РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Змагарныя дарогі
Частка першая
Менск - Альткірх - Марсэль
Неадчыненая школа
Крывавая ноч у Вільні
КРЫВАВАЯ НОЧ У ВІЛЬНІ
КРЫВАВАЯ НОЧ У ВІЛЬНІ
        
I
        
        Больш аднае пары часу заняло даўгому таварнаму цягніку, перапоўненаму ўцекачамі й жаўнерамі, пакуль дапоўз з Маладэчна праз Ліду ў Вільню. Цывільныя ўцекачы былі пераважна з Полаччыны. Апавядалі, што бальшыня местаў на ўсход ад Маладэчна, улучна з найбліжэйшай Вілейкай, ужо эвакуавалася. У ліку едучых было шмат паліцыі, ці мала зь іх са сваймі сем’ямі й сваякамі. Адзін паліцай Сталюкевіч, чалавек у трыццатых гадох, ужо разьвёў добрае знаёмства з Камовічам і іншымі сябрамі нашае чацьвёркі, што хутка знайшлася пасьля прыезду ў Маладэчна. Хто ведае, ці ня была першапачатнай прычынай гэнага знаёмства празрыстая зьзяючая Камовічава пляшка сьпірту, якую гаспадар тым часам песьціў за пазухай, аж пакуль усе не разьмясьціліся ў зьверху адкрытым вагоне, прызначаным для перавозу бярвеньня й дроў. Дзе й як ён яе здабыў - для іншых сяброў было таямніцаю. Праўда, яны й ня дзівіліся, ведаючы ягоныя здольнасьці ў гэным кірунку. Дый часу ў Маладэчне меў даволі.
        Такім чынам і дарога весялейшай стала. Як-бы ні было, а навет найменш адпорныя на алькаголь і не прывыклыя да яго Сымон і Віктар і тыя сербанулі па шклянцы, хоць надта-ж моршчачыся. Здавалася пасьля, што й цягнік весялей ішоў, што й вайна, пэўна-ж, не такая ўжо страшная, дый цыганскае жаўнерскае жыцьцё, да якога во толькі што пачалі прывыкаць, неяк там ужо паплыве.
        Сталюкевіч з Камовічам і поглядамі выразна згаджаліся. Згода была бліжэйшая ў меру таго, як пусьцела літроўка. Першы красамоўна распавядаў субяседніку аб сваім гарачым патрыятызьме, аб тым, колькі яму ўдалося зьнішчыць чырвоных партызанаў, дый аб тым, колькі ворагаў Беларусі ён сваймі-ж собскімі рукамі вынішчыць яшчэ ў будучыні.
        Камовічавым грудзям даволі-ткі добра дасталося, пакуль яму, божачыся, сяк-так удалося пераканаць субяседніка, што і ён, Камовіч, не такі ўжо самы апошні чалавек на гэтай плянэце, і што ён шмат каму й шмат чаго яшчэ пакажа. Бліжэй гэных двух быў прымасьціўся Кастусь, які, хоць у гутарцы малы браў удзел, сардэчна патаківаў, калі ад яго вымагалі.
        
        
II
        
        Калі цягнік на другі дзень каля паўдня давалокся да Вільні, давялося яму шмат пачакаць, пакуль уціснуўся на таварную станцыю. Даслоўна ўціснуўся. Па бакох ня было аніводнага вольнага чыгуначнага шляху. Колькі квадратных кілямэтраў таварнае станцыі было запруджана ваеннымі эшалёнамі.
        На адным зь пешаходных пераходных масткоў над цэлым гэтым комплексам чыгунак і ваеннае ды ўцякацкае масы стаяла невялікая група віленскіх «анткаў», якія, назіраючы за гэтай вялікай кангламерацыяй жаўнераў, народаў і простых нешчасьлівых людзей, яўна цешыліся, часта ўсьміхаючыся й час-ад-часу вузенькай нітачкай сьліны выказваючы сваю зьнявагу да тых, якіх лёс у гэны час і дзень, на добрае ці благое, сагнаў на станцыю.
        
        - Цьфу на вас, нячысьцікаў! - паказаў на іх Сымон.
        
        - Ты бачыш, пасабіраліся басякі! - памог злаваць Кастусь.
        
        З «анткамі» другі раз і то ўжо больш паважна давялося нашай чацьвёрцы сустрэцца тут-жа налева за Вострай Брамай, непадалёк ратушы. Пакінуўшы свайго прыпадковага спадарожніка Сталюкевіча, яны накіраваліся ў былое гэттто, дзе, як было сказана, затрымалася Менская Школа.
        
        - Давайце спынімся на перакурку, - пасуліў Кастусь, зьнімаючы з пляча «дзегцярова» на рагу вуліцы.
        
        - Давай, - адазваліся іншыя.
        
        Хлопцы моцна зацягнуліся цыгарэтамі й, не сьпяшаючыся далей, разглядаліся. Два чалавекі сярэдняга росту затрымаліся крокаў за пяць воддаль і зь несхаваным зацікаўленьнем прыглядаліся ня так хлопцам ці іхным стрэльбам, як кулямёту.
        
        - Скажыце, панове, - ня выцерпеўшы, агрэсыўна зьвярнуўся да іх Кастусь, - ці не закахаліся вы ў нас часам?
        
        - У вас-то, можа, й не, - адказаў паляк з грымасай, - але ў гэты кулямёт, то можа...
        
        - Як-бы то, пане, - з вымушанай ветлівасьцю прыйшоў на дапамогу другі, - каб мы так зрабілі маленькі гандэлек?
        
        - Як то значыцца гандэлек? - удаў Кастусь, што не разумее.
        
        - Прадайце нам кулямёт, - паясьніў той.
        
        Камовіч штось шапнуў Кастусю на вуха і, відаць, для падмацаваньня свайго аргуманту пстрыкнуў вялікім пальцам па адамавым яблыку. Дзежка спахмурнеў.
        
