РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кузьма Чорны
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лявон Бушмар
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
        
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

        
        І
        
        Вінцэнты ніколі не ўспамінаў ужо сваіх дзяцей ад першай жонкі - яны даўно рассыпаліся па свеце, ад другой жонкі былі два сыны. Праз колькі ўжо год яны сварыліся - ніяк не маглі выжыць разам, але гаспадарка была гэтакая, што дзяліцца было нельга. Жывучы пры іх, Вінцэнты трымаў руку то аднаго, то другога, як калі, а ўсім гаварыў, што ўмешвацца яму ў спрэчку дзяцей няма ўжо лішне чаго - ён іх пагадаваў, а цяпер яны павінны яго дагледзець, і больш ён нічога да іх не мае.
        Багатым лішне Вінцэнты ніколі не быў, але ганарыстым быў заўсёды. З Бушмаравага бацькі смяяўся, бывала, што той хоць і заможны, але страціў з выгляду ўсю сваю шляхетнасць, забыўся, мусіць, на сваю радавітасць і не знаўся з выдатнымі арандатарамі і панамі. Сам жа Вінцэнты з панамі знаўся гэтак: чакаў, бывала, у нядзелю ля касцёла пры панскіх фаэтонах, пакуль не выйдзе з касцёла знаёмы пан. Панскія фурманы пакеплівалі з яго, а ён зняважліва, моўчкі адно паглядаў на іх з вышыні свайго шляхетнага гонару. Як выходзіў да фаэтона знаёмы пан, Вінцэнты далікатна вітаўся, пакуль лёкай зашпільваў на пану дарожны пыльнік, Вінцэнты падтрымліваў панаў локаць і пасля падсаджваў пана ў фаэтон. За гэта пан пры спатканні ніколі не адмаўляўся адказаць на прывітанне Вінцэнтага, а калі Вінцэнты раз у год з'яўляўся ў маёнтак да панскіх пакояў, пакаёўка выносіла яму што-небудзь з старых панскіх убораў - нагавіцы, сурдут або камізэльку. Гэтакія дачыненні былі ў яго, можна сказаць, з усімі вакольнымі панамі і нават некаторымі падпанкамі. З гэтай прычыны іншы пан ля касцёла яшчэ здалёк пазнаваў яго па сваіх, напрыклад, нагавіцах, другі па сурдуце, а па камізэльцы - які-небудзь маянтковы радзівілаўскі фундатар.
        Як на паноў прыйшоў звод, Вінцэнты пачаў прарокаваць, што «гэта так не будзе хамам даравана», але пасля, як сыны яго панацягвалі з панскага лесу дрэва, ён стаў цішэйшым. Моўчкі ўжо ўбіраўся святочнымі днямі ў панскія неданоскі.
        З суседзьмі ён ладзіў, але дружбы ні з кім не меў. Каго і ненавідзеў, дык і з тым гаварыў заўсёды лагодна. Так ён гаварыў і з Аміліным братам Андрэем. Андрэя называў ён гадам, шмат было прычын дзеля таго, каб быць яму «гадам». Зусім сцураўся ён усялякай веры ў Бога. Ён першы павёў вёску на панскую зямлю і шляхечыя хутары, тлумачачы ўсім, што савецкая ўлада ніколі не лопне. І хоць сыны Вінцэнтага таксама раскашней атайбаваліся на зямлі цяпер, але Вінцэнты ведае, што «не аб адным толькі хлебе жыў будзе чалавек».
        Быў час, калі Вінцэнты гатоў быў з кожным Андрэевым словам згаджацца. Гэта ў той год, калі сыны яго панабіралі зямлі і лесу. Андрэй рабіў «выгадную справу», і каб на гэтым справа гэтая спынілася, лепшага нічога і не трзба было б. Цяпер паны ўжо могуць і не варочацца, можна, калі на тое пайшлося, і без іх пражываць на свеце, абы толькі ўсё як мае быць усталявалася; абы паўрасталі як мае быць новыя межы. Вінцэнтаму вялікай работы не было, дык ён так у сваю ахвоту папрацаваў тут, паглядзеў - мяжу хлопцы зрабілі шырокую, нават яна ўжо дзірваном пачала ўростаць. І Вінцэнты панасаджваў скрозь на ёй грушак-дзічак: «Няхай урастаюць - і мяжа будзе вечна трымацца аднаго месца, і ў спёку адпачыць добра на сваім полі, пад сваёю дзічкаю». А пасля і над дзічкамі гэтымі і над мяжою пачала навісаць хмара. Тады Вінцэнты лішні раз упэўніўся, што гады гадамі застануцца вечна і з імі таму, хто не гад, не выжыць разам.
        З таго часу, як Вінцэнты прыходзіў да Лявона Бушмара пагаварыць аб ратунку, ужо два ці тры разы прыходзіла і праходзіла восень. І як снег закідаў зямлю, сціхалі і ўсялякія трывожныя гаворкі, і ўсё зімавала спакойна. Дзічкі на мяжы пачалі ўжо як мае быць убірацца ў сілу, але гэтая восень была самаю трывожнаю, і гаворкі былі самымі пэўнымі.
        Восень даўно запанавала ў полі. Лес загуў мацней і трывожней, дарога паўз яго не хацела высыхаць. Мокрымі прасторамі тхнула з лесу, поле сінела пад рухавым ветраным небам.
        Вецер імчаўся полем.
        З узгорка павольна спускаўся чалавек. Ён лёгка апіраўся на сукаваты старасвецкі кій, ішоў як бы спацырам, нават штосьці мармытаў сабе пад нос, нейкую песню, без слоў і мелодыі. Ён перакідаўся з нагі на нагу і ішоў да лесу. За плячыма яго танула ў імгле вёска.
        У лесе, на прыдарожных выцерабах, вецер шастаў непрыбраным галлём і шыпулямі, ганяў кусты і весяліўся. Чалавек спыняўся, слухаў, але твар яго заставаўся халодным, як у таго, хто ўсё гэта спрадвеку ведае, уведаў стала і назаўсёды.
        Імглісты дзень. Мокры скавыш. Яна патрэбна тут, павольная постаць гэтага чалавека.
        Так чалавек выйшаў за лес.
        Сабака вартуе хутарскую адзіноту. Яго брэх доўга, аж пакуль чалавек не падышоў да ганка, ваюе з ветрам. Чалавеку непрыемны сабачы брэх.
        - Галас, Галас, сціхні...
        І, нарэшце, з раптоўнаю злосцю:
        - Сціхні, каб ты апруцянеў, каб ты!
        Тады адчыняе сенечныя дзверы жанчына ці дзяўчына - гэтакая яна свежая, ружовая. Вочы чорныя і вялікія. Нездаваленне і разам з тым жартлівая хітрасць у яе ўсмешцы:
        - Як гэта ён не парваў вас?
        - Дзяньдобры, пані Галена.
        Жанчына ўсё стаіць на парозе, і ветліваму старому няма як ісці далей. Ён трымаецца на адным месцы, растапырыўшы рукі.
        - Якая ж я пані? - смяецца жанчына, - цяпер няма паноў.
        - Ну, няхай сабе няма, а вы пані.
        Ён гаворыць гэта спрытна, лёгка, падступае бліжэй і есць вачыма жанчыну. Відаць, за свой век добра вывучыў ён разнастайнасці жаночых характараў. Жанчына разумее яго добра і хітра глядзіць на яго. Ёй робіцца весела, і яна смяецца, але стары ведае цану ўсім жаночым смехам, ён ім не верыць адразу. І гады яго гэтакія ўжо, што толькі хіба кпіць можа з яго, усмешкаю, маладая жанчына, але думак гэтакіх няма ў старога. Ён вітаецца з жанчынай за руку. Тая руку падае, але з хітрым, моцным смехам адразу вырывае назад. Тады стары бярэ яе за плечы, каб прайсці ў сенцы. Жанчына бачыць, што ўжо досыць расцвяліла старога, і годзе ўжо гэтага. Дык яна робіцца жорсткаю:
        - Вы за якою патрэбаю прыйшлі ці зноў...
        - За патрэбаю, за патрэбаю, - шпарка ратуецца ён, - з таею ж самаю ўсё патрэбаю... З таею ж...
        - З якою?
        Жанчына быццам не памятае або і зусім не ведала нічога. На твары яе вясёлая рашучасць і злосць. От яна зараз назаўсёды адшые адгэтуль старога, каб больш не цягаўся сюды.
        - Пані Галена?
        - Якая я пані!
        Мала калі чалавека гэтага бачыць такім лагодным, якім ён раптам цяпер робіцца, хіба можа, тады ён бываў такім, як разам з лёкаямі падтрымліваў пад локаць пана. Ён як бы просіць Галену:
        - Бушмар усё роўна не вернецца...
        Галена востра ўсміхнулася, ускінула ўгару вочы: ёй штосьці вядома! А той гаворыць:
        - Гэтакіх хутка не пускаюць. Яго закапалі надоўга. Усё адно да аднаго сабралася там.
        - Вы ўсё пра нешта гаворыце можа з паўгода, - крычыць жанчына, - я сама здагадваюся, чаго вы ад мяне хочаце, але самі вы ніколі выразна пра тое, чаго вы ходзіце сюды, -не гаворыце. Гаварыце выразна!
        - Я з паўгода ўсё думаю, ходзячы сюды, гэта праўда. Бушмар не вернецца, пройдуць гады, пакуль ён будзе тут. Я па-чалавецку хачу сказаць. Два разы вы адкінулі ад сябе майго сына - навошта вы гэта робіце? Нашто вам траціць маладыя гады, прападаць так? Гаспадарка гэта не Бушмарава...
        - Мая! Я жонка Бушмарава!
        - Вось, вось! Ваша! Цяпер гэтакае права. Хто робіць - таго, а вы ж яшчэ і жонка, а Бушмар правоў не мае, ён арыштант! Вам з ім разлуку трэба браць. Вы сына майго не адпіхайце. Жыць будзеце, рабіць будзеце. І тут будзеце гаспадарамі. Як гэта вы жывяцё, ліха ведае як, не па-людску.
        Жанчына кіпіць ад крыўды і злосці, але чакае яшчэ чагосьці.
        Нарэшце Вінцэнты гаворыць тое, што павінна давяршыць цераз край келіх:
        - Я перабраўся б сюды, галавою я яшчэ ў гаспадарстве кіраваць магу... што меў я там з гадамі ў адзін кацёл нос мачаць...
        - Во-о-он! - раптам крычыць Галена. - Вон!.. Вон!..
        Вінцэнты чакаў усяго, толькі не гэтага. Ён нават не разумее спачатку, адступае назад і глядзіць на Галену.
        - Каб больш я цябе тут не бачыла!
        Вінцэнты ўпірае ў зямлю кій: няўжо ўсё гэтак па-дурному скончыцца? Гэтулькі прапала думак і хатніх нарадаў? Ён ужо глядзіць у зямлю. Жанчына закрычала:
        - Галас! Галас!
        Аднекуль з'яўляецца сабака. Жанчына кіўнула галавою на старога. Галас пачаў браць яго. Стары замахаў навокал сябе кіем. Сабака стаў зверам. Стары пайшоў задам да брамы, адмахваючыся ад сабакі.
        - Як гэта я дагэтуль не здагадвалася! Гэта ж ты ўсадзіў яго!
        - Бушмара? Я! - урачыста крычыць Вінцэнты. - Гэта я. Гэта мая работа. Забойцаў я не мілую! Гадаў не цярплю!.. А ты хочаш жыць з ім! Паручніка забіў, казённага лесу насек, раённага начальніка забіць хацеў!.. Гэта я каля яго пастараўся, нашто мне таіцца...
        З-пад брамы ён крычыць, гатовы памірыцца:
        - Сын мой яшчэ прыйдзе да вас!
        - Добра, што сказаў, я другога сабаку дастану!
        Сабака праводзіць старога да лесу, па лесе гулка ходзіць сабачы брэх.
        
