РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кузьма Чорны
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лявон Бушмар
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
        
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

        
        І
        
        Свет быў шырокі і вольны. У дзіцячым сэрцы нараджалася, расло і жыло захапленне ім. Кожны перажыты дзень даваў большае ўсё ўведванне свету. Так раслі два браты.
        Часамі старыя жанчыны, бабулі калгасаўцаў, ківалі галовамі, пускалі нават, калі-нікалі, слязу, божкаючы:
        - Ай-ай, за жывым бацькам, бацькі не ведаюць. От пайшлося ім як небаракам.
        Аміля тады не перапускала:
        - А на чорта ім гэтакі бацька!
        Галена ж, тая адно падміргне тады слязлівай старой:
        - А яны ж гэта і нарадзіліся без бацькі.
        - Без бацькі? А-ёй!
        - Але. От надумаліся ды і нарадзіліся.
        І тады да Амілі:
        - Ну што ім канечне растлумачваць! Ты гавары таму, хто ўразумее тваю гаворку.
        Тады і Аміля засмяецца, радасна гляне на сваіх сыноў. Галена ж, калі скончана работа, заўсёды няньчыцца з усімі трыма. Часамі да трох далучае яна чацвёртага - Андрэевага. Андрэй тады жартуе:
        - От мацярок у маіх сыноў!
        Ён жартам заве іх усіх сваімі сынамі. Жывуць яны не разам, але блізка - цераз сенцы. У сенцах яшчэ падлога пахне свежаю смалою, і яны яшчэ не застолены. Робіцца ўсё не адразу: цяжка ў адзін год зрабіць усё як ёсць, а яшчэ цяжэй было зламаць дурную ўпартасць некаторых суседзяў:
        - Як жа я пакіну, калі гэта маё?
        - А там жа будзе ўсё тваё гэтак як і ўсіх.
        - Калі ўсіх, значыцца, не маё.
        - Бушмар ты, - смяяўся неспакойным смехам тады Андрэй. - Гэтае «маё» даводзіць вось да чаго чалавека.
        Само слова «Бушмар» было ўжо словам незвычайным. Яно ўжо кожнаму тут гаварыла пра звярыную нялюдскасць, пра здзек над усім, што не ён сам і не яго, пра тое, што не можа навокал яго, пакуль ён пануе, абысціся так, каб не было пакрыўджаных, каб не было слёз людскіх. Тыя ж самыя бабулі божкалі і ўздыхалі, што гэта Бог даў чалавеку гэтакую натуру, можа, за якія грахі яго ці нават бацькоў яго. Мужчыны ўсе і малодшыя жанкі смяяліся з гэтакай «Божае кары», але ўсё ж некаторыя гаварылі, што «натура гэта такая ў чалавека», і толькі. Тым часам былі і яшчэ адны, якія іначай тлумачылі Бушмара. Да іх належаў і Андрэй, але першы як мае быць выказаў гэта не ён. Трымаўся тут вельмі блізка Андрэя заўсёды (а цяпер выйшла наадварот - Андрэй стаў блізка трымацца яго - той набываць пачаў сілу ў сваёй дзейнасці) адзін хлапец. Ён на хутарах за лесам змалку пасвіў каровы, служыў нават год на Бушмаравым хутары. Яго неўзаметку пачалі заўважаць, як пачаў вырастаць тут. Бацькі яго ў вайну ўцяклі недзе з-за Вільні сюды і тут змерлі ад пакутных невыгодаў жыцця, а малы неяк выкідаўся. Так на людзях і ўзрос. Звалі яго Ўладзем; ён, калі яшчэ малым пастушком быў, зблізіўся неяк дзіўна з Андрэем, якога тады пачаў зваць дзядзькам. Раз Андрэй ішоў паўз лес і ўбачыў быў, як на дарозе стаіць і не варушыцца, як аслупянелы, малы хлапчук. Падышоўшы бліжэй, ён пазнаў «бежанскага Ўладзю». Ён глядзеў у адно месца, кудысьці ў поле, і маўчаў. Каля вачэй у яго была чырваната, як ад нездароўя, або бессані, ці ад слёз. Было тады холадна, восень, і ён, відаць, мёрз.
        - Чаго ты гэтакі? - запытаў Андрэй.
        - Кароў гляджу, - адказаў той.
        - Дзе ж твае каровы?
        - Недзе пацягліся.
        І хлапчук пачаў плакаць.
        - Чаго ты?
        - Бушмар чуць не забіў мяне.
        - Завошта?
        - Карова закульгавела, дык ён крычыць, што гэта я не даглядзеў. Раніцаю сёння сукаватым паленам па шыі біў, схаваў мае лапці, нарочна, каб я мёрз, - гэта табе, кажа, навука.
        Андрэй глянуў на босыя Ўладзевы ногі. Праўда, што яны аж пасінелі з холаду.
        - У мяне была адна запалка, але патухла, як я хацеў раскласці агонь.
        Андрэй неўзабаве прыслаў яму з дому свае лапці, а праз колькі дзён падгаварыў кінуць Бушмара і перайсці ў вёску. З таго часу Ўладзя пачаў мець Андрэя як за бацьку.
        У той меры, як Уладзя рос на людзях, ён сам заўважаць стаў, што дачыненні яго з Андрэем неяк зменьваюцца. Калі дзялілі панскую зямлю і калі Андрэй на гэтую зямлю першы павёў вяскоўцаў, Уладзя тады ўжо быў як бы нават дапаможнікам Андрэевым. Ён ні то што дзейна дапамагаў яму, а чуў сябе, што як бы гэта ён сам усё гэта робіць. Ён тады ўжо быў сказаў Андрэю:
        - А Бушмару нашто гэтулькі лесу?
        Ён чуў, як расце ўсё больш і больш у ім страшэнная нянавісць і да Бушмара, і да ўсіх тых гаспадароў, што трымалі яго тут за пастуха. Нават адзін з іх, калі дзялілі вяскоўцы панскую зямлю, выткнуўся быў на сваю мяжу і з хітраю ўсмешкаю сказаў:
        - Што ж, зямлю вы бераце, балазе пан уцёк. І лес панскі папрабавалі зачапіць, але маладцы, што лазу пакінулі, не выцерабілі.
        - Чаму? - гукнуў Уладзя, чуючы ў гэтым паўпанкавым слове нейкую, няясную яшчэ, страшную крыўду.
        - А таму, што калі вернецца пан, дык будзе чым вас сцёбаць.
        Уладзя сціснуў кулакі і падаўся бліжэй:
        - Маўчы, гадзіна!
        Дык той злосна заенчыў:
        - А-а-а, глядзі ты! Гэта ты гэтак дзякуеш, што цябе выгадавалі чужыя людзі, што не даў і я табе прапасці на чужой старане!..
        - Мая старана ўсюды, дзе я стаю на зямлі.
        - Усюды? А от цяпер стаіш на маёй мяжы. Вон!
        Уладзя быў тады яшчэ недарослы дзяцюк. І повен ён быў хлапечага задору. Ён тады наўмысля пайшоў упоперак цераз забаранаваную хутаранскую ярыну, а хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў яго за плечы. Андрэй рагатаў, стоячы ў мужчынах. Уладзя вылузаўся з хутаранцавых рук і пайшоў назад смеючыся.
        Другі раз была ў яго сутычка з Бушмарам. Тут было менш гаворкі, але больш яшчэ выразнасці. Гэта ўжо тады, калі надышла пара зачапіць хутаранцаў. Уладзя сказаў быў пра Бушмараў хутар:
        - Вяльможныя паны ўжо ўпарадкаваны, цяпер пара зачапіць звяроў.
        Бушмару хтосьці сказаў пра гэта, і пры спатканні з Уладзем ён, звер, пранізаў зіркам яго. Уладзя прыпыніўся і таксама не спускаў вачэй з Бушмара. Так прастоялі яны колькі момантаў. Хто каго пераможа? Але ўсё ж Бушмар заўсёды абмінаў думкамі Ўладзю, можа, таму, што прывык ён дагэтуль бачыць яго хлапчуком? А мо таму, што яму проста страшна было чуць у гэтым хлапчуку варожую сілу, што раптам вырасла. Вобразам гэтай сілы паўставаў перад ім Андрэй.
        Дык вось гэты Ўладзя сказаў цяпер быў раз пра Бушмара. Ён гэтае разуменне сваё вынес яшчэ з суду, у якім быў тады, калі судзілі Бушмара і за збойства райвыканкомаўца, і за буйную высечку лесу, і за ўсё іншае. Пра Бушмара тады абвінаваўца гаварыў доўга:
        «Бушмар - вынік, аканчальны лагічны вынік ляснога спрадвечнага хутара. Гэта звер, навокал якога павінны быць пакрыўджаныя. Іначай нельга, пакуль жыве на свеце Бушмар. Навакольны лес і дзікі хмызняк валодае Бушмарам, а праз яго адвечная прыродная дзіч спрабуе авалодаць усімі тут людзьмі. Бушмар, каб і хацеў, не можа даць рады ні лесу, ні хмызняку - засталася ж навек няскончанаю дзеля яго раскарчоўка прылеску! Бушмараў лад - гэта пастка і вечная вайна, бо ж нават з сваім, можна сказаць, жыццёвым братам - Вінцэнтым была ў яго смяртэльная спрэчка. У звяроў заўсёды ў адным нават логаве - вайна... Вось ён жыве на свеце, жыве спрадвеку, робіць нават гісторыю свайго часу, гісторыю крыўдаў слабейшых, ад якіх маюць крыўду яшчэ слабейшыя... Чалавечая гісторыя нялюдскасці! Дзе расплоджваюцца звяры і каля іх чэрві!»
        
