РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кузьма Чорны
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пошукі будучыні
Частка першая. Украдзенае маленства
I
II
III
IV
Частка другая. Вялікае скрыжаваньне
I
II
III
III
        
III

        
        І тут было скрыжаванне дарог, але малое і своеасаблівае. Хто ведае, чым падтрымліваецца існаванне некаторых глухіх дарог, па якіх мала хто калі ездзіць і якіх ніколі ніхто не правіць і не глядзіць. Але вельмі можа быць, што такая дарога больш бачыла на сабе чалавечага ўтрапення, чым біты шлях. На тым шляху, калі ўпадзе чалавек, яго неўзабаве падымуць. Тут жа ён можа заходзіцца тыднямі ў адзіноце. Малое скрыжаванне было на самым узлессі, кіламетраў за чатыры ад паваленага дрэва і вялікай бярозы. Вялікі шлях, што праходзіў праз гэты лес і далёка ад лесу на паўночны захад, на Вялікім скрыжаванні скрыжоўваўся з Маскоўска-Варшаўскай шашою, тут, за лесам, перасякаў вельмі вузкую, на выгляд толькі палявую дарогу, з пяском, ператоўчаным конскімі капытамі на пыл. Перакрыжаванне тут было простым кутам. Калі вялікі грунтавы шлях ішоў з усходняга поўдня на заходнюю поўнач, то скрыжаваная тут з ім дарога злучала заходні поўдзень з поўднем усходнім. Гэтым апошнім кірункам дарога прыводзіла да Маскоўска-Варшаўскай шашы даволі-такі далёка ад Вялікага скрыжавання. Ад лесу ці ад малога скрыжавання да самай шашы дарога ішла паўз невялікія лясы і скрозь узгорыстым полем і спрэс усюды паўз густыя паселішчы. Так што зранку тут на гэтай дарозе льга было часта пачуць пах дыму з хатніх комінаў. Першы ж кірунак вёў дарогу найбольш чыстым полем, з чыстымі ж узгоркамі. Мясцовасць тут была вышэйшая, узгорыстасць гусцейшая, і дарога не заўсёды ўздымалася ўгару, а давала кругу. Тут яна абвакольвала вядомую на ўсю ўсходнюю Случчыну Малібажкаву гару паміж Заняведамскімі і Вераб'ёўскімі лясамі і рэзалася проста ў некалькі шырозных тарфяных балот. Кіламетраў за сорак з гэтага боку да малога скрыжавання пры гэтай дарозе ляжаў у полі вялікі, як гара, камень дзіўнай формы і не менш дзіўнымі на ім слядамі мінуўшчыны. Камень меў трохкутную форму, як бы палавіну куба, разрэзанага напалам ад аднаго рога да другога і ўбітага ў зямлю адным рабром сваім. Так што было падобна, што гэта каменны зуб увязіўся ў зямлю, а здалёк здавалася, што гэта нешта нейкае стаіць на адной назе. Камень гэтакі высокі, што пад ім мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, і мог такім парадкам закрыцца зверху і ад бомбы і ад дажджу. Верх каменя быў пляскаты і бадай што правільны чатырохкутнік, быццам дошка стала. Нага гэтага каменя абрасла імхом, верх жа аставаўся зусім чыстым. Узлезці на верх гэтага каменя было вельмі цяжка. Малыя пастушкі, найпярвейшыя лазуны, станавіліся пры камені адзін на аднаго і верхняга падсаджвалі, ды і то мала каторы мог здзержацца, вісючы на руках, і не ўпасці на зямлю. На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якой-небудзь прыгоды, немаведама кім і калі, быў выразаны рысунак тонкімі і неглыбокімі рысамі, але вельмі выразны. Рысунак не быў удалы і тым больш не быў нават блізак да мастацтва. Гэта была вельмі недакладная зарысоўка, і калі добра і доўга прыглядацца да яе, то тады рысунак праступаў выразней: з напятага добра лука страла прыцэлена ў галаву аднарогага быка. Ці гэты рысунак нарадзіўся сваім замыслам у быце тае самае асобы, што пакінула яго тут, ці гэта была простая стылізацыя, цяжка сказаць. У кожным разе рысунак быў старадаўні, гэта відно было з таго, што некаторыя рысы яго даволі-такі прыцерліся. Гэты камень называўся ў гэтых мясцовасцях «сухі дзюб», і не толькі ў гэтых мясцовасцях. Вельмі далёка адтуль, кіламетраў, напэўна, не менш як семдзесят, у Леньках пад самым Грэскам, я чуў, як жанчына сказала свайму малому, які нешта насваволіў: «Ідзі з разгону вытніся лбом аб сухі дзюб». Паўз гэты «сухі дзюб» дарога ідзе далей роўнай лініяй да свае завіліны, а там, раздвоеная на вілы, адным рогам ідзе на тую самую «Перабродскую Злыбяду», дзе, як казаў Сымону Ракуцьку Тамаш, немцы зрабілі канцэнтрацыйны лагер. А другім рогам дарога даходзіць да вялікай сялібы, якая займае шырокі абшар у чыстым полі. Ад усяго тут павявае старадаўшчынай. Да рэвалюцыі гэта быў маёнтак тутэйшага зямельнага магната. Двухпавярховы дом стаяў белым паўкругам, у якім расло больш як паўсотні старых дрэў усялякіх парод. Два сады яшчэ захаваліся паабапал дома. Яблыні і ігрушы ўжо дупляваліся, але яшчэ садавіна адцягвала ўніз іх голле. Незаўважна стары сад пераходзіў у зону маладых дрэўцаў. Гэты малады сад быў пасаджан год сем таму і займаў гектар не менш дваццаці. На зялёным паплаўцы за гэтым садам стаялі будынкі дробнага з выгляду заводзіка, віннага браварца, дзе выраблялася яблычнае віно і гатавалася павідла. За поплавам былі дзве вуліцы новых хат і дамкоў з жоўтымі шуфлядамі і шалёўкай вокан, з кветнікамі ад вуліцы і вяндлярнямі на агародах. З усяго было відно, што тут будоўля дайшла да свайго завяршэння апошнімі гадамі. У гэты час ранняй восені, калі непадалёку ад малога скрыжавання бяроза сыпала на лясную дарогу жоўтае лісце, тут, на поплаве, каля віннага завода хадзіла на пашы чарада кароў, у кожнай з якіх вымя адвісала ніжэй каленных суставаў. У двухпавярховым доме пахла фарбаю і мытаю падлогаю. Вокны былі адчынены, і пад імі ляжалі на двары зграможджаныя разам абы-як школьныя парты і сталы, шафы і чорныя дошкі для пісання мелам. Усё гэта было перасыпана і перашпаклёвана кнігамі, некалькі разоў перамыта дажджамі і бесперапынна прысыпалася пылам з навакольнага поля. Было яшчэ невялікае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялі з павыбіванымі вокнамі і знятымі з крукоў сенечнымі дзвярыма, а паміж дрэў перад двухпавярховым домам пахаджваў нямецкі паліцай, відаць, нейкі тутэйшы хамула з падстрыжанымі вусамі. З другой стараны дома стаялі грузавікі і лёгкая машына, і два нямецкія салдаты мылі яе. Невядома, які гэта быў дзень пасля таго, як Гертруду і старога Густава малады Густаў спаткаў на Баранавіцкім вакзале, але гэта было праз нядоўгі час пасля таго. У адным з пакояў двухпавярховага дома сядзела за сталом Гертруда і цераз стол насупроць яе той сярэдні афіцэр, што камандаваў салдатамі, калі яны ахоўвалі маладзейшага Густава ў Баранавічах і па дарозе і абстрэльвалі лес паабапал дарогі. Вельмі можа быць, што яны заседзеліся пасля абеду, бо на стале былі ласункі, а час хіліўся на вечар.
        – Я стаў за гэты час вашым блізкім чалавекам. І мне яшчэ доўга прыйдзецца ахоўваць вас,– сказаў афіцэр. – Тут шчаслівая выпадковасць. Недалёка адгэтуль канцэнтрацыйны лагер, каля якога стаіць вялікая часць канвою і варты. Я са сваімі салдатамі належу да гэтай часці. Так што адначасна мы ахоўваем і вас і лагер. Вам тут смела можна жыць і працаваць.
        – Гэта не выпадкова,– сказала Гертруда. – Наш Густаў, калі выбіраў месца для лагера, сумысля падумаў аб блізасці да гэтага маёнтка. Тут жа яшчэ адно: маёнтак вялікі, а тутэйшых людзей асталося мала, дзе яны падзеліся, невядома, хаты пустуюць...
        – Яны паразыходзіліся па лясах і пасталі бандытамі.
        – Дык у першыя гады, пакуль вайна, маёнтак будзе трымацца на рабоце забраных у лагер.
        – Тым больш я тут доўга буду.
        – І я так думаю. Учора, калі мылі падлогу, адна дзеўка так на мяне паглядзела, што я пакінула верыць майму сыну, які кажа, што над тутэйшым народам трэба павесіць меч, і ён уверуе, што гэта тая праўда, да якой ён сам павінен імкнуцца. Божа мой, я не думала, што мне ў мае гады прыйдзецца быць так далёка ад Германіі і перажываць такую трывогу. Усё жыццё мы марылі мець маёнтак у самой Германіі. Дзіўна сказаць, але мой Густаў на тую яшчэ, першую, вайну пайшоў ахвотна. Ён быў радавы. Мы былі арандатарамі. На той вайне ён меў ужо каштоўнасцей на цэлы маёнтак. Але ён не вытрыманы чалавек. У хваробе ён даў дурную волю сваім пачуццям і аддаў чорт ведае каму вялікае багацце. Праз усё жыццё я казала яму, што ён зрабіў злачынства перад Германіяй. Ён гэта і сам разумеў. Ён праклінаў той свой душэўны парыў. Калі з'явілася вучэнне фюрэра аб заваёве Германіяй свету, ён быў адным з тых першых, што ўбачылі тут адлюстраванне сваіх асабістых думак. Гэта ўжо не быў парыў. Наш Густаў з маладых год пачаў рыхтавацца да змагання за ўвесь свет для Германіі. Усё прайшло, як сон. Божа, наш Густаў не будзе арандатарам! Але чаму я сама не свая! Наш маёнтак не ў Германіі, а так далёка. Мы яшчэ не прычакаем, пакуль тут стане карэнная Германія.
        Яна падышла да акна і стала глядзець у яго. Відно было поле, вялікі абшар з рэдкімі дрэвамі і на даляглядзе сінія істужкі лясоў. Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі і непадалёку відно ў лагчыне мястэчка. Гертруда яшчэ не асвойталася тут. Яна не ведала ні назваў, ні імёнаў, не трымала ў памяці яшчэ аніводнага твару сярод тутэйшых людзей. Часамі смутак сціскаў ёй грудзі. Як вялікага свята, яна заўсёды чакала тых дзён, калі прыязджаў сюды Густаў, яе сын і ваенны начальнік тутэйшай акругі. Ён заязджаў сюды даволі часта. Ён ведаў трывогі і сум свае маці, ён быў ёй добрым і ласкавым сынам. Гэта быў дзейны чалавек і практычны работнік. У яго акрузе былі чатыры канцэнтрацыйныя лагеры, і ён сам займаўся імі. Дзеля іх ён нават зрабіў змены ў агульным для лагера рэжыме. Туды, пад Вялікае скрыжаванне, былі напады на гарнізоны і транспарты, тут жа было чамусьці спакойна, і вышэйшае начальства лічыла гэта заслугай Густава Шрэдэра. І ён, ніколі нічым не выхваляючыся, чакаў таго часу, калі стане на паўкрока бліжэй да свайго фюрэра. Ён да таго любіў дакладнасць і завяршэнне ўсялякай справы, што два разы сам прыязджаў у лагер на «Перабродскай Злыбядзе» і на свае вочы бачыў, як на зямлі ляжаць людзі каля агароджы і навокал бочкі на колах. Што ж да яго маці, то яна нават і ўяўлення не мела, што гэта такое канцэнтрацыйны лагер. Яна толькі ведала тую праўдзівую сапраўднасць, што там многа людзей, якія робяць усялякую работу, калі іх на гэта выганяць...
