РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Змагарныя дарогі
Частка першая
Менск - Альткірх - Марсэль
Неадчыненая школа
Крывавая ноч у Вільні
НЕАДЧЫНЕНАЯ ШКОЛА
        Сябром із школы камандзераў Беларускае Краёвае Абароны ў Менску
        
        МЕЧ
        
        Яго ў зямлі знайшоў маёй разлогай
        Гаручы прадзедаў вузкі загон.
        Вясёлым звонам аказаўся ён,
        Калі чапіў канцом майго нарога.
        
        Абцёр пабожна йржу часа благога,
        І заблішчэў старых стагодзьдзяў сон
        І напіс на клінку, нібы закон -
        «Да рэшты бой!» - зірнуў загадам строга.
        
        І вось няма нясьмеласьці, разваг
        Для сэрца вернага - чужынцам страх:
        Радзімы схоў вартуйце, маткі, сёстры!
        
        Я з грамадой іду па шчасьце нам.
        Мой меч зіхціць непераможны, войстры.
        Змагуся сам - дык іншым перадам!
        
        1924 г.
        Уладзімір Жылка

        
        
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
МЕНСК-АЛЬТКІРХ-МАРСЭЛЬ
        
НЕАДЧЫНЕНАЯ ШКОЛА
        
І
        
        22 чэрвеня 1944-га году Менск сьвяткаваў гэтак званы Дзень Вызваленьня. Гэтак гітлераўскія акупанты называлі дзень збройнага нападу на маскоўска-бальшавіцкую турму народаў. Дзеля належнага ўшанаваньня трэцяй гадавіны афіцыяльна было загадана правесьці ў гарадох акупаванае Беларусі парады вайсковых гарнізонаў, як нямецкіх, так і беларускіх, галоўным чынам Беларускае Краёвае Абароны.
        У Менску, з усходняга боку Галоўнай вуліцы, паблізу маста на Сьвіслачы, пабудавана была вялікая трыбуна. Над ёю беларускі бел-чырвона-белы сьцяг гойдаўся побач зь нямецкай свастыкай. Каля адзінаццатай гадзіны раніцы мянчане шчыльнай жывой сьцяной запоўнілі ходнікі, некаторыя-ж, каб лепш бачыць парад, ускараскаліся на шчарбатыя сьцены прывулічных руінаў. На трыбуне зьявіліся высокія дастойнікі акупацыйнае ўлады й жменя беларусаў. Кульгавы фон Готбэрг стаяў у акружэньні сваіх ад’ютантаў і афіцэраў менскага гарнізону, побач зь левага боку ад немцаў камандуючы БКА маёр Кушаль гутарыў з шэфам штаба БКА капітанам Мікулам.
        Зь левага боку ля трыбуны стаяла нямецкая вайсковая аркестра. Першым у парадзе йшоў адзьдзел Вэрмахту. Перад трыбунай рота затрымалася, й афіцэр, здаўшы Готбэргу рапарт, загадаў маршыраваць далей. Наступнай ішла Школа Камандзераў Беларускай Краёвай Абароны, а за ёю іншыя адзьдзелы БКА. Школа, апранутая ў чорную вопратку, з Пагонямі на шапках, яўна вырозьнівалася сярод усяго іншага войска. Той, хто прыглядаўся гэным двум сотням васемнаццацігадовых юнакоў, мог-бы мець уражаньне, што нехта павыбіраў іх з цэлай Беларусі, дапасоўваючы да нейкай агульнай, прынятай і вызначанай меркі. Усё гэта бадзёрае, румянае, здаровае, упэўненае - рабіла на гледачоў надзвычайна добрае ўражаньне.
        Бадзёры роўны крок і раўнамерны тахт выклікалі доўгія воплескі мянчан, што прыглядаліся з абодвых бакоў вуліцы. Камандзер школы капітан Ласкутовіч, што вёў калёну, падыходзячы да трыбуны, скамандаваў «зрок направа» і... «стой!». Адно гэнае «стой» выйшла зусім слабенькае, пачутае толькі пярэдняй часткай калёны. Калі фронт затрымаўся, як было загадана, як быццам адзін чалавек, то заднія, не пачуўшы каманды, ледзь змаглі ў час спыніцца як папала, каб ня ўзьбіцца пярэднім на пяты. Выйшла, не гаворачы ўжо аб вусных камэнтарах, нешта падобнае да таго гуку, які бывае, калі сыпецца зь меху бульба ў склеп. Па натоўпе прайшоў гоман незадаваленьня.
        Капітан Ласкутовіч, спасьцярогшыся ў час, што сам быў у тым вінаваты, зачырванеўшыся, здаў пры трыбуне рапарт камандуючаму БКА, і чорная калёна юнакоў памаршыравала далей.
        
