РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сымон-музыка
Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя
Частка чацвёртая
Частка пятая
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
        
I
        
Дрыжыць агонь, як смех крывавы,
Дрыжыць агонь у цьме густой,
У цьме варожай і пустой,
Як адбіццё даўнейшай славы,
I зліўся з мрокам дым бялявы
Над гэтай плямкай залатой.
Дрыжыць агонь, як песня жалю,
Дрыжыць агонь у цьме начной
Пад адзінокаю сасной,
Як плеск апошні рэчнай хвалі.
У мроку нікнуць сонна далі,
Крычыць сава ў цішы лясной.
Дрыжыць агонь, як плач прашчальны,
Дрыжыць агонь, забыты тут,
Скрозь мрок нямы, скрозь чорны мут,
Як звон жалобы пахавальны,
Як песні голас развітальны,
Як струн дрыгучых ціхі гуд.
Гарэў агонь, былі тут людзі,
Вянок плялі яму з галін.
Цяпер загас ён тут адзін,
I цёмна стала на тым грудзе.
Ніхто і ведаць-знаць не будзе
Яго апошніх тут гадзін.
Цянюе мрок, густы, як сіта,
На месцы тым, дзе быў агонь,
I вецер попел знёс на гонь,
Ад лесу дзьмухнуўшы сярдзіта.
I ўсё вакол у цьму спавіта:
Гарэў агонь – пагас агонь!
 
                  Г а н н а
 
– Ну, мой мілы! хоць і цяжка,
Што ж? бывай здароў! бывай!
Чаму я, чаму не пташка:
Паляцела б я ў твой край.
Ну, хай будзе час прыўдалы
Долю добрую спаткаць,
Каб лёс гэты заняпалы
На лёс светлы памяняць.
Я ж у думках сваіх буду
Жычыць шчасцейка табе,
Каб яно спрыяла ўсюды,
Каб верх меў ты ў барацьбе.
Выйду я ў садок вішнёвы
Ясны месячык спытаць:
Дзе Сымонка? як здаровы?
Папрашу яго заслаць
Мой паклон і прывітанне.
Сам на месячык зірні,
А ў цяжэнькі час блукання
Ты наш дом успамяні.
Не забудзь жа нашай хаты
I мяне не забывай.
Ну... бывай!
Будзь шчаслівы, будзь багаты!
 
                  С ы м о н
 
Так вось і ён, час развітання...
Бывай здаровенька!.. Бывай!
Бацьком паклон мой перадай...
Ды так – да новага спаткання!
I помні, Ганначка: ніколі
Я не забуду аб табе –
Ні ў светлы час, ні ў час нядолі,
Ні ў смутку, радасці, журбе!
Ты мне будзеш запамогай,
Сіл крыніцаю жывых.
Я табе злажу дарогай
Песню красак веснавых.
            Між зялёных нівак поля,
            Дзе калоссем звісла жыта,
            Бегла сцежачка сукрыта, –
            Ты глядзеў туды, саколе!
            Ходзіць ветрык на прыволлі,
            Носіць шолах мнагадумны,
            Бае казку лес разумны
            Аб няясным аб раздоллі.
            Ты глядзіш туды, саколе,
            Дзе імкнецца бег пуцінкі.
            Не відаць ужо дзяўчынкі –
            Дзесь схавала яе поле.
            Пахаджае ветрык вольны,
            Нібы лічыць ён загоны...
            Няма хустачкі чырвонай!
            Стаў маркоцен прастор польны.
            У бязмежным сінім доле
            Віснуць хмаркі, бы пушынкі,
            Сном паўднёвым спяць былінкі.
            А ты смуцішся, саколе...
У той час ён, як ніколі,
Боль расстання адчуваў,
I пустэляй стала лоле,
Лес і гай з ім смуткаваў.
I пачула сэрца страту,
Як не чула ўжо даўно;
Ні па матцы, ні па брату
Так не смуціцца яно.
– Слухай, хлопча: што, каханы,
Ты тут робіш? – Зірк Сымон –
Госць прад ім неспадзяваны!
Спужан хлопец і здзіўлён.
Па абліччы – пан, не просты,
А з вялікіх, знаць, паноў –
I ў адзенні, так і ў росту,
Так і ў тоне самых слоў.
За плячыма – дубальтоўка,
I ладуннік1 ёй дадан,
А шырокі пояс лоўка
Аціскае крэпкі стан.
Боты спрытны, за калені,
Рог – бы чортава рабро.
Завяршала ўсё адзенне
Тое гордае пяро.
Вочы грозны і ўладарны,
Вуеы – ворагам на страх,
А пры ім з найлепшай псярні
Псіна шворыцца ў нагах.
– А паведай мне, каханы,
Хто тут граў? – пытае пан,
Чарнавусы, надзіманы,
Шыты золатам жупан.
Што сказаць на запытанне?
Ну, які тут даць адказ?
Вось спатканне, дык спатканне!
У бяду ўляціш якраз.
Хлопбц топчацца і мнецца,
А нарэшце прызнаецца:
– Я! – На рамень хлапчука
Тая панская рука,
Тая белая кладзецца.
– Гэта ты граў? ты, каханы? –
Хлопцу ў вочы пан зірнуў –
Нібы пан той і рахманы,
Хоць вачыма нейк бліснуў.
– А ты хто ж такі, каханку?
– Я – вандроўнік... Ну, жабрак.
Я хаджу ад ганка к ганку;
Хто дасць хлеба, хто траяк.
–- Ага, так... Ну, ходзь за мною! –
Зрушыў пан, у лес ідзе,
А за Ім Сымон ступою.
Лес штось ціхенька гудзе.
Хлопец мысліць сам з сабою:
«Куды ж ён мяне вядзе?
Што рабіць са мною будзе?»
I глядзіць у лес хлапчук.
Пан спыняецца на грудзе,
Стрэльбу вешае на сук.
Хлопцу страшна і цікава:
Што замысліў гэты пан,
Гэта доўгая халява,
Шыты золатам жупан?
Пан узяў рог пакручасты,
Пазалочаны, блішчасты,
Важна выставіў нагу,
Галаву крыху адкінуў
Ды расправіў грудзі, спіну
I ў ражок той – тру-гу-гу!
I пабегла гучна рэха
Ад сасонкі да дубка
I замерла тонкім смехам,
Мяккім покатам клубка.
Чуць заціхлі гукі ў лесе,
Як ім голасна ў адказ
Рог дрыгучы раз-параз
Загрымеў у тым навесе,
Дзе суччо развесіў вяз.
А дзесь збоку, яшчэ далей,
Грае гучная труба,
Нібы срэбранаю хваляй
З гушчару плыве журба.
Пераводзіць хлопец вочы
То на пана, то ў гушчар,
Дзе ражок, труба якоча.
Што рабіць з ім пан тут хоча?
Ён, відаць, тут гаспадар...
Вось праява негадана,
Не чакаў такіх навін!
Ці не зызнуць лепш ад пана,
Покі ён стаіць адзін?
Вось джагнуць, разок-два лоўка
Ды ў кусты пісаць вузлы!
Але ў пана – дубальтоўка
Дый сабака, можа, злы.
Не, брат, позна: валяць з лесу
Два паны і леснікі,
Уцякаць тут не з рукі –
Няма сэнсу, інтарэсу.
Пан прысеў на пень дубовы
I чакае тут паноў.
Ён падняў на хлопца бровы,
Вочы бліснулі нейк зноў.
– Проша сядаць тут, панове! –
Кажа пан у панскай мове,
Як прыйшлі сюды паны.
– Я злавіў у той дуброве
Штуку добрай дзічыны. –
На Сымона, як на дзіва,
Пан паказвае паном,
А Сымон стаіць маўкліва –
Знаць, не трапіць у свой дом...
Ой, пан нешта замышляе,
Закід робячы дзіўны!..
А мо добры лёс трапляе?
Дапамогуць тут паны?
Ён гадае так і гэтак
Ды глядзіць у гушчарняк,
Як ваўчок, як той аблетак,
Ды не вырвецца ніяк.
– Ану, хлопча, мой каханы,
Паіграй, як ты іграў!
Хлопец злёгку задрыжаў
I ўзяў скрыпку паслухмяна;
Струны звонкія наладзіў,
Раз-другі смычком правёў
I аддаўся ўвесь абладзе,
Чарам струнных галасоў.
Льюцца гукі ў леснай цішы
Срэбраплынным ручайком;
Лес замёр, стаіць, не дыша,
Не варушачы лістком;
Прыпынілі спевы птушкі –
Скрыпцы ім не ўзяць у тон;
Толькі пчолкі, чмель і мушкі
Далучаюць сюды звон.
Ён іграў аб тым спатканні,
Аб дзяўчынцы яснавокай,
Волі вольнай і шырокай,
Аб сваім іграў блуканні
I аб долі адзінокай;
Ён іграў аб родным дому,
Аб жыцці сваім бязлетным,
Аб імкненні тым сусветным,
Што чуваць у буры, грому,
I стаялі нерухліва
I паны і леснікі;
Вусы пан спусціў маўкліва,
Іх пакусваў канчукі.
– Дасканала, дасканала!
Вось дзе талент захаван!..
Але здольнасць, якіх мала! –
Адгукнуўся адзін пан;
А другі маўчаў здзіўлёна
Ды ўсхапіўся сакалом
I трактуе ён Сымона
Белым срэбраным рублём.
А пан першы, пан вусаты,
Да музыкі кажа так:
– Ну каханы мой хлапак,
На жупан ты зменіш латы,
I ты болей не жабрак;
Ты ж рабі, што загадаюць, –
Я бяру цябе ў свой двор!
Пан гаворыць, вагу маюць,
Чэшуць словы, як тапор.
Смутна ў лесе, нібы чары
Напусцілі тут паны.
Дзе ж лятункі? Дзе вы, мары?
Адабралі ўсё яны.
Мільгатнуўся вобраз Ганны,
Такі родны і жаданы.
I чаму ён не йшоў з ёю?
А цяпер гадай, бядуй...
Хлопца штурхнуў хтось рукою:
«Руку, галган, пацалуй!»
Шыі выгнуўшы дугою,
Дружна коні дол сякуць,
Толькі пыл курыць трубою,
Насустрэч палі бягуць,
Адзінокія курганы,
Вёскі, фольваркі, крыжы,
Лес, смугою чуць засланы,
Сіняй далі рубяжы...
Эх, дарога! Як прыемна
На арлох тваіх ляцець,
Не гадаць-бажаць2 дарэмна,
Думак клопату не мець,
А сказаць: «Э, будзь, што будзе!»
I не думаць ні аб чым,
Толькі чуць, як лёгка грудзі
Дышуць полем веснавым,
А ў разлогах аксамітаў
Дрэвы пышныя ўстаюць
I дрыготна хвалі жыта
Плыўкадымныя бягуць...
Першы раз скрыпач убогі
Зведаў гожасць той язды...
Эх, дарогі! Эх, дарогі!
Вы куды йдзяце? Куды?
        
