РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ніжнія Байдуны
Гісторыя
Мой падрыхтоўчы клас
Чаму ж ён не сокал?.
На саламянай эстрадзе
Ці быў, ці бачыў…
«Я галодзен!»
І ён, і яго
Пралля і вартаўнік
Песня
Маёр Асмалоўскі
«Варона ела грамузду»
Молька
Чыркун і кураўка
«Няма чаго пакрываць!..»
Грэх ці не грэх
Мужчынская гаворка
Жывое слова
Найбліжэйшы зверху
«НЯМА ЧАГО ПАКРЫВАЦЬ!..»
«Няма чаго пакрываць!..»
        
        Кураўка смяшыў заўсёды на поўнай сур’ёзнасці, а сам часцей усміхаўся, чым рагатаў.
        Едзем мы, скажам, з таго абозу, вяртаемся ўлегцы. Восень позняя, але яшчэ ўсё цёплая, добра ляжаць на возе. Коні з узгорка падварушыліся трухта і даганяюць – узбоч гасцінца, па сцежцы ідзе незнаёмая спраўная маладзіца. Кураўка, угрэўшыся пад кажухом, ляжыць сабе на баку, падпёрся далонню пад правую сківіцу, ласа глядзіць на шуструю загладуху, а потым, калі зусім параўняліся, ціха гукае:
        – Кабето!
        – Што, дзядзько?
        – Купі качалко на лето.
        – На чорта мне яно? – разгублена спыталася яна.
        – Як на чорта? – зусім сур’ёзна здзівіўся ён. – Макарону будзеш качаць.
        Урэшце здагадаўшыся, тая зачырванелася і плюнула.
        А ён глядзіць ды прыязна ўсміхаецца, нібы нічога лішняга і не сказаў, і не падумаў.
        Чуць і бачыць Васіль быў мастак.
        У Арэся была тады незамужняя дачка Марыля, таксама здаравенная, не вельмі, як і тата, складная. Але ўсяго дзявочага было ў яе нямала. І дабрадушная. Каля яе прыпасваўся суседскі Вінцучок, дзяцюк нярослы, але спрытны і памаўзлівы. Сядзяць мужчыны ў Арэсевай хаце зімою, яшчэ трохі завідна, гамоняць ды пакурваюць, а Марыля ляжыць на цёплай печы жыватом, тырчыць сваім багаццем угару. Усё ў мужчын нібы перагаворана, а то яшчэ, здаецца, і не ўсё, і хтосьці кажа, без усякага на што-небудзь намёку:
        – Вінцучка нешта сёння няма. Няўжо ён з лесу яшчэ не прыехаў?
        – Прыехаў, – спакойна і ўпэўнена, як быццам ведаючы гэта, гаворыць Кураўка. І дадае, кіўнуўшы на печ: – Ужо вунь і сані перавярнуў…
        Пайшоў зімовай ноччу, задоўга да світання, будзіць суседа – ехаць у лес па дровы. Суседзяў было ў адной хаце двух, братоў жанатых, але не падзеленых. Бо і дзяліць не было асабліва чаго, і ленаваліся абодва, асабліва старэйшы, вечна пануры, кіслагубы Авос. Такая мянушка, бо яму не хапала чамусьці свайго «што?» і ён перапытваў па-местачковаму, па-жыдоўску: «А вос?» І заўсёды і ўсюды насіў у кішэні портак камень з гусінае яйцо, цёплы, абгладжаны там рукою. На пытанне: навошта ён, Авос адказваў: «А як сабака?» На чалавека, чаго добрага, камень таксама мог прыдацца. Зрэшты, нічога такога не памятаю. Затое бачыў, як ён, Авос, вось-вось заплача, калі чытаецца штосьці пра чалавечую крыўду… Меншага брата, які ўсё-ткі гаспадарыў сяк-так, звалі Мікіта, а мянушка, за пэўныя, так сказаць, хімічна-абаронныя якасці, Тхорык.
        – Ледзьве я дастукаўся да іх, – неяк расказваў Кураўка. – Алена Мікітава адчыніла. Сам Тхорык сядзіць на пасцелі, чухаецца. А ў другім кутку Авос сама цяпер зрабіў буду…
        Гэта – пра зорны час на жанатым, няхай сабе немаладым пасланні.
        Неяк пры Польшчы мястэчка наша моцна гарэла і пасля гэтага дружна сабрала грошай на матароўку, маторную помпу. Для большай пэўнасці набожныя мешчанчукі вырашылі яе пасвянцаць. Пасля абедні поп з дзякам і пеўчымі выйшаў на паперць. Унізе, ад плошчы, адчынілі святую браму, і малайцы-пажарнічкі, не паздымаўшы сініх форменных канфедэратак, а толькі па-службоваму апусціўшы раменьчыкі пад бараду, па ціхай камандзе «бегем марш!», без гіку ўскацілі матароўку на высокі ўзгорак, у вялікі натоўп прыхаджан. На той час і гэта было не абыякое відовішча, культурнае мерапрыемства. Поп нараспеў маліўся, пеўчыя стройна спявалі, а нейкая бабка, што прыпазнілася, ніяк жа, людцэ мае, не магла праціснуцца наперад, да таго цікавага… І трэба ж ёй было спытацца якраз у нашага Кураўкі:
        – Сынок, а што гэта яны там робяць? Я ўжо дадому была пайшла, але вярнулася.
