РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
 
Евангелле ад Іуды
Слова двух сведкаў
Раздзел І. Падзенне агнявога змія
Слова двух сведкаў
Раздзел II. Голад, і пошасць, і мор
Раздзел ІІІ. Суд
Раздзел ІV. «Ліцадзеі, скамарошкі, блазны несамавітыя...»
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
Раздзел XXXIV
Раздзел XXXV
Раздзел XXXVI
Раздзел XXXVII
Раздзел XXXVIII
Раздзел XXXIX
Раздзел XL
Раздзел XLI
Раздзел XLII
Раздзел XLIII
Раздзел XLIV
Раздзел XLV
Раздзел XLVI
Раздзел XLVII
Раздзел XLVIII
Раздзел XLIX
Раздзел L
Раздзел LI
Раздзел LII
Раздзел LIII
Раздзел LIV
Раздзел LV
Раздзел LVI
Раздзел LVII
Раздзел LVIII
Раздзел LIX
Раздзел LX
Раздзел LXI
Раздзел LXII і апошні
РАЗДЗЕЛ ІV
«ЛІЦАДЗЕІ, СКАМАРОШКІ, БЛАЗНЫ НЕСАМАВІТЫЯ...»
Але злы дух сказаў у адказ:  
«Ісуса ведаю і Паўла мне вядомы, а вы хто?»
Дзеянні, гл. 19, ст. 15
Вачыма намізаюць, і ў дуды равуць, і хары авечыя  
і іншыя на вобразе Божым носяць, і беса цешуць, і,  
плешчучы далоньмі, клічуць: "Лада! Лада!" Сірэч бес  
і бог бесаў Ладон. А таму дуды іхнія і жалейкі ламаць і паліць.
Сярэдневяковы загад аб ліцадзеях
 
        Днём напярэдадні ў мястэчку Свіслач адбылася сумная і журботная гісторыя: жыхары ўпершыню пазнаёміліся з ліцадзеямі, а тыя - з гасціннасцю мясцовых жыхароў.
        Яшчэ і дагэтуль існуюць нетэатральныя гарады, - што ўжо казаць пра тыя часы?! Але нават тады, калі толькі батлейка ды вандроўныя жанглёры неслі ў масы святло мастацтва, гэта мястэчка было самае нетэатральнае з усіх нетэатральных мястэчак.
        Рэдка-рэдка бараздзілі тады Белую Русь самотныя ліцадзейскія фургоны. Рэдка-рэдка вырастала з іхніх барознаў што-небудзь вартае. Хадзілі часам з містэрыямі бурсакі-шкаляры, спевакі, цыркачы. Часам трапляліся вечна галодныя акторы-прафесіяналы. На ўсіх іх, акрамя батлейшчыкаў, глядзелі з недаверам. Фокусы іхнія нагадвалі чарадзейства і не былі святой справай накшталт лерных спеваў. Ды, потым, занадта часта пасля іхняга адыходу знікалі з падстрэшша сыры і каўбасы, а з платоў - кашулі і іншае.
        Таму, калі ў той дзень прыцягнуўся ў Свіслач прадзёрты палатняны фургон, запрэжаны парай кляч, жыхары не чакалі ад яго нічога добрага. Не чакалі, але глядзець прыйшлі, бо палічылі фургон за нечувана вялікую батлейку.
        Містэрыя пачалася бліжэй да вечара, пад вялізным абшчынным дубам. Дзве дошкі, пакладзеныя на задок фургона, вялі з яго на памост, з якога, бывала, чытаў казані вандроўны прапаведнік ці агалашаў аб'явы панскі паюк.
        Сядзеў на гэтым памосце і копны суд, калі прыязджаў у мястэчка.
        А цяпер гэта была сцэна, і кулісамі ў яе былі з аднаго боку фургон, з другога - ствол старадаўняга дрэва. Мужыкі сядзелі на траве і вылуплівалі вочы на дзіўнае відовішча. Лялькі - гэта нястрашна, а тут жывыя людзі рабілі такое, ад чаго ратуй нас, Пане Божа.
