|
|
ВЯСЁЛЫЯ ЭСЭ ДЛЯ ХХІ СТАГОДЗЬДЗЯ
|
|
|
 | ВЯСЁЛЫЯ ЭСЭ ДЛЯ ХХІ СТАГОДЗЬДЗЯ |  |
Як беларусы паганства пільнуюцца | Бог адзін, а канфэсіі — гэта болей прафэсіі. Паганства шанавала прыроду, лічыла ўсё жывым — і валун, і траву, і паветра, і ваду. Паганства пакланялася Тварбе Божай. Шмат якія паганскія багі ў хрысьціянстве сталі сьвятымі зь іншымі імёнамі. Да прыкладу, той самы Пярун-залатавус стаў Ільлём, які разьяжджае на вазку й пускае вогненныя стрэлы. Паганства мае свае нацыянальныя асаблівасьці ў кожнага народу. Крывічы бадай што болей за ўсіх суседзяў захавалі паганскія карані, зь якіх цягнуцца ў вышыню даўніны й спрадвечча адметныя дрэвы й побыту, і сьветаўспрыманьня. Кожную хату ахоўвае Хатнік. Трэба ведаць ягонае ймя, але не вымаўляць услых. На страху трэба насіць Цмоку яечню, каб Цмок ня ўгневаўся й не пусьціў гасподу дымам. У падпеччы жыве вуж, яго частуюць малаком. Як пра добрых знаёмцаў кажуць пра Ярылу, Жыценя, Вададыха, Лесуна, Жыжу. Да нашых дзён, каб малы не абпёк палец аб агонь, папярэджваюць: жыжа — кусь. З марозу заходзячы ў хату прыгаворваюць: зьмёрз, як зюзя. А Зюзя — гэта галоўны мароз, у яго яшчэ дванаццаць братоў — Прагун, Траскун, Скварун, Пабягун, Цягун, Дрыгун, Крахкатун, Зьвягун, Маўчун, Казытун, Крутун, Шчыпун. І кожны па-свойму марозіць. Трасца мае таксама дванаццаць сясьцёр — Трасавіца, Агнявіца, Зябавіца, Гнятавіца, Кархавіца, Глухавіца, Ламавіца, Пухлявіца, Жаўтавіца, Старгавіца, Глядавіца, Невідуха. У адной асобе Кон, ад яго ўжо ідзе Скон. За сталом гаспадараць Ядун і Жор. Кажуць: напаў такі Ядун, што наесьціся не магу, ем і ем. Як нападзе Жор, сабаку б, здаецца, зжор. Спрадвечныя сваім паганствам Дзяды. Гатавалася куцьця, гатаваліся клёцкі з душамі: сьценкі — клёцкі з дранай бульбы, а душа — з кручанага мяса ці, па-сучаснаму кажучы, з фаршу. Даўгія клёцкі зваліся сарокамі. У сароку ўторквалі душу з кавалачка сала. Некалькі сарок былі бяз душаў, а ў адной — срэбная манэтка. Трэба было ўгадаць, у якой сароцы манэтка гэтая. Да гэтага часу чую мамін голас. Сядаем усёй сям’ёй за стол. Мама пачынае запрашаць:
Мароз, мароз, хадзі да нас куцьцю есьці! І ты, грамок, на голы лес не грымі, пачостку прымі! І вы, Дзядочкі, хадзіце і з сабой непамянёных вядзіце!
| Стол і ў буднія дні быў сьвяточны. Пільнаваліся паганскіх прыкметаў. Нельга ў шапцы сядзець за сталом — цешча глухая будзе. Зьмятаеш стол на рог — гаспадарку на клін зьвядзеш. Нельга стол сьціраць, калі за ім сядзяць — будуць людзі заціраць. Зьляцеў нож са стала — мужчына сьпяшаецца, лыжка зьляцела — маладзіца. (Дарэчы, нельга было наліваць праз нож — піць адрэжа.) Калі хто здрыгануўся за сталом, воўк недзе ў лесе на ягоны сьлед наступіў. Кот мыецца — госьці будуць. Кату яшчэ прыгаворваюць, падахвочваюць:
Заўхом руда, ў чарапочку вада. Заўхом руда, ў чарапочку вада.