        Перабродскі канцэнтрацыйны лагер меў такі выгляд. Гэта было месца поблізу тарфянога балота з куп'ём і наводдалек ад невялікага лесу. А з двух бакоў было поле. Вялікая прастора была абгароджана калючым дротам, навокал гэтай агароджы стаялі вартавыя салдаты. У адным месцы, ад поля, праз якое тут жа праходзіла дарога, на метраў дваццаць агароджы не было, і гэта было штосьці накшталт уезду і ўваходу ў лагер. Тут не было аніякага будынка, і толькі на полі за агароджай стаяў барак з дошак, дзе жылі салдаты і адкуль проста з парога ішла пратаптаная сцежка ў дробнае мястэчка, схаванае тут жа ў лагчыне. У сярэдзіне агароджы трава была вытаптана, а больш як на палавіне плошчы засыпана пяском невядома дзеля чаго. Гэта было распараджэнне самога начальніка акругі Густава Шрэдэра маладзейшага. Некалькі тыдняў забраныя ў лагер людзі насілі на сабе ў торбах, хустках і ў дапасаванай да гэтага сваёй адзежы пясок з поля і засыпалі траву быццам бы для гігіенічнасці. Людзей тут было то менш, то больш. Быў момант, калі тут было забраных пад дзесяць тысяч. Іх усё адпраўлялі кудысьці на работу. Цяпер тут было людзей пад дзве тысячы. У агароджы, насупраць уезду ў лагер, стаяла пустая бочка на колах. Раз на дзень забраныя па чарзе прывозілі сюды ў бочцы ваду з рачулкі і ставілі бочку на гэтае месца. Хто першы дабіваўся, каб хапіць сабе ў бляшанку з-пад кансерваў вады, той мог лічыць сябе шчаслівым. Месца навакол бочкі было, вядома, самым зручным, каб дастаць вады. Таму, хто ўжо раз заняў сабе тут месца, той і не сыходзіў з яго тыднямі, каб захаваць яго за сабою. Тут так было густа людзей, што ляжаць не было месца. Тут людзі толькі сядзелі. Тут былі толькі здаровыя, што мелі сілу, каб заўладаць тут месцам. Хворыя ляжалі на пяску глыбей у разлегласць, хворыя на крываўку асобна, бліжэй да агароджы. Аслабелыя, але не хворыя – на траве. Ночы цяпер стаялі зорныя і прыхаладалыя, і да самай раніцы чуліся тут: моцны шэпт, кашаль, стагнанне, божканне, моцная малітва таго, хто ўжо не верыў у Бога, і моцная знявага Бога з вуснаў таго, хто датуль шчыра верыў у яго. Раніцаю сонца высушвала слабую восенную расу, і над хворымі яшчэ пачыналі раіцца мухі. Чуўся крык і каманда. Прыносілі тую вечную ва ўсіх турмах, катаргах і арыштных месцах страву, што пры ўсіх уладах і рэжымах завецца «баланда», незалежна ад таго, ці там на вядро вады прыходзіцца бурак ці бульбіна. Усе прывыклі ўжо, што той, каго забіралі адсюль на работу, больш сюды не варочаўся. А ці на благое гэта, ці на добрае, кожнаму нельга было нават і падумаць, а ні то што каб ведаць. Спачатку выгараджаная лагерная плошча была меншая, пасля яе пашырылі, і ад старое агароджы асталося некалькі слупоў без дроту. Прыткнуўшыся галавою да аднаго з гэтых слупоў, тут ужо трэці тыдзень ляжала Лукашэвічава Ліза, у сукенцы, якая была раней светлая, а цяпер стала чорная ад зямлі. Асеннія мухі раіліся над ёю, калі прыпякала сонца, а яна ўсё ляжала і ляжала бадай што ў бяздум'і. Бяздум'е было яе ратункам, і ішло яно ад вялікай слабасці яе цела, боль і ныццё ў якім сталі ўжо яе звычайнасцю. Калі прыносілі баланду і ўсе кідаліся да яе з бляшанкамі ад кансерваў, яна нават не паднімала галавы і не бачыла таго страшнага малюнка, калі чалавек, загнаны ў няволю, у загарадзь і ў натоўп сабе падобных няшчасных, ад якіх адабрана права, самае першапачатковае, патрэбнае нават і некаторым жывёлінам – дзеля сваіх прыродных патрэб пабыць часам у адзіноце,– яна не наглядала, як чалавек тут ператвараўся ў жывёліну, а натоўп у чараду. Каля вядра з баландой людзі збівалі адзін аднаго з ног, ратуючыся ад галоднай смерці і хваробы. Тыя ж, што былі цвярдзейшыя воляй, угаворвалі гэтых і словам і крыкам наладзіць сталасць. І пры баландзе і пры бочцы з вадой заўсёды стаяў шум сотняў галасоў. Спакайнейшыя і вытрыманейшыя аставаліся дзе-небудзь убаку, але затое мала калі і баланду і ваду бралі ў рот. Сярод іх нараджаліся думкі і планы аб уцёках, аб змаганні з нямецкай салдатнёй, аб арганізацыі ўсіх дзеля паўстання і масавым уцёку. Да гэтых належала адна высокая жанчына, да жудасці хударлявая з постаці і з твару. Яна была не маладая і не тое каб старая. Так ёй магло быць год мала-менш як пяцьдзесят. Рысы твару строгія і, можа, нават халодныя. Позірк спакойны, мала рухавы, ён як бы быў выяўленнем чалавечай упэўненасці, што нічога новага на гэтым старым свеце не ўбачыш. Спачатку і яна кідалася ў натоўп па баланду і ваду, але пасля ўбачыла, што лепш быць галодным, чым з памятымі касцьмі. Тады яна пачала ўгаворваць многіх устанавіць чаргу на баланду і ваду. Пачынанне яе перадалося да іншых, і, калі чарга пачала ўстанаўляцца, яна раптам адчула сябе так, што як бы ўжо зачапілася за нейкую справу ці мэту, і гэта вывела яе душу з стану бязвер'я і безнадзейнасці і дало ёй сілы лягчэй цярпець сваё існаванне.
        Так прыйшоў момант, калі яна аднойчы, седзячы ў адзіноце на стаптанай траве і выбіраючы адтуль нейкія, вядомыя ёй травіны, якія яна ела, загаласіла: «А добры мой, а лепшы за ўсіх мой, а чаму ж ты па мяне не прыходзіш? Хіба ж ты забыўся, як ты нудзеў па мне дваццаць год і як дзеці не ведалі, які ты, а я зямлю арала і азіралася, а можа ты як-небудзь бачыш мяне? А ці памятаеш ты, як Тамашка наш упаў быў з дрэва і гаварыць не мог...» З таго часу яна пачала галасіць кожны дзень, перабіраючы ў сваім галошанні ўсё сваё жыццё ад дзён свае маладосці, ад той вайны з немцамі да гэтай, і такім парадкам праз яе галошанне ўсе дазналіся, як яна жыла і што было ў яе душы. Што гэта было за жыццё! Выкіданне з хаты, марнаванне маладосці, смутак у сталасці, вечнае выгнанне ў жыцці на родным месцы. Гэта была жонка Сымона Ракуцькі. Вельмі можа быць, што яе галошанне павяло многіх на расказ аб самім сабе. Адкуль толькі тут не было людзей! Але ў гэтыя дні для Лізы не існавала асоб і твараў: усіх і ўсё яна з свайго належанага пры слупе месца бачыла, як праз туман. Блізкія галасы і далёкія гукі да яе даходзілі аднолькава, як праз сцяну з адзежы і ваты. Бяздум'е ратавала яе ад смутку. Але, нарэшце, прыйшоў смутак, з'явіўся ўладны і бязлітасны, як і заўсёды ў чалавека, ён быў страшнейшы і цяжэйшы за боль цела, парванага жалезам. Пачаўся ён ад рання яснага дня. Можа яна пачала перасільваць хваробу, бо магла падняць галаву, калі ў загарадзі пачуўся злітны ў адзін гул гоман. Гэта чалавек пад тысячу людзей выстройваліся перад выхадам з загарадзі. Іх забіралі на тую невядомую работу. Калі гэты вялікі натоўп рушыў з месца і пачаў скрывацца ў полі, нават праз яго маўчанне чуўся жах няволі. У гэты момант да Лізы падышла Ракуцькава жонка.
        – Ну як,– сказала яна,– ты ўсё ляжала, а сёння сядзіш. Можа твая крываўка пакідае цябе?
        – Мама! – моцна сказала Ліза, ведаючы, што гэта не маці. І з гэтага моманту пачаў душыць яе смутак. Ракуцьчыха скаланулася і шпарка адышлася да свайго ранейшага месца. Быццам бы хто рваў з яе душу. Магічнае слова «мама» ў абедзвюх іх скаланула душу, у малое і ў старое. Ракуцьчыха ўпала тварам на пясок і зарыдала. Ліза асталася сядзець нерухома на ўвесь дзень і на ўсю ноч, так смутак скаваў яе ўсю і яе вочы; бадай што суткі яны не сышлі з аднаго пункта дзесьці ў прасторы.
        Я ў маленстве бачыў, як птушка далася аб тэлеграфны дрот і, скаваная ранамі ў нагах і крыллях, канчалася на зямлі пад дротам. У яе вачах маглі змясціцца смутак і скруха ўсяго свету. А які ж шлях трэба прайсці ад птушкі да чалавека! Лізін позірк змяніўся толькі на рассвітанні пасля той ночы, якая стала апошняй ноччу яе жыцця ў лагеры.
        Тым самым тыднем, а можа, на колькі дзён раней, здушаны смуткам аб Лізе, скрухай, небытам, кашлем, стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Ён ужо даўно, з першых жа дзён, ішоў глухімі сцежкамі, узмежкамі, цаліною – полем і паплавамі. Чым бліжэй ён падыходзіў да месца, да якога так доўга ішоў, тым мацней авалодвала ім пачуццё неспакою і трывогі. Ён гэтулькі пытаўся ў людзей пра гэтае месца, і дзе яно і хто тут жыве, і хто ім уладае – што ўжо больш і не правяраў свае дарогі, а ішоў ад нейкага свайго чуцця. Хада яго была ўжо цяжкая і павольная. Дарога яго скончылася змрокам яснага дня. Ён убачыў перад сабою бялявыя ад рэштак змытай дажджамі вапны камляватыя ствалы старога саду. Паўз увесь сад быў роў і зарослы травою вал над ім. Ад такой доўгай хады і трывогі ногі яго падгіналіся. Ён сеў на вал над ровам і падумаў: «Божа мой, як далёка да Сумліч». Сапраўды ён зайшоў вельмі далёка. Гэта была нават і не тая акруга, у якой былі Сумлічы. І не тая гэта была акруга, начальнікам якой быў маладзейшы Густаў Шрэдэр і ў якой была цяпер у лагеры Ліза, дзеля якой ён прыйшоў сюды. Ён сядзеў над ровам і не ведаў, як жа пачаць сваю справу, і калі, і з кім, і дзе таго шукаць тут. Яшчэ не ўмеркла, і постаць яго вельмі выразна вырысоўвалася. Сярэдніх год жанчына ішла з кашом яблык паўз вал над ровам, спалохалася незнаёмага чалавека і стала абыходзіць яго стараной. Ён яшчэ больш узнепакоіўся. Душа яго ныла і трывожылася, і, каб ён мог у гэты момант праверыць сам сябе, ён знайшоў бы ў сабе больш безнадзейнасці, чым веры, і больш боязні, чым надзеі. Ён падняў вочы на жанчыну і запытаў:
        – Ці тутэйшая ты, галубка?