        - Здурэў ты, ці што? - кінуўся ён на Камовіча.
        
        - Не разумееш, што ў сяньняшнія часы гэта твой найлепшы сябра?
        
        - Ды я-ж толькі думку такую... - залепятаў Камовіч.
        
        - Эх ты, разам з думкай. У цябе думка толькі аб самагонцы. Як табе ня сорамна!
        
        Дзежка раптоўным рухам ськінуў з пляча і ўзяў напагатоў для стрэлу «дзегцярова».
        
        Палякі змыліся вельмі хуценька.
        
        
IІІ
        
        
        
        У адным зь вялікіх будынкаў былога гэтто сабралася ўжо больш сотні юнакоў са Школы Камандзераў БКА. Засьведчыўшы службоваму падафіцэру сваю прысутнасьць і даведаўшыся, што тым часам ніякіх загадаў і плянаў няма, з дазволу падафіцэра Камовіч пайшоў наведаць сваіх бацькоў, а Сымон, Віктар і Кастусь выправіліся да Веньця. Гэтак называлі свайго колішняга гаспадара, у якога жылі на памешканьні. Польскае слова «венц», адпаведнае беларускаму «дык», ён вымаўляў, непатрэбна зьмякчаючы два апошнія гукі. Гэта й паслужыла для яго гатовай мянушкай.
        
        Быў Веньць старым шасьцідзесяцігадовым кавалерам. Зь ім жылі дзьве сястры, таксама яшчэ дзеўкі, адна на колькі гадоў старэйшая, а другая малодшая за брата. Цэлы сьвет гэтай асаблівай тройкі круціўся паміж анёлкамі, касьцёлам, працай і «халупай», як яны называлі сваю хату. У Вільні жылі даўно. Веньць працаваў дзесь у гарбарні. Не раськідаліся, жылі вельмі сьціпла. Пакоі іхныя паабчэпліваныя былі рознымі глінянымі й парцалянавымі Езусамі ды Боскімі Маткамі, пачынаючы ад Вастрабрамскай, а канчаючы Чанстахоўскай і іншымі сакрамантамі, у тайніцу якіх тройка студэнтаў ніколі ня ўглыблялася. Адвялі хлапцам пакой на падстрэшшы. Былі там тры нізкія пасьцелі, стол з двума крэсламі й дзьве шуфляды. Адной выгадай для студэнтаў быў вялікі франтавы балькон, здадзены поўнасьцю для іх карыстаньня. Адтуль быў добры від на Вяльлю й Замкавую Гару. Там хлопцы праводзілі шмат свайго пазашкольнага часу.
        
        Здаралася неаднойчы раніцою ў нядзельку, калі тройка храпла яшчэ моцным сном справядлівых у сваім душным пакойчыку, малодшая Веньціха, пастукаўшы ў дзьверы, безь вялікай цырымоніі прыходзіла гнаць студэнтаў «да касьцёла». Даўгія й шчырыя запэўненьні хлапцоў, што яны не каталікі, а праваслаўныя й што акрамя касьцёлаў ёсьць у Вільні таксама й цэрквы, ніяк не маглі памясьціцца ў цеснай галаве старой дэвоткі, якая часамі так надакучала, што найбольш гарачы й непаўстрыманы з тройкі - Кастусь, ускочыўшы з пасьцелі паўголы, у адных падштаніках, не так ужо ветліва выпрошваў нахабную місіянерку за дзьверы. Пасьля гэтага хлопцы звычайна пераварочваліся на сваіх цьвёрдых сеньніках на другі бок і храплі аж да абеду.
        
        Бывала часта, што студэнты хадзілі паўгалоднымі. Мясцовыя харчовыя карткі далёка не задавалялі іхнага сялянскага апэтыту, й, прынамсі, раз на пару месяцаў то адзін, то другі ехаў за дзьвесьце з гакам кілямэтраў да бацькоў, каб прывалачы пару мяшкоў ежы, пераважна тлушчаў. Іншым разам, а бывала гэта вельмі рэдка, бацькі то аднаго, то іншага самі перасылалі харчы, калі нехта знаёмы ехаў ад іх у Вільню, бо поштай пераслаць было нельга, а за білетам на праезд чыгункай трэба было доўга абіваць парогі ў мясцовага нямецкага акруговага камісара. Бывала й так, што навет тых харчоў з картачак ня было за што купіць. Пакуль удалося ў кагосьці пазычыць колькі марак - кішкам даводзілася граць марша.
        
        Па-свойму спачувала хлопцам старая Веньціха. Часьценька такое спачуваньне замянялася ў тры няглыбокія талеркі рэдкага зупы, званай «полевэчкай», якая ня так лагодзіла голад, як яшчэ больш спрычынялася да бурклівасьці кішок. Але, як кажуць, галоднаму й жук - мяса. Дык навет і за гэткую дабрату, выражаную трыма няглыбокімі талеркамі рэдзенькай зупы, Кастусь пасьля дазваляў старой дэвотцы заапякавацца не так ужо малым кусочкам сала, якое хоць часамі й пазнавата, але ўсё-ж знаходзіла іхны адрас.
        
        
IV
        
        
        
        - Знаеце што, хлопцы, - гаварыў да сваіх двух сяброў, кіруючыся на вуліцу, Кастусь, - я ў Веньці пакінуў цэлую кучу сваёй вопраткі, а самае галоўнае - тыя найлепшыя боты з бліскучымі халявамі. Чаму маюць нямытаму чорту заставацца? Давайце возьмем апылім іх і пагуляем харашэнька. Як вы думаеце?
        
        Апыліць - у тэрміналёгіі Кастусёвай азначала збыць, прадаць, або, як часьценька казаў ён у размовах з палякамі, «сьпененжыць» - замяніць на цьвёрдую манэту.
        
        - Добрая ідэя, - падтрымаў Віктар.
        
