РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ад родных ніў
 
 
*** Уздымам сэрц нашых шуміць Белавежа...
 
Пад чужым небам

 
 
Там толькі
 
Краю мой
 
Мой родны кут
 
Мінулыя дні
 
Чужына
 
Хачу бачыць
 
Братом палонным
 
Ня сумуйце
 
На шаўковых лугох
 
Ой, пайду
 
Майму сыночку
 
Адказ
 
Князь Усяслаў Чарадзей
 
Забэйдзе-Суміцкаму
 
Новы Год
 
О, Краіна
 
На чужыне
 
На родных межах

 
 
Дзявочыя думкі
 
Лён
 
За прасьніцай
 
Бабулька
 
Дываны
 
Не зязюлька куе
 
Мой лён і сны
 
Жнівом
 
Песьня
 
На начлезе
 
Вясельле
 
Над рэчкаю
 
Родная мова
 
Нёмне
 
Нішто так ня міла
 
Дзяды
 
Краіне
 
Маці
 
Калісьці
 
Дзявочае сэрца

 
 
Навучыла маці
 
Вецер вербаю калыша
 
Было сьвята
 
Вясна
 
Адна
 
Дзяўчына
 
Дзявочае сэрца
 
Доля
 
З вольнакрылым ветрам

 
 
Толькі вецер
 
Раніца
 
Захад
 
Вечар
 
Вячэрняя містэрыя
 
Ноч
 
На струнах Вэлтавы
 
Панад Вэлтаваю
 
На могілках
 
Сыплюцца сьлёзы
 
Места
 
Зімою
 
Мяцеліца
 
Вясна
 
Лятуць гусі
 
Акорды восені

 
 
Нейк сумна
 
Танцуе дождж
 
Астры
 
Хрызантэмы
 
Ня суніме
 
Сыплецца лісьце
 
Пакінь, пакінь вецер
 
Малюе восень
 
Залаціста ўсьмяхаюцца далі
 
Восень
 
Гэй з-пад рук
 
Калі вецер
 
Вышыла восень
 
Думы

 
 
Думы мае, думы
 
Зорка
 
Нехта ноччу
 
Кволай краскай
 
Ня веру
 
Думы
 
Бывай
 
Ужо рунеюць палі

 
 
Загад
 
Наш сьцяг
 
Маё сэрца
 
Як хмарны дзень
 
Скажы
 
Беларуска
 
Спатканьне
 
Маладыя крыльлі
 
Тры дарогі
 
Моладзі
 
Крыльлем віхор
 
Ужо даволі
 
Паход
Братом і Сёстрам на чужыне прысьвячаю.
Ларыса Геніюш
 
*  *  *
Уздымам сэрц нашых шуміць Белавежа,
як дні нашых сёлаў, так Нёман плыве...
Уроду палеткаў ткуць поясам межы,
адвечныя сосны гудуць ў бараве.
 
Там нашыя песьні, там наша багацьце,
там жытняе мора, магілы дзядоў,
і родныя хаты, і людзі, як брацьці,
і казкі, і слава мінулых часоў.
 
Крывіч там стагодзьдзі загон свой старожа,
а звычаі, мова жывуць з году ў год...
Так Край, быццам казка старая, прыгожы,
удалы і верны Краіне народ.
 
Нічога, што позна у сьвет мы выходзім,
нічога, што ўчора пакінулі плуг, –
нам крыўду стагодзьдзяў ліхіх нагародзіць
гарачым уздымам акрылены дух.
 
Калі для нас волі жаданай сьвітаньне
цудоўнаю блісьне над краем зарой, –
ад Угры па Буг мы спаткаць яго ўстанем
ўсёй дружнай, вялікай, Крывіцкай Сям’ёй.
 
1941
 
 
 
 
ПАД ЧУЖЫМ НЕБАМ
Чало плуг жыцьця, можа, ў боразны зрэжа,  
мо’ голаву іней пакрые гадоў, –  
у сэрцы ж ня зьвянуць зялёныя межы.  
Туга не аслабне да родных кутоў.
 
Там толькі
Там толькі хочацца, хочацца жыць,
дзе родныя, сумныя далі,
дзе поле узорнай раўнінай ляжыць,
калышацца жытняю хваляй.
 
Дзе Нёман дастойны шырока плыве,
дзе пушчы шумяць аб мінулым,
а ў замках, курганах легэнда жыве
і песьня дзядоў не заснула.
 
Дзе нашы дзяўчаты – юргіні ў саду,
расьцьвіўшыя кветкі у маі,
ізь песьнямі лён залацісты прадуць,
узорамі бель патыкаюць.
 
Дзе цягнуцца стромыя вежы ў гару,
крыжамі ўпіраюцца ў неба,
а моцныя рукі папары аруць,
каб нівы пакрыліся хлебам.
 
1941
 
 
 
 
Краю мой
Краю мой родны, краю мой мілы,
цудны, узорны, ад ніў залаты,
хто цябе ўквеціў пушыстай калінай,
краскамі, лесам засеяў густым?
 
Пушчы, палеткі, лугі, сенажаці,
быстрыя рэкі, прасторы азёр –
нехта рассыпаў вялікім багацьцем
вечныя скарбы ў цудоўны узор.
 
Калі табе золатам сонца разьлітым
магутныя грудзі асыпле кругом,
а неба атуліць туманам-блакітам,
як быццам-бы анял празорым крылом,
 
І вецер бяроз тваіх косы даўгія
расчэша, рассыпле па белых камлёх,
а грушы-красуні страсе сьнегавыя,
цьвет белы пасее на зелень палёў,
 
а буйныя травы нагне, то падыме,
зазвоніць аб лісьці задуманых дрэў,
акордамі ўдарыць, як май, маладымі,
пад Нёмна вясною бурлівы напеў, –
 
дык радасьцю, шчасьцем душа замірае,
і хочацца сэрцам, рукамі абняць
свой край наймілейшы, аквечаны маем,
дзе краскі, дзе Нёмана хвалі зьвіняць.
 
Дзе птушка у неба высокім палётам
маніць да сонца ў блакіты з сабой,
узыходзіць, мацьнее зь сялянскага поту
зярнё, вырастае ў калосьсе вясной.
 
Краю мой родны, краю мой мілы,
калыска дум раньніх, вясёлкавых дзён,
краю дзядоўскіх курганных магілаў, –
ты сэрцу так мілы, як міла жыцьцё.
 
Сьніцца ты будзеш, ўсё клікаць з чужыны,
маніць ў свае сёлы, да хаты старой,
пахучым палеткам буйной канюшыны,
дзявочаю песьняй, спавітай тугой.
 
