РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сымон-музыка
Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя
Частка чацвёртая
Частка пятая
ЧАСТКА ПЯТАЯ
ЧАСТКА ПЯТАЯ
        
I
        
На свет прабілася вадзіца,
Што век стаяла пад гарою,
Пад цяжкай цёмнаю карою.
Яна заззяла, бы зарніца
У цьме вячэрняю парою,
Калі над стомленай зямлёю
Навісне ночка-чараўніца.
Яе з’яўленне ў той краіне
Для ўсіх было вялікім святам,
Для ўсіх жаданаю была там
Рачулкі плынь бліскуча-сіня:
Палям, лясам і той даліне,
Дзе дуб-асілак звесіў шаты,
Дзе бусел меў дом на галіне.
Лагодна, дружна і шчасліва
Жыццё зайграла каля рэчкі.
У ёй паліла сонца свечкі,
I к ёй імкнулася маўкліва
I кальва жыцейка і грэчкі,
Аер, чарот, лаза, парэчкі...
На хвалях ветрык плыў жартліва.
I нават з неба зоркі ўночы
У ёй купалі свае косы
I мілы усмех свой дзявочы;
А гэты месяц безгалосы,
Ідучы небам на ачосы,
Зірнуцца ў рзчцы быў ахвочы.
Такія мела рэчка лёсы.
Адзін мароз не знае жалю,
Не любіць радасці і волі;
Прыйшоў, зірнуў, сказаў: «Даволі».
I б’е на рэчцы свае палі
Ды піша розныя крамзолі,
Бо сам тут хоча стаць на чоле,
I кайданы куе на хвалі.
I стала мёртва ў той мясціне,
Хоць шчодра клаў мароз там чары.
Асілак-дуб не сцерпеў кары,
I кажа ён сухой галіне:
 
«Спадзі наніз, як пярун з хмары,
Разбі ты скрэп халодна-сіні:
Няхай ізяоў гуляюць плыні,
Няхай жывуць ізноў абшары».
Падняўся вецер: «Гэй, да зброі,
Каб даць жыццю тут вызваленне!
Мы знішчым холаду насенне
I лёд паганы ўвесь раскроім,
Паб’ём халоднае скляпенне,
I рэчку збавім з амярцвення,
I новы лад мы тут устроім».
Шуміць, кіпіць, бурліць змаганне
За шчасце, волю і свабоду,
I лес зваліў на лёд калоду,
Разбіў яго тут скрэпы-тканне.
Мароз ізноў марозіць воду.
«Я ў лёд схаваю ўсю прыроду –
Мая тут воля, панаванне!»
Глядзела сонца ў засмучэнні
На калатню варожых станаў –
Не вырваць злу ад зла кайданаў.
I шле яно наніз праменні,
Заве да згоды-замірэння,
Каб сцішыць ласкаю буянаў.
I гэта ласка з дабратою
Спыяяе тую трасяніну
I зноў выводзіць на пуціну
Дабра і згоды цеплатою.
I жывіць рэчка зноў краіну,
Вакол згуртоўвае расліну
I ззяе шчасцем і красою.
 
Ажывіўся замак хмуры,
Бляск, святло, гараць агні,
Зіхацяць там вокны, муры,
Ззяюць вежы ў вышыні.
Парк жыве, гарыць і дыша.
Як каралі на шнурах,
Скрозь дарожак ззяе-пыша
I калышацца ў агнях
Срэбра лісцяў на галінках
Старасвецкіх ліп, дубоў.
То – маёўка-вечарынка,
То – банкет-гульня паноў.
I спакойна, ціха, роўна
Блеск ліюць свой ліхтары
I сплятаюць так чароўна
Святло-цені на кары
Комляў тоўстых, нерухомых,
На галінках, на суках,
Бы застыў тут веснік громаў,
Блеск маланак на камлях.
А ўгары над гэтым бляскам
Звісла ноч яшчэ цямней,
А з глыбінаў неба казкай,
Поўнай чараў, ціхай ласкі,
Пазіраў яшчэ ясней
Гожы месячык няпоўны,
Чуць пачаты баханок,
I яму ноч з хмарак-воўны
Белы выткала вянок.
«Уміраць ім тут не трэба:
Ім тут рай і ім тут неба», –
Думаў моўчкі дзед Даніла,
Збоку стаўшы ад паноў:
«Што ім той свет? ім тут міла,
А памруць, па іх жа зноў
Будзе пышнае маленне,
З пыхам гроб іх панясуць;
З раю светлага збавення,
Як і тут, нас адапхнуць».
А паны сабе балююць,
П’юць заморскае віно –
Для іх робіцца яно –
I ім лёкаі слугуюць,
Як тут водзіцца даўно.
Між адвечных жаралістых
I растрэсканых камлёў
Тоўстых клёнаў і дубоў,
Кругам стаўшых, бы маністы,
Стол даўжэразны аж гнецца
Ад закусак дарагіх,
Там віно шуміць і льецца,
Мова хмельная вядзецца,
Смех паненак маладых,
Разубраных, як у маі
Кветкі тыя на лугах,
Як вясной бярозкі ў гаі,
Як валошкі1 на палях.
I якіх убораў толькі
На паненках не было!
Анталяжыкі ў дзве ролькі2...
А іх белае чало
Авівалі кудры гожа –
Лён завітых валасоў.
А іх тонкіх галасоў
I музыка зграць не зможа.
Завушніцы і пярсцёнкі
Так і ззяюць і гараць,
Як у восак, стан іх тонкі,
Вочы зорамі глядзяць.
Шчочкі тыя, ну – сунічкі...
Эх, дзяўчаткі-чараўнічкі,
Лепш на вас не пазіраць!
А прамовіць-заспявае –
Пан шалее малады:
Чорт яго і бацьку знае,
Што з ім робіцца тады!
То прыскочыць, то прыгнецца,
То рукою павядзе,
Плечы ўскіне, засмяецца,
Як матыль над лямпай, ўецца,
Як над краскай чмель, гудзе.
– Гэй, панове, ўгурэн шклянкі!
Піем здрове свэй коханкі.
Песню пан якісь заводзіць,
Драбязіць, бы той казёл,
I вачамі ўсіх абводзіць,
Чаркай стукае аб стол.
– Віват, ксёнжа наш вяльможны!
I ўстаюць ураз паны;
Момант – чаркі ўсе парожны,
Князя гушкаюць яны.
Тут музыкі – лознік гібкі –
Падымаюць, хто кларнет,
Хто басэтлю3, а хто скрыпкі,
Каб аздобіць той банкет.
Як утнулі ж, як уцялі
З дысканта, а хто з баса,
Аж, здаецца, задрыжалі
Лісці, дзерава краса.
Кіраўнік на часці рвецца.
Пан Галыга – адзін рух,
То да скрыпак ён памкнецца,
То заверціцца вакруг.
Ходзяць рукі, як пружыны,
Адбівае тахт нага,
Лоб збіраецца ў маршчыны,
I сам гнецца, як дуга.
– А дзе хлоп, што ладна грае?
Гэй, музыку завалаць! –
Падгуляўшы князь гукае:
– Ўраз хлапака мне падаць!
Сціхлі госці і музыкі.
З іх застылай грамады
Праціскаецца на клікі
Наш музыка малады.
Выйшаў ён і пакланіўся,
Кінуў погляд на паноў.
Эх, і дзе ж ён агіыніўся!
Пых такі яму й не сніўся,
Колькі блеску і агнёў!
– Ну, зайграй жа нам, каханы. –
Князь крутнуў свой чорны вус
I на белы той абрус
Ставіць локаць надзімана.
Граў Сымон ужо нямала,
А чаго ж яго рука
Так парыўна задрыжала
Пад узлётамі смыка?
О, каб мог агнём пякучым
Ён ім душы апаліць,
Болем вострым, негаючым
Думкі іх усе авіць!
Каб адчулі крыж няволі,
Заняпаласць прасцяка,
Зыркі свіст вятроў у полі
I лёс гэты бедака!
Ён зайграў, і струны горка
Адклікаліся-гулі,
Аддавала іх гаворка
Гневам, крыўдаю зямлі...
Скончыў граць ён – паны ў ладкі
Запляскалі як адзін,
Мабыць, панскія парадкі
Вымагаюць такі чын.
Вус у князя зварухнуўся.
– А скажы, каханы мой,
Што ты выказаць мануўся:
Думку, песню ці настрой?
– Я скажу, вяльможны княжа.
I пачаў Сымонка так:
«Хто пра гора тое скажа?
Дзень памрэ, і ночка зляжа,
Чорны ўздзеўшы андарак.
А дуб будзе смуткаваці,
Бо няма яго дзіцяці,
Бо такая доля іх.
Уміраў дуб, верх быў голы,
Тоўсты комель яго – кволы,
Шум лістоў яго заціх,
I была на ім галінка,
Маладзенькая дзяцінка,
На галінцы – жалудок.
– Я, сыночку, уміраю,
Я ў табе надзеі маю:
Падтрымай наш род, сынок!
Ты – мая адна надзея. –
Сына песціць дуб і грэе,
Сок апошні аддае.
На сухіх галінках дуба
Вольнай пташцы сесці люба,
Пташка песні там пяе.
Раз паны там палявалі
I пад дубам балявалі,
Справы робячы свае,
Ох, ліха ж ты, сіла ўража!
Хтось з іх жолуд той заўважыў.
– Ну, ці знойдзецца стралец,
Хто галінку зніжа куляй? –
Для іх забаўкі і гулі,
А дуб чуе свой канец.
Вось адзін з іх абабраўся,
Стрэліў – дуб той захістаўся,
Чуць заслаўшыся дымком.
Куля роўна паляцела
I зрабіла злое дзела –
Збіла гольку з жалудком!
I галінка ў рэчку ўпала,
I вада яе пагнала
Разам з дубавым сынком.
Плача голька, жолуд ные,
Бераг рэчкі жальба крые;
А тым плачам чужаніцы
Забаўляліся, дурніцы,
Спрытнасць хвалячы сваю.
Эх, заплача паляўнічы:
Стрэліў ён не па той дзічы –
Жолуд вырасце ў гаю...
Бура ўсходзіцца, завея,
Згіне гэта пыха,
Бо хто зло-няпраўду сее,
Пажынае ліха».
«Ой, вяліка воля княжа:
Тое свята, што князь скажа.
Князь магутны, асвячоны,
Скарбы ў князя незлічоны;
Аднаго ж і князь не можа,
Хоць казаць пра то нягожа:
Князь не мае волі-ўлады
Вольнай думцы даць парады,
Думка ходзіць, дзе захоча:
Ад зямлі да зор і сонца
Няма думкам забаронцы.
Думка праўду кажа ў вочы
I вялікім і малому –
Гора будзе твайму дому!
Свежы, іншы вецер вее,
Хоць ён вее ціха.
А хто зло-няпраўду сее,
Той зжывае ліха».
        