| У Чысты Чэцьвер мыюцца да ўсходу сонца людзі, а крумкач сваіх дзяцей у крыніцы купае таксама да ўсходу сонца. Віншавалі сваіх і суседзяў праз крысо кажуха, каб быў багаты й касматы. (Касматаму цяплей было некалі й пасьля.) Галаруч не віншавалі. Чыста паганскае пажаданьне: будзь здарова, як карова, і багата, як зямля, і пладавіта, як сьвіньня. Маладзіцы нацяжку жадалі нарадзіць, як пукнуць. Здаецца, нядаўна было. Выган каровы першы раз на пашу. Дапамагаў маме шкрэблам вычэсваць нашую Лысоню. Каб у схудалай за зіму каровы вароны не выскубвалі кузлакі поўсьці сабе на гнёзды. Да ўсходу сонца мама брала з крыніцы ваду, абмыць карове рогі й вымя. Лілі ваду праз шкляну — ад уроцаў. На Юр’я на дзеньніку ў варотах пасьцілалі дзедаў пояс, клалі два яйкі, іконку (кшчонае паганства). Карова выходзіла з хлява, пераходзіла пояс. Ці яшчэ паганскі рытуал. Парасятка як прыносілі з базару, цёрлі аб печ, каб таўсты, як печ, быў; цёрлі аб заслонку, каб сала было, як заслонка; кармілі з патэльні, каб сьвіньня была гладкая, як патэльня; абносілі вакол ножкі стала, каб ад дому сьвіньня не адыходзілася. І ўсё гэтак і ставалася. Цяперашняе сала зусім тога смаку ня мае. І ў нашыя дні, калі зельнік зь вядзьмарскім веданьнем свае справы зьбірае зёлкі, перш чым сарваць якую, просіць у яе дазволу ўзяць яе й кажа, для чаго яна трэба й каму дапаможа. Гэта камуністы й прыроду жывой не прызнавалі, і людзей за людзей ня мелі. Усёдазвол.
Меняет движение рек, Высокие горы сдвигает Советский простой человек.
| Паназьмянялі рух рэчак, панассоўвалі горы, паасушылі балоты, павысеклі пушчы. Няма прытулку ні Вадзянікам, ні Лесунам. І цягнецца вынішчэньне ўсяго жывога. Нават валунам не даюць балі зь лёзунгамі: беражыце прыроду! Гэта ж не велікодныя яйкі. А калі прыняць валуны за велікодныя яйкі — іх трэба біць аб каменныя ілбы чыноўнікаў. Іх бы саміх пафарбаваць і дадаць лёзунгі: сьцеражыцеся бязмозглага чынавенства! Але цягам часу й пушчы абрастуць, і рэчанькі будуць поўныя, зь берагамі роўныя. Паганскія багі не пададуцца ў выгнаньне. Яны любяць крывічоў і заступяцца за іх.
І калі змушае лёс вагацца, Дык трымаюцца за ўласны тын Беларусы — Кшчоныя паганцы, Самаісныя, як пан бурштын.
|
Як беларусы сэксам займаюцца | Слова «сэкс» прыйшло з кніжак. А наогул крывічы, як ніхто іншы, захавалі паганскія традыцыі й эўфэмізмамі не карысталіся. Казалі катэгарычна, абапіраючыся на вопыт пасівелых ад жарсьці стагодзьдзяў і на жывучую паганскую інтуіцыю: «Кожнае дыханьне любіць папіханьне». Альбо: «Кожнаму дыханьню трэба папіханьне». Кшчоным паганцам не па дыеце было так званае ўстрымліваньне: «Пайшоў бы ў мніхі, дык яйцы ліхі». Жарсьць, пал – болей літаратурнага паходжаньня, а ўсё гэта, калі выгукалася: «Ой, забрала, забрало, і ножачкі забрало», называлася нецярпліва каротка – юр. «Як заюрыць, дык і пад хвастом гарыць». Значэньня ня мае – ці хлопцу, ці бугаю. Пра спрытнага й здатнага ў гэтым клопаце казалі: «Да работанькі – анінютанькі, а да ябатанькі – ах, мае матанькі». Калі што марнавалася, казалі: «Як у пізьдзе згарэла». Пра вечны ражон і вабную патэленьку знаходзіліся ласкавыя формы словаў. Замест «нічога» ўжывалі слова «ніхуютанькі», ці прыцмоквалі: «Ой, прыгожанька глядзець, як