        
        ––––––––––––
        1 Ладуннік (польск.) – патранташ.
        2 Бажаць (укр.) – жадаць.

        
        
II
        
– Унь і замак, бачыш? вежы! –
Пугаўём махнуў хурман. –
А вось тут быў лог мядзведжы,
Дзікі тут хадзіў кабан,
Тут пладзіліся і сарны,
Тут вадзіліся зубры...
Эх, бары былі, бары!
Але й ім прыйшоў час марны, –
I ўздыхнуў хурман стары.
Можа, ўспомніў век пражыты,
Маладыя свае дні,
Вечар, мрокам апавіты,
Жыцця зніклыя агні.
– Гэй вы, конікі малыя!
Сакалы мае ўдалыя!
Што прысталі? –
Лейцы ён падцяў, махнуў...
Коні шыі заламалі,
Бы агонь іх жахануў,
I панеслі! Брычка скача,
Мякка бубенцы звіняць...
Ці не песня ў іх бядача,
Доля горкая чуваць?
А Сымон глядзіць на вежы
I на гэты замкаў пых...
Эх, чужыя гэта межы!
Не для іх ён, не для іх!
Але трохі і цікава,
Хоць нагледзіцца ўсяго,
Калі ж кепска будзе справа,
Хто ўтрымае там яго?
А дзянёк у цішы-разважанні
На спакой адыходзіць павольна;
Задумленне ляжыць у блісканні,
Як той усмех апошні расстання,
Як той погляд кахання супольны.
I вялікі ж дзянёк у прыгодзе!
Надарыў ён Сымонку багата:
Эх, дзе раніца тая зачата!
Эх, дзе поўдзень прайшоў, яго свята!
Эх, дзе вечарам з думкамі ходзіць!
            А на замку пазалота
            Грае ў чырвані, гарыць.
            А галота... Дзе ж галота?
            Сланяецца каля плота,
            У гразі яна ляжыць!
Мрок ачнуўся, скулься глянуў
I пасунуўся рупліва
З таго лесу праз паляну
Насустрэч якраз туману,
Што з нізіны ўстаў маўкліва,
Слепавочна, баязліва.
Мрок няветлы і зацяты
Жмурыць вочы з-пад карэння,
Уздымае хіб кудлаты,
Па палёх раняе латы
I край неба тчэ ў суценне,
Каб развесіць свае шаты.
Хмаркі, неба, лес, зямліца –
Усё сціхла, зорыць чутка:
Штось замысліў мрок-сляпіца!
З горак сходзіць багравіца,
Дзесь галосіць-плача дудка, –
Будзе сцішна, будзе жудка,
Калі зляжа ноч-чарніца!
Замак грозны і варожы,
Так пануры яго вежы:
I хоць ён здалёк пахожы
На царкву, касцёл, «дом божы»,
Ды з залочанай адзежы
Вее чымся злым і рэжа,
Коле вочы ў падарожжы.
Блеск у вокнах – смех фалыпывы,
Ён не вабіць, ён не грэе;
Тыя вокны – вочы змея.
Пазірае замак скрыва,
I ён душыць, гне маўкліва.
«Куды ж еду? Дзе ж я? дзе я?» –
Хлопец думае тужліва.
Вось гара. Прыціхлі коні,
Колы рэжуцца ў пясок,
А з гары, як на далоні,
Разам выплыў гарадок
З яго цэрквамі, дамамі
Розных постацей, ладоў,
З мураванымі сцянамі,
З яго купамі садоў,
Вязаў пышных, паўнацелых,
Ліп разложыста-густых
I крыжоў, даўно збуцвелых
На магільніках старых.
Захад счырвана-ружовы;
Дзень пахованы ўжо ім,
Бы замёрлі яго словы
На крыжы на залатым.
I страх нейкі беспрычынны
Душу хлопчыка абняў.
Бы ён руку самачынна
На той горад падымаў.
Ці ж яму, палёў дзіцяці,
Сыну лесу і дарог,
На дарозе панскай стаці,
Жыць у замку, гарадох?
I ў Сымонкі прад вачыма
Ўсталі родныя куты,
Хата бацькава, радзіма,
Грушы дзікія, платы...
I якая гэта доля –
Ласкі мацеры не знаць,
Казкі, песні свайго поля
На чужыя памяняць?!
Дык не век быць пад прыгонам:
Ён на свой лад зажыве –
Думкі ёсць у галаве –
Не жартуйце ж вы з Сымонам!
А тым часам коні гулка
Б’юць па бруку капытом.
Вось масточак і рачулка
З сітняком і чаратом.
Ідуць домікі радамі
З аканіцамі, садамі,
Каля вокан геаргіні,
Ружы кусцікі і мак
I гарошак бледна-сіні
Між тых красак, бы прымак.
А там, далей, камяніцы,
Рынак, крамы, пустыры,
Манастыр, касцёл, капліца
I муры, муры, муры...
Ад касцёла іх дарога
Убок крута павярнула,
На падмурку мільгатнула
Постаць нейкага святога
У сутане, рукі ўздзеты,
Вочы ўзведзены кудысь,
Бы за грэшны замак гэты
Шле малітвы ён увысь.
Перад імі, як талерка,
Ціха кругліцца, блішчыць,
Ззяе возера-люстэрка,
А над возерам стаіць
Замак грозны, замак хмуры;
Валы, бойніцы відаць,
Непрытульна і панура
Сцены гэтыя глядзяць.
Замак меў адну дарогу –
Вузкі насып між вады.