        1 Валошкі (укр.) – васількі.
        2 Анталяжыкі ў дзве ролькі – карункі ў два рады.
        3 Басэтля – кантрабас.
        
        
        
II
        
        
Волі, волі і прастору!
          Прэч граніцы!
Жыве ў сэрцы плынь крыніцы,
Дух жывы – агонь дзянніцы.
          Гэй, угору!
Волі, волі і прастору!
Не зайздрошчу вашай долі,
          Багацеі!
Вы – крыўдзіцелі-зладзеі,
Вы разбілі мне надзеі...
          Дык даволі!
Не зайздрошчу вашай долі...
Як здабылі рай свой панскі?
          Чым купілі?
Сэрца ваша поўна гнілі,
Бруд у кожнай вашай жыле,
          Дух паганскі...
Як здабылі рай свой панскі?
Згіне ваша тут багацце,
          Панаванне.
I вам будзе час змяркання,
Ён нясе вам біч выгнання
 I пракляцце!
Згіне ваша тут багацце!
Зачынілі вы нам дзверы,
          Свет закрылі,
Каб не даць разняць нам крыллі,
Каб не ўніклі ў вашы былі.
Але мысль – не ў вашай сіле!
          Эх вы, зверы!
Мера вам – па вашай меры!
Беглі дні, міналі леты,
Так прайшло тут тры гады...
Эх, музыка малады!
Не дасяг ты свае мэты.
Жыў Сымонка тут надзеяй,
I так марыў ён аб тым,
Што панове-дабрадзеі
Ласку будуць мець над ім
I навучаць чытаць кнігі,
Ноты тыя разбіраць,
Сам бы ноты стаў складаць, –
Граў бы ён не горш Галыгі.
Ён аб гэтым думаў многа,
З дзедам радзіўся не раз,
Ды, вядома, у старога
Быў старэцкі і адказ:
– Кінь ты, хлопча, абэцадлы1!
Лепей плюнь на іх, эге ж!
Кнігі розум сушаць, падлы:
У сухоты ты ўпадзеш!
Знаў я кніжніка такога,
Што ўсё ведаць-знаць хацеў,
Начытаўся гэтак многа,
Што ў скурат ён ссох, нябога.
I што ж думаў? – звар’яцеў!..
Дый вучыць цябе хто стане?..
Дзе ты бачыў! ты – мужык,
Трэба выламаць язык,
Тваю ж мову апаганяць,
Хай зямля іх тут апране!
Дзед старога ўжо закалу,
Зразумець не можа дзед
Прагавітага запалу
Пасягнуць навукі свет.
I надумаўся хлапчына
Да Галыгі завітаць,
Хоць ён жорсткі, як дубіна,
I станоўка ўжо прыстаць,
Каб вучыў яго чытаць,
Хоць у тыдзень, ну, хвіліну.
Вось, набраўшыся адвагі,
Ён ідзе туды цішком,
А Галыга да сярмягі
Зварачаецца з смяшком:
– Ну, што скажа пан музыка, -
Саматужны мой Шапен?
– Просьба, пане, і вяліка...
– Што, пакрыўдзіў стары «тэн»?
– Не, прыйшоў прасіць васпана2
Паказаць навуку мне:
Без навукі жыць пагана;
Яе сню, панок, у сне –
Так хачу я знаць навуку,
За яе б аддаў жыццё...
Хоць бы першае знаццё. –
I цалуе пана ў руку.
– Пакажы мне, панок, ноты,
Растлумач мне, як і што;
А за панскія турботы
Хай жыве пан гадоў сто!
– Сто гадоў!.. не кепска плата.
Што ж, распіску дай ад Бога;
Сто гадоў – яму нічога:
У яго гадоў багата...
Справа добрая – навука.
Славу, хлеб яна дае...
Але, хлопча, дзе парука,
Што не згінеш праз яе?
Ты разумен без навукі:
Помніш, князю што казаў?
Ты б язык свой прытрымаў –
За такія, браце, штукі
У мех садзяць, каб ты знаў!
Вось затым сама прырода
Вас пускае слепаком,
Каб з вас менша была шкода.
Раз мужык – будзь мужыком,
Маеш хлеб – і жуй цішком.
Будзь даволен сваёй доляй.
Што ж з ім гутарыць тут болей?
Сорам хлопцу – так аплёван
У жаданнях, у імкненнях!
Як жа так, каб у праменнях
Ды знявагі бруд быў схован?
Не: праменні чысты самі,
Струны чысты, дух што будзяць.
Але людзі і іх брудзяць,
Топчуць іх у гразь нагамі.
Горка стала тут Сымону:
Нё ж ён будзе век сляпым
I не будзе век разгону
Гэтым марам дарагім?
«А дзе праўда, браце мілы?
Справядлівасць тая дзе?
Хто ў пагардзе да магілы
Лёс мужычы наш вядзе?
I чыя рука ліхая,
Чый жа гэта жорсткі суд
Мне каменнем высцілае
Жыцця гэты цесны кут?
I чаго я тут прыдбаю? –
Разважаў цяпер Сымон. –
Права людскасці не маю,
У твар сунулі ражон!
Дык чаго ж я марна трачу
Між чужынцаў дні свае,
Светлай волечкі не бачу?
Песні вольныя мае!
Эх, пара нам у дарогу!
Зачакаўся ты, мой кій,
Сэрца б’е сваю трывогу,
Вецер, голасна завый!
Бо хачу я ў спевах буры
Аднавіцца і аджыць
I дажджом грымотнай хмуры
Замку фуз і бруд абмыць».
 