        ІІ
        
        Чаму так Вінцэнты дзіўна думаў пра Галену? Не толькі ўпэўнены быў, што сына пажэніць з ёю і сам заўладае Бушмаравым хутарам, але нават сам каля яе быў смелы: пачынаючы гаворку, не раз гэта ён, стары, клаў руку ёй на плечы. Ён і ўсе навокал пасміхаліся адно, успамінаючы Бушмарава вяселле. Пра Галену і ва ўсіх была пэўная думка - яна не пара сталаму чалавеку, а сталым быў тут Бушмар, сталым быў і Вінцэнты! Сталых людзей тут шмат.
        Пасміхаліся, успамінаючы, як Бушмар падхваціў Галену.
        Яму цяжка гаварыць з начальствам, нават і з сельсавецкім - гэта для яго вялікая пакута, а перад раённым начальствам ён хвалюецца, заікаецца. Начальству яго лёгка збіць, ён блытаецца, усё выходзіць у яго не гэтак, як было, хоць яму і няма ніякай патрэбы гаварыць няпраўду, але затое, калі дзе давядзецца не гаварыць, а дзейнічаць рукамі, хоць перад якім сабе хочаш начальнікам, дык тады Бушмара не пазнаць - ён спрытны тады і бязлітасны. Свайго ён тады не перапусціць.
        Суд тады трашчаў ад рогату, не памагаў і злосны званок суддзі. Нават народныя заседачы ўсміхаліся ў вусы - калі Бушмар выступаў перад судом. Рудая суконная бурка рабіла яго тонкім і больш высокім, шапку ён няспрытна трымаў у руках, у руках трымаў і стусінавую пугу, пакуль яму не параілі хоць пугу гэтую куды-небудзь паставіць у кут. Ён заікаўся і хваляваўся страшна, пра Амілю як пачаў гаварыць, дык каб траха, дагаварыўся б да паручніка. Сыпаў паўсловамі, чырванеў і бялеў, угаворваў усё сюды, што не было тут патрэбна, і ўгаварыў сам сябе. Пра паручніка не ўспомніў, але не далёка было ўжо і да гэтага. І раптам усе зноў успомнілі пра тое забойства. Усякі, хто памятаў тую справу, адразу падумаў - няйначай-такі гэта Бушмарава работа. Суд пацвердзіў патрабаванне Амілі - Бушмару прысудзілі даваць на дзіцянё і сплаціць Амілі за ўвесь час яе работы на хутары. Так скончыўся гэты суд. Бушмар уночы ехаў адзін дадому, разганяючы адзіноцтвам сваё судовае ўтрапенне. Паспакайнеўшы, ён пачаў думаць пра маладую жанчыну, справу якой ён, да свайго яшчэ выступлення, гэтак як і ўсе, з цікавасцю выслухаў. Яна пажыла з мужам два месяцы і цяпер разлучалася; выявілася, што муж хворы, а жыць з хворым яна не хацела. Яна пра ўсё спакойна расказвала суду, ад мужа яе было ўражанне вялікай, але ціхай нездаволенасці гэтакім здарэннем, а яна гаварыла жорстка, вінаваціла яго, што ён хворы жаніўся. Калі пасля выдзяляла яна сабе свой пасаг, выступалі сведкі - суседзі іх, вяскоўцы. Бушмар разам з усімі слухаў справу, чакаючы сваёй чаргі, а жанчына, гаворачы, колькі разоў ненаўмысля глянула на яго. І гэты позірк укалоў яго, пасля суду, ад'язджаючы дадому, ён убачыў яе на возе - чамусьці яна яшчэ не паехала. Бацька яе завіхаўся каля воза.
        - Бывайце, - з смуткам сказаў ёй Бушмар.
        - Бывайце.
        І яна ўсміхнулася, можа, успомніўшы, як ён апраўдваўся ў судзе, а ад яго гэтая ўсмешка адабрала спакой.
        Наступныя дні ён усё думаў пра жанчыну, а праз некаторы час паехаў радзіцца да брата. Той яму даў параду такую, якая надала яму радаснай пэўнасці. І ён з братам паехаў сватацца. Яму было патрэбна цяпер скончыць як найхутчэй усё ранейшае. Гады два прайшло, мусіць, з таго, як назаўсёды пайшла з яго хутара Аміля. І Галена застала тут вялікі непарадак ва ўсім тым, што не належала да зямлі і жывёлы. Навокал пачалі гаварыць пра Бушмараву жонку. Яе першае замуства пачало абростаць людскімі выдумкамі, праз паўгода якога самы суд яе з першым мужам зрабіўся ў людскіх вуснах, можна сказаць, легендаю нейкаю, асабліва стараліся каля гэтага хлопцы. І нават стары Вінцэнты раз быў пусціў брыдкую здагадку, што праз нейкі час, як і першы муж, Бушмар стане хворым і няўгодным ёй, але гэта не прышчапілася да людской думкі - больш усяго цікавіліся Галенаю цяперашняю, а не заўтрашняю. Яна з хітрым жартам дражніла зіркам хлопцаў і мужчын. Святымі днямі хлопцы знаходзілі прычыну зайсці на Бушмараў хутар - патаргаваць насеннай канюшыны або садавіны. Галена калола іх вачыма, даводзіла іх да таго, што ім не хацелася ісці адгэтуль, а сама, зірнуўшы катораму з іх у вочы апошні раз, жорстка гаварыла, што тут не саўгас, каб прадаваць канюшыну, і ішла ў хату. Хлопцы яшчэ тупалі каля Бушмаравай хаты, а Бушмар, як звер, паглядаў у акно, а пасля як бы ненарокам выпускаў з сянец сабаку. Хлапячы рогат і сабачы брэх доўга абуджвалі лясныя нетры, пасля гэтага Бушмар даходзіў ад Галены «праўды». Яна адказвала яму ласкава, але гэтак, што ён дрыжаў, каб не страціць гэтай яе ласкі. Ледзьве яна з штучнаю абыякавасцю на яго гляне, ён, не думаючы, усхватваўся, патрабаваў, прасіў, выпрошваў ад яе сказаць «праўду», а яна, патрымаўшы яго крыху гэтакім, упэўнівала яго, што не ведае, чаго хлопцы валочацца сюды, і дакляроўвала другі раз сама адразу выпусціць сабаку і не выходзіць да іх. Яна ўскідала на яго вачыма гэтак, што ён пакорліва змаўкаў і верыў. Усе так і гаварылі, што Бушмар пад бабскаю ўладаю, а ўлада гэтая нават і самому Бушмару дасць рады. «Гэта яму не Аміля!», а Бушмару было ўсё роўна, што і як пра яго гавораць. Людскою думкаю ён не цікавіўся. Ён быў бы рад, калі нават чалавечая нага не ступала на яго хутар, каб ніводная жывая істота, якая можа думаць і гаварыць, не з'яўлялася ніколі па гэты бок лесу.
        Але гэтае ўтрапенне Бушмарава не цягнулася доўга. Зацяжарыўшы, яна стала іншаю. Яе пакінула цягнуць на вёску, яна пакінула скардзіцца на воўчую адзіноту ляснога хутара, часта ўсміхалася сама сабе ціхаю ўсмешкаю, гэтакаю непадобнаю да той момантнай усмешкі, якая прыкоўвала да аднаго месца хлопцаў каля хаты, а Бушмара - у хаце. Бушмару было больш цяпер спакою, і яшчэ больш, здаецца, ён пачаў ненавідзець кожнага, хто заходзіў калі-небудзь на хутар.
        На той бок лесу ішла тады ўпартая работа, ад якой свет не міл быў Вінцэнтаму, але на хутар да Бушмара ён не прыходзіў больш радзіцца і даваць парады. Пачаў хадзіць ён сюды тады, калі бяда навалілася на Бушмара. Сам Вінцэнты памог гэтаму - у яго тады ўжо раджалася думка сілаю засталявацца каля Бушмара. Ён пачаў варушыцца - стараўся ўсё падгадзіць начальства, каб, як будзе поўная абрэзка, далі яму кавалак Бушмаравай зямлі. І калі не ўдалося гэта, стаў прыглядацца да новай справы. Бушмара пацяглі тады ў суд за буйную высечку лесу: ён пачаў патроху спускаць хвоі і закладаць неўзаметкі разабраную сцяну ў гумне. Вінцэнты адразу даглядзеў гэтай Бушмаравай работы. На Бушмара наклалі вялікі штраф. Бушмар яго не выплаціў, таксама як і не аддаваў падатку. Хтосьці прыехаў з раёна спагнаць з яго штраф. Бушмар захваляваўся, пачаў заікацца, злаваць, а ў тыя дні штосьці не паладзілі яны з Галенаю, і ён тады хадзіў, як звер. Якраз здалося яму (ці, можа, гэтак і сапраўды было), што раённы начальнік вельмі нешта прыглядацца пачаў на Галену, а тая не прагнала яго з хаты, што было патрэбна дзеля Бушмаравага спакою. І от на двары раённы службовец штосьці пачаў гаварыць Галене, смеючыся гэтак, як смяюцца прыгожым жанчынам. Бушмар, сціснуўшы зубы, схапіў службоўца за пояс, перамчаў упоперак цераз двор і кінуў на той бок плота. Той ледзьве падняўся, доўга сядзеў на зямлі, пакуль сяк-так здолеў павалачыся ў вёску, а назаўтра Бушмара арыштавалі. Тут было ўсё - і нявыплата падатку, і лясныя высечкі, і калецтва раённага службоўца (той доўга ляжаў у больніцы і ледзьве ачуняў), і Бушмара засудзілі на два ці тры гады адседкі.
        Выходзячы з двара, Бушмар нічога не сказаў Галене. Яна з плачам правяла яго за лес, а ён нават не азірнуўся. Гэта яе не ўкалола. Яна як бы чакала гэтага і ведала, што іначай з Бушмарам нельга.
        Галена хутка разумець стала Бушмара. За кароткі час навучылася пазнаваць яна ўсю звераватую простасць яго характару. Яна сэрцам пазнавала ўсю яго чалавечую ўрачыстасць і прыгнечанасць. І застаўшыся адна, яна адразу зразумела, што гаварыла Бушмарава маўклівасць на адвітанні і ссунутыя бровы. І яна стала берагчы тое абяцанне, якое дала б Бушмару, каб той не маўчаннем, а словамі развітаўся з ёю. Яна адразу стала такою, што нікому і на думку не ўзбягала мець якія-небудзь інтарэсы на Бушмаравым хутары. Не было Бушмара, не прадавалася тут і насенная канюшына. Толькі праз месяцаў два зайшоў быў сюды як бы ненарокам Вінцэнты. Тады ўжо ў яго пачала фармавацца цвёрдая думка ажаніць дзе-небудзь малодшага сына і разам з ім перабрацца куды-небудзь так, каб дажыць свой век самому сабе панам. Жыццё гнала яго з уласнай хаты, ад слядоў былога. Цяпер ужо ён ненавідзеў Бушмара гэтак, як і Амілінага брата: адзін быў ворагам, які не паддаваўся, а другі - які наступаў.
        Галена адразу і не чакала ніякіх вестак ад мужа. Яна разумела яго навылёт. І праўда, што Бушмар маўчаў месяцаў мо з тры, а пасля загаварыў раптам, адно за адным пайшлі ад яго лісты: «глядзі сябе добра», «пільнуй сябе ў сваёй хаце», «трымай усё, як мага, не збывай нічога, а я доўга тут не буду...» Хтосьці малапісьменны, мусіць, допраўскі Бушмараў таварыш, выпісваў прывітанні, пажаданні, імкненні Бушмаравай душы, але Галена пазнала Бушмара толькі ў словах пра гаспадарскі набытак, пра «пільнаванне сябе ў хаце». За гэтымі словамі і жыла Бушмарава душа, якая для Галены была яснаю і вядомаю і якая не патрабавала для выказванняў шматслоўя. Галена разгадала: поўны нечаканым утрапеннем, прыглушаны бядою, Бушмар спачатку не думаў ні пра што. Як бы ўсё ўжо было скончана, больш ужо нічога не трэба на свеце чалавеку, але пасля з'яўляцца пачала абыкласць, незвычайнае стала набываць адзнакі звычайнасці, і тады зноў чалавек стаяў на зямным грунце.
        
