РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзярлівая птушка
Частка першая
Частка першая
II
II
II
        
        Калі-б із птушынага лёту кінуць вокам на ваколіцу, паказаўся-б вам такі краявід: зь левага боку, гледзячы на захад, як зрокам абняць, зялянелі вялізныя скарбовыя лясы. Дзесь зь нетраў іх, з паўдзённага ўсходу, выбягаў шырокі гасьцінец - побач хутару Лазоўскага апярэзваў лес, лагчынай прабягаў уздоўж земляў маёнтку Ліпавічы, пераскокваў чыгунку і ўжо з паўночнага боку яе сьпяшаўся ў Гаці. Раўнінны хутар Лазоўскага адасобнены быў ад суседняе вёскі Літоўцы, дзе жылі Януковы бацькі, даўгім сугром, званым Гараваткай. Сама-ж вёска ляжэла быццам у падоўжаных начоўках. Паўночным брыжам начоўкаў была двукаляінная чыгунка, што з аднаго боку бегла ў Полацак, а з другога - у Маладэчна й на захад. За чыгункай прытуліўся ля дубровы шляхоцкі засьценак Галавачы. Па суседзтву - у зелені бярозаў, ліпаў, клёнаў, хвояў і садовых дрэваў - прытаіліся гаспадарскія й жытловыя будынкі маёнтку Ліпавічы.
        
        Абкружаная з трох бакоў асадніцкімі й шляхоцкімі землямі, з усходу ўпіралася вёска Літоўцы ў балоты. Калі-б які жартаўлівец сіліўся схарактарызаваць мейсцазнаходжаньне Літоўцаў, мог-бы трапна сказаць гэтак: загналі літоўскіх паны, шляхта й асаднікі ў казіны ражок. Наўкол найлепшую зямлю й лясы пазабіралі, а ззаду, як на зьдзек, кавалак нікчэмнага балота прырэзалі.
        
        З балота гэнага запраўды невялікая пацеха была. Апроч дробных сасонак ці карлаватых бярозак, здатных на хвораст, ані дрэва там людзкага, ані нават ягадаў уволю. На мокрых купінах улетку ў лапцёх касілі сяляне рэдкую траву, а сена вывозілі ўзімку, як замярзала.
        
        Найбольш характэрным і дамінуючым мейсцам у цэлай ваколіцы была Гараватка. Як падоўжаны, мейсцамі з упадзінамі, добра падыйшоўшы бохан хлеба, лягла яна між хутарам Лазоўскага й вёскай Літоўцы. Калі-б той бохан удаўжкі памерыць, то, пэўна, кілямэтар з гакам перацягнуў-бы, дый ушыркі мо чвэрць яго. Сугор належаў маёнтку Ліпавічы, але гэта, казалі, адно пазьнейшым часам. Даўно-даўненька, казалі, Гараватка была літоўскай.
        
        Ды й не аб фармальную ўласнасьць ішло. Гараватка жыла ў мяйсцовых казках і лягэндах, глыбака ўрасла ў народную гісторыю. Зірніце, хаця-б, на гэты дуб-гігант, што так глыбака ўкараніўся ў Гараватчыны грудзі з усходняга боку. Такіх, як ён, ізь сьвечкаю ўдзень у ваколіцы ня знойдзеш. Старэйшыя цьвердзяць, што яму больш за паўтысячы гадоў. Дай ці ня дай таму веры, а вядома, што ён стары й каштоўны сьведка няпамятных мяйсцовым людзям эпохаў.
        
        Як горда й валадарна ўзвышаецца ягоная крона! Аб магутныя грудзі гэтага волата разьбіваліся вятры й непагадзі цэлых стагодзьдзяў. Казалі, што памятае Баторага й Івана Жахлівага, што сачыў ён за Швэдамі й Напалеонам. Народ празваў яго Архіпам. Тут на Гараватцы ля Архіпа сустракаліся ганцы з паўстанцкіх аддзелаў сялянаў, узьнятых супраць дэспата-цара Каліноўскім. Імя Архіпа служыла як пароль беларускім жаўнерам у часе апошняй і найбольш жахлівай вайны. Некаторыя цьвердзілі, што Архіп быў пасаджаны даўным-даўно тым князем, што на гэтым сугры быў замак пабудаваў і самую Гараватку ахрысьціў.
        