        – Ой, дзядзюхна, хто гэта!
        І жанчына пайшла шпарка. Нявада заварушыўся:
        – А скажы, ці Паліводскага гэты маёнтак?
        – Нашто табе? Хто ты? Унь немец павярнуў сюды галаву, стаіць з аўтаматам ля брамы.
        Яна подбегам пайшла к дому, веранды і балконы якога здалёк вырысоўваліся зялёным сваім колерам на фоне белых сцен.
        – Калі ты маеш доступ да Паліводскага,– крыкнуў жанчыне Нявада,– дык накажы яму, што тут сядзіць чалавек, які прынёс яму тое, што ў яго адабралі на той вайне і чаго ён шукаў праз усё жыццё.
        Жанчына выслухала ідучы і ўжо сапраўды-такі пабегла і знікла з вачэй. Нявада рашуча ўстаў і шпарка пайшоў к дому. Нямецкі салдат пераступіў з нагі па нагу і закрычаў нешта на Няваду так, што здавалася, гэта ён прагаўкаў, цвелячы сабак. Нявада падняў рукі ўгару і стаў на месцы. Мусіць-такі сапраўды тая жанчына мела нейкі доступ ці да самога Паліводскага, ці да якога-небудзь яго слугі, ці да кухароў, ці пакаёвак. Бо нешта вельмі адразу, як толькі Нявада стаў перад салдатам, з дома на ганак выйшлі двое ў паліцэйскай форме, і адзін штосьці сказаў салдату, а пасля расейскай мовай запытаў у Нявады, трымаючы на губах штосьці падобнае да цікаўнасці і ўсмешкі:
        – Гэта ты прынёс тое, чаго шукаюць праз усё жыццё?
        – Гэта я,– абазваўся Нявада.
        – Дык хадзі сюды.
        Салдат адступіў ад Нявады, і Няваду павялі праз цёмныя і асветленыя свечкамі пакоі і калідоры. Многа прайшлі дзвярэй і нарэшце спыніліся ў вялікім пакоі, акно ў якім, высокае і шырокае, было адчынена. Было відно, як на небе патухалі апошнія праменні яснага захаду. Няваду паставілі ў кут каля дзвярэй і пачалі выварочваць яму кішэні, шукаць запазухай і мацаць па ўсей яго адзежы. У гэты момант адчыніліся дзверы, тыя, праз якія Нявада яшчэ не праходзіў, і двое людзей выйшлі адтуль і, штосьці ўзбуджана гаворачы па-нямецку, пайшлі поплеч праз пакой да выхада. Тыя, што выварочвалі Нявадавы кішэні, павыцягваліся, як пруты. Адзін з тых двух быў высокі і ўжо стары і ў цывільнай адзежы, другі сярэдні і ростам і гадамі і ў форме нямецкага афіцэра. У дзвярах яны паціснулі адзін аднаму рукі, і вайсковец выйшаў, а высокі цывільны астаўся, і раптам адбылася дзіўная Няваду з'ява: яго выпусцілі з рук і пакінулі шукаць у яго чагосьці, а самі зніклі следам за вайсковым, і высокі цывільны вярнуўся ў свой пакой. Нявада астаўся адзін. Ён схілен быў радавацца гэтаму. Адразу ён стаў увішны і рухавы. Прыгнуўся і мацнуў месца, дзе ў вопратцы падшэўка сшыта з верхам. Аж у галаве яго закружылася: яны яшчэ не дайшлі былі да гэтага месца, і тое, што ён нёс Паліводскаму, было пры ім. Узбуджаны і з наплывам надзеі, ён зазірнуў у акно і ўбачыў, як той вайсковец сеў у машыну і як той салдат, што запыніў быў яго на двары, палез у грузавік, дзе сядзелі больш салдаты. І машыны адразу паехалі. На двары стала адразу пуста, і з-за дрэў чулася, як нехта вучыўся граць на дудцы. Падобна было, што як толькі паехаў, а з ім і салдаты з аўтаматамі, дык тут не асталося ніякай варты. Праўда, два паліцаі падышлі аднекуль, узлеглі грудзьмі на плот і сталі курыць, але Няваду яны здаваліся чымсьці як бы не вельмі жорсткім. Яны хоць не гаўкаюць так па-нямецку. Пустэча, цішыня і дудка з-за дрэў запоўнілі час Нявадавага чакання. Так адзін ён стаяў, можа, з паўгадзіны. Зноў трывога і ўтрапенне пачалі авалодваць ім. Раптам адчыніліся дзверы, за якімі знік высокі цывільны, і паліцэйскі выйшаў адтуль і беларускаю моваю (відаць, быў тутэйшы) сказаў да Нявады:
        – Гэта ты той самы, што нешта прынёс?
        – Я,– устрапянуўся Нявада.
        – Дык увайдзі. Цябе, здаецца, глядзелі і абмацвалі?
        – Абмацвалі.
        – Дык ідзі, ідзі туды. – Ён паказаў на дзверы, з якіх сам выйшаў, і сеў на цвёрдае крэсла ў паставе такой, у якой ён тут маецца сядзець доўга, можа нават цэлую ноч. Нявада ўвайшоў у наступны пакой і ўбачыў таго самага высокага цывільнага. Ён стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў яго губы.
        – Стой, стой,– шпарка сказаў ён, як толькі Нявада зрабіў крок ад дзвярэй. – Ты быў на той вайне?
        – Быў.
        – Ты аграбіў раненага афіцэра?
        – Не я, а немец. А як той немец трапіў у палон і ляжаў хворы ў маёй хаце, дык за добры догляд пакінуў усё тое маім дзецям. Усё захавалася як ёсць. Я прынёс пану Паліводскаму.
        – Гэта я Паліводскі,– нецярпліва сказаў высокі.
        Няваду быццам праняло электрычным токам. Перад ім стаяў стары чалавек, хударлявы, з тварам такім, што, здавалася, да яго прысохла вечнае чаканне. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Паліводскі не спускаў з яго вачэй, і губы яго перасмыкваліся часцей, ужо дробна і бесперастанку. Было маўчанне і цішыня. Угнуты Нявада пацягнуў за канец суровае ніткі, і пачуўся сухі трэск, і насупраць акна льга было ўбачыць, як з таго месца вопраткі, дзе рванулася нітка, пайшоў пыл. Не адгінаючыся, Нявада ўсадзіў пальцы пад адпораную падшэўку і абмацваў там. Тут пачуўся яго голас. Ён гаварыў:
        – Мой ласкавец, я праз дваццаць, а можа, і праз усе трыццаць год хаваў, не пускаў куды, трымаў, а нёс і шукаў вас, і прапытваў у людзей больш як... не лічыў дзён, але больш як месяц. Я ў балотных закутках і ў сабачых норах хаваўся і туляўся, абы каб не напаткаць каго і каб цэлае данесці... Божа мой. Каб жа льга было верыць у чалавечае сэрца і каб пранялі яго пакуты дзіцяці, яшчэ зусім недарослая дзяўчынка... (Тут ён абмацаў і дастаў з-пад падшэўкі гадзіннікі. Паліводскі ўцягнуў ніжнюю губу ў рот і сціснуў яе так.) Яна там без ратунку і без... без... без жыцця можа ўжо! (Ён павысіў голас і дастаў з-пад падшэўкі звязаныя пярсцёнкі.) Вам жа гэта слова сказаць, і пакіне яна мучыцца...
        – Пра каго ты гаворыш! – крыкнуў нецярпліва Паліводскі, не маючы сіл адарваць вочы ад Нявадавых пальцаў.
        – Ласкавенькі мой, любенькі мой, дарагі мой, душою і целам прашу, дастаньце яе з лагера і аддайце мне, каб я мог хоць пачуць, як пахне яе галава – ці пылам, ці мылам, як калі бывала ў яе. Ратуйце яе і мяне цераз гэта... Каб праз вашы вушы да сэрца дайшло... Чалавек жа, нават і акамянелы, не бывае без сэрца. Я так прашу, што аж не ведаю, ці глядзеў я калі на каго з сваім гонарам... Дзеля просьбы мае я нёс сюды цэлы месяц, прапытваў, туляўся...
        Тут ён дастаў з-пад падшэўкі крыж і застыў маўкліва. Можа, ён успамінаў, ці не асталося яшчэ чаго, і не бачыў, як Паліводскі раптам збялеў тварам і рукамі зрабіў рух туды да яго. Нявада выпрастаўся і паклаў усё на стол. Поўны вялікага чакання, ён стаў перад Паліводскім і не зводзіў вачэй з яго твару. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў, то зноў чырванеў. Нарэшце ён як бы абмярцвеў, і вочы быццам ашклянелі. Ён падсеў да стала і глядзеў на крыж, на якім мільгацелі нават у сваёй нерухомасці каменні.
        – Нявіннае дзіця... Можа там яна дрыжыць ад крыку тоўстага салдата...
        Нявада прыдумляў словы, ён не ведаў, што Паліводскі пражыў жыццё адзін, без сям'і і без дзяцей, і тое, што яму, Няваду, магло быць мэтай, Паліводскаму было нічым. Нарэшце і Нявада змоўк, і маўчанне гэтае, здаецца, навалілася нязносным цяжарам на ўвесь свет. Паліводскі раптам падпёр твар рукамі і прамыляў губамі так, што Нявада ледзь пачуў:
        – Позна ўжо... няма... і не трэба! – апошняе слова ён выгукнуў мацней і зноў замыляў губамі. – Жыццё пражыта чорт ведае як... І нічога не ўдалося...
        Губы яго зноў пачалі перасмыквацца, і ён стаў у ранейшай паставе, з рукамі за спіной. Нявада з жахам уздрыгануўся, спазма здушыла яму горла, і ён прахрыпеў:
        – Позна? Яе расстралялі? – І ён закалаціўся, як прыгавораны к смерці.
        Паліводскі закрычаў:
        – Прынёс позна! Трэба было дваццаць год таму назад! – Паліцэйскі з'явіўся ў дзвярах, падазрона зірнуў на Няваду і ціха сказаў да Паліводскага:
        – Яшчэ просіцца... там увесь час сядзіць. Гаворыць, што яго ўспомняць, каб сказаць, што ён сын Стафана Акаловіча.
        Паліводскі разоў дзесяць засаб перасмыкнуў губамі і ўсім тварам і сказаў:
        – Няхай увойдзе.
        Твар яго як быццам праясніўся. Здавалася, што з думак яго сышло ўжо ўсё, апроч таго, што папрасіўся сюды. Ён падышоў да дзвярэй, каб сустрэць сына Стафана Акаловіча. Нявада трымаўся, каб не застагнаць, так ціснула яму ў грудзі і горла. Ён аж хістануўся ўбок ад жаху, убачыўшы, што ў дзвярах з'явіўся той самы малады і абарваны, якога ён тады, даўно ўжо, траха не забіў жалезам па галаве. Цяпер ён быў яшчэ больш абарваны і больш быў падобны да абцягненага скурай шкілета, як да чалавека. Паліводскі працягнуў яму руку, а той дзіка азіраўся каля сябе.
        – Я сын таго Акаловіча, які меў знаёмства з вамі многа год і да якога, пад Клецак, вы заязджалі...
        – Ваш бацька быў самым блізкім мне чалавекам з усіх...
        – Майго бацьку немцы павесілі,– сказаў з узнятасцю Акаловіч. – Я не маю дзе галаву прытуліць, за мною, як за воўкам, палююць, дзе б хто ні сустрэў мяне... Увесь свет цесны мне. Дзе ж тая вялікая Польшча? І малое яе няма! Хто мяне адарваў ад таго месца, дзе мне прасторна было?..