Чало плуг жыцьця, можа, ў барозны зрэжа,
мо’ голаву іней пакрые гадоў, –
у сэрцы ж ня зьвянуць зялёныя межы.
Туга не аслабне да родных кутоў.
 
1941
 
 
 
 
Мой родны кут
Мой родны кут,
мой ціхі дом,
дзе ў гольле дрэў
аб сьцены ніў,
пад сумны сьпеў
буйным крылом
паўночны вецер
звонка біў.
 
Мой родны кут, –
на твой ўспамін
бушуе кроў,
а ў сэрцы гар,
а ў сэрцы боль,
бо зь ніў, з далін
урок мяне
туманны чар.
 
I ў ясны дзень,
і ў ноч бяз зор
душа, як птах,
пад гоман дум
ляціць на шлях,
дзе песьняй бор
калыша долі
нашай сум.
 
Мой родны кут,
цьвяцісты луг, –
пад шумы вольх
прыйдзе ўначы,
як ціхі ўздых,
мой верны дух
на вечны сон
к табе спачыць.
 
Пад ветру шум,
пад буры кроз,
пад гоман хат,
хто сэрцам жыў,
ў вясьняны чад
хто ў полі рос,
той не пакіне
родных ніў.
 
1940
 
 
 
 
Мінулыя дні
Адцьвілі белай яблыні цьветам,
як начлежныя згасьлі агні,
адзьвінелі, як колас той летам,
залатыя над Нёманам дні.
 
Калі з прасьніцы ніткай льняною
жыцьцё-доля снавала ясьней,
а пад зорнаю неба красою
мучыў сэрца ўначы салавей.
 
Або казкамі вечар цудоўны
маніў зорамі душу вясной,
ці дзявочае сэрца напоўніў
аж па бераг нязнанай тугой.
 
Ласкай матчынай сонейка грэла,
думкі вецер-пяюн разьвяваў,
калі дзеўку-чаромуху ў белым
з пышным клёнам у полі вянчаў.
 
Адцьвілі, адцьвілі, празьвінелі,
як начлежныя згасьлі агні,
недапрадзенай ніткай кудзелі,
залатыя над Нёманам дні.
 
1940
 
 
 
 
Чужына
Вопратку з дрэваў віхур ужо скінуў,
і подзьмухам гнуткім, як быццам смыком,
ударыў па струнах бязьлістных галінаў
восені сумным разжаленым днём.
 
Так часта ў чужым ды няветлівым краі
аб ціхія сэрцы бяздомных людзей,
сумней, як той вецер аб дрэвы, зайграе,
злая доля ударыць, зазвоніць сумней.
 
Ды ўспомняцца родныя межы, загоны,
свая хата, а вокал чакае сям’я, –
гарачыя сьлёзы балюча зазвоняць,
сум беднае сэрца саўе, як зьмяя.
 
Як быццам-бы сэрцам нявінныя дзеці
за маткаю тужаць сваей дарагой,
так на шырокім, заблытаным сьвеце,
толькі Край наймілейшы нам свой.
 
1940
 
 
 
 
Хачу бачыць
Я ня гнуткія, пышныя пальмы
із разьнятым ўгары парасонам,
і ня мора ўсхвалёвана жалем, –
хачу родныя бачыць загоны.
 
Ды ня прэрыяў дальніх прасторы
і ня ярасны лёт антылёпаў –
хачу бачыць як полымя зораў
Нёман ў хвалях начамі патопіць.
 
Хачу бачыць шырокія дзічкі,
што парог маёй хаты старожаць,
расьсьмяянае вёскі аблічча,
дываны залацістыя збожжа.
 
Ды вачамі і сэрцам па нівах
паплысьці недзе зь ветрам крылатым
і забыцца аб днях нешчасьлівых
на парозе радзімае хаты.
 
1941
 
 
 
 
Братом палонным
Ці табе ня шкода, браце,
          родных ніў,
тых лугоў, той сенажаці,
          што касіў?
Ці табе ня шкода даляў,
          што маўчаць,
ні садоў, што расьцьвіталі,
          ні дзяўчат?
Ані Нёмну сініх водаў
          між лясоў,
хваляў берагу крутога
          ў верасох?
Ці табе ня шкода песьняў,
          што вясной
білі ў хвалі на прадвесьні
          бы вяслом?
Ці ня шкода табе косаў
          залатых,
ці ня сьніцца на палосах
          лён густы?
Па вачох ня сумна зоркіх,
          што гараць?
Ці ня хочаш баразёнкі
          прыгараць?
Ці ня рвесься ты душою –
          адкажы!
Ці табе начамі сэрца
          ня дрыжыць
па тым краі, дзе радзіўся,
          дзе ты жыў,
дзе каліны расьцьвіталі
          на мяжы?
Дзе твой сьлед? Мо’ ветры ў полі
          замялі,
калі гнулі, гнулі гольле
          да зямлі!
 
 
 
 
Ня сумуйце
Ня сумуйце дзяцюкі вясною
на магілы гледзячы сяброў –
жалем нашых ранаў не загоіш
і цяжкіх ня скінеш кайданоў.
 
Ня сумуце дзяцюкі па сёлах
і па вочах кінутых дзяўчат –
барацьба ўжо пеньніцца як солад,
маладыя воклікі гучаць.
 
Ня сумуйце дзяцюкі па долі,
ня хілеце гордай галавы,
бо ня з жалю, толькі з ранаў, болю,
воля толькі родзіцца з крыві.
 
Ня сумуйце дзяцюкі начамі –
ўжо ня дасца спутаць вольны дух!
Мы былі і будзем Крывічамі
ад хваль Угры аж па сіні Буг.
 
 
 
 
На шаўковых лугох
На шаўковых лугох дзесь заместа мяне,
косіць бура атаву, ліхая.
Гэты вецер, што вольхі шумлівыя гне,
недзе сумна яе заграбае...
 
Некляпаная дзесь заржавела каса,
непагораны тужаць папары;
быццам пояс слуцкі, так цьвіла паласа,
сяньня-ж вецер на ёй гаспадарыць.
 
Так далёка ад ніў сам адзін тут стаю,
дзень за вокнамі мрэ, дагарае.
У вёсцы, быццам сястра, дзічка хату маю
нейдзе гольлем сваім абыймае.
 
Каб я тое хоць знаў, што часамі ў садок,
ў нерасьсьвечаны шэрыя вокны,
пад тужлівы ўспамін, пад няўстрыманы ўздох,
кіне сумная дзеўчына вокам...
 