        ІІІ
        
        У хутарской адзіноце Галена нарадзіла сына. У той самы дзень Бушмараў брат ледзьве ўспеў прывесці сваю жонку, а праз які дзень Галена пачала брацца за работу.
        Братава жонка паехала. Гэтай Бушмаравай радні Галена не любіла.
        Бушмараў сын удаўся ўвесь у матку. Бацькаўскі быў толькі колер вачэй. Гэта гаварылі ўсе, хто бачыў яго, а паглядзець на малога падыходзілі людзі пад Галену, калі яна выносіла яго ў лес і за лес. Яна несла яго скрозь паўз сцяну лесу, думала толькі пра яго і гэтым адцягвала непатрэбны клопат свой ад непазбыўнага бязладдзя ў хаце. Бо як ты ні глядзі і ні клапаціся, аднымі рукамі нічога не парадзіш. Як яна спачатку ні разрывалася за работаю і клопатам, усё роўна не ўтрымала парадку. Усё было не дагледжана, параскідана. І яна прыняла гэта з лёгкім сэрцам. У яе з'яўляцца пачала нуда па людзях, таму яе гэтак часта і цягнула за лес, а тады якраз адбыліся вялікія змены навокал. Бушмару пакінулі толькі сялібу і зямлі па норме на душу. На гэты бок лесу было ўжо калектыўнае поле. Яно ціснула сялібу неміласэрна. Тады Галена першы раз за ўвесь час напісала Бушмару праўду пра гаспадарку.
        У тыя часы Вінцэнты трапятаўся як падсмалены. Мусіць, дапякло чалавеку добра, калі не цураўся ўзяць на сынаву шыю Бушмарава дзіцянё, але пасля апошняга таго прыходу да Галены ён асеў як знясілены. Ён толькі шаптацца пачаў з людзьмі і вохкаць.
        Тады была трэцяя восень, як адышла Аміля з хутара. Пра Амілю Бушмар ніколі не гаварыў Галене, яна і не дапытвалася, ведала толькі тое, што пачула была тады на Бушмаравым судзе.
        Несучы малога паўз лес, яна бачыла людзей на полі. На яе прыглядаліся здалёк, як бы ненарокам падыходзілі бліжэй. Яна сама пайшла да ўсіх. Дзіцянё разглядалі доўга, спачувалі, што яна адна з ім. Галена пагаварыла з людзьмі і пайшла назад. Гэта было пасля апошняга здарэння з Вінцэнтым. Восень у той дзень прачнулася пагодліваю, цвілі паўз лес верасы, беразняк увесь зіхацеў ад сонца і лісця. Лясы дыхалі спакоем, сумная радасць поўніла іх. У бяздум'і Галена ўвайшла ў лес, на сваю дарогу. І тады пачула, што хтосьці даганяў яе. Крокі былі лёгкія і шпаркія, Галена азірнулася. Бегла жанчына. Галена пачакала яе, і от яны сышліся.
        - Я пагляджу вашага малога, - сказала жанчына.
        Галена ўбачыла сумны спакой незнаёмага твару, незвычайную шпаркасць у рухах, здэтэнаванасць.
        - Не падобен да Бушмара, - устрапянулася жанчына.
        Штосьці яшчэ яна хацела сказаць - Галена заўважыла гэта і чакала. Яны ішлі поплеч - тая першая рушыла праз лес. Галена здагадвацца пачала. Ісці моўчкі ім было нядобра. Галена спакойна глядзела на дзіцянё і на ўсё, тая была неспакойнаю.
        - Вы Аміля? - проста і звычайна сказала Галена.
        - Я.
        - Хадзем на хутар.
        Сказала яна гэта так проста, што Аміля пайшла. Ішлі яны паволі. Аміля ўглядалася ўсё ў дзіцячы твар.
        - Ён мог бы быць падобным да свайго брата...
        - Да якога?
        - Да майго малога, да другога Бушмаравага сына. Ён якраз мог бы быць гэтакім...
        Пасля яна падумала, што Галена магла пакрыўдзіцца за што, і глянула на яе, а тая ішла, як ішла. Толькі як бы не разумела гаворкі. З-за лесу Аміля пайшла назад:
        - Не пайду далей. Нядобра мне ісці туды.
        - А я даўно хацела вас пабачыць.
        Аміля ішла назад шпарчэй. Яна ж толькі хацела паглядзець на другога Бушмаравага сына, ці не падобен ён да яе сына! Гэта было б страшна! Тады яна магла б знелюбіць яго. Бо і прыйшоў ён на свет праз гэтакія пакуты, якія дарэшты выветрылі ўсе маладыя імкненні. Першы ж сын яе раней браў усю матчыну ласку! Не, яна пароўні дзеліць цяпер гэтую ласку між абодвума сваімі сынамі! Сынамі сваімі!
        Яна гнала ад сябе страшныя думкі.
        «А яшчэ тая запрашае на хутар! На той самы хутар!»
        Чамусьці нейкую крыўду раптам пачула яна ў гэтым запрашэнні. Наўмысную знявагу да сябе. Нават, можа, кпіны.
        Не думаючы, Аміля вярнулася. Галена паволі ішла сцежкаю на ржышчы.
        - Я пайду на хутар.
        - Добра... Я ж прасіла вас.
        Галас пазнаў сваю ранейшую гаспадыню, стаў лашчыцца да Амілі.
        Вось тое самае месца, дзе яна была калісьці нагнулася завязваць чаравік. Той самы дзядзінец і сад...
        Аміля ўвайшла ў хату следам за Галенаю.
        - Не ўдаліся мне маладыя гады, - сказала Галена.
        - А вы думаеце мне ўдаліся!
        Аміля гэта аж крыкнула. Галена здэтэнавалася.
        - ...І мне не ўдаліся! Вы ж тады (я добра заўважыла вас) былі на судзе, вы чулі ўсё, як жа вы гэта пайшлі за яго? Як вы не пабаяліся! Хіба не відаць было тады, што гэта за чалавек!..
        - Мы з ім жывём добра.
        Аміля плакала. Дрэннае пачуццё да Галены расло ў ёй.
        - Дзякуй Богу, што яны не падобны адзін на аднаго.
        - Хто?
        - Дзеці. Я свайго знявідзела б тады.
        - За што? Нашто вы гэта гаворыце? Вы і на мяне нядобра, як на ворага, глядзіце? А за што?.. Я ж бачу, што пра Бушмара вы і цяпер думаеце. Які б ён ні быў, вы на яго не забыліся...
        - Забылася... Не думаю...
        - Мусіць, думаеце, калі гаворыце гэтак, калі адразу што ўцяклі былі тады ад яго, з першых дзён. Бо ён цяжкі чалавек, інакшым ён ніколі не будзе.
        - А вы ж жывяце з ім, не ўцяклі ад яго.
        - Я жыву, але каб ён паздзекаваўся з мяне, я і дня ніколі з ім не была б. Бо нашто гэтак жыць...
        - А калі лепш няма як?
        - Як гэта няма? На свеце ўсякага жыцця даволі і чалавечае долі шмат...
        Аміля панура слухала. Якраз так гаворыць часам брат, калі жонка пачне скардзіцца на долю.
        - Чаму ж ты сам свае добрае долі не знайшоў, а каго дык вучыш? - крыўдзіцца жонка на Андрэя тады.
        Андрэй тады гаворыць колькі жорсткіх слоў пра дурную чалавечую нецярплівасць і пра нуду з гэтакімі людзьмі. І сыходзіць куды-небудзь з хаты.
        «Пануры ён чалавек», - думае тады пра Андрэя Аміля, не ўмеючы іначай назваць братавай натуры.
        