        Як моцна мясцовы народ шанаваў і цаніў Архіпа, сьведчыць адзін факт, за праўдзівасьць якога кожны вакольны чалавек, божачыся, мог-бы разьбіць свае грудзі. Гадоў дзясяткі таму із тры назад задумалі ліпавіцкія ўладныя вяльможы Архіпа на будаўляны матар’ял сьпілаваць. Вестка гэтая, мусіць, праз парабкоў і іншых наймітаў, з маёнтку Ліпавічы маланкай па ваколіцы разьбеглася. Пачуўся ціхі й зьдзіўлены гоман, пасьля перамешаны з абурэньнем: «Як-то? Няхай толькі асьмеляцца, ну!»
        
        І найбольшая пагроза была ў тым «ну». Гэта-ж як без Архіпа ўявіць Гараватку?! Поўнай хваляй вылілася з народных грудзей любасьць да старога заслужанага волата. І калі прыйшлі панскія людзі зь піламі й сякерамі, абглядаючы, з каторага боку пачаць грызьці месіва гістарычнага гіганта, заварушыліся навакольныя палі, загулі сялібы, як з-пад зямлі пачаў расьці на Гараватцы натоўп народу. На гэткую незвычайную катавасію зьявіўся ля Архіпа й сам ліпавіцкі пан. Найстарэйшыя зь Літоўцаў, ветліва пакланіўшыся, прасілі, каб паслаў сваіх людзей дамоў і не чапаў Архіпа. У галасох гэтых чуў ліпавіцкі пан ня толькі прозьбу, а й пагрозу, а дападлівае вока ягонае хутка ацаніла патэнцыяльную сілу народу, што навокал гусьцеў, рос і гудзеў. Адклікаў ліпавіцкі пан сваіх людзей ізь сякерамі й піламі, а сяляне навакольныя з удзячнасьцю й пашанай паглядалі на Архіпа, што хаця-нехаця стаўся мабілізатарам народнае салідарнасьці й сілы. Гэтак пра Архіпа разпавядалі мяйсцовыя старажылы.
        
        Ня ведалі літоўскія людзі, ці дзякаваць Творцу за тое, што пасуседзтву зь імі разьмясьціў Гараватку. Цяжка гадаць, ці каму зь іх прыходзіла думка ставіць пытаньне Гараваткі ў такой прызьме - зьвязваючы зь ейным існаваньнем Творцу. Вось яна, гэтая Гараватка была побач - так, як заўсёды за днём прыходзіў вечар ці ноч, або як тое, што на сьвет сьвяціла сонца. Гараватка была рэчаісная, пасуседзтву, і нерэчаісная, мітычная - тая, што, зьвязаная з рознымі казкамі й лягендамі, існавала ўжо ў гісторыі ваколіцы. Здавалася некаторым практычным і галодным зямлі людзям, што, каб гэных дваццаць ці больш гактараў (а хто-ж яе калі, папраўдзе кажучы, мерыў?) сугра ды было пакрытае, скажам, ураджайнай глебай, вунь колькі можна было-б дабра выгадаваць. З другога боку - ці належыла-б тады Гараватка літоўскім? Хіба не.
        
        Якая-ж была практычная карысьць з Гараватчынага суседзтва?
        
        У ясны дзень, калі на ейны горб узыйдзеш, вунь як добра ўсё навакольле можна пабачыць: ня толькі маёнтак Ліпавічы ці засьценак Галавачы, але добра бачныя былі гацкіх сьвятыняў ды іншыя большыя будынкі; як на далоні гэт! Як далёка выпрастаўся шлях чыгункі, выкрыўляўся вуж гасьцінца ды вялізарны дыван сумежнага скарбовага лесу аж да грывы ягонай на небакраі. Сьмялейшыя яшчэ ўзьбіраліся аж на вяршаліну шырока-пышнае разложыстае кароны старога Архіпа, каб сягнуць вокам яшчэ шырэй. Ня дзіва, што падчас вайны Гараватка была стратэгічным пунктам.
        