Быццам смоўж дні ў чужыне ляніва паўзуць,
туга ў сэрцы нейк коле, як голкі...
Калі колісь да ніў сэрца йзноў занясу –
застануцца ў ім сугаркі толькі.
 
1941
 
 
 
 
Ой, пайду
Ой, пайду, пайду я
ды ў старонку тую,
дзе мая дзяўчына
ўсё па мне сумуе...
 
Дзе начамі вецер
песьні, казкі бае,
дзе мяне матуля
сумна выглядае.
 
Дзе над роднай хатай
ціха дуб нагнуўся...
Ой, пайду, пайду я,
касой размахнуся!..
 
Пакашу атаву,
пакашу я зельле, –
шыкуй, дзеўка, скрыню
шыкуй на вясельле!
 
Прыдбай, дзеўка, мёду
за наш Край чароўны,
за тваё здароўе, –
вып’ю чару поўну!
 
Ворагам на ганьбу –
вып’ю я другую!
Трэцю за палоску
сваю дарагую.
 
А калі сьпяеш мне
ціха нашу песьню
і дасі мне вуснаў
сьпелыя чарэшні –
 
я за іх, за косы
у чырвонай стужцы,
аддам душу, сэрца
табе – Беларусцы!
 
Дык чакай, галубка, –
я прыйду, вярнуся!
Ні цябе, ні Краю
свайго не зракуся!
 
 
 
 
Майму сыночку
Павяду цябе, мілы мой сыну,
ў стары казачны край Крывічоў,
там дзе шырака Нёман раскінуў
стужку сінюю серад палёў.
 
Там, дзе пушчы калышуцца важна
ўсё чубамі дубоў векавых,
а курганы пасталі на стражы
нашай славы ў туманах сівых.
 
Між палеткаў ўсхвалёваных жытам
сёлы ў зелені тонуць вясной;
вокал людзі жывуць працавітай,
як адною, вялікай сям’ёй.
 
Дзе па гонях узорных нядзеляй
раскалышуцца зь вежаў званы
і вясёлае сонца расьсьцеле
залатыя ў палёх дываны.
 
Ды касулямі цудна пагладзіць
каляровыя хусткі дзяўчат,
што як стройныя мальвы ў прысадзе
палымнеюць на межах, блішчаць.
 
Павяду цябе, дзе ты радзіўся,
дзе свой першы убачыў дзянёк,
калі восеньню Край залаціўся,
праляталі дзесь гусі здалёк.
 
Помню – плакалі вербы у полі,
ліст чырвоны дарогі услаў,
а Край мілы начамі ў няволі
глуха зь ветрам асеньнім стагнаў.
 
Нашай мовай, як злом пагарджалі,
ды Краінаю нашай старой,
і сьціскалася сэрца ад жалю,
што расьцеш у няволі ліхой.
 
Але зь вестрамі воля гуляе,
шмат разносіць на крыльлях надзей, –
і таксама для нашага Краю
прыйдзе ясны, разіскраны дзень.
 
А тады павяду цябе, сыну,
ў родны Край на курганы дзядоў,
там, дзе шырака Нёман раскінуў
стужку сінюю серад палёў.
 
1941
 
 
 
 
Адказ
– Скажы, скуль ты, хлопча?
– Зь зямлі беларускай –
стуль, дзе льецца Нёман
мігатлівай стужкай.
 
Дзе лугі буйныя,
ураджайны землі,
дзе старыя вербы
ля гасьцінцаў дрэмлюць.
 
Дзе лясы як ў казцы, –
ўсё з дубоў адвечных;
дзе у нетры пушчаў
глянуць небясьпечна.
 
Я з краіны слаўнай,
з гарадоў прыгожых,
што ня зналі колісь
цьмы чужой, варожай.
 
Родны сьцяг наш горда
уздымаўся ў гору
ад балтыйскіх хваляў
аж па Чорна Мора!
 
Ў маім краі казкі,
сівыя курганы;
там зрадзілась песьня
вешчага Баяна.
 
Выпілі вякі ўжо
на’т зь Нямігі воду –
славу нашых продкаў
засланіла воддаль.
 
Але, ўсё-ж я горды
нашых сэрцаў сілай –
мы падымем славу
з курганоў-магілаў.
 
Бо мы хочам волі
горача і цьвёрда,
бо мы хочам славы
для Пагоні гордай!
 
1942
 
 
 
 
Князь Усяслаў Чарадзей
Сэрп-месяц на небе між хмараў брыдзе
срэдзь семені зор адзінокі;
вось быццам гуляе шчупак па вадзе,
ныраючы ў хвалях глыбокіх.
 
Арол гэтак ўзьбіўшысь пад воблакаў сінь,
магутны сваёй адзінотай,
аб шэрай нізіне забудзе зусім,
паднебным упіўшыся лётам.
 
У кіеўскім замку Ўсяслаў Чарадзей
змагаецца з духам бурлівым,
і ўздох гладзінёю калыша грудзей,
бы вецер дасьпелаю нівай.
 
Ён думаў ня можа цяжкіх ўгаманіць,
тугі сваёй цяжкай па краю;
і гордае князева сэрца баліць,
ды сон ад вачэй адлятае.
 
Зь вязьніцы сумнай на княжы пасад
яго ўвесь Кіеў паклікаў, –
ён, ўсё-ж, з панаваньня ні з волі ня рад –
ня хоча тэй чэсьці вялікай.
 
Мілейшыя сэрцу парогі свае,
пасад свой і тыя дружыны,
зь якімі хадзіў у цяжкія баі,
баронячы межы Айчыны.
 
Мілейшы той Полацкі край дарагі
і пушчы з пахучай жывіцай...
Нядаўна Нямігі ціхой берагі
крывёю зьліліся крывіцкай.
 
Там мужных ваяраў ляжаць чалясы –
хто-ж гоіць крывіцкія раны,
тады, калі князь, першы Полацку сын,
чужацкія носіць кайданы?
 
I хоць над Нямігу склака груганоў
няраз ўжо зьляталася ў госьці –
ўсё-ж князева сэрца начамі дамоў
ўсё клічуць байцоў сваіх косьці.
 
Ўжо цемень радзее, ўжо зоры ўцяклі
і зьнік бляды месяц за імі –
князь ўсё яшчэ чуе зямлі свае кліч
ды з думамі б’ецца цяжкімі.
 
Ён чуе, як рвецца Дзьвіна ў берагох,
бароў сваіх гоман адвечны,
ён чуе, як ў полацкіх гордых мурох
шуміць ўсхваляванае веча.
 