«Тут не выйдзеш, як з астрогу...
Эх, куды папаў! Куды!» –
Так Сымонка сам з сабою,
К замку едучы, гадаў.
Нейкім страхам і жудою
Гэты замак патыхаў.
Вось і ўезд у двор замковы –
У мурох нібы нара;
Гучна стукаюць падковы,
Бы дае тут знаць гара,
Што сюды хтось уязджае –
Госць няпрошаны, чужы.
Вось збяжыцца стража злая!
Калі вораг ты – дрыжы!
Але зараз ціха стала,
Грук замёр ад капытоў.
А ноч косы расплятае,
Мрок вылазіць з-за кустоў
I на ліпы воўну сцеле,
Іх мяняючы абрыс, –
Нібы з прасніцы кудзеля,
Голькі спушчаны наніз.
Ціха ў замку і нялюдна,
Бы ён вымер, бы пусты,
Сном заснуўшы неабудна,
Як той волат закляты.
Ды дарожкі ўсе ў парадку
I праведзены пад шнур,
Гожы клумбачкі і градкі
Розных выглядаў-фігур,
I такі йдзе дух пахучы,
Чуць-чуць ветрык патыхне.
А там дзесь у старане
То патухне, то мільгне
Нейкі блеск, агонь бягучы...
Дзіўна ўсё пад гэтым мрокам!..
Без канца вялікі двор –
Не акінуць яго вокам,
Шырыня, разгон, прастор!
Брычка двойчы павярнула,
Тры ўжо мосцікі мінула
I спынілася – канец!
– Ну, пабудзь жа тут, хлапец!
Я на момант невялічкі
У кантору забягу –
Яна там унь, на рагу –
Ліст аддам’. – Хурман злез з брычкі,
Ідзе, ногі распраўляе,
Бо дарога ж не малая.
Хлопцу ж сцішна з непрывычкі,
Знік хурман у сутуненні,
I заціхлі яго крокі,
А Сымонка, адзінокі,
Ловіць зыкі ў натужэнні,
Ды ўсё ціха. Дзесь блізютка
Прамільгнуў кажан вушасты,
У кустох лісток зашастаў,
Нешта піскнула ціхутка,
Тыя ж дрэвы, нібы зданні,
Пазіраюць грозна-строга,
Бы цікуюць на малога
У маўклівым разважанні.
Тут знаёмы толькі зоры
I прыветны з ім, лагодны;
Той жа вобраз мілы, родны,
Той жа блеск іх у прасторы...
Ша, ідуць! Замёр хлапчына:
Глуха тухкае хурман,
А за ім ідзе мужчына,
Незнаёмы нейкі пан.
– Ну, – сказаў хурман, – злазь, сынку!
Тут табе і хлеб і дом.
Дык служы ж цяпер паном!
Што ж? у добрую часінку!
I спытаўся пан замковы:
– Гэта ён музыка й ёсць?
– Ён, ён самы, ягамосць1;
Ну, сынок, бывай здаровы!
Злез Сымонка і са скрыпкай
За «ягомасцем» ідзе.
Пан-ягомасць паліць піпку,
Сам сабе пад нос гудзе;
А калёсы мерным стукам,
Коні гучным капытом
Адклікаюцца адгукам,
Як апошнім тым звяном,
Што злучала хлопца з полем
I з прасторамі лугоў...
Зашчымела сэрца болем:
Зноў чыясь чужая воля,
Ўлада новых абцугоў!
Колькі крокаў шлі маўкліва,
Потым пан пачаў пытаць
З насмяханнем і жартліва,
Дзе вучыўся хлопец граць,
Як натрапіў ён на князя,
Як дабіўся ласкі там
(Ды яму ва ўсякім разе
Трэба помніць, што ён – хам).
I з сабою пан мармоча:
«Ну, пабачым, што за жог,
Як ён заўтра засвяргоча
I капусту і гарох».
Хлопец толькі гляне скосу.
Ой, відаць, нягодны, гад!
Хоць цяпер бяжы назад,
Але сціхнуў шум калёсаў.
Ён адзін тут з гэтым панам.
I куды ён завядзе?
Лепш памерці пад парканам,
Чым служыць такой брыдзе.
Але йдзе за ім пакорна,
Штось заныла на душы.
Як і ночка, думкі чорны,
Толькі зорачкі ў вышы
Над панурым замкам ззяюць,
Блеск іх ветла так дрыжыць;
Зоркі хлопцу спагадаюць.
Ну, што ж? трэба тут пажыць.
Вось і домік мураваны
Выплыў раптам з~за раслін.
– Ну, Шапен ты калашманы,
Ты тут будзеш не адзін:
Там пры кухні жывуць «людзі»,
Як і ты, усе яны;
Там прыпынак табе будзе.
Заўтра знімем лахманы.
Там і ложак ёсць свабодны,
Раздзявайся, спі ўсю ноч;
Калі ж часам ты галодны,
Дык на кухню сам заскоч.
Адчыніў Сымонка дзверы
I адразу крок спыніў:
Такой чыстае кватэры
Ён не бачыў і не сніў.
Ну, зусім пакой! прасторны,
Светлы, чыста пабялян,
Ніжай столі пасак чорны,
Мусіць, пальцам правёў пан!
На адной сцяне рысункі –
Хтось наклеіў іх з газет –
Роўна цягнуцца, як стрункі,
То – не рабінаў партрэт, –
Не пакой таго зладзюгі!
Воч не зводзіць ён з сцяны:
Калі так жывуць тут слугі,
То ўжо як жывуць паны?!
        
        
        ––––––––––––
        1 Ягамосць – ваша міласць.
Ягамосць – ваша міласць.
        