        Ён задыхваўся. Нявада прыліп плячыма да сцяны. Паліводскі сеў к сталу і ўнурыў твар. Акаловіч пачаў калаціцца, як пасаджаны на пакуту. Паліводскі крыкнуў Няваду (відаць было, што раптам успомніў):
        – Выйдзі! – І ўставіўся сухімі вачыма ў Нявадаў твар.
        Нявада, ірвануўшыся з месца, бачыў, як Акаловіч затрапятаў рукой пад запазухай і двума крокамі апынуўся перад самым Паліводскім. Нявада застыў на месцы. Акаловіч ірвануў з нетраў дзіравае адзежы штосьці малое, цёмнае, чаго Нявада не мог разгледзець. Паліводскі сядзеў унураны. Акаловіч кінуў у яго бок сваю руку. Нявада не паспеў нічога ні падумаць, ні разгледзець. Траскучы гук і дым, і Паліводскі тузануўся ўніз і грунуўся аб падлогу, галавою пад стол. Акаловіч пераскочыў цераз яго і рынуўся ў акно, але адразу ўзаскочыць на падаконнік не мог, а паспеў яшчэ прыткнуць да сцяны крэсла і тады ўжо кінуцца на двор. Нявада не паспеў апамятавацца. Паліцай, утрапёны і перапалоханы, сыпануў у пакой кулямі, але ў самы пакой не ўбег і закрычаў. Нявада падбег да акна і толькі цяпер заўважыў, што рука ў Паліводскага адкінута з-пад стала па падлозе на праход паміж сталом і акном. Паліводскі быў мёртвы – толькі цяпер уцяміў Нявада. Ён шпарка апынуўся на акне і, трымаючыся за падаконнік, гупнуў нагамі на зямлю. Як у спёку смага, яго мучыла прага хутчэй аддаліцца ад гэтага месца, да якога ён ішоў цэлы месяц і якое стала яму цяпер страшным і агідным. Ён пабег куды вочы глядзелі і заўважыў, што пад нагамі ў яго мокрая трава. Задыхваючыся, ён бег у цемень ранняй ночы, чуючы, як бяда завязвае яму свет і смутак, большы яшчэ, як калі раней, цісне яго ў зямлю. Ён не меў пачуцця таго, ці многа ён прабег. Сэрца распірала яму грудзі. Ён пайшоў павальней, і кожная нага здалася яму стопудовай. Колькі жыў ён на свеце, ён яшчэ не быў у такім жаху. Гэта была яго апошняя думка. Ззаду пачалі зноў страляць. Штосьці падобнае на кулямётную чаргу пачало абзывацца за ім раз-поразу. Ён упаў на зямлю, перачакаў, устаў і зноў пайшоў. На пятым кроку зноў трэснула і стукнула ззаду. Яго тузанула ў спіне. Ён упаў у той жа момант адразу. Ён быў мёртвы ўжо ў момант, калі дакрануўся грудзьмі і тварам зямлі.
        Акаловіч выйшаў на ўзлессе з палявой цаліны, калі яшчэ як мае быць не развіднела на наступны дзень. За ноч ён прайшоў нямала дарогі. Нервовае ўзбуджэнне зрабіла яму лёгкімі ногі. Але ніколі яшчэ ён не меў такога страшнага выгляду. Вочы, як промні, здаецца яны палалі і кожную секунду пераменьвалі сваё месца па твары. Здаралася, што гэты чалавек зараз перагарыць і ператлее ад таго, што з'ядае яго з сярэдзіны. З адной нагі ў яго згубіўся чаравік, у другім валачылася падэшва. Вышэй кален ён быў мокры, без шапкі і з распаласаванай напалам калашыной нагавіц да самай паясніцы. Ішоў ён няроўна. То ледзьве цягнуў ногі, то ўваходзіў у подбег. Дзіка азірнуўшыся на ўзлессі, ён стаў, пачаў глядзець угару і прыслухоўвацца. Але гэта было так сабе. Нічога нідзе ён не заўважаў, бо неўзабаве ўжо быццам смела прысеў на мокры камень, але не надоўга. Праз паўгадзіны ён ужо ішоў нейкаю лясною сцежкаю, і напэўна сам не ведаючы куды. Раптам выбілася з-за тумановага засцілу сонца, чырвонае, круглае і вялікае, у прасвецці паміж дрэў яно стаяла, як аглядальнік зямлі. «Усход! Там усход! А супроцьлеглы яму захад! А на захадзе, адгэтуль на захад, родны дом, і клён той, і можа хоць адзін які яшчэ знойдзецца там блізкі знаёмы твар. Можа там яшчэ гаварыць будзе з кім, доўга, штодзень, аб былым маленстве, аб колішніх надзеях...» Ён сціснуў зубы ад крыўды і нянавісці. І дзіўна. Яго надзея не спраўдзілася. Тое, што Паліводскага ўжо няма жывога, не дало яму палёгкі. Безнадзейнасць і чорны смутак душылі яго. Але ён павярнуўся плячыма да сонца, якое ўсё вышэй усплывала ў неба. «Ісці ад сонца – дык прыйсці на захад». Ён як бы працверазіўся. Ён стараўся ўжо разабрацца, куды ж завялі яго за ноч ногі? Мясцовасць была незнаёмая. Лес, поле, вада ў лагчынах, крыклівыя вароны, скрыжованыя сцежкі цераз поле, і чалавек нейкі.
        Гэты чалавек стаяў у нізкіх зарасніках на мяжы поля і лесу і відзён быў увесь ад пояса. Ёы быў так блізка, што Акаловіч выразна заўважыў, што ён даўно не галіўся. Адзін на аднаго яны глядзелі, і той раптам гукнуў:
        – Эй, хто ты, падыдзі сюды!
        Акаловіч нехаця і з такім адчуваннем, быццам сэрца яго ў грудзях адарвалася ад свайго месца, падышоў да чалавека. Той адразу прыцэліўся ў яго з аўтаматычнай вінтоўкі, кашлянуў мокра і хрыпла і сказаў захалоджаным голасам:
        – Хто ты?!
        Акаловіч уныў і варухнуў губамі.
        – Ну, кажы, хто ты? Дэзертыр з Чырвонай Арміі?! Ну! А мо шпіён нямецкі, ходзіш тут, віжуеш!
        – Нашто ж тут немцам шпіёны, калі яны тут... – стараючыся гаварыць развязна і з нуднай усмешкай, адказаў Акаловіч.
        – Калі яны тут? Не яны тут, а мы тут! – крыкнуў чалавек, і Акаловіч бачыў, што праз паўсекунды чалавек стрэліць. Акаловіч са страшнай сілай адчуў непераможную прагу дацягнуцца туды, пад Клецак, і гэта ўжо рабілася яго адзінай мэтай у жыцці. Інстынктыўна, не думаючы, ён, само сабой, узяў у момант панібрацкі тон:
        – Што ты робіш! Спусці стрэльбу! Дурань!
        – А ты чаму не кажаш, хто ты! Кажы! Кажы, бо зараз стрэлю!
        – Я іду з аперацыі.
        Чалавек спусціў уніз вінтоўку.
        – Ну дык прысядзем, закурым. «Божа! Чалавечае слова! Упершыню за ўвесь гэты страшны час!»
        – Сядзець мне няма калі.
        – Далёка табе ісці трэба?
        – Пад Клецак.
        – А дзе гэта?
        – Ад Нясвіжа пятнаццаць кіламетраў.
        – Нясвіж чуў, а як жа. То пакажы дакумент.
        Акаловіч адгарнуў ад жывата транты свае адзежыны і пачаў абмацваць у кашулі вышэй жывата ліштву, па якой зашпільвалася кашуля. У адным месцы ліштва не была прышыта, а толькі зарублена. Удала дзе-нідзе прафастрыгованая, яна шчыльна прылягала да кашулі. Акаловіч засунуў пад яе палец і пачаў там ім шнарыць. Чалавек чакаў. Акаловіч дастаў адтуль скручаную ў валік паперку. Раскруціў, паглядзеў і падаў чалавеку. Той пачаў пра сябе чытаць. Гэта было пасведчанне Нясвіжскага райсавета, што Люцыян Акаловіч ёсць селянін з Рымашоўскіх хутароў, Нясвіжскага раёна, Баранавіцкай вобласці. І штамп, і пячатка, і подпісы – усё было на месцы, і нельга было здагадацца, што паперка рабілася не ў Нясвіжы, а дзесьці ў Германіі. Прачытаўшы паперку, чалавек падазрона паглядзеў на Акаловіча і, не аддаючы яму яго пасведчання, сказаў:
        – Дык ты туды і ідзеш?
        – Туды.
        – А дарогу ты ведаеш?
        Акаловіч зразумеў недавер'е і пачаў гаварыць:
        – Мне на Маскоўска-Варшаўскую шашу трэба выбіцца, а там я ўжо ведаю.
        – А там як?
        – А там як?! Пасля Слуцка праз Селіцкія крыжы, Лядныя, Гулевічы, Піліпавічы і кіламетраў сорак не даходзячы да Сіняўкі...
        – Дык табе ж гэта круг будзе,– дапытваў чалавек, не спускаючы з Акаловіча пільных вачэй.
        – Дык можна і інакш,– адразу схамянуўся Акаловіч. – Мусіць-такі я пайду з-пад Гулевіч на Цімкавічы, на Пузава...
        – Чакай, а яшчэ?
        – Шашою да Слуцка, а там з шашы сысці зусім, а прысадамі да Нясвіжа, а там, не ўваходзячы ў горад, а толькі прайшоўшы Новае Места і ля брамнага ўезду ў горад, адразу налева да Мураванкі...
        – Чакай, чакай, разгаварыўся! Зброя якая ў цябе ёсць?
        – Пісталет без набояў...
        – Ну што ж, ідзі хіба...
        Акаловіч ажыў, увесь смутак яго скончыўся. Свет і сябе ў ім ён адчуў у гэты момант так: «Дайсці туды, чакаць, хавацца, служыць таму, хто б там ні быў і хто б там навек ні астаўся. Адслужыць штодзень яму колькі яму трэба, а рэшту дня сам з сабою, адзін, ці гной корпаць, ці што там будзе... »
        Раптам чалавек заўважыў у Акаловіча на грудзях штосьці падазронае для сябе. Штосьці вытыркала з-за ліштвы, адкуль ён даставаў тое пасведчанне. Чалавек зноў пачаў дапытвацца:
        – А з якое ты аперацыі ідзеш?
        – Ну з аперацыі.
        – Адкуль?
        – З Лядскага маёнтка.
        – А што там рабіў?
        – Як што рабіў?
        – Дай сюды,– унь у цябе нешта тырчыць з кашулі.
        Акаловіч хапіўся за ліштву, і ўтрапенне скалынула яго. Чалавек зноў падняў вінтоўку.
        – З якое аперацыі?
        – Я забіў Паліводскага.
        – Гэта ты?
        – Я.
        – Хто табе даваў заданне? Чаму ты так здалёку ішоў на гэта, і так далёка назад?! Тут зусім іншая акруга!
        Тут чалавек, усё сочачы за Акаловічам, убачыў, што ён тое, што тырчэла ў яго з ліштвы, ужо скамячыў у пальцах, змяў у жмуток, быццам бы выціраючы пальцамі нос, паклаў у рот і ўжо клычыць зубамі і языком. Зараз глыне.
        – Выплюнь! – закрычаў чалавек і зварухнуў пальцамі на вінтоўцы. Акаловіч плюнуў. Чалавек хапіў мокры ад сліны жмуток і, расцягнуўшы яго ў пальцах, убачыў, што гэта кавалачак паркалю, на якім штосьці дробна надрукавана па-нямецку.
