РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Эліза Ажэшка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзюрдзі
Прадмова
I
II
III
IV
V
VI
VII
Заканчэнне
VII
        
VII

        
        У мястэчку, што было за шэсць вёрст ад Сухой Даліны, увесь святочны ранак над вялікім кірмашовым гоманам гучалі рознагалосыя касцельныя званы. На кірмашы людзей было, як мурашак, і мноства ўсялякай жыўнасці. Тут прадавалі і куплялі коней, кароў, валоў, цялят, збожжа, палатно, яйкі і мноства іншых прадуктаў сваёй гаспадаркі. Сані там стаялі каля саней, шчыльна датыкаючыся альбо часам наязджаючы палазамі на палазы; быдла і людзі збіваліся ў рухомыя клубкі, шум ад размоў, сварак, праклёнаў, таргоў, іржання коней, рыкання кароў быў агромністы, і была вялікая стракатасць адзення і твараў: мужчынскіх і жаночых, сялянскіх, жыдоўскіх і дробнашляхецкіх. Чатыры Дзюрдзі таксама прыехалі на гэты кірмаш, кожны са сваім. Пётра і Клеменс прывялі прадаваць каня і карову, Сцяпан — двухгадовага воліка, а Сымон прывёз пару асьмін жыта і гароху. Усё адно: апішуць і прададуць, значыць, лепш хапаць і прадаваць на сваю карысць, што ўдасца. Большасць мужыкоў, хуценька памаліўшыся і адпусціўшы ў касцёл баб, заставалася пры сваіх санях і тавары. Пётра сваё дабро даверыў сынавай апецы, а сам скіраваўся да невялікага белага касцёла, з вежаў якога далятала музыка званоў, а з сярэдзіны чуліся харавыя спевы тых, хто суправаджаў працэсію.
        У невялікім прытворы было так цесна, што павольны і ўрачыста настроены селянін ледзьве здолеў прабіцца да касцельнага парога і ступіць яшчэ колькі крокаў. Тут шырокія спіны ў кажухах стаялі непрыступнай сцяной, але перад ім над кудлатымі мужчынскімі чубамі і над жаночымі, па-святочнаму прыбранымі галовамі прамільгнула золата несенай пад балдахінам манстранцыі, запунсавелі палярынкі касцельных служкаў, бліснулі агеньчыкі свечак, узнесліся ўгору харугвы. Ігралі арганы, і некалькі соцень галасоў спявалі хорам. Пётра хацеў укленчыць, але з-за цясноты зрабіць гэтага не мог, таму пахіліў галаву і сціснутым кулаком моцна біў сябе ў грудзі.
        — Ойча нябесны, валадар зямлі, адпусці нам цяжкія грахі нашы...
        Гэтую малітву ён прыдумаў сабе сам у той час, калі яго агарнула вялікая скруха за крыўду, учыненую матцы, і з тае пары паўтараў яе заўсёды, калі быў ужо настроены надта набожна. Пачалася імша. Пётра з трошкі пахіленай спінай узнёс вочы ўгору і ўзіраўся ў бачныя па-над галовамі аздобы вялікага алтара. Былі гэта нейкія гіпсавыя вяночкі і арабескі, над якімі стаяла некалькі драўляных скульптур з крыжамі, з вялікімі кнігамі, з грозна выцягнутымі альбо складзенымі для блаславення ці малітвы рукамі. Вочы селяніна напоўніліся лагодным роздумам, вусны ягоныя перасталі варушыцца. Можа, згадаў усё, што некалі, гледзячы на алтар, перацярпеў і выпрасіў. А можа, над алтаром і скульптурамі святых, пад самым скляпеннем святыні ён шукаў зрокам тых бляскаў і чараў, у вобразах якіх смутна паўставала ў яго ўяўленні нябеснае валадарства. Доўга блукаў так зрокам па вышынях, уздыхаючы час ад часу.
        — Ойча нябесны, валадару зямлі, апякуне людзей...
        У ягоным бледным твары, узнятых вачах і гучным, з уздыхам шэпце шмат было тугі, удзячнасці і пакорлівасці. Тут перасталі іграць арганы, і ў сцішаным касцёле ўрачыста загучала:
        — У імя Айца і Сына...
        Пачыналася казань. Пётра са свайго месца добра бачыў ксяндза, што стаяў на высокім амбоне, ягоную снежную комжу і чырвоную стужку на грудзях. Мовы, на якой гаварылася казань, у штодзённым жыцці Пётра не ўжываў, але добра разумеў і пры нагодзе мог добра размаўляць на ёй. Таму пахіліў галаву, наставіў вушы і з усіх сіл услухоўваўся ў чысты і гучны голас, што абуджаў пад скляпеннямі звонкае рэха. Людзі, што стаялі каля яго, слухалі таксама, але большасць няўважліва ці сонна. Паставы іхнія былі поўныя пашаноты, яны часта нават уздыхалі, але больш азіраліся па баках альбо заплюшчвалі ў дрымоце вочы. Пётра прагна ўслухоўваўся ў словы, што разносіліся па касцёле, але не ўсе яны рабілі на яго аднолькавае ўражанне. Былі такія, што не абуджалі ў ім аніякіх пачуццяў ці паняццяў, і такія, што ўзрушвалі яго да глыбіні душы. У доўгім уступе святар расказваў люду пра Боскую дабрыню і пра злосць д'ябла. Калі згадвалася першае, твар селяніна выглядаў так, нібыта спадаў на яго промень ідэалу. Размякчаўся, вылагоджваўся, расплываўся па ім выраз дабрыні і расчуленасці. Але калі ў паветры прагучала імя д'ябла, густыя ягоныя бровы збегліся над вачамі, вусны задрыжэлі трывожна ці гнеўна і сам ён заварушыўся так, нібыта яго ахапіла жаданне плюнуць. Але ўстрымаўся, зважаючы на святасць месца.