Волі, волі і прастору!
          Прэч граніцы!
Ёсць жывыя там крыніцы,
          Ззяюць зоры,
          Бліскавіцы.
          Гэй, угору!
Поле шырокае, роднае поле
          I збожжайка шаты,
          Прастор мнагадумны,
                    Разумны!
Хай жа спаткае нас шчырая воля,
          Асветліць і хаты
                    I гумны!
Я – выгнаны сын ваш, так: я – бадзяга,
          Без ласкі, без долі;
          Я – колас без нівы
                    Маўклівы.
Хай жа адна нас атуліць сярмяга –
          Той вецер у полі
                    Шумлівы.
Эх, лес цёмнакудры, мілы мой лесе,
           Удумныя дрэвы,
           Зялёныя шаты,
                    Мой брат ты!
Там лісцейка дуба высака ўверсе
          Выконвае спевы
                    Заўзята.
Там весела-вольна, ціш там лунае...
          Краіна другая,
          I фальшу няма там.
                    Як з братам,
Гутарыць краска з табою лясная,
          I ты, дарагая,
                    Была там.
Сонейка ты маё, радасць мая ты!
          Дзе ты цяпер? дзе ты?
          Ты дух мой будзіла,
                    Жывіла...
Не: не міну, не міну твае хаты,
          Хоць, можа, мяне ты
                    Забыла.
А тут... павуццё пана-магната,
          Панурыя сцены
          I валы-акопы,
                    Затопы.
Многа ахвяр тут, эх, як багата!
          Ламалі рамены
                    Тут хлопы.
Ткаў прагавіты павук свае сеці,
          I вязлі ў іх мухі
          I мошкі малыя,
                    Сляпыя.
Але ёсць праўда, ёсць яна ў свеце,
          Ёсць страшныя рухі
                    Жывыя!
З кожным днём мацней штось гнала
Хлопца дальш ад гэтых сцен,
I душа яго жадала
Новых з’яў і новых змен.
– Эге ж, хлопча: іншы рады
Панству ў замку слугаваць
I цярпець, знасіць іх здрады,
Толькі б панскі стол лізаць.
Адзін быў тут дзед Даніла,
З кім Сымонка сябраваў.
Адзінота іх радніла,
Голас волі іх злучаў.
Дзед любіў балот разлогі,
Глуш лясоў, дзе ён узрос,
Дзе хадзілі яго ногі
Летнім часам і ў мароз.
– Хоць бы раз яшчэ, здаецца,
На Палессе мне зірнуць:
Так душа туды ірвецца –
Пушчы роднай спеў пачуць.
Недалёк мой час змяркання,
Там жа ўвесь мой род ляжыць,
I адно маё жаданне –
Там навекі супачыць.
Жыцце ў замку йшло без змены.
Раз заведзены там лад
Не парушваўся, бы сцены, –
Цвёрды чыйся быў загад.
Ды на свеце ўсіх здарэнняў
Не прадбачыць і мудрэ$,
А прыходзіць разбурэнне;
Дзе пачатак, дзе канец.
Дзе іх схованы прычыны –
Не ўсім сцяміць і згадаць,
Але грозныя навіны
Сталі замак засмучаць.
Князю ліха налучылась:
Князь забіт бы неўзнарок,
Чыясь куля памылілась
I прабіла яму бок.
Страх у замку заснаваўся,
Змоўк там шум, вясёлы жарт,
I над вежамі падняўся
Чорны ўвесь, як ноч, штандарт.
– Вось што, хлопча, гук сякеры,
Што мы чулі, азначаў:
Для няшчасця ў замак дзверы
Хтось уночы прасякаў...
Ну, цяпер разруха пойдзе,
Эге ж, так: адна бяда
Спадарожных сабе нойдзе,
I ў кампанні цэлай войдзе
З ёю бед тут чарада.
Мы ж цяпер з табою – мошкі,
Непрыметныя для воч:
Можам смела ў пуць-дарожку
З замка выбрацца мы ўпроч.
Ноч у замку. Варам дыша,
Парнасць вее ад зямлі,
I паблісківае-пыша
Хмара цёмная ўдалі;
Віхар вогненны гуляе
I рве мрок узлётам крыл,
I гарыць і палыхае
За лясамі небасхіл.
А ў касцеле звоны звоняць,
Гукі жудасныя роняць, –
Позна правіцца імша3:
Нагла4 зніклая душа
Грэх знявагі, уціснення,
Што ад роду ўжо і ў род
Гнуў людскія пакаленні,
Крыўдзіў знішчаны народ, –
Замаліць цяпер жадае,
Ноч гатова агарнуць,
Невядомы лёс чакае,
Жджэ яе нязнаны пуць.
I яшчэ страшней у замку,
Бы з адвечных тут муроў
Паспадалі часаў клямкі,
Каб папомсціцца за кроў...
– Час нам, час у пуцявішча,
Жджэ на возеры чаўнок...
Неспакойна неба блішча,
Навальніца йдзе, сынок.
Рэжа човен водаў лона,
След-палёт тае стралы,
Слізгаціць чаўнок шалёна,
Гоняць два яго вяслы.
Далей замак з кожным разам,
Блісь маланка – ён, бы змей,
Страшным выплыве выразам
Ды ў мрок спусціцца чарней,
Нібы грозіць і сярдуе
На сваіх няверных слуг...
Човен дном пясок шаруе,
Цішыня і мрок вакруг.
Дзед з Сымонам пад вярбою
Селі буру пераждаць.
Жах маланка! а за ёю
Біць пярун пачаў, страляць.
– Дзед, глядзі: унь вежа збіта!
Бач, агні як абвілі!
– Эге ж, хлопча, не забыта
Тая праўда на зямлі.
        
        
        1 Абэцадлы – тут у сэнсе: вавука, грамата.
        2 Васпан – ваша міласць.
        3 Імша – каталіцкая абедня.
        4 Нагла (польск.) – нечакава.
        
        
III
        
Не, не ведаў ніхто, скуль паўстала яна,
          Гэта думка нябёс і зямлі.
Эх, убралі ж яе светлы май і вясна –
          З златаблескаў хмурынку сплялі!
Пазірала яна, зачароўвала ўсіх
          Шаўкаруннымі пасмамі кос,
Радасць, моцны прываб адбіваліся ў іх,
          I шчаслівым здаваўся іх лёс.
I ляжала вакол без канца-берагоў
          Гэта даль, задумення пячаць.
Хмарка хоча паплыць па бязмежжы святоў,
          Каб жыцця свайго радасць пазнаць,
Бо для шчасця свайго і для ўцехі зямлі
          Была выткана сонцам яна,
I да думкі такой усе згодна прыйшлі:
          Неба высь і зямлі нізіна.
Але вецер падзьмуў, падняліся віхры
          Там, дзе вечны здаваўся спакой,
Здрыганулася высь, узыгралі віры
          Гэтай багны надземнай пустой.
I халодны віхор, бурагон-сухавей
          Гэту хмарку-красуню чапіў,
Летуценне яе, радасць светлых надзей
          Паламаў, пакрышыў і пабіў.
 
