|
ЗАКАНЧЭННЕ У судовай зале горача ад таўкатні і святла. Ад доўгага разгляду і позняй начной часіны цяжкая стома поўніць паветра. Урэшце адчыняюцца шчыльна зачыненыя дзверы, каля якіх увесь гэты час стаяла варта. З глухім шумам устае са сваіх месц публіка, абвінавачаныя таксама падымаюцца са сваёй лавы. Доўгім гужам суддзі і прысяжныя выходзяць з залы паседжанняў; адзін з іх ва ўрачыстай паставе гучным голасам зачытвае чатыры пытанні, кожнае з якіх адносіцца да аднаго з абвінавачаных і на якія павінен быць дадзены вельмі кароткі адказ: вінаваты, невінаваты. Чатыры разы ў глыбокай цішыні ярка асветленай і запоўненай людскім тлумам залы прагучала слова: — Вінаваты, вінаваты, вінаваты, вінаваты. Пасля кароткага перапынку іншы голас гучна зачытаў прысуд: — Пётра, Сцяпан, Сымон і Клеменс Дзюрдзі асуджаюцца на пазбаўленне ўсялякіх людскіх і грамадзянскіх правоў, на дзесяць гадоў цяжкіх работ у капальнях і пажыццёвую ссылку ў Сібір. Асуджаныя слухалі, слухалі. Голас таго, хто абвяшчаў прысуд, змоўк... Усё скончылася. Па белым, як палатно, твары Пётры адна за другой каціліся слёзы, ціхія, цяжкія, а рукі ягоныя павольна ўздымаліся і крыжаваліся на грудзях. — Пане нябесны, валадару зямлі, хай будзе воля Твая як у небе, так і на зямлі, — сказаў ён голасна, выразна і заглядзеўся ўгору. Сцяпан нават не ўздрыгнуў, толькі пакамечаны тысячамі зморшчынак ягоны твар палыхнуў крывавым румянцам, а з чорных вачэй бліснула роспачная і разам з тым грозная маланка. Сымон застаўся такім, як і быў: з абвіслымі рукамі, раскрытым ротам і мокрым, нерухомым позіркам. Здавалася, ужо ўсё на свеце было яму абыякавым, а можа, нават ён зусім не зразумеў, якая яго будучыня. Але за гэтым п'яніцам узляцелі ўгору дзве дужыя маладыя рукі і дзве далоні, якія яшчэ не мелі часу зацвярдзець і счарнець у працы, канвульсіўным рухам упіліся ў гушчыню светлых, як лён, валасоў. Клеменс схапіў свае валасы ў абедзве жмені і зайшоўся ад гучнага плачу... Потым яны па адным пачалі пакідаць сваю лаву і павольна, цяжка ступаючы, па чарзе ўваходзілі ў нізкія дзверы, якія адчыняліся перад імі і за якімі відаць быў бакавы калідор, што здаваўся чорным пасля ярка асветленай залы. З патоку святла адзін за другім уступалі яны ў гэтую чорную цемру, за апошнім з іх зніклі і два ўзброеныя жаўнеры, што замыкалі шэсце. Нізкія дзверы зачыніліся павольна, без шуму...
|
|