        Хто ведае, ці не прабавалі калі людзі з Гараваткі ўжыткоўную зямлю зрабіць. Мо сьлядамі гэных спробаў былі крушні каменьняў, што й цяпер мейсцамі на сугры ляжэлі. А мо камяністасьць Гараваткі была прычынай, што сквапныя на зямлю пачынальнікі, апусьціўшы рукі, разьвітацца мусілі з добрымі намерамі.
        
        Кажуць, што некалі з Гараваткі, як з тэй перадойкі ўзімку, была людзям нейкая малая карысьць: гэта як чыгунку будавалі побач, адсюль каменьне, жвір і пясок цягалі, каб выраўнаць западзіны цімала якіх мяйсьцінаў на чыгуначным шляху. Апавядальнікі аб страхалецьцях настойвалі, што якраз гэным часам, заглыбака сугор рыючы, чарцей ды іншую нечысьць у Гараватцы зачапілі, дык ад таго часу здані й іншае ліха пачатак бярэ.
        
        Ведама, што на працягу стагодзьдзяў Гараватка дала прытулак цімала якім напасьнікам на нашую бацькаўшчыну; казалі, што ляжалі тут косткі Швэдаў і Французаў, Палякаў ды Маскалёў, Немцаў ды іншых. Некаторыя цьвердзілі, што якраз таму такім буйным і ўстойлівым рос Архіп, бо попеламі чужнікоў жывіўся. Што-ж да чарцей, то, калі й былі яны, дык ладна патрывожылі іх Першай Сьветавай Вайною.
        
        Кацілася гэная вайна, кацілася, дый у ваколіцы Літоўцаў прыкацілася. Грымела дзесь воддаль дый да Гараваткі дагрымелася.
        
        Прыйшлі зноў чужнікі ды аблюбавалі Гараватку ці не за тое, што над ваколіцай панавала. Як краты, пачалі рыць-тачыць грудзі ейныя, пасьля-ж у гэныя вытачаныя норы й канавы зашывацца. Пачало вухкаць з Гараваткі па ўзьлесьсі й гасьцінцы, што ля лесу бег, а гэныя другія зь лесу, каб у даўгу не застацца, ды гэтым гаравацкім у вадказ. І пражыліся, курыліся, смылелі агнём, травіліся літоўскія гаспадаркі, бацькаўшчыны і дзедаўшчыны працавітых і нічым тут не вінаватых літоўскіх сялянаў. Літоўскія-ж мужчыны й жанкі, па сваіх меншых норах хаваючыся, на тое вуханьне ў вадказ: мала тут свае было нечысьці, дык яшчэ другіх іншых рагатых з-за паўсьвету папрыганяла.
        
        Адзін Архіп, як і раней, горда й непарушна стаяў на горбе і як-бы ўсёй тэй галасьлівай вакольнай мітусьні абыякава сваім старэчым чубам прыглядаўся. Што яму! Адзін ці другі кавалак зялеза-асколка, або якая куля ў камель пападзе, кару адшчэпіць. Пападалі-ж і раней. Адно каб пачаў лічыць, колькі гэта на працягу свайго даўгога веку ранаў перанесьці давялося. Гэта-ж не навіна. Перажыў тых, сплывуць і гэтыя. Яны, бы той вецер, што аб ягоную карону й магутны камель разьбіваюцца: павухкаюць, за чубы патузаюцца дый пойдуць. Ён-жа быў, ёсьць і будзе: устойлівы, трывалкі й непарушны.
        
        Цягнулася гэная перапалка доўга й не давала жыць людзям літоўскім. Калі-ж нарэшце адгрымела і адвухкала, калі адплыла чужая хваля, павылазілі літоўскія з нораў сваіх, ды пайшлі мужчыны на Гараватку парадак рабіць. Трэба-ж было тым, што за «гаймат» дужаліся й тым, што «за веру, цара і ацечаства» ходаліся, у Гараватчыных грудзёх прытулак даць. І апошняе слова зноў было за літоўскімі: «Лезьце, - казалі яны, - у вадну яму! Мы вас от цяпер памірым. Гэта-ж нявідана-няслыхана, пазганяў вас сюды чорт на галовы нашы з-за паўсьвету!»
        