        
ІІ
        
        - Каб яго ліха, як яно нядобра выйшла! - жаліўся нехта, калі вярнуліся ў Паўночныя Казармы.
        - І то-ж падумаць адно, гэтулькі часу маршыравалі, амаль цэлы месяц вучыліся, мазалі на нагах панаціралі, і цяпер во выйшла як на сьмех...
        - Каб жа з нашай віны!
        - Тое-ж і баліць, што ня з нашай віны, а зь ягонай..
        - І то-ж, здаецца, такі здаровы мужчына, а ўжо не мог-бы ён моцна крыкнуць тое «стой», каб усе пачулі, ці што?
        У гэны вечар кадэты мелі змогу выслухаць каля сёмай гадзіны па менскім радыё справаздачу аб урачыстасьцях, перадусім аб парадзе. І вось там ізноў пачулі музыку нямецкае аркестры, што стаяў побач трыбуны, а пасьля-ж і тое «стой», што было прычынай такой вялікай няўдач, ды і пасьля ўжо як нехта сыпаў бульбу ў склеп..
        Здавалася-б, ня было надта чым журыцца. Інструктары з розных вайсковых школаў ведаюць больш кур’ёзныя выпадкі. Хто-ж будзе тады ў войску памыляцца, калі ня рэкрут? Але й было найбольш крыўдна, што няўдача выйшла ня зь віны рэкрутаў, а зь віны самога камандзера, дый то яшчэ пры самай першай нагодзе, калі, казаў той, толькі-толькі пасьпелі паказацца ў людзі. Затое і было крыўдна.
        Калі кадэты са Школы Камандзераў БКА турбаваліся такой першай няўдачай, то гэта зусім зразумела. Усе яны зьявіліся ў школу ахвотнікамі ў пачатку чэрвеня, значыцца, прыехалі вучыцца, а не бібікі, як кажуць, біць. Гэта быў у бальшыні сялянскі элемэнт. Амаль ніхто зь іх раней ня трымаў зброі ў руках. Усе мелі сярэднюю асьвету й хоць пазьяжджаліся з усіх закуткаў Беларусі, - ад Вільні да Гомеля й ад Пінска да Віцебска - асноўнае, супольнае, што іх зьвязала, што прывяло ў Менск, было пачуцьцё народнае крыўды й нянавісьці да ворагаў, патрыятызм і ахвярнасьць. Гэтая моладзь зь сярэдніх школаў добра ведала, дзе ёсьць крыніцы няшчасьця народу й пастанавіла сваймі сіламі падбаць пра тое, каб іх зьліквідаваць. Да заняткаў у школе, няхай сабе й самых першых, элемэнтарных, адносіліся кадэты надзвычай паважна й пільна.
        Гоманам перапоўніліся будынкі Паўночных Казармаў у Менску. Жыхары суседніх вуліцаў раніцою й папаўдні прыслухоўваліся прыгожым мэлёдыям беларускіх вайсковых песьняў. Хаця мянчане звычайна прымалі гэтых юнакоў за паліцыю, бо-ж яны насілі чорную вопратку, аднак хлопцы толькі ўсьміхаліся, паказваючы з гордасьцю на Пагоні, што мелі на шапках. Мала якая іншая беларуская вайсковая фармацыя мела Пагоні. Яшчэ больш цешыліся, даведаўшыся, што ў хуткім часе аздобяць свае каўняры Ярылавымі крыжамі на чырвоных палотнішчах. Магла-б некаму дзіўнай здацца гэткая, ледзь ня дзіцячая любасьць і прывязанасьць да сваіх нацыянальных адзнакаў з боку маладых, недасьветчаных у ваенных справах ды ў жыцьцёвай практыцы зусім зялёных юнакоў. Але-ж якім, калі ня гэткім спосабам, маглі яны выказаць свой гарачы патрыятызм, любоў да народу, якая ўзрастала, мацнела і ўкарэньвалася ў сэрцах іхных у меру росту гвалту над беларусамі з боку бальшавікоў і гітлераўцаў?
        Пачаліся першыя заняткі й муштра. Беларуская каманда гучала на вялікім пляцы перад казармамі. Хаця юнакі ня былі прывыкшымі да вайсковага жыцьця й вечнага посьпеху, мала хто наракаў. Стараліся, бо ведалі, што ў будучыні здабытыя веды панясуць у пададзьдзелы, каб там падзяліцца імі са сваймі родзічамі. Вечарам, пасьля заняткаў, пад час прыгожае вясеньняе пагоды, выходзілі на пляц і тут, у жартах, весялосьці, з роднай песьняй праводзілі вольныя хвіліны.
        Працаю й жыцьцём Школы кіраваў капітан Ласкутовіч. Зь нямецкага боку за Школай наглядаў капітан Шнайдар. У сталыя кадры ўвайшло колькі беларускіх афіцэраў і падафіцэраў ды нямецкіх інструктараў.
        Жаданы лік рэкрутаў быў асягнуты. У незадоўгім часе Школа мела быць адчынена афіцыйна. Зь нецярплівасьцю чакалі кадэты таго дня, набіваючы ці шмат мазалёў на нагах пры падрыхтоўцы да афіцыйнай маршавай парады. Адылі мала хто прадбачыў ці навет варажыў, што адкрыцьцё ніколі не адбудзецца, што час іхнае кар’еры ў БКА надзвычайна кароткатрывалы. Мала хто бачыў, што бура вісела ўжо над галавой, хаця кажны яе спадзяваўся.
        
