РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Настасься Азарка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зона лёну
 
Аўтабіяграфічны раман
193’1 КК РБ
Экскурс у гісторыю
193’1 КК РБ
        Там у полі падымалі лён,
        Дзе зымшэлы спаў стары курган.
        І сівы як свет лятаў крумкач –
        Вартаваў спакой мінулых дзён.
        І цягнула з неба цішыня
        Паўзабытым велічным званом,
        Раскатурхаў сэрцы забабон –
        Распаліць удзячнасці агню.
        Дзякаваць зямлі за ўраджай,
        Богу – за ўрадлівую зямлю,
        Шчырую багатую раллю,
        Дзякаваць за спадчыну дзядам...
        Там у полі спаў стары курган,
        Дзе зляжалы падымалі лён.
        Подыхам мінулых светлых дзён
        Прашчуры стаялі сярод нас.
        
        
193’1 КК РБ
        
        Аднойчы па мяне прыйшлі міліцыянты. Іх цікавіла, хто пашкодзіў будынкі надпісамі “Зубр” і “16”. Следчы крымінальнага вышуку доўга трымаў мяне ў кабінеце, ды так нічога і не дабіўся. Я насамрэч не ведала. Цэлую гадзіну даводзіла яму, у чым розніца паміж “Зубрамі” і “Маладым Фронтам”. І ў якасці доказу таго, што я не маю дачынення да першай арганізацыі, я паказала пасведчанне сябра МФ. Мяне адпусцілі. Выходзячы з пастарунка, я даведалася, хто навёў міліцыю на мяне – той, да каго я яшчэ не астыла ў думках і чый трускалкавы смак пацалункаў яшчэ памяталі мае вусны...
        Горад запястрэў надпісамі фармату МФ. За мной сачылі, катаючыся на “мошках”, але ні аднаго разу я не была запыненаю нават проста дзеля кантролю. Гэта пазней міліцыянты, атрымаўшы не аднойчы ў каршэнь за прапушчаную налепку, пачалі рэагаваць нават з залішняю стараннасцю, і кожны мой прамінацік, нават самы бязвінны, сканчаўся ў пастарунку.
2006 год
        
        
“Зёберы”
        
        Калі з’явіліся “Зёберы”, справа раскруцілася. За месяц перад выбарамі. “Зёберы” – гэта мясцовыя аматары бырла. Чаму яны сябе так клічуць – не ведаю. Калі б хто бачыў, як яны бухаюць, таму чалавеку зрабілася б не проста дрэнна, а вельмі моташна. Я паспела звазіць “Зёбераў” на лютаўскую акцыю, уся паездка зацягнулася на тры дні – і не таму, што кагось затрымалі, а таму, што дарога была такою. А мяне тым часам шукалі. Шукалі, таму што надпісаў было ўжо зашмат, і трэба было камусьці за іх адказваць. Я не ведаю, што б было, калі б з акцыі мы вярнуліся дадому ў пятніцу. Я не ведаю, што б было, калі б, вяртаючыся пятніцаю, мы не саскочылі з аўтобуса на паўдарозе, дарэчы ў самы апошні момант, бо амаль што на хадзе – аўтобус не хацеў нас адпускаць – і не завярнулі ў вёску пераначаваць. Таму што па мяне прыходзілі міліцыянты...
        Пасля таго, як у нас арганізавалася суполачка (а “Зёбераў” назбіралася чалавек дзесяць ілбоў), я паспела сваіх хлапцоў накіраваць у Клецак. А яны паспелі там накасячыць. Хоць я і папярэджвала, што з іхнімі звычкамі давядзецца падзавязаць, калі яны плануюць далучацца да нашага руху, але іх крыху непрывабны стан у дадзеным выпадку быў усяго толькі фонам... “Зёбераў” пачалі цягаць у Клецак. Іхнія мамачкі сталі наяжджаць на мяне. З абразамі і пагрозамі. Міліцыянты цярпліва нечага чакалі. І не ведаю, што б было, калі б ні гэты Шмондзер, з якім мяне пазнаёмілі ў вёсцы, яшчэ калі мы вярталіся з лютаўскае акцыі. Атрымалася так, што ён з’явіўся ці не ў самы зручны момант. Але для каго той момант быў зручным – не ведаю. Пасля таго, як мяне міліцыянты не знайшлі і не дачакаліся ад мяне тэлефанавання на пакінуты імі нумар (а як жа ж, буду я яшчэ перад імі адчытвацца!), прайшло ўжо досыць часу. І, паколькі ўсё гэта зафіксавана ў матэрыялах справы, зазначу – так, я прасіла Шмондзера зрабіць некалькі надпісаў. Так, я дала яму для гэтага распыляльнікі з фарбаю...
        Шмондзер – чукча. Самы сапраўдны. Па нараджэнні. Прыехаў сюды, уцякаючы ад расейскага правасуддзя і пасяліўся ў вёсцы, дзе жыве мая бабуля. Хай сабе б і жыў, але Шмондзер ёсць Шмондзер.
        Хлапцоў пачалі цягаць у Клецкую мусарню, і яны апынуліся ў незразумелым становішчы – моцна пахла крыміналкай, але яе ніхто не хацеў пачынаць, таму іх так доўга і марудна цягалі. Значна пазней я прачытала вынікі гэтых цяганняў у матэрыялах сваёй справы. Аднойчы, калі Зёберы ў чарговы раз паехалі ў Клецак, завітаў Шмондзер. Ён запытваўся наконт іх і справы. Я параіла яму, у сувязі са складанай сітуацыяй, перачакаць крыху, таму што мне патрэбна дакладна ведаць, што паграджае хлопцам. Але ён вырашыў па-свойму. Пазней мне хлапцы распавядалі, што ён зрабіў гэта спецыяльна. Але вось з якой мэтай – засталося загадкай...
        
