РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кузьма Чорны
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пошукі будучыні
Частка першая. Украдзенае маленства
I
II
III
IV
Частка другая. Вялікае скрыжаваньне
I
II
III
I
        
ДРУГАЯ ЧАСТКА. ВЯЛІКАЕ СКРЫЖАВАННЕ

        
        Прасторны шлях, калі ж, калі
        Ты закрасуеш на зямлі
        І злучыш нашы ўсе дарогі?
        Якуб Колас. «Новая зямля»

        
        
        
I

        
        Вялікі шлях з усходу на захад праходзіць каля мястэчка Сумліч, але не праз іх. Нават і не паўз самае мястэчка, а крыху зводдалеку. Гэты шлях – старая Маскоўска-Варшаўская шаша. На яе з Сумліч зроблен выезд: вузкая, як размінуцца двум вазам, дарога, брукаваная буйным каменнем. Брук гэты пакладзен год за дзесяць да цяперашняй вялікай вайны. Гэтай брукаванай дарогі хопіць на добрыя пятнаццаць хвілін шпаркай язды на найлепшым кані. Тое месца, дзе яна падыходзіць да шашы, не дазваляе ёй адразу ўліцца ў шашу. Гэта шырокае месца сярод жыта, ярыны і сенажацей, як бы вялікі круглы пляц, плошча, у якую ўліваецца адусюль некалькі вялікіх і малых дарог. Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Некалькі палявых дарог, крывых і вузкіх, крыжуюцца тут. Тут крыжуецца з шашою вялікі грунтавы шлях з Палесся. На поўдзень ад шашы ён ідзе на Вызну, Морач, Страхінь і Орлік і ўваходзіць у самыя Агаркаўскія балоты. На поўнач жа ад шашы, пасля свайго перакрыжавання з ёю, шлях ідзе на Семежава, Лешню, Цімкавічы, Капыль, Старыцу, Перавоз, Самахвалавічы і такім парадкам кіруецца на Менск. Так што гэтая дарога злучае два беларускія абшары, сваей прыродай, характарам і выглядам далёкія адзін ад аднаго. Крыжуецца тут з шашою і яшчэ адна, не менш вялікая дарога. Яна ідзе недзе з мясцовасці паміж Бабруйскам і Гомелем. Недзе адтуль, дзе хвоя саступае месца ясеню і дубу і дзе менш цудоўнай мяккай нахмуранасці і задумёнасці ў пейзажы, як у тых укрытых хвояй краявідах, куды яна ідзе цераз шашу. Гэтая дарога, няроўная, выкручастая і больш ціхая, чым людная, канчаецца недзе паміж Нясвіжам і Клецкам, праходзіць праз Цапру і Балвань і такім парадкам злучае і дзве разлегласці нашай Бацькаўшчыны, у кожнай з якіх наша гісторыя запісана па-свойму і своеасабліва. Калі адбылася Вялікая Рэвалюцыя і калі скончылася польская акупацыя, туды, дзе канчаецца гэтая дарога на захадзе, пабеглі з сваіх маёнткаў зямельныя магнаты, а з фальваркаў драбнейшая шляхта. І дзедзічы і пасэсары там на захадзе зраўняліся і два дзесяткі год жылі аднымі думкамі аб устанаўленні пальшчызны на ўсходзе, дзе яе няма і ў прыродзе. Касцёл для фальваркоўца аставаўся вызначэннем не веравызнання, а нацыянальнасці, а беларускую мову ён ламаў аб польскую і думаў, што гэтым жаргонам ён далучыўся да культуры, якая ўкладвалася ў яго ў словы – пан, маёнтак, фальварак. Дзеці іх, што радзіліся ў эміграцыі або малымі выехалі туды, за два дзесяткі год выраслі і знайшлі сабе свой спосаб да жыцця. Замест таго каб крычаць на парабкаў у сваім маёнтку ці фальварку, яны сталі службоўцамі ў дзяржаве, чыноўнікамі і ахавальнікамі старое, як свет, ідэі заваёўнага руху на ўсход. Іх думкі не пакідалі іх аж да семнаццатага верасня трыццаць дзевятага года. Яшчэ з маленства яны не забыліся гэтых дарог тут і памяталі нават лясныя і палявыя сцежкі.
        Тая круглая пляцоўка, дзе скрыжоўваюцца з шашою вялікія і малыя дарогі, была ўся вытаптана нагамі і выезджана калясьмі. Тут былі лапіны і дзірвану з чубамі блёкату і шчаўлюку і голая, убітая зямля. Упартая піжма купчасцілася побач дробнай лазы, і чабор цвіў разам з святыянскім зеллем над густым дываном спарышу і дзяцельніку. Трыпутнік разростаўся над каляінамі. Навокал жа, пакуль да палеткаў і лясоў, ішлі роўныя паплавы. Гэта былі самыя далёкія сумліцкія сенажаці. Да калектывізацыі яны былі падзелены сумлічанамі на вузенькія палоскі, і кожны касіў сабе, як хацеў. Крайняя ад шашы палоса сенажаці належала тады гаспадарцы Канстанціна Лукашэвіча, і стары Нявада, косячы тут у адзіноце або сушачы сена, знаходзіў тут сабе вялікую разрыўку ад тае псіхалагічнай траўмы, што пачала развівацца ў яго пасля першых пасляваенных год. Расказвалі пра яго, што ён ні тое што каб сказаць астарэў вельмі. Больш таго, у добрым жыцці дома ён выраўняўся і скінуў з сябе тую лушпавіну, што нарасла на ім за час бадзянняў па чужыне і па чужых людзях. Ён здаваўся кожнаму здаровым і зусім не падобным на самога сябе тады, калі толькі яшчэ сцягваў з плеч чужацкія транты. Некаторыя казалі, што ён аднак жа насіў у сабе нейкую хваравітасць, хоць нічым ніколі і не хварэў. Як бы там ні было, але можа і сапраўды ён насіў у сабе або хворасць, або можа толькі нейкія непатрэбныя думкі, якія тачылі яго. Быў час, што ён нават з твару асунуўся, і гэтая хударлявасць дала яму некалькі новых рысаў старасці. Часамі нават ён пачынаў ні то гаварыць, ні то штосьці разважаць сам з сабою. Усе гэтыя моманты, новыя, раней не ўласцівыя яму, асабліва пачалі заўважацца ўсімі з аднаго выпадку, які адбыўся не вельмі даўно, ужо ў часы, якія могуць належаць да нашых дзён.
        На тых сумліцкіх сенажацях, што былі пры дарожным скрыжаванні, сена было заўсёды змешана з мноствам скошаных аднагодніх дрэўцаў. Яны скошваліся з травою разам штогод і штогод зноў насяваліся і пасля зноў скошваліся. Без канца і меры іх рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Дрэва расло на самым скрыжаванні дарог. Гэта быў волат на рост і таўшчыню. Сумлічане казалі, што на ўсю вялікую акругу тут не знойдзеш другога такога вялікага дрэва. Адно на ўсю разлегласць, яно ўзнімалася над дарожным скрыжаваннем і відно было здалёку, дзе б хто ні ехаў. Кара яго пабілася на гузы, з якіх ад карэння да вяршаліны раслі парасткі, і так гэты волат на ўвесь свой рост стаяў спрэс зялёны. Хоць дрэва і было падобна на магутную скалу, але дзіва брала: як гэта яно магло даваць гэтулькі насення. На сенажацях штогод густа вылазілі з зямлі скрозь маладыя дрэўцы і гінулі пад касою. На навакольным полі плугі выварочвалі іх сотнямі. На абочынах дарог іх тапталі пешаходы. Разам з травой іх усюды з'ядала жывёла. Іх ламалі дзеці дзеля забаўкі. А праз год іх зноў было густа, і зноў усё ішло намарна. Але крокаў за дзвесце ад самога дрэва быў куток, дзе не ездзілі з калясьмі, і куды не дабівалася жывёла, і дзе не хадзіла каса. Год за дзесяць да Айчыннай вайны, да гэтых дзён, калі завяршыліся і дайшлі да новых сваіх ператварэнняў справы, крыўды, прыкрасці і радасці тых людзей, пра якіх я тут расказваў, з Сумліч да шашы забрукавалі выезд і ў адным месцы клалі мост цераз лог, даволі-такі вялікі. Падымалі насыпам дарогу і зямлю на гэта бралі з таго месца, што крокаў за дзвесце ад вялікага дрэва. Там стварылася вялікая яма і два дугаватыя равы – як дзе капалі. З самай вясны тут стаяла вада, і ўвосень таксама. Берагі да вады былі крутыя, к таму ж асталося тут скрозь бітае каменне, кучамі і рассыпанае, і ў гэтым месцы патомства вялікага дрэва за дзесяць год густа ўзялося. Мацнейшае дрэва глушыла слабейшае і само ішло ўгару, а пад ім слабейшае гнулася ў каржак, пускала рост у бакі і глушыла суседа, які таксама выбіраўся голлем у разлегласць. Такім парадкам за дзесяць год тут стварыўся куток з густым зараснікам. Зараснік аблямоўваў яму і спускаўся на самае дно яе і хаваў пад сабою два равы. Над гэтай непраходнай расліннасцю ўзнімалася колькі даволі ўжо высокіх таполяў, ужо сапраўдных вялікіх дрэў, а наводдалек, як асілак і аглядальнік на цэлую навакольнасць, узвышалася вялікае дрэва, усёй вышынёй зялёнае і ўпартае ў бесперапынным змаганні з навакольным светам за сваё патомства. Толькі адна-адзінюсенькая галіна на ім пад сярэдзіну яго вышыні, была сухая і вытыркала з густой зеляніны. Гэта было вельмі высока. Чалавек павінен быў крута закідаць галаву і трымаць шапку, каб глянуць на гэтую сухую галіну. На ёй нагледзелі сабе месца адпачываць удзень ад клапатлівай стомы палявыя каршачкі і заблудлыя здалёку птушкі. Гэты куток на скрыжаванні дарог быў як бы месцам ратунку ад цяжару доўгага падарожжа на вялікіх дарогах і ад цяжкіх думак аб невядомасці канца дарогі. Больш як за дзесяць кіламетраў ад гэтага месца падарожныя ўгадвалі, ці скора ўзыдзе сонца. Яшчэ змрок ночы вісеў над зямлёю, а вяршаліна дрэва ўжо была ў сонцы. На ёй ужо ляжала сонечнае праменне, хоць сонца было яшчэ дзесьці глыбока і далёка.
        Косячы тут раз на гэтых сенажацях, Нявада падлічыў, колькі ён адным махам касы зрэзвае маладых дрэўцаў. Выйшла нешта больш дзесятка. Ён тады перасадзіў з сенажаці некалькі самых большых дрэўцаў бліжэй к вялікаму дрэву. Калі ён назаўтра паглядзеў на іх, убачыў, што нечыя ногі паспелі ўжо стаптаць іх. Ён зноў перасадзіў некалькі дрэўцаў, але ўжо ў іншае месца. Праз два дні ён выразна ўбачыў: і гэтыя былі стаптаны нечымі ботамі з шырокімі абцасамі. З таго часу ён наглядаў і бачыў: кожнае перасаджанае дрэўца тапталася. Сляды паказвалі, што дрэўцы тапталіся і ботамі, і лапцямі, і босымі нагамі, і жаночымі абцасікамі. Гэтыя таптуны хадзілі тут кожны дзень. Кудысьці яны ішлі ўсё гэтымі дарогамі. За працаю ў полі і на сенажаці Нявада пачаў кідаць вачыма на дарогі і глядзець на гэтых людзей. Гэта ўсё быў той невядомы і шматлікі, хто таптаў яго дрэўцы. Абочынай шашы ён ішоў і ў лапцях, і ў ботах. Адзін з торбай за плячыма, другі з чамаданчыкам у руках і ў капелюшы. Часамі таптун з'яўляўся ў вобразе падарожнай жанчыны, часам у выглядзе маладога франта, часам гэта быў прысутулены абарванец. Вельмі часта ён садзіўся ці лажыўся пад вялікім дрэвам на скрыжаванні і спачываў там. Нявада нават забыўся на доўгі час перасаджваць дрэвы. Ён пакідаў у памяці на доўгі час кожнага падарожнага. Ён бачыў, як шафёры спынялі машыны і ішлі пад дрэва піць і закусваць, фурманшчыкі папасвалі сенам і аўсом тут коні. Можа і многа ўжо часу прайшло, як Нявада сачыў за падарожнымі. Можа ўжо не сотні, а тысячы перавярнулася іх перад яго вачыма. Раз, у дзень сухой хмурнасці і ветру, Нявада ўбачыў, як на скрыжаванні спынілася грузавая машына. Малады шафёр з зайздроснай усмешкай высадзіў галаву з кабіны і сачыў, як з самога грузавіка злезла зусім маладая дзяўчына. Яна скланілася яму, быццам дзякавала ці развітвалася, а ён нехаця схаваўся ў кабіну і паехаў далей проста шашою на ўсход, а ехаў ён з захаду. Дзяўчына асталася адна. Яна была такая з постаці, што здавалася маладзейшая за свае гады. Як толькі машына знікла, яна вельмі шпарка пайшла назад шашою, пасля рушыла ў палескую дарогу, пасля вярнулася і беспарадна азірнулася. Позірк яе даўжэй за ўсё затрымаўся на вялікім дрэве, яна як бы дзівілася, што бачыць перад сабою такога волата. Неспакойныя вочы яе ўбачылі Няваду. Ён глядзеў на яе і думаў: няўжо яна, такая дасціпная, лёгкая, спрытная, зараз стопча дрэўца, якое ён у гэты ж самы дзень, зранку, перасадзіў. Не больш як паўгадзіны таму ён глядзеў: дрэўца расло як мае быць. Дзяўчына была ў цёмным гарнітуры і густавалосая. Нейкая малая яна здалася Няваду, хоць адзежа яе была дарослай жанчыны. Быццам адумаўшыся, яна раптам зменшыла сваю рухавасць і моцна, каб чутно было здалёк, сказала да Нявады:
        – Да бліжэйшай станцыі на чыгунцы? Як ісці? Далёка?