пізьдзюленька ідзець». На ўсё адпаведна былі стандарты ці, кажучы па-эсэсэраўску, госты. Пра важкі мужчынскі струмант казалася: «У яго ўручча – нападоймішча». Даўжыня таксама мела свае вымярэньні: два кархі й два пальцы ды, як валуны, яйцы (корх – мера на шырыню далані). Галоўнае, каб было куды й было чым. Падспудна ў шчырых працаўнікоў жыла зайздрасьць да жарабцоўскага молата. Адсюль і канкрэтна-абстрактная мера: ігага да самага птру…Фалічны клопат маюць і застольныя, і падпольныя зычэньні: «Каб да сьмерці хуй стаяў! Каб грошы стогам, а хуй рогам!» Дый маладзіца мусіць быць мажной, а не такою, якую можа вецер зьдзьмухнуць: «Дзесяціна саду й млын ззаду». Бо павінна пяцёх на ільдзіне сагрэць. Праўда, калі пытаньня ня стаяла, тады суцяшалі самі сябе: «Не да еблі, калі рукі пакрэплі». І пра такую, якая дужа заелася, усьміхаліся – яна ўжо хуй за мяса ня лічыць. «Сісі – па місі», «Сіські, як бічоўкі, пізда, як начоўкі» (бічоўка – ударная частка цэпа, якая малоціць). Аратайныя вобразы. За аблокамі лунаюць тады, калі абодвум хораша. І перад пачаткам шчыраваньня працаўнік інтрыгаваў: «Я табе яшчэ ня ўсё паказаў, палавіну матузом прывязаў!» Потым, выходзячы скакаць, прыпяваў:
Кумпяччо ў маёй красулі Сорак восем дзесяцін, Без штаноў, адно ў кашулі Дацямна араў адзін.
| Здатны ў заляцаньнях, юрлівы называецца жыгуном. І ацэньваецца адпаведна: «Такі жыгун і ў смаляной кабылы выпрасіць, і мёрзлай сучцы ўцісьніць». Пра нягеглага недарэмна заўважалі: «Ён вялым хуем зроблены». Было ж неяк, што маладзіца паспытала пана. На роспыты суседак тлумачыць: «Маладзічкі вы мае, мой жа, як нарогам, як нарогам, а пан, як пэндзэлкам, як пэндзэлкам». Дарэчы, лічылася, што калі дзіця рабіць на гарохавінах, сукрыстым народзіцца, як амурчык. Рэкляма мае паважаны ўзрост:
Каля рэчкі йшла Ды пасьвіставала. Пізду козырам нясла, Сіські выставіла.
| Такая мажніца шляхціцу, які мог толькі прасіць, а не працаваць, як нарогам, адказвала: «Я пана кохам, як капусту з грохам». Побыт шмат у чым вызначае бачаньне наўкольнага, праяўляецца ў вобразах. І шчыраваньне, якое робіць жыцьцё нязводным, дапасоўвалася да хатняга клопату:
Ой ты, мая Домна, Прыйдзі ка мне цёмна. Твая ступа, мой таўкач – Будзем крупы абтаўкаць.
| Зразумела, маючы добры таўкач, ніякая ступа ня ў страх. Гэта ня жарт, што ў чужых руках усё большым здаецца. У чужых руках і хуй з таўкач. З мройлівай зайздрасьцю пяялася:
У цыганкі хвартух новы, А ў цыгана хуй дубовы. Хвартух новы не парвецца, Хуй дубовы не сагнецца.
| І калі да некага прыставалі й падганялі: – Ну! – Хуй гну, дуга будзіць! – чулася ў адказ, каб адчапіцца. Лепей, калі як дуга, чым як чарвяк. І колькі смутку ў запытаньні: «А дзе ж тое дзелася, што ў штанах вярцелася?» Весялейшае запытаньне:
Ці ня Бог табе даў, Мая Настачка? Усю ночку макаў, Як у маслачка!
| Узроставы фактар у юрлівым стараньні, як ні круці, дужа важны й важкі. Пакуль малады, ні начоўкі, ні ступа ня спыняць, не астрашаць. Па часе ўсё зьмяняецца. Гэта з вопыту пакаленьняў папеўка:
Якочацца, рагочацца, За старога ня хочацца: Стары хочаць і баіцца, Каб у пізду не ўтапіцца.
| І адно шкадаваньне аб сустрэчы з такім:
Ай, такую яго маць, Гэнага Міколку, Я хацела яму даць, А ў яго з іголку.