        ІІ
        
        Андрэй за гэтыя гады пастарэў крыху, але не змяніўся. Засталася ў ім і яшчэ больш асталявалася мяккая жартаўлівасць і, дзе трэба, ясная цвёрдасць. Ён крыху меў натуру іншую, як Аміля, а можа, гэта не натура, а проста іншае дачыненне да ўсяго. Ён увесь падаўся быў у клопат за ўсю тую справу, якую тут рабілі, адкінуў нават ад сябе неспакой за ўсялякую сваю ўласную гаспадарскую драбязу. Тут ён зусім свядома вучыцца пачаў у Ўладзі. Той бязлітасна кпіў з «усялякае мышы ў сваёй цеснай нары», жыў апошнія гэтыя гады гэтак, што старыя нават навучаць яго браліся:
        - Гэтакі ты ўдалы хлапец, а вецер у тваёй натуры нейкі ёсць. У гады ўбіраешся, дык пара табе пра сябе падумаць, паставіў бы ты сабе хату, узяў бы зямлі, меў бы сваю сям'ю, як усякі чалавек...
        - Няма зямлі, - аджартоўваецца ён.
        - Мала?
        - Мне мала. Мне каб усяею заўладаць.
        - Дзіўны хлопец, - гаварылі адыходзячы, - от усё жартамі абыходзіцца.
        А пасля хтосьці кінуў на людзі здагадку:
        - Ён гэта сабе хлеба лёгкага шукае. Службы дзе якое.
        - Вось гэта яно і ёсць, - сказаў быў ён раз на гэта, смеючыся. - Хачу нічога не рабіць і добра жыць.
        - От зноў жартуе!
        А тым часам Уладзя вырас зусім, больш яшчэ пасталеў, больш зблізіўся з Андрэем. Стаў ён рослым і моцным, і хто ўспамінаў таго ранейшага хутарскога пастушка, дык гаварыў:
        - От як вырастае чалавек.
        Яны з Андрэем і ўзялі на сябе ўвесь той цяжкі клопат - арудаваць з людзьмі, з зямлёю, з дзікім хмызняком, з трухлінаю старых хат... Калгас зрабілі ўвосень, калі рыхтаваліся сеяць жыта. І ўсе гады пасля гэтага даводзілі яго да ладу. Кожны год вырастаў на ўзлеску новы вялікі дом, туды перабіраліся патроху кожны год людзі, і шмат хат ішло на знос. Цяпер гэта рабілася радасна, ахвотна, але першы раз одум браў некаторых:
        - Увесь век гараваў, гараваў, збіраў па саломіне, і нават котла роднага адцурацца трэба.
        Аднак ішлі, бо, шкадуючы чагосьці невыразнага ў старым, пачыналі ўжо баяцца яго.
        Гэтак вось і Аміля спахмурнела была, калі чарга прыйшла і да Андрэевай старой хаты:
        - Мне не шкода гэтых катухоў і пакут ранейшых, але так нешта, я і сама не ведаю, што гэта.
        Андрэй, можа, і зразумеў яе, але нічога сказаць не мог іншага, як толькі:
        - Гэта так з чалавекам бывае.
        Але Ўладзя пасля сам загаварыў пра гэта з Аміляю:
        - Гэта ведаеш што? Гэта спадчыннасць старая. Гэта, калі хочаш, дык рэшткі бушмараўшчыны, якія спрадвеку ўкараніліся ў нас. У таго больш, у таго менш, але яны ёсць. Табе гэта не шкада трухлявага кута гэтага, але ты тут жыццё, хоць цяжкае, пазнала...
        - Тут я ўспамінаю пра ўсё, што было, тут паўміралі бацькі, тут...
        - Вось гэта самае. Але мы роднае нам возьмем з сабою, а непатрэбнае адкінем.
        Уладзя бываў цяпер шмат на людзях, даводзілася яму і далёка выязджаць адсюль, ён меў цікавыя сустрэчы, чытаць пачаў шмат, гадаваў у сабе новую нейкую чалавечую імклівасць, часта задумваўся і навучыўся гаварыць новае тут, у гэтых лясах. Ён гаварыў з Аміляю:
        - ...Нам от, можа, і думаецца часам пра ўсё гэта вось так, як ты кагадзе гаварыла. От жоравы ўвосень ляцяць, і мы чагосьці шкадуем. Нам можа шкада бывае яшчэ, што калі вось усюды будзе поле вырабленае, калі згладзім мы з зямлі ўсе дзікія зараснікі, выкарчуем дзікія ўзлескі - і жоравы тады пазводзяцца ў нас, не будзе ім дзе тады вясціся, і не будуць тады яны курлыкаць увосень, не будзем мы бачыць тады і чуць гэтага іх лёту ўвосень ці ўвясну. Нам часам і шкада ці то якраз гэтага іхняга лёту, ці то чаго іншага разам з гэтым...
        - Бо мы прывыклі да гэтага, - здагадалася ўсмешкай Аміля.
        - Прывыклі, з гэтым мы жылі, вырасталі. Гэта было разам у нас з уцехамі і з слязьмі. Аміля думала і маўчала.
        - ...Я ж ведаю, што прыйдзе штосьці новае, што будзе дзецям нашым ды і нам яшчэ такім, з чым нам таксама будзе не лёгка адразу, каб прыйшлося разлучыцца. Новы час нясе і ўсё новае. Толькі што яно не будзе для нас часта, а то, можна сказаць, заўсёды цяжкім, як было ўсё дагэтуль.
        Ён гаварыў доўга і цешыў Амілю гэтым сваім новым дзеля яе, чалавечым, словам. Яна аж захапілася гэтым, пачула ў сябе прылівы непераможнай радаснай сілы.
        - Нашы дзеці ўжо не будуць гэтакімі, - зноў здагадалася яна. - Толькі нам трэба, можа, нават дзе і з цяжкасцю, назаўсёды адвязацца ад старога. Вырваць яго з сябе. І дзеля сябе і дзеля дзяцей трэба, каб мы гэтую работу рабілі. Я от табе скажу гэта адным словам - забіць і вытруціць бушмараўшчыну. Табе гэта вядома добра, бо ты ж сама доўга была жыла ў самай бушмараўшчыне...
        Ён гаварыў як бы не адной толькі Амілі, пасля змоўк і пра штосьці думаў. Доўга гэтак стаялі ў старой хаце, што дажывала апошнія дні свае. Пасля ён, як бы адумаўшыся, глянуў на Амілю. У яе ружавеў ад узбуджанасці твар, яна была рада гэтакай гаворцы. Тады на адвітанні Ўладзя моцна сціснуў яе руку. І першы раз, зусім іначай, як дагэтуль, яны паглядзелі адно аднаму ў вочы.
        