Цьвіце ужо неба, як тыя ляны,
і дзень ўжо над Кіевам сіні –
князь слухае сэрца – б’юць, звоняць званы
у полацкай роднай сьвятыні.
 
Нядарам казалі, што князь – чарадзей...
Хто-ж, духам прабіўшы прасторы,
у Кіеве чуў-бы, як звон свой гудзе,
хто б знаў, што ён сэрцу гавора?
 
Вялікае сэрца мець трэба ў грудзёх
і духу магутныя чары,
каб чуць, як у полацкіх гордых мурох
у звон сьвятой Зофіі ўдараць.
 
Агнём палымяным трэ’ край свой кахаць,
трэ’ вырасьці зь ніваў, загонаў,
каб славу, багацьце, ўсё кінуць, аддаць,
за кліч свайго роднага звона...
 
1941
 
 
 
 
Забэйдзе-Суміцкаму
Ты запеў нам песьню аб барох сасновых,
аб пахілых ў полі, сумных дзесяткох,
аб цудоўных межах зь цьветам васільковым,
што здаюцца часта на чужыне ў снох.
 
Ты запеў нам песьню аб бярозе белай,
як ў зялёнай хусьце стройная стаіць
і аб тым, як явар у начы нясьмела
аб сваім каханьні лістам шалясьціць.
 
Ды як ціха вецер лісьцямі зь бярозы
засыпае сумна незабыты сьлед,
што пакінуў кажны з нас там на дарозе,
як ішоў ды з хаты ў непрыхільны сьвет.
 
Аб радзімай вёсцы запяяў нам песьню,
матчыную песьню запяяў ня раз
і аб тым, як птушкі кажнае прадвесьне
прывітаньні з сэрца там нясуць ад нас.
 
Хай з тваёю песьняй, хай шляхом гусіным
размахнецца сэрца, ды ляціць туды,
дзе астаўся сьлед наш ў родных каляінах,
дзе мы пагублялі сьмех наш малады.
 
 
 
 
Новы Год
Новы Год ідзе крокам бадзёрым,
крокам звонкім, як сам маладым,
расьсьцілае надзеі узорныя,
гоіць крыўдаў і ранаў сьляды.
 
Ідзе стуль, дзе ў завеяных хатах
нас чакае сям’я за сталом,
каб з загубленым сынам ці братам
падзяліцца сямейным цяплом.
 
Ідзе стуль, вецер дзе у лазінах
па-за гурбамі сьнегу заціх;
на гасьцінцах дзе скрып палазіны
замірае у далях лясных.
 
Ідзе зь сьнегам засланых загонаў
Нёман сьпіць дзе пад лёду карой.
Хай-жа ў нашую чарку зазвоніць
на чужыне ды братняй рукой!
 
Хай нясе успаміны аб сёлах,
што у белай задуме ляжаць.
Прывітайма-ж яго мы вясёла,
каб ніводзін ня сьмеў сумаваць!
 
Новы Год ідзе крокам бадзёрым,
як заўсёды – зь бярэмам надзей.
Мо’ вясною палямі узорнымі
ў родны, вольны наш Край завядзе.
 
 
 
 
О, Краіна
О, Краіна шчасьця, родная матулька,
о, Краіна ясных, незабытых дзён!
На шырокім сьвеце не найду прытулку,
ня прывыкну сэрцам да чужых старон!
 
Тэхніка, культура, ды чыёсь багацьце,
не ўзварушаць сэрца маяго мацьней –
ў ім цьвітуць, красуюць нашы сенажаці,
ды калыша вецер клёнам весялей.
 
Вышынёю вежы быццам хмарам грозяць,
з камяню палацы задзіўляюць сьвет, –
мне мілей наш шэры камень пры дарозе,
дзе адпачывае пасівелы дзед.
 
Цудоўныя паркі, сеяныя травы,
ды шнуры даўгія стрыжаных алей...
Даражэйшы сэрцу лес наш кучаравы,
сьцежачкі ў полі цягнуцца мілей.
 
Летам сонца збожжа цудна пазалоціць,
закалыша вецер каласамі ніў,
засумуе бусел на пустым балоце,
быццам сваё шчасьце, лятучы, згубіў.
 
Ды чуваць, як песьня серабраным раньнем
паплыве па рэчцы з хвалямі вады...
Часам разальецца збуджаным каханьнем
або замяцеліць ўздымам маладым.
 
Брэшуць, што Ты зрэб’е носіш у нядзелю,
кажуць, што Ты носіш лапці на нагах...
Для мяне Ты грудзі палатном усьцеліш –
расьцьвіцеш калінай на буйных кустах.
 
Прыбярэшся ў зелень, краскамі заманіш,
ў восень ніжаш гусі ў тоненькі ланцуг,
то атуліш вочы вэлюмам туманаў,
быццам-бы дзяўчына едучы к вянцу.
 
Заварожыш Нёмнам, рэкамі сваімі,
засьмяесься ў сонцы збожжам залатым...
Закалыша сэрцам верным Тваё імя,
ціхаю малітвай, водгульлем сьвятым.
 
О, Краіна шчасьця, родная матулька,
о, Краіна ясных, незабытых дзён!
На шырокім сьвеце не найду прытулку,
ня прывыкну сэрцам да чужых старон!
 
1942
 
 
 
 
На чужыне
Як-бы добра ня жылося
нейдзе на чужыне –
будзе ўсё-ж шумець калосьсем
ў сэрцы Край наш сіні.
 
Будзе сьніцца раньнім сонцам,
што ўстае з пасьцелі
і на рэчках па старонцы
туманы кудзеліць.
 
Будзе пахнуць, як пакосы
скошаныя ўчора,
што блішчаць у раньніх росах
вытканым узорам.
 
Рэчак стужкай мігатлівай,
родным пабярэжжам,
васількамі нашых ніваў,
чабаром на межах.
 
Будзе клікаць, зваць начамі
песьняў адгалосам,
што гуляюць ды зь вятрамі
па даўгіх палосках.
 
Што сумуюць, ды за тымі,
хто ў далі ад Краю
успамінам аб Радзіме
сэрца пацяшае.
 
Будзе клікаць лес шумлівы,
стройныя паляны,
ды затужыць сіратліва
вецер на кургане.
 
Сэрцам матчыным Краіна,
серабраным жытам,
будзе зваць начамі сына
чарай недапітай...
 
1941
 
 
 
 
НА РОДНЫХ МЕЖАХ
Дзявочыя думкі
Не баюся парным летам
ў полі жыта жаць!
Там сінеюць межы цьветам,
ціха шчасьцем недапетым
травы шалясьцяць.
 