        ІV
        
        Неба было над лясамі сіняе і ціхае. І ціха было ў самых лясах. Восень зрабіла сваё і адпачывала на палянах - там яшчэ зелянілася трава, стаяла вада. Сям-там яшчэ жоўты лісток трымаўся на дрэве, гатовы і зімаваць там... Гэтай ціхасці не парушалі і вятры. Яны густа ішлі ў сваю дарогу, дзікаю ласкаю ападаючы на зямлю. Сонца часамі выкрадвалася з-за хмар, але восень, перад скананнем сваім, любіла хмурнасць. Гэтак дажывала восень апошнія дні. Туман з рэчкі ці лагчыны або дым з пастушковага вогнішча калі ўзнімецца, дык невысока стаіць над зямлёю. І гукі людскога голасу звіняць доўга ў гэтай прасторнай цішыні.
        Дарогі былі пустыя. На дарозе высокая чалавечая постаць вырасла раз надвечар. Жорсткі і рухавы выгляд яе рваў гармонію ціхай восеннай ласкавасці.
        Чалавек спяшаў. За плячыма ў яго матлялася пустая торба. Ён толькі на ўзгорку прыпыніўся, адкуль больш відаць было зямлі навокал. І зноў заспяшаў. Вёску ён абышоў стараною, але яго ўсё роўна ўбачылі. І ўсе гаварыць пачалі пра яго:
        - Бушмар ішоў дадому з астрога.
        - Спяшаў страшна.
        - Не адбыў свайго часу, амунісція, мусіць, нейкая!
        Вечар увосень находзіць шпарка. Бушмара ён агарнуў ля хутарской брамы. Сінь неба згусцілася, лясы пачарнелі.
        Дубняк падыходзіў да самых хат. Увечары ён зусім зліваецца з мізэрным драўляным чалавечым прытулкам. Як запальваюцца на небе зоры, неба ўздымаецца вышэй, зямля чула дрэмле пад ім. Тады, калі заплача ў хаце дзіцянё, дзіцячы голас далёка чуваць у лесе.
        Я цябе люляла...
        Спявае жанчына. На дварэ чуваць, як скрыпяць вяроўкі ад калыскі. У хаце гавораць. Жанчына ўсё спявае.
        - Андрук, ты збіраешся куды? - чуваць другі жаночы голас.
        - Я надвечар бачыў, як Бушмар дадому з допру ішоў, - адказвае мужчына.
        - Гэтак хутка...
        Жанчына яшчэ нешта гаворыць, але чалавек выходзіць з хаты. Другі чалавек шпарка адбягае ад акна. У змроку ён здаецца клышаногім. Адбегшы крокаў дзесяць, ён спакойна варочаецца назад, нібы ідзе сабе спакойна ў сваю дарогу.
        - Добры вечар, Андрук, - гаворыць ён, стараючыся быць спакойным.
        - Добры вечар, Вінцэнты, - гэтаксама стрымліваючыся, гаворыць Андрэй.
        - Бушмар вярнуўся.
        - Ну!
        - Не бачыў?
        І Вінцэнты хітра ўсміхаецца, як следчы, які злавіў на слове падсуднага. Пасля гаворыць:
        - Лепш бы ён зусім не вярнуўся.
        - Чаму?
        - Брыдкі чалавек. Воўк. Звер. Людзей ненавідзіць. З яго карысці людзям жаднае быць не можа.
        - Дзіўлюся. Вы ж з ім павінны добра ладзіць. Ён сабе дзедзіч, а ты далікатны чалавек і хамаў не любіш, з гадамі знацца не хочаш... Хіба вы не падзялілі чаго?
        - А адкуль ты ведаеш, што я з ім вельмі вялікі прыяцель павінен быць?
        - Па-мойму, няма вам за што сварыцца. Жылі б вы сабе як мае быць, далікатна, па-Божаму; зналіся б, як добрыя людзі, як сваякі якія...
        Вінцэнты недаслухаў. Ён пайшоў шпарка, з маўкліваю нянавісцю.
        - Бож-жа мой, Бож-жа мой, - шаптаў ён, прыціскаючы на «ж». Ён здалёк чуў, як пайшоў у вуліцу Андрэй і як Аміля спявала ўсё свайму меншаму сыну.
        