        ІІІ
        
        Як жа жыў цяпер Бушмар? Каб не збегла тады была ад яго жонка, ён, можа б, і яшчэ сяк-так трымаў бы добрага таго каня свайго, можа, па-воўчы б гаспадарыў на сваім куце, які яму пакінулі, але, застаўшыся адзін, ён, як ні стараўся, не мог даць рады. Брат да яго прыязджаў часта. Бушмар раз пачаў раіцца з ім, каб як гэта зноў ажаніцца. Брат параіў яму:
        - Гэта то трэба, але бяры сабе жонку па сваёй натуры. Бо табе ўжо наверыла абы-якая жонка.
        Дык ён так заставаўся адным, не могучы дабраць сабе жонкі. Да якой хутаранкі і сватаўся, дык не лішне ўжо квапіліся ісці за яго - слава пайшла пра яго гэтакая, гэтак гаварылі пра яго ранейшае жыццё з дзвюма жонкамі, што ён толькі адно думаць пачаў.
        Тады, адразу пасля таго, як уцякла Галена, ён быў дадумаўся засцігнуць дзе ды прыбіць яе. Пасля думка гэтая перайшла на Андрэя і на гэтым закаранела. Ён пачаў цяпер варушыцца гэтак, як калісьці варушыўся Вінцэнты. Толькі той ліслівенька да кожнага падыходзіў, а гэты сваёй воўчай панурасці не траціў. Нават раз Бушмар як мае быць падумаў: «Дарэмна я тады чуць не абязвечыў Вінцэнтага і адагнаў яго ад сябе. Не паслухаў яго тады. Добрым хаўруснікам мог бы быць, каб паслухаў тады яго». Ён усё раздумваў пра гэта, чмыхаў, аж стукаў неяк носам, корпаючыся ў сваёй мярлозе. Часамі нават перасільваць пачаў сваю ваўкаватасць і даходжваць да тых хутароў, што засталіся яшчэ наводдалек. Але ўсё ж там людзі не мелі з ім адных інтарэсаў - там яны з калектывам змагаліся, але са «сваім», іншым. Тады абмацаў Бушмар сяброўства паблізу, - меншы Вінцэнтага сын, той самы, што мерыўся ўзяць Галену і асесці на яго хутары, не адапхнуў яго ад сябе. Ранейшае было забыта. Там яшчэ хат чатыры было гэтакіх, што не пайшлі разам з усімі, а ахоўвалі ўсё яшчэ сваю ўласную гаспадарку, на якой «сам сабе панам». Гэта - з таго краю вёскі, некаторыя нават перанеслі на сваё поле (было яно якраз наводшыбе) хаты і аселі дробнымі асэсарамі. Чакалі ўсё «змены ўлады», а найбольш, «што палякі прыйдуць». Там Бушмар і бываў цяпер часта. Першыя часы яны з Вінцэнтавым сынам зрабілі былі выгляд, што нічога прыкрага між імі не было, а пасля гэта, вельмі хутка, стала абыкласцю, і ўсё ранейшае забылася. Бушмару ўсё ж часамі ўзбягала на думку тое, як Вінцэнты ляжаў прыбіты пад дубам, уехаўшы плечуком у мокры снег. Раз нават ён, як бы апраўдваючыся, загаварыў пра гэта з сынам Вінцэнтага. Ён пазаікаўся крыху, выразна не могучы выказаць тое, што хацеў, а гаварыць трэба было асцярожна. Вінцэнтага сын падумаў быў, што гэта Бушмар выгаворвае яму за Галену, і сам штосьці заблытаў словамі. Так яны абодва змоўклі і па той раз маўчалі пра гэта. Бушмар, ходзячы сюды, ні то што гэта вельмі хацеў бачыць гэтых людзей ці гаварыць з імі, але ён чуў, як у ім рабілася нейкая работа і пасля як мае быць (чаго раней з ім ніколі не было!) меў у галаве сваёй нават план нейкі сваёй дзейнасці. Нейкая рыса з'явілася ў ім новая, як бы ўкрадзеная ад нябожчыка Вінцэнтага. Гэта было штосьці падобнае да хітрасці, хоць і не хітрасць. Ён усё бліжэй трымацца пачаў Вінцэнтавага сына, а той таксама штосьці трымаў у галаве сваёй, часамі даходжваючы туды, дзе ля лесу бялелі новыя калгасаўскія будынкі. Там, у старэйшага свайго брата, цяперашняга калгасаўца, ён гаварыў і пра нейкае парабкоўства ў кагосьці калгасаўцаў, і пра нейкую паншчыну, якая нейкім робіцца. Старэйшы брат усміхаўся з гэтага, але нарэшце дадаваў сваю думку пра гэта ўсё:
        - Хто дужшы, той прутшы.
        - Вось гэта і я кажу. Бацька тады разумна стараўся выдзеліцца невялікім гуртам...
        Яны ўспаміналі бацьку, гаварылі пра Бушмара (хоць хутара яго больш не ўспаміналі).
        Пасля адзін раз Бушмар нешта доўга не пайшоў да Вінцэнтавага сына і яго суседзяў, а праз тыдзень які ён з'явіўся да першага ад лесу калгасаўскага дома і пастукаў у акно. Выйшаў з дому другі Вінцэнтага сын. Вечар быў, цёмна. Дарога праз лес была аж чорнаю. Два мужчыны падаліся скрозь паўз лес і поле, ішлі паволі і гаварылі пошапкам.
        Зайшлі аж на Бушмараў хутар, а пасля назад. З таго часу калі-нікалі яшчэ заходзіў гэты калгасавец да Бушмара, прыходзіў ужо смела і другі Вінцанцюк, а часамі і яшчэ хто-небудзь з тых падлесных новых хутаранцаў аціраўся тут.
        Раз Бушмар і з Галенаю быў спаткаўся. Было папаўдні, свяціла сонца. Галена ішла з дзецьмі (сваім і двума Амілінымі) па новай грэблі за тым месцам, дзе калісьці была вёска.
        Бушмар джгаў аднекуль дарогаю. Перад Галенаю ён прыпыніўся, аж падаўся ад раптоўнасці крыху назад. Галена яму нічога не сказала, хацела моўчкі прайсці ў сваю дарогу, але ён стаяў і глядзеў на яе. Тады яна, здэтэнаваўшыся, сказала:
        - Дзяньдобры.
        Ён адказаў. І як яна пайшла далей, ён затрымаў яе:
        - Пачакай.
        - Чаго?
        - Пачакай. Стой... Да мяне не вернешся?
        - Не.
        - А можа, падумаеш?
        - Не... Ніколі.
        І, памаўчаўшы:
        - Каб ты здаў усю гаспадарку ў калгас, сам, з добраю ахвотаю, ды каб год колькі як чалавек пажыў у калгасе, каб змяніўся, каб нанава радзіўся, тады, можа б, што і было, а так... Не, не!
        Яна павяла дзяцей далей, а ён загукаў услед:
        - Раней я з свету пазводжу вас усіх!..
        Галена пайшла шпарчэй і чула яшчэ ўсё яго моцны шэпт:
        - І сыны мае там у іх, без бацькі, без мяне...
        - Хоць раз ты сваіх дзяцей успомніў, - гукала здалёк, абярнуўшыся да яго, Галена. - Які ты бацька, так ты і сыноў пры сабе маеш.
        Тады Бушмар вярнуўся назад, адкуль ішоў, колькі раз азірнуўшыся на Галену. Калгасаўскія новыя будынкі весела залаціліся сонцам.
        