        На парытых-паточаных, ваенным хламам засьмечаных грудзёх Гараваткі, вырас падоўжны, быццам той сьціртаваты капец бульбы, сьвежы курган. Побач ранейшых прыблудаў, што тут вечны супачын сабе знайшлі, трухлець ляглі косьці новых ахвяраў, што не за свае звадкі Бог ведае адкуль ходацца сюды прыйшлі. Швэды ці Французы, Маскалі, Немцы ці Палякі - усім роўны прытулак дала беларуская зямля.
        
        Літоўскія-ж людзі ў бальшыні богабоязныя, пабожныя былі. Мала калі было, каб каторы йдучы ці едучы, пры дарозе капліцу ці крыж вялікі драўляны зь фігурай Збавіцеля або й безь яе сустрэўшы, крыж на сваім перадзе не зрабіў і «міца і сына» не сказаў. Вось чаму цяпер ля гэтага сьвежага кургана вырас вялізны, з тоўстай роўнай бярозы змайстраваны крыж, а на ім - самародкам-мастаком выструганая фігура Збаўцы. Цяперака ці адзін шашаль ужо крыж той патачыў, дый сам ён пад цяжарам аднаго ці двох дзясяткаў гадоў спаважнеў і на бок пахіліўся. Іншымі мейсцамі на сугры ў западзінах вырасьлі сосны й хвоі, а ў ніжэйшых мяйсцох, дзе на гліне трымалася вада, нават і кустаўё.
        
        Бадай ці ня ў кожнай вёсцы беларускай была аблюбаваная мясьціна, што на языкох апавядальнікаў аб розных жахах і злыбядзе пакутавала. Такой мясьцінай, што па сваёй маляўнічасьці не паддалася-б многім іншым, Бог ведае як даўно была Гараватка. Дзеткі літоўскія, што толкам бабчыны ці матчыны апавяданьні цяміць маглі, пабажыліся-б, пэўна, што ў Гараватцы водзяцца чэрці, паказваюцца здані, што бадай калі каму й у пекла трапіць давядзецца, дык дарога туды будзе ці не праз Гараватку весьці. Калі, бывае, усходзіцца ў вёсцы з плачам каторае малое, так і пачуеш з матчыных вуснаў: маўчы, а то чорт гаравацкі пачуе! Мала таго: калі хто з суседніх каторага літоўскага, завёўшы звадку, за жывое стараўся скубануць, дык чортам гаравацкім называў. Дзеяла, як на быка чырвоны рызман.
        
        Папраўдзе кажучы, каб усяму веры даць, дык, мусіць, у Гараватцы ад чарцей, чарцянят і іншай нечысьці аж кішэла. Узімку пад Піліпаўку вадзілі тут свае карагоды ваўчыцы, страхотным выцьцём ваколіцу поўнячы. Гараватка была маляўнічая й таямнічая, страшная й прынадная. Дзіва няма, што малеча нагой ступіць у Гараватцы пабойвалася, а старэйшыя ўпоцемку ад яе стараніліся.
        
        Хцівыя да выдумкаў апавядальнікі заўсёды непрыкметна на баку пакідалі адно не апошняй важнасьці: калі й як гэтая цікавая мясьціна дастала хрышчэньне. Адныя парознаму тлумачылі, іншыя згадкамі таямніцу гэтую раскрыць намагаліся. Калі-б хто й хацеў аб тым назове з усіх бакоў памяркаваць, дык ці не дайшоў-бы ў сваёй галаве, што Гараватка нейкім чынам параднілася з «горам», «гараваць» і іншымі з гэтага выводнымі абазначэньнямі. А калі так, то ці трэба яшчэ гаварыць, аб чыім горы была мова...
        
        

Крыніца: http://knihi.com/Kastus_Akula/Haravatka.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.