        V
        
        Калі Бушмар выйшаў за страшную браму допра, яшчэ чуў на сабе цяжкасць прыгнечання, аж пакуль не мінуў апошняга гарадскога завулка. Як бы хто магутны, непераможны трымаў яго за плечы і ціснуў у зямлю. Калі праходзіў местам, пазнаў блізкіх, з свайго боку людзей каля вазоў, але яшчэ больш тады даў ходу, - каб хаця не заўважылі і не запрасілі садзіцца на воз. Ён зусім прыйшоў да спакою, калі пачуў, як палявы вецер свішча ў вушы і б'е проста ў вочы. Тады адчуў ён струмень бурнай волі. Яна гнала яго па зямлі асеннімі дарогамі, сцежыстымі пераходамі, лясамі. Больш нешта за сорак вёрст зрабіў ён за той дзень і яшчэ больш ішоў бы. Лёгка ўвайшоў ён у лес, як бура, мінуў яго зараз жа. Галас ірвануўся да яго на поўны рух сваёй сабачай радасці. У браме яны стаялі ўдвух, абняўшыся. Бушмар раздзьмутымі ноздрамі цягнуў у сябе восенны пах мокрага дрэва, саломы, зямлі, сабака захлынаўся віскам, калаціўся з радасці. Апамятаўшыся, Бушмар рушыў пад хату. Сабака павалокся на задніх лапах следам, трымаючы ў абдымках гаспадараву спіну. Галена спаткала Бушмара на ганку. Яна абняла яго за шыю і павяла ў хату. І толькі тут, калі ўжо запахла знаёмым спрадвеку кутком, заварушылася дзесьці ў нетрах сэрца трывога. Ён і сам не разумеў яшчэ, што гэта і з чаго, ці гэта пачатак чагосьці вялікага, ці драбяза якая? Галена падвяла яго да калыскі:
        - Бачыш?
        Ён чыркануў запалку, каб угледзецца ў твар невядомага яшчэ сына. Галена не зводзіла з яго вачэй.
        Праз паўгадзіны ён ужо хадзіў па двары. Сабака гайсаў за ім, постаці іх шпарка варушыліся ў раннім змроку, яны некалькі разоў абышлі двор. Нарэшце Бушмар рушыў за браму. Ён ішоў шырокаю сваёю мяжою і тут чуў, як тая трывога шпарка расла. І ён пачаў усвядомліваць яе. Ён ужо трымаў у думках тое, што бачыў, як толькі падышоў быў сёння пад дом, але што ўцякло тады з галавы і сэрца. Каб бязлітасна вярнуцца цяпер.
        За дзікаю, яшчэ бацькаўскаю палявою грушаю мяжа была развернена плугам. Нават спачатку, пакуль яшчэ не закіпела думка, ён з гаспадарскай прывычкі падумаў быў: «Нейкі няўмека зворваў», - а пасля раптам усё патанула ў мітусенні навакольнага зямнога змроку і надлеснай ясноты. Усё скрозь пабіта было разорамі на дзялянкі - пачатак позняга зябу. Далёка чарнеў у змроку хутар. Разоры вялі Бушмара да самай агароджы. Дзіка кінуўся ён у хату да Галены.
        - Наша поле вунь там, - сказала яна, паказваючы яму ў акно за сад. - На тры душы пакінена нам. От нядаўна ўсё зрабілася. Я ж пісала табе.
        - Без мяне?!
        - А што ты памог бы?
        Яна глядзела яму ў вочы, прасіла позіркам не думаць пра гэта. Вочы ў яе былі гэтакія, як тады, калі ён першы раз убачыў быў яе на судзе. Вочы гэтыя палілі яго. І гэта яшчэ больш узняло ў ім навальніцу страшнага ўтрапення, падобна было тады, як калісьці першы раз пасля паверкі сеў ён на ложак у казарме і як першы раз зачынілі яго ў допраўскай камеры. Ён кінуўся з лямпаю раптам да калыскі.
        - Чаго ты ўглядаешся гэтак? - здзівілася Галена на страшны неспакой яго панурага твару.
        - Гэта мой?
        Яна гнеўна, горда стала перад ім:
        - Твой!
        - А не хлусіш?
        Яна ўзняла галаву і адышла моўчкі.
        - Ага, чаго ж ты змоўкла?!
        Ёц пачынаў ужо крычаць. Яна стаяла напроці акна.
        - Мусіць, грэх нейкі ёсць, калі маўчыш!
        - Ёсць! - адказала яна, павярнуўшыся да яго.
        - Гавары!
        - Не скажу.
        - Скажы!
        - Не!
        - Дык я зараз іначай пагавару.
        - Ніяк ты іначай не пагаворыш.
        - Гавары, хто прыходзіў да цябе.
        - Хто толькі хацеў, той і прыходзіў.
        - Скажы!
        - Не скажу.
        - Скажы...
        Яна стаяла перад ім, не зводзячы з яго вачэй. Ён усё гаварыў: «Скажы... скажы...» Раней крычаў, пасля пачаў прасіць. Прасіў доўга, раптам рабіўся мяккім - дзіўным нават для Галены, то зноў узнімаўся да сваёй звярынай сілы ў голасе. Біў тады кулакамі аб стол, пасля зноў ападаў да просьбы, а яна глядзела, як ён варочаецца, і ўсё сцвярджала:
        - Не скажу.
        Нарэшце ён абяссілеў. Пайшоў з хаты, гукнуў за сабою Галаса. Як віхор прамчаўся да лесу і праз лес, ішоў, сам не думаючы куды. У лесе моцна шастала пад цяжкімі ботамі яго не зляжалае яшчэ лісце, за лесам - гучна шоргаўся аб абцасы жвірысты пясок на дарозе. Бушмар нагадваў штосьці бязлітаснае і цяжкае, што ўсё крышыць дашчэнту пад нагамі сваімі, сцірае ўсё з твару зямлі і, не заўважваючы гэтага, у імя сваіх адчуванняў свету для сябе аднаго. Малыя і слабейшыя істоты ратуюцца, уцякаюць з-пад гэтага страшнага ходу, але іх ніхто не заўважае. Тут толькі дзікасць і выпадковасць, што і хто пападзецца пад бот?! Хто і што будзе растаптана насмерць?! Хто і што застогне пад ботам, развітваючыся з жыццём?
        Бушмар шукаў свайго спакою ў шпаркай хадзе. І толькі цяпер загаварылі сорак вёрст дарогі за дзень. У нагах з'яўлялася цяжкасць, ападаць пачалі нездаваленне, страх, злосць, нянавісць, трывога... перад ім чарнелі сцены і стрэхі, мільгацелі святлом вокны. Даўно не быў тут Бушмар. Ён цураўся гэтага месца даўно ўжо, аж з самага здарэння з паручнікам, а цяпер і пагатоў. Каля крайняй хаты ён стаў, пакуль узыходзіць пачала на думку вялікая патрэба яго рушыць зараз жа адсюль.
        - Здароў, Бушмар!
        Бушмар здрыгануўся. Ён не заўважыў быў, што ў варотах стаялі людзі. Некалькі чалавек. Цяпер ён пазнаваў тутэйшых хлопцаў. Яму нядобра стала пры іх.
        - Як маешся, Лявон?
        - Нечага ж да нас?
        Бушмар не гаварыў нічога. Да яго падышлі. Цяпер ён пазнаў і Андрэя тут, штосьці там гаварылі каля яго ці то з ім, ці то самі з сабою, але ён не чуў пра што. Толькі кальнула яго Андрэева слова. З гэтага ён і чуць пачаў гаворку:
        - Кагадзе што пра цябе мне Вінцэнты ўспамінаў. Нешта вельмі не любіць ён цябе.
        І тут прайшло ўсё ранейшае. Выразна вырасла перад усім адно вялікае і найважнейшае цяпер: нянавісць да Андрэя.
        - А ты яго ці не нацкоўваеш на мяне?!
        - Хіба мне работы іншае няма?
        - А што табе больш рабіць? Табе іншае работы і не трэба.
        - Чаму ты гэтак думаеш?
        Бушмар чуў на сабе зняважлівы і злосны Андрэеў зірк, бачыў, як той падступіў бліжэй.
        - Я не думаю, а на сабе бачу тваю работу. Я яе пачуў добра! Можа, лепш ужо і чуць не трэба.
        Ён стрымліваў моцнае жаданне змяшаць Андрэя з зямлёю.
        
        VІ
        
        Што ён там гаварыў з Андрэем ці Андрэй гэта з ім - Бушмар не памятаў, штосьці ён адказваў, а то маўчаў у злосці. Толькі пасля ўжо, калі Андрэй знік недзе з-пад яго, ён адчуў яго гаворку. Не ўспомніў, а адчуў. Той кідаў словамі як каменнямі, а як дагаварыўся Андрэй да сваёй гэтай казані, не ішло на памяць.
        - ...Ты дзе ні павернешся, усюды прыкрасць, а можа, што і большае каму зробіш. Як бы ўвесь свет табе павінен быць...
        - Я на чужое не лезу, - закрычаў Бушмар, - каб адно ніхто мяне не чапаў! Не чапай мяне!
        - А ты пагавары пра людзей, а не пра свой хутар! Ты ж яго ад усяго свету не агародзіш! Райвыканкомавец ступіў быў раз на твой хутар? Ты нікога не чапаеш? Успомні пра ўсё, з кім ты спаткаўся калі, а Амілі ты не забыўся яшчэ ці ўжо і следу ў тваёй галаве яе не засталося? Ты хочаш прайсці, жывучы на свеце проста, як сабе хочаш, што на дарозе - павінна саступіць табе, а што не ўспее саступіць, пападзецца пад твой бот, а каго-небудзь ты і сам паклічаш да сябе на момант, дзеля якое-небудзь прагнасці свае ці патрэбы. Бо і воўк жа не цягаецца вечна адзін, без канпані. А пасля ідзеш далей і ні на што не глядзіш, нічога пад нагамі не прыкмячаеш. Як бы ўсё гэта толькі дзеля цябе жыве на свеце...
        Калі ішоў ужо Бушмар назад, словы гэтыя жылі дзесьці ў адчуваннях яго, але былі яны далёкія ад яго, нічога ў ім не чапалі і павялічвалі толькі нянавісць да Андрэя. Ён адумаўся адзін на вуліцы. І што ўкалола яго тут, дык гэта толькі неспадзяванае, што стаіць ён каля той хаты, дзе жыла калісьці, а можа, і цяпер жыве, Аміля. Ён рушыў назад ціха, не гэтак, як ішоў сюды. Ён быў стомлены гэтак моцна, можа, першы раз на жыцці сваім. Ні то што яму балелі ногі, ці нылі плечы, ці туманілася галава - ад дзённай дарогі, ад вячорнага ўтрапення, - штосьці іншае было. Як у тумане прайшоў ён тое месца паўз лес, дзе сядзеў калісьці, чуючы радасць сцяны між ім і Аміляю, дзе ўглядаўся ён на коршака над лесам - ён цяпер гэта, праз колькі год, задрыжаўшы ўвесь, успомніў. Як праз імглу, бачыў ён пакарпаную плугамі дарогу пад нагамі, раскапанае глінішча на цэглу, навожанае дрэва за вёскаю, паадворваныя межы, паразбіраную агароджу... Усё інакшае, як было нават гэтак нядаўна, калі забіралі яго ў адседку...
        Усё рушыцца і ўцякае!
        Галас гайсаў перад ім. Брэх яго гулка рваў лесавую цішыню.
        Прыйшоў дадому Бушмар позна. Галена карміла дзіцянё.
        - Дзе ты ходзіш? - сказала яна.
        Ён маўчаў.
        - Чаму не адказваеш?
        Як бы ўсё ішлося тады на тое, каб выслухваць яму людскія ўшчынкі.
        - Ты маўчыш, дык і я магу маўчаць. Як ты прывітаў мяне, вярнуўшыся ад такое свае бяды? Няшчасце мінула, дык ты няма каб пачуў гэта, разам са мною, з дзіцём, якога яшчэ не бачыў, а пачаў думаць пра ўсё, чаго не было. Чаму ты не паверыў мне і нават чаму ты пытаў гэта? Ці гэта вінават хто, што гаспадаром ты стаў меншым? Можа б, ты мог бы на ўсё іншае забыцца тады, а пабыць, як чалавек, з сваёю сям'ёю. Усё роўна як я табе не блізкі чалавек, а хто чужы, што табе трапіўся на дарозе...
        Яна гаварыла доўга. Успамінала назнарок пра ўсё.
        - ...Тут Аміля заходзіла. Мы з ёю разгаварыліся былі доўга.
        - Пра што ж вы гаварылі гэта з ёю?
        - Менш за ўсё пра цябе. Яна парывалася ўсё на гэта, але ж хіба малы свет чалавеку, што канечне думаць пра адно ўсё?.. Пра ўсё мы гаварылі. Яна ўспамінала ўсё, як гадавалася, як расла, што ў іх у хаце рабілася, а я дык не! Ніколі я нічога не ўспамінаю і не хачу ні пра што ўспамінаць. Што было, тое аджылося, а што будзе, тое важней...
        Бушмар стаяў, скруціўшы пальцы ў кішэнях жакеткі.
        - Каб ты павесяліўся сваёю воляй, дык не, ганяешся за нечым уночы недзе па полі, шукаеш немаведама чаго, чаго ніколі не губляў, чаго, можа, і не было ніколі ў цябе...
        - Не было? Не губляў?! Я з-гу-б-іў!
        - Што ж ты гэтакае згубіў?
        Яна сапраўды чакала ад яго адказу.
        - Якраз ты, можа, і не згубіў нічога, хоць і здаецца табе. Нічога ты не згубіў, а калі што і згубіў, дык нехта знайшоў, так яно на дарозе не прапала. Можа, той, што знайшоў, не мог жыць без яго, а цябе гэта толькі сапсавала навек, што ты на чалавека не падобен, што з табою і табе самому жыць на свеце цяжка...
        Галас драпаў з сянец у хатнія дзверы. адчыніў іх і ўскочыў у хату. З віскам кінуўся да гаспадара. Той з асалодаю ткнуў яму ў жывот наском бота. Галас заенчыў, не ведаючы, што гэта раптам зрабілася, адскочыў. Малы прачнуўся, заплакаў. Зрабілася шумна ў хаце. Бушмар выкінуў Галаса на ганак, пайшоў у кухню, лёг за сталом на голай вузенькай лаве і заснуў.
        Галена раніцаю не будзіла яго позна, ціха хадзіла па кухні. Ён, калі прачнуўся, з дзівам нейкім у вачах, як бы не разумеючы нічога, глядзеў навокал. Як і заўсёды, спрадвеку, быў ён панурым, маўклівым.
        - Не думай ні пра што, - падышла да яго Галена.
        І, не дачакаўшыся адказу:
        - Можа, нават да ўсіх прыстанеш жыць, мне хочацца ў людзі. І ты там зменішся...
        - Дык мне змяніцца трэба?
        Яна адчула, што сказала ў гэтую хвіліну глупства. І паправілася як магла:
        - Гэта так я сказала. Так сабе... Кінь, не думай ні пра што, давай жыць будзем, як людзі жывуць... Вазьмі сябе ў рукі, не злуй, не муч сябе і мяне ліха ведае якімі думкамі, словамі...
        Яна палажыла яму локці на плечы, нагнулася да яго тварам. Ён сядзеў цяпер гэтакі малы і слабы перад ёю. Яна стаяла над ім, глядзела яму ў твар.
        Але ён не паддаўся. Ён перш за ўсё глыбока чуў мяжу між сабою і ўсімі, нават ёю. У іх нейкае там сваё жыццё, а ў яго сваё. Ён, дзеля прыклёпу, пагладзіў яе па галаве і падняўся. Нехаця ўзяўся ён за работу на двары, чуючы сябе чужым усяму і ўсім нават тут. Ён і не спрабаваў саўладаць з сабою. Нашто гэта патрэбна чалавеку! Ніколі гэтага не было, не радзілася гэта разам з ім на свет!
        