        – Унь туды. На Цімкавічы... Не. Недалёка.
        Яна падзякавала яму і яшчэ акінула вачыма скрыжаванне дарог. Густы зараснік над ямай і равамі ўзяў на сябе яе ўвагу. Яна падышла туды. Нявада з непакоем глядзеў, ці зараз стопча яна яго дрэўца. Яна не дайшла да яго, а адразу села на траву пад першым веццем. Яна сядзела на ўдзірванелым капцы, над якім і навокал якога дробна траслося на ветры таполевае лісце, абаперлася локцем на траву і адразу задрамала. «Ага, яна стамілася за вялікую дарогу»,– думаў Нявада і пачаў шукаць вачыма свайго таго дрэўца. Яно не было блізка ад соннай дзяўчыны. Паўгадзіны таму яно было на сваім месцы і ў добрым сваім стане. Але ці гэта яму здалося, ці сапраўды? Унь ён бачыць яго, утаптанае ў зямлю. Яно ляжыць бокам і тырчыць угару адной галінкай. Незразумелая трывога разанула яго. Калі ж ён паспеў быць тут, той невядомы падарожны? Нявада падышоў да дрэўца. Яно ўсё было ўвагнана ў зямлю ботам з здаравенным абцасам. След ад абцаса быў глыбокі і шырокі. Незразумелая трывога павялічылася і ўжо межавалася са страхам перад тым невядомым. Калі ён паспеў прайсці тут і куды знікнуць?
        Дзяўчына сапраўды-такі спала, прыпаўшы галавой на руку. І яго душа страсянулася. Як быццам ён сумысля шукаў болю на сваю рану, якую не мог да канца залячыць час. К таму ж – трывога і неспакой, што тут хадзіў нейкі невядомы. Ужо адразу яго ўяўленне і думкі нарысавалі карціну: такая яна маладая і нейкая адзінокая на гэтых вялікіх дарогах. Куды яна спяшае, да чаго так нястрымна імкнецца? І тут ужо адразу з гэтай карціны паўстала другая, як злая наканаванасць, як смутак яго душы. Ён жа не бачыў і не ведаў калісьці, як Волечка, так як цяпер гэтая невядомая, можа, так жа адна спяшалася дарогамі і ў стоме падала на прыдарожную траву. Волечка, не цяперашняя жанчына, а тая дзяўчынка паўставала перад ім. Яна, тая Волечка, жыла ў яго душы, як вечны застылы вобраз, ці то ў мінуўшчыне, ці то ў сучаснасці, ці то ў будучыні. «Што было, тое прайшло»,– мог бы прыдумаць ён сабе ўцеху. Але ж не. Дзе ўжо там да Волечкі! Ужо не Волечка, а другая, вельмі цяпер на тую Волечку падобная, стаяла перад ім. Яна, як кропля вады на кроплю, удалася ў сваю маці і, як жывое ўвасабленне той Волечкі, была перад вачыма. Заўсёды ён думаў: гэтай не трэба будзе шукаць сабе шчасця для будучыні. Яна будзе жыць так, як будзе жыцца, а жыцца будзе добра. Ён гэта бачыў па сваёй Волечцы і па маленстве гэтай. І яго мучыла крыўда за Волечку, якая ўведала гора, а гэтая радзілася адразу на шчасце. «Тая варта большага замілавання, чым гэтая, што будзе думаць аб жыцці, як аб вясёлым свяце». З цяжарам на душы, з трывожным адчуваннем, што нешта жудаснае неўзабаве адбудзецца, ён аж прыгнуўся над увагнаным у зямлю дрэўцам, дзе вельмі выразна вызначаўся вельмі глыбокі след ад абцаса. Ён не мог больш быць у адзіноце і нарыхтаваўся ісці ў Сумлічы. Калі ён зрабіў першы крок, пачуў, што сонная дзяўчына глыбока кашлянула. Ён бачыў: яна прачнулася і прыўзнялася з локця. «Кашляе, захаладзілася на вільготнай зямлі, дзе ж, у нейкім клопаце, на дарозе, можа, за светам ад свайго месца». Ён быў схілен бачыць усюды самае горшае. «Мусіць у мяне выгляд дзіўны, што яна на мяне так глядзіць». У высокіх ботах, у выцертым плашчы і чорнай кепцы з гузікам наверсе, ён рашуча зрабіў колькі крокаў да дзяўчыны, быццам бы маючы да яе самую найпільнейшую справу. Пячаць асцярогі лягла на дзяўчынін твар. «Яна мусіць хацела адпачыць адна – і далей у сваю дарогу». Але было позна ўжо моўчкі прайсці паўз яе.
        – А вы далёка куды едзеце?
        – А я і сама не ведаю, ці гэта далёка адсюль, ці блізка.
        – Дзе гэта?
        – Туды, за Бабруйскам, у бок Гомеля. («Не, яна вельмі ахвотна і ветліва гаворыць».) Ужо з учарашняй раніцы ў дарозе.
        – Вы дадому едзеце ці з дому?
        Ён бачыў: яна як бы сумелася. Перш за ўсё яна сапраўды ўпала ў задуму. Яна думала над тым, што зараз скажа. Гэта было не зусім звычайна. Пасярод дарогі, упершыню, на адну можа хвіліну, яна ўбачыла незнаёмага ёй Няваду. Тут бы абы-што адказаць, таксама як і ён абы-што пытае. А яна думае. «Чыстая, справядлівая душа, яна цэніць сваё слова». Нявада аж ступіў яшчэ крок бліжэй.
        – Я-то еду дадому, але таксама і з дому... Я еду з дому да бацькі.
        – А дзе ж ваш бацька жыве?
        – Дома.
        – А вы едзеце да яго з дому?
        – З дому.
        – Гм... значыцца...
        Слова за словам, маўчанне пасля слова і перад ім, яна расказала яму гісторыю, і хто яго ведае, больш тут было суму ці радасці? Калісьці даўно, калі яе яшчэ на свеце не было, бацька яе паставіў сабе новую хату на панскай зямлі і з панскага лесу. Скончылася там права рэвалюцыі, і ён сюды пайшоў і жыў па гэты бок граніцы, а хатаю заўладаў пан. Калі скончылася і гэтая граніца, пан раптам убачыў, што, каб мець шчасце, даволі мець адзін дом, а тым больш панскія пакоі, і не канешне ўладаць у дадатак яшчэ сотняю хат, пастаўленых калісьці простымі людзьмі.
        – Гэта пан сам да гэтага дадумаўся ці гэтак навучылі яго, як цаніць чалавечае шчасце? – панура запытаў Нявада. «Як яна гаворыць, як бы з жорсткай насмешкай».
        – Гэтай праўдзе пана навучылі.
        Адным словам, бацька яе мае цяпер і тую хату, што ставіў у маладосці, і тую, у якой тут жыў. А яна ж з першага года свайго жыцця два дзесяткі год пражыла без бацькі.
        – Значыцца, і ў твайго бацькі ўкралі тваё маленства?
        – А чыйго бацьку яшчэ так абакралі?
        – Бацьку мае дачкі.
        – Значыцца – вас?
        Яна ўстала і з сумнай усмешкай глядзела на яго.
        – З тае хаты едзеш у гэтую?
        – У гэтую.
        – Бацьку бачыла ўжо?
        – Ужо мы пазнаёміліся.
        – То чаго вам на чыгунку? Па шашы ў той бок машын многа. Махнуць рукой, і шафёр падвязе аж да месца.
        – Я ўчора, пакуль машыну злавіла, выстаяла на шашы цэлае ранне.
        – То чаго ж вы ўсталі? Чаму не спачываеце? Дарога вам яшчэ вялікая.
        Яна паслушна зноў села на ранейшае месца, і вочы яе сталі такімі даверлівым.
        – Я вырасла без бацькі. А бацька пастарэў без мяне. Нам шкада таго, што мы адзін без аднаго былі. Гэта бацька мне маю душу на гэта настроіў, і добра ён зрабіў. Цяпер я ведаю, што не можна так жыць, абы жыць. Трэба шукаць таго, каго трэба з замілаванасцю ведаць і каго трэба ненавідзець.
        – Ненавідзець? Вы такая маладая і гаворыце аб нянавісці?
        – Аб чым жа мне гаварыць, калі жыццё майму бацьку скалечылі, і маё маленства...
        Яна недагаварыла і як бы засаромелася свае ўспышкі перад незнаёмым чалавекам тут, на дарозе.
        Гэта было ўвасабленне наіўнасці, непасрэднасці, парыў маладой натуры, калі ўсё, што ляжыць на душы, просіцца ў свет. У маладосці душа і думкі не абцяжараны развагаю аб мэтазгоднасці. Стоячы цяпер перад маўклівым Нявадам, гэтая маладая дзяўчына не ведала, што яна ўзварушыла ў душы гэтага старога перад ёю незнаёмца.
        «Яна хоча ведаць, каго ёй ненавідзець за ўкрадзенае маленства? А каго я павінен ненавідзець за гэта ж самае?» І зноў вобраз малой Волечкі вырысаваўся перад ім. І вобраз гэты раздвоіўся. Побач з Волечкай стаяла тая, цяперашняя, так падобная на сваю маці.
        – А чаму ж вы жылі цяпер не з бацькам?
        – Я вучылася і на лета еду.
        – А як жа вы завецеся?
        – Лізавета.
        – Што ж гэта так усё сыходзіцца! У мае дачкі таксама дачка Ліза. Год ёй ужо будзе ці не чатырнаццаць.
        – Ой! – крыкнула раптам Лізавета і шатнулася, як сядзела, назад. Нявада са здзіўленнем сачыў за ею, а яна паказала пальцам уніз перад сабою, і Нявада глянуў туды. Там быў адзін з тых двух равоў. Увесь ён быў скрыты ў густым таполевым зарасніку. На дне яго расла густая і высокая трава і цвілі кветкі. Яны, блакітныя і жоўтыя, відны былі праз трапяткое лісце зараснікаў, якія шчыльнай сцяной купчасціліся паабапал рова. Лісце шумела і траслося на ветры. Нявада ўгнуў твар над ровам і, прыглядаючыся, пачаў заўважаць на дне яго, у траве і пад нахіленым нізка веццем маладых парасткаў, чалавечыя ногі, абутыя ў боты з вялікімі абцасамі. Абцас аднаго бота быў у жвірыстай зямлі. Гэты абцас і стаптаў тое дрэўца! Нявада шатнуўся ад рова і беспарадна глянуў на дзяўчыну, якая як бы чакала першых захадаў ад Нявады. Але ён стараўся перамагчы ў сабе трывожную прыкрасць і разважыў думкамі сам сябе: «Падарожны нейкі спіць. А чаго ж ён залез у самы роў? У вільгаць? Калі тут трава сухая? Мала што,– душыў у сабе трывогу Нявада. – Усялякая прыгода з чалавекам можа здарыцца».
        – А чаго ж вы самі так устрывожыліся?
        – Хіба? Ты, нябога, нешта выдумляеш.
        – То я пайду. На станцыю. Ніякай машыны нідзе няма.
        Нявада ўбачыў, што яна і сапраўды зараз пойдзе. Яна прыгнулася і перашнуравала свой чаравік і паправіла на галаве хусцінку. Сэрца ў Нявады заныла. Што такое здарылася? Хто яна такая, што яму так не хочацца больш ніколі не бачыць яе? Ён і сам не мог разабрацца ў той праўдзе, што яна якраз папала сваім расказам аб сабе на боль у яго душы. Можа нават толькі на тое, каб яшчэ затрымаць яе каля сябе, ён сказаў:
        – Можа ўжо больш не будзе такога няшчасця з людзьмі, каб аддзялялі бацькоў ад дзяцей.
        – Можа і не будзе. А можа будзе.
        – Будзе. Цяпер я ўжо ведаю, што будзе,– раптам устрапянуўся ён. – Бо і так сказаць, чым жа свет і людзі з'іначыліся? У мяне ўкралі маленства мае дачкі.
        – А ў мяне на дваццаць год укралі бацьку.
        Вялікая трывога раптам ахапіла яго. Ён сам не мог саўладаць са сваім парывам. Зрабіў рух да самага рова і ўставіўся вачыма ў абцас, які (ён у гэтым быў упэўнен) растаптаў яго дрэўца.
