РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дуліна ад Барадуліна *
Вельмі паветраныя пацалункі. Аляксандар Лукашук
Лета з Барадуліным
Вясёлыя эсэ для ХХІ стагодзьдзя
ЛЕТА З БАРАДУЛІНЫМ
ЛЕТА З БАРАДУЛІНЫМ
ДУЛІНЫ АД 1 ЧЭРВЕНЯ ДА 31 ЖНІЎНЯ 2004
        
Міхаіл Ягораў
        
        Дваццацігодзьдзе пачатку вайны. Трансьляцыя з паседжаньня ў Крамлі. Міхаіл Ягораў кажа: «Закрапілі мы знамя і ўвідзілі Бярлін на ладані…» Уразіла гаворка героя, і недзе закралася думка, а ці не зямляк ён раптам, ці не беларус. Празь нейкі час паехаў я ў Рудню, што на Смаленшчыне, да Міхаіла Ягорава. Не застаў. Ён паехаў у Віцебск, я сьледам. Застаў у віцебскім таварыстве «Веды». Убачыўшы фотаапарат у Міхася Мінковіча, як адрэзаў:
        — Запісвацца на магнітафон ня буду. Ня маю часу.
        Прапануем перакусіць у буфэце гасьцініцы «Дзьвіна». Угаварылі. На стале «Горны дубняк». Наліваем, выпіваем. Герой пачынае хіліць галаву на буфэтны столік. А я пачынаю сваё: «Ну вы ўсё ж беларус?» Раптам Ягораў цьверазее і, лёгка ўстаўшы з-за стала, рапартуе: «Не, я рускі».
        Пасьля ня помню ўжо якой пляшкі Міхаіл сказаў, што дзед быў беларус. Ды тут буфэт на абед зачынілі. Так «Горны дубняк» і не перамог героя. Мне заставалася толькі канстатаваць:
        
Хто зьведаў рызыкі й страху смак,
Баіцца нават уласнага норава.
І «Горны дубняк»
Не памог ніяк
Зрабіць Міхасём Міхаіла Ягорава…
        
        
Станіслаў Шушкевіч
        
        Станіслаў Шушкевіч у гісторыю навукі сваімі адкрыцьцямі ўвайшоў трывала й надоўга. А яшчэ трывалей і даўжэй увайшоў дасьведчаны вучоны, нашчадны інтэлігент у гісторыю закрыцьцём савецкай імпэрыі. Падпісаць прысуд імпэрыі зла наканавана было якраз сыну беларускага паэта, які адседзеў увесь тэрмін у сталінскіх лягерах. Шушкевіч, Краўчук, Ельцын — добры саюз, трывалы зьвяз трох народаў. Мяноўна гэты саюз, а не «единый, могучий» даў волю іншым народам, якіх табунна называлі адным паняцьцем — савецкі народ. Як з казкі тром асілкам, тром мужным сынам ці ў Расеі дзячылі, гэта справа іхняя. А вось Станіслава Шушкевіча ўшанавалі як нідзе ў сьвеце. Прэзыдэнт асабіста ўпарадчыў пэнсію сьпікеру Вярхоўнага Савету. Яна не дацягвае да паўтара даляра. Станіславу Станіслававічу трэба рабіць платную апэрацыю на воку. Калі б разьлічвацца грашыма пэнсійнымі, трэба аддаць пэнсію за 40 гадоў. А колькі Бог дасьць гадоў, невядома. Такая пэнсія — помста рамантыку са шчодрай душой ад агрэсіўных настальгійцаў па Савецкім Саюзе. Васіль Быкаў у свой час папярэджваў Шушкевіча наконт камуністаў. Але ўзьнёслы рамантык быў упэўнены, што яны не ўваскрэснуць. І вось вынік. Гэта як гульня ў шахматы з вар’ятам. Пакуль будзеш абдумваць ход, а ён цябе дошкай па галаве. І ў мяне склаліся радкі:
        
Лягчэй напэўна Гімалаі зрыць,
Чым навучыць —
І сьпікер ведаў гэта, —
На беларускай мове гаварыць
Таварышаў зь Вярхоўнага Савета.
Інтэлігент паверыў сам сабе,
Што масла згоды з бурбалак саб’е!
Ды зьбілі з тропу бурбалкі самога,
Не ўратавала сьпікерская тога.
Дасьведчана засьведчана вякамі —
Рамантык не дамовіцца з ваўкамі…
        
        
Уладзімер Шахавец
        
        У Маскве выходзіла адна зь першых анталёгіяў беларускае паэзіі. Твардоўскі, ня дужа ахвочы да перакладаў, пераклаў колькі вершаў маладога паэта. І выйшаў том. Але зь яго выпаў адзін вершатворца, бо ў біяграфічнай даведцы значылася, што аўтар пачаў пісаць прозу. Паэтам гэтым стаўся Ўладзімер Шахавец. Ён пасьля жартаваў, што з даведкай атрымалася амаль як у показцы: «Украў цыган кабылу, а жарабя пакінуў».
        Уладзімер Шахавец працаваў і ў выдавецтве «Беларусь», а пасьля ў «Мастацкай літаратуры». Я часта казаў, што трэба казаць не «выдавецтва», а «шахавецтва». Нашая рэдакцыя выбраных і збору твораў разьмяшчалася ў двух пакоях. Адзіная, дзе загадчык ня быў членам партыі. І ў адным пакоі з загадчыкам сядзелі яшчэ двое нячленаў — Натальля Давыдзенка й я. Дык апантаная членша партыі на партсходах як не зь сябе вырывалася, заклікаючы да пільнасьці. Гэта беспартыйныя рэдактары намагаюцца выдаць Сімяона Полацкага, дапушчаюць граматычныя і, што асабліва страшна, ідэйныя памылкі, шукаюць ісьціну на дне чаркі.
        Матэматык па адукацыі Шахавец быў правобразам кампутара. Мне шалёна рабілася, як ён з сынамі рашаў задачы, множачы шасьцізначныя на сямізначныя лічбы. Неяк загуляў я й доўга не зьяўляўся на працу. Начальства патрабавала кары. І Шахавец прапанаваў зьняць зь мяне 20 адсоткаў прагрэсіўкі. І ў выніку атрымаў я за прагулы 80 адсоткаў прагрэсіўкі. Ну, вядома, дадому прынёс я мала адсоткаў. Мы любілі свайго загадчыка й называлі яго тата Шах.
        
За што б ні браўся Шахавец,
Усё рабіў як клясны спэц.
Было ў натуры Шахаўца
Даводзіць справу да канца,
Рабіць як сьлед,
І заадно
У поўнай чарцы ўбачыць дно.
Усё, што выдаў тата Шах,
Ня сьпіць на сонных стэляжах.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.