        – Я забіў Паліводскага,– голасам як з-пад зямлі абазваўся Акаловіч, падаючыся задам да першых зараснікаў на самым узлессі.
        – Я ведаю і без цябе, што Паліводскага сёння ўночы забілі,– прахрыпеў чалавек і стрэліў. Акаловіч упаў і больш ужо не паварушыўся.
        З таго дня і гэты куток, дзе сярод кустоў ляжаў нежывы Акаловіч, і той маёнтак, адкуль на трэці дзень пасля першых допытаў і доследаў вывезлі на бліжэйшы могільнік Паліводскага, і ўсе тутэйшыя дарогі пачалі часта агалашацца стукатам нямецкіх матацыклаў і грузавікоў і скогатным бразгатам танкаў і танкетак. Кожную легкавую машыну ахоўвала танкетка, а калі ехаў які-небудзь санавіты немец, то за ім ішоў танк, або і два. Пачалі з'яўляцца і станавіцца тут часці вялікага карнага злучэння. Аўтаматчыкі на грузавіках штодзень кудысьці ехалі дарогамі. Грунтавым жа шляхам, які ляжаў тут, час ад часу праходзілі танкі. Можа гэты захад быў не так дзеля аховы нямецкіх заваёваў, як дзеля таго, каб нагнаць страх па насельніцтва. Танкі, хоць па адным ці па два, пачалі часамі шнураваць па вялікіх дарогах і суседніх з гэтаю акруг. Смерць Паліводскага перакінула трывогу і туды. Нямецкія начальнікі толькі за вялікаю патрэбаю выязджалі са сваіх месц і стараліся трымаць каля сябе як найбольш салдат. Што ж да людзей, то ўсюды гаварылі пра пахаванне Паліводскага: завезлі, засыпалі ў яму, і ніхто з людзей на пахаванні не быў, толькі паліцэйскія і два немцы. Ніхто не ўздыхнуў і не дакрануўся хустачкай ці пальцамі да вачэй. З гэтай прычыны пайшла старая прымаўка на новы лад: «Служы немцу верна, дык ён ад цябе нос адверне». Так шырока погаласка і трывога пайшла, што задалёку ад месца смерці Паліводскага, у сваім неўладаваным яшчэ маёнтку, Гертруда і яе стары Густаў былі няшчасныя ўсе тыя дні, калі не быў з імі іх сын. А ён пачаў бываць тут вельмі зрэдку. У яго быў іншы клопат: у яго было больш, як у іншай якой акрузе, канцэнтрацыйных лагераў, і гэта пачало вельмі непакоіць яго. Ён павялічыў і пашырыў разведку і «прачосванне» лясоў. Але салдат было ў яго мала, бо з цэнтра закамандавалі некаторым гарнізонам перамясціцца адсюль у акругу, дзе быў забіты Паліводскі. У яго такім парадкам узнікла думка зліць усе канцэнтрацыйныя лагеры ў адзін, каб злучаныя разам вартавыя вайсковыя часці сталі моцнай сілай. Яго гэтую думку прынялі. Але пакуль што тут было яшчэ спакойна. Ад Перабродскага лагера да маёнтка, куды ён пасадзіў на ўладанне свайго бацьку, было кіламетраў дваццаць. Ад маёнтка да вялікага грунтавога шляху, які ішоў ад Гомельшчыны цераз Бабруйшчыну на Вялікае скрыжаванне з Маскоўскаю шашою на Случчыне, было кіламетраў пад семдзесят. Па гэтым шляху і пачалі шнураваць танкі час ад часу. Ні танкі, ні салдаты ніводнай сутычкі ні з кім не мелі, і ўсё пачало як быццам спакайнець.
        Па людзях жа пайшла гамана, што па лясах збіраецца вялікая сіла, мноства людзей і ўсё пры зброі, і многа там чырвонаармейцаў і камандзіраў, і што нешта вялікае неўзабаве можа адбыцца. Што ж да справаў на фронце, то прайшла чутка, што падышлі вялікія папаўненні і Чырвоная Армія хутка пачне наступаць. Тым часам вельмі шырока стала вядома, што каля Сумліч на Вялікім скрыжаванні адбыўся напад на нямецкую аўтакалону: звыш як семдзесят нежывых немцаў ляжаць на самым скрыжаванні пад недаломкамі васьмі машын. А ў суседняй з Сумлічамі воласці ўночы раптоўна невядомыя перастралялі ўсю паліцыю і схапілі і забралі жывога з сабою каменданта. Хоць ніхто цяпер нікуды ад свайго дома далёка не ад'язджаў і не адыходзіў, але ўсюды, на шырокую навакольнасць, ведалі, дзе ляжыць вытрушчаны і выгнуты на кучу ламачча нямецкі поезд. З-пад скалечанага паравоза і разбітых вагонаў тырчаць акрываўленыя нямецкія косці. Ведалі яшчэ і гаварылі пра тое, што на грунтавым шляху ў лесе непадалёку, нават зусім блізка ад малога скрыжавання, стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Дакладна называлі месца: калі прайсці ад малога скрыжавання колькі кіламетраў шляху ў бок да таго месца, дзе ён каля Сумліч крыжуецца з шашою, то, мінуўшы вялікую бярозу, будзе зараз жа і той танк. І па глухіх кутках, і па дарогах нават усё часцей льга стала напаткаць узброенага чалавека або некалькі іх. І ўсё гэта была праўда. Каму з якой-небудзь добрай ці злой прыгоды здаралася трапіць у тыя месцы, той сапраўды бачыў і поезд пад адкосам, і падарваны танк на шляху ў лесе. Казалі, што ад споду быў вельмі заквэцан у гразь, а з яго люка вытыркала і матлялася на ветры сіняя кашуля з вышыўкамі на рукавах.
        Танк гэты стаяў узняты левым бокам у паветра, аднак жа не так блізка ад вялікай бярозы, не бліжэй як за паўкіламетра. Пад узнятым угару левым бокам была яма ад гранатнага ўзрыву. Абгарэлым і абкуродымленым задам ён сядзеў нізка ў зямлі. Што здарылася з гэтым танкам, ведала толькі адна Ракуцькава Лізавета. Самі ж танкісты ўжо нічога не маглі расказаць, бо яны былі мёртвыя. Канчаўся ўжо трэці тыдзень вайны, калі Лізавета падышла да бацькавай хаты. Выкіравалася яна сюды не ад шляху, а ўжо з супрацьлеглага боку. Яна дала вялікага круга, каб не ісці шляхам. Яе ўразіла пустэча і цішыня ў пасёлку. Дзверы ў хатах усюды былі паадчынены, і хоць бы дзе жывая душа. З дрыжаннем сэрца яна ўвайшла ў бацькаў двор. Яе хустка, у краткі і з фрэнзлямі, валялася пасярод двара. Яна ўвайшла ў адчыненыя на ўвесь мах дзвярэй сенцы. Шырока раскінуты дзвюма палавінамі чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. У ім, напханыя туга, былі чаравікі, кашулі, боты, нагавіцы, сукенкі. Гэта яе і Тамашова, тое самае, што бацька збіраў праз доўгія гады. Камень з жорнаў у засохлай крыві ляжаў пасярод сянец. З-пад яго вытыркаў пляскаты кавалак чарапной касці з скурай і пукам рыжых валасоў. Яна скалынулася і шпарка зазірнула ў хату. Валачашчая сука прыбілася сюды і паспела ўжо тут ашчаніцца. Вялікая, худая, выцягнутая, доўгая і тонкая, яна ляжала на падлозе, і шасцёра сляпых шчанят смакталі яе. Яна вышчарыла зубы і забурчала, пачуўшы чалавека. Лізавета выбегла з хаты, абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нідзе ні душы і пакінула гэтае сумнае месца. Вось і ўсё. І няма ўжо больш ні там ні тут ні прытулку, ні прыпынку. І можа бацькі і маці ўжо няма. Вось і прыйшла самая спелая пара яе юнацтва!
        Яна пераначавала ў блізкай вёсцы пры шляху і вярнулася назад. У яе з'явілася патрэба яшчэ раз зірнуць на бацькаву хату. Дзесьці ў глыбіні душы ажыла ў яе надзея, слабая і няпэўная: а можа праз які-небудзь цуд яна там нападзе на бацькаў след. Менш як праз гадзіну яна зноў зазірнула ў бацькавы сенцы. Адзежы і чамадана ўжо не было. У хаце не было ўжо і сукі, адны толькі шчаняты спалі ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Раптам ускочыла ў хату сука і брэхам выгнала Лізавету на вуліцу. Лізавета пайшла ўнурыўшыся, а сука рвала яе ззаду за адзенне. Лізавета азірнулася. Сука адбеглася і зноў пачала нападаць. Лізавета падняла пошвырак. Сука ўскочыла ў двор, у сенцы, у хату, дзе раптам залямантавалі шчаняты. Лізавета зашчапіла дзверы і зноў пайшла, чуючы ўвесь час брэх зачыненай у хаце сукі. Тут яна ўбачыла, як з'явілася на вуліцы фурманка і трое нейкіх невядомых мужчын, аброслых, у рубашках без падпяразкі, пачалі цягаць з хат усё, што толькі маглі і што было там. Воз напаўняўся адзеннем, посудам, усялякім прыладдзем і рыштункам. Лізавета скрылася ў першы двор і агародамі і садамі выйшла на доўгую сцежку праз поплаў да тарфянога балота і ўзгорыстага поля. Яна ўжо мінула і тую вёску, у якой начавала, і палявою дарогаю ішла туды, дзе праходзіў вялікі шлях. Дарога паднялася на крутое ўзвышша. Лізавета азірнулася з гэтага высокага месца і з вострай трывогай убачыла, як над пасёлкам, дзе стаяла бацькава хата, выбухнуў высока агонь з дымам і шпарка пачаў распоўзвацца ўшыркі. Лізавета пайшла далей і праз сотню крокаў азірнулася. Агонь бушаваў, як навальнічныя перуны. Тут, на дарозе, пахла ўжо дымам і гарэлым дрэвам і чуўся дзікі лямант. Проста на Лізавету з усіх сіл імчалася сука. Лізавета пазнала яе не з масці, а з усяго выгляду. Сука была ўжо без шэрсці, уся абсмаленая і абсквараная. Яе адцягненыя шчанятамі цыцкі былі абвугленыя, і ўсё чэрава было падобна на абсмаленую дошку. Зад яе быў высквараны і ад бягі патрэскаўся і змочваўся крывёй. Ад яе тхнула гарэлым мясам. Дагнаўшы Лізавету, сука ўпала на зямлю, і, валакучы зад, дапаўзла да ног апанованай утрапеннем дзяўчыны і зноў заенчыла і заскуголіла. Вялікія вочы яна ўставіла ў Лізавецін твар, і здавалася, скогат яе чуцён на ўсё шырокае наваколле. Лізавета пабегла. Адбегшыся, яна азірнулася і ўбачыла, што сука ляжыць і дзярэ лапамі зямлю, а агонь і дым удалечыні пачалі ападаць. Подбегам Лізавета дайшла да вялікага шляху, спынілася апанованая одумам, паглядзела ў залітую сонцам прастору і зарыдала. Пайшла яна шляхам у той бок, з якога так доўга бралася сюды, да бацькавай хаты. Да самай ночы, і ўсю ноч, і палову наступнага дня яна ішла і выйшла на большы шлях і ўсё ішла. І ўвесь час душу яе ціснула гора і смутак. Так дайшла яна да малога скрыжавання і ўвайшла ў лес. Яе дагнала і пачала мінаць невялікая калона нямецкіх танкаў. Танкі ішлі адзін за адным на вялікай разлегласці. Яна перастаяла іх усе, стуліўшыся за дрэвам. Ужо і гул іх знікаў. Яна рушыла далей, ужо выразна дайшоўшы да думкі вярнуцца туды, дзе прайшло яе маленства, і там шукаць бацькі. Пачаткі нейкай надзеі нараджаліся ў яе. Яна ішла, і ўсё недзе гуло. Яна думала, што гэта ад тых танкаў наперадзе. Раптам забразгала ззаду. Яна азірнулася. Танк стаяў пасярод дарогі. З яго выйшаў немец і махаў ёй рукой. У яе заныла сэрца. Немец пайшоў проста да яе. Усміхнуўшыся, ён узяў яе за локаць і тузануў ісці з ім. Ён падвёў яе да самага танка і паказаў рукой, каб яна ўлазіла ў сярэдзіну. Яна стаяла моўчкі. Ён прыўзняў яе пад пахі і ўсадзіў у танк. Там быў яшчэ адзін немец. І той ранейшы ўлез следам за ею. Танк рушыў у ход. Два немцы і яна цесна сядзелі адзін пры адным. Танк быў напакован жаночым адзеннем і абуткам. Раптам танк спыніўся. Немцы пачалі штосьці шпарка гаварыць паміж сабою. Было падобна, што яны спрачаюцца. Нарэшце адзін немец вылез з танка, а другі пасядзеў, памаўчаў, быццам да чагосьці прыслухоўваўся. І пацягнуў Лізавету да сябе. Яна хацела адшатнуцца, але немец трымаў яе моцна. Твар яго быў як набрынялы, і кадык выпіраў з расшпіленага мундзірнага каўняра. Яна тузанулася і дакранулася зубамі да яго горла. Ён выцягнуў шыю. Яна рванулася да яго горла зубамі. Ёй здавалася, што рот увесь напоўніўся. Як мага, яна ціснула зубы, усё больш і больш. Не могучы апамятацца ад вялікай трывогі, яна змагалася яшчэ і з немцавымі рукамі, якія адпіхалі яе. Чуючы, што ўласнае сэрца гатова разарваць і задушыць яе, яна ўсё больш сціскала зубы, чула, як немец захроп і як ёй пырснула ў твар.