        – Чалавеча, скажы ты мне, чаго ты лёг тут?
        Бот зварухнуўся, і чалавечая постаць з'явілася з-пад трапяткога вецця. Гэта быў чалавек малады і нерашучы, нават вялы рухам сваім. Ён хваляваўся і дзіка пазіраў на Няваду і Лізавету. Ён вылез з рова і сеў на краі яго. Некалькі кропак рабаціння было на яго твары, і валасы на галаве мелі нахіл да кучаравасці. Або ён выглядаў на многа маладзейшы сваіх год, або і сапраўды быў толькі ў першым сваім юнацтве. Адзежа на ім не мела пашаноўлі і догляду, у ёй заўсёды валяліся па мокрай траве і па пяску, яе рвалі аб сукі ў лясным гушчары, падсцілалі пад сябе нанач або, яшчэ лепш, спалі ў ёй. Яна была простая, як і ва ўсіх людзей на дарозе, але больш мятая і ўбруджаная. Ці было ўсё гэта непрыемна чалавеку? Ніякіх адзнакаў гэтага не было, хоць і льга было заўважыць, што на плячы ў пінжаку брудную лапіну не вельмі даўно так старанна церлі, што аж сукно выцерлі. Пакуль ён так сядзеў над ровам, Лізавета і Нявада глядзелі на яго, а ён маўчаў, пазяхаў і як бы чакаў. Пасля спрытна скруціў з махоркі папяросу, дастаўшы канцамі пальцаў махорку проста з кішэні. Закурыўшы, ён, надзьмуты і злы, паглядзеў на Няваду і абазваўся:
        – Ну, чаго мяне пабудзілі? Дарогі пытацца ці што?
        Нявада збянтэжыўся, адчуў, што немаведама на што пабудзіў чалавека.
        – Дарогі пытацца? Не, я тутэйшы... Бачу – ляжыць чалавек у рове, у вільгаці, у мурашках, у яме. Як бы наверсе не знайшлося ўжо чыстай травы.
        Чалавек, ці, можа, лепш называць яго «хлопец», пацягнуўся ўсімі сваімі суставамі і стаў, выплюнуўшы з рота недакурак. Пасля зірнуў на шашу і, як бы сам сабе, сказаў:
        – Як на тое ліха, ніводнай машыны.
        – А вам куды? – устрапянулася дзяўчына. Так і відно было, што яна была б рада знайсці спадарожніка дзеля свае дарогі, на якой трэба чакаць і пільнаваць выпадковых машын, пытацца, у які бок кіравацца, адпачываць на прыдарожнай траве, сустракацца з незнаёмымі людзьмі...
        – А вам куды? – адказаў запытаннем хлопец.
        – Мне за Бабруйск.
        – Э, мне зусім у іншы бок. Мне пад Пяцеўшчыну, пад Самахвалавічы... На Менск.
        – А-а,– працягнула з расчараваннем дзяўчына.
        – То калі вам на Менск, дык чаго ж вы паглядаеце на шашу,– абазваўся Нявада. – Вам трэба пільнаваць машыну на гэтай вось дарозе. На Капыль, на Кучанку, на Перавоз, на Пырашава... Хоць, праўда, вы можаце на Слуцк, калі па шашы, а там на Менскі тракт...
        – Ведаю,– сказаў зноў злы і надзьмуты хлопец. Здавалася, ён ненавідзіць гэтых людзей, што выпаралі яго з рова. Дзяўчына заўважыла ў ім гэтую рысу і адразу адышла ўбок. Нявада адчуў тут сябе лішнім. Тым часам з захаду на ўсход ішлі дзве машыны. Адна па шашы, другая па дарозе на Менск. Дзяўчына заварушылася, выбегла на шашу і падняла руку ўгару. Хлопец жа, здавалася, і не заўважаў, што якраз яго ідзе машына.
        – Унь жа машына ў ваш бок! – не вытрымаў Нявада.
        Хлопец паволі рушыў на сваю дарогу, яшчэ больш злы і нахмураны. Было падобна, што гэта ён збіраецца змясіць кулакамі і нагамі Няваду. Хлопец нехаця падняў руку, але невысока і на самы кароткі момант. Тым часам дзве машыны, не зважаючы ні на што, прайшлі далей, кожная ў сваю дарогу, і неўзабаве скрыліся з вачэй. Задаволены хлопец урачыста зірнуў на Няваду: «Ну што, стары дурань, трэшся тут, лезеш не ў сваё. Я сам ведаю, што мне рабіць». Вядома, Няваду сапраўды варта было б ісці ў свае Сумлічы. Што яму тут з гэтымі людзьмі? Але незразумелы смутак прыгнятаў яго душу. «Як гэты хлопец мог так незаўважна стаптаць дрэўца, і чаго ён хаваўся ў рове, і чаму ашуквае людзей, што яму трэба на Менск, калі ён нават як належыць не спрабаваў спыніць машыну? А відно, што ён здалёк, што ён у вялікай дарозе. Можа і дзяўчына гэтая хлусіць пра сябе і свайго бацьку. Можа ўвесь свет такі дзікі, што чалавеку не можна гаварыць праўду і баяцца другога чалавека. І можа ўжо скора пачнецца тая зноў навала? Можа ўжо зноў тут блізка ходзіць той вялікі злодзей, што ўкраў у яго Волеччына маленства?!» Душачыся нейкім страшным пачуццём, Нявада не зводзіў вачэй з хлопца, і той раптам уздрыгануўся:
        – Чаго ты так разглядаеш мяне? Я табе падазроны які ці што? Я цябе не баюся!
        – А хіба я хачу, каб ты мяне баяўся? Каб ты, сынку, ведаў, што мяне за душу трымае...
        – Ведаю! У цябе ўкралі маленства твае дачкі. А ў мяне ўкралі самога мяне. Так што ідзі сабе ў свой бок, а я ў свой.
        Нявада пачырванеў і адвярнуўся. У наступны момант ён угнуў плечы і выйшаў на брукаваную дарогу з гэтага месца да Сумліч. Ідучы ён гаварыў нешта сам з сабою. Праз чвэртку кіламетра ён азірнуўся і ўбачыў таго хлопца: гнучыся паўз жыта, ён ішоў у глыб поля, дзе сінявілася далёкая істужка лесу. Што ж да дзяўчыны, то Нявада бачыў, як яна запыніла на дарозе машыну і паехала ў сваю дарогу. Але ён не бачыў, як машына праз паўкіламетра стала і шафёр падлез пад яе і, лежачы на спіне, заваждаўся з рамонтам. Ужо і дзень схіліўся к вечару, а машына не была гатова. Нарэшце шафёр сказаў, што далей язды не будзе і трэба чакаць выпадку, каб узяцца ў каго на буксір. Дзяўчына паціснула плячыма ад прыкрасці і шпарка пайшла назад на скрыжаванне. Яна ўсё ўглядалася ў дарогу: іншае рады ёй не было, як спадзявацца на шчасце з новай машынай. Змяркалася, а яна, можа, і не адважылася б напроці ночы ісці адна да станцыі. Яна села пад вялікім дрэвам, прытулілася да яго і не зводзіла вачэй з дарогі. Два разы яна выбягала на дарогу і паднімала руку ўгару, але машыны прайшлі, і яна зноў апынулася на ранейшым месцы пад дрэвам. Бадай што ўжо зусім змеркла. Дзяўчына пачала беспарадна кідаць вачыма на дарогі і навокал сябе. У далечыні льга было заўважыць цёмныя абрысы мястэчка Сумлічы. Дзяўчына ўжо была памкнулася ісці туды, як раптам, непадалёку ад сябе, у гушчырні таполевых зараснікаў над ровам, выразна заўважыла чалавечую постаць. Нехта сядзеў і, як бы паўзучы, знік у кустах. Ёй здалося, што яна нават пачула трэск сухога ламачча. Ветру ўжо не было і ўсталёўвалася цішыня. Дзяўчына ўздрыганулася і рашуча пайшла на сумліцкую дарогу. Адразу яна азірнулася і ўбачыла, што ён стаіць пад кустамі.
        – Хто там? – крыкнула дзяўчына, апанаваная страхам. Ён так шпарка сеў, што ёй здалося, быццам гэта ён упаў. Душа яе заныла ад жаху. Яна дала шпаркую хаду ў сумліцкую дарогу, але ў гэты момант на шашы выплылі з-за далечыні фары, і машына шпарка пайшла сюды. Дзяўчына выбегла на шашу, каб падняць рукі. Ужо тут машына прыцішыла хаду і ўз'ехала на Менскі кірунак. Дзяўчына апусціла рукі. На завароце машыны святло з фар асвяціла зараснік над ровам, і дзяўчына зноў убачыла і пазнала яго. Гэта быў той самы хлопец, якога ўдзень Нявада выпараў з рова. Цяпер ён кідаў вачыма то на дзяўчыну, то ўслед машыне. Дзяўчына гэта выразна заўважыла і, не азіраючыся больш, а толькі прыслухоўваючыся, як мага шпарчэй пайшла на Сумлічы. Ён жа пільна сачыў за ёю, аж пакуль яе льга было заўважыць у вячорнай цемені. Ён доўга прыглядаўся і прыслухоўваўся. Нідзе нікога і нічога не заўважалася. Стаяла цішыня. Ён пачаў асцярожна станавіцца на ногі. Бадай што бегам ён даскочыў да вялікага дрэва і як бы ўліп у яго. Зноў пільныя абгледзіны ўсяго навокал і прыслухоўванне. Пасля ён узвёў вочы ў неба. У вышыні мільгацелі дзе-нідзе зоры. Зноў як бы ўзнімаўся вецер і халадала. Яшчэ раз прыслухаўшыся, ён раптам перахрысціўся па-каталіцку. Губы яго пачалі шаптаць: «Божа, няхай жа хутчэй прыйдзе да мяне мая тая будучыня, і няхай яна будзе такая, як думаю я. Каб хутчэй скончылася бадзянне маё і каб хутчэй на гэтай зямлі настаў канец таму, што на ёй цяпер ёсць. Няхай хутчэй прыйдзе час, і каб я адразу знайшоў сваю будучыню». Пасля гэтай складнай малітвы, якая, відаць, гаварылася не ўпершыню, ён зноў прыглядаўся і прыслухоўваўся. Пасля сціснуўся ў жмут і сеў пад кустамі драмаць. Паціскаючыся з холаду, ён прахапіўся, калі ўжо свяціла сонца. Яно яшчэ невысока стаяла над непаспелым жытам, і ён устрывожана пабраўся з-пад дрэваў у кусты над ровам.
        Тым часам яго ўвагу ўзяла на сябе грузавая машына, што імчалася па шашы з захаду на ўсход. Многа людзей сядзела ў ёй, найбольш жанчыны і дзеці, і сярод іх здалёк відна была сівая барада старога чалавека. На самым скрыжаванні машына крута спынілася, і шафёр, узбуджаны і ўстрывожаны, выскачыў з кабіны. Жанчына ў машыне моцна заплакала: «Не трэба спыняцца, хутчэй далей, далей ехаць». Другая каля яе залямантавала: «А Божачка мой, а хлопчык жа мой маленькі, а нават і костачак тваіх я не пазбірала... »
        Усё гэта было вельмі падазрона і нязвыкла. На твары маладога чалавека напісалася надзея і радасць чакання. Ён не вытрымаў і выйшаў на шашу. Шафёр адразу падскочыў да яго:
        – Тут машына з дзецьмі не праязджала? Вы тут даўно?
        – Я тут нядаўна, але машына праехала.
        – Даўно?
        – Кажу, што нядаўна. А што вы так устрывожыліся?
        – Ён нічога не ведае, шчаслівы! – залямантавала ўсё тая ж жанчына.
        – Няшчасце! Бяда! Вялікае гора! Пагібель! Час той страшны настаў! Немец напаў! Б'е з неба і з зямлі, паліць, губіць... А хлопчык мой маленькі!..
        Яна закрыла твар рукамі і зарыдала дзікім лямантам.
        – Дык адкуль вы едзеце? – з раптоўным вясёлым натхненнем сказаў малады чалавек да шафёра.
        – З Берасця. Ледзьве вырваліся. А машына з дзецьмі даўно?