        - Шкада мне зь імі расставацца, але ў войску яны лішнія, а грошы прыдадуцца, - дабавіў Кастусь. Хварсіў ён моцна тымі ботамі, надта-ж элегантнымі, шытымі з найлепшага хрому. Былі яны прадметам зайздрасьці не аднаго з падлеткаў у гімназіі.
        
        - Ды й мой-жа кажушок у Веньці заваляўся дзесь, калі толькі мышы не дабраліся да яго, - адазваўся Сымон.
        
        - Ну, брат, на твой цэнны й слаўны кажушок дык хіба й Веньцевы галодныя мышы ня кінуцца, - зарагатаў звычайна больш маўклівы Віктар. - Каб ты паслухаў нашай рады, то даўно кінуў-бы яго й перастаў сароміць нас у таварыстве.
        
        - Га-га-га! Знайшоў што прыпамінаць, свой незаменны кажушок! - памог Віктару Кастусь.
        
        Сапраўды прадзяўблі сябры Сымону галаву з гэтым рудым, ужо вынашаным, аж пачарнелым ягоным дамашнім кажушком. Сымон з дому быў бяднейшы за сваіх сяброў. Бацька ня мог здабыцца, каб прыдбаць сыну, які безь ягонага дазволу самадумам паехаў у Вільню вучыцца, лепшую вопратку. Меў, акрамя Сымона, яшчэ, як любіў гаварыць, пяць ратоў накарміць і пяцёра плячэй апрануць.
        
        За Сымонаў самадумны выезд на навуку бацька яму па некаторым часе дараваў, але на лепшую вопратку для сына так і не здабыўся.
        
        - Ну што-ж, сынок, едзь, вучыся, - казаў ён да сына, калі той, пераскочыўшы колькі класаў, здаў у Віленскую гімназію іспыты й з няскрываным задавальненьнем паведаміў аб гэтым старога. - Але Бог ведае, колькі я табе змагу памагчы. Так коратка з усім, што канца ніколі няма. Што-ж да вопраткі, то бяры во й насі, якую маеш, бо лепшай я табе ня спраўлю. Каб во сядзеў дома ды мне памагаў, то, можа-б, што... а так, то адкуль-жа. Рабіць, казаў той, некаму...
        
        Сымон і ня крыўдзіўся за гэткія бацькавы словы. Ведаў добра тую вечную, ужо ў вёсцы прыказкавую бяду ў сям’і, дзе амаль усе грошы йшлі то на шпіталі, то на навуку. Маючы чатырнаццаць гадоў, страціў матку. Хвароба з якойсьці, самому Богу ведамай прычыны вечна не пакідала іхнай хаты. Да таго-ж бацька яшчэ стараўся, каб кожнае дзіця, прынамсі, скончыла сямігодку. Для малазямельнага селяніна пад польскай акупацыяй, што меў да працы адно сваіх двое рук, гэта ня было такім простым. А вайной яшчэ пагоршылася.
        
        - Ды й чаго аж у тую Вільню? - крыўдзіўся на сына бацька. - Ці ня мог-бы ты дзе тут бліжэй, па суседзтву?
        
        Так і давялося Сымону згрэбці з вопраткі што папала, у тым ліку й бацькавы падношаныя чаравікі, званыя ім шчыблетамі, амаль на цэлую паўпядзь завялікія на сынавы ногі, ды й той не такі ўжо зусім новы, таксама-ж бацькаў, руды кажушок. Хоць і даволі рослым быў Сымон, але бацькаў кажушок сягаў яму аж па калені, не гаворачы аб прадаўгаватых рукавах, якія даводзілася закасваць.
        
        - Ты ўяві сабе, Віця, якое мне няшчасьце сягоньня здарылася, - гаварыў аднойчы Віктару Кастусь з выразным намерам, каб пакпіць з Сымона. - Стаю вунь на рагу Міцкевіча ў таварыстве гэтай прыгажуні з шостай клясы, ты яе знаеш, гэту з пульхненькай мордачкай?
        
        - Знаю.
        
        - Дзяўчына што называецца: можна і ў таварыстве паказацца; абстуканая, казаў той, дый з выгляду - і ззаду й сьпераду - ціп-топ. Адным словам, хоць ты да сэрца прытулі. Стаю, значыцца, і ўдаю джэнтлмэна, розныя кавалкі заліваючы. Ажно гляджу, адкуль ні вазьміся, прэ з-пад Зялёнага маста нейкі кажушок, проста так і сунецца, як той слонь, толькі зьнізу гэтае палозьзе даўгое, што ён называе туфлямі, у паветры нейкія замашыстыя паўкольлі выпісвае. Я аж ахнуў. Авохці, думаю, пакрака! Яшчэ возьме ды затрымаецца й дзяўчыну спудзіць. Тут ня ўсьпеў я ў душы перахрысьціцца, як той спыняецца ды, міргнуўшы на мяне бельмамі, дзяўчыне грабу на прывітаньне суніць. І што-ж ты думаеш... Тая крышку зьбянтэжылася, што мядзьведзь такі вітацца зь ёю маніцца, ды, хвіліну пастаяўшы, перапрасіла мяне й змылася. Які мне стыд, які сорам! Сьвет не бачыў!
        
        
V
        
        
        
        Так і цяпер, вярнуўшыся да старой улюбленай тэмы і, як Сымону здавалася, да ягонага забытага кажушка, аб якім меў неасьцярожнасьць напамянуць, хлопцы й не заўважылі, як мінулі Зялёны мост і, павярнуўшы сьпярша направа, а пасьля ў вулачку налева, станулі перад Веньцевымі дзьвярыма. Па знадворных сходах узабраліся на першы паверх і коратка пастукалі ў дзьверы. Адчыніла маладзейшая дэвотка. Яна зь немалым зьдзіўленьнем прыгледзелася да чорных юнакоў ды, распазнаўшы ў іх колішніх кватарантаў, кароткім «проша» ўпусьціла ў хату.
        