        – Карову, бабко, да быка пускаюць.
        – Вой, а чаму ж гэта тут?
        – Папову, бабко. Да камендантавага быка.
        – Камендантавага? Гэта таго, што ў пастарунку?
        – У пастарунку, бабко. Ты толькі так не крычы, а цішэй. Зараз во будуць і ў званэ званіць…
        Адзін час, таскама пры Польшчы, Мітроша – Важнае ліцо быў у нас солтысам. Праўда, вёска на яго не скардзілася – от сабе смешная важнасць, і толькі. Нават купіў нейкую скураную куртачку, чорна-бліскучую, у якой праводзіў сходы. Перад сваёй хатай, на вуліцы. Сам ён звычайна прыпазняўся, выходзіў з хаты тады, калі ўжо мужчыны і збяруцца, і пачакаюць. Следам за ім выходзіла маці, старая, нядаўна аўдавелая Рагачыха, станавілася ў гародчыку за плотам, паміж кустамі бэзу, і час ад часу ўстаўляла сваё, рэжысёрскае:
        – Дзе што добрае зробіцца, дык усё ж мы, Рагачэ ды Рагачэ. Ніхто ж другі не глядзіць, ніхто ж не пастараецца…
        – Ціха, мамаша, дай гаварыць.
        І гаварыў, упэўнена і важна, як з трыбуны.
        Зімой па Ніжніх Байдунах пачала лятаць незвычайная галка. На валляку ў яе, на моцным шнурочку, вісела круглая, як медаль, фанерынка, на якой выразна, каломаззю было кругам напісана «Soltys». Выйдзеш з хаты – сядзіць на плоце: «Каў!..» І паляцела. На другі двор, на трэці, чацвёрты… Усе двары аблятае за дзень. Не было б таго медаля, дык і не падумаў бы ніхто, што гэта ўсё адна ды тая самая.
        І да Мітрошы, вядома, лятала. Ён і пра гэта гаварыў на сходзе, ужо ў хаце:
        – Дурная безабразія! Каб я толькі ведаў, хто такую насмешку зрабіў…
        Што тады быў бы за страх – невядома. Толькі пазней стала ясна, што зрабіў гэта Кураўка. Пры дапамозе свайго старэйшага, школьніка, які і выдаў іхнюю таямніцу.
        Васіль быў дабрадушны, ціхі. І вельмі бедны, з найбольшым правам на смех.
        У партызанах нехта аднойчы падшапнуў новаму камандзіру нашага атрада, што іменна ў яго, у Кураўкі, схаваны ў гумне два кормныя япрукі. І ён, наш Сашка-лейтэнант, нядаўна прысланы з Вялікай зямлі, паверыў і даручыў паехаць «изъять излишки» іменна мне. Колькі я ні ўтлумачваў яму, што гэта жывая лухта, Сашка ўпёрся і паслаў нас з Коржыкам удвух, хоць той быў і не наш, а з Хлюпіч. «Няма чаго залішне пакрываць сваіх аднавяскоўцаў», – сказана было нават і так.
        І мы паехалі. Ёлкі зялёныя, – паклікаў я таго багацея на двор (хата старэнькая, поўна малых) і расказаў яму, што да чаго. Толю Коржыка, маладзенькага, баявога хлопца, Кураўка не ведаў, і мы, каб усё прайшло па ўсіх законных правілах, пайшлі на пошукі ўтрох.
        Ішло прадвесне, і, як у нас гаворыцца, у многіх бог Вярбіч (першая ажывае вярба) паеў ужо і сена, і салому, і амеці. У прыстаранках Кураўкавага гуменца было амаль зусім пуста. Утрох з гаспадаром шуршэлі мы па прыстаранках, хто ботамі, а ён лапцямі, нават пасвечвалі трафейнаю батарэйкай, вось-вось гатовы засмяяцца, палохалі тых фантастычных, створаных дурным падшэптам, парсюкоў: «Аюсь! Аюсь!…» А потым і засмяяліся – і мы з Кураўкам, і Толя, які і так паверыў мне раней, а цяпер, пачаўшы з хаты, і сам убачыў, што наш Сашка-лейтэнант заслугоўвае слова, якое тут жа было і сказана. Пра Васілёву беднасць я ведаў змалку, пра тое, што ён звязаны з партызанамі – толькі здагадваўся, а потым, пасля вызвалення нашай мясцовасці, і пачуў. І ад самога яго, і ад хлопцаў з суседняй брыгады, якой Кураўка добра памагаў. Нават медаль яму далі – партызанскі, другой ступені.
        На фронце, калі фарсіравалі з боем рэчку Шэшупэ, граніцу з Усходняй Прусіяй, Васіль са сваім аддзяленнем першы ступіў на той бераг. Але героя не далі, хоць перад боем і гаварылася.
        – А што далі? – спытаўся я.
        – «За адвагу».
        Адказваў ён без найменшага жалю ў голасе ці ў вачах, толькі з усмешкай, як заўсёды, сціпла-хітраватай. І дадаў, памаўчаўшы:
        – Ох, і далі ж мы ім тамака! Кацюша як жарне, як жарне – толькі шыняле ўгару ляцяць!..

Крыніца: http://libatriam.net/read/850783/0/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.