– Ой, як ночанька яснютка!
У ноч гэту грэх і спаць.
Як прыгожа, як святлютка
Шыбы ў месячку блішчаць!
Хоць прысяду на пасцелі,
Пасяджу каля акна...
Спяць усе, як бы памлелі,
Толькі я не сплю адна.
Ганна коўдру адхіляе,
Штось ва плечы накідае
I садзіцца на пасцель.
За акном агнямі ззяе
I іскрыцца снегу бель.
Стынуць вербы, бы змярцвеўшы,
Тчэ мароз ім свой узор.
Бы кахае іх, адзеўшы
Чараўны на іх убор.
У іх косах месяц ззяе,
Зоры сінія гараць...
I княгіня, хоць якая,
Так не зможа шчагаляць...
Эх, мароз, эх, дзед жартлівы!
Ты – аматар і штукар
Распісаць на шыбах дзівы,
Гожства поўныя і чар.
Халады, віхура свішча,
Хаты ў снезе аж да стрэх,
У тых комінах – ігрышча:
Плач надрывісты і смех.
Лес, да ніткі абадраны,
Як за подаці мужык,
Замест лісця ў бель убраны,
Іней тчэ яму башлык.
I палёў змярцвелі гоні,
Снег, бы посцілка, ляжыць,
Пуста, гола, – і вароне
Трудна корму дзе спажыць.
А мароз і не шманае,
Як бы ён тут і не лыс,
I на вокны накідае
Свой малюнак-рукапіс.
I маляр ніякі ў свеце
Паспрачацца з ім не можа:
Хто напіша так прыгожа
Аб тым ясным, светлым леце?
Тут свабодны ўзлёт малюнкаў,
Тут шырокі светазор,
Тут і пальмы ўсіх гатункаў,
I каралі ясных зор,
I дарожка тканкі тонкай,
Ручаінкі беражок,
Тут бяжыць у дзве старонкі
Зорна-роўны ланцужок;
Тут цукровыя чароты,
Лісце буйнае дубоў,
Спелых нівак пазалота,
Сноп нажатых каласоў;
Тут пляцёнкі-завітушкі,
Стрэлы гонкія, шчыт, лук,
Тут і пер’е райскай птушкі,
I ўсялякіх многа штук.
А як сонца блеск агністы
Гляне з усхаду ў акно, –
Загуляе жар іскрысты
Шугне полымем яно.
Ззяе шыбка, аж ірдзіцца,
Грае чырвань-пераліў
I стварае столькі дзіў,
Што не можаш надзівіцца.
У ноч месяц той чароўна
Ткань марозу серабрыць,
Мілай казкі гожа-роўна
Тчэ-пляце за ніццю ніць.
Ганна ў думках пазірае
У халоднае акно.
Ноч далёка рассцілае
Снягоў белых палатно.
Ціха, мёртва і тужліва,
Толькі лускае мароз,
Толькі зрэдку баязліва,
Бы ца твары колькі слёз,
Іней скінецца з галіны
Зачарованай вярбы.
«Дзе ён, мілы, мой ядыны?
Дзе, бяздомнік мой любы?
Дзе ён ходзіць, лёс шукае,
Паднявольнік-галубок?
Кут-прытулачак ці мае?
Ёсць ці не яму хлябок?
Хоць прыходзіла б вясенька
Ды павеяла цяплом:
Пад жывым яе крылом
Жыці болей весяленька;
Хоць бы лецейка любое
Надыходзіла хутчэй:
Доля-жыцце, хоць ліхое,
Летам чуецца лягчэй...
Эх, мароз, мароз траскучы!
Шклечкі краскамі ты ўбраў,
Толькі ж холад твой пякучы
Краскі ў полі ўсе пабраў.
Тчэш красёнцы ты прыўдала;
Лёд – аснова і вуток,
Снег – і цэўкі1 і сукала2,
Іней-зоры – твой чаўнок.
Для чаго ж у зімні холад
Ты красёнцы лета тчэш
I пад свой халодны молат
Сэрца жар мой ты кладзеш?
Месяц, ты блінок ясненькі!
Ходзіш ты ў далёкі край!
Дзе ж музыка маладзенькі?
Хоць ты вестачку падай!»
– Ганна, што табе не спіцца?
Час за поўнач, а яна
Села там і не лажыцца,
Як прышыта да акна! –
Маці Ганну аклікае,
Прымушае дочку спаць
I чагось сама ўздыхае,
А чаго? Адной ёй знаць
З таго часу, як музыка
Тут убогі пабываў,
Змена з Ганнаю вяліка,
Бы яе прычараваў.
Ганна стала больш маўкліва;
Зойдзе ў сад, сядзіць адна,
Штось там думае яна;
Проста матку брала дзіва –
Гэта змена так відна.
Паскупела і на словы,
Ні яе тут распытаць,
Ні пачуць яе тут мовы, –
Ну, дзяўчыны не пазваць!
А надыдзе ёй мінута,
Зараз песню завяла,
I душа ёй разамкнута,
Бы дзень майскі, весяла.
Ды дзіўная ўсё ж дзяўчына:
Песні складвае сама.
А да песень – малайчына, –
Ну, ёй роўных тут няма.
Ці ўрадзілася такою,
Ці яе тут ураклі
I часінаю ліхою
Насланое навялі?
Ці пара яе такая,
Час дзявочае вясны?
Матка думае-гадае,
I нішто не памагае –
Ні знахар, ні шаптуны.
Час прайшоў – паспакайнела,
А спаткала яго – зноў
Штось у сэрцы зарунела:
Не астыла тая кроў.
Так за днямі йшлі дзянёчкі,
Распускаўся сад, лясы,
Зацвіталі і вяночкі
Той дзявочае красы.
Ганна – красачка дзяўчынка:
Рост у меру, тонкі стан, –
Пазайздросціць ёй былінка,
Што аздобіла курган.
Вочы Ганніны – дзве зоркі,
Броўкі – выгібы крыла,
Грудкі – дзве блізніцы-горкі,
Як сад, Ганна расцвіла.
Ды часамі задуменне
Ценем зляжа ёй на твар.
Сэрца ведае тамленне,
Сэрца знае слодыч мар.
Надыходзіць тройчы лета;
Жджэ яго ды жджэ дарма:
Няўжо ж тая песня спета
I ёй водгулля няма?
«I чаму ён – вось пытанне, –
Ганна думала не раз, –
I ў апошні той наш час,
У той мілы час спаткання,
Не схацеў зайсці да нас?»
Нейкі жаль бярэ дзяўчыну,
Сэрца смуціцца яе –
Тры вясны з пары тае!
Не: напэўна ёсць прычына.
Абяцаўся ж ён так шчыра,
Як той родны, як той брат...
Паляцела пташка ў вырай,
Пташка вернецца назад.
Жывяць зноў яе надзеі,
Думкі светлыя ўстаюць,
Зноў у сэрцы санцавеі
Ёй красёнцы шчасця ткуць.
I так любы думкі тыя,
Што гутораць ёй аб ім!..
Чары-мары веснавыя,
Іскры сэрца залатыя!
Вы знікаеце, як дым.
Ды каму агнём ружовым
Не свяцілі вы ў жыцці?
Хто не верыў вашым словам
У шчаслівым забыцці?
Жне Гануся ў полі жыта,
Сонца цешыцца з яе;
Конік гожа-самавіта
Песню ёй сваю пяе.
Ганна ж песню заспявае, –
Яе слухае лясок,
Тую песню пераймае
I той звонкі галасок.
А як пройдзе дождж шумлівы,
Сець працягне па зямлі,
Загрыміць раўчук бурлівы,
Стануць лужынкі ў раллі.
Ідзе жнейка праз гаёчак,
Спыніць лужынка яе:
«Ты пацешся з сваіх вочак,
Глянь на брованькі свае».
I прыпыніцца дзяўчынка,
Каб адбіцца ў люстры тым,
Дзе глядзіцца і ялінка
Верхам пышным і густым.
Дно той люстры чорна-чорна,
Як растопленая смоль;-
Там блакіт нябёс надгорны,
Бы ўглыб кінутая столь.
Ганна схіліцца над лужай,
Косы звесяцца з пляча;
Там садовай свежай ружай
Адбіваецца дзяўча.
Усмех шчасця, здавалення, –
Ганна цешыцца сабой.
«Ты прыгожа на здзіўленне», –
Люстра тое кажа ёй.
I па нейкай тут прычыне,
Нібы ўсплыўшы з глыбіні,
Сон успомніўся дзяўчыне,
Сон забыты, сон дзіўны.
I ёй нават страшна стала –
То напэўна сон ліхі:
Яна ў цёмны вір упала,
Голас чула там глухі:
«Я зраблю цябе русалкай,
Для цябе свет прападзе!
Белай кветкаю-купалкай
Будзеш гушкацца ў вадзе».
Расступіўся вір шырока,
Мільгатнула яго дно,
I згусціўся мрок глыбокі,
Свету, сонца не відно.
Захапіла дух Ганусі:
«Я тут кінута на здзек...
Ой, ратуйце! захлынуся!
Ой, прапала ж я навек!»
Ноч дзяўчыну агарнула,
Завярцеў яе той вір,
Цяжкім сном яна заснула,
А пасцель – халодны жвір.
Аж пачула – грае скрыпка,
Скулься музыка плыве.
«Ганна, Ганна! я тут, рыбка! –
Гэта ён яе заве. –
Ты не бойся: я з табою». ,
I падаў ён ёй руку;
Ён змагаецца з вадою.
«Смела, смела йдзі за мною».
Вось яны ўжо на гаку.
Знікла тая небяспека,
Свет адчынены ёй зноў?
Цёмны вір шуміць далёка,
Вір не выйдзе з берагоў,
А ён зорыць ёй у вочы,
I так добра стала Ганне –
Быў салодак час спаткання...
То напэўна сон прарочы.
Думалася ўсяк дзяўчаці,
Знала яснасць і смугу.
Заўважала яе маці
Гэты смутак і тугу.
– Ох, дачушка! ты дзіўная;
Ну, ці ж можна рабіць так?
Выкінь з дум яго, дурная:
Ён – вандроўнік, ён – жабрак,
Сам без хлеба, сам без хаты,
Мо разбэсціўся адзін...
Ты пільнуйся лепш Кандрата:
Гаспадарскі гэта сын.
– Ці ж я, мама, вам абрыдла,
Ці шкадуеш ты мне хлеба?
Мне сватоў гэтых не трэба –
Многа ёсць такога быдла.
– Ой, глядзі, змяняеш быка,
Ды змяняеш на індыка.
Хіба зловіш ветру ў полі?
Вецер ветрам быў і будзе!
Ды што скажуць табе людзі?..
I мне рупіць твая доля!
З-паміж хлопцаў-кавалераў
Быў адзін такі тут жох,
Што сябе занадта мерыў
I ў хлапцоўскасць сваю верыў
I меў рызыкі на трох.
Стаў за Ганнай валачыцца
Хвалька гэты, Дамянік –
На каханкі ён навык,
Абы толькі падражніцца.
Толькі ж тут не пашанціла,
Як ён лістам ёй ні слаў,
Як рука вус ні круціла,
Як вачыма ні ўскідаў.
Ён з сябрамі закладаўся
Сэрца Ганны паланіць,
У два тыдні – пахваляўся –
Ганна будзе дух раніць,
Будзе з ім шукаць спаткання,
I паступіцца усім,
I ўсе выпаўніць жаданні –
Хоць у пекла пойдзе з ім.
Зачалося ўсё з пустога,
Але скончылася так,
Што наш дока, зух і гога
Сам уклюкаўся, бядак, –
Жабраком хадзіў за ёю,
Ёю жыў і сніў яе;
Ён не ведае спакою,
Мысль аб ёй жыць не дае.
«Эх, дурніца ж я, дурніца!
Вось дастукаўся чаго!»
А Гануся-чараўніца
Пасміхалася з яго.
– Ці ж ты хочаш маёй мукі?
Ці не бачыш, як тужу?
Я на ўсё пайду: і рукі
На сябе я налажу!
I сябе са мной загубіш –
Да таго ты давядзеш,
Але той, каго галубіш,
Не, не прыйдзе – не прыжджэш!..
        