        
        
        
III
        
        
Не, не ведаў ніхто, скуль паўстала яна,
          Гэта думка нябёс і зямлі.
Эх, убралі ж яе светлы май і вясна –
          З златаблескаў хмурынку сплялі!
Пазірала яна, зачароўвала ўсіх
          Шаўкаруннымі пасмамі кос,
Радасць, моцны прываб адбіваліся ў іх,
          I шчаслівым здаваўся іх лёс.
I ляжала вакол без канца-берагоў
          Гэта даль, задумення пячаць.
Хмарка хоча паплыць па бязмежжы святоў,
          Каб жыцця свайго радасць пазнаць,
Бо для шчасця свайго і для ўцехі зямлі
          Была выткана сонцам яна,
I да думкі такой усе згодна прыйшлі:
          Неба высь і зямлі нізіна.
Але вецер падзьмуў, падняліся віхры
          Там, дзе вечны здаваўся спакой,
Здрыганулася высь, узыгралі віры
          Гэтай багны надземнай пустой.
I халодны віхор, бурагон-сухавей
          Гэту хмарку-красуню чапіў,
Летуценне яе, радасць светлых надзей
          Паламаў, пакрышыў і пабіў.
 
– Ой, як ночанька яснютка!
У ноч гэту грэх і спаць.
Як прыгожа, як святлютка
Шыбы ў месячку блішчаць!
Хоць прысяду на пасцелі,
Пасяджу каля акна...
Спяць усе, як бы памлелі,
Толькі я не сплю адна.
Ганна коўдру адхіляе,
Штось ва плечы накідае
I садзіцца на пасцель.
За акном агнямі ззяе
I іскрыцца снегу бель.
Стынуць вербы, бы змярцвеўшы,
Тчэ мароз ім свой узор.
Бы кахае іх, адзеўшы
Чараўны на іх убор.
У іх косах месяц ззяе,
Зоры сінія гараць...
I княгіня, хоць якая,
Так не зможа шчагаляць...
Эх, мароз, эх, дзед жартлівы!
Ты – аматар і штукар
Распісаць на шыбах дзівы,
Гожства поўныя і чар.
Халады, віхура свішча,
Хаты ў снезе аж да стрэх,
У тых комінах – ігрышча:
Плач надрывісты і смех.
Лес, да ніткі абадраны,
Як за подаці мужык,
Замест лісця ў бель убраны,
Іней тчэ яму башлык.
I палёў змярцвелі гоні,
Снег, бы посцілка, ляжыць,
Пуста, гола, – і вароне
Трудна корму дзе спажыць.
А мароз і не шманае,
Як бы ён тут і не лыс,
I на вокны накідае
Свой малюнак-рукапіс.
I маляр ніякі ў свеце
Паспрачацца з ім не можа:
Хто напіша так прыгожа
Аб тым ясным, светлым леце?
Тут свабодны ўзлёт малюнкаў,
Тут шырокі светазор,
Тут і пальмы ўсіх гатункаў,
I каралі ясных зор,
I дарожка тканкі тонкай,
Ручаінкі беражок,
Тут бяжыць у дзве старонкі
Зорна-роўны ланцужок;
Тут цукровыя чароты,
Лісце буйнае дубоў,
Спелых нівак пазалота,
Сноп нажатых каласоў;
Тут пляцёнкі-завітушкі,
Стрэлы гонкія, шчыт, лук,
Тут і пер’е райскай птушкі,
I ўсялякіх многа штук.
А як сонца блеск агністы
Гляне з усхаду ў акно, –
Загуляе жар іскрысты
Шугне полымем яно.
Ззяе шыбка, аж ірдзіцца,
Грае чырвань-пераліў
I стварае столькі дзіў,
Што не можаш надзівіцца.
У ноч месяц той чароўна
Ткань марозу серабрыць,
Мілай казкі гожа-роўна
Тчэ-пляце за ніццю ніць.
Ганна ў думках пазірае
У халоднае акно.
Ноч далёка рассцілае
Снягоў белых палатно.
Ціха, мёртва і тужліва,
Толькі лускае мароз,
Толькі зрэдку баязліва,
Бы ца твары колькі слёз,
Іней скінецца з галіны
Зачарованай вярбы.
«Дзе ён, мілы, мой ядыны?
Дзе, бяздомнік мой любы?
Дзе ён ходзіць, лёс шукае,
Паднявольнік-галубок?
Кут-прытулачак ці мае?
Ёсць ці не яму хлябок?
Хоць прыходзіла б вясенька
Ды павеяла цяплом:
Пад жывым яе крылом
Жыці болей весяленька;
Хоць бы лецейка любое
Надыходзіла хутчэй:
Доля-жыцце, хоць ліхое,
Летам чуецца лягчэй...
Эх, мароз, мароз траскучы!
Шклечкі краскамі ты ўбраў,
Толькі ж холад твой пякучы
Краскі ў полі ўсе пабраў.
Тчэш красёнцы ты прыўдала;
Лёд – аснова і вуток,
Снег – і цэўкі1 і сукала2,
Іней-зоры – твой чаўнок.
Для чаго ж у зімні холад
Ты красёнцы лета тчэш
I пад свой халодны молат
Сэрца жар мой ты кладзеш?
Месяц, ты блінок ясненькі!
Ходзіш ты ў далёкі край!
Дзе ж музыка маладзенькі?
Хоць ты вестачку падай!»
– Ганна, што табе не спіцца?
Час за поўнач, а яна
Села там і не лажыцца,
Як прышыта да акна! –
Маці Ганну аклікае,
Прымушае дочку спаць
I чагось сама ўздыхае,
А чаго? Адной ёй знаць
З таго часу, як музыка
Тут убогі пабываў,
Змена з Ганнаю вяліка,
Бы яе прычараваў.
Ганна стала больш маўкліва;
Зойдзе ў сад, сядзіць адна,
Штось там думае яна;
Проста матку брала дзіва –
Гэта змена так відна.
Паскупела і на словы,
Ні яе тут распытаць,
Ні пачуць яе тут мовы, –
Ну, дзяўчыны не пазваць!
А надыдзе ёй мінута,
Зараз песню завяла,
I душа ёй разамкнута,
Бы дзень майскі, весяла.
Ды дзіўная ўсё ж дзяўчына:
Песні складвае сама.
А да песень – малайчына, –
Ну, ёй роўных тут няма.
Ці ўрадзілася такою,
Ці яе тут ураклі
I часінаю ліхою
Насланое навялі?
Ці пара яе такая,
Час дзявочае вясны?
Матка думае-гадае,
I нішто не памагае –
Ні знахар, ні шаптуны.