        VІІ
        
        І Андрэй бачыў цеснату навокал сябе, але ў сабе самім чуў волю.
        Як тады, пасля неспадзяванай гаворкі з Бушмарам, увайшоў ён у хату, чамусьці, як ніколі раней, ахваціла яго адчуванне цеснаты тут. Можа, гэтая гаворка абудзіла ў ім парыванні, што заўсёды жылі ў ім.
        Яго і Аміліны дзеці спалі. Аміля больш не спявала калыханкі. Яна і жонка яго шылі штосьці, нагінаючыся над сталом да лямпы. Пахла ў хаце парнасцю, тхнула запечным пылам. Ён заўважыў: за трамам пылела праз доўгія ўжо гады колькі кніг, з тых часоў, як яшчэ яму было калі больш цікавіцца імі, калі яшчэ з арміі некаторыя з іх прынёс ён, а цяпер гаспадарскі клопат - адны яго мужчынскія рукі ў хаце - забіваў у ім увесь час.
        Ён падышоў да стала, глянуў у жончын твар. Ён часта спрабаваў уявіць яе сабе ранейшаю, маладою. І не мог. Даўно ўжо яна замужам за ім. Твар яе даўно пачаў блекнуць і старэць. І толькі рабіўся маладым, дзявочым, калі радасць якая ажыўляла яго. Тады вочы яе свяціліся агнямі, разганялася з твару надакучлівая і прыкрая непазбыўнасцю сваёю заклапочанасць.
        Калісьці, у зусім яшчэ маладыя гады, калі ён быў удалым цымбалістам, яна была сарамяжаю і ціхаю. Першыя спатканні яшчэ і цяпер хвалявалі яго. Колькі разоў ён, жывучы з ёю, успамінаў той час. Яна глядзела ў адно месца, кудысьці скрозь усё, што было перад вачыма, далей за ўсё, і надоўга клала на твар летуценную ўсмешку...
        - Памятаеш, як ты да мяне бегла тады праз поплаў, уцякаючы ад канпані?
        Яна пераводзіла вочы на яго, не зганяючы з твару той прывабнай заўсёды дзеля яго ўсмешкі.
        - А я крычаў табе: «Хутчэй, хутчэй, дагоняць!» Памятаеш?
        Можа, ад яго цяперашняга пільнага зірку яна ўзнімае на яго вочы. Штосьці гэтакае нечаканае ўзбягае на яе думкі, робіць нецікавую работу. Яна нават крыху адкідае ад сябе сфастрыгаваную з палатном кудзелю і апускае вочы на стол. Думае. Настрой гэты перадаецца і Амілі. Утраіх яны маўчаць. Думкі ці то летуценні пануюць у іх. Думкі - як бяздумнасць. Гэтак доўга. Над дзвярыма ледзьве жыве няроўным стукам сваім старасвецкі, можа, дзедаўскі яшчэ, гадзіннік. Раптам пачынае плакаць меншы Амілін сын. Аміля кідаецца да калыскі закалыхваць яго. Зноў калыханка льецца за вокны, а там яе падхватываюць дубы і пераносяць у сваю гушчырню. Там яна тоне ў роўнай песні ветру. Вецер ідзе ў сваю дарогу.
        Даўнейшыя Андрэевы цымбалы вісяць у каморы насупроць акенца без шкла. Ветру, калі ён з гэтага боку, латва кожны раз казытаць запыленыя струны іх. Цымбалы і цяпер звіняць ціхім звонам.
        - Цымбалы звіняць, - гаворыць Андрэю жонка, летуценна гледзячы ў вяршаліны дубоў над страхою.
        Яны выходзяць з хаты, у ясную ноч. Восень спіць у бляску зямлі пад срэбрам неба. Дубы гудуць.
        Удваіх яны стаяць на вуліцы. Нічога не хочацца гаварыць, а толькі думаць бяздум'ем.
        - Ліхі малы, не дае Амілі спакою ніколі, - гаворыць яна, азіраючыся на хату.
        - Тут кагадзе быў Бушмар, я гаварыў яму, а ён слухаў, - гаворыць ён.
        - Ну? - дзівіцца яна.
        Зноў яны маўчаць. У хаце сціхла калыханка, Аміля выбягае ў ноч. Утраіх яны стаяць.
        - Цымбалы звіняць, - прыслухоўваецца Аміля.
        - Няхай адно хлопцы падрастаюць, - смяецца Андрэй.
        Ноч.
        