        1 Цэўка – драўляная трубачка.
        2 Сукала – прыстасаванне для насуквання пражы на цэўку.
        
        
IV
        
У іскрах змяркання
Ружовага ззяння
Дзянёк на спакой адплывае,
Дзянёк замірае,
Дзянёк спачывае
З усмехам ясным кахання.
I вочы Венеры
Праз цёмныя дзверы
Зірнулі лагодна, прыветна,
I ноч незаметна,
Бы ўдоўка ўсясветна,
У вэлюм адзелася шэры.
Выпоўзваюць мрокі
На тыя сутокі,
Дзе неба злілося з зямлёю,
Ідуць грамадою,
Трасуць барадою,
Бы страшаць дзянёк яснавокі.
А месяц двурогі
З далёкай дарогі
Спусціў на зямлю свае ніці.
Блішчыць на ракіце,
I ціха па жыце
Туман прапаўзае бязногі.
Зямля занямела.
У лесе нясмела
Ачнецца лісток на галіне.
I знічка ў глыбіне
Мільгне і загіне –
Пагасне слядок яе белы.
I мрок і блісканне,
Спакой і дрыжанне
Зліліся ў суладныя тоны.
У цемры знікання
Ёсць іскры світання –
Разумнае волі законы.
 
Чырвань захаду цямнела.
Над зямлёю мрок нясмела
Калыхнуў сваім крылом.
Вол у полі скончыў дзела,
Шоў дамоў з гаспадаром.
У спакойных небясох
Зоры чуць-чуць мігацелі,
Бы застылі, занямелі
У мяккіх водблесках-агнёх
Тканкі хмарачак ружовых,
Лёгкіх, тонкіх, бы шаўкі,
I з вадзіцаю ў размовах
Спачывалі беражкі.
Косы чорныя маўкліва
Распусціла ноч па свеце,
На лістку, на кожным квеце,
Волас звіс яе жычліва.
I было спакойна-ціха;
Толькі дзесь сава-начніца,
Бы якая чараўніца,
Выклікала людзям ліха.
Між кустоў лазы кудлатай
Бегла сцежачка, вілася,
А па сцежцы той плялася
Постаць нейча ў цьме зацятай.
Бы туляга, бы той злодзей,
Ідзе-сунецца фігура,
Азіраецца панура,
Каб ёй хто не перашкодзіў.
Збоку сцежкі чорным пасам
Бегла рэчачка лажком.
Хто ж ідзе тут позным часам,
Выкрадаецца цішком,
Як начніца ці начнік?
Гэта – зух наш, Дамянік.
Ён ідзе да варажэі,
Каб параду сэрцу даць,
Бо разбіты ўсе надзеі
Сэрцам Ганны заўладаць.
Ён ідзе, а мрок гушчае,
Ноч становіцца чарней;
Песню ў лозах зачынае
Над рачулкай салавей;
А ў трушчобе за рачулкай
Оішча жудасна пугач,
I нясецца рэха гулка,
Бы дзяціны смех і плач.
Сцежка ўлева забірае
Ды шыбуецца ўгару.
Каля цёмнага яру
Хатка туліцца старая.
У акенцы ўроўнядзь з долам
Цьмяна свеціць начнічок,
Бы купальскі светлячок,
Блескам смутным, невясёлым.
У той хатцы заняпалай,
Трошкі воддаль ад сяла,
Бабка-знахарка жыла
I жыла тым, што гадала.
Ідзе хлопец па-над ярам,
У яго адна дума:
Хай навучыць бабка чарам –
Іншых спосабаў няма.
Хлопец сохне ўвачавідкі,
Ён няволен над сабой...
У аконца варажбіткі
Хлопец стукае рукой.
– Хто там? – Гэта я, бабуля.
– Хто такі ты? – Дамянік!
Я да вас, бабка Аршуля, –
Кажа ён – і дух унік.
Скрыгнуў засаў. Клямка двойчы
Тут закашляла ў дзвярах.
– Ну, заходзь, заходзь, малойча, –
I тым засавам – ра-рах!
За Аршуляю нясмела
Ідзе ў хату Дамянік;
Цьмяна лямпачка курэла,
То скакаў агонь, то нік.
Густа пах стаяў ад зёлак
I дурманіў галаву;
Разлажыла на пяколак
Бабка розную траву,
I пучочкі ўсякіх кветак
Тут развешаны былі:
Бабцы подаць даў палетак,
Луг і лес яе зямлі.
Хатка чысценька прыбрана;
Сама бабка акуратна,
А як знахарка – выдатна:
Так даўно аб ёй казана.
– Ну, малойча, у чым справа?
З сэрцам, мусіць, нелады?
З ім дзяўчынка не ласкава?
Ну што, праўда, малады?
– Так, бабуся мая: пакахаў я дзяўчыну,
Пакахаў, як нікога ніколі!
Праз яе я папаў у няволю,
Праз яе мне няма, бабка, долі.
I хацеў бы я кінуць яе, ды не тсіну...
Праз яе, праз яе, чарадзейку, я гіну!
Дай жа, дай жа ты радачку мне і збавенне:
Я не ведаю сну і спакою!
Каб яна так хадзіла за мною,
Як хадзіў і хаджу я за ёю.
Дай папомсціцца мне за яе зневажэнне!
Вырві з сэрца суздром насланое насенне!
 