        
III
        
        Ужо ад даўжэйшага часу ў падаваных у прэсе камунікатах Вярхоўнага Камандаваньня Вэрмахту аб сытуацыі на франтах пачалі зьяўляцца такія часта паўтараныя, як нехта мог-бы сказаць, заваяваўшыя сабе там сталае права грамадзянства, азначаньні, як: «эвакуавана з мэтаю скарачэньня фронту», «плянава адведзена на загадзя прадугледжаныя пазыцыі» або «ворагу ўдалося ўварвацца пры цяжкіх стратах», ды шмат іншых падобных. Нідзе не гаварылася аб сваіх перамогах, як калісьці, а толькі аб варожых стратах. Інфармацыйнае Бюро Галоўнае Кватэры, дабіраючы найбольш адпаведную тэрміналёгію, старалася замаскаваць вялікія паразы на ўсіх франтох. Дзень 6-га чэрвеня 1944 году прынёс новую, вельмі важную для гісторыі вестку: магутны дэсант заходніх хаўрусьнікаў высадзіўся ў Нармандыі. Адкрыўся другі фронт. Гітлераў слаўны й прапагандаю размалёваны гэтак званы Атлянтычны Вал, празь які, паводле Гэбэльса, і мыш ня мела змогі праціснуцца, а ня тое каб хаўрусьніцкая армія, быў вышчарблены. Ангельскія, амэрыканскія й францускія жаўнеры паставілі першыя крокі на ўзьбярэжжах Ля-Маншу. Найбольшая нямецкая цьвярдыня ў Італіі - Монтэ Касыно, што сьцерагла дарогі з паўдня на Рым, была пасьля доўгіх і цяжкіх баёў здадзена ў рукі Восьмай Брытанскай Арміі. Усюды адступалі «з мэтай скарачэньня фронту», заўсёды «займалі згары прадугледжаныя пазыцыі», і кожны раз «праціўніку ўдавалася ўварвацца пры цяжкіх для яго стратах».
        Нешматлікія з гэтых фактаў былі ведамыя тым, што знаходзіліся пад нямецкай уладай, ды й далёка не адразу. Газэты й радыё інфармавалі людзей зь вялікім спазненьнем, а вестак аб няўдачах найчасьцей не падавалі зусім.
        У мурох Школы Камандзераў БКА вучні ня ведалі аб тым нічога. У горад выходзіць не дазвалялася. Кожны быў больш зацікаўлены парадкам дня й новымі абставінамі, чымся навінамі з прэсы. За грукатам і шумам вуліцы слаба чуваць было штораз бліжэйшае рэха гарматаў з усходу, а калі ноччу, на агульную трывогу, выбягалі хлопцы з будынкаў у вакопы, то ўважалі гэта за нармальнае ў ваенных часох зьявішча. Часта даводзілася сядзець у бамбасховішчах больш за гадзіну, а па адкліканьні трывогі з уцехаю беглі ў казармы, дзе чакала адкрытая, хоць ужо й астылая пасьцеля, каб заўтра на кліч службовага «ўставай!» ізноў як найхутчэй стаць на ногі.
        
        
IV
        
        Вечарам 28 чэрвеня, як кажнага вечара, была скліканая зборка на малітву перад сном. Як ніколі раней, абедзьве роты стаялі на першым паверсе. Пасьля малітвы нямецкі інструктар фэльдфэбэль Турн паклікаў да сябе перакладчыка.
        - Згодна з загадам вышэйшых уладаў, - пачаў ён, - заўтра раніцою а гадзіне сёмай усе ўдзельнікі школы маршыруюць з Менска праз Маладэчна й Вільню на Горадню. Менск мае быць эвакуаваны. Далейшае наша шкаленьне маем прадаўжаць у Горадні. Ідзём пехатой.
        Звыш дзьвёх сотняў застылых постацяў, уталопіўшыся ў Турна, замянілася ў слых.
        - На вазы, - працягваў немец, - якія маем, загадана заладаваць найбольш неабходныя рэчы - харчы, зброю й амуніцыю. Кажны з вас забярэ сваю стрэльбу. Атрымаеце амуніцыю. Бярыце рэчы толькі найбольш неабходныя й тыя, што па дарозе ня будуць вас залішне абцяжарваць. Камандзеры зьвязаў вызначаць па трое чалавек, якім аддадуць несьці лёгкія кулямёты. Людзі гэныя будуць поўнасьцю адказныя за зброю й няхай не асьмеляцца яе кінуць. Калі-б хто так зрабіў, будзе караны. Зазначаю, што ўсё павінна быць у найлепшым парадку, які пад час эвакуацыі неабходны. Цяпер камандзеры зьвязаў дадуць інструкцыі да парадку падрыхтоўкі. Няхай ніхто не пасьмее спаць. Я скончыў.
        Гэтая апошняя засьцярога была непатрэбнай. Вестка атрымалася такой неспадзяванай і ашаламляльнай, што спаньнё нікому ня было ў галаве. Пасьля атрыманьня дадатковых інструкцыяў ад камандзераў зьвязаў зборка скончылася, а ў залі запанавалі крыкі й гул.
        - Канюхі, давай на двор, амуніцыю ладаваць на вазы!
        - Усьпееце!
        - Што знача ўсьпееце? Вы забыліся аб паслухмянасьці? Перш там зробіце, а пасьля каля сябе. Хутчэй! Дзе іншыя?
        Кадэты не адразу ўзяліся за работу. Навіну трэба было абгаварыць.
        - От і выйгралі вайну! Бачыў кум сліўку? Хутчэй адсюль уцякаем, чымся прыехалі. Школа ў Горадні... Гм, гэта выглядае віламі па вадзе пісана...
        - Як школа будзе ў Горадні, то я буду называцца... Ну не ведаю як...
        - Перадусім калі ты там будэеш?
        - А табе сьпешна?
        - А што-ж не? Як атрымаеш ад бальшавікоў у каршэнь, то пабачым, ці табе ня будзе сьпешна.
        Хтосьці зарагатаў.
        - Гэта менш важна. Найважнейшае тое, што ідзём пехатою. Ты ўяві адно пехатой такі сьвет дарогі.
        - Трэба было табе ў кавалерыю йсьці, то паехаў-бы...
        - От і навучыліся. Я не спадзяваўся...
        - Добра Коля зрабіў, што не паехаў сюды. Бачыш во, адкуль можна ведаць...
        - Скончыць там гутаркі ды брацца за падрыхтоўкі, - загадаў інструктар.
        Хлопцы крыху прымоўклі. Той ці іншы паволі ўзяўся за работу. Цэлая ноч была наперадзе й ніхто надта не сьпяшаўся. Хацелася пачуць найбольш дэталяў аб заўтрашнім падарожжы, дый аб далейшым, але ніхто нічога ня ведаў. Кароткія й адрывістыя словы Турна шмат ня выясьнілі. Самая вестка, што далейшае шкаленьне будзе прадаўжацца ў Горадні, была вельмі сумлеўная. Хто-ж мог сказаць, што савецкі наступ будзе спынены перад Горадняй? А калі й так, то на як доўга? А пасьля - гэта амаль пэўнае - будуць ізноў уцякаць. І на чым тое ўсё кончыцца?
        Што будзе зь іхнымі бацькамі, якіх пакінулі ўдома і якія нічога ня ведаюць, што сяньня сынам загадана пакінуць Менск, а за пару дзён, можа, й Бацькаўшчыну? Ці сяньняшні загад маршыраваць на Горадню абазначаў для іх заўтрашні загад пакінуць Бацькаўшчыну назаўсёды? Ведалі, што Нямеччына ў крызысе патрабавала маладых людзей для працы й сілаў для абароны на франтох. Чым стане для іх вайсковая вопратка з днём, як акупацыя ўсяе Беларусі маскоўскім агрэсарам станецца фактам? Ці будуць змушаныя аддаць сваё маладое жыцьцё за тых, што хацелі накінуць сьвету бяспрыкладную няволю?
        Няшмат хто зь іх прыйшоў да так далёкіх рэфлексіяў. Адно кажны ведаў, што заўтра а сёмай гадзіне раніцай паставіць першы крок на дарозе, якая няведама дзе, калі і чым скончыцца. Будуць гэта першыя крокі на дарозе няведамай і няпэўнай, цяжкой і надта небясьпечнай.
        Падрыхтовы да адыходу скончыліся блізка раніцы. Той ці іншы прылёг на голай пасьцелі, каб злавіць колькі хвілін сну. Нядоўгай была дрэмка, бо ўжо а пятай гадзіне загадалі выходзіць на двор да апошняга перагляду. Каля складоў стаялі запрэжаныя каламажкі, а канюхі канчалі ладаваць харчы, зброю й амуніцыю.
        