Час прайшоў – паспакайнела,
А спаткала яго – зноў
Штось у сэрцы зарунела:
Не астыла тая кроў.
Так за днямі йшлі дзянёчкі,
Распускаўся сад, лясы,
Зацвіталі і вяночкі
Той дзявочае красы.
Ганна – красачка дзяўчынка:
Рост у меру, тонкі стан, –
Пазайздросціць ёй былінка,
Што аздобіла курган.
Вочы Ганніны – дзве зоркі,
Броўкі – выгібы крыла,
Грудкі – дзве блізніцы-горкі,
Як сад, Ганна расцвіла.
Ды часамі задуменне
Ценем зляжа ёй на твар.
Сэрца ведае тамленне,
Сэрца знае слодыч мар.
Надыходзіць тройчы лета;
Жджэ яго ды жджэ дарма:
Няўжо ж тая песня спета
I ёй водгулля няма?
«I чаму ён – вось пытанне, –
Ганна думала не раз, –
I ў апошні той наш час,
У той мілы час спаткання,
Не схацеў зайсці да нас?»
Нейкі жаль бярэ дзяўчыну,
Сэрца смуціцца яе –
Тры вясны з пары тае!
Не: напэўна ёсць прычына.
Абяцаўся ж ён так шчыра,
Як той родны, як той брат...
Паляцела пташка ў вырай,
Пташка вернецца назад.
Жывяць зноў яе надзеі,
Думкі светлыя ўстаюць,
Зноў у сэрцы санцавеі
Ёй красёнцы шчасця ткуць.
I так любы думкі тыя,
Што гутораць ёй аб ім!..
Чары-мары веснавыя,
Іскры сэрца залатыя!
Вы знікаеце, як дым.
Ды каму агнём ружовым
Не свяцілі вы ў жыцці?
Хто не верыў вашым словам
У шчаслівым забыцці?
Жне Гануся ў полі жыта,
Сонца цешыцца з яе;
Конік гожа-самавіта
Песню ёй сваю пяе.
Ганна ж песню заспявае, –
Яе слухае лясок,
Тую песню пераймае
I той звонкі галасок.
А як пройдзе дождж шумлівы,
Сець працягне па зямлі,
Загрыміць раўчук бурлівы,
Стануць лужынкі ў раллі.
Ідзе жнейка праз гаёчак,
Спыніць лужынка яе:
«Ты пацешся з сваіх вочак,
Глянь на брованькі свае».
I прыпыніцца дзяўчынка,
Каб адбіцца ў люстры тым,
Дзе глядзіцца і ялінка
Верхам пышным і густым.
Дно той люстры чорна-чорна,
Як растопленая смоль;-
Там блакіт нябёс надгорны,
Бы ўглыб кінутая столь.
Ганна схіліцца над лужай,
Косы звесяцца з пляча;
Там садовай свежай ружай
Адбіваецца дзяўча.
Усмех шчасця, здавалення, –
Ганна цешыцца сабой.
«Ты прыгожа на здзіўленне», –
Люстра тое кажа ёй.
I па нейкай тут прычыне,
Нібы ўсплыўшы з глыбіні,
Сон успомніўся дзяўчыне,
Сон забыты, сон дзіўны.
I ёй нават страшна стала –
То напэўна сон ліхі:
Яна ў цёмны вір упала,
Голас чула там глухі:
«Я зраблю цябе русалкай,
Для цябе свет прападзе!
Белай кветкаю-купалкай
Будзеш гушкацца ў вадзе».
Расступіўся вір шырока,
Мільгатнула яго дно,
I згусціўся мрок глыбокі,
Свету, сонца не відно.
Захапіла дух Ганусі:
«Я тут кінута на здзек...
Ой, ратуйце! захлынуся!
Ой, прапала ж я навек!»
Ноч дзяўчыну агарнула,
Завярцеў яе той вір,
Цяжкім сном яна заснула,
А пасцель – халодны жвір.
Аж пачула – грае скрыпка,
Скулься музыка плыве.
«Ганна, Ганна! я тут, рыбка! –
Гэта ён яе заве. –
Ты не бойся: я з табою». ,
I падаў ён ёй руку;
Ён змагаецца з вадою.
«Смела, смела йдзі за мною».
Вось яны ўжо на гаку.
Знікла тая небяспека,
Свет адчынены ёй зноў?
Цёмны вір шуміць далёка,
Вір не выйдзе з берагоў,
А ён зорыць ёй у вочы,
I так добра стала Ганне –
Быў салодак час спаткання...
То напэўна сон прарочы.
Думалася ўсяк дзяўчаці,
Знала яснасць і смугу.
Заўважала яе маці
Гэты смутак і тугу.
– Ох, дачушка! ты дзіўная;
Ну, ці ж можна рабіць так?
Выкінь з дум яго, дурная:
Ён – вандроўнік, ён – жабрак,
Сам без хлеба, сам без хаты,
Мо разбэсціўся адзін...
Ты пільнуйся лепш Кандрата:
Гаспадарскі гэта сын.
– Ці ж я, мама, вам абрыдла,
Ці шкадуеш ты мне хлеба?
Мне сватоў гэтых не трэба –
Многа ёсць такога быдла.
– Ой, глядзі, змяняеш быка,
Ды змяняеш на індыка.
Хіба зловіш ветру ў полі?
Вецер ветрам быў і будзе!
Ды што скажуць табе людзі?..
I мне рупіць твая доля!
З-паміж хлопцаў-кавалераў
Быў адзін такі тут жох,
Што сябе занадта мерыў
I ў хлапцоўскасць сваю верыў
I меў рызыкі на трох.
Стаў за Ганнай валачыцца
Хвалька гэты, Дамянік –
На каханкі ён навык,
Абы толькі падражніцца.
Толькі ж тут не пашанціла,
Як ён лістам ёй ні слаў,
Як рука вус ні круціла,
Як вачыма ні ўскідаў.
Ён з сябрамі закладаўся
Сэрца Ганны паланіць,
У два тыдні – пахваляўся –
Ганна будзе дух раніць,
Будзе з ім шукаць спаткання,
I паступіцца усім,
I ўсе выпаўніць жаданні –
Хоць у пекла пойдзе з ім.
Зачалося ўсё з пустога,
Але скончылася так,
Што наш дока, зух і гога
Сам уклюкаўся, бядак, –
Жабраком хадзіў за ёю,
Ёю жыў і сніў яе;
Ён не ведае спакою,
Мысль аб ёй жыць не дае.
«Эх, дурніца ж я, дурніца!
Вось дастукаўся чаго!»
А Гануся-чараўніца
Пасміхалася з яго.
– Ці ж ты хочаш маёй мукі?
Ці не бачыш, як тужу?
Я на ўсё пайду: і рукі
На сябе я налажу!
I сябе са мной загубіш –
Да таго ты давядзеш,
Але той, каго галубіш,
Не, не прыйдзе – не прыжджэш!..
        
