатоў паўзці я на каленях, Каб вярнуцца ў час, дзе ў Пугачах Мы жывём усе, і нам далёка, 348 Быццам да Парыжа, да кладоў, Над якімі сонца і аблокі, Як самота наша і любоў. І калі бацькі ўжо не чакаюць, Нас чакаюць восень і клады, Дзе вятры лісцё перабіраюць, Як памерлых райскія сляды… 20.10.2012 * * * Бацька ўжо не вернецца дадому, Як з пажару не вяртаюцца, каб быць, Ні рудыя мышы, ні салома, Бо згарэлі, як усё гарыць У агні, які жыццём завецца, І ў якім нам радасць ёсць адна — Разрываць сабе душу і сэрца, Выпіўшы, як вечнасці, віна. Бацька ўжо не вернецца дадому, Бо і ён ужо стаміўся жыць І паліць душу, нібы салому, У якой усё ў труне ляжыць… 23.10.2012 * * * Зноў бацька ў бальніцы, нібы на вакзале, На лаўцы сядзіць, быццам бы на труне, Што лаўкай для бацькі гаротнага стала, Магчыма, на месяц, магчыма, і не. І скардзіцца бацька, што кормяць тут дрэнна, І піць так даюць, бы шкадуюць вады, І хочацца мне белай фарбай на сценах Пісаць: «Не трапляйце ніколі сюды!» І бацька ўсміхаецца, быццам бы знае Усё, што патрэбна яму заўтра знаць. Ізноўку мяне ён на лаўцы чакае, Забыўшыся дзень свой апошні чакаць… 24.10.2012 * * * …Снегам усё замяцецца, Нібы азораным тлом. Мама ад ветру прачнецца, Выйдзе на двор з ліхтаром, І не пабачыць нічога, Толькі бязмежнасць снягоў Белай дарогай да Бога Будзе прад мамай ізноў Так, як і ўчора, заўчора, Цэлую вечнасць назад… Траваў зялёнае мора З рыфамі дрэваў і хат Бачыцца мне — гэта сніцца — І я спяшаю дамоў, І мне ніяк не пазбыцца Гэтага сну, дзе ізноў Снегам усё замяцецца, Нібы азораным тлом. Мама ад ветру прачнецца, Выйдзе ў бязмеж з ліхтаром… 31.10.2012 * * * Яшчэ будуць харошыя светлыя дні І праскача па ўзгорках на белым кані Маладая жанчына ў чырвоным плашчы, Быццам бы мой анёлак, які Пугачы Для мяне беражэ, каб журботны не быў І каб з комінаў хат дым асенняй журбы У нябёсы да мамы няспешліва плыў І знікаў у вачах маёй мамы сівой, Што заўсёды цяпер будзе жыць нада мной Родным небам, дзе зараз аблокі й дажджы, Родным полем, дзе зараз балота й глыжы, Па якіх я іду, як выгнаннік, якому Аніколі цяпер не прыйсці ўжо дадому, Бо нікога ўжо дома няма і не будзе, Але ўсё ж вы мне верце, журботныя людзі, Яшчэ будуць харошыя светлыя дні, І праскача па ўзгорках на белым кані Маладая жанчына, як мама мая, Хоць яе ўсё ж адзін буду бачыць тут я… 8.11.2012
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|