        ІV
        
        Раз надвечар Андрэй з Уладзем выйшлі з калгасаўскай канторы. Дзённая работа была скончана, мужчыны ля студні мылі рукі. Падышоў да студні памыцца і Ўладзя - перад гэтым ён паўдня рабіў у кузні з кавалём. Андрэй рушыў за ім. Здалёк яшчэ чулі яны, як нейкая спрэчка ішла ля студні, аж крык нейкі чуваць быў. Вусаты дзядзька, размахваючы шырака рукамі, штосьці даводзіў. Некаторыя памагалі яму, некаторыя стараліся абсадзіць яго. Нарэшце выразна выявілася, чаго ён хацеў:
        - Гэта праўду ён мне кажа, што цяпер можна іначай крыху.
        - Што? - запытаў Андрэй.
        - А от тое, што - поле дык мы разам будзем рабіць, а агароды падзелім кожны па кавалку. Куры падзелім, малочную жывёліну.
        - Нашто?
        - А каб распараджэнне мець сабе.
        - Тады хіба і поле?
        - Пасля можна будзе і поле.
        - А мо цяпер ужо?
        - Я не кажу цяпер, але... а ўрэшце...
        Тады падаў голас Вінцэнтага сын:
        - Гэта то не трэба, гэтак калгас раскідаецца, але зрабіць два ці тры меншых калгасы - дык патрэбна, пааддзяляцца па колькі сем'яў разам...
        Пасля гэтага ўзняўся большы яшчэ крык, а калі разыходзіліся, некалькі чалавек аддзяліліся і пайшлі ў другі бок за Вінцэнтавым сынам. Ён раптам вярнуўся туды, дзе стаялі Андрэй з Уладзем, і растлумачыў:
        - Тут гэта от дзеля чаго. Каб усіх гаспадароў паўцягваць сюды. У вялікі гурт дык не лішне яны паквапяць, а так - дык усе пойдуць. Тады ўся ваколічнасць наша будзе калгасаўскаю.
        - А як не пойдуць? - як следчы, запытаў Уладзя, глянуўшы на Андрэя.
        - Пойдуць.
        - Што, ты пытаўся ў іх?
        - Пытаўся.
        - Ну і пойдуць?
        - Усе.
        І, падумаўшы:
        - Нават Бушмар.
        - Ён, мусіць, самым першым пойдзе? - здагадаўся Андрэй.
        Але той таксама здагадаўся, што гэта допыт:
        - Ён не хоча, але, дзеля спакою, і яго трэба завалаць.
        - Ён табе патрэбен?
        - Я не пра сябе аднаго дбаю.
        - Ты за ўсіх! - усміхнуўся Ўладзя.
        Той падаўся ад студні.
        У той вечар шмат калгасаўцаў непакоіліся вельмі. Хмурна думаў Андрэй, а на Ўладзевай кватэры сабраліся хлопцы. Пакойчык быў невялічкі, дзвярыма ў прасторную зборню, дзе раніцамі жанчыны зносілі карміць малых дзяцей. Стала яшчэ не было, а можа, вынеслі куды яго. На акне гарэла лямпа, а акно застаўлена было да палавіны фанернаю дошкаю. Хлопцаў сышлося чалавек сем, і, як сабраліся ўсе, Уладзя аглушыў усіх запытаннем:
        - Чулі?
        Чулі ўсе, толькі адзін не:
        - Што?
        Але на яго паглядзелі так, што ён спусціў уніз вочы. Гэта быў хлопец бадай старэйшы за ўсіх тут, яго недалюблівалі за скрытнасць.
        - Значыцца, ты, Сымон, за тое, каб зрабіць тут два калектывы з аднаго? Ну, чаго тут таіцца, прызнавайся...
        Так выявіўся раскол.
        - А ты скажы, чаму табе здаецца, што гэтак будзе лепш?
        - Каб калектывізаваць усё наваколле.
        - А калі гэта будзе канец усёй калектывізацыі?
        - Як?
        - А так што без хутаранцаў ты ці, можа, хто тваімі рукамі хоча разваліць усю работу, а тады ўсё будзе проста. Можа, каму толькі гэтага і трэба.
        Пасля падышоў Андрэй з некаторымі мужчынамі, найшло хлопцаў і дзяўчат, жанок. У маленькім пакойчыку не маглі стоўпіцца, адчынілі дзверы ў дзіцячую сталавальню і выйшлі ўсе туды. Неўзабаве, можна сказаць, сышліся ўсе.
        - Вось і сход! - гукнуў хтосьці.
        І яшчэ Андрэй заглушыў усіх:
        - А ну, скажы там, як гэта рабіць трэба нам далей? На колькі гуртоў разбіцца? А калі будзем дзяліцца, дык мо ўжо цяпер нарыхтаваць калоў, каб адзін аднаму голавы растоўкаць.
        Пачаліся гаворкі, спрэчкі. Папаў Андрэй якраз туды, куды трэба было. Умеў часамі ўцэліць словам!
        - Каму няўгодна, няхай хоць сёння выбіраецца!
        - Бо тады гаварылі, што бо адразу рай будзе на зямлі, што і трактары і шмахтары будуць, а гэта - тымі самымі плугамі і коньмі ару.
        - А што ж ты думаў, табе нехта гасцінец адразу паткне, - на, галубок, цешся! Патроху ўсё прыдбаецца! Глядзі, у якой ты хаце раней і як жыў, а як цяпер!