        Людзей тых было трынаццаць. Відаць па ўсім - нездарма. І рабілі яны, на думку мужыкоў і мяшчан, справу няправедную: рыхтаваліся распінаць Хрыста. Ніхто не бачыў, што праца гэтая людзям нязвыклая, што яны пакутліва стараюцца і што з гэтага нічога не выходзіць.
        Пілат у хламідзе з паперы стаяў слупам пасярэдзіне памоста і круціў вачыма так, што бабы абміралі ад жаху. На галіне дуба стаяў чалавек у вопратцы анёла, якому, па ўсім відаць, трэба было неўзабаве спусціцца на памост па душу распятага. Вельмі высокі і моцны, шыракаплечы, са смешным абліччам і густымі бровамі, ён трымаў на грудзях канцы блакітных крылаў, каб не зачапіліся, і шаптаў нешта чалавеку, які стаяў пад ім, у ценю:
        - Ну, які з Багдана Пілат, Іосія? Няварты Пілат.
        - Пхе, - сказаў голас з цемры. - Пілат няварты быць не можа. Не прывязвайся да яго, Юрась. Ведай свае крылы і стой сабе. Глядзі сабе, як Шалфейчык добранька вісіць.
        Адзін з распятых ужо разбойнікаў - па тыпу расстрыга, па носу запівоха - пакасіўся на іх і застагнаў, закаціўшы вочы.
        Пілат паказаў рукою на крыж і, выгнуўшы даволі значнае пуза, агаласіў:
        - А вось уліце яму воцату ў рот, каб не думаў пакутваць за чалавечы род. Прынясіце цвікі з асіны для сабачага сына.
        - Для чалавечага сына, - падказаў распяты Шалфейчык.
        - Сам ведаю, - голасна сказаў Багдан-Пілат. - Хам ты.
        Гледачы, хто баяўся, а хто і шаптаў. Шапталі двух у адзеннях вандроўных гандляроў. Сядзелі яны збоку, адкуль відаць было анёла на дубе.
        - Ведаеш, што мне здаецца? - спытаў адзін.
        - Ну?
        - Гэты, на дубе... Каплан з Ванячэ загадваў яго шукаць. Гэта, па-мойму, той, што на агнявым змеі зляцеў. Мы яшчэ яго перастрэлі ў пушчы. Спаў на гарачай зямлі.
        - Быць не можа гэтага, - флегматычна адказаў другі.
        - Я табе кажу. Глядзі, твар які смешны. У людзей часта ты такія бачыў? Зноў жа, крылы.
        - Не можаць гэтага быць.
        - Знакі нябесныя забыў? Чаго ён на праклятым месцы спаў? Чаго казаў, што ніякіх д'яблаў не баіцца? І запомні... і каплан, і магнат наш яго шукаць загадалі. Паліць такіх трэба. Сатана гэта.
        - Быць гэ-та-га не можа.
        - Глядзі, і корд той самы.
        - Гэтага не можаць быць.
        У гэты час у натоўпе раздаўся ўздых жаху. На сцэну з фургона вываліліся два эфіопы. Адзін быў здаровы, як халера, другі тонкі і вельмі жанчынападобны. Але абодва былі чорныя, як дзеці самога сатаны. Дошкі прагіналіся пад іхнімі нагамі, бо яны цягнулі пад рукі чалавека з пароды тых, пад якімі падаюць у непрытомнасці коні. На чалавеку быў залацісты парык, а з-пад яго глядзела тупая, але даволі дабрадушная морда.
        Натоўп узвыў ад жаху.
        - Чэрці! - крычаў нехта.
        І тут з дуба раздаўся анёльскай прыгажосці голас. Быў ён мяккі, гучны і моцны. Гэта, схаваўшыся за ствол, каб не заўважылі, гаварыў чалавек з крыламі.
        - Ціха вы. Не чэрці гэта - эфіопы. Сажай яны намазаліся.
        - Брашы! - крыкнуў нехта.
        - Праўду кажу. Зваць іх Сіла і Ладысь Гарнцы.
        - Хрыста нашто крыжуеце?!
        - І ён не Хрыстос. Знарок ён гэта. Дрывасек ён былы. Зваць яго Акіла Кіёвы.
        - Ну, глядзі, - трохі супакоіўся натоўп.
        Эфіопы цягнулі Акілу-Хрыста да крыжа. Акіла пручаўся. І ясна было, што Гарнцам не пад сілу весці яго.