        З гучным шоргатам людзі апускаюцца на калені на цагляную падлогу касцёла. Зноў іграюць арганы. Каля алтара ўзносіцца меладычны і малітоўны спеў, плывуць хвалямі ўздыхі і шэпты. Пётра рашучымі рухамі локцяў пашырыў сабе месца, упаў на калені, прыціснуўся вуснамі да касцельнай падлогі і голасна зашаптаў:
        — Хай Божая сіла пераможа нячыстую сілу...
        Тут нехта моцна штурхануў яго ў локаць. Пётра азірнуўся і ўбачыў Клеменса, які схіліўся над ім. Хлопец зашаптаў яму ў самае вуха:
        — Татку! Старшыня хоча купіць каня... не ведаю сам, што рабіць...
        Адштурхнуў сына рукой і зноў пахіліўся над зямлёй, але Клеменс пацягнуў яго за кажух.
        — Хадзі, татку, а то торг страцім...
        — Скажы старшыні, каб сам ішоў у касцёл і людзям не перашкаджаў маліцца Пану Богу...
        Сказаў гэта такім тонам, што Клеменс больш не настойваў, укленчыў, перажагнаўся, пацалаваў два разы зямлю і выйшаў з касцёла. Але Пётра ўжо не адчуваў папярэдняга душэўнага настрою. Нешта пачало яму карцець і непакоіць яго. Паціскаў плячыма, азіраўся, урэшце ўстаў з каленяў і, некалькі разоў яшчэ ўдарыўшы сябе ў грудзі, пакінуў касцёл. У прытворы сустрэў Сцяпана, які мачыў пальцы ў свянцонай вадзе.
        — А што там з маім канём чуваць? — спытаўся з відочнай занепакоенасцю.
        — Старшыня яго ў Клеменса старгаваў. Ідзі хутка, а то торг страціш...
        Сцяпан таксама нядоўга забавіўся ў касцёле, бо яшчэ не прадаў свайго воліка. Сымон жа толькі памаліўся перад касцельнымі дзвярыма і як хутчэй з грашыма, што атрымаў за прададзенае жыта і гарох, паляцеў у карчму. Ніводзін з іх не дабраўся да сярэдзіны касцёла, а тым больш да вялікага алтара, дзе мноства людзей спавядалася пры канфесіяналах, а потым кленчыла перад балюстрадай, чакаючы камуніі.
        За гадзіну перад змярканнем гандлёвы рынак пачаў пусцець, затое ўсё больш саней і коней збіралася ля варот вялікай мураванай карчмы. Для людзей, што праз цэлы дзень маліліся і мерзлі ў касцёле, мерзлі таксама прадаючы і купляючы на рынку, было амаль неабходнасцю перад тым, як пусціцца ў далёкую дарогу дадому, зайсці на хвілінку ў якія цёплыя сцены, пагрэцца і перакусіць. Тут перад карчмой, авальная брама якой на ўсю шырыню будынка выглядала чорнай безданню, на зацвярдзелай ад марозу, прысыпанай снегам, усланай саломай пляцоўцы, якая паблісквала замёрзлымі лужынамі, стаяла мноства саней і коней, галовы і шыі якіх знікалі ў прывязаных да іх торбах з кормам.
        Памяшканне карчмы было тут значна прасторнейшым, чым у Сухой Даліне. У мястэчку трэба было разлічваць на заведама большую колькасць гасцей, чым у вёсцы. Асабліва ў такія дні, як сённяшні, збіралася іх тут вельмі шмат. У шырокай грубцы гарэў вялікі агонь. Людзі, якія ўваходзілі сюды, запыняліся перад ім, разагравалі змерзлыя рукі, пастуквалі ступнямі аб падлогу, каб сагрэць ногі, потым, ідучы да сталоў, што стаялі ля сценаў, здымалі з плячэй палатняныя, падвешаныя на шнурках торбы. Такія торбы мелі амаль усе. Быў у іх харч, узяты з дому на ўвесь дзень. Колькасць і якасць яго залежала ад заможнасці кожнага з наведнікаў. Адны са сваіх торбачак выцягвалі толькі кавалак чорнага хлеба, жменьку солі і пляйстры цвёрдага сыру; іншыя апрача хлеба і солі мелі яшчэ сала, каўбасы, звараныя ўкрутую яйкі. Каб паесці, адны шырока рассядаліся на лавах, іншыя елі ходзячы альбо стоячы. Народ прыбываў, гамана нарастала, адусюль было чуваць, як прасілі гарэлку, мёд, піва. Рознага ўзросту жыды, што складалі карчомную сям'ю, безупынку віліся сярод тлуму з бляшанымі паўгарцавікамі, квартамі, чаркамі, са шклянкамі з зялёнага шкла, з глінянымі міскамі, напоўненымі кіслымі агуркамі і селядцамі, якімі сяляне закусвалі гарэлку. Былі тут жыхары многіх асобных вёсак, але амаль усе яны належалі да адной гміны. Амаль усе таксама ведалі адзін аднаго зблізку альбо здалёку і таму раз-пораз уступалі ў размовы пра сённяшні кірмаш, пра панесеныя страты ці набыткі, пра розны клопат у сваіх гаспадарках ці сем'ях. У сярэдзіне хаты найвышэйшы гмінны чыноўнік, старшыня, немалады селянін з доўгай барадой, у чорнай аўчыннай шапцы, насунутай па самыя вочы, частаваў мёдам досыць вялікую кампанію. У гэтым пачастунку акрамя іншых людзей прымалі ўдзел жыхары Сухой Даліны, а сярод іх самую важную ролю адыгрываў Пётра Дзюрдзя, бо аказіяй для пачастунку стаўся конь, якога ён прадаў старшыні. Размова ішла пра розныя вартасці каня і прывяла да жывой гамонкі пра коней увогуле, часам усчыналіся спрэчкі, якія старшыня, аднак, заўсёды перапыняў, даліваючы з бляшанага гарнца мёду ў шклянкі і з ветлівай павагай кажучы бяседнікам:
        — Піце, вашэці грамада, піце! На здароўе вам! На шчасце!