– Ну, напэўна ж, ёсць прычына,
Калі кпіць з цябе яна?
Ой, хлапчына-малайчына,
Справа штосьці тут цямна!
Вось пабачым! – бабка ўстала,
Вады конаўку ўзяла,
Пашаптала, паплявала,
Страх на хлопца навяла.
          – Я бяду
          Навяду,
          Я бяду
          Адвяду
          На лясы,
          Верасы,
          На бары,
          Амшары,
          На горы,
          На моры,
          На пусташ-аблогі,
          На безлюдзь-дарогі.
          У пушчы,
          У гушчы,
          У чыстае поле,
          У гіблыя ролі,
          У нетры глухія,
          У багны нямыя,
          Ад сэрца, ад дому –
          Ліхое ліхому, –
Мармытала заклінанне
Бабка ўпаўгалоссе.
– Будзе, хлопча, табе зданне.
Дамянік затросся.
– На, на воду паўглядайся...
Вочы ты цяпер заплюшч...
Што ні здасца – не лякайся...
Стань сляпы, як дзень відушч! –
Строга кажа варажбітка.
Зноў затросся Дамянік,
З плеч на землю спала світка,
I прыліп яму язьік.
– Тфу ты, ліхаі што са мною?
Што за чортава чмута?!
Хтось рукою касцяною
Пастрашаў мяне з кута!
Бачыў – з лесу хтось дыбае,
I святлела ў тым баку,
А яна, яго любая,
Чараўніца гэта злая,
Падае яму руку.
– Між табою і дзяўчынай
Хтось мілейшы ёй стаіць,
I цябе па той прычыне
Ёй ніяк не палюбіць.
Смерць іх толькі і разлучыць –
Так злюбіліся яны...
Не паможа, не навучыць
Знахар самы увіхны.
– Чмуціш ты і лжэш, старая,
Гвалтам я яе вазьму!
I пабачым, хто прайграе –
Трасца будзе ў бок яму!
 
· · · · · · · · · · · · · · · ·
 
Раз пад вечар між жытамі
Ганна з поля йшла адна;
З каласкамі, як з братамі,
Забаўлялася яна.
Жаўтацвецень красавання
Аздабляла каласкі;
Ім казалі аб каханні
Нітак срэбраных жмуткі.
Варажыла тут дзяўчынка
На калоссях аржаных,
Сашмаргнуўшы з іх шчацінку,
А пытала так у іх:
«Калі ён мяне кахае,
Зацвіце мой каласок».
У касу яго хавае.
Пазірае –
I – о, радасць! Зацвітае
Новы срэбраны пучок!
Так ідзе адна, гадае,
Аж зірнула – дух унік:
На пярэсцягі ёй з гаю
Шусь пануры Дамянік!
Сэрца ёй так і апала.
Азірнулася – ціш, глуш,
I Гануся задрыжала:
Што замысліў гэты вуж?
Недарма ж ён сярод поля
Выкрадаўся цемаком;
Погляд дзікі так і коле,
Так і рэжа, як нажом.
Ганна сэрцам тут пачула
Гразь душы яго і бруд,
Дзеўча ў жыта шмыганула,
Агібаючы той кут.
Азірнулася – умлела:
Валіць следам ён, як дым,
Толькі жыта шарахцела
I ламалася пад ім.
Глуха поле адбівала
Грук і тупат пары ног.
Ганна плацце падабрала,
Напрасткі бяжыць у лог.
I, як сарна, за каторай
Улягаюць ганчакі
Неадступнай злою сворай,
Бяжыць Ганна то разорай,
То мяжой праз раўчакі.
Азірнецца – ўсё нырае
Тая ў жыце галава,
Цяжка дыша, зрок бліскае;
Іх адлежнасць раздзяляе
Не больш – вератняў на два.
– Стой, гадзюка-чараўніца!
Стой, насенне ведзьмака!
Будзеш помніць ты, начніца,
Як зняважваць дзецюка!
То ён злосны тон мяняе:
– Стой, Гануська, стой, дурная!
Ганна! Ганна! я жартую;
Ну, спыніся, не ўцякай!
Хоць разочак пацалую...
Ганна, рыбка, пачакай!
Чуе Ганна – таюць сілы,
Блізка ж дзікая пагонь.
Разрывае кроў ёй жылы,
Смажыць ёй нутро агонь.
Спала хустка, і развіты
Дзве шаўковыя касы,
Бы русалка ў моры жыта,
Поўна спуджанай красы.
Бегла бедная і ўпала
У глыбокі калдабан,
Ўстаць хацела, ды не ўстала,
Вочы ёй заслаў туман.
Дамянік пранёсся міма.
Бег – шуршэлі каласы,
Стаў – іх змоўклі галасы,
I дарма шукаў вачыма
Постаць любачкі-красы,
Ён рвануўся злосна-крута
У другі бок – на лясы...
Не, не знаць табе красы,
Бо яе схавала рута
I ржаныя каласы...
 
А Ганусю ночкай цёмнай
Знайшлі ў полі непрытомнай.
 
· · · · · · · · · · · · · · · ·
        
        
        