        – Нядаўна! – хлусіў малады чалавек і з радасцю ўбачыў, што шафёр ускочыў у сваю кабіну. Машына рванулася ў далейшую дарогу на ўсход, а ён, лёгкай хадой, з пячаццю шчасця на твары, угнуўся ў зямлю над стаптаным маладым дрэўцам, выцягнуў дрэўца і выграб на тым месцы з зямлі звязак нейкіх паперак. Дзве паперкі выцягнуў са звязку, а рэшту зноў загроб і пасадзіў наверх абы-як тое самае абязвечанае дрэўца. Дзве паперкі выпрастаў у пальцах, дастаў з кішэні восем цвічкоў з вялікімі плешкамі, прыбіў дзве паперкі да дрэва, наабапал ствала, шпарка дайшоў да жыта, паляжаў у ім, бачыў адтуль і чуў, як па шашы яшчэ праімчаліся з захаду на ўсход машыны з людзьмі, і пайшоў полем да лесу. Там ён доўга шукаў падкрыўчыстай асіны і пад ею выграб з зямлі новы звязак паперак, адну прыбіў да дрэва, а астатнія вынес на дарогу і там раскідаў. А сам зайшоў на той бок лесу, сеў у гушчырні на пень і нешта думаў. Можа ён так сядзеў вельмі доўга, ён не заўважаў. Душа яго поўнілася шчасцем. Ён адчуваў сябе так, як выкінуты хваляй з мора на бераг. «Цяпер чакаць толькі далейшай радасці». Каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты, заўважыў бы, як свяціліся яго вочкі і пячаць усмешкі час ад часу перасмыквала яго твар. Здавалася, ён зараз увойдзе ў нейкі незвычайны рух, і гэта будзе выяўленне яго душэўнага захаплення. Губы яго пачалі нешта шаптаць. Можна было б злавіць словы: «Дзякуй табе, Божа». Калі ўспомніць тую яго малітву пад дрэвам, то льга было б падумаць, што Бог пачуў яго і ўжо да яго прыйшла тая яго будучыня, аб якой ён так прасіў Бога. Або як бы ён адчуў блізасць шчаслівай будучыні, як толькі пачуў на дарозе дзікі лямант жанчыны аб сваім хлопчыку. Ён пакрысе аднак жа адумаўся, стаў пахмурны і задумёны і скрыўся ў лясной гушчырні.
        Там ён распароў нейкае шво ў пінжачнай падшэўцы, выцягнуў адтуль некалькі пасведчанняў з пячаткамі і штампамі, выбраў адно і схаваў у кішэню. А рэшту парваў і загроб пад купіну моху. Неўзабаве ён паказаўся на ўзлессі і, нічога не баючыся, пайшоў цераз поле сцежкаю да скрыжавання. Мусіць пэўнае мэты ён на гэты час ужо не меў, а цягло яго да шашы, можа дзеля таго, што тут маглі быць хутчэй навіны з захаду. Ён здалёк наглядаў, як тая ўчарашняя дзяўчына вельмі шпарка ішла з сумліцкай дарогі да шашы. Ён добра бачыў, што яна, як толькі выйшла на шашу, стала тварам на захад і падняла руку. Проста на яе імчалася некалькі машын, поўных людзьмі. Але ўсе яны прайшлі далей, і яна зноў асталася адна на дарозе. Яшчэ раз угледзеўшыся ўдалячынь і нічога там не заўважыўшы, яна паглядзела на вялікае дрэва, шпарка падышла да яго і пачала чытаць паперку на ім. Твар яе змяніўся адразу. Скончыўшы чытаць, яна нейкі час стаяла ў аслупянелай задуме і раптам прытулілася лбом да дрэва і заплакала. У наступную хвіліну яна адкінулася ад дрэва і ўбачыла перад сабою яго, таго самага. Заплаканая, збянтэжаная, яна ўздрыганулася і сказала з балючай прыкрасцю:
        – Што, вы прыкуты да гэтага месца?
        – Але ж тое самае я магу сказаць і вам. Вы яшчэ ўсё тут?
        – Тут. Я ніяк не магу на машыну сесці,– адсекла яна.
        – Ну, і я тое самае. (Ён гаварыў не так, як яна, раздражнёна, а нават з адценнем ветласці на твары і ў голасе.) Што вы такая змрочная, сама не свая?
        Яна, замест адказу, ткнула пальцам у паперу на дрэве.
        – Э, нічога. Трэба трымаць сябе ў руках. Гэта не нам адным, а ўсім. Будзе тое, што будзе.
        – Мала што будзе, што будзе! Гэта кепская ўцеха. Бо ўсё пайшло намарна, што я ўжо зрабіла дзеля мае ж будучыні. У мяне не было бацькі, і раптам я стала мець роднага бацьку. Мы былі выгнаны з роднай хаты, і зноў хата стала нашай. Я дбала аб тым, кім я жыцьму праз усё сваё жыццё. Гэты год я ўжо вучылася ў Беластоку. І раптам канец маім студэнцкім марам аб будучыні.
        Усё гэта яна сказала прыгнечаным голасам і глядзела яму ў вочы, а на твары яго напісалася абыякавасць і паглыбленне ва ўласныя думкі. Як толькі з'явілася на дарозе машына, дзяўчына падняла руку, машына прайшла далей. Пасля пайшлі машыны адна за другой – з дзецьмі, з жанчынамі. Дзяўчына нават і не спыняла машыны, а на адну з іх узлезла на ходзе. Цэлая калона машын прайшла праз скрыжаванне з захаду на ўсход. І шаша стала пустая. Не было ўжо тут і дзяўчыны. Малады чалавек таксама знік. Ён зноў рушыў полем у лес. Цяпер ён ужо ўпэўніўся, што чаканы момант сапраўды настаў. Сонца паднімалася высока, а ён ужо тут на скрыжаванні зусім не з'яўляўся. Было яшчэ не позна, да паўдня яшчэ не дайшло. Машыны па шашы пачалі ісці ўсё часцей. З вышыні ледзь пачуўся гул самалётаў. Ён ірваўся і тузаўся ў падхмар'і і ўсё зніжаўся. Машыны на шашы спынялі рух і з'язджалі ў бакі, і зноў ірваліся наперад. Самалёты з'явіліся над самай шашою. Яны плылі над ёю, нізка і павольна. Ужо яны праплылі над скрыжаваннем, і неўзабаве з усходняй стараны ад гэтага месца, блізка, уздрыганулася зямля і паветра некалькі разоў засаб. Над вялікім дрэвам узвіўся спуджаны каршачок, над жытам узляцела многа птушак, вецер нацягнуў дыму і пылу, самалёты зрабілі над шашой круг. На шашы, у розных месцах, спыніліся ўсе машыны. Дзе льга было, яны з'язджалі на поле. Пакуль самалёты зусім зніклі, прайшло, можа, з паўгадзіны. Сонца ўзнімалася ўсё вышэй. Ужо яно моцна пякло. Тым часам над шашою і ў наваколлі зусім ціха стала. Машына за машынай, і зноў пачынаўся на шашы рух. Але зноў праляцеў самалёт. І гэты над шашою ляцеў нізка. Так што на яго хвасце відна была знізу чорная свастыка. З шашы ён крута пайшоў на Сумлічы. І льга было заўважыць, як ён доўга кружыўся над мястэчкам. А пасля і там уздрыганулася паветра і зямля, і над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Тым часам з Сумліч пачалі ісці і бегчы людзі. І ў лес ішлі праз жытні палетак, і ў жыце аставаліся, і назад варочаліся, і паўз шашу ішлі далей на ўсход. З сумліцкай дарогі на перакрыжаванне ўз'ехала фурманка. Малады канюк бег вельмі шпарка. У драбінках сядзеў Нявада, і поплеч яго малая дзяўчына гадоў пятнаццаці. Проста шашою Нявада пагнаў каня на ўсход. Ужо скрыжаванне асталося за імі, і дарога раптам стала перад імі загароджана. Гэта была страшная барыкада, якую мала калі бачыць свет. Недаломкі грузавых машын ляжалі бясформеннай кучай на ўсю шырыню шашы. Каля гэтага пагнутага і парванага калецтва, і пад ім, ляжалі чалавечыя ногі, рукі, тулавы без рук і галоў, і галовы без тулаваў. Чырвоная ад нявысахлай яшчэ крыві чалавечая постаць захавала ў раскінутых руках і нагах імклівасць бегу. Галава без цела захавала ў адным незаплюшчаным воку цьмяную застыласць пакуты. Стогны і енкі чуліся з-пад гэтага жахлівага награмаджэння. Нявада крута спыніў каня, саскочыў з воза, і следам за ім саскочыла дзяўчына. Нявада пачаў заварочваць каня назад. Пачуўся енк: – Злітуйся, завязі да людзей ці куды з дарогі. – Нявада аслупянеў. У наступны момант ён прыгнуўся над жывым яшчэ дзіцем і паклаў яго на воз. Ён стаў шукаць тут жывых дзяцей і забіраць іх.
        – Бяжы дадому,– сказаў ён да свае дзяўчыны,– скажы, што тут яшчэ менш спакою, чым каля дому. А я павязу дзяцей. Трымайцеся там разам утраіх. Калі зноў бяда прыйдзе, ратуйцеся, як прыйдзецца. Бяжы, Ліза, бяжы, Лізаветка!
        Ліза подбегам пайшла ў бок Сумліч, і ён не мог адарваць ад яе свайго позірку. «Гэта тая, пра якую я думаў, што яна будзе шчаслівая! Вось і прыйшла ёй будучыня Божа мой, Божа мой». Здаецца, ён пабраў усіх яшчэ жывых дзяцей. Жанчыны пакінулі стагнаць і енчыць пад абломкамі, калі ён гаварыў:
        – Дзеткі мае, малыя мае, перацярпіце да канца, я павязу вас на ваш ратунак. Ціха, няхай вашы вочы засвецяць скора шчасцем.
        Ні адна жанчына больш не застагнала. Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль знявечанага дзіцяці. Нявада ўжо ўзяўся за лейцы, як раптам убачыў перад сабою таго самага маладога чалавека. Ён як з-пад зямлі раптам вырас тут і сказаў да Нявады:
        – Немцы ўжо занялі Менск і Бабруйск. Слуцак гарыць, а Баранавічы і Вільня ўжо спалены. Чырвоная Армія ўжо за сенняшнюю ноч разбіта і разбягаецца. Сталін і Молатаў невядома дзе дзеліся з Масквы.
        – Што ты гаворыш, дзе ты чуў! – крыкнуў Нявада, бялеючы як палатно і халадзеючы сэрцам.
        – А вось я прачытаў тут,– адказаў той, даючы Няваду такую ж паперку, якую раней прыбіў да вялікага дрэва.
        – Ты рад гэтаму? Што ты тут мне гаворыш! – крыкнуў Нявада, гатовы цяпер накінуцца на ўвесь свет.
        – Ужо няма ні Чырвонай Арміі, ні Сталіна, ні ўлады, і ўжо немцы ідуць і ідуць наперад. Яшчэ колькі дзён – і немцы зоймуць усё. Трэба гэта ўсім казаць, каб усе загадзя ведалі і падрыхтаваліся спаткаць немцаў як сваіх, і каб лавілі і аддавалі немцам кожнага, хто бальшавік. Немцаў ніякая сіла не возьме. Перад імі ўжо ляжыць увесь свет.
        Нявада, як стаяў, хапіў у сябе з-пад ног нейкі гнуты прэнт з раструшчанага грузавіка і з першага размаху апусціў яго на галаву маладога чалавека, які так добра ўсё ведаў і так складна гаварыў. У наступны момант Нявада тузануў лейцы і пайшоў побач воза. Страшнае месца ён пакінуў за сабою і не бачыў, як той, каму ён апусціў на галаву жалеза, пахістаўся з момант на месцы і ўпаў на шашу як скошаны. Сонца пякло моцна, і парывамі ўзнімаўся вецер і гнаў па шашы пыл. Малады чалавек ляжаў як непрытомны. Калі дзьмуў вецер, яму было як бы лепш, ён ляжаў спакойна. Калі вецер сцішваўся і мацней пякло сонца, ён неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Але яго голас тануў у енках і стогнах няшчасных людзей з-пад абломкаў машын. Некалькі разоў ён чуў, як гулі ўгары самалёты, як дзесьці поблізу праходзілі машыны, як у старане гаварылі людзі, як далей бухалі ўзрывы. Але ён не паднімаў галавы. Як бы сто пудоў жалеза было навалена на яго, як ён быў прыкован да таго месца, на якім ляжаў. Ён быў як бы на мяжы свайго выхаду з навакольнага свету. Там, дзе пачынаецца абыякавасць, там недалёка гібель. Так праходзіў дзень, а ён усё ляжаў з заплюшчанымі вачыма. Што-нішто адбывалася тут каля яго, але да яго гэта не даходзіла. Калі сонца зрушыла з паўдня і пайшло ніжэй, вецер перамяніўся, і як бы прыхаладала. Тады з-пад самага споду абломкаў, трупаў і жывых знявечаных пачала выпоўзваць тая самая дзяўчына, Лізавета, што так многа чакала на скрыжаванні машыны. Яна ледзьве перасоўвала рукі і ногі, і страшна было б глядзець, як ёй цяжка вызваляцца з-пад таго цяжару, які прыдушыў яе да зямлі. Вельмі доўга яна траціла апошнія сілы на свой ратунак. Сонца ўжо вісела зусім нізка, а ногі яе яшчэ ўсё аставаліся пад цяжарам. Яна вызвалілася толькі тады, калі паветра зусім ахаладала і вецер сціх. Сонца блізка было да захаду. Яна доўга ляжала пасярод шашы, і нарэшце да яе свядомасці пачаў даходзіць вялы голас: час ад часу падаваў енк мужчына. Яна паспрабавала свае сілы сесці і ўбачыла, што сонца зайшло. Светлая палоса ішла цераз увесь захад і ападала кудысьці за далягляд проста над шашою. Толькі цяпер, седзячы тут, на дарозе, яна ўбачыла, што было блізка пры ёй. Тут, у гэтым страшным награмаджэнні, яшчэ жылі людзі. Смутак здушыў ёй сэрца. Ёй было горна думаць аб мінулым, а наперадзе стаяла сцяна страшнай невядомасці, праз якую не пачуць і не пабачыць. Нават найбліжэйшая будучыня губілася ў гэтай страшнай невядомасці.