Не баюся рана, рана
сіні лён палоць!
Ўстане сонца з-за кургана –
засьмяюся, выйду, гляну
сонцу насупроць!
 
Не баюся грэсьці травы,
бегаць па расе,
хоць злы вецер, для забавы,
часта пасмам залацяным,
косы растрасе!
 
Люблю кужаль свой шырокі
ля ракі бяліць!
Там, дзе вербы гнуцца вокал,
прывядзе мой мілы сокал
коніка паіць...
 
Бягуць хвалі ранным раньнем,
серабром зьвіняць...
Колькі сіл дзявочых стане,
буду радасна, з каханьнем,
зь песьняй працаваць!
 
Ты-ж цьвіці, цьвіці, мой Краю,
макам на мяжы!
Я табе аддам, што маю, –
іншай радасьці ня знаю –
як цябе любіць!
 
 
 
 
Лён
То ня сонца пазалотай
пакацілась на загон,
то ня ўвосень ля балота
загарэўся пышны лён.
 
То ня косы распусьціла
сабе дзеўка па плячох,
то ня хвалямі густымі
льецца жыта у палёх.
 
То ня восень павуціньнем
аснавала, серабром, –
залатога лёну жменя
сыпле іскрамі кругом.
 
Пад рукамі маладзіцаў
лён ды зь песьнямі паплыў
мігатліваю крыніцай,
каласістай хваляй ніў.
 
Трэплюць, чэшуць на кудзелі,
скарб пушысты гладзяць свой,
каб пад сьнежныя мяцелі
прасьці сіваю зімой.
 
Ня раз месяц па дарозе
пройдзе ціха ля вакна.
ды, прысеўшы на бярозе,
вып’е ночку аж да дна.
 
А жанчыны аж да рана,
пад лучынавы агонь,
зь песьняй, думкай аб каханьні,
будуць тонкі прасьці лён.
 
1935
 
 
 
 
За прасьніцай
Калаўротак бурчыць сваю песьню
пасівелых, далёкіх нам дзён.
З пральлі пальцамі сьпевам ён песьціць
залацісты на прасьніцы лён.
 
Навіваецца нітка на шпулю
із пад рук уцякаючы ў міг.
Зь яе белыя будуць кашулі,
будзе тонкі, узорны ручнік.
 
Ды палотнаў сьцягі сьнегавыя
забялеюць на сонцы вясною,
зелень сьвежую цьвет як пакрые
і чаромуху ў вэлюм прыстрое.
 
Калі воблакам рожава-белым
ахінецца сад цьвету імглой,
а дзяўчына затужыць нясьмела
аб каханьні расьцьвіўшай вясной.
 
Сьнежна белыя будуць кашулі,
ды бялей за чаромухі бель,
за галоўку старое бабулі
і як яснага сонца пасьцель.
 
– Як полаз, як колас, як волас,
ты, унучанька, нітку прадзеш...
Вечарасі накш мы пралі колісь
пры лучыне, на верацяне...
 
Так бабулька хаця дакарае,
але радасьдь у твары гарыць,
бо ўнучкіна нітка такая,
што танчэйшай ня можа і быць.
 
Залаціцца кудзеля на прасьніцы,
гарыць сонца ў касе залатой.
Пра палотны, пра долю, пра шчасьце
плывуць думкі за ніткай даўгой.
 
1935
 
 
 
 
Бабулька
Прадзе нітку сівая бабулька...
Лён – так бела яе галава!
Быццам яснага сонца касулькі
пачалі дзень вясьняны снаваць.
 
Маршчын столькі ў задуманым твары –
каляінаў цяжкога жыцьця.
Вось як быццам-бы плуг той папары
баразнамі густымі пацяў.
 
Пахілілісь, сагнуліся плечы
і вялікім зрабіўся каптан, –
то гады так ў жыцьці чалавечым
на горб стройны заменьваюць стан.
 
Гэта доля сялянкі цяжкая,
часта сьлёзы няветлівым днём,
гэтак нізка стан гібкі згінаюць,
снуюць косы блядым серабром.
 
Толькі вочы глядзяць гэтак міла...
– Ці ж запраўды, бабулька, гады
толькі плечы табе пахілілі,
пакідаючы дух маладым?
 
Ці-ж жыцьця усялякага хвалі
толькі косаў туманную медзь
табе бельлю густой аснавалі,
пакідаючы сэрца гарэць?
 
Раскажы, колькі дзён ты на тыдзень
мусела бегчы прыгон адрабляць,
ды ўставаць пакуль сонейка ўзыдзе,
пакуль росы ўбяруць сенажаць.
 
Як у паншчыну ты гадавала
ды галубіла дзеці свае...
Казкі, песьні, што доля снавала
ў тыя дні, – сяньня мне запяі.
 
Пакажы мне дзявочую хусту,
андарак свой, што ткала тады,
і хвартух, дзе ад вышывак густа,
пояс, што насіў дзед малады.
 
Ды скажы, чаму нітка льняная
табе цудна на верацяне,
бы струна зіхаціць залатая, –
чаму гэтак ня дарыцца мне?
 
Адкажы мне, бабулька, таксама,
чаму ў вечар, як молішся ты,
дык твой твар ў валасоў белых раме
ціха зьзяе, як быццам сьвяты?..
 
1936
 
 
 
 
Дываны
Аснавала дзяўчына дываны,
аснавала сінія на зары.
 
Вечарамі, ранкамі будзе ткаць,
будзе толькі бёрдачка ляскатаць.
 
– Ніткаю сярэбранай на утку
ў зоры долю срэбную разатку.
 
Або вочы мілага – васількі.
Можа гусі выраю ля ракі.
 
Вытку мо’ вясёлкамі ў сіню-сінь
нашу долю горкую, як палын.
 
Вытку мо’ каліну, як цьвіла,
ці дарогу з выгану да сяла.
 
Можа, вытку рэчаньку ў трысьнягох,
ці вянок расквечаны на лугох.
 
Можа, жыта сьпелае, як стаіць,
сонца хвалі сьпеўныя серабрыць.
 
Або вытку сонейка – Родны Край,
шчасьлівую доленьку, ураджай.
 
Шчасьлівую доленьку, як у снох,
вытку ніткай тоненькай на краснох.
 
Пад сталёвым бёрдам ў ясны дзень
жыцьцё каляровае зацьвіце,
 
бо буду надзеямі звонка ткаць,
будзе толькі бёрдачка ляскатаць.
 
1936
 
 
 
 
Не зязюлька куе
Не зязюлька куе ля ракі –
тчэ дзяўчына сабе ручнікі.
Ранным раньнем ўсё стук, стук, стук, стук,
а чаўночак сьлізгаецца з рук.
 