        Выраз «вашэці грамада» паўтараўся ў ягоных вуснах бясконца. Адчуваў ён сябе галавой і начальнікам гміны, ці грамады, і баяўся страціць найменшую мажлівасць нагадаць пра гэта ўсім. Сяляне хілілі галовы ў знак падзякі і падносілі да вуснаў зеленаватыя шклянкі. Толькі Клеменс не піў і да гэтага часу не прымаў удзелу ў размове. Быў яшчэ малады, нежанаты, сваёй гаспадаркі не меў, сюды прыехаў з бацькам і толькі праз яго нешта значыў. Ад прысутнасці старшыні і грамады старых, паважных гаспадароў ён зрабіўся нясмелым, і гэта ўстрымлівала яго самастойна прыняць удзел у пачастунку. Стаяў за бацькавай спінай, і, высоўваючы з-за ягонага пляча свой румяны і блакітнавокі твар, паглядаў трошкі хціва і трошкі нясмела на паўгарнцавік і шклянкі. Жывыя і хітраватыя вочы старшыні спаткаліся з яго сарамлівым позіркам.
        — Аааа! — здзівіўся і, смеючыся, паказаў пальцам на хлопца. — Аааа! Вашэці грамада! ці гэта хлопец, ці дзяўчына? — Нібы дзеля таго, каб лепей разгледзець, хіліў галаву то ў адзін, то ў другі бок. — Гляджу, гляджу і распазнаць не магу! Здаецца, што хлопец, але за бацькавы плечы схаваўся, як дзяўчына, і надта саромеецца... Ну, пакажыся... да стала падыдзі, а то і праўда падумаю, што з мужчыны перамяніўся ў дзяўчыну!..
        Гэтыя жарты суправаджаліся рогатам; Пётра засмяяўся таксама і падштурхнуў сына да стала.
        — Ну, ідзі, калі спадар старшыня заве...
        Не такім ужо і сарамлівым быў Клеменс, як палічыў старшыня. Вусны, праўда, прыкрыў даланёй, але вясёлымі вачыма глядзеў проста на начальніка гміны. Той наліў поўную шклянку мёду і падаў яе хлопцу.
        — Пі! — усклікнуў. — Каб хутчэй вусы пад носам выраслі.
        І, даліваючы зноў усім у шклянкі, паўтараў:
        — Піце, вашэці грамада, піце!
        Пілі і смяяліся з Клеменса, які на згадку пра вусы павёў пальцамі па залацістым пушку, што абсыпаў яго верхнюю губу, а потым кіўнуў галавой і смела ўсклікнуў:
        — На здароўе, спадар старшыня!
        — На здароўе табе! — адказаў старшыня і звярнуўся да Пётры: — У салдаты не пайшоў? Га?
        Пётраў твар праяснеў:
        — А не пайшоў: калі прыйшоў час на жараб'ёўку, Ясюк быў яшчэ малы, а мне ўжо, дзякаваць Найвышэйшаму Богу, пяцьдзесят сёмы гадок жыцця ішоў... Брат малы... бацька стары... значыць, яму льготу далі і застаўся ў хаце, хай будзе пахвалёны Пан Бог...
        — От і выкруціўся, — заўважыў хтосьці збоку.
        — Ну, шчаслівы! — дадаў нехта іншы.
        — А шчаслівы, — паўтарыў Пётра, — каб толькі Пан Бог ва ўсім так блаславіў...
        Старшыня зноў падаў шклянку мёду шчасліваму хлопцу.
        — Пі! — сказаў. — Пі і памятай, хто цябе трактуе!
        Хлопец завагаўся, зірнуў на бацьку, але Пётра, якому заўсёды была прыемнай усялякая ўвага, узрадаваны сціплымі дагэтуль паводзінамі сына, штурхануў яго ў локаць і падахвоціў.
        — Пі, калі спадар старшыня кажа...
        Зусім ужо асмялелы Клеменс развесяліўся і на гэты раз не панёс шклянкі проста да вуснаў, але падняў яе ўгору з такім жэстам, што ажно трошкі мёду вылілася з яе на стол, і пры гэтым сам падскочыў.
        — Каб так конь брыкаў! — усклікнуў ён і толькі тады выпіў шклянку да дна.
        Гэта спадабалася прысутным, якія, таксама ўздымаючы свае шклянкі над галавой, адзін за другім паўтаралі:
        — Каб так конь брыкаў, спадар старшыня, каб так конь брыкаў!
        Гэта адносілася да таго каня, якога сёння купіў старшыня ў Пётры. Вясёлы па характары, а можа, маючы ў тым і свой інтарэс, Антон Будрак, стараста Сухой Даліны, крыкнуў арандатару прынесці яшчэ гарнец мёду. Зараз ён пачастуе старшыню, а разам і ўсю кампанію. Некалькі галасоў азвалася:
        — Не хочам больш мёду; калі частуеш, то гарэлкі давай!