        У нядзелю ранічкай з маёй вёскі тэлефануе нашая сваячка. Жанчына са слязьмі скардзіцца, што нейкі ахламон распэцкаў сцены крамы, дзе яна працавала, і клуба, які стаяў побач. Мама на мяне з крыкам: гэта твае вінаватыя!!! Я на яе спакойна – выклікай міліцыю. Міліцыю выклікаць не спатрэбілася. Яны прыехалі самі. Роўна праз пятнаццаць хвілінаў пасля таго, як нам патэлефанавала Марына.
        У пастарунку мяне дапытваў ужо зусім іншы следчы. Мінулы раз гэта была размова чыста дзеля цікавасці. Гэтым разам усё было інакш. Спачатку, трымаючы пратакол мінулага допыту, следчы перапытаўся наконт “Зуброў” і “МФ”. Я пацвердзіла ўсё, што было занатавана ў мінулым пратаколе. Магла і не адказваць, канешне, магла і адмовіцца – але гэта ўжо з вышыні сённяшняга вопыту. На той час не праводзіўся лікбез. Мне ніхто нічога не тлумачыў. Потым спыталі, адкуль я ведаю Гуляева. Я сяжу, лыпаю вачыма – гэтае прозвішча я чую першы раз. Насамрэч. У кабінеце было, акрамя следчага, яшчэ тры ці чатыры міліцыянты. Але яны ўвесь час то выходзілі, то вярталіся. А адкуль, калі я яго не ведаю, у яго мае дакументы? Я ізноў лыпаю вачыма – якія дакументы? Мне прыносяць. Тое, што я пакінула ў хаце Шмондзера. Там пазначаны мой тэлефон. З ягоных словаў (а ён у гэты час сядзеў у іншым кабінеце і таксама цярпеў допыт), мы пазнаёміліся на вуліцы, і я аддала яму гэта... можна было б пагадзіцца. Наконт буклетаў і каляндарыкаў – пачытай сам, падзяліся з сябрамі. Але там яшчэ былі некаторыя паперы не для ўсіх. Згаджацца з тым, што я аддала гэтыя дакументы першаму сустрэчнаму на вуліцы, было б смешна. Міліцыянты цікавіліся яшчэ і тым, дзе я была, калі яны мяне шукалі. Давялося казаць праўду. Так, я была ў Менску, але ніхто так і не здолеў даказаць, што я была на акцыі – не знайшлі. А вяртаючыся па дарозе дадому, сустрэла знаёмых, якія прапанавалі мне заруліць у вёску. Чаму б і не? Там і пазнаёмілася са Шмондзерам. Гэта было праўдаю. Ніякіх дакументаў яму не аддавала... Як яны патрапілі яму ў рукі? Проста незнарок пакінула. А чаму мае паказанні разыходзяцца з ягонымі? Таму што я яму не дала... Міліцыянты ўтаропіліся – што не дала? Ну, ён хацеў, а я яму не дала. Вось і кляпае. Хлапцы крыху паржалі, пазначыўшы, што “гэты можа”, і паверылі мне. Краем вока ўбачыла, што следчы піша паперу на нейкі артыкул. Усё, думаю, дагаварылася.