        – Э, э, Генрых! – пачаў абзывацца той другі дзесьці за танкам. Яна шатнулася ад немца і з нейкага інстынкту хапіла з-пад яго падол светлай жаночай сукенкі і два разы шмарганула сябе па мокрых губах. Не трапляючы дрыжачымі і аслабелымі рукамі куды трэба, яна, з яснай думкай, адарвала ад немца тры гранаты, якія добра бачыла ў бялявым святле, што падала сюды.
        – Генрых! – моцна сказаў за танкам немец і нешта засвістаў. Свіст яго пачаў аддаляцца. Яна вылезла з танка, са страхам шукаючы вачыма немца. А ён стаяў за дарогай і ачышчаў рукаў ад засохлай гразі. Ён убачыў яе, штосьці сказаў і паказаў пальцамі сабе на грудзі. Тулячы пры боку гранаты так, каб не бачыў іх немец, яна пайшла ад танка ў лес. Немец закрычаў, шпарка падышоў да танка і зазірнуў у сярэдзіну. Яна збялела тварам, ледзьве перадыхнула, шпурнула гранату да немцавых ног. Калі яна апамяталася, абсыпаны зямлёй танк стаяў на месцы, каля яго была яма, і цераз дарогу, паміж двух дрэў, ляжала немцава рука разам з кавалкам пляча і мундзірным каўняром у крыві і зямлі. Яна шпурнула пад танк дзве гранаты зараз. Танк падняўся адным бокам угару, а другім асеў у зямлю. Зад яго палаў і пасля атух. Так ён і астаўся стаяць адным бокам. Лізавета подбегам пайшла, думаючы пра тое, што з кожным крокам яна аддаляецца ад гэтага месца. Так мінула яна вялікую бярозу з першымі жоўтымі лісткамі на ёй і ішла ўсё далей. Пасля гранатных узрываў пад танкам гэтае месца на доўгі час зноў аставалася ціхім і пустым. Толькі пасля таго як у суседняй акрузе Акаловіч забіў Паліводскага, гэтым месцам зноў пачалі праходзіць нямецкія танкі. Бяроза тады стаяла зусім ужо голая, і зямля пад ею пачынала прымярзаць. У тыя часы на гэтым месцы з'явіўся старэйшы Густаў Шрэдэр у выглядзе такім жа дзіўным, як і страшным. Гэтае новае падарожжа яго пачалося і скончылася вось як.
        Перабродскі лагер апусцеў бадай што больш як на палавіну да тых дзён, калі Ракуцькава жонка пачала выгалошваць сваё гора і калі Лукашэвічава Ліза як бы адчула сябе лепш ад свае крываўкі і сядзела дзень і ноч на зямлі каля слупа з позіркам, які мог скалынуць душу кожнага.
        Многа людзей з лагера немцы адправілі на работу. Ночы былі ўжо доўгія і халодныя, але днём яшчэ грэла сонца, і пад ім вяў і запыльваўся трыпутнік і спарыш на сцежцы, па якой уваходзілі ў лагерную загарадзь. Тая ноч, якую Ліза ўсю праседзела з накіраваным у прастору позіркам, была нешта вельмі халодная. Перад самым рассвітаннем Ліза прыпала шчакой да слупа. Можа гэта было самаашуканства, але ёй здалося, што так цяплей. Узбуджанне нерваў у яе павялічвалася. Позірк стаў вастрэйшы і стаяў на мяжы з адчаем. Яна не заўважала, як зашарэла ноч і неба на ўсходзе пабялела. Не вывелі яе з забыцця і частыя выстралы. Немцы для смеласці часта тут стралялі. Пасля пачаў гарэць знадворку ад агароджы, у полі, салдацкі барак. Агонь выбухнуў так высока, што тут, на зямлі, стала відно, як у сонечны дзень. Ліза ўсё сядзела і раптам убачыла: сюды пабеглі людзі. Па той бок агароджы немец упаў. Яна ўсё глядзела туды і не магла здагадацца. Позірк яе аставаўся яшчэ ранейшы. Праз разгароджанае месца сюды ўбег Ракуцька з аўтаматам. Твар яго быў чырвоны, і вочы свяціліся белым полымем. Перад ім неяк дзіўна, то задам, то бокам бег немец з паднятымі рукамі і нешта лапатаў. Ракуцька не бег, а імчаўся, неяк калоцячыся, ірвучыся. І раптам яму дарогу загарадзіў Лізін позірк. Ён быццам даўся ў сцяну і на момант застыў аслупянелы. Трэба думаць, што Лізін позірк уразіў яго з найвялікшай сілай. Можа, і гэта напэўна так, тут было закранута балючае месца яго душы. Можа няўяўны прывід Лізаветы паўстаў перад ім. Ён увесь як бы закалаціўся перад Лізіным позіркам. У наступны момант ён закрычаў немцу:
        – Стой! Падай!
        Немец угнуў галаву і рынуўся яму ў ногі. Можа ён хацеў збіць сабою Ракуцьку з ног. А можа ён шалеў ад страху. Ракуцька хапіў яго за плечы, і можа нават тады, калі апошні раз ён глядзеў на свайго малога Тамаша ўночы пад навальніцай, у яго не было такога вялікага ўтрапення. Душа яго калацілася, і думка ўзнімала пакутныя вобразы мінуўшчыны. Уся істота яго прагла расплаты. Немец ляжаў у яго пад нагамі. Руляю аўтамата ён раструшчыў яму твар і адчуў яшчэ большую прагу сеяць смерць. Можа, якраз у гэты момант у ім нарадзіўся той чалавек, што блізкім часам узвысіў сваё імя, пасля чаго Лізавета пачула пра яго і прыйшла да яго. Цяпер ён падбег да Лізы. Яе позірк з'іначыўся ў гэты момант. Тонкая і хісткая, як травіна ў суш, яна разам з ім пайшла ў натоўп, дзе раптам загаласіла Ракуцькава жонка і закрычаў Тамаш:
        – Хто можа біцца?! Хто хоча зброю?!
        А пасля Тамаш сказаў усё невядомым Лізе людзям:
        – Кіруйцеся вы на гэты маёнтак, дзе немец, забірайце ўсе коні і вазы і назад сюды! Тут многа хворых.
        У гэты момант толькі яшчэ заружавела неба на ўсходзе. Калі ж узышло сонца і паднялося так, што цень ад хвоі быў толькі напалову даўжэйшы за яе, людзі ціха пачалі выходзіць адусюль з поля і збірацца ў адным месцы за старым паркам. Нямецкі салдат ляжаў там у дрэвах з прабітымі штыхом грудзьмі. Густаў Шрэдэр старэйшы чакаў у гэты дзень прыезду свайго сына. Ён хадзіў навокал дома. Калі грунуў першы залп з вінтовак і закрычаў каманду сваім падначаленым старшы паліцай, Шрэдэр выйшаў за глухую сцяну дома і ўбачыў многа людзей паміж стайнямі і свірнам. Душа яго заныла, і ён пачаў беспарадна азірацца. Як і кожны дзень, у Гертруды быў дрэнны настрой. У незашнураваных чаравіках яна хадзіла па пакоі і падлічвала, праз колькі гадзін можа прыехаць яе сын. Ёй здалося падазроным, што па малым дворыку перад домам нешта занадта часта прабягаюць людзі. Залп з вінтовак яе ўстрывожыў не больш як і заўсёды: салдаты і паліцаі тут часта практыкаваліся ў стральбе. Яна зазірнула ў памежны пакой, дзе павінна была быць служанка, тутэйшая жанчына, ціхая і працавітая, якая ўсё тужыла аб сваім мужу, які мабілізаваўся ў армію ў першыя дні вайны. Яна збіралася прасаваць і ладзіла ля акна прасавальную дошку. Гертруда сумна на яе глянула і, цераз дзесятае ў пятае трапляючы на пакалечаныя расейскія словы, папрасіла жанчыну пайсці даведацца, чаго па двары ходзяць людзі. Жанчына нічога не зразумела, але выйшла сама, з свайго жадання. Гертруда асталася чакаць адна ў пакоі. Раптам у дзвярах паказалася служанка. На злёгку васпаватым твары яе было штосьці падобнае да ўсмешкі.
        – Партызаны! – крыкнула жанчына, ідучы далей у пакой.
        Гертруда закруцілася па пакоі, не могучы нават падаць голасу. Жанчына хапіла прасавальную дошку і дала ею Гертрудзе ў плечы. Гертруда пабегла ў дзверы, чуючы за сабою рогат жанчыны. Збягаючы з ганка, яна пагубіла з ног незашнураваныя чаравікі і босая, колючы з непрывычкі ногі і абдзіраючы іх, выбегла за дом і ўбачыла там салдата на зямлі з доўгім і тонкім нажом у жываце. Тронак ад нажа высока тырчэў над мёртвым салдатам.