        Будрак крыкнуў гарэлкі, а старшыні, які хацеў мёду, сам пачаў наліваць у шклянку гэты трунак:
        — Інтарэс ёсць такі, спадар старшыня. Хочам пачаць працэс пра тыя землі і лугі... Каб даўнасць не наступіла... то... можа, што-небудзь нам парадзіце. Інтарэс ёсць такі...
        І хоць ужо выпіў шмат мёду і трошкі гарэлкі, досыць звязна пачаў расказваць пра справу, якая была важнай для ўсёй вёскі. Але Пётра перабіў яго і пачаў гаварыць сам. Максім Будрак і трое Лабудаў гаварылі таксама, перабіваючы адзін другога, з чаго зрабіўся вялікі галас і шум. Але старшыня да публічных размоў быў ужо трошкі прызвычаены.
        — Па чарзе, вашэці грамада, — усклікнуў. — Па чарзе гаварыце. Напачатку адзін, потым другі, а я буду слухаць. Я паміж вамі ўсімі найважнейшы, і ўсе вы да мяне, як да бацькі...
        — Як да бацькі! — пацвердзілі хорам усе, а ў гэты час п'яны Сымон прысунуўся да старшыні і, цалуючы яго ў локаць, пачаў:
        — Я да вас, спадар старшыня, як да бацькі... гаспадарку не прадавайце... горкая бяда мне і дзеткам маім...
        Некалькі рук выцягнулася і адштурхнула п'яніцу, які тут жа, хістаючыся, палез да арандатара, мармычучы:
        — Хацкелька, гарэлкі дай... Калі Бога баішся, яшчэ са два кілішкі дай... яшчэ маю пару злотых... заплачу... Горкая бяда...
        Клеменс, пабачыўшы, што паміж старшынёй і гаспадарамі распачынаецца сур'ёзная гаворка, высунуўся з гэтага кола і пайшоў да іншага, дзе было некалькі кабет, што сядзелі ля грубкі. Яны таксама елі прывезенае з дому, разважалі пра сённяшні кірмаш, спрачаліся альбо расказвалі адна адной пра розныя свае клопаты. Пры набліжэнні Клеменса ў гэтай грамадзе раздаліся пісклівыя крыкі і рогат. Павесялеўшы і асмялеўшы ад дзвюх шклянак мёду, хлопец ушчыпнуў за руку нейкую знаёмую маладзіцу з Сухой Даліны, а другой сказаў нешта такое на вушка, што яна зачырванелася, як півоня, і засланіла ад яго рукою твар. Іншыя, старэйшыя, нібы злуючы, нібы жартуючы, адпіхвалі яго кулакамі і крычалі, каб ішоў сабе да мужчын. Неўзабаве, аднак, усе сціхлі і, ўздымаючыся на дыбачкі, адна праз другую пачалі глядзець на прадмет, які хлопец выцягнуў з-пад сярмягі і паказаў ім. Гэтым прадметам быў досыць вялікі абразок нейкай святой, абрамлены рамкаю, пакрытай залацістай паперай. У святой было чырвонае ўбранне, залатая карона на галаве, а ў руцэ яна трымала блакітную пальму. Тоўсты пласт яркіх фарбаў і бліскучая ад агню пазалота рамкі выклікалі ў жаночым гурце захапленне. Шырока расплюшчвалі вочы, раскрывалі раты, любаваліся і ўсё дапытваліся, ці для сябе купляў Клеменс гэтую прыгожую рэч, ці для каго іншага? Ён добра ведаў, дзеля каго купіў абразок, але нікому пра гэта не казаў і, залівіста смеючыся з цікавасці і зайздрасці баб, зноў схаваў яго за сярмягу. Тут з грамады, што гаманіла і піла ля акна, аклікнуў яго невысокі, рухлівы чалавечак з кірпатым носам, апрануты напалову па-сялянску, напалову па-шляхецку: ляснік з суседняга двара, які сёння ў ягонага бацькі купіў карову.
        — Клеменс! — клікаў: — Гэй, Клеменс! Выпі, ну, з намі. Каб карова была здаровая!
        Хлопец выпіў да дна пададзеную яму чарку і, упадаючы ў шал весялосці, падскочыў да бочкі, што стаяла ў куце, пахіліў яе і выліў з яе ваду на падлогу.
        — Каб карова столькі малака давала! — крыкнуў.
        Хата аж затрэслася ад рогату, кабеты пішчалі, прыўздымалі спадніцы і ўцякалі ў супрацьлеглы кут. Шырокі струмень вады плыў ад сцяны да сцяны, несучы па спадзістай няроўнай падлозе кінутыя раней шкарлупкі ад яек, агуркоў, селядцовыя галовы і хвасты. Клеменс знік у віры сялянскага тлуму, які акружыў яго з чаркамі ў руках, дзе быў таксама і Сымон, што ўсё цягнуў яго за рукаў і з чаркаю ў руцэ мармытаў:
        — Пазыч грошай, Клеменс, змілуйся, пазыч... хоць залатоўку... усе свае ўжо прапіў... Горкая мая доля і дзетак маіх...
        Ужо зусім сцямнела. Карчомныя прыслужнікі паставілі на сталах у розных месцах памяшкання тры тонкія свечкі з лою ў медных, пакрытых тлушчам падсвечніках.