        VІІІ
        
        Вінцэнты ліпеў, як на пакуце. Цяпер яго не мучыў ужо ні смутак, ні якое-небудзь моцнае вельмі жаданне, а была толькі злосць. Старэйшы сын у пачатку зімы зусім выбраўся з хаты, чуць нават не сцураўся бацькі за яго дурную ўпартасць. Сам застаўся ў падсуседзях, хат праз чатыры ад бацькі. На вясну палавіна вёскі ішла на знос, усё перараблялася, зменьвалася. Ён не адступіўся ад усіх. Колькі гаспадароў засталіся адшчапенцамі, і Вінцэнты з імі. Балазе поле іхняе было ў самым кутку, за дубняком, нават наводшыбе крыху. Меншы сын Вінцэнтага тае зімы ажаніўся і ўпарта трымаўся бацькі.
        Вінцэнты больш не патыкаў носа на Бушмараў хутар. Ён дрыжаў аднаго: каб Галена нічога не сказала Бушмару пра яго. Бушмар сіберны чалавек, ён можа, засцігнуўшы дзе, адным махам рукі адабраць навек здароўе або і зусім душу выняць. Адно толькі цешыла тут і заспакойвала Вінцэнтага: чуткі ішлі па ўсім наваколлі, што ў Бушмара ў хаце нелады. Калатні няма (Галена не такая жанчына, каб дапусціцца да гэтакай сараматы), але Бушмар знявідзеў яе. Хоць, можа, і не знявідзеў, не можа Бушмар Галены знявідзець, але ж і не будзе яна вельмі любаю яму. Бо яна толькі падабалася яму, а сама далёкая ад яго. Яна ўжо рвецца адтуль, ад яго, цяжкога чалавека. Яна ў людзі рвецца. Ён сам чуе далёкасць сваю да яе, гэтак як і да ўсіх. З таго вар'яцкага вечара, як толькі з'явіўся ён дадому, не ўспала жыццё на дабро, дык гэтак і далей пайшло. Можа, тут і не вінаваты ніхто ў іх...
        Вінцэнты гоніць ад сябе сваю трывогу.
        Але Бушмар раз такі засцігнуў Вінцэнтага.
        Хмурны дзень. Снег сінее паўз лес. Вінцэнты выбіраецца на дарогу з вязкаю вецця. Валёнкі яго мокрыя, нагамі ён ледзьве грабае па вільготным снезе.
        - Стой, Вінцэнты, - гукнуў Бушмар.
        Гэта было знячэўку. Вінцэнты здрыгануўся. Бушмар ехаў паўз лес аднекуль, з-за лясной завіліны выехаў раптоўна. Вінцэнты спыняецца і дрыжыць.
        - Адкуль гэта едзеш, васпане? - выгаворвае ён.
        - От я табе зараз скажу, адкуль я еду, - чуе ён Бушмараў адказ.
        Дык ён пачынае падлагоджвацца пад Бушмара гаворкаю:
        - Гэта я дзеля разрыўкі, па вецце пайшоў. Ты думаеш, мяне з хаты вельмі выпраўляюць гэта? Барані Божа. На сына і на нявестку я не паскарджуся. Гэта я сам дзеля разрыўкі. Дзеля разрыўкі...
        Гаворыць слабым, роспачным голасам і глядзіць, як Бушмар злазіць з возка і прывязвае свайго каня да прыдарожнага дубка.
        - Дзеля разрыўкі гэта я...
        - От тут табе зараз будзе і разрыўка.
        Гаворыць Бушмар і з д'ябальскаю ўсмешкаю ідзе да яго. Барада яго зрабілася няроўнаю ад таго, што сціснуты зубы. Бровы ссунуліся і з'ехалі ўніз так, што аж закрылі вочы, але вочы гэтыя ядуць Вінцэнтага. Ён чуе гэта яшчэ здалёк і спускае на снег вецце. Бушмар, не спяшаючы, бярэ яго за штрыфлі вопраткі.
        - Гва-а-алт!.. Васпане, што робіш!
        - Пачакай, не гвалтуй.
        Яны так і стаяць, упіўшыся адзін у аднаго вачыма, - адзін глядзіць, як агнём смаліць, другі міргае і пускае паабапал носа дзве слязіны.
        - Дык цябе сын не выпраўляе па вецце?
        - Барані Божа, гэта я сам дзеля свае разрыўкі.
        - Добры ж твой сын. Гэта гэты, што ажаніўся нядаўна?
        - Але, гэты самы.
        - Каго ж ён узяў?
        - Узяў, далібог...
        - Чаму ж гэта ён мае жонкі не ўзяў?
        Вінцэнты прысядае каленьмі на снег, і галава яго, як вялая, звешваецца набок. Бушмар арудуе не спяшаючы. Ён як трымаў за штрыфлі Вінцэнтага, так нясе яго перад сабою і з размаху кідае аб дрэва.
        - Гык! - абазваўся адно Вінцэнты і ўткнуўся плечуком у снег, шапка з галавы яго з'ехала, і галава лягла на яе.
        Бушмар па-вар'яцку глянуў на Вінцэнтага і, усё таксама не спяшаючы, сеў на воз і свіснуў над стаеннікам пугаю.
        
        ІХ
        
        Бушмара ўзяў одум тады, калі ён ужо ўз'ехаў на свой двор. Тут ён затрапятаўся. «Забіў ці так адно прыглушыў, але гатова пачацца ўсё як пасля таго райвыканкомаўца». І як ні находзіла цяпер на яго часта абыякавасць да ўсяго, у гэтую вострую хвіліну ён мацней, як заўсёды, цяпер пачуў прынаднасць і водыр гэтага сіняга снегу, і гэтага дубовага шуму, і смольнага паху з зімовага лесу.
        Бушмар кінуўся да стайні, выпраг каня і вымасціў вазок у далёкую дарогу. З вялікай нецярплівасцю чакаў ён вечара. Быў сам не свой, выбягаў з хаты глядзець, ці не меркне над лясамі дзень, колькі разоў падсыпаў каню перад дарогаю аўса...
        - Я паеду да брата, - сказаў ён Галене.
        - Чаго гэтак раптоўна?
        - З'еду на нейкі час.
        - Чаго? - устрывожылася яна.
        - Трэба мне з'ехаць адсюль.
        Яна застыла перад ім у маўклівым чаканні.
        - Я ці не забіў гэта адно Вінцэнтага.
        - Калі?
        - От цяпер.
        - Дзе?!
        - Ай!
        Ён адмахнуўся ад яе рукою, як ад якой назолы, сярдзіта пранізаў яе зіркам.
        - Ты заўсёды сам сабе бяды наробіш. Сам заўсёды няшчасце на сваю галаву...
        - Маўчы! - грукнуў ён страшным голасам. - Праз цябе гэта ўсё!
        - Праз мяне?!
        - А праз каго ж! Ты мне калі прызналася, што ён даходжваў сюды ці прысылаў свайго сына? Што тут насупроць мяне ўсё падстройвалася...
        Галена стаяла белая як палатно.
        - Калі ты мне прызналася, што ён цябе падгаворваў кінуць мяне! Адразу не сказала, як я толькі прыйшоў, а ў паўзімы прызналася!..
        - Не было ў чым мне прызнавацца.
        - Мусібыць жа было, калі не прызнавалася, калі адразу не гаварыла!
        - Як жа я магла гаварыць тады пра такія рэчы, калі ты якім быў тады, у той першы вечар?
        - Маўчы, у маёй галаве цяпер увесь свет пераварочваецца. Мяне за сэрца смокча. Маўчы, калі хочаш, бо зараз і цябе заб'ю!
        - Мяне? Завошта?!
        - За ўсё!
        - Нашто ты кідаешся гэтакімі словамі?
        - Ай!
        Ён страсянуў рукамі і выбег з хаты, пасля вярнуўся яшчэ, падбег да калыскі, паглядзеў на сына. І адтуль ірвануўся зараз жа, як бы ён зрабіў які нядобры гэта ўчынак.
        Сінеў вечар. Бушмар запрагаў каня. Галена на ганку плакала. Бушмар не бачыў гэтага. Ён шпарка пагнаў каня ў дарогу. За лесам, дзе павінен быў ляжаць забіты Вінцэнты, Бушмар пусціў каня паволі. Ён азірнуўся. Нікога нідзе не было відаць. Змрок гусціўся ў кустах і пад дрэвамі. Ён звярнуў пад тое месца і ўгледзеўся. Вінцэнтага не было. Дзіўны след, цэлая дарога раўчуком цяглася напрамік цераз поле да сцежкі ў вёску.
        - Жывы, - мармынуў Бушмар, - папоўз дадому.
        Яму не стала ад гэтага ні цяжэй, ні лягчэй, але ён пасмялеў. Сцёбнуў каня і памчаўся цераз вёску. У Вінцэнтавай хаце, як і ва ўсіх, не было ні вялікага святла, ні руху.
        - Каб памёр, дык варушыліся б каля яго, - сказаў пад нос сабе Бушмар і прамчаўся вёскаю. Галас дагнаў яго ў чыстым полі. Ён прагнаў сабаку дадому. Каня гнаў так, як бы пагоня насцігала яго.
        
        Х
        
        Вінцэнты ачомаўся надвечар. Снегавы холад абудзіў яго. Вельмі балеў левы бок і плячо. Нават зварухнуцца было цяжка. Ён папробаваў крычаць, але не мог. Замест голасу было штосьці нялюдскае, немагушчае. Ён ляжаў гэтак і калаціўся ад холаду. Разам з тым гарачка туманіла галаву і ламала калені. Разгаты дуб упіраўся над ім у неба. Вецер не даваў спакою. Вінцэнты зноў пачаў траціць прытомнасць, але востры струменьчык думкі на момант устрасянуў яго. Ён зрабіў нечалавечы рух балючым целам і сяк-так перакінуўся на другі бок, пасля лёг на жывот. Грудзі ўехалі ў цяжкі снег. Уткнуўся ў яго і твар. Цяпер стала яшчэ горш. Ён так пабыў, пакуль адсопся і папробаваў паўзці. Ногі былі здаровыя, ён імі ўпіраўся ў снег і гэтак патроху браўся наперад. Так выкіроўвацца пачаў на сцежку, а там ужо шукалі яго.
        Тым часам каля сцежкі ён зусім страціў сілы і прытомнасць. Як бралі яго пасля на сані, яму здавалася, што гэта Бушмар, дробны паўпанак, саджае яго ў свой фаэтон, а ён не хоча лезці: «Я яго ніколі ля касцёла за локаць не трымаю, у яго нават свайго лёкая няма. І не гонар мне ездзіць у яго фаятоне, ды яшчэ разам з ім». У хвіліны прасвятлення думкі ён шаптаў:
        - Гэта ён, гэта ён.
        - Хто і што? - пыталі ў яго.
        - Ён, ён, - шаптаў ён і не мог сказаць - «Бушмар».
        Дома ён упаў у вялікую гарачку. І ўсё сухімі губамі шаптаў, крывячыся ад болю:
        - Вяльможны пане, не турбуйцеся. Калі вяльможная ласка...
        Аж сыну яго і нявестцы было прыкра.
        Тады былі месячныя ночы. Суседзі выйшлі на тое месца - гаварылі, што навокал санных і пешых слядоў шмат. Убачылі, што праўда. І здагадвацца тады ж пачалі - след павёў якраз у Бушмараву дарогу. Але за якую крыўду Бушмар мог абязвечыць гэтак старога Вінцэнтага? Прычына нікому нават і на думку не магла ўзбрысці.
        Ціхая была зіма. Сляды там на снезе засталіся нядоўга.
        Доўга Бушмараў след чуў на сабе і Вінцэнты. Не спадзяваліся нават, што ён выжыве. Страшна стала хрыпець у яго ў грудзях, але стары быў жывучы, як кот. Пад вясну сяк-так узвалакацца пачаў на ногі.
        - Бушмар? - запытаў раз быў сын, калі бацька весялей глядзець пачаў на свет.
        - Але.
        - За тое?
        - За тое самае.
        І між імі стала маўклівая згода, абодва думалі, як адпомсціцца і каб людзі не ведалі, з чаго ўсё пачалося. Стары патроху дужэў. Сонечнымі днямі, пад вясну, вывалакацца пачаў ён на двор. Ён бачыў і чуў навокал рух з'іначвання свету, але ён спачатку не думаў ні пра што - дзякаваў Бога, што сяк-так выскрабся ад хваробы. Пасля ж, калі пачуў у сябе больш сілы, ранейшая злосць пачала варочацца да яго. Ён хадзіў, як атручаны.
        Ён усё прапыткоўваў па людзях, дзе што чуваць на свеце, ці не гавораць дзе пра што добрае, ці не ідуць адкуль навіны. Ён цікавіцца пачаў кожным новым чалавекам, але з сваімі, тутэйшымі людзьмі, не лішне трымаўся блізка. Дрэнна чуў ён сябе тут. Брыдкая была тая зіма!
        Ён прыслухоўваўся і прыглядаўся, што робіць і дзе паварочваецца Бушмар. І чуў тут прыемныя навіны. Бушмар, казалі, бунтуецца. Хтосьці недзе чуў, як ён гразіў некаму, нібыта гаварыў, што жывым у рукі не дасца, што страсяне ўсю акругу і вялікі след па сабе пакіне...
        Дакладна гэтага ніхто не сцвярджаў, але гаворкі былі. І гэта хоць трохі ды цешыла Вінцэнтага. Ён гэтым толькі і жыў цяпер. Брыдкая была зіма. Нудна было на свеце.
        Пра Бушмараў хутар Вінцэнты больш не думаў. Сама думка гэтая аж сцепала яго.
        Так жыў ён і пакрысе ачуньваў. Усё ішло паволі, цягнулася гэтак марудна!
        