V
        
Развітаўся хлопец з дзедам,
Зноў ён – лесу, поля сын
I старым знаёмым следам
Ідзе, вольны і адзін.
У яго пуцец гатовы –
Ён у сэрцы моцна лёг,
I Сымонка помніць словы –
На яе ступіць парог.
Але справа тут не ў словах:
Словы можа сцерці час,
А ў другіх зусім умовах
Вузел быў прычын якраз –
Абудзілася ў ім песня,
Гімн, жыццёвы чараўнік, –
Той няясны клік прадвесня,
Той юнацкі сэрца клік.
Прагла сэрца маладое
Сэрца водгулле пачуць,
I даўно ў ім гарыць тое,
Чаго нельга абмінуць.
Тым агнём душа сагрэта,
Свет аздоблен тым агнём:
З ім без лета свеціць лета,
З ім і ноч здаецца днём.
Ён чаруе сваім словам,
Спевам вечна маладым;
Але ў полымі ружовым
Ёсць і горкі, едкі дым.
I каму сноў не складалі
Чары-мары летуны?
Эх, насілі вашы хвалі
Нашы гонкія чаўны!..
Лес... той самы, сінякрылы,
Ён лісцём бы п’е віно;
Пазалота нівак мілых,
Хмарак лёгкае руно...
Пад зялёнаю накідкай
Голькі песцяцца ў цяпле;
Жупіць1 ветрычак з ракіткай,
Гуд у дубавым дупле.
А сам дуб у нейкай думе
Разгарнуў сваё лісцё.
Тут у кажнай з’яве-шуме
Сваё чуецца жыццё.
А ў падножжы лясных шатаў,
Дзе каліна расцвіла,
Легла пышна і багата
Тканка цені і святла.
Ён спыніўся – лес знаёмы,
Лес наводзіць многа дум...
Эх, зялёныя харомы!
Сэрца ведае ваш шум...
На курганчык той, дзе колісь
Развіталіся яны,
Дзе іх сцежкі раскалолісь
Тры таму назад вясны,
Зноў цяпер Сымонка ўсходзіць
Месца тое павітаць;
Стаў і поглядам абводзіць
Даль палёў, нябёсаў гладзь.
Унь дарога між прысады
Двух радоў старых бяроз,
Ён шчасліў тут быў і рады,
Ён душою тут узрос...
Страх, развага і сумненне
Сталі хлопца пашыбаць:
Што ён знойдзе? што сустрэне?
Што ён мае ёй сказаць?
Мо даўно ён там забыты
I для Ганны стаў чужы,
Бы той зеллем апавіты
Цяжкі камень на мяжы?
Ды сярод тых думак горкіх,
Праганяючы ўвесь страх,
Вочкі Ганны, як дзве зоркі,
Хлопца клікалі на шлях
I так гожа пазіралі,
Так смяяліся яму,
Што бясследна разганялі
Гэтых думак чорных цьму.
Што ж тут думаць? Смела, браце!
Не – назад няма дарог!
Гайда, покі сілак хваціць,
На прасторыну-разлог.
Гоніць хлопец прэч трывогу,
Як паганы які сон,
I з кургана на дарогу
Зварачае зноў Сымон.
Сталым крокам між бярозак
З сябрам-кіем ён ідзе,
А з ім лісце ў гушчы розаг
Мову згодную вядзе;
Іх там ветрычак гайдае,
Песціць іх, бы тых дзяток;
Збоку ветру ў тахт спявае
Гутарлівы ручаёк.
Песні – з’явы падарожжа!
Колькі мар і чар у вас!
Што мілей размовы збожжа
На палёх у летні час?
Што прыемней даляў гэтых,
Апавітых у туман,
I лясоў, смугой адзетых,
Горак сіні караван?
Што цікавей хмар страшэнных,
Громаў гучных, іх сыноў,
I маланак, слуг нязменных
Грозных страшных перуноў?
Што таемней зор бліскучых,
Зор дрыготных, бы жывых,
Што ў асобку або ў кучах
Свецяць з багнаў векавых?
Вось дарожка ў бок ад шляху
Павіваецца між ніў,
Хлопец стаў, цясней пад паху
Скрыпку-друга прытуліў
I гарнітур апраўляе,
Шапку гне крыху набок,
Пыл дарожны абівае,
Гразь даўнейшую, пясок,
Бо ўжо блізка, і з узгорку
Іх гаспода ўся відаць,
Нават нейчая гаворка
Ці не з іх двара чуваць?
Унь і хата, сад вішнёвы.
Як разросся той садок!
Хлопцу ўспомніўся часок
Іх спаткання, іх размовы,
Смех і звонкі галасок.
I час нейкі, бы прыкуты,
Ён стаіць, глядзіць туды...
Прайшлі цэлыя гады,
Жывы ж гэтыя мінуты!
Ну, што ж? досыць разважання!
Ідзе ўзмежкам напрасцяк.
Лёгкі трэпет хвалявання
Адчувае ўсё ж юнак.
I вось бачыць ён: з-за хаты
Ідзе жнейка ў яго бок;
У руцэ – глячок пузаты,
На плячы – крывы сярпок.
Прыглядаецца – хто ж гэта?
Маці Ганніна, яна!
Пастарэла, страх, кабета.
А чаму ж ідзе адна?
Гаспадынька бы не тая, –
Так змянілася яна.
«Добрым днём» яе вітае
I пытае:
– Ці пазналі ж вы блазна?
Прыпынілася жанчына,
Углядаецца ў хлапца,
А журботныя маршчыны
Леглі ўпоперак ліца.
– Не, галубок: не пазнала я –
Памяць мая заняпалая...
Да ці можа быць?! Сымонка!
Спала мне з вачэй пялёнка,
А пазнала ж па вачох!
Ах, саколік, маё сонка,
Зноў у нашых ты краёх!..
А як вырас!.. Ох, мой любы!
А ў нас тут бяда-напасце
Ды такое ўжо няшчасце,
Што й не будзе горшай згубы...
Ой, якое ж гэта гора:
Наша Ганна навек хвора!
Збіла краску, бы марозам, –
Памяшаўся яе розум.
Хлопцу раптам цёмна стала,
Пабялеў як палатно;
Сэрца ў ім як бы апала,
Свету тога не чутно,
I асеў, бы птах бяскрыльны,
На мурожную траву,
I рукамі моцна-шчыльна
Ён сціскае галаву.
Ён не плача, не галосіць,
Ён сядзіць, як бы ў агні,
А кабета гляк падносіць,
Нахілілася і просіць:
– На, вадзіцы палыкні!
– А дзе ж Ганна? – Яна ў хаце.
Сугіакойся ж хоць ты сам...
Няма долечкі дзяўчаці –
Марна згублена краса!
Лепш хай смерць яе атуліць,
Як вар’ятам быць, дурным. –
I заплакала матуля
Плачам ціхім, нутраным.
– Пакажыце мне яе вы:
Яна мусіць ачуняць!
Трэба мрок той адагнаць,
Знішчыць цёмныя навевы
I з душы заслону зняць! –
Ён гаворыць бы ў натхненні,
Вочы іскрацца агнём,
А кабета ў засмучэнні
На яго глядзіць маўчком.
«А мо станецца тут дзіва?..
Хоць малая то надзея», –
Маці думкай сэрца грэе
Ды йдзе ў хату з ім рупліва.
Ідучы казала маці:
– Ноч, адна ноч загубіла!..
Яна ж так цябе любіла,
Ды не лёс майму дзіцяці.
Людзі злыя і без сэрца:
Загубілі век блазнерцы.
Яны ў сенцах. Вось і хата,
Тая хата, той парог.
А тут хтось яго сцярог,
Як бы тая рука ката...
Мухі роем. Цемнавата.
Унь той кут, унь той палог,
А яна... да ці ж то Ганя?
Нерухліва і глуха,
У яго бок і не гляне;
Косы збіты, як страха.
Рукі звязаны ў няшчаснай,
I прывязана сама,
Каб не білася дарма
У вар’яцтве буры страшнай.
Губы скусаны і сіні,
У вачох – імгла-туман;
Твар яе – зямля пустыні,
Сонцам спалены дзірван.
А цяпер, у час знямогі,
Яна туліцца ў куце;
Нейкі страх і біч трывогі
Б’е дзяўчыну і гняце.
Пазірае кудысь дзіка,
Падаецца ўся назад
Ды як крыкне немым крыкам:
«Жаба! Жаба!.. тыга, гад!»
I ўсім целам затраслася
I жахаецца: «Гах, гах!»
Жмецца, кідаецца ў страсе,
А ўваччу – нязмерны жах.
Анямелы, страхам скуты,
Відам зражаны яе,
Ён глядзіць, і боль пакуты
I на ім свой след кладзе.
I што сталася з дзяўчыны!
Што зрабіла з яе цьма?
Адна форма, стан руіны,
А Ганусі ўжо няма...
Ён бліжэй на крок ступае
I ў няясным парыванні
Зазірае ў вочы Ганне,
А яна як бы сляпая.
Згас румянец, твар упалы,
На ім след пякельнай мукі,
Боль няведанай дакукі,
Цяжар страшнае навалы.
А ён, сам бы ў памяшанні,
На яе глядзіць бачліва.
Вочы ўскінула пужліва
З патаемным садрыганнем.
У тым поглядзе на мгненне
Блеск знаёмы мільгатнуў,
Мільгатнуў і ў мрок зацьмення
Зноў бясследна патануў.
I ён разам тут памкнуўся
У натхненні, бы ў агні,
I дзяўчыны дакрануўся.
– Ганна! Ганначка! зірні! –
Ён глядзіць ёй пільна ў вочы,
Бы ўвесь жар, агонь цішы,
Перанесці ў мыслі хоча
Яе зломанай душы.
Ён глядзіць, як бы чаруе,
Ён шукае тую ніць,
Каб заслону цемраную
Ёй адсунуць, адсланіць.
Мутным поглядам дзяўчына
Пазірае на сцяну;
Ёй вар’яцтва павуціна
Густа сцеле пеляну.
Потым вочы мімаволі
Пераводзіць на яго
I глядзіць з адбіткам болю.
– Каго бачыш ты? каго? –
Яна разам задрыжала,
Нема крыкнула і ўпала
I застыла нерухліва.
– Ганна! Ганна! Нежывая!
Ой, дачушка, дарагая... –
Плача маці праразліва.
– Ша, не плачце – будзе жыва.
Глядзіць маці на Сымона,
А ён сам нібы шалёны –
Зрок той бегае блукліва.
Ганна ўпала ў сон глыбокі.
Ноч прайшла, прайшоў і дзень,
Аджываюць яе шчокі,
З яе твару нікне цень.
Ён вартуе сон дзявочы,
Навявае ёй спакой,
Заглядае ў яе вочы
З нейкай любасцю нямой.
 
«Спі, мая рыбка, спі, залатая!
Сонейка ўзыдзе: у блеску святла
Знікне-загіне імгла.
Промень бліскучы да нас завітае,
Мрок ён адгоніць узмахам крыла,
Знішчыць дыханнем цяпла».
 