        – Густаў! – закрычала Гертруда і адна пабегла ў поле дарожкаю паўз сад. Многа галасоў чула яна за садам. Там ужо людзі запрагалі ў вазы коні. Густаў дагнаў Гертруду ў чыстым полі, у вельмі нізкай лагчыне, падобнай на яму. Высока па яе краях рос крушыннік, зрэдку было яшчэ на ім жоўтае лісце. Гертруда плакала і малілася. Густаў моцна трымаў яе пад плячо. Ступені яе ног былі ўжо спрэс у крыві. Доўга ўзыходзілі яны на край лагчыны, з кожным крокам усё аддаляючыся ад жудаснага для іх месца на заваяванай зямлі. Так дайшлі яны да вузкай грады лазы і ядлоўцу. Да гэтага моманту ў іх ужо і заваду не было пачуцця страху. Іх толькі прыгнечвала адчуванне гібелі. Была прага, каб адбыўся цуд і каб перад імі з'явіўся іх сын, у якога яны верылі. Яны не ведалі і не хацелі ведаць, што ў гэты дзень рабілася ў маёнтку, уладанне якім ператварылася так хутка ў горкі здзек над іх марай пакінуць быць арандатарамі. У гэты дзень людзі выгналі з маёнтка жывёлу і вывезлі запас хлеба і садавіны. Вялікі абоз на маёнткавых конях выехаў адтуль у той час, калі Гертруда і яе Густаў сядзелі ў лазе і аддыхваліся. Абоз даехаў да Перабродскага лагера і там доўга не затрымаўся. Пасля таго, калі на фурманкі паклалі і пасадзілі хворых, абоз рушыў на вялікі шлях, і ўсе, хто быў тут, пайшлі следам. Нават хто і жыў паблізу Перабродскага лагера, пакідалі свае хаты і таксама пайшлі следам за тымі і разам з імі, хто прыйшоў сюды ратаваць забраных у лагер. Увесь гаты людскі рух прайшоў скрозь па вялікім грунтавым шляху цераз малое скрыжаванне і далей паўз скалечаны танк, дзе людзі закрывалі далонямі раты і насы: там патыхала трупным духам. Людскі рух мінуў вялікую бярозу і кіраваўся далей у бок Вялікага скрыжавання.
        Гертруда і Густаў у той самай лазе дабылі да ночы, і, як сцямнела, імі апанаваў адчай. Якое было шчасце, што ў тую страшную раніцу Густаў спацыраваў са скручаным парасонам у руках! Парасон так і астаўся ў яго. Ён зняў з сябе пінжак і камізэльку і надзеў усё гэта на Гертруду. Ён быў вінават перад ею. А яна ўзводзіла яго віну ў найвышэйшы стан. Яна вечна сцвярджала, што ён вінават перад усей Германіяй. Ён распусціў парасон, і, прытуліўшыся адзін да аднаго, яны ўсю ноч прастаялі пад парасонам, і гэта была ілюзія, што яны не зусім у чыстым полі. На мокрай і прымерзлай зямлі яны сядзець не маглі. Нервовае ўзбуджэнне было ў іх такое вялікае, што ні ў яго, і тым больш ні ў яе, за ўсю ноч нават не прыжмурыліся вочы. З першым дзённым святлом, калі яно яшчэ толькі пачало цадзіцца, яны рушылі далей. Куды? Абы далей ад гэтага месца. Абы далей! А збавенне будзе. Бо тут жа заваяваная зямля, тут жа нямецкае войска і ўлада, і іх сын! Раптам – ці гэта было сапраўды, ці можа толькі галюцынацыя, але адзінокі вінтовачны стрэл прагучаў вельмі выразна. Гертруда крыкнула: «Густаў!» Густаў шпарчэй пацягнуў яе. Узбуджанне іх расло больш. Ужо яны не заўважалі, ці гэта дзень, ці гэта ноч. Далей ад гэтага месца! Бліжэй да ратунку, які сам падбае пра іх. Не ногі, а нервы вялі іх нейкаю палявою дарогаю. Не еўшы, не спаўшы, нават не сядзеўшы нідзе, яны сцішылі хаду толькі тады, калі прыйшоў час адчуць ім адзеравянеласць ног. Тады яны пайшлі быццам спацырам. І тут скончылася іх надзея на ратунак. Дзьмуў у полі вецер, поблізу гаманіў лес, Гертруда пакідала крывавы след ад сваіх ног. Шырокі свет з сонцам, з ветрам, з пахам дажджоў і зіхаценнем дзён стаў цесным склепам. Не толькі гадзін, а нават і дзён яны ўжо не маглі лічыць. І невядома, ці гэта змяркалася, ці гэта світала, калі штосьці ў полі зачарнелася перад імі. Усё роўна што гэта, абы толькі што-небудзь каб было наперадзе! Не сыходзячы з дарогі, яны праз колькі гадзін дацягліся да чагосьці маўклівага і нерухомага. Гэта быў «сухі дзюб». Вялікі камень мог здавацца ўвасабленнем магільнага маўчання. У адным месцы пад ім, дзе адна старана яго навісала як бы столлю, зямля была сухая, чысты белы пясок і ні саломіны, ні травіны на ім. Раптоўная радасць цюкнула Густава, як бы гэты сухі пясок быў знойдзеным сэнсам светабудовы. Ён хацеў зняць з сябе якую-небудзь адзежыну, каб разаслаць на пяску і пакласці Гертруду. Але ён быў толькі ў адной, упушчанай у нагавіцы, кашулі і з чорным гальштукам на шыі. Гертруда лягла на голы пясок і адразу заплюшчыла вочы. Побач яе пад каменнай навіссю лёг і Густаў. Вецер шастаў незазябленым іржышчам і абвакольваў гулам камень. Раптам Гертруда расплюшчыла вочы. Яна штурханула яго локцем, быццам бы правяраючы, ці тут ён. І тады ён пачуў яе голас, упершыню пасля выгнання з маёнтка. Раз-поразу аблізваючы сухія губы, ледзьве адцягваючы голас, яна гаварыла, і гэты слабы голас гучэў яму, як гнеў помслівага лёсу:
        – Ты раскрыў быў сваю душу перад чужаземцамі. У цябе перад імі нарадзіліся добрыя пачуцці, і ты не астаўся халодны, а пайшоў на сардэчнасць перад тымі, у каго нават далёкія продкі не мелі і заваду германства. Гэта лёс Германіі за цябе расплачваецца з намі! Гэта ты згубіў мяне! – Яна ледзь не задушылася апошнімі словамі. Памаўчала і зноў пачала, але павальней і цішэй: – Я ўміраю, а з таго, што ты аддаў быў немаведама каму, яны, тыя, шчасліва пражылі дзесяткі год... Божая рука ў нашай гібелі...
        Апошнія яе словы ён ужо ледзьве разабраў і з жахам усхапіўся. Яна маўчала і адно бесперастанна варушыла губамі і з кожным момантам павальней. Акамянелы, аслупянелы, анямелы, ён стаяў над ею, аж пакуль думка, што яна ўжо мёртвая, не з'явілася ў яго. Гэтая думка не страсянула яго, так многа ён перажыў ужо. Ён нагнуўся і дакрануўся яе твару. Гертруда ўжо сканала. Ён распусціў парасон і паставіў яго над яе тварам. Але тут ён падумаў, што парасон здалёку могуць заўважыць і згарнуў парасон. І зноў (сапраўды ці галюцынацыя?) вінтовачны стрэл здалёку. Ён падняў галаву. Пачыналася новая квадра яго пошукаў ратунку: без Гертруды. Ён пачаў азірацца, а пасля цвёрдая думка, што сляза мёртвага не падніме, выразна пачала авалодваць ім. Ён выцягнуў з-пад Гертруды свой пінжак, адзеўся ў яго, паглядзеў на Гертрудзіны ногі і неўзабаве рушыў па той самай дарозе. Праз колькі кіламетраў ён азірнуўся і больш як хвіліну глядзеў, як чарнеецца ўдалечыні «сухі дзюб». Пінжак абагрэў яго, і звечара ён нават падрамаў у полі на пакіненым пярэбірку гнілой грэчкі. Але хутка ён пайшоў далей, ратуючыся ад холаду. Досвіткам ён дайшоў да поля, дзе стаялі мэндлікі нязвезенага жыта. Ён ушыўся ў снапы і пачаў церці счарнелыя пад дажджамі каласы. Ён наеўся гнілога зерня і зноў рушыў у дарогу. Ні надзеі, ні якіх бы там планаў у яго яшчэ не было, але ён ужо ачомаўся пасля першага дня выгнання і Гертрудзінай смерці. Так перайшоў ён малое скрыжаванне і ўвайшоў у лес. І сам ён не ведаў, колькі дзён ён ужо вандруе. Можа было ўжо больш за тыдзень, а можа паўмесяца – ён не мог бы сказаць. І так дайшоў ён да скалечанага Ракуцькавай Лізаветай танка. Голад з'ядаў яго. Чырвоныя вочы яго часта міргалі, і твар уздрыгваў. Ён так прывык ужо не заўважаць, на чым ён ляжыць, што есць і што нюхае, што адразу не ўзяў на ўвагу трупнага духу, які панаваў у гэтым кутку лесу. І самога танка ён спачатку не заўважыў. Пінжак на ім быў ужо расшастаны на шматкі, і абутак злазіў з ног. Калі дзе траплялася, ён выграбаў рукамі з зямлі бульбу і еў яе сырую. Скура каля пазногцяў на яго пальцах паздзіралася, пазакасвалася і крывавілася. Барада і вусы выраслі пукамі, і вочы пачалі западаць. Раптам яго ўвагу ўзяла на сябе чорная птушка. Гэта быў груган. Ён сядзеў на дрэве, на вытырклай сухой галіне і пільна ўглядаўся ўніз. Здавалася, што птушка гэта ёсць увасабленне самай найвялікшай на свеце ўвагі. Густаў інстынктыўна спусціў свой позірк з птушкі ўніз, куды яна ўглядалася і чаго, здаецца, пабойвалася. І сапраўды, мусіць зроду не бачыла яна такога мерцвяка. Гэта было нейкае страшыдла, нахіленае набок, але пахла яно па-сапраўднаму, па-мярцвяцкаму. Густаў падышоў да танка і адчуў на сабе раўнівы позірк агіднай птушкі. Ён падняў твар, і позіркі іх спаткаліся. Густаў махнуў рукамі, але птушка нават і не зварухнулася. Тады Густаў, перамагаючы ў сабе страх, палез у танк і, нічога спачатку там не разабраўшы, пачаў абмацваць па кутках рукамі. Божа! Галеты! Цэлы нячэпаны пачак! І другі! І тут ён адчуў, што можа задыхнуцца ад трупнага духу. Ён прыціснуў галеты пад паху і пачаў вылазіць з танка, шмаргануўся каленам аб жалеза і ўпаў тварам на смярдзючыя грудзі мёртвага танкіста. Ахоплены жахам, ён выскачыў з танка і на ўсе жылы даў ходу. Трупны дух ужо ішоў з яго ўласнай барады, носа і рук і мучыў яго. Ідучы, ён абціраўся то тыльным бокам рукі, то рукавом. А гадзін праз дзве пачаў жаваць галеты. І ўсё яму здавалася, што на ім ляжыць урачысты позірк гругана. На другі дзень усё яшчэ цягнуўся лес. А ён усё ішоў. Некуды ж прывядзе гэтая дарога, тым больш што ішла яна як бы ў супроцьлеглы бок ад усходу. Ён заўважыў гэта аднойчы раніцаю. Перад самым выхадам шляху з лесу, ён пачуў нейкі роўны скрып. Трывожна ён азірнуўся і ўбачыў: галіна аднаго дрэва на самай дарозе адцягнулася ўніз, надламалася пры ствале, пагойдваецца і паскрыпвае. На дрэве вісеў чалавек, у ботах, у тутэйшай адзежы і з дошкаю на шыі, на якой было напісана: «Я партызан». Павешан ён быў крукам пад сківіцу, і шыя і плячо яго былі ў крыві, ужо закарэлай. У гэты момант у Густава і з'явілася думка, якая ажывіла яго і ратавала ў далейшым яго падарожжы. Ён аж затрапятаўся, так натхніў яго ўбачаны ім малюнак. Значыцца, тут жыве германская ўлада! Тут ратунак і тут смерць тым, што ператварылі ў здзек над ім яго ж мару. Тут, можа, і сын яго дзе. Але каб вытрымаць, каб перахавацца, каб не трапіць ім у рукі! Ён пацягнуў, як толькі мог, павешанага чалавека за ногі. Галіна адламалася, і труп упаў на зямлю. Добрага паўдня прайшло, пакуль Шрэдэр зняў з трупа боты і ўсю адзежу і пераадзеўся ў яе сам. Цяпер ён быў крыху падобен да якога-небудзь тутэйшага няшчаснага, які вылузаўся з якой-небудзь бяды і цягнецца ў свой бок. Ён паддаў ходу як толькі маглі вытрымаць яго аслабелыя ногі. Ён ішоў дзень за днём, і дзіўная рэч, нідзе ён не напаткаў ніводнай нямецкай машыны і ніводнага нямецкага салдата. Неспакой усё большы выростаў у ім. І ніводнай нідзе жывой душы. Кожны дзень ён сачыў за ўсходам і заходам сонца – ці не кіруецца хаця ён у супроцьлеглы ад захаду бок? Раз на дарозе ён спаткаўся з жанчынай і запытаўся, ці далёка да Баранавіч.