        – Хто тут? – ледзьве магла яна адцягнуць голас. І ніякага адказу ёй не было. Гэтае маўчанне было тым страшнейшае, што ў вышыні бесперапынна рваўся гул самалета. Яна пачала спрабаваць падняцца і ўбачыла, як постаць мужчыны ўстала поблізу яе і, хістаючыся ў бакі, знікла пры шашы ў полі. Больш ужо не чутно было мужчынскага стогну. Настала ноч, з цішынёй і зорамі. Дзяўчына ўстала і пайшла абочынай дарогі ў той бок, у які стаяла тварам. Ледзьве трымаючыся на нагах, яна дайшла да скрыжавання дарог і села пад вялікім дрэвам. Росная трава была пад ёю. Рух па шашы і на іншых дарогах павялічваўся. Машыны раз-поразу праходзілі скрыжаваннем паўз вялікае дрэва. Часам некаторыя спыняліся на хвіліны, шафёр выходзіў з кабіны, штосьці папраўляў і зноў гнаў машыну. Спакою тут не было. Раптам зноў гул нямецкіх самалётаў і страляніна зверху. Вогненныя істужкі падалі з неба. Яна пайшла назад на шашу і села на яе абочыне. Зноў усё стала ціха, і зноў пайшлі машыны дарогаю. Але яны ішлі з патушанымі фарамі, і ніхто не бачыў, што вельмі доўга перад кожнай машынай дзяўчына паднімала руку. Абяссіленая, яна адышлася ў бок ад шашы і села на мокрую траву ў жудаснай дрымоце. Чэрвеньская ноч была кароткая. Неўзабаве пачало світаць. Цяпер яе могуць убачыць. Яна зноў выйшла на шашу паднімаць рукі. Толькі цяпер яна ўбачыла, што рабілася на шашы і каля яе. Машыны і людзі, жанчыны і дзеці, маладыя і старыя, параненыя і здаровыя. Ішлі і ехалі і ўсе глядзелі ўгару. На самым скрыжаванні спынілася машына. З яе выйшаў Сымон Ракуцька.
        – Дык бывайце здаровы і дзякуй, што падвезлі,– сказаў ён да шафёра.
        – А дакументы вашы прыйдзецца паглядзець,– сказаў лейтэнант з перавязанай рукой, які сядзеў поплеч шафёра. Ракуцька паказаў дакумент.
        – Дык вы дадому? – сказаў лейтэнант, разглядаючы дакумент.
        – Дадому.
        – А што вы там рабілі, адкуль едзеце?
        – Адкуль я еду – я там радзіўся і вырас. Я там завёў сям'ю. У мяне там радзіліся дзеці. У рэвалюцыю я там паставіў сабе новую хату. Калі скончылася там права рэвалюцыі і зноў нахлынула туды панства, мяне выгналі з хаты, хату прысвоілі сабе, і я падумаў: што ж чакае маіх дзяцей у будучыні? Я перабраўся на гэты бок граніцы і завёў сабе тут такую дамоўку, што толькі бедаваў, што дзеці мае не бачаць яе. Цяпер зноў там стала права рэвалюцыі. Я забраў назад сваю хату і зацверджваў гэта дакументамі, а дачка мая пазаўчора выехала адтуль сюды. Меўся і я сёння выехаць. А тым часам учора нямецкі пярун спаліў маю хату. Цяпер я да сябе ў дамоўку, дачка Лізавета ўжо там. Каб як Бог даў мне дабрацца. Далёка, туды немец не павінен дакаціцца. Там і жонка, і сын Тамаш...
        Лейтэнант ледзь даслухаў і сказаў шафёру ехаць.
        – Таварыш дарагі,– сказаў яшчэ Ракуцька,– яшчэ дзякую вам і за шклянку гарэлкі, калі я ў страшэнным утрапенні сядзеў на дарозе. Спішыце з майго дакумента сабе мой адрас. Калі што якое – да мяне, як к сабе дадому.
        Машына неўзабаве пайшла шашою на ўсход. Ракуцька ж звярнуў з скрыжавання на грунтавы шлях і падаўся ў роўную, але шпаркую хаду. Лізавета з шашы бачыла яго прысутуленую постаць, але яна так мала з ім разам яшчэ жыла, што не здагадалася адразу, што гэта ён там пайшоў у гэты ранні час і на гэтай далёкай і незнаёмай дарозе. Сумуючы і ў непакоі аб яго лёсе, яна наважыла, як бы там ні сталася, спыніць машыну. Яна стаяла на шашы, падняўшы руку, і чакала. Раптам гул і жалезны скогат. І жах агарнуў яе. На апусцелай і прыціхлай шашы, проста на яе, ішлі чатыры нямецкія танкеткі. Яна не заўважыла дзе, але выразна бачыла перад сабой чорную свастыку. З шашы яна спаўзла высокім адкосам і прыпала да яго ўсім целам. Яна чула, як танкеткі прайшлі над ёю і пасля ўсё сціхла. Калі яна глянула на шашу, убачыла, што ўжо не было таго страшнага награмаджэння знявечаных людзей і машын. Усё адразу расплылося, раструшчылася і ўвагналася ў зямлю скогатным ходам танкетак. Боль яе сэрца і смутак душы перавысіў вялікую слабасць яе цела. Агорнутая бядою і горам, яна пакінула гэтае сумнае месца. Ісці ёй было цяжка. Яна хісталася ў бакі, і так постаць яе злілася з прасторам поля і дарогі. Пачало ўзыходзіць сонца. Успамінаючы пасля гэтыя часы, яна казала, што ў моманты адыходу ад страшнага месца на шашы яна больш за ўсё мучылася думкамі пра бацьку. Цяпер яна была ўпэўнена, што гэта яго прысутуленая постаць прагойдалася па грунтовай шырокай дарозе, скрыжованай з шашою. Гэтая сям'я сабралася зноў і пажыла разам каля паўтара год, і Лізавета ведала з бацькавых расказаў, як ён мучыўся тут адзін па іх усіх і асабліва па Тамашу. З гэтага і Тамаш цяпер здаваўся ёй больш родным, а бацька здольным на пакуту за яе, Тамаша і маці. Яна скіравалася на тую ж дарогу і ішла ўсё, ішла, пытаючыся ў падарожных людзей, але без надзеі дагнаць бацьку. І гэта больш за ўсё мучыла яе. Сіл у яе ледзьве хапіла, каб не зваліцца з ног да захаду сонца. Захад сонца гэтага дня ўжо не быў падобен да ўчарашняга. Хоць яна ўжо і была даволі далёка ад шашы, аднак жа бачыла, як толькі пачало цямнець і сцямнела, што на шашы, і, мусіць, на ўсю ноч, пачалося пекла. З неба ліўся агонь істужкамі з вузламі. Зямля ўзнімалася ўгару, і неба спускалася нізка. Тонка свістала і гулка выла і суха грымела і ўздрыгвала на ўвесь свет. Людзі дабягалі сюды з шашы і яшчэ аднекуль з поля, з цемені ночы, стагналі, гаварылі, пагражалі і ішлі. Уздоўж шашы ішоў бой. А яна ўсё не спыняла сваю хаду. Нервовае ўзбуджанне гнала ранейшую слабасць. На ўсходзе запалавела неба, а грымучае пекла не мела ўнімку. Калі паднялося сонца, вялікая цішыня запанавала на зямлі. І гэта падбадзёрыла дзяўчыну. Яна скранулася з месца і рушыла зноў у дарогу. Яна ўбачыла ў траве мёртвага чырвонаармейца. У старане чуўся гул танкаў. Уночы чырвонаармейская часць боем ссадзіла немцаў з шашы, і яны цяпер ірваліся стараной. Не спаткаўшыся з імі, дзяўчына ішла далей паўз дарогу, увесь час трымаючыся кустоў, жыта і дрэваў. Сонца пякло моцна, і ў траве блішчэла раса. І яна неўзабаве выйшла з той зоны, у якой уночы адбыўся бой. Немцы вялікім кругам абыходзілі гэтае месца. На поўдзень ад скрыжавання, за жытнім прасторам, быў рэдкі хваёвы лес, невысокі і без падлеска. Паўз гэты лес, палявою дарогаю, і браліся цяпер на ўсход немцы. Спачатку там прайшлі танкі, пасля пайшлі грузавыя машыны з салдатамі, а пасля – дарога то пусцела, то пройдуць грузавікі, то легкавая машына, то зноў грузавікі, то зноў пуста рабілася. Пад каржакаватаю хваінай, непадалёку ад дарогі, увесь у сухім моху і хвойных голках, ляжаў той самы малады чалавек. Выгляд яго быў страшны. Бледны твар з крывавымі падцёкамі, парваная адзежа. Відно было, што ён перажыў страшную ноч. Ці то ён бягой ратаваўся з зоны бою, ці, можа, якая іншая з ім здарылася прыгода, але ён цяпер ляскаў зубамі, і вочы яго бегалі ад дрэва да дрэва. А можа ён яшчэ не адышоў ад таго, што Нявада даў па ім гнутым жалезам. Тым часам падышла легкавая машына і спынілася. З яе выйшлі два нямецкія салдаты і афіцэр з біноклем і картай. Салдаты стаялі, як на варце, а афіцэр глядзеў у поле праз бінокль. Малады чалавек узвалокся на ногі і пайшоў проста на афіцэра. Салдат наставіў на яго аўтамат. Ён падняў рукі ўгару і па-нямецку прывітаў афіцэра і яшчэ дадаў нейкае слова, ад якога афіцэр пільна на яго паглядзеў. Яны пачалі гаварыць нямецкай мовай.
        – Ці няма тут бальшавіцкіх салдат? – запытаў афіцэр.
        – Няма. А ці даўно заняты немцамі Баранавічы? І ці ўстанаўляецца ўжо ў занятых немцамі месцах цывільная нямецкая ўлада?
        – Устанаўляецца.
        – Ці пастаўлены ўжо высокія начальнікі акругаў, абласцей. І, можа, сярод іх або сярод іх памочнікаў ці вялікіх службоўцаў чуцён дзе граф Паліводскі?
        Афіцэр падазрона і з непаразуменнем паглядзеў на абшарпанага маладога чалавека, і той зноў сказаў нейкае тое слова. Афіцэр паціснуў плячыма і сеў у машыну.
        Малады чалавек папрасіў есці. Афіцэр кінуў у перацёрты на пыл дарожны пясок пачак галетаў, і машына зрушыла з месца. Малады абшарпанец падняў галеты і, жуючы іх, падаўся глыбей у гэты непрытульны лес без ценю і травы і лёг на хвойныя голкі, апанаваны прыступам слабасці. Тым часам па ўсёй гэтай мясцовасці не спыняліся то дробныя баявыя сутычкі, то рух машын, то разрывы авіябомб у розных месцах, то людзі ішлі, і так, і натоўпамі з дзецьмі, і чырвонаармейцы ішлі на ўсход, тулячыся дзе якое ўкрыццё было – лесам ці полем. За тыя дні немцы далёка ўвайшлі на ўсход ад дарожнага скрыжавання. Таксама і на поўдзень ад усходу. У Сумлічах гаварылі, што немцы ўжо мінулі Бабруйск. Сумлічы асталіся цэлыя. Пажар ад авіябомбы ў той першы страшны дзень сумлічане патушылі. Агонь з'еў усяго паўвуліцы. Першыя нямецкія калоны ў мястэчка нават не заходзілі: Сумлічы ад шашы былі ўбаку. Артылерыйская кананада і авіяцыйныя налёты аддаляліся, і, дзень за днём, настала часіна, калі ў вулічных закутках было чутно, як дзе-небудзь, дзе на сонцы спёка і бляск, загудзе муха. І птушыны шчэбет чуцён усюды. Ужо многа станавілася цішыні, і чалавечая душа магла ўтапіць у ёй сваё ўтрапенне.