        - Чуў? - спытаў адзін гандляр у другога. - Голас гэтага, крылатага, чуў? Голас той самы.
        - Не можаць гэ... Праўда твая, браце. Той самы голас.
        Натоўп весела рагатаў, сочачы, як лётаюць эфіопы вакол Хрыста.
        - Дай ім, дай!
        Акіла круціў рукамі, напінаўся, але ўсё ж ішоў наперад. Урэшце мурыны, скрыгочучы зубамі, узвалаклі яго на крыж.
        - Ану, прыбівайце, каб не сышоў! - рыкаў Пілат.
        І толькі тут сёй-той у натоўпе зразумеў: гэта табе не жартачкі. Крычалі-крычалі, а тут, бач ты, Бога распінаюць.
        - Хлопцы, - спытаў легкаверны голас, - гэта што ж?
        - Бог... Амаль голы.
        - Адзенне дзеляць.
        Анёл пачаў шаптаць таму, хто стаяў ніжэй яго:
        - Скажы Аўтуху і Лявону, хай не дзеляць.
        "Салдаты" не зважалі на шэпт. Дзялілі са смакам і з веданнем справы. Над натоўпам вісеў размераны - як па труне - грукат малатка.
        Акіла на крыжы закінуў галаву, закаціў вочы і выпусціў дух. Эфіопы адступілі, каб з выглядам мастакоў палюбавацца сваёю працай. І тут здарылася непапраўнае.
        Пад вагою Акілы крыж склаўся напалам (так яго было зручней перавозіць у фургоне: складны, з прыступачкай для ног, з надпісам "ІNRІ", які толькі што так велічна аблямоўваў Акілаву галаву). Крыж склаўся, і пад ім, паказваючы небу зад, стаяў вялізнай перавернутай іжыцай Акіла Кіёвы, няўдалы Езус.
        - Хлопцы, гэта што ж? - спытаў нехта. - Што ж гэта, у Госпада Бога нашага зад быў? Ану, спытаем у гэтых.
        - Ерэтыкі!
        Ратуючы становішча, Юрась скочыў на лёгкіх крылах уніз. Апусціўся на памост. І тут закрычаў адзін з вандроўных гандляроў:
        - Гэты! Гэты! Ён на агнявым зміі спусціўся! Хапаць яго загадана! Гэта сатана!
        Паветра раздзёр свіст. Натоўп прыйшоў у рух і пачаў насоўвацца на памост... Анёл ліхаманкава аддзіраў ад памоста крыж. Распяты разбойнік разам з крыжам кінуўся ў фургон. Але ў паветры ўжо замільгалі гнілая рэпа, цыбуля і іншае. Коні рванулі з месца, кінуўшы людзей.
        ...Яны ўцякалі палявой дарогаю з усіх сіл, таму што ззаду, не дужа даганяючы, але і не адстаючы, з гікам беглі ганіцелі.
        Паперадзе ўсіх ляцеў легкакрылы анёл. Твар у яго быў адухоўлены. Залацістыя - свае - валасы луналі па ветры. Віўся хітон, адкрываючы голыя лыткі.
        За анёлам ляцеў звар'яцелы фургон. Коні ўскідвалі ашчэраныя храпы, імкнуліся з усёй сілы і ўсё ж не маглі дагнаць Братчыка. У фургоне бразгатала зброя і рэшткі рэквізіту.
        За фургонам лупіў на апошніх жылах ягоны гаспадар, лысы Мірон Жарнакрут, а побач з ім задыхаўся пад цяжарам крыжа "распяты разбойнік" Шалфейчык.
        Ён адставаў і адставаў, і разам з ім адставаў канвой - два эфіопы. За імі ўваўсю беглі астатнія ліцадзеі ў разнастайных вопратках. І ўрэшце, наступаючы ім на пяткі, рука да рукі, чыкільгалі два салдаты, магутны ў чэраве Пілат і Акіла-Хрыстос. Хрыстос быў голы, таму што адзенне ягонае неслі салдаты.
        - Наддай! - шалёным голасам крычаў той чалавек, якога анёл зваў Іосіем.