        Сцяпан Дзюрдзя да гэтага часу голасна вёў рэй у нейкай невялікай грамадцы, відаць, узрадаваны тым, што хоць раз дзе-небудзь і кім-небудзь мог кіраваць. Калі бліснула святло, заўважыў ён акружанага жыхарамі Сухой Даліны старшыню, які штосьці паважна ім гаварыў. Цёмны, зморшчаны твар Сцяпана паружавеў ад ажыўленай гутаркі, дзе ён быў у цэнтры ўвагі, а таксама і ад выпітай гарэлкі. Аднак зацікавіла яго, пра што суседзі размаўляюць са старшынёй і, прысунуўшыся да іх, пачаў слухаць.
        — Так ужо трэба, вашэці грамада, — казаў старшыня. — Іначай няможна, без гэтага ўжо нічога. Планіпатэнтаў сабе выбераце, каб ад усіх вас пайшлі ў горад і гадваката нанялі... Найперш, планіпатэнтаў выбраць... а потым гадваката наняць. Усёй грамадой не будзеце да гадваката і ў суд хадзіць... Планіпатэнты вашы будуць хадзіць... у які-небудзь дзень збярыцеся ў старасты і зрабіце нараду, каго выбраць, хто ў вас наймудрэйшы і хто заслугоўвае найбольшай павагі!
        Дзюрдзі, Будракі, Лабуды стаялі перад старшынёй, уважліва яго слухаючы. Калі ён скончыў, азвалася колькі галасоў:
        — Навошта нам на потым адкладваць! Мы і зараз можам выбар зрабіць... хай спадар старшыня сведкам будзе.
        — Але, — пацвердзілі іншыя, — можам, чаму не можам.
        — Мы ж не ўсе тут, — запярэчыў нехта.
        — Нічога! Што мы тут пастановім, на тое ўсе і пагодзяцца, — настойваў стараста Сухой Даліны Антон Будрак.
        — А колькі тых планіпатэнтаў трэба? — спытаўся Пётра.
        — Трое, — адказаў старшыня, — больш не трэба, але трое, то ўжо абавязкова трэба.
        Сцяпан у гэты час пацягнуў Пётру за рукаў і шапнуў:
        — Скажы, Пятрук, каб мяне за планіпатэнта выбралі...
        Але некалькі галасоў заглушыла ягоны шэпт.
        — Найперш то ўжо старасту просім...
        Круглы, пульхны, з рыжаватым вусам і кірпатым носам твар Антося засвяціўся, як поўня.
        — Добра, — адказаў, — буду, чаму не буду? А больш каго?
        Сцяпан ужо ўсім кулаком Пётру ў бок ударыў.
        — Ну, азавіся ж... скажы, каб мяне выбралі...
        Ягоныя вочы гарэлі прагай вылучэння, а можа, і звязанай з ёй прагай актыўнай дзейнасці. Але сяляне другім планіпатэнтам вылучалі старога Лабуду, які, драпаючы сабе лысіну, прасіў, каб яго звольнілі ад гэтых клопатаў, а абцяжарылі імі лепей каго-небудзь з ягоных сыноў. Самы старэйшы Піліп засведчыў сам, што не адмовіцца, хоць і цяжка яму будзе пакідаць гаспадарку і ездзіць у горад, але не адмовіцца.
        — Няхай будзе Піліп, — пагадзіліся сяляне.
        — Ну, а трэці? — спытаўся старшыня.
        — Трэцім няхай ужо будзе Пётра Дзюрдзя...
        Пётра выпрастаўся так, як тады, калі выбіралі яго старастам, і з раз'яснелым тварам падзякаваў за пашану. Сцяпан зноў ударыў яго кулаком у бок.
        — Скажы, Пятрук, каб мяне чацвёртым выбралі...
        Пётра, заклапочана падносячы руку да валасоў, усё ж азваўся:
        — Можа б, чацвёртым Сцяпанку выбраць.
        — Не трэба чацвёртага, — закрычалі з усіх бакоў, — спадар старшыня сказаў, што трэба трое, больш не трэба...
        — То, можа, на маё месца Сцяпана абярыце, — запрапанаваў Піліп Лабуда. — І праўда, — дадаў, — мне цяжка будзе і не хочацца...
        — Не хочам Сцяпана! — крыкнулі ўсе. — Нашто ён нам? З іншымі планіпатэнтамі толькі сварыцца будзе... і хто першы, і пра ўсё...
        — Яшчэ гадваката паб'е, — азваўся нехта са смехам.
        Крывавая чырвань заліла Сцяпану твар, ён улез у самую сярэдзіну грамады і пачаў крычаць. Даказваў, што выбары не былі справядлівымі, бо не прысутнічалі тут усе гаспадары Сухой Даліны, што павінны выбраць яго планіпатэнтам, а калі не, дык ён пойдзе ў суд... Усчалася калатнеча і дайшло б, напэўна, да кулакоў, але старшыня ўстаў з лавы і пачаў крычаць на Сцяпана, не шкадуючы грубай лаянкі і мянушак. Адчуваў ён сябе асабіста абражаным.
        — Як гэта незаконныя? — крычаў. — Калі я тут быў, то ўсё па закону! Я тут найвышэйшы і ўсё магу рабіць... Мяне сам цар над вамі паставіў... калі захачу, зраблю ласку, а калі захачу, на катаргу вышлю...
        Сцяпан на момант сумеўся, але потым зноў па-заліхвацку запатрабаваў у арандатара гарнец гарэлкі і разам з некалькімі прыязнымі яму людзьмі непадалёк ад старшыні пачаў піць чарку за чаркай.
        У гэты час Пётра, расслаблены пітвом, усцешаны гонарам, які на яго выпаў, таксама частаваў старшыню і суседзяў.