        
        1 Цэўка – драўляная трубачка.
        2 Сукала – прыстасаванне для насуквання пражы на цэўку.
        
        
        
IV
        
        
– Эхе-хе, мая дзяціна, –
Уздыхнуў Даніла-дзед,
– Падрабнела і людзіна,
Падрабнеў цяпер і свет.
А лясоў ты настаяшчых,
Бачу, хлопчыку, не знаў,
Нетры, нерушаў лядачых –
Дзе табе! – не сустрачаў.
Ты падумай толькі: пушча!
Дзень ідзеш і два ідзеш,
I такая табе гушча –
Вокам цемры не праб’еш!
I такія дзеравякі
Ты натрапіш, брат, у ёй,
Што прад імі стане ўсякі
Падзівіцца іх красой.
Тоўшч і веліч – страх праймае,
Волас дыбам устае!
А як пушча загуляе,
Зашуміць ды запяе!
Вось дзе музыка – паслухаць...
Але пушча болып маўчыць,
Ды не ўсякім носам звюхаць,
Што ў нутрох яе ляжыць...
Не быў ты ў вялікім лесе:
Войдзеш – свята вее ў ім,
А ўгары, зялёнай стрэсе,
Цягне спевам маладым.
I заўваж, мой хлопча-колас, –
Дрэва кожнае ў бары
Мае свой асобны голас,
А зацягнуць угары –
Спеў выходзіць самавіты,
Эге ж, хлопчыку мой, так:
Лес гаворыць, а скажы ты, –
Не павераць аніяк...
А лес, хлопча, хоць ён дзікі,
Але мудры і дзіўны,
Сэнс ён мае патайны,
Асабліва бор вялікі. –
Дзед прымоўк у задуменні
I, панізіўшы свой голас,
Зноў гаворыць:
– Вось здарэнне,
Ты паслухай, што было раз:
Знаў я пушчу на Палессі...
Што за дзіва? стаў я чуць
Нейкі шум у яе стрэсе,
Незнаёмы, асаблівы,
Голас жаласны, тужлівы,
Дрэвы смутна нейк гудуць.
У другіх лясох – нічога,
Там звычайны гоман-шум,
А ў той пушчы – плач, нябога!
Я гадаў і думаў многа,
Так і гэтак браў на вум, –
Не разблутаў той загадкі.
Так аб ёй я і забыў.
Раз зімою пад калядкі
Зноў я пушчай прахадзіў.
I што ж? пушча тым жа ладам
Шум цягнула свой тужліва,
Ну, аж проста брала дзіва:
Дзе прычыва гэтым звадам?..
Што ж ты думаў? – тую пушчу
Адкупілі гандляры,
I праз сэрца, яе гушчу,
Перайшлі іх тапары. –
I дзед раптам замаўкае
Ды на хлопчыка глядзіць,
Палец к чолу прыціскае.
– Ну, як будзеш тут судзіць?
– А вам, дзедка, не здавалась,
Вы не думалі аб тым,
Што у лесе адбівалась,
Як адбілася ва ўсім,
Жыццё, дзедку, адчуванне?
Я так думаю, дзядок,
Што на свеце ўсё дазвання,
Нават камень і пясок,
Мае думкі і настроі,
Толькі ж нам іх не згадаць:
Трэба чыстым быць душою,
Каб іх тайнасці пазнаць.
Дзед у хлопца ўтарапіўся.
– А цікавы ты хлапец:
Разважаеш, як мудрэц,
Бы старэчым ты радзіўся. –
Азірнуўся дзед таёмна.
– Стаў я штось тут прымячаць,
Эге ж, хлопча: ночкай цёмнай
Штось дзіўное тут чуваць.
Штось тут творыцца уночы,
Сам пачуеш ты, эге ж.
Ці то жарты патарочы1,
Ці то знак які прарочы,
Ці там што – не разбярэш.
Не натрапіш тога следу,
Не налучыш ты на троп.
Пазіраў Сымон на дзеда,
На маршчыністы той лоб
I так слухае ўнікліва –
Захапляе хлопца дзіва.
 
                   С ы м о н
 
А якая ж тут праява?
 
              Д з е д Д а н і л а
 
Эге ж, хлопча: дзіўна справа,
Хтось цярэбіць тут дарогу...
Будзе змена, будзе змена!
Ідзе новае калена,
Яно тут, каля парогу,
Бо на свеце ўсё не вечна,
I зямля свой твар мяняе,
Хваля хвалю паганяе,
Пераходзіць бераг рэчны, –
Усё ў стане пераходу,
А тым болей, хлопча, людзі:
Яны самі сабе суддзі,
Хто згадае іх прыГоду?
 
                   С ы м о н
 
А скажы мне, дзеду любы,
Чаму так на свеце стала,
Што адным даецца мала,
А другому – аж да губы?
Хоць бы тут: раскошства, пыха,
А багацця, ох, багацця!
А другі ў ярме закляцця
Шлеі цягне, сваё ліха?
Хто багацце размяркоўваў,
Той дзяліў несправядліва,
Не для ўсіх зямля ўрадліва...
Чыя ж гэта воля-змова?
 
              Д з е д Д а н і л а
 
Эге ж, хлопча, у тым справа,
Што не роўны людзі ў свеце;
Слабы, цёмны жыве ў смецці,
А дужэйшы правіць права,
Ездзіць, лейцы ўзяўшы ў рукі...
Эге ж: сіла ў гэтай штучцы.
Але, хлопча, лейцы рвуцца,
А без іх няма панукі.
 
                   С ы м о н
 
А чаму ж бы іх адразу
Не парваць, дзядок, і квіта?
 
              Д з е д Д а н і л а
 
Іх часіна не пазбыта,
Не настаў той час заказу.
 
                   С ы м о н
 
А хіба ж ён сам настане?
I наогул сам ці прыйдзе?
I ці будзе канец крыўдзе?
Калі ждаць другога стану?
 
              Д з е д Д а н і л а
 
На ўсё ёсць свая часіна,
I ўсё прыйдзе ў сваім часе.
I заслона ўжо ўзнялася,
Дзе хавалася прычына.
Ёсць у свеце розум нейчы,
Ён і піша ўсім законы,
Накладае забароны,
Час вартуе кожнай рэчы,
Ён знімае і кароны.
Што йдзе проціў яго волі
Ці не ў часе выступае,
Тое нішчыць цьма сляпая,
Тое жыць не мае долі.
 
                   С ы м о н
 
А як стане не ў трыванне,
I тады чакаць пакорна,
Покі стане жыць прасторна?
А змаганне? Дзе ж змаганне?
Ой, не, дзедку: проціў сілы
Можна ставіць толькі сілу,
Калі хочаш ты ўстаць з пылу,
Калі цягнуць з цябе жылы.
 
              Д з е д Д а н і л а
 
Хо-хо, хлопча: ты гарачы!
Ну, а ў замак як папаў?
Сваёй воляй прытрапаў?
Эге, не, мусіць, іначай!
Дзе ж было тваё змаганне?
Толькі ў думках, так ці не?
Адлажыў, здаецца мне,
Ты свой момант паквітання.
Не, мой хлопча, нічагутка
Ты не зробіш без пары,
А надарыцца мінутка,
Тады ўсё тваё – бяры...
А ты, хлопчыку, музыка?
Гэта скрыпіца твая?
Ану, хлопча, папілікай.
Маладым быў, граў і я.
У тым парку радавітых
Тых князёў-багатыроў
Хвалі гукаў самавітых,
Смуткам, скаргай апавітых
Цёмных пушчаў і палёў,
Паліліся, задрыжалі,
Як бы срэбра рассыпалі
У галінках тапалёў.
I, здавалася, жывое
Нешта йшло ад гэтых струн,
Бы дух згоды і спакою,
Чараўнік які, вяшчун,
Натыхае ім, дрыготным,
Каб высока душу ўзняць,
Каб вясёлым і маркотным
Чары гукаў паказаць.
Слухаў дзед, акамянелы,
Апусціўшы вочы ўніз,
А пад вусам пабялелым
Губы ціхавька траслісь.
Часы «жыткі» маладое,
Родны кут, далёкі край,
Гоман пушчаў, голас хвояў, –
Дзе ўсё гэта? не пытай!
Не вярнуцца ім ніколі!
I цяпер, бы скрозь туман,
Устае прад ім і поле,
I балоты, і курган.
 
              Д з е д Д а н і л а
 
Здольны ж ты, мой дабрадзею!
Ты навёў туман чароўны;
Гэты гоман струн бясслоўны
Так расчуліць сэрца ўмее!..
А дзе ж ты спыніўся ў замку?
I спытаць было няўцямку.
 
                   С ы м о н
 
Там, пры кухні.
 
              Д з е д Д а н і л а
 
А ты б, можа,
Перайшоў ка мне, нябожа!
Там душы агонь затухне...
Не люблю я псярні панскай,
Палупанкаў, ахмістрынь2
Дух падлізніцкі, паганскі,
Прападзі ён там і згінь!
А мой дом – унь, бач, альтанка?
Будзем таьг мы жыць удвух,
Хай сабе не мураванка,
Ды ў ёй наш сялянскі дух.
 
