РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ніжнія Байдуны
Гісторыя
Мой падрыхтоўчы клас
Чаму ж ён не сокал?.
На саламянай эстрадзе
Ці быў, ці бачыў…
«Я галодзен!»
І ён, і яго
Пралля і вартаўнік
Песня
Маёр Асмалоўскі
«Варона ела грамузду»
Молька
Чыркун і кураўка
«Няма чаго пакрываць!..»
Грэх ці не грэх
Мужчынская гаворка
Жывое слова
Найбліжэйшы зверху
ЦІ БЫЎ, ЦІ БАЧЫЎ…
Ці быў, ці бачыў…
        
        З вайны, улетку сорак пятага, Цімох вярнуўся смешна.
        Кожнага мог ён падкалоць, нават і Ёсіпа, меншага брата, не шкадаваў. Той неяк прывёз зімою з лесу дзве тоўстыя крывуліны, скінуў на вуліцы перад хатай, і ляжалі яны ўлетку неакораныя, без кладуноў. «З аднаго палена будзе малатарня, а з другога арха», – гаварыў Цімох, намякаючы на тое, што Ёсіп быў «ні за кол, ні за цям», толькі што працавіты, як вол, і без толку гарачы.
        З Германіі Цімох прынёс трафейнае… кавадла. Праўда, маленькае. І малаточак да яго, і клешчыкі. Але ж – кавадла!.. Відаць, што пацешна малое – таму і спадабалася, і валок, блізкі свет, хоць майстар быў ён не лепшы за Ёсіпа.
        Як толькі я, трохі пазней, наведаўся з Менска дахаты і пачаў цікавіцца, хто, што і як, пра Цімоха з гэтым кавадлам мне расказалі адразу.
        – Ну, як ты там? Як ваявалася? Як куецца? – спытаўся я, калі мы сустрэліся.
        Маё апавяданне, у якім гаварылася і пра Цімохавы байкі, было ўжо напісана, але яшчэ не надрукавана. Зрэшты, тады мне неяк і не думалася, што ў Ніжнія Байдуны яно як-небудзь можа дайсці. Дый апісаў я Цімоха, вядома ж, пад іншым імем. І таму адчуваў сябе перад ім чыстым, смелым, не тое што трохі пазней…
        – Спачатку быў у пяхоце, – сказаў Цімох з нейкай крыўдай у голасе. – А потым, браце мой, здалёк убачыў, што карова праглынула цвік, дык узялі мяне да коней.
        – У кавалерыю?
        – Ага, у тую, што ў хамуце.
        Мы з ім былі на «ты», аднак ён быў на дваццаць з гакам старэйшы. Ужо, здавалася б, не крыўдна чалавеку і ў абоз.
        Наступным разам мы сустрэліся з ім на нейтральнай тэрыторыі, больш чым праз год і зусім нечакана – на кірмашы ў райцэнтры.
        Я ўжо ведаў, што Цімоху прачыталі маё апавяданне і ён як быццам сказаў: «От зараза!..» Як хочаш разумей: злуе чалавек, не злуе? Калі ён гукнуў мяне з гушчы кірмашных вазоў і коней, я ішоў да яго не вельмі каб спакойна…
        Цімох сядзеў на возе адзін, нібы кагосьці чакаючы. Павіталіся. Тады ён, як і заўсёды, не спяшаючыся, дастаў з-пад сена торбу, з торбы хлеб і сала, накроіў аднаго, нарэзаў другога, зноў пасадзіў руку ў сена і дастаў бутэльку.
        «Спачатку чарку дасць», – падумаў я асуджана.
        А ён сказаў:
        – З горла ды ў горла. Будзь здароў!
        Пацягнуў добра сам і перадаў бутэльку мне. Самагонка, вядома. І добрая. Была сякая-такая прывычка, – я пацягнуў, нібы з адчаю перад цяжкай гутаркай, і мы пакуль што пачалі закусваць.
        – Збіраешся, можа, зноў неўзабаве быць?
        Я не збіраўся.
        – А што?
        – Прывёз бы, можа, пораху трохі? Бяздымнага.
        Ну, калі толькі гэта, калі ягонае «от зараза!» – не злосць была, а пахвала байдуна байдуну, дык я табе магу і дымнага і бяздымнага!.. Аднак я сказаў пакуль што стрымана:
        – Чаму ж. Пагляджу.
        Падбадзёраны гэтым, Цімох пайшоў далей:
        – І патронаў. Шаснаццатага. І шроту, калі ўжо так.
        Пра апавяданне маё – ані слова. Мала таго – яшчэ і сам пачаставаў мяне вясёлымі навінамі.
        Перш за ўсё – пра Асечку.