        
V
        
        У хуткім часе зь бязладнае, гаманлівае масы заспаных рэкрутаў сфармаваліся два асобныя доўгія трохшэрагі, устаўленыя адзін за другім фронтам да зялёнага будынка, і пачаўся апошні перагляд. Дружыновыя й зьвязовыя абыходзілі навокал сваіх падуладных, таму ці іншаму даючы кароткія ўвагі. Хтосьці ў скручаны й надзеты на шыю коц напакаваў зашмат хлеба, іншы занадта абцяжыў патранташ амуніцыяй, трэці меў, здавалася, зашмат рэчаў і ніяк ня мог парадзіць. Усё гэта патрабавала нагляду з боку старэйшых і спрактыкаваных. Ня радзілі нікому занадта сябе абцяжываць, ведаючы, што й так па дарозе шмат застанецца ззаду. Капітан Мікула й капітан Шнайдар наглядалі за агульным парадкам і давалі апошнія, зьвязаныя з падарожжам, загады. Капітан Ласкутовіч яшчэ раней адпрасіўся ў камандуючага БКА, каб заехацца ў Стоўпцы па сваю сям’ю. Да Афіцэрскае Школы меў далучыцца пазьней.
        Калі ўсё было гатовае, капітан Мікула, седзячы на кані, зьвярнуўся да юнакоў з такімі словамі:
        - Хлопцы! Хачу перад маршам сказаць вам колькі слоў. Шкада, што быў кароткі час і мы яшчэ добра не пазналіся. Але маю надзею, што, будучы разам, зжывёмся. А гэта цяпер самае асноўнае - прашу вас трымацца разам. Ведаю, што ўсе вы надзвычай добрыя й сумленныя беларусы, вялікія патрыёты, але ўсе вы яшчэ зялёныя. Перад намі стаіць вялікая дарога, якая няведама дзе й чым скончыцца. Не хачу вас дарэмна цешыць, а кажу так, як ёсьць. Перад намі цяжкасьці й небясьпекі. Дзеля таго наша згуртаванасьць поўнасьцю неабходная. Трымайцеся разам і слухайце загадаў. Дысцыпліна - самае асноўнае. Ад сябе хачу запэўніць, што я вас не пакіну й заўсёды буду з вамі. Лічыце на мяне ва ўсім і лічыце не толькі за камандзера, але й за старэйшага сябру. Я са свайго боку хачу верыць, што вы ўсе мне блізкія сябры, што на вас магу палягаць, што не падвядзеце. Дык давайце, трымаймася разам. А цяпер - шчасьлівае дарогі!
        Гэтыя кароткія, вымаўленыя ў сяброўскім духу словы адразу здабылі для капітана Мікулы масу сяброў. Шэф Штабу БКА быў з тых людзей, якія ня толькі сваймі словамі, але й прыязным даверлівым паглядам, сяброўска-братняй прастатой, кароткім жартам і ўсьмешкай будзілі да сябе пашану й здабывалі давер. У сваім падыходзе да жаўнераў, асабліва-ж да кадэтаў, ён шмат розьніўся ад капітана Ласкутовіча, у якога найбольш віднай была вайсковая «помпа», надутасьць, дэманстрацыйнасьць, штучная палітуроўка. Праўда, кадэты слабавата ведалі яшчэ як аднаго, так і другога, але калі-б ужо давялося выбіраць, дык, пэўна-ж, больш галасоў выпала-б на Мікулу.
        