Пралятай, чаўночак, пралятай,
струны нітак льняных закранай,
на іх песьню родную звані,
будзі ў сэрцы дзявочым агні.
 
Пралятай, чаўночак, пралятай,
ўзорам бель ручнікоў патыкай,
як на поля зялёных краснох
тчэ сам травень пахучай вясной,
 
Хай з-пад зграбнай дзявочай рукі
цьвітуць макі, чабор, васількі.
Хай красуюць, як з году у год
на шаўковістых Нёмна лугох.
 
Пралятай, чаўночак, пралятай...
Хлопча дзеўкі сваёй ня пытай,
каму зь песьняй ручнік яна тчэ,
бо стралою з-за кроснаў ўцячэ.
 
Пралятай, чаўночак, пралятай...
Калі свахі сьпякуць каравай,
тады зорка навокал глядзі –
ўбачыш ўзорны ручнік не адзін.
 
Пралятай, чаўночак, пралятай,
струны нітак льняных закранай,
тчы узорам ручнік і абрус
так чароўны, як ты, Беларусь!
 
1937
 
 
 
 
Мой лён і сны
Кволы лён мой напіўся расы, –
быццам з воблакаў сіні наліўся.
Буду ткаць дываны, паясы,
для таго, хто мне ў ночы прысьніўся...
 
Будзе кужаль за сьнег той бялей,
пояс ўзорны, як межанька наша;
пазірацімуць людзі ў сяле,
калі мілы яго падпаяша!..
 
Няхай, змыты дажджамі, расьце,
хай сінее у раньні імглістым
так высокі, як тое трысьцё,
як той шоўк, так мяккі, валакністы!
 
Мама кажа: – Ты зрэб’е аснуй! –
яно болей патрэбнае ў хаце.
А мне хочацца толькі вясну
ды палі свае родныя ткаці.
 
Кажа мама: – Вось сьвіткі няма! –
за сукно трэ’, дачушка, узяцца...
Ах, сукно вытча мама сама –
там-жа ўзорам палі ня ірдзяцца!
 
Вельмі шэрае тое сукно, –
я-ж хачу ткаць вясёлкі і краскі;
аснаваць так прадно за прадном,
каб дыван быў як родная казка!
 
Так цьвяцісты, як нашы лугі,
як палі з васільковаю грывай;
быццам Нёман шырокі, даўгі,
быццам хвалі яго мігатлівы.
 
Ты-ж расьці, валакністы мой лён...
Апалю цябе рожавым раньнем,
спраду, вытку, дзявочы свой сон,
аснаваны гарачым каханьнем!
 
Ўсё, што цешыць, і ўсё, што баліць,
на палотны узорам раскіну:
хвалі, краскі, калосьсе, палі –
ўсю красу наймілейшай Краіны!..
 
1937
 
 
 
 
Жнівом
Сонца гладзіць па белай кашулі
і цалуе ўсё плечы жняі.
Пахінулась калосьсе – быццам ветры нагнулі, –
ціха звоніць, чакае, струіць.
 
Заіскрылася сонца ў сярпе мігатлівым...
Над плячамі жняі ж цэлы дзень
узьлятае ўсё ветрам ўзьнятаю грывай
дасьпелага золата жмень.
 
Вечар. Танцуюць абняўшысь дзесяткі...
Ня ўцерпіў і вецер – падняўся, задуў...
Дзесь пад лесам на пожні, на гладкай,
млеюць цені вячэрніх задум.
 
Гладзіць вецер чало прапацеўшае,
то гуляе з кашуляй жняі,
песьціць вуснаў дасьпелых чарэшні,
дзесь адносячы песьню ў палі.
 
Плыве песьня цьвяцістым узорам,
дум дзявочых гарачай струёй,
калі сэрца разжаліцца зорам
і заплача балючай тугой.
 
Аж засьне і рассыплецца ў росах
ці задрэмле на хаты дзьвярох...
Месяц цені крывыя пакосіць
і пакоціцца сам на мурог.
 
1937
 
 
 
 
Песьня
Маці сына калыхала
у калысцы новай,
песьню ціхую пяяла,
быццам шум сасновы.
 
Ці то ветры навучылі
пяяць сумам скрытым,
як у полі гаманілі,
калыхалі жытам.
 
Ці то доля навучыла
сумна зацягаці,
ці то песьню з нотай мілай
адказала маці,
 
калі ў ноч, зімою, сьцюжай
дзіця калыхала
і на кроснах белы кужаль,
пяючы снавала;
 
калі тату небараку
ў маскалі забралі,
а у полі вецер плакаў,
вербы сумавалі;
 
як дачушку аддавала
замуж, ды далёка,
сьлёзы вышытым ўцірала
хвартухом шырокім.
 
Так снавалі песьню сумам,
тугой патыкалі,
ці жаночаю задумай,
ўсхваляванай дальлю.
 
1938
 
 
 
 
На начлезе
Вецер хвалі ўперад гоне, вербы гне,
ходзяць спутаныя коні ў тумане.
          Буланыя мае коні
          капытамі ціха звоняць
          ў сэрца мне.
 
Доўга, доўга ноччу цуднай я ня спаў, –
аганёк па полі блудны вандраваў...
          Доўга песьня салаўіна
          ня сьціхала між галінаў,
          сярод траў.
 
Доўга, доўга чуў дзявочы зь вёсак сьпеў,
аж пакуль рагаты месяц не самлеў...
          Пакуль хлопцы не паснулі,
          агонь ветры не раздулі,
          аж згарэў.
 
Ноч была як быццам казка сіняя...
Пакуль зоры не пагасьлі, думаў я,
          што, чым зоры праз галіны –
          чараўней глядзіць дзяўчына,
          ой, мая!..
 
Ходзяць коні, ходзяць ў раньнім тумане...
Ўстануць хлопцы ды дахаты пажанем.
          Вецер хвалі ўперад гоне,
          яны роднай песьняй звоняць
          ў сэрцы мне...
 
1938
 
 
 
 
Вясельле
Расьцьвіло ужо сьвежае раньне
і палі пазалотай блішчаць.
Пойдзем, коніку, пойдзем мы сяньня
сваю чорну палоску араць.
 
Ты напружыш сталёвыя сілы,
я-ж плуга ня пушчу з моцных рук; –
мы з табой баразёнкі ня змалім,
бо які-ж зь мяне быў-бы дзяцюк?
 
Ты паслухай, мой дружа: ў нядзелю
раскашней зелянеціме гай, –
будзем славіць маё мы вясельле!..
У суботу пякуць каравай...
 