        – І яшчэ, браце мой, не ажаніўсё. – Тут Цімох, пераймаючы Косцю, пляснуў у ладкі, звонка зарагатаў і тонкім голасам ускрыкнуў: – «Паспеем! Нажывёмсё!» А самому ўжо… Ну але, ён за мяне на год старэйшы, пяцьдзесят тры. І на вайну пасля партызан не ўзялі, як таго Лётчыка. Кавалер! Я яму ўдоўку нядаўна нагледзеў, у Хлюпічах. Грышку Лазовіча забілі, баба засталася. Пад сорак будзе. Гладкая, браце мой, адных цыцак колькі! І шые яшчэ на машыне. Праўда, дзяцей няма, але няўжо ж табе конча ўжо на гатовае? «Пайшоў бы ты, – кажу яму, – хоць голку ёй зацягнуў. Яшчэ ж у вушка, можа, пападзеш? Там жа, можа, не протар». – Цімох яшчэ раз перакрывіў Асечку: – «Паспеем! Нажывёмсё!» Збіраўсё ён нібыта, але ж і яна чакаць не будзе. Навалач нейкую знайшла, прымака. Нейкі Швілі ці Швіляў. Худзізна – скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамі. Чорны, як Каін, і дзве левыя нагі. Тры дні, тры ночы, браце мой, з хаты не выходзілі! А потым выйшаў ён… Я якраз міма праходзіў, бачу: пааўзе і, як п’яны, хістаецца. «Ты што, – пытаюсё, – толькі што з шахты вылез?»
        Літаратура! Дзе тыя ў чорта Хлюпічы – ці быў, ці бачыў, ці гаварыў што сам – не важна…
        Пра самога сябе Цімох, памятаю, казаў: «Які я там бабнік – проста адзін баюсё спаць». Як там бывала раней – у вёсцы гаворана і гаворыцца розна, а ўжо ў пасляваенныя гады яму памалу рабілася не да гэтага. А пагаварыць, пацмакаць ласы ён быў і ў старасці.
        Другая страсць, паляванне, таксама спакваля міналася.
        У калгасе ён быў спачатку лесніком і заадно вартаваў зарэчныя лугі. Скардзіўся мне аднойчы, што вельмі ж нялёгкая гэта работа – сена ў копах пільнаваць, бо лясныя хутаранцы, шляхцюкі, «зладзеі спрадвеку», вельмі ж на копы тыя насядалі, цэлымі чародамі.
        – Адзіналічнікі, браце мой, дый злосныя яшчэ, як тыя мухі ў спасаўку. Махалам не адмахаешся! Страляў я раз, страляў, а потым давай тою двухстволкай попускам – па нагах!
        – Па іх страляў?
        – Ды не. Солі якраз не было…
        Потым яго шляхцюкі паўступалі нарэшце ў суседні, плёхавіцкі, калгас, і аднойчы Цімох, вяртаючыся з лесу, сабраў каля нашай хаты чараду мужчын – паказваў, як тыя хутаранцы выйшлі на сваю першую калектыўную сяўбу.
        Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Расказчык адзін за некалькіх сейбітаў п’яна крычаў на ўсялякія галасы, з розным ды розным тварам і жэстамі, уяўна набіраў насенне ва ўяўны фартух, за аднаго шляхцюка ішоў, хістаючыся, за другога паказваў першаму, як кіравацца на яго сігнальны свіст і ўзнятую руку, за трэцяга – толькі стаяў і тупа, дзіка глядзеў кудысьці… А потым сейбіты, зноў жа ў асобе аднаго Цімоха, ішлі да ўяўнага воза з мяхамі, дзе ў іх была пачатая ці поўная, і, як гаворыць адзін мой знаёмы паэт, папраўлялі там галаву.
        – Толькі і ведаюць, што самагонку добрую гнаць, – спакайней канчае Цімох, сядаючы на лаўцы. – І не зловяць ніводнага, як пад зямлёю ўсё роўна гоняць. А бабы і дзеўкі старыя курыць з дасады пачалі. Культура! Нацягнуцца, браце мой, адна з другою – толькі вочы, як белыя гузікі або як у рыбы ў юшцы. Памочнікі прыйшліся плёхаўцам, работнічкі, трасца іх матары!..
        Цімох і сам, як вядома было і раней, таксама не надта перадаваў. Што лянота, любоў да прыволля, а што ўжо і старасць. Яшчэ гадоў праз некалькі яго вызвалілі ад вартавання лесу і лугоў, і стаў ён хатнім, тым больш што сын і дачка, ужо гарадскія, з вясны падкідалі ім з Волечкай унукаў, і дзеду было каго вартаваць.