        Тры новыя вуліцы пашырылі мястэчка Сумлічы на поўдзень яшчэ ў першыя гады пасля рэвалюцыі. За ўсе ж апошнія гады гэтае месца яшчэ разбудавалася, і тут стварылася як бы новае мястэчка пры старым, усё ў маладых, яшчэ невысокіх дрэвах, тады калі над старым мястэчкам узнімаліся ў неба купчастыя вяршаліны магутных стагодніх дрэў. Хаты старога мястэчка саступілі месца дамам і дамкам новага мястэчка, дзе маляваныя вокны і дзверы прасвечваліся праз зяленіва кустоў, скрозь панасаджваных ад вуліцы і ў дварах. Тут быў адзін дом, сцены якога, з смольнага кругляка, ужо ад часу пацямнелі, але не так яшчэ, каб скрыць свае годы. Яшчэ ўсюды відно было, што дом гэты новы. Дрэвы навокал яго яшчэ толькі ўбіраліся ў сілу. Яшчэ і смала на бярвенні не выветрылася і нават не высахла, а блішчэла сваёй празрыстасцю, так як выступіла з дрэва год, можа, якіх пятнаццаць таму назад. Дом гэты ўвесь скрываўся ў маладых дрэвах. Вузенькая брамка вяла з вуліцы ў сад за задняй сцяной дома. Брамка ўціснута была ў таўшчэзныя шулы, вымаляваныя зялёнаю фарбаю. Здавалася, што гаспадар меў перад сабою мэту паставіць будынак і абгарадзіць яго навек. З гэтага боку мястэчка пачыналіся паплавы, найбольш груд, а месцам прыбалочаныя. Даўжэзная, можа на кіламетры, сцежка ішла з далёкага поля праз гэтыя паплавы да самага мястэчка. Сцежка канчалася паміж выгараджаных дубовым коллем завулкаў, вулачак, двароў і закуткаў. Доўгая вулачка паміж платамі была працягам гэтай сцежкі і праходзіла паўз сад пры тым бярвенчатым доме. Сад быў абгароджан стаячым плотам з кароткіх аполкаў, па якіх зверху цягнуліся, адна над другой, дзве калючыя драціны, дзе-нідзе з шкуматамі з адзежы тых малых смелякоў, што мелі ахвоту бываць без патрэбы гаспадару ў гэтым садзе, у якім не было аніводнага старога дрэва. Усё маладыя яблынькі і ігрушы. Вішняк ужо аж плот, здаецца, глушыў, так ён разростаўся тут кустамі на ўсю даўжыню саду, і куры павыгрэбалі пад ім да самага пяску гнёзды на дрымоту гарачым поўднем. У гэтым скрытым вішняком плоце адзін аполак быў сарваны з цвікоў і так стаяў на сваім месцы, прыстаўлены да жэрдак. Да гэтага месца раз перад вечарам з паплаўной той сцежкі падышоў Нявада. Ён быў такі ж самы, як і тады, калі павёз на шашы параненых дзяцей: у высокіх ботах, у выцертым і злінялым плашчы, з сукаватаю палкаю. На палку ён апіраўся і злёгку накульгваў. Спачатку ён хацеў увайсці ў брамку з вуліцы, але яна была ўзята на засаўку з сярэдзіны. Нявада пастукаў і, не прычакаўшы адказу, пайшоў да адарванага аполка. Прыгнуўшыся, ён улез праз дзірку ў вішняк і хістануўся назад ад нечаканасці: проста перад ім, на перагрэбенай курамі зямлі, пад запыленым вішняком, ляжаў незнаёмы яму чалавек, і як бы нават нежывы. Нявада адумаўся не адразу. Можа хвілін пяць ён стаяў, сагнуўшыся ў дзірцы, і глядзеў на чалавека. Барада яго была задрана ўгару, і левая рука адкінута. Дробная птушка спусцілася на гнуткай галінцы да самага яго твару і паляцела. Нявада пасмялеў і прайшоў у двор паўз чалавека. Яго ўразіла жудасная цішыня ўсюды. Свіронак быў адчынены, і на парозе яго спакойна сядзеў пацук і шморгаў пярэдняй лапаю сабе па носе. Хвост яго звісаў з парога на самы ганак. Верабей напрамілы Бог крычаў перад ганкам і дабіваўся таго, каб пацук ачысціў яму дарогу ў свіран. Гэты малюнак кальнуў Нявадаву душу мацней, як выгляд нежывога чалавека пад вішняком. Тут ужо было не чалавечае ўладанне, тут ужо няма чаго рабіць чалавеку. Апанаваны бадай што містычным жахам, Нявада ўбег у хату. Дзеля гэтага ён адарваў замок ад прабоя. Замок быў зусім немудрашчы і пагнуты. А сапраўдным замком, добрым, была замкнута брамка з сярэдзіны, з двара. Брама ж была забіта цвікамі. Усё было зроблена сталым парадкам і па-гаспадарску, і гэта ўвяло Няваду ў раўнавагу: значыцца, яны пакінулі дом у добрым одуме, могучы агледзецца. У гэтым ён і цяпер быў упэўнен. А ці дабегла тады малая дадому? Напэўна, бо унь сярод двара валяецца жоўты чаравік з той пары, у якой яна тады ехала з ім. А як усё адбылося і ці разам усе яны? А чаму ж ім не быць разам? Дзіўная рэч, але ў часе гэтых сваіх меркаванняў ён нават і не падумаў, што гэта за мярцвяк і чаму ляжыць у яго ў двары. Можа ён за гэтыя дні, пакуль вёз дзяцей і назад дадому дабіраўся, нагледзеўся ўсяго і ўтупеў на ўражанні як мае быць, а можа, натуру меў такую, але цяпер ён разважаў сам з сабою і азіраў усе куткі, як бы развітваўся з імі. «О, яны сапраўды добра выйшлі адсюль: шафы пустыя і вешала пустое. Адзежу ўсю пабралі. Вось і куфар стаіць, пусценькі, як ёсць. Нават адчынены. І мае новыя боты забралі. Маладцы. Але ж куды яны выбраліся? Што ж, я ў гэтых старых чаравіках буду? Яшчэ калі я іх і дзе знайду?»
        Ён быў упэўнен, што ў адчыненым куфры і прыскрынак пусты, але, пакідаючы, і (хто ведае), можа, назаўсёды, свой дом, ён адкінуў у прыскрынку вечка ўгару. Цэлы жмут панчох, як і заўсёды. Зялёныя рукавічкі. Ён адгроб з месца гэтую драбязу і бадай што не крыкнуў: «Дык яны ж у неспакоі пакідалі дом! Бо не пакінулі б яны тут усяго гэтага». Вялікае ўтрапенне ахапіла яго. Ён выграб з прыскрынка гадзіннікі, пярсцёнкі і крыж, з бразгатам спусціў усё гэта ў кішэні свайго пінжака пад плашчом і пакінуў дом. Як бы яго хто гнаў адгэтуль. «Божа мой, іх можа ўжо і жывых не быць». Зноў ён прайшоў паўз нежывога чалавека і выйшаў з сялібы праз дзірку. Нідзе не было ні душы. Сонца стаяла над захадам. Нявада абстукаў хат дзесяць, і ўсюды панавала ціхая пустэча. «Няма і дазнацца ў каго, дзе яны». Ён ішоў пустымі вуліцамі і нідзе не спаткаў ні душы. Рой мошак віўся перад яго тварам. Вялікая жудасць ад гэтай пустэчы ўладала ім. Няўжо ён дажыўся да поўнай адзіноты на сваю старасць? Пустое паселішча страшней за ноч над пустыняй. Ён пачаў выходзіць з мястэчка і на самым выхадзе ўбачыў выклееныя аб'явы. Адна была на вялікім лісце паперы, астатнія – на меншых. Усе яны ліпелі на сцяне самай крайняй хаты, малой і старой. Было падобна, што той, хто выклейваў аб'явы, баяўся ўвайсці глыбей у мястэчка і, абы-як прыткнуўшы да першай сцяны паперу, даў ходу з вулічнай пустэльні. Нявада пачаў чытаць аб'явы. Самая большая была аб тым, як павінна трымаць сябе насельніцтва ў занятых нямецкім войскам вобласцях, а значыцца, і ў тутэйшай акрузе, і дзе па акрузе ўстанаўляюцца камендатуры, воласці і паліцэйскім цэнтры. Пасля там гаварылася аб абавязку кожнага, хто не хоча быць расстраляным або павешаным, вывіжоўваць армейскіх камандзіраў, камісараў і камуністаў. Аб'ява, ці, праўдзівей сказаць, загад быў выдрукаваны густымі літарамі, а ўнізе чорнымі літарамі стаяла: «Акруговы камісар цывільнай нямецкай улады Густаў Шрэдэр». А ўпоперак цераз увесь загад сінім алавіком размахнулася рэзалюцыя: «Пацалуй сабаку ў сківіцу». Побач гэтай была другая, меншая аб'ява. Валасны бургомістр загадваў усім сумлічанам вярнуцца ў мястэчка і ўзяцца кожнаму за сваю работу, а калі гэтага не будзе, то...
        Нявада не паспеў дачытаць да канца. Страшны смутак здушыў яму душу. Тады страшны злодзей украў у яго Волеччына маленства. І вось цяпер прыйшоў час развітацца з усім тым, што, як трава на руінах, вырасла на ўтаймаваным болю. Нічога ўжо няма больш у яго. Ён адзін. Адарваўшыся ад нямецкай паперыны, ён паклыбаў назад у вуліцу і завярнуў у двор чацвёртай хаты. Гэта была яго старая хата. Ужо многа год яна пуставала з забітымі дошкамі вокнамі, але не дзвярыма: тут стаялі кросны, і час ад часу Волька прыходзіла сюды ткаць зрэб'е на мяшкі і ручнікі. Ключа ад дзвярэй у яго не было. Гэта быў вялікі ключ. Праз дзірку, пракручаную ў вушаку, ён пасоўваў засаўку з сярэдзіны. Ён ададраў дошкі ад куткавога акна ў двары, улез праз акно ў хату і адчыніў сенцы. Паліцы на сценах, жорны ў кутку, старасвецкая засаўка пры вушаку, лескі на гару, вешала ўздоўж сцяны, шчылістыя дзверы ў клець і акенца без шкла, прапілованае ў адным бервяне,– усё захавалася ў гэтых сенцах, як было дваццаць год таму, і нават больш, тады, калі яго Волечка была малая і адна жыла тут, калі ён быў на вайне. Больш таго. Усё гэта было тут і тады, калі ён сам быў зусім малады. Ён і сваё вяселле гуляў у гэтай хаце. Божа мой, як пражылося гэтулькі часу! І заўважыць цяжка. Успаміны апанавалі яго. Ён зачыніў сенцы, увайшоў у хату і прылёг на голы палок. Зусім вечарэла. Ён усё ляжаў і думаў. І ўяўлялася яму, што гэта ён павінен зноў пачаць сваё жыццё спачатку. Але ж не! Тады гэтая хата была новая, а цяпер унь жа трухліна сыплецца са сцяны! І Волечка ўжо старэць пачала, і малая Лізавета, Ліза, стаіць перад сваім юнацтвам, усё ж гэта ўжо заняло навекі сваё месца, і ёсць, і існуе, і знікнуць не можа. І калі ўсяго гэтага няма, дык, значыцца, страшны злодзей зноў з'явіўся і адрывае ад душы жывасілам усё, чым жыве яна. Зноў пустошаць душу! Забіваюць дых! Абкрадаюць! Жывяцца чужой душой і жыццём яе! Нявада прахапіўся і прайшоўся па хаце. Стаяла ранняя ноч. Месяц свяціў праз адбітае акно. І ў палавіне хаты даволі відно было. Цішыню, якая стаяла на мястэчку, цяжка было вытрымаць чалавеку. Але горш за цішыню была адзінота. Гэта была магільная адзінота, але чалавек аставаўся жывы. Нявада рашуча пайшоў да парога, каб зусім пакінуць не толькі хату, але і Сумлічы. Як толькі ён спусціўся з трох каменняў, якія на месцы ганка ляжалі пад парогам, ён убачыў, што Волька ўвайшла з вуліцы ў двор і ўбачыла і пазнала яго. Яна пайшла проста да яго. І ў гэты момант скончылася яго адзінота. З якой радасцю ён цяпер падначаліўся Вольцы, такой, якую ён бадай што і не ведаў. Бачачы гэтую жанчыну, ён адчуваў, як знікае з яго душы смутак па Волечцы і па яе двайніку – цяперашняй Лізе.
        – Дзе ж ты так доўга быў? – шпарка шаптала яна.
        – Пакуль я знайшоў, хто б гэтых дзяцей адправіў куды лячыць,– як апраўдваўся ён.
        – А чаму ты кульгаеш?
        – Падбіўся, назад ідучы.
        – А чаго ты сядзіш адзін тут?
        – А дзе ж я мог каго знайсці? Што гэта з нашым домам адбылося? Хто гэта ляжыць там мёртвы пад вішняком?