        ХІ
        
        Бушмар усё больш пачынаў нядобра пачуваць сябе пад зіркам Галеніных вачэй. Зірк гэты пакрысе ператварацца стаў з па-жаноцку хітрага, гуллівага ў цвёрды і нават жорсткі. Яна як бы загадвала яму гэтым зіркам. Ён ні то што баяцца пачынаў яе, а чуў у Галене штосьці яе ўласнае, што ніколі не страціцца ў яе, ніколі не падначаліцца пад чужое.
        Яна часта падносіла яму сына:
        - На, паглядзі. Бачыш, у яго бровы такія, як у цябе, робяцца.
        - Але, - гаварыў ён, дакранаючыся пальцамі да незарослага цемя дзіцяці.
        Ён сам пачынаў чуць, як цяжка разбурыць той холад, які з'явіўся між імі з таго самага першага вечара, калі вярнуўся ён з астрога, і з таго другога вечара, калі ён, абязвечыўшы Вінцэнтага, уцякаў да брата. Пасля гэтага вырасла вельмі; калі ён вярнуўся праз тыдзень ад брата, яна сказала яму:
        - Ну, заб'еш ты мяне ці не?
        Ён маўчаў.
        - Скажы.
        - Нашто табе гэта?
        - Хачу ведаць. Калі гэта ты праўду тады казаў, дык я не буду чакаць, а забяру дзіця і пайду.
        - Ты, мусіць, хочаш давесці мяне да гэтага, калі ўспамінаеш наўмысля, што я калі сказаў.
        Ён ведаў, што яна гэта здзекуецца з яго, помсціць за яго неабдуманае слова. Бачыў, што яна нідзе ў крыўду не дасца, што яна нават за слова дараваць не хоча. І гэта рабіла яе дзеля яго больш, як калі, прынаднай, але ж больш, як калі, і далёкай. Прыкрасць да ўсяго вырастала ў яго. І горш за ўсё было тое, што ён цяпер пачынаў думаць, прынамсі, несвядомае з'яўлялася імкненне дзесьці ў істоце дазнацца, дзе пачатак гэтай варожасці між ім і Галенаю. Варожасці, якая за кароткі час апрыкрыла ім абодвум, але ж і пазбыцца якой было нельга, але пачаткі думак гэтых прападалі, ледзьве з'явіўшыся.
        Былі ў іх і лепшыя хвіліны. Часамі, пасля даўжэзнай маўчанкі, яны пачыналі гаварыць пра што-небудзь не вельмі важнае і цікавае для іх цяпер абаіх. Раз, напрыклад, яна сказала:
        - Мусіць, шчэпы ў садзе павымярзалі, ніхто не абгледзеў іх на зіму.
        - Не да гэтага было, - буркнуў ён, але чамусьці ўзняў на яе вочы.
        Мусіць, штосьці было ў голасе яе цяпер, што нагадала ранейшы час іх, калі яшчэ ён толькі паглядаў з акна, ці не доўга бавяцца каля хаты хлопцы, а яна хвалявала яго бляскам вачэй.
        І яны цяпер пачалі гаварыць пра ўсялякую драбязу, маючы асалоду не з гаворкі гэтай, а з нейкай згоды між імі, але гэта сапраўды была толькі згода. Больш за ёю нічога не было. Так гэта і праходзіла, як з'яўлялася. Без следу і карысці.
        Затое часамі Бушмару было абыякава ўсё - і халоднасць жонкі, і нелады навокал яго. Хоць з гэтага ўсё нараджалася, але засланяла сабою першапрычыну і само вырастала ў ім і поўніла сабою ўсё. Гэта часта было, і заўсёды тады, калі Бушмар пакідаў за сабою ўсё і быў адзін. Апошні раз гэта было перад самым канцом зімы, і той раз яно скончыла ўсё ранейшае.
        Зіма тады канчалася рана. Яшчэ ў канцы лютага збіралася пад снегам вада, і дарогі пачалі прападаць. Бушмар надвечар прыехаў ад брата. Страшна змарыў, аж да пены, свайго стаенніка. Сам прамок на імгле і быў злосны. Гнаў каня па прабоінах і замакрэлых ухабах і нікому не з'язджаў з дарогі (гэта і заўсёды меў ён сабе прывычку гэтую). Дома якраз іскра папала ў порах:
        - Нашто ты гэтак каня морыш, улегцы едучы? - сказала Галена.
        - Што табе да каня. Маўчала б!
        - Чаму маўчала б?
        - Таму што... К д'яблу!
        Увайшоўшы ў хату, ён заўважыў, што Галена кудысьці збіраецца. Ён моўчкі глядзеў, што з гэтага будзе. Яна раптам пакінула свае зборы і лягла спаць.
        - Ага, - загаманіў ён, дзіка і ўрачыста смеючыся, - пастрашыла. Ну што, пастрашыла?
        - Слухай, - абазвалася яна, - я цябе не страшыла і страшыць не думаю. Дый не такі ты чалавек, каб цябе можна было чым устрашыць. Да цябе ніякі страх не прыстане... Ты сам бачыш, што - якая гэта наша жытка! Гэта каб увесь век у гэтакім пекле жыць? Лепш мне пайсці адсюль. Я даўно гаварыла пра гэта з людзьмі. І з Аміляю гаварыла, і шмат з кім там гаварыла. Туды я пайду.
        - Дык ты ўжо гаварыла?! Даўно ўжо думала пра гэта?! У маёй хаце ўсё гэта робіцца, а я нічога не ведаю!..
        Ён крычаў і тупаў нагамі.
        Ён пераспаў тую ноч у кухні на лаве, а раніцою знік з хаты, каб не бачыць, нічога не чуць. Ён стаяў на ўзлеску, адзін, пануры постаццю, але не пануры тварам цяпер. Як звер, якому дзесьці здалёк запахла воля. Ноздры яго раздзьмуліся, бровы ссунуліся, і з-пад іх вочы свідравалі ветравую далячынь. Высокая, чуць сутулая постаць яго доўга ўзвышалася на ўзлеску.
        Там, на сонцы, снег пасыходзіў, і леташняя трава зеляніла свае вяршкі. Адзін кусцік яе, малады, веснавы, бялявы, папаў пад Бушмараў бот. Падкаваная набойка глыбока ўвагнала яго ў зямлю.
        Пакуль не вярнуўся, Бушмар не думаў, зусім забыўся на сваю хату і Галену з сынам.
        У тую ж ноч Вінцэнты, адхаяны сынавым доглядам, падпаліў Бушмарава гумно. Ноч была без ветру, і гумно згарэла ціха, як свечка. У ім згарэла шмат Бушмаравага набытку.
        Тым часам Вінцэнтаму падпаліць гумно не было лёгка. Ён колькі разоў варочаўся з паўдарогі, ад страху, пасля зноў ішоў. Ён цягаўся ўночы доўга, плюхаўся па мокрым снезе, правальваўся па калені ў ваду, падыходзячы да гумна паплавамі. Нарэшце, калі прытуліўся за гуменным вуглом, пачаў шпарка жагнацца. Ткнуўшы агонь пад навіслую нізка страху, ён з усіх сіл кінуўся наўцёкі. Колькі разоў праваліўся па дарозе і ўвесь вымак у ледзяной вадзе да апошняй ніткі. Дадому ён не пайшоў проста дарогаю, а даў кругу паўз лес, каб не папасціся на людскія вочы - на пажар зараз жа пачалі бегчы. Тут ён ірваўся, каб падпаліць Андрэеву хату, але рух людзей па дарозе перашкодзіў яму. Змучаны і змочаны, дапаў Вінцэнты да хаты, палез на печ, укрыўся кажухом і хваравіта задрамаў. Назаўтра прачнуўся ён у гарачцы, прахварэў нешта з тыдзень і сканаў.
        Бушмар жа наказаў брату, каб той прыехаў. Брат вохкаў і бедаваў, але не так па тым, што ўцякла Галена, як па тым, што згарэла гумно.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.