        - Ведаеце, панічка, што? - пачаў Кастусь. - Думалі мы, што, праязджаючы праз Вільню, выпадала нам вас наведаць, ды тут і некаторыя нашы рэчы ў вас яшчэ засталіся.
        
        - То панове сюды ненадоўга?
        
        - Хто ведае, можа, толькі на пару дзён...
        
        - О-о-о! Каго я бачу! - зь няскрыванай іроніяй, выйшаўшы з кухні, пачаў Веньць. - Праўдзівы рыцары бялорусіны! Маем гонар! Маем гонар! - прадаўжаў зьядліва. - О, а што-ж гэта ў вас на шапках? - зрабіў Веньць грымасу, прыглядаючыся бліжэй да «Пагоняў». - «Пагоня»! Ох, не! Навет і гэрб мусілі ад літвінаў украсьці! Ха-ха-ха! Але-ж то й войска! Хэ-хэ...
        
        - Пане Веньць... - моцна пачырванеўшы ад злосьці, пачаў Кастусь.
        
        - Пшэпрашам пана Костка, - перабіў яго Веньць, - але здаецца, што пан Костэк знае маё прозвішча.
        
        - О так, знаю, пане Пшэпулкевіч... Скажыце мне, чаго вы так скачаце? Здаецца, што вы зусім іншы былі чалавек. Ці часам ня тое на вас падзеяла, што з усходу прыбліжаюцца так званыя вызвольнікі?
        
        - Але-ж і камэдыя! - сьмяяўся, не зважаючы на Кастуся, закасваючы ніжнюю лупіну, Веньць. - Ну і як жа вы так? Збудавалі тую сваю Бялорусь? Рыцэжэ!.. Ха-ха-ха! Хэ-хэ... А дзе-ж ваша зброя?
        
        У гэны момант Сымон выхапіў з-за пазухі й палажыў перад сабою на стале новенькі бліскучы «вальтэр». Купіў яго не так даўно ў нямецкага жаўнера ў Віленскім парку, разьмяніўшы на маркі залатую царскую пяцірублёўку, якую мачаха, быццам талісман, дала яму перад ад’ездам у Віленскую гімназію.
        
        - Ёсьць і зброя, пане Веньць! - сказаў ён паляку паволі і з прыціскам на кожнае слова. - Ці, можа, вы дагаворыцеся да таго, каб яе выпрабаваць на вас?
        
        Старэйшая дэвотка, што, прытуліўшыся да вушака дзьвярэй, выглядала з кухні, убачыўшы пісталет, з трывогай перахрысьцілася. Веньцеў твар хутка й выразна пабляднеў.
        
        - Што, панове, сабе зычыце? - акінуўшы ўсіх позіркам і ня страціўшы раўнавагі, спытаў ён хлапцоў.
        
        - Жадаем тое, што наша. Калі ласка, давайце ўсю вопратку, што мы тут пакінулі, - загадаў Кастусь. - І чым хутчэй, тым лепш. Мы думалі, што зайшлі да людзей, ажно выходзіць, што вы такія самыя сабакі, як і шмат іншых. І чакалі толькі нагоды, каб выявіць сваю хвальшывую натуру. Цьфу!
        
        Пры ўспаміне аб вопратцы Веньць яшчэ больш пабляднеў. Ён, здавалася, з запытаньнем і трывогай зірнуў на малодшую сястру, тая, таксама перапалоханая, пазірала моўчкі то на пісталет на стале, то на хлапцоў, то на брата.
        
        - Пане Веньць! - з выразным акцэнтам на тое «Веньць» пагрозліва прадаўжаў Кастусь. - Чакаем!
        
        - Пане Костэк... - пачала нарэшце тонам просьбы маладзейшая Веньціха, - мы-б рады, зараз-бы аддалі, але яе, вашай вопраткі, тут няма.
        
        - Як то няма? - падскочыў да яе Дзежка. - А дзе-ж яна?
        
        - Мы аддалі на перахаваньне.
        
        - Перахаваньне? А што гэта такое, гэтае перахаваньне? Хлусіш, старая! Ты сваю вопратку заўсёды трымаеш дома й не аддаеш на перахаваньне. А як-жа ты чужую магла аддаць?
        
        - Брэша сука, - буркнуў, скоса паглядаючы на старую, Сымон, - прадала, напэўна.
        
        - Толькі боты засталіся, - прызналася перапуджаная дэвотка.
        
        - Боты? - паўтарыў Кастусь і, паглядзеўшы ўважна на ўсіх гаспадароў, хутка адчыніў дзьверы суседняга пакою, дзе калісьці жылі студэнты, і пачаў пароцца па кутках і шуфлядах. Па хвіліне вярнуўся з парай сваіх бліскучых ботаў.
        
        - Запраўды нічога, акрамя гэтых, няма, - паведаміў, паказваючы на боты.
        
        - Дзе-ж, вы думаеце, яны падзелі ўсю нашу вопратку?
        
        - Слухай, можа, гэты памог-бы даведацца? - спытаў Дзежку, зрокам паказваючы на свой пісталет, Сымон.
        
        - Ат, кіньце вы, хлопцы. Лепш пакінем мы гэту бяду ў супакоі ды хадзем, - парадзіў сябром Віктар.
        
        - Можа, ты й праўду кажаш, што бяда. Гэта-ж падумаць, пражылі тут пару год і ня ведалі, што за сукіны сыны... - з фінальным адценкам згадзіўся Кастусь. - Цьфу! - плюнуў ён на падлогу ў бок гаспадароў ды хуткім крокам ськіраваўся да дзьвярэй. - Няхай вам Бог належна адплаціць! - дабавіў з-за пляча, выходзячы.
        