        – У нашым доме было тое, што і ў іншых дамах. Мы ўжо ведалі, што немцы ўжо мінулі нас. А ўсе датуль спадзяваліся, што іх адгоняць. Усе і Костусь пайшлі мабілізавацца і не знайшлі нікога нідзе і вялікім натоўпам варочаліся назад. На шашы яны адабралі кулямёт у нейкага лейтэнанта, які імчаўся з фронта на грузавіку. Нашто ім быў той кулямёт? «Каб было смялей»,– казалі ўсе. Тым часам ён і спатрэбіўся. Іх было чалавек сорак. Немцы зайшлі абходам і сядзелі паўз дарогу. І пачалі іх абстрэльваць. Мужчыны навялі на немцаў кулямёт. Немцы прыціхлі, і мужчыны з кулямётам вярнуліся ў мястэчка. Наш дом, прызналі, стаіць у глушэйшым месцы, і кулямёт паставілі да нас, а самі разышліся па хатах. Прыціхлі ўсе і заняліся кожны сваім. А было сярод мужчын чалавек пяць невядомых, што таксама не знайшлі дзе мабілізавацца і варочаліся назад. Адзін з іх пабег да немцаў і навёў іх на мястэчка і на наш дом. Немцы забралі кулямёт і палічылі, што Костусь, раз у яго кулямёт, камандзір нейкага атрада супроць немцаў, і ўжо былі забралі яго, але яму ўдалося выскачыць і ўцячы. Невядома, дзе ён цяпер. Немцы запісалі сабе яго і нас усіх. Яны абчысцілі наш дом як ёсць – і тое, у што адзявацца, і тое, што есці. На адыходзе яны ў нас на двары застрэлілі таго, што навёў іх на мястэчка і паказаў, што ў нас кулямёт, і згінулі некуды, пакінуўшы выклееную на нашай браме паперку, пісаную рукою, што калі наш Костусь сам не явіцца да немцаў, то ўсё мястэчка будзе спалена, а местачкоўцы, кожны дзесяты, будуць расстраляны. Прайшло два дні. Як на тое ішлося, што Костусь увечары прыйшоў дадому. Аж якраз за нашым домам падглядалі і ўбачылі Костуся дома. Ноч прайшла спакойна. А ў познюю раніцу назаўтра наехала поўнае мястэчка немцаў, але і не толькі немцаў. Былі ўжо і тутэйшыя, каторыя да немцаў у паліцыю паспелі падацца. Сагналі ўсіх, каго запарвалі, бургомістр загад прачытаў, што каб выказалі ўсіх сумліцкіх камуністаў, а некаторых, каторых ведалі, тут жа прозвішчы і прачыталі з спісаў. А пасля Костуся ўспомнілі: ён нават кулямёт меў і арганізоўваў атрад. Дзе ён? Хто ведае? Мы ўсе стаялі ў натоўпе – я, Костусь і Ліза. Нас як захапілі дома, так і прыгналі разам з усімі. «А унь ён!» – паказаў на Костуся пальцам цераз галовы ўсіх адзін тутэйшы баязлівы дурань. А кругом натоўпу немцы стаяць з аўтаматамі, густа, як плот. Костусь як стаяў, так і пайшоў праз натоўп скрыцца. Усе расступіліся, каб яму вальней было. Але за ім ужо беглі два паліцэйскія і чатыры немцы. Ён бег, па ім стралялі, ён кінуўся ў разору паміж буракамі, Ліза гэта бачыла. Па ўсіх агародах пачалі страляць. Тым часам усе людзі пачалі разбягацца. Мы з Лізай яшчэ забеглі дадому, замкнулі сенцы і забілі цвікамі браму. Каля таго мерцвяка пралезлі ў дзірку і з таго часу туляемся па полі і лесе. Некаторыя пачалі варочацца назад у мястэчка. А дзе Костусь – мы не ведаем. Можа і ён нас шукае, але натрапіць адно на другое не можам.
        – А дзе Ліза?
        – На вуліцы сочыць, каб не ішоў хто. Мы з ёю пасля заходу сонца прыйшлі дадому – можа, Костусь, а можа, і ты дома. Як аполак да дзіркі прыстаўлен – быў ты, бачым, гэта твой спосаб аполак так прыстаўляць. А той нежывы ляжыць, смярдзіць ужо. Божа, увесь двор запаганіць! Мы з Лізай выкапалі яму пасярод завулка, каб не ў сваім двары, выцяглі гэтую падлу паскам за ногі і засыпалі ў яму. Як бачыш управіліся.
        – Ці глыбока хаця яму выкапалі? – гаспадарскім тонам абазваўся Нявада.
        – Глыбока. Будзе з яго... Мы падумалі, што ты тут. Дзе ж ты інакш будзеш.
        – Гэта мая родная хата!
        – Божачка! Чаго ты! І мне гэтыя сцены многа даюць сціску ў грудзях... Але цяпер я пайду падмяню Лізу, няхай прыйдзе паспіць хоць на голым тапчане, а ты таксама паспі, калі аж закульгавеў бродзячы.
        Яна адразу знікла дзесьці на вуліцы, высокая ў цемені, тонкая, у гаматной мужчынскай вопратцы. «Божа, хіба я спаць буду»,– падумаў ён і шпарка рушыў услед за ёю на вуліцу. Ён ужо ледзь бачыў у змроку яе постаць, але да яго ішла Ліза, яна здалася яму высокай. Было падобна, што ён у момант вылечыўся ад свае балячкі, што так мучыла яго яшчэ здаўных: дарэмна балела яго душа аб ёй, як аб бездапаможнай і беспараднай пакутніцы, калі яна цягла паскам у яму мерцвяка і нібыта што. Божа, як ён глядзеў цяпер на яе – яна ішла паволі і як бы не ведаючы, што ён тут. Здаецца, яна зараз пройдзе далей. «У каго ж яна ўдалася такая сталая?» Але ж ён не бачыў і не ведаў, якая была Волечка, калі жыла калісьці адна і арала зямлю.
        – Ведаеш што,– сказала Ліза да Нявады,– не трэба спаць, нехта ідзе агародамі, я глядзела, як ён то прыгнецца, то выпрастаецца. У вуліцу ён не пайшоў. Маці стаіць ля канцавой хаты.
        – Дык няхай сабе ідзе хто там дзе ходзіць!
        – Дык мы ж бацькі чакаем! А можа ён гэта.
        Гэта быў ён. І ўся сям'я яго апанавала. Здавалася, што ён сам не чакаў такога шчасця. Вось што ён сказаў: – Немцы злавілі на дарозе нейкага чалавека. Ён ім здаўся падазроным. Яго пыталі пра тутэйшых камуністаў. Бургомістр і пра мяне запытаў. А той, каб трапіць пальцам у неба, сказаў, што ён чуў пра мяне, як пра самага завадатара. Я гэта ведаю вось як: мы злавілі аднаго паліцая, а ён ад страху ўсё і расказаў нам. То калі мы раней так сабе хаваліся, дык цяпер, рад-няволя, а трэба здабываць зброю. Мне жыцця ўжо не будзе, а праз мяне і вам. Камуніста ніводнага яны цяпер у Сумлічах не знойдуць, бо іх няма ў мястэчку.
        Ён быў такі ўзбуджаны, што аж заікаўся:
        – Тут на мястэчку будуць чуцца людзі, дык вы не бойцеся. Гэта нашы сумлічане варочвацьмуцца дадому. Вам лепш сядзець у старой хаце, нават ад вуліцы і дошчак з вокан не знімайце. Сюды менш дабівацца будуць. Прыбяжыш, Ліза, зранку да мяне на Драчы Лужок, скажаш, як ноч прайшла.
        Ён перацалаваў усіх і пайшоў у канец вуліцы. Утраіх яны вярнуліся ў старую хату і на голых дошках прычакалі раніцы. Трэба было жыць далей, а яно не жылося. З іх траіх адна Ліза не заўважала, што гэтая старая хата стала над жыццём, як помнік над магілаю. Яна ніколі не жыла ў гэтай хаце і не ведала, што ў ёй так было і дваццаць пяць год таму назад і ў ёй пакутавала Волечка. А цяпер Волечка ў новым вобразе зноў вярнулася ў гэтую хату. Але Волечка ўжо гэтулькі пражыла на свеце і назад прыйшла, але не з лёгкім сэрцам, а з пакутаю ў сто разоў цяжэйшаю, як тады. Ліза нічога гэтага не ведала. Шчасце гэтай маладой душы было ў тым, што яна жыла тым днём, які бачыла, і не мела карэнняў для думак у глыбіні чалавечага веку. Раніцаю яна знайшла бацьку ў Драчым Лужку і ўбачыла там усіх сваіх сумлічан. Яна зноў убачыла такі самы кулямёт, які тады быў у іх доме, і яшчэ такую зброю, якой дагэтуль не ведала. Яна сказала яму, што ноч была спакойная. І вось здарылася тое, што выходзіла за межы звычайнага: бацька прытуліў яе да сябе і цалаваў у галаву, гаворачы:
        – Дзяўчынка ты мая, дачушка.
        Яна бачыла: прыйшла часіна такая, што нават такі аўтарытэт, як родны бацька, перайначыўся, і рукі яго дрыжэлі, калі ён трымаў яе плечы. Сама не свая, яна ішла назад той сцежкаю праз паплавы і ўбачыла, што брама таго дома, дзе яна радзілася і вырасла, адчынена і ў двары там поўна людзей, і ніводнага знаёмага твару. Сэрца яе заныла: там, перад вокнамі, на круглай градцы, раслі два кусты ружовага кракосу, якія яна садзіла і палівала.
        Больш яна ўжо не падыдзе да іх! Каб не гэты кракос, можа яна і не адчула б усяго, што сталася. Калі яна паспрабавала расказаць мацеры, што бачыла дома чужых людзей, маці ёй сказала:
        – На нас вялікая напасць: нашага тату лічаць не тым, хто ён ёсць: ён жабы ніколі сумысля не забіў, а думаюць, што ён набраў сабе войска і камандуе ім. Наш дом займае пад пастой паліцыя. Цяпер тата дадому не паткнецца. Ідзі зноў да яго і раскажы гэта яму.
        – Я сам пайду! – быццам раззлаваны чым, абазваўся Нявада.
        Твар яго быў белы, і плечы калаціліся. Здавалася, што яго ўразіла громам і ён праз цуд астаўся жывы. Нейкі ўскудлачаны, з дробнаю падстрыжанаю бародкаю, у нязменным сваім вылінялым і пазацыроўваным плашчы і высокіх ботах, ён, як вецер, рушыў з хаты. Ліза ледзь паспела гукнуць яму наўздагон:
        – У Драчым Лужку! Спяшайся. Бо надвечар іх ужо там не будзе!
        На вуліцы было многа людзей: сумлічане варочаліся дахаты. Гэта спадабалася Няваду і дало яму больш спакою. Хоць і кульгаючы, але вельмі шпарка, даляцеў ён да Драчага Лужка. Кастуся ён знайшоў у заклапочаным небыце. Не зважаючы на гарачае надвор'е, ён стаяў у суконнай жакетцы і курыў, высокі, танклявы паводле росту, з рыжаватым шчаціннем з тыдзень няголенай барады.
        – Ну што? – спаткаў ён нават як бы няветліва Няваду.
        Нявада расчырванеўся тварам і, як пачаў гаварыць, закашляўся, і на адным воку ў яго бліснула сляза – ад хвалявання ці ад ветру.
        – Костусь, я прыйшоў, каб параіцца з табою. Цяпер стаіць справа так, што трэба дбаць як мага аб тым, што каб жыццё захаваць дзеля таго, што прыйдзе пасля, дзеля будучыні, не мае, не, я ўжо стары, а дзеля твае дачкі Лізаветы. Яна ж стаіць напроці свайго веку. Люты звер, што сеў цяпер жалезным азадкам на галаву нашу, не вытрымае век-вечны. Дык хто ж тады будзе жыць, калі жыццё змарнуецца? Чалавеку жыццё раз даецца.
        – Дык жа жыць не даюць! Але да чаго гэта ты ўсё гаворыш?!
        – Я не гавару, я раюся. Як лепш зрабіць? Можа, каб ты прыціх дзе, каб пра цябе і куры не пяялі, і так доўгі, доўгі час, аж пакуль забудуцца ўсе, што ты ёсць, ці быў на свеце, а тады ўсё мінецца на свеце, і зноў жыць! Жыцця не ўхаваеш – сам толькі на сябе ў апошнюю хвілю наракацьмеш. Ты ціхом можаш ад усіх жыць, і ўсе пра цябе забудуць. А ты будзеш чакаць прыходу спакою і радасці для твае Лізы. Ці памятаеш ты, як было Волечцы, калі ты застаў яе адну ў хаце? Бо калі натурыцца, то ты адзін ці вас хоць тысяча збярэцца, цяжка парадзіць што. Бо гэта жалезны звер! Я на дарозе бачыў, як толькі дзіцячыя косці трашчалі пад жалезным колам. Божа мой, Божа мой, нявіннае дзіцячае вока глядзіць на жалезнае кола і ведае, што над колам чалавечая галава. А галава кіруе кола на дзіця, і трэск дзіцячага чэрапа так страсяне чалавечую душу, што яна павек-вечны спакою мець не будзе, пакуль смерць не выветрыць яе з цела і яна стане нічым. У маіх вушах стаіць трэск дзіцячых касцей, хоць нада мною ціхае неба ў зорах і захад датлявае спакоем, і ціхая ноч стаіць як шчасце маё, што я сам з сабою...
        – Не рві ты мае душы! – панура і злосна абазваўся Костусь Лукашэвіч. – Каб ты не зачапіў мне сэрца, можа б я і паслухаў цябе. Бо я нават лаяцца не мог, а ні тое каб... Ці гэта мая натура такая, што конча мне трэба бадзяцца тут... Здаецца б, зараз пацалаваў бы сваю малую Лізавету ў ногі і за гэтую пакуту маю нямецкімі галовамі выбрукаваў бы дарогу, па якой яна ішла б у свой шчаслівы дом... Давёў ты мяне да слёз, стары. Я цябе не паслухаю. Я не паверу табе, што будзе ціхае чаканне...
        – Што ціхае чаканне! А так да чаго ты дойдзеш?! У тваім доме ўжо асталёўваюцца паліцаі.
        – Дык няхай не будзе ні дома, але ж не будзе і паліцаяў! Многа іх?
        – Я іх не бачыў.