| Не дапаможа й народная парада: у лыжкі ўвязаць. Па-першае складана, а па-другое, адзервяненьне пачуцьця, дый вабная патэленка дрэва не прымае. І пра старога, а бывае, што й пра маладога кажуць: нямоглік. Ці зусім безнадзейна дакладна: слаб у яйцах. Тут ужо як у сучасным анэкдоце. Сустрэліся два мужыкі. Пытаецца адзін: – Як жывеш? – Слаба. – Выходзіць, кепска. – Ды не, выходзіць добра, заходзіць кепска. Нямогліку, відаць, ня дасьць рады й такая парада:
І хвор Кузьма, і нядуж Кузьма, Прывяжыце Кузьме галаву к пізьдзе.
| Ухвалялася толькі слабасьць у руках, калі дзьвюма ня мог мужчына свайго працаўніка сагнуць. Групэн-сэкс ня быў у крывічоў у модзе. Гэта ўжо калгасам пахла. Крывічы па трывалай натуры сваёй гаспадары, болей аднаасобнікі, хутаранцы, а не калектыўныя засранцы. І сваім распараджаліся як хацелі, у адпаведнасьці з настроем: «Я сваю Марынку хоць пасярод рынку!» І ў выразе «Сябры – удваіх адну кабылку яблі» болей прыклёпу й юрлівай фантазіі. Адпаведна й паставы ў папіханьні былі з аратайна-атарным адценьнем:
Дай, дай, дай, дай, Раскінь ножкі, як баран рожкі, Хай упруцца ў небакрай Новыя панчошкі. Я табе іх купіў, Для цябе залупіў.
| І ўсё, што рухалася, па-свойму займалася папіханьнем.
А сініца вераб’я Устоічку заябла.
| Гэта крылатыя. А бяскрылыя насуперак пралетарскаму пісьменьніку Горкаму, які сьцьвярджаў, што народжаны поўзаць ня можа лётаць, лёталі ў небе асалоды:
А лісіца і барсук Ябаліся цераз сук, А маленькі барсучок Цераз маленькі сучок.
| Былі ў паставах і неабмежаваная таямнічасьць: «Перагнуў церазь мяжу, а што зробіў, не скажу». Дый самы лірычны птах салавей даваў інструкцыю й паддаваў юру, сьпяваючы:
Цімох, Цімох, Павёў дзяўчыну ў мох, у мох, Паваліў, загаліў – Торк, торк, торк, торк…
| Кожны стараецца ўторкнуць як хутчэй і як спрытней. Праўда, нэрвовы ці ня ў норму п’яны торкаў, торкаў то ў буракі, то ў моркву. З такога торканьня толку мала. Як ня лепей, калі паваліў у гурбіну ды не туды скіраваў, жыгануў у сьнег – аж зашыпела. Такі жох хуем падпаліць стог. Вясною, калі й трэска на трэску лезе, і ўсё, што сквярэцца, адно на адно дзярэцца, юр чуецца ня толькі ў сьпевах таго ж салаўя. І жабы, не падзяліўшы сваіх зялёных ад хаценьня вершнікаў, цьвеляцца, лаяцца, як прафэсійныя давалкі:
Кккурвва, кккурвва. – Сама тттакккая, сама тттакккая…
| І ў лясных жыхароў не заахвочвалася кровазьмяшэньне:
Ай там, на расіцы, Прасіў заяц у лісіцы. А лісіца не давала, Пізду лапай закрывала.
| Пра вітаміны, пра танізатары крывічы ня ведалі, дый учуць не прыслухаліся. Стравы гатаваліся й гатункаваліся дакладна:
Ад бобу захочаш ёбу, Ад гароху будзіш сраць троху, Ад рыбы станіць хуй дыбы.