        Далейшае адбылося, як можна было прадбачыць. Зайшоўшы да школьнага сябра Занеўскага, што жыў непадалёк на другім баку Кальварыйскай, тых бліскучых ботаў «апыліць» не ўдалося, але Занеўскі прыабяцаў, што ў будучыні гэта абавязкова пастараецца зрабіць, і на довад гэтага тут-жа, доўга не чакаючы, пасьля кароткіх шэптаў зь Дзежкам, паставіў на самы цэнтр стала не такую ўжо зусім сівую пляшку самагонкі.
        
        - Ну, унтэрмэншы, - з жартам і паціраючы з задаваленьня рукі, гаварыў да сяброў Кастусь, - жлопайце й ведайце залатое сэрца Канстантына Іванавіча.
        
        Доўга ня трэба было прасіць. Хлопцы абселі стол, на якім для датрыманьня таварыства літроўцы хутка зьявіўся халадзец, квашаная капуста й чорны хлеб.
        
        Перакусилі й замяніліся колькімі словамі. Занеўскі не пакідаў Вільні. На прапанову Кастуся ехаць разам адказаў нявыразнай грымасай.
        
        - Эт, братцы, едзьце ўжо вы. Я не такі гарачы патрыёт, як вы, неяк, можа, усё гэта ліха праміне й не зачэпяць.
        
        На гэткі аргумант хлопцы паціснулі плячыма.
        
        - Магу я цяпер прапанаваць, - прыпадняўся Сымон, - каб мы выпілі ня толькі за вольнасьць нашай Бацькаўшчыны, але й за наш шчасьлівы паварот, адкуль-бы ні прыйшлося там варочацца.
        
        - Дык вы ня ведаеце, куды едзеце? - спытаў Занеўскі.
        
        - Быццам у Горадню.
        
        - Гэта віламі пісана.
        
        - Дык вып’ем за тое, каб вярнуліся да сваіх вольных хатаў! - ня ўступаў Сымон.
        
        - Давайце.
        
        Усе апаражнілі чаркі.
        
        - Божачкі-ж мае, дык вы ўяўляеце сабе тое, што нячыстая сіла гэна ўжо заняла нашы мясцовасьці? - дрыжачым голасам прыпомніў Сымон.
        
        - Так, Дзісна ўжо напэўна ў іх руках.
        
        - Магчыма, ужо дабіраюцца да Паставаў і Вялейкі.
        
        Ужо пазнавата вечарам. не без малых цяжкасьцяў, удалося нашай тройцы знайсьці месца прыпынку ў былым гэтто. Сымону й Віктару, што менш былі прывыклымі да алькаголю, здавалася, што ў Вільні ў гэны вечар была аж падвойная колькасьць вуліцаў і што адлегласьці надта-ж пабольшалі.
        
        
VI
        
        
        
        Трэцяга ліпеня папаўдні Школа Камандзераў атрымала загад маршыраваць на віленскую таварную станцыю й ладавацца на цягнік. Кірунак ад’езду - ізноў захад. Аб той Горадні, што фігуравала ў загадзе ў Менску, і сьлед зьнік. Конны школьны вабоз ужо знаходзіўся ў горадзе, не бяз прыгодаў прывалокшыся запруджанымі дарогамі зь Менску. Зьявіўся й капітан Ласкутовіч, беларускі камандзер Школы, які заяжджаўся ў Стоўпцы па сваю сям’ю.
        
        Пасьля зборкі пэрсаналу й пералічэньня выявілася, што блізу пятая частка кадэтаў недзе згубілася. Фактычна ніхто ня ведаў, ці згубілася, ці сьведама засталася. Праўдападобным было апошняе. Ніхто таму надта ня зьдзівіўся. Так з кожнае грамады пры напатканьні першых цяжкасьцяў адстаюць або зусім губляюцца найслабейшыя. Ваенныя-ж ліхалецьці, калі нейкі вайсковы адзьдзел апынецца ў цяжкім палажэньні, калі дысцыпліна паслабее, а камандзеры ня маюць беспасярэдняга нагляду за падуладнымі або навет часова й страцяць кантакт зь імі, зьяўляюцца без параўнаньня найлепшым сітам, выдзяляючы тых моцных і вытрывалых, што трымаюцца парадку й загадаў, ад тых слабых, ненадзейных або проста й недалужных, няздольных. Гэткія выпрабаваньні прыходзяць тут на дапамогу камандзерам, якія ведаюць, што ў далейшым могуць з большаю надзеяй пакладацца ў часе крытычных момантаў на жаўнераў, што бязь хістаньня здадуць першы іспыт. Можа, й лепш было для будучыні цэлае Школы, што ўсё тое слабое, нявытрывалае, ненадзейнае выдзелілася на першым этапе дарогі.
        
        Вечар трэцяга ліпеня быў надзвычайна цёмны, душны й ціхі. Быў строгі загад, каб у ніякім выпадку - ці то пад час ладаваньня на цягнік, ці пасьля - не запальваць ніякага сьвятла, на адкрытым паветры ня курыць папяросаў. Паволі, асьцярожна, вобмацкам карабкаліся чорныя постаці на прыдзеленыя вагоны, разьмяшчаючыся бязь лішняга розгаласу. Размяшчэньне паводле дружынаў і зьвязаў свайго скромнага багажу, таксама ўжо перасеянага да самых неабходнасьцяў двухсоткілямэтровай дарогай, адбылося хутка. Стрэльбы й амуніцыю (хоць рэкруты на выпадак патрэбы яшчэ слабавата ўмелі імі карыстацца) загадана было кожнаму трымаць пры сабе ў вычышчаным баёвым стане.
        
        Нашы чатыры кулямётчыкі й амуніцыйныя занялі сабе выгадны, ня надта цесны куток, а сам апякун «дзегцярова» заявіў усім зацікаўленым і незацікаўленым суседзям, што ён, Канстантын Іванавіч, разам са сваймі трыма сябрамі, заняў баявую пазыцыю, што суседнія адзінкі мелі ня толькі гэну пазыцыю, а й самога Канстантына Іванавіча рэспэктаваць і, барані Божа, у ніякім выпадку не асьмеліцца займаць вызначанае ім тэрыторыі. Пасьля такой голаснай заявы, што ня выклікала ніякіх сумлеваў, ён запрапанаваў сябром вылезьці з вагону й дакладней пазнаёміцца з працэсам навакольнай актыўнасьці.
        