        – А ты хто? – адказала яму запытаннем жанчына, чуючы яго ламаную мову. – Ты можа чэх?
        – А тут ёсць чэхі? – хітра запытаў ён.
        – Немцы везлі кудысьці чэхаў, дык яны ўзбунтаваліся, паўцякалі і бадзяюцца па дарогах,– сказала наіўная старая.
        – Я чэх,– адказаў Шрэдэр.
        – Дык на Баранавічы ідзі проста шляхам да скрыжавання, а там па шашы.
        Цяпер ён пачаў ісці начамі, а днём сядзеў дзе-небудзь у зацішку. Ужо зямля ўмерзла, і ночы сталі доўгімі вельмі. Бульба на полі была ўжо мерзлая. Але непрыбранае збожжа добра высыпалася з каласоў і многа зерня было нацярушана. Часам высвечвала сонца і яшчэ крыху грэла. Тады зямля пачынала раставаць і чарнець. У ім сфарміраваўся свет вялікай адзіноты. І вось шлях дайшоў да такога месца, дзе Шрэдэр спыніўся і выразная думка аб блізкай гібелі стала ў яго цвёрдай і выразнай. У гэты дзень сеялася мокрая імгла, але к вечару выяснілася і заход сонца быў чысты. Ружовасць ляжала на небе, і вочы маглі цешыцца з адзінокай травіны, якая дзе-нідзе праз нейкі цуд захавалася на ржышчы. Так дзень пачынаў згасаць, калі Шрэдэр убачыў проста на дарозе абломкі машын і мноства трупаў нямецкіх салдат. Патрушчаныя галовы, паадрываныя ногі і рукі і ўсюды высахлая кроў. Шрэдэр мінуў гэты жах, і яшчэ не змеркла, калі ён убачыў перад сабою велічэзнае дрэва. Божа! Ён ужо два разы бачыў яго! Ці гэта сон, ці гэта страшная сапраўднасць?! Калісьці ён упаў тут хворы, і канвойны расейскі салдат узяў яго пад руку і павёў далей, дзе пры дарозе стаяла ў полі адзінокая хвоя. Мілы Божа! Тады яго паклалі на воз і павезлі. Ён сеў на край нейкай труны... Яму хацелася заплакаць. Але ж ён тады, ад слабасці свае, не вытрымаў і адчыніў сваю душу перад тымі, хто ратаваў яго і нахіляўся над ім з ясным позіркам. І тое, што ён аддаўся патрэбе свайго сэрца, згубіла Гертруду і цяпер губіць яго. Ці здолее ён цяпер быць цвёрдым да канца і не сказаць сустрэчнаму: «Хоць ты і не немец, але не буду я цябе ненавідзець. Пашкадуй мяне». У страшным утрапенні ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце і ўбачыў: збоку пры самай дарозе насыпана зямля, на насыпе ўбіты ў зямлю кол і на ім дошка з надпісам: «Тут закапана сто семдзесят шэсць немцаў, якія навалакліся сюды таптаць нашу зямлю і на гэтым самым месцы падохлі ад партызанскіх куль. Гітлераўцам сабачая смерць. Чытайце, немцы, і вучыцеся». Шрэдэр прачытаў і зноў рушыў далей. Перад ім была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіламетраў». Нічога гэты надпіс не сказаў яму. Але ногі яго захісталіся, і ён сеў, а пасля лёг на зямлю. Усё цела яго ныла, галава кружылася, і кашаль пачаў ірваць яму грудзі. На Вялікім скрыжаванні ён ляжаў, і раптам страшная думка цюкнула яму: «А ці не ступіў я ўжо на дарогу за сваёй Гертрудай?» Ён падняў галаву. Надпіс на слупе ўжо ледзьве вырысоўваўся ў змроку ранняга вечара. Ён устаў без жадання і волі. Прыпёрся плячыма да вялікага дрэва і звяў. І толькі кашаль час ад часу вырываў яго з забыцця. Божа, якая доўгая была ноч! Тая чвэрць веку, якую ён пражыў з таго, калі ўпершыню ўбачыў гэтае дрэва, была карацейшая за гэту ноч. Ён сядзеў з усходняй стараны дрэва і, калі ўзышло сонца і паклала на яго страшны твар праменне, ён паварушыўся і падняўся. Надпіс на дошцы зноў стаяў перад яго вачыма: «На Сумлічы». Тут ён раптам уздрыгануўся. Божа, які дзіўны лёс! Гэтае слова ён пісаў калісьці свайму малому Густаву, калі думаў, што памрэ сярод чужых людзей. Там была дзяўчынка з яснымі вачыма, тая, што паіла яго малаком. Ён не вытрымаў. Цяпер ужо слова «Сумлічы» пранізвала яго вострым болем і смуткам аб нечым навек страчаным і апаганеным. Ахоплепы дзікай думкай, ён рушыў у брукаваную паваротку. Каля Сумліч жанчына везла воз дроў. У першай сумліцкай вуліцы дзяўчынка несла вядро вады. Яна азірнулася на прысутуленую дзіўную постаць, якая ледзьве грабла нагамі. Стаялі дрэвы без лісця, і дым ішоў з аднаго коміна. Тут жылі людзі. Шрэдэр падышоў да дзяўчынкі. Ламанай мовай ён сказаў:
        – Гэта Сумлічы?
        – Сумлічы.
        – А немцаў не чуваць тут?
        – А ты хто?
        – Чэх.
        – Немцаў няма, тут нашы. Пасля таго як па шашы пачалі душыць немцаў, дык яны сюды і носа не ткнуць. Трасцы!
        – Партызаны ўсюды?
        – Немцы толькі па гарадах асталіся.
        Зноў адчай і трывога выгналі з Шрэдэравай душы нядаўняе жаданне сказаць першаму сустрэчнаму чалавечае слова. Тут падышла другая дзяўчынка, і новае пачуццё ажыло ў Шрэдэра. Гэта быў страх. А страх пачаў зменьвацца слабасцю волі і думкі. Аднак жа думка яго працавала даволі цвёрда. Разам з тым зноў пачало варочацца да яго імкненне да чалавечага слова кожнаму, хто натрапіцца на яго дарозе. Настрой яго зменьваўся кожную секунду. То хацелася яму крыкнуць: «Густаў, сын мой! Дзе ты? Дзе твае салдаты і слава фюрэра?» То хацелася сказаць: «Пракляцце табе, фюрэр, за тое, што ты павёў мяне туды, куды я прыйшоў!» – і цалаваць гэтых дзяўчынак.
        – Гэта чэх,– сказала дзяўчынка з вядром той, другой, якая толькі што падышла.
        – Дык чаго ж ты стаіш,– сказала Шрэдэру новая дзяўчынка. – Калі ты чэх, дык ідзі папрасіся ў людзей у хату. Ты ж ледзьве стаіш.
        Вось і чалавечае слова! Яго моцна ўразіла. Ён аж хістануўся на нагах. Раптам ён успомніў. Дастаў з кішэні запісную кніжачку і хутка знайшоў запісанае яшчэ ў Германіі, калі збіраўся сюды. Запісана было рукою Гертруды, перапісана з яго пісем. Яна пісала з нядобрым пачуццём да яго і з пэўнай думкай. Гледзячы ў гэты запіс, ён сказаў:
        – Дом Нявады.
        – Мы завядзём,– сказалі ў адзін голас дзяўчаткі.
        – А ты праўда чэх, ці можа немец? – сказала адна.
        – Чэх,– адказаў ён.
        І яны павялі яго на край мястэчка, дзе радзей стаялі хаты і відно было поле. У хату яны ўвайшлі разам з ім і ў адзін голас сказалі:
        – Гэта чэх, хоча есці і спаць.
        І выйшлі з хаты. Ён пераступіў з нагі на нагу і ўбачыў: на лаве ляжаць вінтоўка і патроны, на табурэце сядзіць чалавек, пасярод хаты стаіць жанчына і ў пасцелі ляжыць дзяўчынка. Падлогі ў хаце няма, а ўбітая зямля. Гэтая зямля і ўразіла яго перш за ўсё. Гэта ж зямля гэтая так была тады асветлена сонцам, калі ён тут скінуў з сябе хваробу і раскрыў перад людзьмі душу. І вось ён пачаў пазнаваць у гэтай хаце ўсё. А дзяўчынка! Яна ляжыць і, мусіць, хворая. Бо такі худы і жоўты яе твар. Можна падумаць, што яна цэлыя годы праседзела ў турме. І зноў яму душу сціснула новае ўражанне. Вочы ў гэтай дзяўчынкі. Гэта ж тыя самыя вочы. Можна падумаць, што гэта тая самая, што так даўно, калісьці, паіла яго малаком. Ён пачаў калаціцца.
        – Ну дык садзіся, чэх,– сказаў чалавек,– зараз цябе накормім.
        Шрэдэр сеў, і думкі яго зноў аслабелі. Яго хіліла да забыцця. І смутак, вялікі смутак аб усім свеце і аб сабе здушыў яго.
        – Садзіся бліжэй да стала, налью табе есці,– сказала жанчына.
        Ён сеў за стол і сказаў, хоць ломанай, але расейскай мовай. Відаць, ён як мае быць рыхтаваўся ехаць сюды, каб тут пакінуць быць арандатарам.
        – Я некалі падараваў быў вам золата. Гадзіннікі, пярсцёнкі, крыж. У тую вайну я быў хворы і палонны. Яно пайшло гэтаму дому на карысць?
        Ён не памятаў, што казаў. У вачах яго цямнела, душа ныла.
        – Божачка! – шпарка прагаварыла жанчына. – Адкуль ты ведаеш?.. А... Гэта быў ты? Я тады была яшчэ малая.
        – Дык ты немец? – Раптам заварушыўся чалавек. – І я тады быў малы. А яна цяпер малая,– і чалавек ткнуў рукой туды, дзе ляжала хворая дзяўчынка. – Дык ты немец? Выйдзі з хаты! Чуеш? Ідзі! – Чалавек узяў з лавы вінтоўку і грукнуў прыкладам у зямлю. Шрэдэр саскочыў з лавы і пайшоў у дзверы.
        – У сад ідзі! – закрычаў чалавек. – Унь туды!
        Шрэдэр увайшоў у сад, дзе густа стаялі голыя дрэвы, і зямля была зацярушапа мерзлым лісцем.
        – Стой!.. – сказаў чалавек.
        Шрэдэр стаў і штосьці шпарка пачаў гаварыць, перамешваючы нямецкія словы з расейскімі.
        Чалавек не слухаў, прыцэліўся і стрэліў. Шрэдэр упаў і сканаў, лежачы, праз хвілін паўтары.
        Кастусь Лукашэвіч убачыў на дрэве падмерзлую бэру сярод чорнага лісця. Падумаў, на яе гледзячы, зазірнуў у пуньку, узяў з саломы два яблыкі і ўвайшоў у хату.
        – На, Лізачка, еш антонаўкі,– сказаў ён, падыходзячы да хворай дзяўчынкі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.