        Яны беглі, а за імі з галёканнем і свістам валіў натоўп раз'ятраных праследавацеляў.
        ...Хто хоча ўцячы - уцячэ. Гэтыя ўцякалі і ўцяклі. Усяго цераз якую гадзіну яны перасталі чуць галасы за спіною, а яшчэ хвілін праз трыццаць прыходзілі да прытомнасці на невялічкай палянцы.
        Цурчаў пад нагамі ручай, нібы гаварыў аб марнасці чалавечых намаганняў. Сядала за вязамі вялізнае чырвонае сонца. Жарнакрут гаротна войкаў у фургоне: спрабаваў скласці паламаныя дзіды.
        Пілат адсопваўся, надзімаў тоўстыя шчокі:
        - Абтрасём прах гэтага горада... вух-х... ад ног нашых... Хамы... Гэта яны так... беларускага двараніна... Хай я не буду Багдан Роскаш... хай я... не ад Усяслава паходжу, а ад свінні, ад гіены, ад малпы... калі я ім гэтага не папомню.
        Акіла-Хрыстос сядзеў над ручаінай, мацаў сіняк пад вокам, паліваў яго вадою:
        - Гэна... Б'юцца як... Хай яно...
        І яму тураваў, таксама мацаючы сінякі, Жарнакрут:
        - Сцеражыцеся ж людзей: бо яны будуць аддаваць вас у судзілішчы і ў сінагогах сваіх будуць біць вас.
        Адчэпленыя крылы адпачывалі побач з Братчыкам.
        - Не так вы гэта, - раптам з сумнай усмешкай сказаў ён.
        - А як? - гнеўна спытаў лысы Жарнакрут. - Гэта я ліцадзей. Я ведаю, як яно граць трэба. А вы тут усе - набрадзь. Вљчыце тут мяне, а правал - з-за вас. З-за вас мне ўсё паламалі. А гэта ўсё грошай каштуе.
        - Што ім у тваіх містэрыях? Яны людзі цёмныя. Гэта не тое, што прывычныя шкаляры. У нас, бывала...
        Жарнакрут раптам устаў:
        - Слухай, Юрась Братчык... Ведаем мы, што ты за шкаляр. Кажы, што гэта там крычалі пра агнявога змія? На кім гэта ты прызямліўся?
        - Крычалі таму, што бедныя, цёмныя людзі, - непарушна сказаў Братчык. - Я шкаляр з Міра.
        Мірон Жарнакрут выбухнуў:
        - А білі... Білі нас з-за каго?
        - Білі нас за тое, што мы кепска гралі. І яшчэ таму, што яны ніколі не бачылі такога. Што ім у тваіх містэрыях? Тут трэба, як у казцы пра асіну і распяцце. Цвікі не палезлі ў рукі, а асінавыя калкі палезлі (яны, мужыкі, ведаюць, бо асінавы цвік і ў бервяно палезе). І тады распяты затросся і закляў асіну: "Каб жа ж ты ўсё жыццё так трэслася, як я зараз трасуся". Т а к о е яны ведаюць. Т а к о м у яны павераць.
        - А што, - сказаў Роскаш. - Праўда.
        - Праўда! Праўда! - перадражніў Жарнакрут. - Мне лепей ведаць. Я - гаспадар.
        - А як гэта ты, гаспадар, адзін апынуўся на дарозе з фургонам цэлага пазорышча, у якім чалавек пятнаццаць было? Знайшоў дзе?
        Жарнакрут плямкнуў вуснамі, быццам скрыню зачыніў.
        - Вось што, - сказаў "анёл". - Махлярыць дык махлярыць. Што нам у гэтых бедных мястэчках? Хадзем адразу ў вялікі горад, у Гародню. І зусім без розных там вяшчальнікаў пераапранёмся за мурамі ды ў горад. І - тавар лепшым бокам.
        - У Гародні людзей больш, - сказаў, мацаючы сінякі, Акіла.
        - То што?
        - Ты Хрыста ў Гародні сам іграй, - сказаў Юрасю Акіла. - Я цяжкі на бягу. Для мяне гэта работа дужа шкодная.

Крыніца: http://knihi.com/Uladzimir_Karatkievic/Chrystos_pryziamliusia_u_Harodni.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.