                   С ы м о н
 
Шчыра дзякую, дзядок!
Вельімі рад, пайду ахвотна,
Бо мне, дзедку, там маркотна –
Там ступіць баішся крок.
 
              Д з е д Д а н і л а
 
Ото ж бачыш! А са мною
Будзе лепш табе, эге ж.
З дзедам ты не прападзеш,
Як за добраю сцяною.
 
            Дзедава альтанка
            Зроблена з аполкаў,
            Чыста ў ёй і светла;
            Печ, як маці, ветла.
            Горне, як каханка,
            Дзедава свяцёлка.
            Хораша і проста –
            Дзед Даніла з густам.
            I палок выгодны,
            Блізкі сэрцу, родны.
            Сплецена з бяросты
            Кайстра густа-густа.
            У сцяне лапчасты
            Рог, мабыць, ласіны.
            Стрэльба-паядынка
            I труба-старынка,
            Спрытна, выгінаста,
            Зроблена з лясіны.
            Ёсць тут і ашэстак3
            I лучнік4 пры печы, –
            Словам, свая хата
            Селяніна-брата.
            Многа блізкіх вестак
            Кут дае старэчы.
 
I застаўся тут хлапчынка.
Знікла тая марката:
З дзедам кожная часінка
Так ці йначай занята!
То гамоняць між сабою,
То майструюць што-нібудзь
Або важнаю ступою
У абход у парк ідуць.
Падзівіцца ж тут было чым,
Разважаць было аб чым,
А Даніла быў ахвочы
Волю словам даць сваім
I даць нават тлумачэнне
З свайго погляду-знацця
Неразгаданым спляценням,
З’явам цёмнага жыцця.
Раз увечар дзед з Сымонам
Выйшлі ў парк у свой абход.
Сутунела. Дзесь за клёнам
Месяц чырваніў усход,
Выступаючы ў абходы,
Што прызначаны яму;
Зоры з неба вокам згоды
Углядаліся скрозь цьму.
Было ціха і лагодна.
– Стой, паслухаем, дзядок:
Дзесь іграюць, дзедка родны...
Выйдзем унь на той грудок.
– Гэта, хлопча, тут не дзіва!
Эге, тромкаюць паны!
Хлопчык гукі ловіць хціва,
Ім валодаюць яны.
Зноў гарыць у ім жаданне
Тайнасць нотаў пасягнуць
I заслону адгарнуць,
Каб развеяць ноч нязнання.
Ён ідзе на тыя гукі,
Ён стаіўся пад акном,
Зашчаміўшы моцна рукі, –
Ён не смее вайсці ў дом:
Там – паны, а ён – басота,
Сын мужычы, ён – «псякосць»,
Паднявольны ён тут госць,
Яго месца – каля плота...
Эх, няроўныя дзве часці!
Ён – нікчэмнасць, ён – друза...
I з вачэй гатова спасці
Крыўды горкая сляза.
Эх, для панскае пацехі
I для забаўкі паноў
Вы, саломенныя стрэхі,
Марна траціце сыноў!..
 
 

––––––––––––
1 Жарты патарочы – тут у сэнсе: жарты нячысціка, вячыстай сілы.
2 Ахмістрыня – эканомка.
3 Ашэстак – перакладзіна, жэрдачка.
4 Лучнік – прыстасаванне для асвятлення, у якое ўстаўлялася лучына.

 
ходы,
Што прызначаны яму;
Зоры з неба вокам згоды
Углядаліся скрозь цьму.
Было ціха і лагодна.
– Стой, паслухаем, дзядок:
Дзесь іграюць, дзедка родны...
Выйдзем унь на той грудок.
– Гэта, хлопча, тут не дзіва!
Эге, тромкаюць паны!
Хлопчык гукі ловіць хціва,
Ім валодаюць яны.
Зноў гарыць у ім жаданне
Тайнасць нотаў пасягнуць
I заслону адгарнуць,
Каб развеяць ноч нязнання.
Ён ідзе на тыя гукі,
Ён стаіўся пад акном,
Зашчаміўшы моцна рукі, –
Ён не смее вайсці ў дом:
Там – паны, а ён – басота,
Сын мужычы, ён – «псякосць»,
Паднявольны ён тут госць,
Яго месца – каля плота...
Эх, няроўныя дзве часці!
Ён – нікчэмнасць, ён – друза...
I з вачэй гатова спасці
Крыўды горкая сляза.
Эх, для панскае пацехі
I для забаўкі паноў
Вы, саломенныя стрэхі,
Марна траціце сыноў!..
        