| І адмова ў ласым болей самаахвярная: зьеш хуй, а рыба дорага. Крывічы былі за такую мілосьць, каб ці хуй напалам, ці пізда на дробныя цурачкі! Відаць, шкляной часам рабілася. Спагаду меў нястомны: ябаць, як воўк, прасіць, як заяц. І калі слаба палілася ў печы, кепліва заўважалі: «Тапленьне, як кашынае ябленьне». Шчырая праца на ложку ці на атаве вяла да абстрактнага мысьленьня. Толькі ў адпаведным стане льга зразумець меру: тры пізды попелу. Ці капіздуленьку. Болей канкрэтна: заробіў ад хуя вушы. З калыскі хлопчыка рыхтавалі да мужчынскай працы на працяг роду людзкога. Малога падкідвалі ўгору, прыгаворваючы: «Вялік расьці дзевак басьці!» У штодзённым побыце не забываліся пра асноўны клопат. Падымаючы поўную шклянку, дбалі пра гаспадарку й тую, на якой працавалі ўночы, і тую, што ўдзень сілу забірала: «Каб жыта расло й хуй стаяў!» Нават загадка пра баравік (бо ён адпаведных абрысаў) была фалічнай: «Кладуць старца ў дамавіну, хуй тырчыць напалавіну?» Сапраўдныя працаўнікі не ацяляквалі, у іх у роце мухі не ябліся. На ўсё глядзелі наўспагатоўна: «З голай сракай каля голага хуя не жартуй!» Расчуліўшыся за чаркай і скваркай, выказвалі сябру сваю найвышэйшую пахвалу: «Каб я быў дзеўкай, я б табе даў». Вядомую песьню «Ой, пайду лугам, лугам» чулі па-свойму. Радкі «А я ляжу ды думаю, думаю, што ліхую жонку маю» пяялі: «А я ляжу ды думаю, што для хуя жонку маю». Яно неяк так болей мэтаскіравана. Кожны спэцыяліст ведае цану сабе й свайму майстэрству: «Навошта мне золата, калі ў мяне хуй, як долата?» Канкрэтна на мясцовасьці вырашалася апэратыўна, што ім рабіць, ці дзяўбсьці, ці шпакляваць. Залежала, відаць, ад стану аб’екту. У нястомным шчыраваньні быў і свой каштарыс ці натуральная аплата за натуру: «А за крупы, а за сала пізда лупы закасала». Ці ў залежнасьці ад акупацыйнага рэжыму: «За пуп – руб, за касмарку – марку». Цэны, як бачым, былі памяркоўныя. Не кусаліся. Фантазіі хапала. Малы, я зноў-такі ня мог уцяміць (дый цяпер не даходзіць), як гэта ўдавалася:
А па вуліцы мяцеліца мяцець, А дзед бабу за пяцеліцу вядзець.
| Калі я быў блізка, пяялі захмялелыя застольнікі й такі варыянт для мяне: «А дзед бабу за патыліцу вядзець». Усё роўна яшчэ болей нязручна. У пашане ў крывічоў было стараньне. Што такое каханьне да заіканьня?
Пан дастане Да пячонак пікай – Стане пані Радаснай заікай.
| Гэта зусім ня тое, як цяпер іншы раз:
Ляжыць, як дошка, І лесам пахне, А ўсё чакае, Што нехта трахне…
| А ў прыгаворцы: «Няхай жывець, красуецца, пакуль на хуй ня ўссунецца!» – чулася й пагроза, і зайздрасьлівы ўспамін, старая маладой і гразілася, і сама ў маладыя гады вярталася. Гэта калі да дзяўчыны сваталіся багаты на грошы й з уруччам нападоймішча, яна слушна вырашыла: «Хлеб годам, грошы пераводам, а хуй у векаўшчыну». Самыя дасьціпныя, самыя іскрыстыя ў крывічоў былі й песьні й папеўкі якраз скаромныя ці, па-навуковаму, фалічныя:
А ў чыстым полі Пад ябурамі Часалі дзеўкі хуй тапарамі, Яны часалі ды прымяралі, Ой, каб жа ціці, не ўкараціці.
| І дзяўчаты не баяліся мужчынскае працы, абы знасалодзіцца. Малы я ня мог зразумець, што за дрэва ябур. Пазьней дайшло, што гэта спэцыйна пачуты явар. Да сёньняшняга мне, як некурцу, так і няўцямна показка: «Ён так курыць, як пізда сена есь». Адно дайшло: «Жыць будзеш, толькі не захочаш». Хочацца, каб яшчэ доўга мог лячыцца па народнай крывіцкай мэдыцыне: «Жывот аб жывот пацерці, і ня будзіць балець да самай сьмерці». Глыбокі ўзроставы сум у анэкдоце, які йдзе з даўніны. Дзед сядзіць на прызьбе. Певень гоніцца за курыцай. Дзед сыпнуў крылатаму заляцанку зярнятак. Певень спыніўся й пачаў дзяўбсьці, забыўшыся, што бег ябсьці. Дзед толькі й выгукнуў: «Гэта ж ня дай бог, каб я да такога дажыў...» У маладыя гады ўсё пачыналася, як бы вытворчасьць, у прыватнасьці, і як Гефэстава рамяство:
Даражэнькая мая, У нас кузенька свая: Срака дзьмець, а хуй куець, Пізда жару паддаець.
| А як скаромяцца сэксам, пра гэта лепей могуць давесьці тэарэтыкі. А практыка, яна жывая, таму й няўлоўная, бо зьменлівая.
|
|