Спіць дзяўчына моцным сном,
Цемнакрыліць ноч другая,
Мрок цярушачы крылом.
Ноч – памочніца благая.
Ноч стаілася пры лесе,
А лес знізіўся, унік;
Месяц паліць свой лучнік,
Кужаль сцелючы на стрэсе,
Зоркам белячы ручнік.
I маркотна, так маркотна!
Што нясе ёй гэты сон?
Мімавольна, мімалётна
Тую ноч успомніў ён, •
I тут *нейк само сабою
Напаткалася яму
Выйсці ў сад, як той парою,
I парушыць ночку-цьму:
Можа, Ганна скрыпку ўчуе,
Можа, звонкая струна
Яе душу пацалуе,
Ускатурхае да дна
I разгоніць ноч зацьмення,
Знойдзе ў сэрцы тую ніць,
Што памонса памутненне
Адагнаць ці праясніць.
Ён ціхутка бярэ скрыпку,
Адчыняе ў сад акно,
На дзяўчыну, сваю рыбку,
Сэрцу родную даўно,
Пазірае ў засмучэнні
I ёй шэпча, бы ў натхненні:
 
«Ты пачуеш голас мае песні,
Мыслі твае праясняцца,
Згіне цемра, як гінуць туманы
Ў блеску сонца;
Зыдзе ў душу тваю ўспакаенне –
Выплыве сонца з зацьмення».
 
На яе твары збалелым
Нейкі проблеск мільгатнуў,
Усмех ціхі і нясмелы
Яе вусны ўскалыхнуў,
Бы зарніца цені ночы.
Ён шчасліў, бязмерна рад;
Ён цалуе яе ў вочы
I з надзеяй ідзе ў сад,
Выбірае там мясціну,
Як тады, у тую ноч –
Адратуе ён дзяўчыну,
Мрок з душы адгоніць проч!
Кінуў погляд ён нясмела
У бок цёмнага акна,
I натхненна зазвінела
Звоннаплыўная струна.
I гамоніць, як жывая,
У зялёным салашы,
Шбы срэбра разлівае,
Рухі сэрца адбівае,
Звоніць водгуллем душы;
Галубком ляціць над борам,
Пчолкай зумкае ў галлі
I імкнецца к ясным зорам
Палкай просьбаю зямлі.
I, здаецца, сама ночка
Гэтай просьбе спачувала:
Яна нават не гайдала
Ні галінкі, ні кусточка,
Ні былінкі, ні лісточка,
Ні на ніве каласочка.
I выразней свае ніці
Месяц звешвае ў дно цьмы
I затрымлівае ў жыце
Смех няясны, смех нямы.
I раптоўна моўкнуць струны,
Задрыжаў увесь пясняр:
У акне скрозь змрочча руны
Вырысоўваецца твар!
Ён глядзіць у аняменні,
Ён застыў, акамянеў, –
Дух надзеяй зарунеў,
Дух агорнут у сумненне.
 
Г а н н а
 
Ці то сон, ці то здань?..
Чула музыку я!..
Не, то – мара мая...
Ах, адстань ты, адстань,
Сэрца мне не тумань’
Ноч... Адчынена аконца.
Сад... Ён цёмны, ён глухі,
А мне смутненька бясконца,
Сон гняце мяне ліхі...
Вір... Я ў віры! я – русалка.
А як пеніцца вада!
Як гуляе на ёй скалка!..
Ой, бяда будзе, бяда!..
 
С ы м о н
 
Ганна, Ганначка! Не бойся.
Гэта я: не зман, не сон!..
 
Г а н н а
 
Ты? А хто ты?
 
С ы м о н
 
Я – Сымов,
Той музыка... Заспакойся!..
 
Г а н н а
 
Дык то праўда?.. Што са мною?
Дай успомніць!.. Душыць жвір,
Адабраў мне памяць вір,
Зацягае глыбінёю!..
 
С ы м о н
 
Вір? Ён знік; яго няма!
Паглядзі: святлее ўсход,
Месяц кончыў свой абход,
Ноч праходзіць, нікне цьма –
Ты трывожышся дарма.
Ты, Гануська, была хвора –
Проста трызніла ты ў сне.
Ты заснула пазаўчора,
А цяпер твой вір засне!
 
Г а н н а
 
Сон, ты кажаш? I цяпер, сон?
I ты сон?.. А праўда дзе?..
А што гэта так гудзе?..
Страшна!.. Ох, як свет забэрсан!
Дай мне руку... Ну, во гэтак...
Гавары ж мне, будзь са мной:
Чуць хачу я голас твой,
Бо твой голас – песня кветак.
 
С ы м о н
 
Ганна-рыбка! ды не бойся,
Заспакойся
I засні.
Ты стамілася, галубка,
Ссохлі губкі,
Ты ў агні.
Спі, я сон твой павартую,
Я цябе пакалышу –
Спаткі трэба малышу.
Люлі-люленькі малую!
Казку Ганначцы скажу я,
Вочкі-зоркі патушу.
 
«Раз сышла з нябёс вясёлка
I ступіла на зямельку
Ды ўраніла там кудзельку,
Кудры ранічнага золку,
          На зямлю-пасцельку.
 
Спрала зорачка кудзелю,
Зладзіў месячык красёнцы,
А дзянёк саткаў на сонцы
З нітак красачку-лілею,
          Гожую бясконца.
 
Хараством лідейка ззяе,
Як дзянніцы абуджэнне;
Яе белае адзенне
Навакола разлівае
          Златаблеск-ірдзенне.
 
Усміхалася ёй неба,
Пазірала вокам ласкі;
Ёй складалі байкі-казкі
Лес і поле морам хлеба,
          Ёй спявалі краскі.
 
I была яна шчасліва,
Бо любілі ўсе лілею.
Пчолка зумкала над ею,
Штось казала ёй жычліва
          Гутаркаю тэю.
 
Лесны жаваранак вольны,
Снуючыся ў яснай сіні,
Песню пеў у жытнім кліне
I будзіў прастор ваддольны
          I пяскоў пустыні.
 
I бывала, калі ў небе
Чуць прыжмураць вочкі зоры,
Ён імкнуўся ўжо ў прасторы;
Пеў ён песні роднай глебе
          I яе разорам.
 
А лілейка ў блеску росным
Ад тых песень замірала
I лісточкі расчыняла
Ды ціхутка, безгалосна
         Песняра зазвала.
 
Ён зірнуў на травы-руні,
Што рунелі на тым полі,
I спускаецца на ролі,
Дзе расла яна, красуня,
         У пясчаным доле».
 
– Чуеш казку ты? – пытае.
А яна пад той шумок
Спіць салодка... Дзень вітае,
Цьма расходзіцца густая,
Радасць суліць ім дзянёк.
Спіць Гануся ціха-роўна,
Ружавеюць яе шчочкі;
Нікнуць з твару цені ночкі,
А ён цешыцца бясслоўна.
Вось з-за лесу ўстала сонца.
Рассыпае каснікі,
Залатыя ручнікі
I цалуе праз аконца
Збітых кудзер валаконцы,
Жылкі сінія рукі.
I ў адказ на тое ззянне
Смех ёй вусны асвятліў:
То – яе душы світанне,
Сілы свежае прыліў.
 
Я развітаюся з Сымонам –
Тут круг замкнут адзін, а там
Сваім звычайным ходам-гонам
Пачнуцца новыя кругі –
Яіпчэ далёкі берагі,
Аб іх раскажа повесць вам
Ужо не я, а хто другі.
Пайшоў Сымон сваёй пуцінай,
Бо ён прыроджаны пясняр.
Панёс ён людзям песень дар –
Агонь душы і сэрца жар,
Панёс пяснярскай каляінай.
Рука ў руку з ім і з ахвотай
Дзяўчына мілая ішла.
Пад сховам дзеўчага крыла
Гарнула далі пазалотай,
I не кранала іх журбота,
Не засмучала іх імгла.
I ўжо ў пуці, ідучы з ею,
Як надышоў той час-пара,
Дакончыў казку пра лілею
I пра пташыну-песняра.
        
        1 Жупіць – размаўляць, гаварыць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.