        
        
        Сонца ўжо выглянула з-за ўсходняе шчарбатае сільвэты гораду і ў поўнай летняй велічы засьмяялася на лёгка-блакітным небе. Адчыніліся вароты Паўночных Казармаў. Выходзіла першая рота, другая, пасьля вабоз. Выцягнулася даўгая калёна, а дагэтуль глухая вуліца задуднела сотнямі жаўнерскіх і конскіх падковаў. Глухі й раўнамерны грукат цяжкім рэхам адбіваўся й гінуў у суседніх руінах. Адзін ці другі жыхар прывулічнае хаты нема прыліп да акна, прыглядаючыся да чорнай калёны. Не махаў на развітаньне рукою, але, пэўна-ж, нешта варажыў аб будучыні. Мо лічыў, што за колькі дзён прыйдуць іншыя «вызвольнікі». Бо ўжо-ж як там ні было, а прыйсьці, пэўна-ж, прыйдуць... Дый якое новае няшчасьце, якія зьдзекі прынясуць?..
        Калі перад гэтым выходзілі кадэты за муры школы, дык ужо на трэцім кроку зачыналі «Першы зьвяз» або «Мы бойкая моладзь». 29-га чэрвеня выйшлі яны за браму моўчкі, й толькі гулкі крок ды раўнамернае ляскатаньне колаў каламажак замянілі рэха калішняй вясёлай і поўнагучнай мелёдыі. Цішыня панавала ў шэрагах.
        Узьняўшы хмару густога й едкага пылу, павярнулі направа, на пяшчаную, пратаптаную сярод папялішчаў і руінаў дарогу, што вяла на Галоўную вуліцу. Тая грукацела несканчоным эшалёнам цяжкіх вайсковых транспартных машын, коламі вялізных гарматаў, гусеніцамі цяжкіх і лёгкіх танкаў. Ехалі яны радамі, адзін побач другога, а пры магчымасьці кожны стараўся абмінуць пярэдняга. Моцны гул суправаджаў іх праз амаль пустыя ад цывільных жыхароў вуліцы Менску. Усё кіравалася на Радашкавічы й Маладэчна. Туды-ж павярнула й Школа, паволі пасоўваючыся левым бокам дарогі.
        Вось канчаюцца ўжо апошнія, драўляныя, там-сям раськінутыя побач шашы гарадзкія збудаваньні. Мінае яшчэ гадзіна - горад застаецца далекавата ззаду. Не адзін з маршыруючых аглядаецца, быццам-бы хочучы ў памяці ўтрываліць рысы дарагога места. Пару гадзін назад разьвіталіся зь зялёным будынкам, хутка гарызонт схавае за імі апошнія прадмесьці, й толькі імглісты вобраз зруйнаванае сталіцы надоўга застанецца ў памяці.
        Высока ўжо паднялося сьпякотнае сонца. Як на далані відаць наперадзе даўгі вуж выежджанай дарогі, дзесьці на небакраі - сінявы шнур лясоў. Анямела, прытуліўшыся ў цень дрэва, галасьлівая птушка, далёка ад грукатлівае дарогі адляцеў вясёлы жаўрук. Грукаціць тая дарога сотнямі жаўнерскіх і конскіх падковаў, тысячамі колаў цяжкіх грузавікоў, енчыць і стогне пад цяжарам панцырных вазоў. Усё гэта з посьпехам імкнецца на захад, з такім посьпехам, што не варожыць уцекачам перамогі.
        Паволі пасоўваецца доўгая чорная калёна, выбіраючы пабочныя прыдарожныя сьцежкі. Звычайна маюць тыя сьцежкі два кірункі, але гэтым разам усе падарожныя, а была іх колькасьць нязьлічоная, кіраваліся на захад.
        