        — Дзякуй! Спадар старшыня! Дзякую, вашэці грамада! — безупынку паўтараў ён, а потым, спыніўшыся перад Антонам Будракам з чаркаю ў руцэ і прыжмуранымі вачамі, сказаў: — Ты планіпатэнт і я планіпатэнт, ты стараста і я стараста... дык і пацалуемся...
        Цалаваліся так гучна, нібы коркі з бутэлек выскоквалі...
        Агульная п'янка дасягнула ў гэты час высокай ступені, але вызначалася пэўнай асаблівасцю. Людзей, такіх, як Сымон Дзюрдзя, што напіваліся самі па сабе і без ніякай прычыны, было вельмі мала. Большасць упівалася ўсмерць, але ў кампаніі з прычыны барышоў і аказій, а аказіяй тут было ўсё: прададзены конь, купленая карова, спатканне са знаёмым, замірэнне з пасвараным, памінкі па бацьку, які год таму памёр, намер ажаніць сына альбо выдаць замуж дачку. Вясёлая ці сумная падзея, набытак альбо страта, сяброўства ці сварка, надзея ці расчараванне — усё вяло да пачастунку, які шматразова аддзячваўся тым самым. У хаце панаваў нечуваны гоман галасоў, настроеных на розныя тоны, і рух, які выяўляў розныя ступені і прыроду ап'янення. У адным месцы ішла бойка, якая скончылася выкідваннем за дзверы пераможаных, у іншым прыціскалі да сцяны жыда-арандатара, які крычаў ад страху альбо таксама лаяў сялян, што абражалі яго, у іншым жа месцы два хлопцы, узяўшы рукі ў бокі, падобныя на двух раззлаваных пеўняў, калыхаліся адзін перад другім, манатонным голасам вымаўляючы адны і тыя ж словы. Некалькі жыхароў Сухой Даліны з чаркамі ў руках лезлі цалаваць старшыню, які таксама на добрым падпітку рассеўся на лаве і так ужо насунуў на твар сваю вялікую шапку, што з-пад яе была відаць, бадай, толькі адна ягоная рудая барада. Сяляне, аднак, далезлі да ягоных шчок і, цмокаючы ў іх, паўтаралі:
        — Ты ў нас найвышэйшы, ты над намі ўсімі, як бацька...
        Сымон, наадварот, пайшоў да яго зараз з раззлаванай мінай.
        — Ты мне гаспадарку апісваць не смей! — крычаў. — Бо як апішаш, заб'ю... далібог, заб'ю... хоць ты і старшыня, а такі заб'ю... і будзе табе шабаш!
        Пётра Дзюрдзя стаў насупраць Максіма Будрака.
        — У цябе дачка, — казаў. — А ў мяне сын... хай будзе пахвалёны Пан Бог Найвышэйшы.
        А Будрак у гэты час гаварыў:
        — У цябе сын, а ў мяне дачка... Чаму не можа быць волі Божай... будзе... толькі сватоў прысылай...
        — Прысылай! — пацвярджальна паўтарыў Пётра і, узносячы ўгору ўказальны палец, зморшчыўшыся, пачаў зноў: — У цябе дачка, у мяне сын... няхай, як той казаў, Божая сіла пераможа чартоўскую сілу...
        Тады Клеменс пацягнуў бацьку за рукаў кажуха:
        — Едзем дахаты, татку! — запішчаў тонкім з просьбаю галаском.
        Ён таксама быў п'яны, але яшчэ пры памяці. Захацелася яму дахаты, каб як найхутчэй аддаць абразок Настцы. Пётра глянуў на сына як бы здзіўленымі вачыма і са злосцю закрычаў:
        — А ты хворы быў! Ледзь не памёр! Чартоўская сіла хваробу тую табе зрабіла...
        Клеменс плюнуў.
        — Каб яна свету не ўбачыла, тая, што мне такой бяды нарабіла! Едзем дахаты, татку!
        І за рукаў кажуха цягнуў да дзвярэй бацьку, які, даючы сыну весці сябе, азіраўся на Максіма і крычаў:
        — Памятай, Максім! У цябе дачка, у мяне сын... Хай перад нябесным валадарствам згіне чартоўскае валадарства...
        У самым парозе бацька і сын наткнуліся на Сымона.
        — А ты чаго тут яшчэ лайдачыш! — крыкнуў на сваяка Пётра. — Дахаты табе... а то апошнюю капейку прап'еш...
        — Ужо і прапіў... — адразу ж пачаў плясці Сымон, — ужо тое, што за жыта і гарох узяў, да астатняй капейкі прапіў... ужо і шабаш мне і дзеткам маім...
        Выходзячы, Пётра і Клеменс выпхнулі сабою Сымона ў сені, а потым на двор, застаўлены яшчэ сялянскімі санямі і коньмі, хоць частка бяседнікаў ужо і раз'ехалася. Тут убачылі Сцяпана, які здымаў з шыі свайго каня торбу і збіраўся ад'язджаць.
        — Гэй, дзядзьку! — крыкнуў Клеменс. — Пачакай, разам паедзем...
        Сцяпан, п'яны, быў пануры і злосны; ён у адказ вылаяўся праз зубы, а потым крыкнуў Пётру:
        — А ўсё ж шэльма ты, я планіпатэнтам буду... чуеш?
        — А ты не лайся... бо няма за што... няхай будзе пахвалёны Пан Бог Найвышэйшы на векі вякоў... — адказаў Пётра.
        Сымон таксама лез на свае сані, мармычучы:
        — Не дала... шэльма... ведзьма грошы не дала... каб яна гэтага свету не бачыла... а зараз табе і дзеткам тваім шабаш!