        Калі такім чынам чацьвёрка пакінула свой выгадны куток і, праходзячы каля вагонаў, цікавілася, як далёка ўжо пайшлі падрыхтовы да ад’езду, дзесьці высока ў цёмным, здавалася, дзёгцевым, версе пачуўся добра ўсвоены імі з бальшавіцкіх налётаў на Менск роўнамерны гул. Коратка там-жа ўверсе мільганула й разам пагасла сьвятло. Хутка з навакольных узгоркаў пачала рэгулярна пляваць процілятунская артылерыя. Таўстыя слупы пражэктараў густаватай сеткай упіваліся ў чорны дзёгаць неба й крэмзалі яго ўва ўсіх кірунках. Як раптоўна ўсё пачалося, так па колькі хвілінах і спынілася. Ізноў запанавала душная цішыня.
        
        На таварнай станцыі чуваць быў раўнамерны гоман Усе чыгункі былі занятыя эшалёнамі. У цёмных вагонах гуло прыглушанае, паўсоннае жыцьцё.
        
        Калісьці на гэтай і на сотнях іншых станцыяў па цэлай Беларусі навет у гэткую вячэрнюю пару пачулі-б вы рытмічныя гукі «Вір маршырэн Энгельлянд»* або іншым часам сівы ўжо, барадаты, здаецца, раманс «Лілі Марлен». Час мараў і падрыхтовак да маршаў «гэгэн Энгельлянд» даўно мінуў. Сяньня жаўнер з таго-ж «Энгэльлянд» глыбокімі клінамі ўрэзаўся ў Нармандыю, часьценька ўжываючы тактыку колішняга слаўнага нямецкага, што такія цяжкія прынёс яму страты, Дункірку.
        
        * Мы ідзем на Англію.
        
        Ад’езд меў адбыцца дзесь каля поўначы. Канюхі ўзяліся ладаваць хурманкі й коней. Набліжалася дзевятая...
        
        
VII
        
        
        
        Раптам...
        
        Але якім-жа нікчэмным будзе само слова «раптам», калі яго тут ужыць пры апісан;ні таго, што здарылася.
        
        Раптам разарвалася неба... Не. І так нядобра. Цяжка было сказаць, што здарылася перш, а што пасьля. Ясна было адно. На цэлай станцыі стала так прарэзліва відна, што нельга было адразу адкрыць зьнеспадзеўку асьлепленыя вочы й разгледзецца. Але ці быў і час, каб разглядацца. Здавалася, што бязьмежнае неба ў адну й тую самую часіну павесіла не толькі над станцыяй, ня толькі над местам, але над цэлым навакольным прасторам незьлічоныя мільёны лямпаў. Пад нагамі можна было-б знайсьці найменшую іголачку, найдрабнейшае зярнятка. Нябёсныя высі напоўніліся адным суцэльным, густым, выючым гукам, што сеяў найглыбейшую паніку. Таварная віленская станцыя, а найперш усё тое і ўсе тыя, што на ёй былі ў гэны нешчасьлівы вечар, - усё гэта пачало рвацца, тузацца, ламацца, крышыцца на тысячы, дзесяткі тысячаў, мільёны кавалачкаў.
        
        Даўгія й сытыя кодаўбы цягнікоў пачалі ў незьлічоных месцах займацца буйным полымем, зьверху закончаным дымам. І як быццам-бы на нейкую раптоўную, часінную, маланкавую, магутную, усёабдымную каманду гэныя цягніковыя кодаўбы пачалі сыпаць пад свае колы й жываты сотнямі жывых цьвярозых і поўнасьцю прытомных, дрыгаючых, рэдка яшчэ пакалечаных людзкіх целаў. Быццам тыя майскія жукі, магутным штуршком рукі пазбаўленыя тысячаў галінак і лісточкаў клёну, покалі яны глухім градам на мулкі жвір і, быццам чэрві, паўзьлі пад шырокія жываты цягнікоў. А зьверху, быццам з адчыненага на ўсе вароты пекла, без найменшага перапынку неслася лавіна цяжкога, выючага й стогнучага мэталу. Пры сутычцы зь віленскай таварнай станцыяй яна замянялася ў магутны неміласэрны цыклён. Мільёнамі гулкіх асколкаў ірвала драўляныя й стальныя хрыбты й бакі цягнікоў, уядалася ў сотні людзкіх целаў, тонамі распаленага фосфару, клубамі сьмярдзючага дыму жорла ўсё драўлянае, здольнае гарэць, доўгімі й шырокімі вогненнымі языкамі лізала па хрыбтах чыгунак. Магутнымі стальнымі рукамі ськідвала з рэек вагоны й выгінала тыя рэйкі дугамі. Быццам абцярэбленыя й абсмаленыя рогі, тырчэлі яны ўверх. Цераз вузкую паласу чыгуначнага жвіру вогненныя языкі перакінуліся ў хуткім часе й на будынкі суседніх складоў.
        
        
VIII
        
        
        
        Стальны лівень зьверху быў такі густы й бесьперапынны, што мала каму з гэных запоўзшых пад нізы вагонаў нефартунных падарожнікаў уздумалася перабягаць у суседнія, паробленыя ў насыпах, бамбасховішчы. Усё-ткі Кастусь Дзежка адважыўся. Пасьля колькіх нырцоў цераз вогненна-стальную мяцеліцу ён зь вялікай сілай выцяўся, быццам аб гуму, аб суцэльна-сьціснутую, наўзор тых селядцоў у бочцы, мяккую масу людзкіх целаў у бункеры.
        