        Забралі пашпарт. У пашпарце было пасведчанне сябра МФ – я запамятавала, што яно ёсць у мяне з сабою. Запрасілі панятых, сутачнікаў, адзін з якіх – Аляксандр Рыгоравіч. Пасмяяліся яшчэ і з гэтага. Але дзядзькі доўга не маглі зразумець, чаго міліцыянты хочуць ад мяне і ад іх. У іхнім прысутніцтве забралі пасведчанне. Болей я яго не бачыла. Толькі на судзе. Вельмі доўга штосьці вырашалі. Урэшце, прыводзяць у кабінет да начальніка мусарні і кажуць: альбо кажы, хто размаляваў Нясвіж, альбо зараз зачынім. Я адна, іх сабралося – начальнік мусарні, намеснік начальніка, следчы і супрацоўнік КДБ. Тут дарэчы сказаць, “мусарня” – вельмі нават цывільнае беларускае слова, утворанае ад абрэвіятуры МУС (Міністэрства ўнутраных справаў), і не мае ў сабе ні абражлівага, ані ганебнага сэнса, які прыцягнулі ў нашую краіну разам з усёй астатняй антыкультурай маскалі. Думаю – калі скажу, чые надпісы, усё адно зачыняць. Называю прозвішча, якое першым прыйшло ў галаву. Заводзяць у кабінет да лейтэнанта Жура, маладзенькага хлопчыка Сашкі, з аддзелу ААПП, які і тэлефанаваў мне ў той дзень, як я з “Зёберамі” ездзіла ў Менск. Загадваюць пасядзець крыху там.
        Трымалі доўга. Адпусцілі толькі тады, калі здолелі рассмяшыць. Не памятаю ўжо, чым, але трымалі да тога часу, пакуль не ўбачылі ўсмешку. Пашпарт застаўся ў іх. Потым былі два тыдні, цяжкія, марудныя. У чаканні. Хлапцы працягвалі цягацца ў Клецак. Да мяне пачалі хадзіць міліцыянты. Ці не кожны дзень. Што вельмі палохала бабулю і дзядулю. Я разрывалася на часткі. Я не верыла ў сур’ёзнасць справы. Я бачыла па міліцыянтах, што яны самі не ведаюць, што са мною рабіць. Але старым было страшна. Яны аднойчы перажылі ўсё гэта. Удзень яшчэ было нічога, ды і лейтэнант іх супакойваў як мог. Але ўначы я чула ціхую жудасць у прышапту-галашэнні бабулі. Я разрывалася на часткі. Мама пачынала мяне ненавідзець. Я сыходзіла з хаты. Мне было нашмат спакайней у пастарунку, таму што дома ўжо было немагчыма.
        Такое становішча не магло працягвацца вечна. З аднаго боку – хлапцы з іхняю зацяглаю клецкаю справаю. З другога – невыносныя ўмовы ў хаце. У мяне проста ўжо не вытрымлівалі нервы. Я была гатоваю пайсці да следчага і прызнацца яму ва ўсім. Аднойчы “Зёберы” чарговы раз паехалі ў Клецак. Я чакала ад іх тэлефанавання. І быў ужо
        

Крыніца: http://kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=34323
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.