        - Мала што калі што там будзе! Далёка чакаць!.. К чортавай матары!
        - Дык дайсці ж да чаго трэба!
        - Мужчыны! - гукнуўАндрэй.
        Сціхлі ўсе.
        - Тут справа вельмі простая здаецца некаторым, - раздзяліўся, разбіўся, і ўсё. Раней рабілі, а пасля раскідаць. Я думаю, што тут гэта работа аднаго ці двух чалавек. І якраз не нас, а недзе трохі дальшых!..
        Сход доўга не цягнуўся, але ён павярнуў справу ў другі бок. Некалькі чалавек пакаялася ў сваёй гаворцы з малодшым Вінцэнтавым сынам: кожнаму калгасаўцу пабудаваць асобную хату і давесці справу да разбіўкі зямлі на дзялянкі.
        
        V
        
        Сонечны дзень. Лясы ў зялёных уборах маўчаць у летняй палявой шырыні. Поле - як жытняе мора, аж да самага дальняга лесу, далёка за ўзгорак - адзін бязмежны палетак. Людзі чакаюць добрага ўраджаю.
        Ужо зусім, можна сказаць, забудаваўся калгас. Усе ўжо за гэты год выбраліся пакрысе з сваіх даўнейшых хат, але некаторыя хаты стаяць яшчэ - патроху іх разбіраюць. Яшчэ ўзвышаюцца з жыта печышчы, пазарасталі яны крапівою і лопухам. Збоку дзе-нідзе пазацвітаў нават калючы чартапалох. Зелле і трава буйна павыбіваліся з-пад парассыпанай бітай цэглы і гліны. Адтуль, з-пад лесу, дзе ліпіць некалькі хат-хутарцоў, прыходзяць часамі жанчыны рваць гэтае зелле і траву сваім каровам і свінням: калгасаўцам шкада часу на гэтую карпаніну сярод патрушчанай цэглы. У іх наўмысля дзеля летавых патрэб рунее загон зеляніны, тут жа побач. Хутаранскія жанчыны, тыя самыя ранейшыя вяскоўкі, корпаюцца на печышчы паволі, маўчаць, а часам гавораць. Яны гавораць пра даўнейшае, пра цяперашняе, як хто жыве, як хто жыў. Успамінаюць дзядоў, бацькоў... Кожнае печышча нагадвае багатую гісторыю - там жылі, нараджаліся і ўміралі, сяк-так спрадвеку пражывалі век свой людзі. Некаторыя печышчы яшчэ ведалі часы войтаў, прыгонных нявольніцкіх слёз. Жанчыны як загаворацца, дык, разгінаючы спіны, стаяць, успамінаюць.
        А дзень зіхаціць сонцам. Поле - жыта і ярына - звініць гарачаю цішынёю. Чуваць, як у ёй жыве шматлікае, але дзікае жыццё: незлічонасць істотаў наліваецца сокам, збіраецца сіла ў сцяблах і каласах, убіраецца ў сілу зерне.
        Цішыня гучыць.
        Недзе песня чуваць, ля лесу, за калгасаўскімі будынкамі. Там стукае коварат цэментовай студні, штосьці яшчэ стукае ці то звоніць.
        Галасы ўжо бліжэй.
        - Дзяўчаты спяваюць, - гаворыць жанчына.
        Яна ставіць на зямлю свой кош з травою і выпростваецца. Разам з ёю яшчэ і больш жанчын. Твар у гэтай жанчыны не зусім страціў яшчэ свайго ранейшага дзявочага хараства, але вочы свецяцца ўтомаю, твар - непазбыўным клопатам. Доўга стаяць так жанчыны, песня сціхла, а яны ўсё яшчэ маўчаць і стаяць.
        Вузкая дарожка, як аднаму праехаць, ляжыць паміж жытоў. Вось па ёй едуць людзі. Трасуцца дзве фурманкі. Два мужчыны ў зрэб'і патузваюць лейцы. Слрадвечнае ўпартае і бяссільнае чуецца:
        - Но, но!
        Канюкі прабуюць бегчы патроху, ратуючыся ад заедзі.
        Людзі праязджаюць. Зноў пуста і ціха на дарозе. Жанчыны нясуць траву дадому, адна за адною ідуць сцежыстым пераходам паўз дарожную каляіну. З узгорку ім відаць добра, як увесь узлесак укрыты новымі будынкамі. Тыя самыя ўсё старыя дубы стаяць сцяною паўз сцену самых прылесных дамоў. Здалёк там мільгаецца штосьці.
        - Колькі дзяцей назбіралася, - гаворыць жанчына. - Вунь там, усіх яны збіраюць разам.
        Жанчыны выходзяць за жыта. Там шэсць спрунжыновак скародзяць раллю. Калгасаўскія коні памахваюць ад гарачыні галовамі, трасуць грывамі.
        - Памажы Божа! - гукае жанчына здалёк.
        - Няхай паможа, калі хоча! - адказвае чыйсьці там з іх голас.
        Недалёка мяжа. Роўная, як струна, перарэзала поле, ад лесу і да лесу. Жанчыны мінаюць яе. Там скародзяць папар іхнія мужчыны. Бароны, з дзернавымі накладычамі, падскокваюць на раллі.
        Некалькі хат туліцца да хваёвай сцяны лесу. Хвоі і ў ціхую бязветраніцу роўна і спакойна шумяць.
        