        Трое саней Дзюрдзяў, першыя з якіх займалі Пётра з Клеменсам, адначасова ад'ехалі ад карчмы і, праехаўшы дробным трушком праз мястэчка, апынуліся неўзабаве сярод засланых снегам палёў. Холадна. Мароз невялікі, можа, дзесяць градусаў, не больш, але дзьме моцны вецер і ўздымае з зямлі воблакі снегу. Зверху таксама падае снег, драбнюткі, як пыл, цвёрды і густы. Месяц свеціць, але яго не відаць за цёмнымі хмарамі, што зацягнулі ўсё неба, і хоць ноч і не цёмная, мала што можна ўбачыць праз гэтую снежную імглу, якая падае зверху і падымаецца з зямлі. Вецер закручвае яе ў клубы альбо вялікімі посцілкамі распасцірае ў паветры, а святло месяца з-за белых воблакаў насычае рухомае іхняе нутро белым святлом, якое нічога не асвятляе.
        Толькі шэсць вёрст аддзяляе мястэчка ад Сухой Даліны, і амаль уся дарога, якая вядзе туды, абсаджана дрэвамі.
        У снежнай імгле гэтыя дрэвы шарэлі, як прывіды, што блукаюць па полі, але Дзюрдзі распазнавалі іх час ад часу і, падсцёбваючы коней, пакідалі за сабой усё большую адлегласць. Ніхто з іх не спаў, Пётра часам набожна ўздыхаў ці штосьці шаптаў, Клеменс колькі разоў пачынаў насвістваць, Сцяпан змрочным голасам падганяў свайго каня, Сымон, амаль лежачы на сваіх санях, зрабіўся надзіва гаваркім і крыклівым. Шум і свіст ветру заглушалі ягоныя словы, ён, аднак, не дбаў пра тое, ці слухае яго хто, лаяўся, камусьці пагражаў, на нешта жаліўся і некага праклінаў. Раптам Клеменс крыкнуў:
        — От і Прыгоркі!
        Такую назву меў узгорак, парослы дубовым і бярозавым лесам, можа, на паўтары вярсты аддалены ад высокага крыжа, адкуль ужо была кароткая і прамая дарога да Сухой Даліны. Адгэтуль ужо толькі вярсты дзве аддзялялі іх ад вёскі, але тут знікалі прыдарожныя дрэвы і адкрывалася гладкая раўніна з невялікімі пагоркамі каля самага крыжа, якіх у снежнай замеці не было відаць.
        Мінулі Прыгоркі і нічога ўжо перад сабой не бачылі. Бель і бель, на небе, зямлі і ў паветры. Снег і снег усюды; ані дрэва, ані верставога слупа, ані якога пагорка. Клеменс павярнуў лейцамі налева. Сані адразу ж зарыліся ў снег.
        — Куды ты паехаў? — гукнуў Пётра.
        — Добра, татку, так трэба, — адказаў хлопец і весела засвістаў.
        Насамрэч, калі б хто ў яго спытаўся, навошта ён павярнуў улева, калі ад Прыгоркаў да Сухой Даліны дарога цягнулася прамая, як струна, ён не змог бы адказаць. Быў упэўнены, што зусім не паварочваў, і пры нагодзе ўрачыста аб гэтым прысягнуў.
        Тыя двое зусім не кіравалі сваімі коньмі. Абодва ляжалі на санях: Сцяпан панура маўчаў, нібы слухаючы пошум ветру, Сымон — усё гаварыў і лаяўся. Ехалі. Коні часам тапіліся ў снезе і вылазілі з яго з цяжкасцю, часам на гладзейшай прасторы беглі сабе трушком, часам жа пад палазамі адчуваліся загоны, якія агаліў вецер. Ехалі не дарогай, а полем і не звярталі на гэта ніякай увагі, пакуль зноў не замільгалі перад іхнімі вачыма ўзгоркі і лес Прыгорак.
        — А што ж гэта! — усклікнуў Клеменс. — Зноў Прыгоркі?
        — Аааа! Як ты едзеш? — здзівіўся Пётра.
        Вырваў лейцы з сынавых рук і, хочучы зрабіць цалкам супрацьлеглае таму, што рабіў той, павярнуў каня направа.
        — Не туды! — са сваіх саней закрычаў Сцяпан.
        — Туды, не бойся, туды, — пракрычаў яму Пётра і ехаў зноў датуль, пакуль ягоны конь не загруз па калені ў нейкім рове.
        — Аааа! — здзівіўся селянін. — Такі зноў не туды паехалі!
        Без вялікай цяжкасці, ноканнем і лейцамі падганяючы жвавага коніка, ён выбраўся з рову і павярнуў назад. Двое іншых саней павярнулі таксама, але так, што Сымон цяпер апынуўся наперадзе. Ехалі і ехалі, пакуль Сцяпан са сваіх саней не крыкнуў да Пётры:
        — Зноў Прыгоркі!
        — Цьфу! Згінь, прападзі, нячыстая сіла! — сплюнуў Пётра і закрычаў да Сымона: — Павярні назад!
        — Нашто мне назад, калі так добра! — адказаў новы павадыр.
        — Можа, і добра! Ці ж я ведаю, — буркнуў Пётра.
        Клеменс пачаў дрыжаць і стукаць зубамі.
        — Татку, — азваўся, — мне здаецца, што зноў мяне тая хвароба бярэ!