        
VII
        
        Першая ноч падарожжа мінула спакойна. Абедзьве роты затрымаліся ў прыдарожнай вёсцы ды, накарміўшы й напаіўшы коней, павячэраўшы, разьмясьціліся па сялянскіх пунях на начлег. Хаця пах падгнілай леташняй саломы ня дзейнічае так дадатна на сон, як водар сьвежаскошанага сена, няпрывыклы да маршаў і змучаны рэкрут заснуў вельмі хутка. Ціхая й цёплая чэрвеньская ноч прыносіла гул і грукат снарадаў з неспакойнага ўсходу. Часты й працяжны, рэдка паадзіночны, глуха разьлягаўся ён у начной цемры, уліваючы трывогу ў сэрца жыхара й падвойваючы нэрвовасьць нефартуннага ўцекача. Дарма, што было вельмі цёмна - дарога жыла й рухалася. Ехалі ўпоцемках, вобмацкам. Бясконцы гул мэханічных вазоў, часта кароткія й адрывістыя крыкі нямецкае каманды або адзінотны стрэл быццам-бы дапаўнялі адгалоскі гармат з усходу і пасоўваліся разам зь імі на захад.
        Яшчэ добра не разьвіднелася, як чорныя начлежнікі былі на нагах. Па кароткіх раньніх падрыхтоўках пакінулі вёску. Таму што вайсковыя мэханічныя эшалёны займалі цэлую шырыню дарогі, дазволена ім было маршыраваць калёнаю па аднаму бочнай сьцежкай. Марш быў вольны, але агульны парадак быў захаваны. Калёна хутка расьцягнулася на добрую пару кілямэтраў. Каля кожнае з каламажак, што былі наладаваныя харчамі, амуніцыяй і зброяй, ішло па колькі чалавек. Там, дзе дарога спускалася ў даліну, яны карысталі і з задаваленьнем пад’язджалі, усміхаючыся й махаючы рукамі абмінаным сябром. Дзень, як і ўчора, быў вельмі гарачы, сонца ўжо паднялося на некалькі пядзяў, на небе ня было ніводнае хмаркі, а смага й дарожны пыл сушылі горла пехацінцаў. Якраз узыходзілі пад горку. Нахіл быў нязначны, але надта-ж даўгі, й канюхі былі яўна незадаволеныя неабходнасьцю ісьці пехатой.
        Пры адным з задніх вазоў плялося чацьвёра юнакоў. Адзін зь іх, правай рукой прытрымоўваючыся каламажкі, у левай трымаў дубец і штохвіліны падахвочваў сьцёбаньнем свайго лянівага гнядога коніка. Пагрубелыя ад пылу чорныя кучаравыя валасы няроўна ападалі на расшпілены брудны започаны каўнер. Аб выглядзе сваім, здавалася, ён зусім ня дбаў. Задаволены, што атрымаў хурманку, ён паклікаў сваіх трох калегаў, што вельмі ахвотна датрымоўвалі канюху (так называлі хурманаў) сяброўства. Трое гэных сяброў паходзілі зь Дзісьненшчыны, а ён пазнаў іх пад час вайны як вучняў Віленскае Беларускае Гімназіі. Жылі ўтрох на адной кватэры зараз за Вяльлёй каля Кальварыйскай вуліцы насупраць Замкавай гары.
        Сам ён называўся Камовіч і быў роджаны ў Вільні. Зблізіўшыся зь імі, часта заходзіў на кватэру, дзе найчасьцей у бескарысных гутарках траціў пазашкольны час. Зрэшты, у гімназію таксама прыходзіў рэдка, а дырэктар школы ўжо колькі раз абяцаў выкінуць яго за дзясяты парог, калі будзе наведваць лекцыі, як дагэтуль. Але Камовіч чамусьці не апынуўся ня толькі за дзясятым, але навет за першым парогам, а пагрозы дырэктара так і ня прыносілі жаданых вынікаў, бо вучань зусім не рупіўся. Сяброўства зь дзісьненскімі хлопцамі было важным плюсам, бо было ад каго сьцягваць лекцыі. Тыя надта не супярэчылі, і здаецца, што віленчук быў з гэтага задаволены. Апрача таго, меў яшчэ адзін, і ўжо шмат важнейшы, мінус - любіў выпіць. Ня быў даслоўна п’яніцай, але знаходзіўся на простай дарозе, каб ім стацца ў будучыні. Апавядалі, што бацька ягоны шмат з гэтай прычыны пацярпеў. Часьценька ў хаце зьнікала з вачэй якаясьці дробная, дый не заўсёды ўжо такая дробная, рэч і чамусьці ніколі на старое месца не вярталася. Аб таямнічым зьнікненьні ведаў адзін сын.
        Бацька - калішні выкладчык у тэй гімназіі, куды цяпер хадзіў Коля, - палагоджваў усе справы адносна сына ў школе зь яе цяперашнім дырэктарам, што калісьці быў ягоным вучнем. Ведаў аб гэтым Коля надта-ж добра, з пратэкцыі карыстаў аж залішне й да навукі ня рупіўся. Хоць бацька й гнаў сына вучыцца, мала памагала.
        - Бацька пагутарыць з Грышкам (так празвалі дырэктара Пранука Грышкевіча), - казаў Коля, - і ўсё будзе ў парадку.
        І запраўды, як ня дзіва, усё было ў парадку. Шмат сяброў напрыканцы школьнага году былі зьдзіўлены Камовічавымі ацэнкамі й пераводам яго ў наступную клясу. Магчыма, што дзівіла тое й самога вучня, але ўдаваў, што на такія ацэнкі поўнасьцю заслужыў.
        Але вернемся да іншага. Як ужо было ўспомнена, з хаты зьнікалі ў розныя часы розныя рэчы. Звычайна ў дні, калі гэта здаралася, матка ламала галаву над тым, чаму Коля вяртаўся зь места дахаты пазьней нармальнага. Жанчына хоць тое-сёе й здагадвалася, сама сабе старалася запярэчыць, ня верачы, што зь некалі добрага й маленькага сынка вырас цяпер зусім не такі, як-бы яна жадала.
        Аднойчы бацьку спатрэбіўся мікраскоп. Звычайна стаяў ён у шафе на паліцы, побач кніжак, абкручаны паперай. Адчыніўшы шафу, стары Камовіч зьняў паперу й пры немалым зьдзіўленьні замест цэннае прылады знайшоў нейкую імітацыю са шмацьця й палачак. Мікраскоп зьнік - калі й куды, няведама. Апавядалі, што пасьля была вялікая авантура, што сын часьцей сядзеў дома, што сядзеў дома ён не з сваёй волі, а на загад бацькі й што прайшло ці мала часу, пакуль Коля йзноў пачуў поўную вольнасьць. У нікога ня было сумлеву, што няўдалым майстрам імітацыі мікраскопа быў якраз Коля.
        Сваіх трох сяброў ён наведваў часта. Сядзеў, бывала, доўга, й неяк напрыканцы гутарка заўсёды зыходзіла на тэму: як-бы здабыць пляшку «сівухі». Ягоны найбліжэйшы з гэных трох сяброў, Кастусь Дзежка, вывучыў і даўно ведаў Камовічаў падыход. Недарма, седзячы на балконе і ўбачыўшы ў вузенькім завулку Камовіча, Косьця рагатаў:
        - Гэй, хлопцы, зірніце! І хто гэта, вы думаеце, пляцецца вунь да нас па дарожцы, калі не сам пан Камовіч чарачку жабраваць! Ха-ха-ха! Калі-ж ня верыце, дык зірніце вунь на паўаршынны чырвоны нос!
        Камовічаў нос быў зусім у меру. Тут Косьця пераўвялічваў. Хоць адведзіны такія былі нярэдкія, чарачка знаходзілася амаль заўсёды. Купіць «сівухі» ў Вільні было лёгка, хіба што грошай не ставала. Пасьля п’янства прыходзілі песьні, а часамі й спрэчкі.
        Звычайна пасьля такога вечару гаспадарова сястра, пяцідзесяцігадовая дэвотка, прыходзіла ў пакой студэнтаў і чытала ім маралі, якіх яны не слухалі.
        Далёка заавансаванымі сябрамі з гэтай тройкі былі Сымон Спарыш і Віктар Караткевіч. Паходзілі з суседніх вёсак і сядзелі на адной школьнай лаўцы ад пятае клясы пачатковае школы ды разам трапілі ў Віленскую гімназію.
        У канцы травеня, якраз пасьля сканчэньня заняткаў, усе тры разам з Камовічам добраахвотна паступілі ў Школу Камандзераў БКА ў Менску. Такім чынам трапілі яны ў лік тых чорнаапранутых юнакоў, што мелі быць асноваю новастворанае Беларускае арміі. Хаця-нехаця сяньня маршыравалі побач з жаўнерамі Вэрмахту з той толькі розніцай хіба, што тыя ехалі аўтамашынай, а яны валакліся пехатой.
        