        - Пане, тут і так ужо поўна! - крыкнуў адзін з тых селядцоў да Кастуся па-польску.
        
        - Пацісьнецеся вы, скурчы сыны! - раўнуў Дзежка ў адказ. - А то застрэлю! - На довад такой злоснай пагрозы ён цэлай сілай, быццам руляй пісталета, укалоў пальцам у плечы аднаго з тых селядцоў, што стаяў з самага краю. Палякі, што пазьбягаліся, відаць, у бамбасховішча з суседніх хатаў, паціснуліся, й Кастусь пачуўся больш бясьпечным.
        
        Сымон і Віктар запаўзлі і ўторкнулі свае галовы пад самую таўстую вось вагону. Перабягаць у бамбасховішча не адважыліся. Так здарылася, што іхны вагон шмат не пацярпеў, хіба крыху зьверху. Праўду кажучы, яны апынуліся не пад тым вагонам, на які былі заладаваліся, бо калі пачало ўсё тое, што было ў вагоне, паўзьці пад яго, дык трэба было чакаць чаргі, каб знайсьці сабе бясьпечнае месца. Скочылі тады адразу пад суседні, дзе было амаль пуста й прасторна. Можа, гэтым і выратаваліся ад амаль пэўнай пагібелі, бо якраз на той, раней іхны вагон выпаў шмат горшы лёс. Адзін бок ужо поўнасьцю заняўся полымем, а з-пад нізу чуваць былі стогны, енкі й просьбы дапамогі. Хтосьці нема крычаў, што гарыць жыўцом, іншыя енчылі ад ранаў. Чым даўжэй трывала вогненнае пекла, тым больш гусьцелі й паўтараліся стогны й просьбы помачы, часта заглушаныя выбухамі бомбаў.
        
        Капітан Ласкутовіч папаў пад вагон, што быў заладаваны сажнёвымі дровамі. Не паспеў добра разгледзецца, як цэлы вагон падскочыў, засклыгатаў коламі аб сталь рэек. Цяжкая й густая хваля паветра жвірам лупянула ў ягоны твар і двума абухамі ўдарыла ў перапонкі вушэй. У галаве пачуўся працяжны гул тысячы званкоў і фабрычных гудкоў, у вачах паказалася нязьлічоная колькасьць рознаколерных зорак. Па ўсім целе прайшла, пачынаючы дзесь ад каленяў, вялікая млявасьць, і хутка ўсе ворганы пачуцьцяў зьдзервянелі.
        
        Пасьля гадзіны зь нечым бамбардзіроўкі яе тэмп запаволіўся, а неўзабаве неба зусім супакоілася. Толькі віленская таварная станцыя крывавілася шырокім чырвона-жоўтым полымем, енчыла сотнямі галасоў параненых і паміраючых. Вялікае шчасьце, што на станцыі ня было эшалёнаў з узрыўнымі матэрыяламі. Аж жах падумаць, якое магло-б быць жніво сьмерці. Так і тут зноў апраўдаліся словы пісьменьніка: «у кажным няшчасьці шчасьце захована».
        
        Усё, што жывое й цэлае, кінулася памагаць ратаваць параненых, тушыць пажары. Нашы рэкруты ратавалі сваю зброю й хатулі. З вагонаў, што былі прызначаныя для Школы Камандзераў БКА, два былі па-за межамі ўсякага ратунку. Гарэлі зьверху і з усіх бакоў, і да іх нельга было падыйсьці. Шмат хто аплакваў забітых сяброў. Паветра насычалася няпрыемным смуродам сьвежаабгарэлых целаў. Людзі, як цені, снавалі па гарачай станцыі. Ляніва цягнуліся адна за адной гадзіны, й быццам не хацела ніколі скончыцца жудасная ноч.
        
        
IX
        
        
        
        З нашай чацьвёркі найбольш пацярпеў Камовіч. Выцягнулі яго з-пад вагону ледзьве прытомнага. Увесь левы бок галавы, шыя й плячо былі апаленыя. Бядак стагнаў і енчыў.
        
        - Гэй вы, абібокі! - клікаў Кастусь сваіх сяброў. - Ану памажыце мне яго выцягнуць.
        
        Камовіч быў перанесены воддаль ад вагню ў групу іншых параненых і аддадзены пад апеку санітару. Хтосьці даў яму глыток вады, хлапец адкрыў вочы й пачаў стагнаць.
        
        Было ўжо над ранкам.
        
        - Хадзем, давайце паглядзім, там нешта цікавае адбываецца наперадзе, - запрапанаваў Віктар. Крокаў трыста ў заходні бок станцыі чуваць былі час ад часу нейкія выбухі. Хлопцы туды й накіраваліся.
        
        Пры вагоне, што там-сям капціў сінявым дымам, аблізваны маленькімі чырвонымі язычкамі, сабралася купка жаўнераў. Былі тут пераважна немцы ды колькі чорных уніформаў са Школы БКА. Вагон быў паўнюсенькі, наладаваны скрынямі зь нямецкім каньяком. Алькаголь, добра прыгрэты, часьценька выбухаў і сінім полымем разліваўся ды сьцякаў на белы жвір пад вагонам. Але ратунак быў на месцы. Жаўнеры голымі рукамі хапалі нагрэтыя пляшкі з вагону, то ціснуліся збоку каля абгарэлай сьцяны, то адскоквалі далёй. Некаторыя, адкаркаваўшы пляшкі, вялікімі глыткамі каўталі рудую жыжку. Іншыя напаўнялі пляшкамі кішэні. Нейкі «фрыц», сеўшы на рэйку суседняе чыгункі, трымаў пляшкі ў абедзьвюх руках і, моцна ківаючы галавою, то сакавіта лаяўся, то нешта да некага прамаўляў, то па чарзе з кожнае пляшкі напаўняў горла. Побач ляжала цэлая куча паўнюсенькіх пляшак з алькаголем.
        