        VІ
        
        Андрэй сядзеў на жняяркавым сядле - даў коням перадыхнуць крыху. Спёка пачынала крыху спадаць. З полудня ён аджаў ужо доўгія гоні. Паўз лес пшаніца злягла і той загон аджыналі жанкі сярпамі. Звінелі над пшаніцаю мошкі, трашчалі на ржышчы кавалі.
        Андрэй заўважыў, як бегла напрамік цераз іржышча жанчына. Бегла як магла. Валасы растрапаліся. Яна штосьці гукнула жанкам, там не прыпынілася і рушыла далей да Андрэя. Андрэй раптам пачуў у сабе трывогу, саскочыў з жняяркі, яшчэ выправіў з хамутоў конскія грывы, адмахнуўся ад авадня і пайшоў жанчыне насустрач. Тая засаплася, ледзьве гаварыла:
        - Малады конь той, завадскі, пухнуць пачаў.
        - Калі?
        - От раптам неяк.
        - Хто пры ім?
        - Стары Стафан. Больш нікога з мужчын няма дома. І жанок, можна сказаць, нікога няма. Я была з дзецьмі, пакінула іх на Алену. Яна сёння на кухні. Мне бегчы назад трэба.
        Пасля дадала яшчэ:
        - Няма каго па Ўладзіка паслаць.
        Андрэй выпраг коні, стрыножыў іх на ржышчы, прыпаручыў жанкам і пабег.
        Конь тыдні два таму быў куплены на завод у суседнім калгасе. Ён стаяў у стайні ля жолаба, звесіўшы мысу долу. Пухліна пайшла ад капытоў скрозь па нагах. Каля яго клапаціўся стары Стафан.
        - Апойкі, - сказаў ён.
        - Хто яго паіў?
        Стары стаў успамінаць.
        - А хто на ім куды і калі ездзіў?
        - Гэтымі днямі як Вінцэнтага пасылалі па жалеза, дык ён быў канешне намогся на ім ехаць.
        - І ездзіў?
        - Ездзіў.
        - Утаміў?
        - Утаміў.
        - І сам адразу паіў?
        - От гэтага не ведаю.
        - А хто ведае?
        - Я не паіў тады яго цэлую ноч, баяўся, гэтакі быў ён змардованы. Можа, хіба ён яго дзе ў рэчцы за агародамі папаіў, як пад'язджаў дадому.
        Андрэй хапіўся за галаву:
        - Бяжы на пшанічышча, бяры аднаго каня, запрагай і гані па доктара ў мястэчка.
        Стафан рушыў бегчы. Жняярка ў той дзень гуляла да самага вечара.
        Каня так моцна ўзяло, што праз колькі дзён ён кончыўся. Наладзілі следства. Усім вядома было, што гэта Вінцанцюк пастараўся, але выразнага доказу не было. Усё было зроблена гладка - і канцы ў ваду.
        Праз колькі часу, аднойчы вечарам, Уладзя ішоў з хлапцамі гуляць. Было ўжо не лішне рана. Быў ясны змрок маладога месяца. Крыху цягнула ветрам з вячорнага поля. Хлопцы мінулі ўжо кузню - яна стаяла на агародах, наводшыбе крыху ад усёй забудовы - і заўважылі, як хтосьці адарваўся ад цёмнай сцяны дубовага лесу і, азірнуўшыся, перабег упоперак дарогу да крайняга дома. Хлопцаў цюкнула. Чалавек, відаць, заўважыў цяпер іх, бо раптам падаўся назад і, як бы так гэта чаго ходзіць тут, спакойна пайшоў скрозь дарогаю. Хлопцы рушылі за ім. Бушмар! Яго пачалі насцігаць.
        - Чаго, пане Бушмар, шукаеш тут?
        - Цяля збегла, можа, думаў, прыбілася сюды.
        - А можа, яшчэ што збегла?
        - Не, больш нічога.
        Хлопцы больш не цвялілі яго, але правялі яго аж да самай яго павароткі ў лес.
        Каля таго, можна сказаць, часу прыходзіў у калгас малодшы сын Вінцэнтага прасіцца, каб прынялі яго з усімі яго суседзьмі, пачынаўся нейкі трывожны час тут. Малодшага Вінцанцюка выслухалі з асцярогаю і выразна яму адразу нічога не сказалі. Некаторыя гатовы былі прыняць іх. На гэта падгаворваў усіх і Вінцанцюк старэйшы, але больш галасоў было (Уладзя і Андрэй таксама), каб не прымаць. У гэтым бачылі нейкую авантуру. Далі выразны адказ тады, як старэйшы Вінцанцюк раз дагаварыўся, што трэба ўзяць у калектыў Бушмара.
        - А калі ён не захоча? - запыталі.
        - Захоча. Усіх трэба калектывізаваць.
        Тады сказалі Вінцанцюку малодшаму:
        - Пачакаць крыху. Тады будзе відаць.
        Яшчэ ўсе добра памяталі той нядаўні чуць не бунт, што патрэбна падзяліцца ўсім і нават да дзялянак давесці поле.
        Спакойнай работы ўсё ж не было гэтымі часамі. Скрытая нейкая была трывога.
        