        
VIII
        
        Коні цягнулі пад горку вольна, хаця ня былі яшчэ перамучанымі.
        - Пайшоў ты! Я ця... нооооо! - паганяў Камовіч і часта сьцёбаў дубчыкам малога коніка.
        Ішлі доўгі час моўчкі.
        - Вы зірніце, хлопцы, назад, - адазваўся Віктар, - ці вы ўяўляеце, што-б гэта было, каб сюды паказалася хоць пару зьнішчальнікаў? Ай-я-яй, я-яй! Я хацеў-бы бачыць, як гэтая банда выглядала-б. Бальшавікі, відаць, ня ведаюць, дзе іхняе жніво. Гэта-ж падумаць толькі - такі дзень і ніводнага самалёту!
        Хлопцы азірнуліся. Якраз узьехалі на горку. Ззаду на дарозе, што бегла тут праз глыбокую лагчыну аж да небакраю суседняга ўзвышша, цягнуўся адзін суцэльны двухрадовы шнур вайсковых вазоў. Некаторыя былі наладаваныя рознымі матэрыяламі, іншыя - перапоўненыя жаўнерамі. Яны ўздымалі за сабою шырокую й густую лявіну пылу, што павольна асядаў на прыдарожныя кусты, дрэвы й збожжа. Зь левага боку дарогі, на нядаўна выежджанай паласе, можна было заўважыць шмат конных хурманак. Запрэжаныя ў вадзіночкі, яны былі пераладаваныя ўсякім хатнім дабыткам. Ехалі на іх дзеці й старэйшыя, а дужыя валачыліся побач. Гэта былі калгасьнікі, што не хацелі больш падпасьці пад эксплуатацыю Сталіна.
        - Так, тут можна было-б нарабіць кашы, - згадзіўся Кастусь.
        - Ты пабач, - заўважыў ён, - нашы пераходзяць на правы бок дарогі на лагчыну. Можа, затрымаемся?
        - Ага, так. Затрымоўваюцца. Ну, ужо час, - адказаў, зірнуўшы на гадзіньнік, Віктар.
        Была адзінаццатая. Прайшло добрае паўгадзіны, пакуль цэлая калёна перабралася цераз заграможджаную шашу. Спыніліся ў паўкруглай шырокай лагчыне, што з паўночнага боку была абмежаваная высокім гонкім лесам. На сенажаці ляжалі нязграбленыя, прысохлыя да зямлі, пару дзён таму назад скошаныя пракосы сена. Канюхі на пачаканьні падкінулі па ахапку коням, а хлопцы пачалі зыходзіцца ў грамадкі, хто й дзе да сваіх. Загад коратка гаварыў: затрымацца! Той ці другі зьдзеў чаравікі ды аглядаў папрэлыя ад маршу ногі, рэдка хто ўзяўся за кавалак хлеба. Праўда, ужо была абедняя пара, але смага больш дакучала, чымся голад, а вады навокал ня было відаць.
        Тым часам капітан Шнайдар і Мікула ды іншыя беларускія й нямецкія афіцэры воддаль сабраліся ў гурт і штось радзілі. Гаварыў Шнайдар. У правай руцэ трымаў тонкую палачку, паказваў ёю на вазы й на хлапцоў. Хутка разыйшліся. Немцы пайшлі ды па чарзе аглядалі хурманкі, а капітан Мікула паклікаў да сябе юнакоў. За колькі хвілін сабраліся яны навокал афіцэра, й Сымону выдалася, што было іх менш, чымся выйшла зь Менску. Некаторыя, відаць, пайшлі сваймі дарогамі, куды й чаго - тым часам было няведама. Але Мікула не казаў пералічваць.
        - Слухайце, хлопцы, уважна! - пачаў ён голасна. - Тое, што вам зараз скажу, ня будзе вельмі прыемным. Датычыць гэта нашых інструктараў-немцаў, якіх ня зьбіраюся ў гэтым часе й месцы крытыкаваць. Як вы бачылі, перад хвілінай гаварыў да нас капітан Шнайдар. Згодна зь ягоным загадам, у далейшую дарогу ўсе немцы паедуць асобна вазамі, а мы маем ісьці пехатой. Нам пакінуць толькі пяць хурманак, на якіх павязецца харчы й амуніцыя. Усю рэшту - колькі там вазоў?
        - Восем... - адказаў нехта.