        Было шмат п’яных. Некаторыя рэкруты са Школы Камандзераў БКА зь вялікай заядласьцю ўзяліся за ратаваньне цэннае вадкасьці. Кастусь, Сымон і Віктар у адпаведны момант выхапілі з паўтузіна пляшак. Натоўп каля вагона гусьцеў. Лаянка й таўханіна, гоман п’яных узрасталі.
        
        - Was machst du hier, Mensch? - гаркнуў Сымону над самым вухам Турн. - Weg, weg, schnell!* - Сымон аж падскочыў зь перапалоху. Турн і Будке зараўлі на поўныя глоткі на сваіх чорных шкаляроў. Калі тыя хаця-нехаця мусілі адысьціся ад сьпіртнога вагона, самі два нямецкія інструктары, усё яшчэ з бурчэньнем пад носам, паціснулі іншых, каб абладаваць сябе рэдкай здабычай. Аднекуль зьявілася й пачала наводзіць парадак вайсковая жандармерыя.
        
        * Што ты тут робіш? Прэч, прэч, хутчэй! (ням.)
        
        
X
        
        
        
        Сымон, Віктар і Кастусь, усьміхаючыся, накіраваліся ў бок свайго эшалёну ці рэштак яго. Па дарозе натрапіўся зьвязовы Масюк. Гэта быў у трыццатых гадах мужчына, паходзіў дзесьці з Наваградчыны. Ён быў добра выпіўшы. Моцна хістаючыся на нагах, баранаваў імі між двума чыгуначнымі эшалёнамі. Запэцканы ў сажы, з насунутай на самую патыліцу шапкай, у правай руцэ трымаў пляшку, у якой відаць было яшчэ чацьвяртушку каньяку, левай-жа размахваў да каго ні папала з сустрэчных.
        
        - Гляньце, хлопцы, мой найлепшы сябра... ж-жыў... ж-жыў-цом згарэў...
        
        - Хто гэта?
        
        - Д-дык ты ня з-зннаеш? Майго найлепшага сябру ня з-знаеш? - Пахіснуўшыся, ён моцна штурхануў у грудзі Кастуся. Ад яго несла на колькі мэтраў, як з броварнай бочкі. -П-петт-раша ня знаеш, лейт-нанта? -цягнуў зьдзервянелым языком.
        
        - Каго? Петраша? Хто-ж яго ня знае? Згарэў, кажаце? - Лейтанант Петраш быў школьным медычным афіцэрам. Гэта быў вельмі сяброўскі, ветлівы, бадзёры й заўсёды вясёлы чалавек. Усе хлопцы ў школе яго паважалі й любілі.
        
        - Так, браточкі мае, згарэў... - кінуўся ў сьлёзы зьвязовы. Вельмі няпрыемна было бачыць дарослага мужчыну-жаўнера са сьлязамі ў вачох. Алькаголь зрабіў сваё.
        
        - Х-ха... Х-ха-дзі, хадзіце, пакажу... вунь там ляжыць ш-шкілет...
        
        Масюк цягнуў хлапцоў да зусім абгарэлага шкілета, якога аніяк нельга было распазнаць. Нечая дбайлівая рука ўжо парупілася напісаць на аркушы кардону, што ляжаў побач: «Доктар лейтанант Петраш са Школы Камандзераў БКА». Шкілет ляжаў за нейкіх дзесяць крокаў ад тых двух зусім спаленых вагонаў. Ці лейтанант Петраш, замяніўшыся ў жывую сьвечку, сам быў адпоўз, ці яго хто адцягнуў, цяжка было даведацца. Масюк кінуўся, прыгаворваючы й плачучы, абдымаць гэтыя косьці, але яго адцягнулі.
        
        Капітан Ласкутовіч ня ведаў, якой зорцы дзякаваць за сваё цудам выратаванае жыцьцё. Гэта ці не які «вораг народа», працуючы дзесь на бальшавіцкай хвабрыцы, наўмысьля ўлажыў у бомбу пусты дэтанатар. Велічынёю з добрую дзежку, яна трапіла проста ў наладаваны дровамі вагон, пад якім ляжаў капітан, і, не дэтанаваўшы, толькі часова яго аглушыла.
        
        Дорага каштавала бамбардзіроўка Школе Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны. Было шэсьць забітых і пятнаццаць параненых - некаторыя цяжка. Найбольш пацярпела група юнакоў зь Нясвіжа. Забіта было і двое коней.
        
        Ужо позна, аж пад самы вечар, школа гатовая была да далейшай дарогі. Галоўныя палотнішчы чыгунак былі напраўленыя, і адзін цягнік за другім пачалі пакідаць станцыю, а на іх месца прыходзілі новыя з усходу. Школа пакінула ззаду колькі чалавек - хаваць забітых. Усіх параненых забралі з сабою, бо Вільня таксама знаходзілася ў працэсе эвакуацыі.
        
        Вечарам чацьвёртага ліпеня цягнік затрымаўся ў Ляндварове. Каля дзевятай гадзіны чорныя рэкруты ізноў сачылі за бамбардзіроўкай Вільні. Паводля гуку й пажараў відаць было, што бальшавікі паўтарылі ўчарашняе пекла. Дый хто ведаў, ці абмежаваліся яны зноў адно таварнай станцыяй.
        
        Гэтак маладыя патрыёты, вучні школы камандзераў БКА, на парозе чужога й няведамага сьвету бездапаможна хваляваліся ў той вечар, бачачы, як крышылася й папялілася ў полымі пажараў дарагая для іх сэрцаў гістарычная сталіца Беларусі. Гэны вобраз яны ўтрывалілі ў памяці н панесьлі на чужыну. Быў гэта малюнак пакуты й цярпеньняў усяго роднага, душанага й бэшчанага чужынцам...

Крыніца: http://knihi.com/Kastus_Akula/Zmaharnyja_darohi.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.