        
V
        
– Дзедку, глянь, а што бліскае
Там, дзядок, каля крыніц?
Блісь – і зараз жа знікае...
Што за з’явіна такая?
Што за забаўкі начніц1?
– Эге ж, хлопчыку: зман гэта,
Нр. такі агонь не йдзі:
Ні цяпла ў ім, ні прывету –
Лепш туды і не глядзі;
Не шукай агню такога:
Не даецца ў рукі ён,
Бо над ім вісіць праклён.
То – спакуса для дурнога,
То – праявіна ліхога,
Каб забраць каго ў палон.
Гэта – грошы заклятыя,
Іх замовіў чараўнік,
Неадступны вартаўнік
Там вартуе грошы тыя.
Ноч у парку. Ціха, цёмна.
Неба зорамі дрыжыць,
А той замак патаёмна
Штось затойвае, дзяржыць;
I жудою патыхае
Ад сляпых яго акон.
Цяжка замак спачывае,
I трывожны яго сон.
А ў мурох у тых часамі
Глуха штось зашарахціць,
То сярдзіта за сцянамі
Нейкі гук затарахціць;
То застогне ў сценах, трэсне,
Як бы хто ў іх кашляне,
То пачуецца там песня,
То ў акне крыло махне.
– А што гэта, дзедку мілы,
Там снуецца над акном?
Нейкі шолах мяккакрылы...
Гэты замак – страшны дом!
– А то, хлопчыку, кажаны;
Толькі змеркне на дварэ, –
I цянюе рой паганы,
Нейкі рух яго бярэ.
Скуль іх толькі назлятае!
Піск, гармідар, лопат крыл...
Іх тут нешта прыцягае,
Вось ім замак гэты міл.
Эге, хлопча: нешта чуюць...
Замак, хлопчыку, стары:
Многа ўжо вякоў вякуюць
Тыя цёмныя муры.
Іх ні дождж і ні марозы
Не размочваюць, не б’юць,
Бо скрозь іх, мой хлопча, слёзы
Крыўды, здзек людскі цякуць,
I пакуль не перастануць
Слёзы гэтыя цячы,
Да тых часаў сцен не крануць
Іх разбурання ключы...
Э, мой хлопчыку, каб замак
Мог, як людзі, гаварыць!
Колькі цёмных-цёмных плямак
Мог бы людзям ён адкрыць!..
А ты чуў, што людзі баюць?
Эге ж, я табе скажу.
Можа, людзі выдумляюць,
То і я табе салжу.
Кажуць людзі так, што ў сцены
Тоўстых замкавых муроў,
Каб абходзілі іх змены
I не брала плывь вякоў,
Як будынак закладаюць,
Замуроўваюць жывых.
Так, мой хлопча, людзі баюць,
Так пяецца ў песнях іх.
Вось затым жа, хлопча, страхі
Там здараюцца не раз.
Вось і тут у позны час
Ходзяць чорныя манахі,
Нейкі носячы абраз,
I чагось яны шукаюць;
Так бывае раз у год.
Ноч паходзяць і знікаюць,
Каб у свой прыйсці чарод.
Звоны звоняць дзесь тут самі,
Самі паляцца агні,
За глыбокімі равамі
У паўночнай цішыні
Чутны песні пахавання,
Там працэсіі ідуць,
А ў труне ва ўсім убранні
Галаву чыюсь нясуць.
I вось дзіва: галава,
Як гамоняць тут, жыва.
Пазіраюць злосна вочы,
Зубы ляскаюць сярдзіта,
Губы ходзяць прагавіта,
А сама ўсё штось бармоча...
Можа, байкі, хлопча, гэта,
Можа, праўда, не скажу,
Але ёсць адна прымета,
Пойдзем, хлопча, пакажу.
Цёмна ў парку і нейк пуста,
Дрэвы жудасна маўчаць,
А пад імі густа-густа
Цені чорныя ляжаць.
Страшна хлопцу мімаволі,
Прабірае яго жудзь,
А высокія таполі
З мроку зданкамі ўстаюць.
I чым далей, больш глушэе
Гэты цёмны парк стары;
Тут сапраўдным лесам вее –
Страшна ў цёмным гушчары.
Зварачае дзед з дарожкі.
Мрок гусцей над імі звіс.
Месяц тоненькія рожкі
Чуць скасіў, схіліў наніз.
У лагчыне перад імі
Сталлю возера блішчыць.
Дзесь за вербамі старымі
У траве бугай бубніць.
Самі ж вербы, як бабулі,
Нейк набожненька стаяць.
Штось зашэлчуць: «чулі-чулі»
Чараты ды зноў маўчаць.
Крэхча роўна, аднатонна
Жабак смутны харавод.
То – аераў казка сонных,
Скарга нейкая балот.
След бліскучы, слуп агністы,
Лёг ад месяца ў вадзе.
Дол вільготны і раеісты.
Нікагусенька нідзе.
– Ну, вось тут. – I дзед епыніўся
Ды паказвае ў гушчар. –
Штучкі строіць там штукар,
Але сёння штось спазніўся.
I стаў слухаць дзед уважна.
– Во! во! – дзесь у гушчары
Нібы шум прайшоў працяжна,
Хлопца штурхае стары:
– Эге, чуй: аб тэй пары
Там сякеры стук нясецца.
Сам сабе не верыў я,
Думаў, можа, мне здаецца
Ці там забаўка чыя. –
Дзед змаўкае. Стукі глуха
Раз-паразу чутны ім.
То адно прыложыць вуха,
То паслухае другім
I Сымону дзед ківае.
– Дзедку, што гэта? сякуць?
– Гэ, праява тут другая...
Ось дзе розум і марудзь...
Эге ж, хлопча, у тым справа,
Што сячэ не чалавек.
Праўда, хлопчыку, цікава?
Варт здзіўлення дрывасек.
I прыкінь на розум, хлопча,
Што парубак там няма
I травы ніхто не топча:
Так, работа надарма.
I дзіўны гук, непрыемны,
Ці ён тут, ці йдзе здалёк,
Невыразны, патаемны,
Стукне тут, адыдзе ўбок.
Потым, выбраўшы мясціну,
Дзесь запыніцца, гудзе,
Але глуха, бы ў судзіну;
Ходзіць рэха па вадзе.
I ўжо доўга не змаўкае!
Гак-гак! Гак-гак! Гак-гак!
Нібы дрэва падсякае
I кладзе там нейкі знак.
Потым раптам шум панёсся,
Заскрыпела штось там: «крра!»
Бы пад стукам тапара
Волат-дуб стары затросся
I павольна з шумам-гукам
Стаў хіліцца ён галлём
I, за сук чапіўшы сукам,
Вобзем гухкае камлём.
– Паваліў, а дрэвы цэлы!..
Зараз зноў пачне там сеч,
Любіць, бачыш, гэта дзела,
Не шкадуе сваіх плеч.
Праўда, зноў гудзе сякера,
Глуха, бы з-пад каранёў.
– Ну, пастой жа ты, псявера! –
Брамку ў стрэльбе дзед узвёў,
Прылажыўся ён і бахнуў,
Бліснуў іскрамі агонь;
Як пярун, стрэл гэты трахнуў.
Рэха, бы той лёгкі конь,
Па-над возерам пабегла
Незлічонай процьмай ног
I каня свайго распрэгла,
Дзесь прапаўшы ў чаратох;
Толькі гул пайшоў з балота,
Бы ўзбудзіўся вадзянік.
На міг спынена работа,
Стук ва момант там унік.
– Што, злякаўся, недаверку? –
Усміхнуўся дзед у вус.
– Ці не трапіла ў «манерку»?
Ці не выскачыў дзе гуз?
Няхай стрэльба – не ламанка,
Але стрэліць – зробіць знак...
То не стрэльба, а каханка,
Нават старасць ёй не брак.
– Дзедку, што ўсё гэта значыць?
Кажаш, там няма слядоў,
Хоць сякера там і скача,
Крышыць комлі гушчароў,
I чуваць, як дрэвы гучна
З шумам валяцца на дол...
Чалавеку – неспадручна:
Ты ж пільнуеш неадлучна
I гаворыш, цэл і кол,
Непатоптана травінка,
А між тым работа йдзе,
I няма ёй тут упынку.
Во! ізноў тапор гудзе...
Так, няўцямна і таёмна...
Праўду ты казаў, дзядок...
Цёмна справа, дзеду, цёмна!
Нейкі зблутаны клубок.
– Эге ж, хлопчыку, на свеце
Многа розных ёсць загадак,
Ды для іх ёсць свой парадак,
Іх ключы – у іх прымеце.
Ад іх вецер нам гаворыць,
I шумяць аб іх лясы,
I глядзяць яны з расы,
Аб іх кажуць неба зоры,
Воды ў рэчках і азёрах,
Ліст на дзераве і цвет, –
Многа, хлопча, тых прымет.
Нават звер у сваіх норах
Носіць іх адбітак-след.
Так і тут, мой хлопча-браце...
Не, не так гэта, не так!
Гэта ёсць прымета, знак,
Толькі трэба адгадаць іх.
Вось затым жа чалавеку
I той розум, хлопча, дан,
Каб ён мог зганяць туман,
Што гняце яго спрадвеку,
I каб змог ён, позна-рана,
Зняць няведання пячаць,
А той напіс неўчытаны
Растлумачыць, адгадаць.
I недарма ж на Палессі
Чуў ад сталых я галоў,
Што ў жыцці мы, як у лесе, –
Пад уладай нейкіх слоў.
I казалі яшчэ людзі,
Што нічога ва зямлі
Патаемнага не будзе,
Дзе б загадкі ні зляглі,
Як бы дзей сваіх ні блутаў,
Ні хаваў сваіх канцоў:
Здзеку голас, боль пакуты
Не схаваць і ў мгле вякоў.
I зямля ў тым паклялася
Людскім горам і слязьмі...
Так і прыказка вялася
Між разумнымі людзьмі.
Эге ж, хлопчыку, так кажуць,
Людзі-практыкі не лгуць:
Чыесь рукі сеці вяжуць
I на замак іх нясуць.
Недарма ж гудзе сякера:
Чуе парк тут свой канец, –
Для ўсяго свая ёсць мера,
Свой у кожнага ганец.
        
        
        ––––––––––––
        1 Начніцы – кажаны, тут – нячыстая сіла.


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.