        - Усе, значыцца, гэныя вазы забяруць яны з сабою. Бачыце, якраз цяпер немцы вазы выбіраюць. З кожным з тых, выбраных немцамі вазоў, паедзе адзін канюх, які сваю работу ведае. Усе іншыя пойдуць ззаду. Загадана ўсім кіравацца на Вільню. Затрымаемся там дзесьці ў мурах былога гэтто паблізу Нямецкай вуліцы. З прычыны таго, што дарога перад намі далёкая, раджу вам асабіста, каму толькі ўдасца, садзіцца на спадарожныя нямецкія машыны, бо пехатой, хто ведае, ці дойдзеце. Хто можа - няхай ад Маладэчна едзе таксама цягніком. У Вільні на станцыі, а таксама ў горадзе, будуць некаторыя з нашых, ад якіх даведаецеся аб зборным пункце. Стрэльбы раджу браць з сабою для собскае бясьпекі. Гэта будзе ўсё. Пытаньні?
        Колькі хлопцоў засталося пры капітане, іншыя-ж паразыходзіліся да сваіх рэчаў і радзіліся, як найлепш кіравацца ў далейшую дарогу. Шмат зь іх ахвоцілася на нямецкія машыны й кіравалася да шашы. Тым часам інструктары-немцы павыбіралі найлепшыя хурманкі й клікалі канюхоў ды загадвалі пераладоўваць свой багаж зь іншых на выбраныя.
        - Слухай, Коля! - зьвярнуўся да Камовіча Кастусь Дзежка. - Кідаем к чорту наш воз. Няхай гэныя швабы на ім едуць, а мы, калі ўдасца, давай паедзем машынай. Ты ведаеш, колькі ты часу будзеш з гэнымі брухатымі валачыцца!.. Але пабач! Немцы твайго воза не выбралі. Дзе там хто захоча ехаць на такім здохленькім коніку.
        - Ну ты, уважай. Не зьневажай гнядога! - адгрызнуўся Камовіч.
        - Няма часу на жарты. Ідзі, пацалуй яго на развітаньне ды аддай гэтай імітацыі Шулу, ён ахвотна згодзіцца ўзяць пад апеку.
        - То хадзем, забярэм хаця кулямёт. Той нам спатрэбіцца, хаця-б і на самагонку.
        - Ты ўсё з самагонкай!
        - Ды й рэчы таксама.
        Сябры накіраваліся да свае хурманкі й хутка пачалі абвешвацца рознымі пакункамі й хатулямі. Дзежка ўзяў «дзегцярова», Сымон Спарыш і Віктар Караткевіч - па адной скрынцы амуніцыі. Шуло ахвотна згадзіўся ўзяць пад сваю апеку іхняга лянівага гнядога коніка. Чацвёрка накіравалася на дарогу.
        Некаторым зь юнакоў ужо пашанцавала ўскочыць на вольныя нямецкія аўтамашыны, й групкі пры дарозе радзелі. Два капітаны на верхавых, нямецкія падафіцэры й некаторыя беларусы на хурманках накіраваліся на дарогу.
        Нашай чацьвёрцы ўдалося перабрацца на левы бок шашы, дзе чакалі, наглядаючы выгаднай машыны.
        - Толькі-ж, хлопцы, старайцеся, каб усім разам сесьці ды не разьдзяліцца.
        - Ты ўжо ня бойся.
        У гэны момант наладаваная трубамі плятформа крыху звольніла, й Камовіч з Дзежкам, быццам маланкаю, ускочылі і ўжо сядзелі наверсе.
        - Хутчэй! Давайце сюды! - крычалі яны. Сымон нагнуўся, каб схапіць пастаўленую перад сабою цяжкую скрыню з амуніцыяй. У гэны момант нейкая хуткая машына, што абмінала калёну, наехала на скрынку і ўгнетла яе ў мяккі, разьежджаны, быццам попел, сівы пясок. У апошні момант нечыя моцныя рукі схапілі Сымона ззаду й адцягнулі ад дарогі.
        - Але-ж зь цябе й расьцяпа! - буркнуў Віктар. - Шчасьце маеш, што не пакалечыла.
        - Каб ня ты, дык і пакалечыла-б. Ну, а тыя дзе? Паехалі?
        - Паехалі. Але ня бойся. Удасца й нам. Дагонім іх яшчэ ў Маладэчне.
        Доўга не давялося чакаць. Большасьць транспарту валачылася паволі, й незадоўга наша двойка ўжо сядзела наверсе вялікае машыны. Хутка абмінулі школьныя хурманкі, пакінулі ззаду некаторых сяброў, што яшчэ чакалі на добрыя шансы, ды, з палёгкаю ўздыхнуўшы, перанесьліся ўжо думкамі ў Маладэчна.

Крыніца: http://knihi.com/Kastus_Akula/Zmaharnyja_darohi.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.