        VІІ
        
        У самым большым, крайнім ад лесу, доме было нешта з дзесяць кватэр. Было некалькі агульных пакояў, дзе ў вольны час заўсёды шмат збіралася людзей. Гэты дом пабудаваны быў сама пазней, і яшчэ не ўсё было ў ім скончана. Там гэта жыў Уладзя, там, за дзіцячаю сталавальняю, у вялікім пакоі абсталёўвалася чытальня. Туды ўпрасіўся перабрацца Вінцанцюк. Ён яшчэ не зусім перайшоў з суседняга дома, таксама прылеснага. Рабіў ён гэта чамусьці вельмі павольна (кватэру тую звальняць льга было і не спяшаючы). Дык от ён так рабіў, як бы раздумваючы. Шмат хто дзівіўся гэтакай павольнасці, некаторыя бачылі ў гэтым нейкія намеры - пасля таго, як прапаў конь, думка, можна сказаць, усіх не была вельмі даверліваю да яго. Да гэтага дома была прыбудавана другая прыбудоўка, дзе ляжала шмат калгасаўскага дабра.
        Уладзя здагадаўся першым:
        - Выселіць Вінцанцюка назад, штосьці ці не трымае ён у галаве.
        Вінцанцюк дачуўся і заспрачаўся:
        - Калі гэтакая недаверлівасць, дык аддзяліце мне дзялянку, я выберуся.
        Зайшла спрэчка. Хтосьці папракнуў яго:
        - От пакуль ты не ездзіў на кані, дык конь быў жыў.
        - Калі будуць усе гаспадарамі над кожным канём, дык яны ўсе, коні гэтыя, падохнуць.
        Ён паклыбаў дадому, плюнуўшы, размахваючы картовымі галіфэ.
        Спусціўся вечар. Шмат людзей сабралася ў двух пакоях - чытальні і дзіцячай сталавальні. Уладзя сабраў навокал сябе гурт. Там гаварылі пра агульную хлебапякарню для ўсіх шасці калгасаў, што былі тут па-суседску, пра ўсялякія іншыя планы, да якіх дабіралася ўжо калгасаўская ўпартая думка.
        Раптам страшны крык уздрыгануў усіх.
        - Пажар!
        Як ільецца часам з вузкай бутэлькі вада - падае і сціскаецца ў горле, гэтак паціснуліся ўсе праз дзверы, пачалі выскокваць праз вокны. Гарэла глухая сцяна гэтага ж дома. Перад усімі выскачыў з акна Вінцанцюк з крыкам:
        - Адзежа ўся гарыць мая на новай кватэры!
        Неўзабаве гарэла ўжо ўся прыбудоўка, агонь па смольнай сцяне бег шпарка. Зараз жа загула і ўся франтовая сцяна. Утушыць было нельга, як ні стараліся. Не ўспелі нават павыносіць усяго з дома.
        Андрэй абліваўся потам, выпіхаючы з агню пас ад малатарні. І ледзьве твар яго выглянуў з дыму, убачыў ён, страшна жахнуўшыся, як бегла аднекуль Галена. Асвечаны агнём твар яе быў страшны. Яна штосьці крычала, але рухавы гул натоўпу і агню глушыў яе. Андрэй кінуўся да яе і ледзьве расчуў:
        - Бушмар ходзіць за гумнамі. З аўса выпаўз... сама бачыла...
        Хто чуў - ірвануліся бегчы. Андрэй адскочыў на крокаў дзесяць наперад усіх і ўскінуў угару руку. Ціхом, не крычаў і не загадваў словам, натоўп спыніўся, як ад грознага загаду. Андрэй стаяў адзін момант перад усімі, акінуў натоўп зіркам. Мала калі бачылі яго такім, як цяпер. Ён толькі жорсткім шэптам выгаварыў, страшна змяніўшыся і гаручы ўвесь жудаснаю трывогаю:
        - Два за мною, і нікога больш!
        Дом ужо гарэў увесь. Страха ўпала. Трашчалі сцены. Натоўп выдзеліў у сябе двух чалавек - само гэта зрабілася, з маўклівай несвядомай згоды. Паўз нязжатыя аўсы памчаліся яны пад гумны.
        Хоць бы жывая душа была дзе тут! Шум пажару грозна дакочваўся сюды, але святло не даходзіла з-за сцен і дрэваў. Змрочна было на агародах. Тры гумны стаялі ў самых аўсах: адно было поўна пшаніцаю і жытам, два яшчэ пуставалі да ярыны...
        ...Але натоўп не вытрымаў больш каля агню: ужо чуўся стук і шорганне ног, гул. Андрэй кінуўся, як наўцёкі ўсё роўна. Андрэй махнуў рукою налева ад гумен, і мужчыны кінуліся туды. Сам ён забег з правага боку і ўпаў у авёс, пачаў паўзці.
        Рабілася ўсё гэта ну мо хвіліны тры, найбольш. Нікога за гумнамі не было відаць. Натоўп гуў дзесьці і трымаўся пакуль на той бок гумен. Прайшло яшчэ колькі найкаротшых момантаў. Раптам ад гуменнай сцяны аддзялілася высокая постаць. Страха ў сярэднім поўным гумне з гонты была, і чалавек штосьці раздумваў. Раптам ён нагнуўся, лёг на зямлю. Туды з-пад варот цяглася непадгрэбеная салома.
        Але натоўп з таго боку быў ужо тут. Страшны гул трос цішыню. Дык чалавек штосьці там спяшаўся рабіць. Раптам ён пачуў, мусіць, што нічога не ўспее. Паўзком шмыгануў ён упоперак цераз дарогу ў ярыну, але там трох чалавек устала перад ім, з левага боку гумен і тут, каля яго адзін. Бушмар падаўся задам да гуменнай сцяны, выцягнуўшы шыю, выпрастаўшыся на ўвесь рост свой, адыходзіўся ўсё задам, а адтуль ужо хлынула бурная паводка людзей.
        