        Усё жывое ён любіў, можна сказаць, згадаўшы Лермантава, «странною любовью». У хаце ў яго адзін час вісела клетка… з трыма пацукамі. Толькі хвасты звісалі паміж пруцікаў. «Чырыкаюць сабе», – казаў Цімох, ледзь не захоплена. А мог і пазабаўляцца, госця пазабаўляць. Здыме клетку з крука, раскруціць вяровачку ў далонях, а тады смяецца, бо яны, тыя чырыкалы, па меры таго як клетка аціхае круціцца, п’яна хістаюцца па ёй.
        Аднак пра стрэльбу ён зусім не забываўся. Ваўкоў было ўжо куды менш, чым адразу пасля вайны, але страляць іх трэба было ўсё роўна.
        Ад вёскі нашай да лесу найдалей адсунуўся, яшчэ здавён, хутарок Бурака, які таксама ледзь што не спаў з тою вудай ды стрэльбай.
        – Прывезлі нам туды, браце мой, здохлага каня, – адзін такі вясёлы быў, зайшоўсё з рогату. Скінулі воддаль за хлявом, ад лесу. Сядзелі мы з тым Бурачком, сядзелі ноч, і другую, і трэцюю – не ідуць, чуюць нас калядныя салаўі. Толькі здалёк заспявае каторы…
        – А з якім Бурачком – з Аркадзем?
        – Які табе, браце мой, Аркадзь! З бацькам, з Кандратам.
        Аркадзя, маладога Бурака, Цімох недалюбліваў. Можа, таму, што той стаў пасля яго лесніком і паплаўнічым, а то, глядзі, і за тое, што з вайны, з Германіі, Аркадзь прынёс не кавадла, а паляўнічую стрэльбу.
        – Гэта дык стрэльба, браце мой! – хваліў мне яе аднойчы Цімох. – Завар – чатыры кальцы!
        Чацвёртае кальцо да «Заўэра» дадалося тут ад зайздроснага захаплення.
        Гады праз тры мы зноў успомнілі пра Бурачкоў трафей. Цімох толькі рукой махнуў.
        – Не ў тыя рукі трапіць, дык у глум і пойдзе.
        – Як гэта?
        – Ды так. Гусі, браце мой, напрадвесні селі на лузе. Дзікія. Эх, зарадзіў Аркадзік завар і папоўз. Думае…
        Цімох скрывіўся і ўголас паказаў, што тады моўчкі ды сам-насам думаў Бурачок: «Чым большы дам, птамаць, зарад, тым далей той шрот панясе, лепей, птамаць, дастане…» Добра, дурыла, даў таго пораху, дый бяздымнага яшчэ. Поўз, поўз, заскерыўсё (Цімох паказвае), прыцэліўсё і – цяў!.. Усяго таго, браце мой, завара к чорту парвала, і зубы яму апошнія ўшчэнт пакрышыла. Стралок! Крыстына Роўбіха потым пыталася (зноў адпаведны, тут танклявы, голас): «Што ты там, Цімафей, такое здзелаў? Гэта, кажаш, не ты, а Бурак? Свісцела, свісцела, а потым равела, равела!..»
        Гэта ляцела, значыцца, левая руля Аркадзевай стрэльбы, якую «парвала наўздоўж». Аж на суседні хутар, добры кіламетр.
        Ці праўда тут, ці трохі нейкай праўды, ці толькі зайздрасць, што ўжо не сам ты малады ляснік, што не ў цябе такі «завар», – праверыць мне не ўдалося. Дый не вельмі карцела. Тым больш што Аркадзя я потым неяк сустрэў у Менску, можна сказаць, зусім на хаду: ён спяшаўся на свой аўтобус, быў, вядома, без стрэльбы, і я толькі па ўсмешцы яго паспеў заўважыць, што зубы ў чалавека хораша ды бела адраслі. Тыя «апошнія, пакрышаныя ўшчэнт». Што ж, можа, і стрэльбу Бурачок таксама сабраў ды склеіў…
        Згасаў Цімох памалу і доўга, ужо не ў лесе, не ў лузе, а ў хаце і каля хаты. Сівы і цяжка ссутулены, хоць і вясёлы. І лёг ён апошні раз таксама па-свойму, арыгінальна – на былым панскім полі, толькі што шчодра прырэзаным да нашых вельмі ж перанаселеных могілкаў на схіле крутога зялёнага ўзгорка. У вялікім квадраце роўнай жытняй пожні, у далейшым кутку – адна, бо першая, Цімохава, магіла.
        «Якога ліха, браце мой, тоўпіцца там, дзе ўжо і ўздоўж, і ўпоперак, і наўскасяк», – падумалася мне ягоным словам, можа, нават з ягонай усмешкай, хоць і быў я там у той дзень у зусім невясёлым настроі…

Крыніца: http://libatriam.net/read/850783/0/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.