Упляту ў тваю грыву багату
я чырвоную стужку, як жар!
На уздэчку дам кветку, як свату,
каб з уцехі вясёла іржаў.
 
Павядзеш ты к вянцу маладую,
а назад з вамі сяду ўжо я
і дзяўчыну сваю расцалую
ды за тое, што – жонка мая.
 
Шыю гібкую прыйдзецца стройна
і высока, як сокал, узьняць,
ды ляцець! – бо ўжо з хлебам і сольлю
нас бацькі будуць дома чакаць.
 
А за намі, прыбраныя ў зелень,
панаедуць другія вазы...
Разальецца гармонік вясельлем,
маім шчасьцем ў сяле задрыжыць.
 
1938
 
 
 
 
Над рэчкаю
Сонца ў чырвані акунулася,
Міхась коні вёў паіць вуліцай.
 
Неба полымем загарэлася,
рака золатам зіхацелася.
 
Цені з хвалямі абыймаліся,
бераг вольхамі кучаравіўся.
 
Ваду конікі пілі чыстую,
хвалі беглі ў даль сэрабрыстую,
 
плылі з думкамі дзецюковымі...
Коні стукалі ды падковамі.
 
Пілі конікі, напіваліся,
вочы хлопцавы недзе рваліся.
 
Луг ракой сьвяціў, званіў краскамі,
зьнекуль вечар плыў ціхай казкаю.
 
Вадой пырхалі коні сівыя,
павяваў буйной вецер грываю.
 
Ды як луг круты шыі выгнулі
і пайшлі, пайшлі травой-выганам.
 
Хвалі ўсё плылі сэрабраныя,
зьліты месяцам, ветрам гнаныя.
 
А Міхась стаяў, аб усім забыў,
толькі думкамі ды з вадою плыў.
 
У грудзёх жывей сэрца білася,
туга моцная прабудзілася
 
па дзявочых мо’, вочах-зораньках
ды па бровах, як крыльлі ворана.
 
Мо’ па косах, што сьвежай рутаю
пераплецены, сэрца спуталі.
 
Ды плылі, плылі думкі стужкаю,
мо’ над доляю беларускаю.
 
1939
 
 
 
 
Родная мова
Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы сэрцам ня чуем.
Мілагучнасьцю любых нам слоў,
быццам музыкай душы чаруеш.
 
Мы за вокнамі дзень залаты,
нашых рэкаў пявучыя хвалі,
роднай хаты сьвятыя куты
ў гэтай мове раз першы назвалі.
 
Мова наша – буйны цьветабой!
Пралілася ў ёй першая радасьць...
Словы матчыны сыпалісь ў ёй,
як лісточкі з адцьвіўшага саду.
 
Любай песьняй старою гучыш,
з-пад калыскі, з гадоў тых дзяціных,
салаўіным разьлівам ў начы,
звонам хваляў прыткой ручаіны.
 
З-пад вясковых прыветлівых стрэх
мілагучна зьвініш ад сьвітаньня;
бы дзявочы, рассыпчаты, сьмех,
быццам першае ў сэрцы каханьне!
 
Ты – вясною аквечаны луг,
шум дубровы магутны, пявучы;
непадайны сталёвы ланцуг,
што нам сэрцы крывіцкія лучыць!
 
Так балюча і гэтак даўно
стогне любы народ ў паняверцы;
ты адна толькі ясным прадном
нам снуесься празь нівы, праз сэрцы.
 
Сьвяты прадзедаў ты нам адказ,
якім слаўна ў харомах гудзела!
Ты, як неба, як сонца – для нас,
быццам наквецьцю сад заінелы.
 
Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы сэрцам ня чуем.
Мілагучнасьцю любых нам слоў,
быццам музыкай душы чаруеш.
 
1939
 
 
 
 
Нёмне
Гэй, Нёмне шырокі, як лён галубы,
мой дружа з гадоў тых дзяціных!
Вясёлы ля берага, срогі ў глыбі,
імклівы, ў бягу няупынны.
 
Праз срэбныя далі хвалюючых ніў
і зелень лугоў аксамітных
ты грудзі Краіне чароўна абвіў
шырокаю стужкай блакітнай.
 
Калі блісьнеш хвалі сталёвай луской –
ў дзявочых, ў вясёлкавых мроях
ты, быццам-бы рыцар, бы казачны вой
ў залезнай закованы зброі.
 
I часам здаецца, вось ў воблакаў сінь,
над соснаў стрункіх верхавіны,
бы волат, бы верны зямлі нашай сын,
на помач устане Краіне.
 
Крывіч ты дастойны, ты волаце наш,
калышаш народнае імя!
Ніякая недругаў нашых мана
нам сэрца твайго не адыме.
 
Калі ж задуменнасьць агорне лугі
і змораны вецер спачыне –
люструесься стройны, прыгожы, даўгі,
як вочы дзявочыя сіні.
 
Начамі тужліва на неба глядзіш
ў сарэбраным бляску крыштальным,
а месяц прыходзіць к табе маладзік
купацца ў запененых хвалях.
 
I сосны, і вольхі, і дуб к табе стаў
на бераг круты і адлогі.
Бы ў люстры бярозаў калышацца сталь,
б’е хваля аб белыя ногі.
 
Калі-ж спаўюць шыза цябе туманы,
бы пачасьсем бераг авеюць, –
народныя ціха калышаш ты сны,
ды вольныя думы лялееш.
 
Як дні безупынна імклівы твой бег;
жыцьцё – твае звонкія хвалі.
Народнаю песьняй калышам цябе,
як колісь дзяды калыхалі.
 
Гэй, Нёмне шырокі, як лён галубы!
Кроў сіняя любай Краіны!
Вясёлы ля берагу, строгі ў глыбі,
як вочы дзявочыя сіні!
 
1939
 
 
 
 
Нішто так ня міла
Нішто так ня міла, як хатні агонь,
што сэрца астылае грэе.
Нішто так ня міла, як родны загон,
што сам калісь хлебам засеяў.
 
Нішто так ня міла, як бацькавы кут,
як гул калаўроткаў у вечар;
як гоман вясёлы цапоў на таку,
як дзедава казка ля печы...
 
Нішто так ня міла, як песьні у нас,
як прадзедаў сівы абычай,
аквечаны ў покуці Божы абраз
і Маці Сьвятое аблічча.
 
Як мілы, вяёлы дыван на краснох,
што тчэ у задуме дзяўчына; –
румяняцца шчокі манлівай вясной,
а рукі – як бель палатнінаў!
 