        Але гэта была не хвароба. Проста ў яго, непрызвычаенага яшчэ да алкаголю, пачала балець галава ад выпітага, а віхор працінаў кажух і дабіраўся холадам ажно да самых касцей. Пётра плюнуў зноў і пачаў шаптаць:
        — Пане нябесны, валадару зямлі, злітуйся над намі грэшнымі!..
        — Паварочвай! — крычаў цяпер на Сымона Сцяпан. — Паварочвай, Сымон! Не бачыш, што пад стаў прыехалі?
        Ён распазнаў сярод снежнай завеі цені дрэў, што раслі над берагам става. Магутны голас яго прабіўся праз шум ветру і дайшоў да вушэй Пётры, які адразу ж павярнуў каня. За ім павярнулі і двое іншых.
        Амаль гадзіна прайшла з таго часу, як, напаўпрытомныя, аслепленыя снежнай замеццю, яны кружыліся так па раўніне, не могучы трапіць на дарогу, якую шмат разоў у розных месцах пераязджалі ўпоперак.
        — Чорт туман у вочы пускае! — азваўся Пётра.
        — Але, — пацвердзіў Клеменс, які ўсё больш дрыжэў ад холаду.
        Сцяпан прабурчаў сам сабе:
        — Прыйдзецца чалавеку змерзнуць, як сабаку.
        А потым дадаў:
        — Калі б са мной так сталася, дык тая нягодная зусім бы ўжо Казюка замучыла...
        І ўздыхнуў.
        А Сымон на сваіх санях лямантаваў:
        — Ой, горкая, горкая доля мая і дзетак маіх!
        Тут Клеменс крыху прыўзняўся на санях і ўшчэнт перапалоханым голасам крыкнуў:
        — Зноў Прыгоркі!
        Пётра прыўзняўся таксама і напружыў зрок.
        — А як жа! Прыгоркі, — пацвердзіў. — Чорт водзіць, такі ўжо няйначай... Чорт узяўся сёння за нас, туман у вочы пускае і водзіць...
        — Па адным месцы водзіць... — заўважыў Клеменс.
        — Але, па адным месцы. Чорт няйначай... злазь з саней...
        Вылез з воза і паклікаў сына:
        — Будзем дарогу шукаць...
        Калі яны вылезлі, Сцяпанавы сані, наехаўшы, сутыкнуліся з іхнімі і палазамі зачапіліся за палазы.
        — Хадзем дарогу шукаць!.. — крыкнуў Пётра да Сцяпана і Сымона.
        Усе ўчатырох, грузнучы ў снезе, ступілі некалькі крокаў. Раптам Клеменс закрычаў:
        — Бачыш, татку, бачыш?
        Ён выцягнуў руку ў бок шэрага рухомага ценю, які акурат цяпер паказаўся з-за прыгоркаўскага лесу і досыць блізка павольна сунуўся ў снежнай каламуці.
        — У імя Айца і Сына... — перажагнаўся Пётра, — згінь, прападзі, нячыстая сіла...
        Сцяпан, як найсмялейшы, ступіў яшчэ некалькі крокаў наперад.
        — Чорт ці баба? — прамовіў ён.
        — Баба... — пачаў Сымон, — шэльма баба, грошы не дала, ведзьма тая... я ў яе, як у маці прасіў... Ого! Пачакай!
        І кінуўся наперад. Праз колькі секунд на ўсю моц сваіх п'яных ног вяртаўся да ўнураных у снег саней. Нагнуўся над сваімі санямі і, сапучы і лаючыся, пачаў выцягваць з іх адну з папярэчын, што, прыкрытыя саломай, былі за сядзенне.
        — Яна самая, — бубніў ён, — ведзьма тая... чортава прыяцелька... каваліха праклятая... грошы не дала, а па начы людзей на замярзанне водзіць...
        — Яна! Зноў яна! — крыкнуў Пётра і таксама пачаў выцягваць з саней кол. — Няхай чартоўская сіла прападзе перад Божай сілай... Няхай Божая сіла пераможа чартоўскую сілу... Паганая душа яе... сынка мне загубіць хацела, а цяпер зноў замарозіць на полі, не дачакацца ёй...
        — Чаго яна да нашай сям'і прычапілася і даймае нас... — крыкнуў Клеменс. — Ці то ўжо мая маладая галава прападаць праз яе павінна?..
        Сцяпан не сказаў нічога, але таксама кол з воза выцягнуў...
        У белай цемры твараў іх не было відаць, але з гучнага сапення, з панурага бурчання і п'яных выкрыкаў біў усё моцнейшы вулкан лютых жарсцяў: трывогі і прагі помсты. Прайшла хвіліна, і ў снежнай імгле за некалькі крокаў ад пастаўленых саней зацямнела шаматлівая купка людзей, пачуліся страшныя крыкі і енкі, якія, аднак, заглушаў сваім шумам віхор і разам са сваім посвістам панёс на шырокія палі, дзе гула завіруха...
        Праз колькі хвілін вялікая хваля ветру, рассунуўшы на момант снежную імглу, адкрыла прамую, як струна, дарогу, што імкнула ў прастор, а на той дарозе — трое саней, на якіх сядзелі чатыры мужчыны. Знішчылі чартоўскую сілу і знайшлі дарогу. Сцебанулі коней, працяжнымі галасамі занокалі на іх і панесліся гладкай дарогай і хутка зніклі ў густой снежнай замеці. А на белай зямлі нерухомай плямай цямнела Пятруся, жонка каваля Міхала. Каламі паламалі ёй грудзі і рэбры, залілі малады твар крывёй і пакінулі на пустым полі, на шырокім полі, беламу снегу на падсцілку, чорным груганам і варонам на спажыву.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.