        VІІІ
        
        У той дзень Бушмара бачылі на полі. Ён вазіў з наймічкаю і з пастушком сваім снапы. Апошні воз браў ён позна, калі ўжо на калгасаўскім полі даўно нікога не было. Узяўся ён за сваю вячорную брыдкую работу познім ужо вечарам.
        Ён цяпер азіраўся па баках, як злоўлены воўк.
        - Гэта ён! - заенчыў натоўп.
        - Гэта ён!
        - Гэта ён!
        Людское мора рынулася на яго.
        - Жывога на кавалкі разарваць!
        - Духі з яго дастаць!
        - Бі яго!
        - Бі!
        - Цягні, цягні!
        Бушмар прытуліўся да гуменнай сцяны і калаціўся ўвесь ад нялюдскай узбуджанасці і роспачы. Вось ён раптам ва ўвесь дух ірвануўся, думаючы, мусіць, прабіцца праз жывую сцяну. Тут жа яго хтосьці пхнуў, аж ён ляснуўся плячыма вобземлю. Тут на яго і лінулася людская бура.
        Але каля яго арудаваў ужо Ўладзя. Ён кінуўся ў самую гушчыню натоўпу і размахнуў рукамі. Хтосьці закрычаў, хтосьці сам распіхаць пачаў натоўп. Усё над Бушмарам кіпела, як у катле. Бушмар ратаваўся і рукамі і зубамі. Толькі на нагах сядзеў ужо хтосьці і падбіраўся да яго рук.
        - Жывога не пусціць!
        - Бі!
        - Бі!
        Яго ўжо збівалі.
        Але вось на адзін момант Уладзю ўдалося спыніць раз'юшанасць натоўпу. І голас яго, разам з Андрэевым, пранізалі навальнічны гул тады, калі натоўп зноў гатоў быў рынуцца і змяшаць Бушмара з зямлёю.
        - Назад!
        - Пальцам не зачапі яго!
        Тады забушавалі нездаволеныя галасы. Навальніца расходжвалася, але вось зноў:
        - Прэч!
        - Адыходзь!
        Бушмара паднялі і паставілі на ногі. Ён стаяў, увесь дашчэнту дрыжаў.
        Тады ўжо і ў натоўпе загаварылі:
        - Нашто яго біць, што гэта паможа?
        - Дайсці ад яго праўды трэба.
        - У суд яго.
        Пачаўся допыт, навальны, натоўпны:
        - Гэта ты ўсё? Прызнавайся.
        - Дом ты падпаліў?
        - Не, не я.
        - А чаго ты тут хадзіў?
        Ён замаўчаў. Тады людская сцяна зноў рушыла на яго.
        - Я толькі хацеў гумно падпаліць.
        - А дом хто падпаліў?
        - Вінцанцюк.
        - Каторы?
        - Ваш.
        - Калгасавец?
        - Але.
        Яго тады падхапілі пад рукі і павялі на пажарышча. Ужо адно галавешкі тлелі. Знайшлі Вінцанцюка. Той бедаваў і стагнаў, што ўся адзежа яго пагарэла. Іх паставілі з Бушмарам разам і акружылі. Вінцанцюк апраўдваўся:
        - Адкуль, таварышы, такі паклёп на мяне? Я Богу душою хіба толькі вінен. Што! Няўжо я сваю кватэру буду падпальваць. Уся ж адзежа мая там прапала.
        Тады нехта здагадаўся:
        - Вось тут і музыка ўся, што ты на гэтым выехаць хацеў: хто бо на цябе падумае, калі ты сам туды перабраўся!
        Раптам з натоўпу праплішчылася наперад, у круг, Аміля, заплаканая, устрывожаная.
        - Бушмар! - крыкнула яна слабым, змучаным голасам. - Гад, згубіцель! Што ты нарабіў!.. Звер!.. Як жа дараваць табе!.. Хто ж табе цяпер падаруе!.. За ўсё!
        Яна цяпер як бы расцвіла ўся ад трывожнай узбуджанасці. Малая постаццю, з маладым бляскам вачэй, яна выглядала, як дзяўчынка.
        Бушмар азіраўся.
        - Звязаць яго!
        - У суд!
        Ён ужо не бараніўся. Не было карысці. Зірк яго ўпаў туды, дзе людзей радзей было. Там Галена трымала на руках дзіцянё. Другое, Аміліна, трымалася за яе, напапоханае, сплаканае. Вось туды падышла і Аміля. Ён адвярнуўся.
        Андрэй заўважыў: нейкае падабенства ў Вінцанцюка з'явілася цяпер да нябожчыка бацькі. Вінцанцюк выў слязьмі.
        
        ІХ
        
        Цэлую ноч быў неспакой у калгасе: пажарышча курэла да самага рання. Змучаныя гэтакаю трывогаю пасля дзённай працы, людзі пад дзень разыходзіліся адпачываць.
        Ужо бялела тады неба на ўсходзе. Запахла з поля здароўем расы. Поле драмала, лясы маўчалі.
        Праходзячы паўз пажарышча дадому, Андрэй спыніўся. Глядзеў, як пусцела навокал ад людзей, і толькі вартавыя хадзілі ля пажарышча. Ён увайшоў у хату. Там Галена стаяла над дзецьмі - яны ўсе як пазбіраліся разам у трывозе, гэтак і паснулі. Жонка яго стаяла ля стала і маўчала. І ўсе яны не гаварылі, чуючы і так, без слоў адно аднаго.
        За вокнамі ціха было.
        Там Уладзя хадзіў яшчэ па двары. Узбуджанасць гнала ад яго ўсялякую ўтому. Ён стаяў з вартаўнікамі, так хадзіў. Пасля падаўся ён да Андрэевай кватэры - пераспаць да раніцы. Ля ганка, дзе дубы (лесавыя пасланцы ў поле) застылі ў перадранішняй дрымоце, цямнела ў водбліску неба чалавечая постаць.
        - Аміля! - пазнаў ён.
        Яна маўкліва глянула на яго.
        - Што думаеш?
        Яна адказала не адразу:
        - Так... Нічога не думаю... І пра ўсё думаю... думаецца...
        Пасля яшчэ:
        - Як даўней усё...
        - Што?
        - Жылося...
        Яна не скончыла сваёй думкі, чамусьці ўсміхнулася і глянула ціха і спакойна на яго. Вочы яе чуліся ў змроку, і голас усё меў у сабе сляды трывожнай знерваванасці:
        - А ты адзін ходзіш... чаго?..
        Але ён нічога не адказваў. Ён узяў яе за руку, другую яна сама працягнула яму.
        - Родная... ты...
        Яны пайшлі да Андрэя, несучы ў сабе радасць сваёй новай блізкасці.
        Назаўтра зноў позняе лета зіхацела сонцам. Дзень быў капатлівым, гарачым. Надвечар меўся адбыцца сход. Сход збіраўся быць бурным і доўгім.
        
        * * *
        
        Следства не цягнулася доўга. Бушмара і Вінцанцюкоў судзілі ўвосень. Бушмар адбываў кару.
        За тыя гады яшчэ некалькі новых будынкаў вырасла паўз лес. Бушмар больш у гэтую мясціну не вярнуўся. Ён знік.
        
        * * *
        
        Другая гісторыя перад намі. Гісторыя сыноў Амілі і Галены. Яны растуць, каб дзейнымі ўвайсці ў новае жыццё.
        Гэтае ж апавяданне скончана.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.