        – Я дрэвы садзіў, і яны раслі разам са мною! Каля твае старое хаты я быў клён пасадзіў. Дык як жа я пакіну іх, каб яны былі, а мяне не будзе! Мне ж жыць не даюць. Дык у мяне кіпіць усё ў душы. Мне хочацца рваць яго на кавалкі за тое, што ён прыйшоў да мяне і хапіў мяне за горла!
        Нявада выслухаў і прыгнуўся, быццам бы пераскочыць праз што хацеў.
        – Дык хоць дзе ты будзеш, дзе шукаць цябе? І што рабіць Волечцы і Лізавеце?
        – Няхай пабудуць у старой хаце.
        Нявада занадта добра ведаў Лукашэвічаву натуру, каб не бачыць цяпер, што можа хіба толькі калі пасля льга будзе ўцягнуць яго ў ціхае чаканне таго добрага, што прыйдзе.
        – Я сам вам абзавуся,– сказаў сумна Кастусь Лукашэвіч, і Нявада пайшоў з прыгнечанай душой. Але ў Сумлічы ўвайсці яму не можна было. Усюды стаялі паліцэйскія вартавыя, мястэчка было абкружана, і па хатах хадзілі і шукалі зброю. Няваду запынілі на дарозе і грозна запыталі, ці не ведае ён, дзе тыя, што не варочаюцца ў мястэчка і збіраюць зброю. «Не ведаю, каб я так жыў»,– так схлусіў ён і таму, што хлусіў, закалаціўся, заныў, спалохаўся.
        – А дзе ты быў? – запытаў паліцай.
        – Я хадзіў глядзець ягад, можа, ёсць.
        – Ягадак захацеў.
        – Не, якія там мне ягады.
        – Бач ты, ласунчык на ягадкі! Франт з падстрыжанаю бародкаю,– здзекаваўся з Нявады нейкі тутэйшы хамула ў форме нямецкага паліцэйскага. У Нявады ўсё сціснулася ўсярэдзіне. Быццам бы ён праглынуў жывую жабу і яна ў ім жыве і скача, халодная.
        – Я пайду,– сказаў Нявада.
        – Ідзі, ідзі,– дазволіў вялы хамула, дробна міргаючы вачыма на сонцы. – Калі табе так хочацца, дык ідзі, толькі не азірайся, хэ-хэ-хэ...
        Нявада ўгнуў плечы ад гэтага рогату і рушыў у мястэчка. Яму вельмі хацелася азірнуцца, але ён баяўся. Ён ад утрапення і сам не ўсвядомліваў сабе, што паліцай пратрымаў яго на дарозе даволі-такі доўга. Яго здзівіла цішыня ў мястэчку, зноў як бы ўсе пакінулі сваё жытло. Калі ён дайшоў да свае старое хаты, заўважыў, што ў ёй і каля яе пануе страшнае маўчанне. Пячаць пустэльні ляжала тут вельмі выразна. З вушачнага лежака над сенечнымі дзвярыма на нітачцы павуціння вісеў драбнюткі павучок і то спускаўся да самага нізу дзвярэй, то зноў паднімаўся.
        – Што ты дарогу загарадзіў! Паскудства! – буркнуў Нявада і парваў плячом павуцінне, уваходзячы ў сенцы. Божа! Тут усё стаіць дагары нагамі, нават сіні куфар ляжыць бокам і века ў ім адламана. У хаце тапчан адсунены ад сцяны, і на ім чамусьці жмуты кудзелі. Няваду больш узнепакоіла агульная сумліцкая пустыня, чым пустыня гэтай хаты. Нідзе ні душы, як вымерла ўсё. Гадзін са дзве ён чакаў, і ніхто не з'яўляўся. Тым часам і дзень хіліўся з паўдня. Узнепакоены, Нявада пайшоў па хатах, ён не хадзіў, а кідаўся з хаты ў хату – і нікога нідзе. Так ён прамучыўся да захаду сонца. А тады, як п'яны, паклыбаў у свой дом. У гэтыя хвіліны ён быў як атупелы. Бяды навалілася на яго гэтулькі, што ён не бачыў ужо ні канца, ні пачатку ў ёй. У двары свайго дома ён застаў паліцэйскіх. Яны сядзелі на лаўцы пад клёнам і моцна гаварылі. Яшчэ калі ён толькі ўвайшоў у двор, ён пачуў, ці гэта яму толькі здалося, што паліцыянты гавораць паміж сабою пра Паліводскага. Нейкая трывога кальнула яго; уражаны, ён пачаў прыслухоўвацца, сцішыўшы хаду да ганка.
        – Ты чаго? Хто ты? – сказаў адзін паліцэйскі.
        – Як хто? Я гаспадар гэтага дома.
        – То чаго ты ходзіш тут, калі ты гаспадар. Тут цяпер гаспадар герман!
        І паліцыянт зарагатаў.
        – Я іду ўзяць з хаты сваю старую вопратку,– прыдумаў ён што сказаць і ўвайшоў у дом. Дзеля прыклёпу ён там і сапраўды сцягнуў з печы нейкую адзежыну і выйшаў з ёю на ганак. Паліцыянты сапраўды-такі гаварылі пра Паліводскага.
        – Дурань ты! – крычаў адзін другому,– гэта не той Паліводскі. Таго немцы не паставілі б за такога вялікага начальніка, бо ён не немец. Той жа з нашай стараны. Маёнтак таго быў якраз каля нашага сяла, дык я таго ведаю, я яго бачыў маладога яшчэ, калі ён толькі адзеўся ў афіцэрскую форму.
        – Дык гэта той самы і ёсць! Бо і я яго ведаў, як ён толькі адзеўся ў афіцэрскую форму. Каля вас быў у яго адзін маёнтак, а ў нашай старане два. Яго бацька жыў якраз каля нас у маёнтку, а не каля вас. Цяпер я дома быў, яшчэ ў паліцаі не падаваўся, на тым тыдні, дык ён прыехаў тыя свае два маёнткі паглядзець. Дзве машыны. У адной сам, а ў другой аўтаматчыкі. Доўга не быў. Закруціўся, прабег свіным трухам каля саду і назад шмаргануў. Там ужо і знаку няма, што гэта быў маёнтак. Хаты стаяць, капуста і садавіна, і дзеці гуляюць. А ён сам у цывільнай адзежы, але жалезны крыж мае і значок нейкі на рукаве.
        – Дык якую ж ён пасаду займае?
        – Якую – не ведаю, але вельмі вялікую. Бо пры ім такая ахова вялікая...
        – Не можа быць! Ён жа не немец!
        – А можа ён для Нямеччыны больш зрабіў, як які-небудзь немец! На, глядзі! Вось надрукована: «прысутнічаў грамадзянскі»... не... Ды хіба ты не ведаеш, што Паліводскі начальнік вобласці, начальнік усёй грамадзянскай улады цэлай вобласці.
        – Дурань ты, я гэта ведаю, але толькі не верыў, што гэта той самы Паліводскі.
        Можа, яны і больш яшчэ спрачаліся, але Нявада далей не чуў. Вельмі ўражаны, ён прайшоў дваром да выхада на вуліцу, і паліцай гукнуў яму наўздагон:
        – Ну што, забраў адзежыну?
        – Ага, забраў.
        – Ну дык ідзі спаць.
        – Пайду спаць,– шпарка адказаў Нявада, не могучы пазбавіцца свае трывогі.
        – Такі і праўда пойдзеш спаць? Хіба ў цябе нікога не забралі? – абазваўся паліцыянт.
        – Ат, я сабе так,– мармытнуў Нявада, нічога не разумеючы і жадаючы хутчэй адзіноты. Быццам вылупцаваны дзеля чужой забаўкі перад усімі людзьмі, ён дайшоў, унурыўшыся, да свае старое хаты і ўбачыў там Вольку ў смутку і адчаі. Толькі цяпер ён дазнаўся, што было ў гэты дзень у мястэчку. У гэты дзень забралі ўсіх маладых дзяўчат і хлопцаў, якія трапляліся на вочы. На вочы трапілася і Ліза. І ўсіх павезлі на грузавіках кудысьці брукаваным выездам да шашы. Волька выбегла следам за мястэчка і, пакуль не зніклі машыны, бачыла, як вецер ірве хусцінку на Лізінай галаве. Машыны зніклі за ўзгоркам, Волька вярнулася ў старую хату і ўпала тварам на стол.
        – Я буду думаць, што рабіць,– нясмелым голасам сказаў Нявада.
        – Што ж ты прыдумаеш?! Машына з Лізаю ўжо за сотні вёрст.
        – Я прыдумаю,– упарта яшчэ сказаў Нявада, адчуваючы сябе, як смертнік у камеры перад канцом сваім, і чуючы дрыжанне сэрца і ўзбуджанне ад адной толькі думкі, якая фармавалася ў яго галаве. «Божа, памажы мне, каб усё так і было добра, тады я зберагу яе, малую, дзеля таго, што пасля настане, дзеля таго, што добрае будзе, памажы мне выратаваць яе»,– так ныла яго душа, губы ж былі жорстка сціснутыя, і твар нахмураны. Усю ноч ён не спаў і чуў, як уздыхала Волька. Для яго яна зноў стала малой Волечкай, і зноў вобраз яе зліўся з вобразам Лізы, якая цяпер – хто ведае, дзе ўжо яна і што ўжо яны зрабілі з ею? Ён пайшоў шукаць Кастуся і нідзе яго не знайшоў. Тыя некалькі дзён, што прайшлі пакуль немаведама дзе дзелася Волька, варты былі яму многіх месяцаў. Вочы яго сталі глыбокімі і цёмнымі, і голас пацішэў. Дзе дзелася Волька? Людзі, што зноў адзін за адным варочаліся ў Сумлічы, расказвалі, што грузавікі з дзяўчатамі і хлопцамі пайшлі да шашы, проста выехалі на скрыжаванне і адтуль рушылі па дарозе той, што вядзе на Бабруйшчыну і далей. У дарозе яны і зніклі, і як быццам бы назад не варочаліся. Прынамсі, ні ў той дзень, ні назаўтра ніякіх машын праз скрыжаванне не праходзіла. Так казалі ў Сумлічах. А хто гэта дапільнаваў аж праз двое сутак, што на скрыжаванні не было машын, пра гэта ніхто не ведаў. Тым часам уночы многія заўважылі, што праз Нясвіжскую вуліцу прайшло многа нейкіх людзей і за імі ехала некалькі фурманак. Ці мела гэта якое дачыненне да таго, што немцы павезлі некуды сумліцкіх дзяўчат і хлопцаў, не ведалі, але некаторыя яшчэ больш унылі душою, а некаторыя ўзрадаваліся. Прайшло не больш як двое сутак, і Нявада дайшоў выразнасці: нарэшце-такі! Волька вярнулася! Нявада аж пошапкам гаварыць стаў, так ён чакаў, што скажа Волька. А што яна новае сказала? Ён жа загадзя ўсё гэта ведаў! Ён жа казаў яму: жалезнага звера голым пальцам не задушыш. А трэба перахавацца і перачакаць, пакуль звера даб'юць. На гэта ёсць войска. Армія ж недзе павінна даць яму ў косці. А то дзе гэта хто бачыў! Волька сказала, што Костусь з усімі, з кім ён быў разам, выходзілі на шашу, запынілі дзве нямецкія машыны, збілі з іх немцаў і на гэтых машынах вялікім гуртам дагналі тыя чатыры машыны з сумліцкімі хлопцамі і дзяўчатамі. Дзве заднія машыны яны збілі з дарогі, перабілі канвойных, і ўсе, хто быў пад канвоем, пайшлі з імі, пабраўшы зброю ад мёртвых немцаў. Але дзве пярэднія машыны вырваліся далей у дарогу і зніклі туды, куды ехалі. «Ліза асталася там, Божа найвышшы!»
        – А самога Костуся ты бачыла?
        – Я была з ім разам.
        – А сам ён прыйдзе дадому?
        – Не, я да яго пайду.
        – Ну то не чакайце мяне хутка. Я пайду ў дарогу. Можа, гэтая мая дарога будзе не меншая, як тая, што я некалі з нямецкага палону варочаўся, не нагамі я гэтую дарогу мераць буду, а душою. (Вочы яго пачырванелі, і ён дакрануўся да канца носа нацягнутым на кулак рукавом.)
        – А куды ж ты гэта пойдзеш?
        – Дык чаго ж ты так грозна пытаеш мяне? Ты і сама была малая і звалася Волечка. Я толькі пра цябе такую і думаю. Ці ты верыш, што чалавек не вытрымае, каб вечна быць зверам? Вырві ты з чалавека сэрца і ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях і звярынае сэрца стане чалавечым.
        – Звер лагаднейшы за чалавека, ён, калі не галодны,– тады ён, як дробная птушка. А гэтаму двуногаму чорту вечна ўнімку няма.
        – Каб адно пайшлося добра, я выратую Лізу і ўхаваю яе да лепшай часіны. Бывай, Волечка.
        Твар яго ўздрыгваў. Ён узяў тонкі кіёк і выйшаў з хаты. Волька таксама выйшла з хаты, замкнула дзверы, вальней распусціла на галаве хустку і праз некалькі хвілін ішла ўжо сцежкаю ў полі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.