Пагляне, а вочы – як возера дно! –
магло-б у іх сэрца ўтапіцца,
запутацца ў косы, што русым прадном
на плечы сплываюць крыніцай.
 
Нішто так ня міла, як шнур нашых хат,
гасьцінныя нашы парогі,
і вербы, што сталі зялёныя ў рад
ля стрункай, далёкай дарогі.
 
Нішто так ня міла, як сівы курган,
як славы мінулай ўспаміны;
калі не шкадуюць нам ворагі ран –
пацешаць ў цяжкую хвіліну.
 
Нішто так ня міла, як родны наш сьцяг,
як нашы дзядоўскія гоні;
нішто так няміла, як тое дзіця,
што сэрцам вітае Пагоню!
 
Нішто так ня міла, як чыны братоў,
ахвярным акрылены ўздымам;
нішто так ня міла, як моладзь ў радох,
як нашы байцы за Радзіму!
 
1938
 
 
 
 
Дзяды
Смалу і дзёгаць ў пушчах дабывалі
з старых, вякамі пачарнелых пнёў
і мёдам залацістым налівалі
рады гліняных, паленых збаноў.
 
Аружжа цьвёрдае кавалі сабе самі,
вастрылі стрэлы, нацягалі лук,
часамі быў аружжам толькі камень,
ці двое дужых, гартаваных рук.
 
І дзік, і лось, мядзьведзь – асілак буры,
пад сілай рук ня раз у лесе паў.
Цьвярдое ложа пакрывалі скуры,
кругом сплывалі зь дзераўляных лаў.
 
Як дуб магутныя, адважныя як зьверы,
адужалі ў лясох суровае жыцьцё.
Перад цяжкою, кованай сякерай
паганы вораг назаўсёды ўцёк.
 
Калі-ж дружынаю за стол дубовы селі
і кубкі пенным мёдам налілі –
ня зналі меры буйнаму вясельлю
сівыя продкі нашае зямлі.
 
А калі князь агнём раскідаў віці,
каб ісьці дружна Краю бараніць, –
каўшы кідалі зь мёдам залацістым,
каваць зялеза, ды смалу паліць.
 
Пад горды сьцяг зьбіраліся дружыны,
грудзямі-мурам ворага спаткаць,
нашчадкам імя слаўнае пакінуць,
ды родных пушчаў недругу ня даць.
 
Гэроям сыпаліся курганы-магілы.
Міналі славы поўныя вякі,
аж покуль вораг хітры не асіліў,
Крывіцкі род з-над Нёману ракі.
 
Ня ўзяў нам пушчаў, ветрам калыханых,
магутных замкаў, слаўных гарадоў,
і ня прысвоіў славы на курганах,
дзе тлеюць нашых попелы дзядоў.
 
I часта вецер ноччу на магіле
азьвецца стогнам волатаў сівых:
– Мы Край грудзьмі сваімі баранілі,
каб ўнук ў няволі, ў сораме заціх?
 
Каб нашы землі, нашы пушчы, рэкі,
чужак сваёй краінай называў,
ды слаўна племя мучыў сяньня зьдзекам
і нават мове волі не даваў?
 
Так стогнуць сэрцы волатаў магутных,
як, быццам, вецер жалем галасіў,
што расьце Крывія маладая ў путах
ды ўнук аб славе дзедавай забыў.
 
1935
 
 
 
 
Краіне
Ці за рокат гучных громаў,
што начамі б’юць,
ці то за страху з саломы
я цябе люблю?
 
Ці за сумную мо’ долю,
за дзяўчат красу,
ці за тыя ветры ў полі,
бунтам што гудуць?
 
Мо’ за тыя навальніцы
ў буйную вясну,
за лязо мо’ бліскавіцаў,
што па хмарах тнуць?
 
Ці за ўздым бунтарны Нёмну
ў скутых берагох,
за пярэкліч ноччу цёмнай
па старых шляхох?
 
Ці за бор, як расшуміцца,
гневам задрыжыць?
Ці за зоры-зараніцы,
што прыйдуць сьвяціць?
 
Ці за сэрцы, што аб грудзі
рытмам волі б’юць?
Ах: за што-ж цябе, мой цудзе,
як жыцьцё, люблю?
 
1936
 
 
 
 
Маці
То ня яснага сонца праменьні –
гэта вочы матулі мае...
Цяжкі сум мой у радасьць заменяць,
ціхі жар, што з-пад сэрца ёй б’е.
 
Думаў боль ня міне да магілы,
ўсё-ж ён нейдзе ў невараць ўцёк;
быццам срога ніколі ня біла
маю гордую голаў жыцьцё!..
 
Быццам бедаў ня бачыў за многа,
ня сустрэўся з крыніцамі зла,
быццам йшоў ўсё той яснай дарогай,
па якой маці сьвятам вяла.
 
I шукаю навокал, дзе пуга,
вось бы колісь малы пастушок...
Ўсё адкінуў – той жаль і нядугі, –
як жабрак свой дзіравы мяшок.
 
I пачуў я душой чалавека,
ўжо замёрзлай на сіверы ў лёд,
што дзіця я і маю апеку,
як калісьці у пяць маіх год.
 
Ды гарачае нешта па твары
нейдзе з сэрца майго пацякло...
Ад таго мо’, што недзе пад старасьць
я пачуў, як калісьці цяпло.
 
Маю голаў ўжо сьнег запарошыў...
Шмат пазнаў я ўсялякіх людзей,
мне давалі гасьціну і грошы –
але сэрца ня бачыў нідзе.
 
Вінаваты я быў, ці нявінны,
быў здаровы, ці хворы ляжаў,
ці калдобістай йшоў каляінай –
нікаму ня было мяне жаль!
 
Толькі тут зноў у зрубленай хаце,
дзе на прымастцы спаў пастушком,
асьвяціла душу маю маці
нейкім рожавым вечным агнём.
 
Не пайду больш у сівер-чужыну,
дзе ёсьць грошаў так многа, як сьлёз!
Родных ніваў сваіх не пакіну,
роднай маці і хаты, дзе рос!
 
Падзялюся адным, на’т, гарэшкам,
каб і сам апынуўся ў бядзе,
за вузорную ясную сьцежку,
па якой сэрца маці вядзе.
 
Ўсё, што ў сьвеце здабыць удалося,
што даведаўся ў краі чужым, –
ўсё аддам я пад гоман калосься
той зямельцы, дзе сэрцам ажыў!
 
1938
 
 
 
 
Калісьці
Плуг згарне для зярняці пасьцель,
ральлю мякка прыгладзяць баронкі,
ярына зашуміць, зацьвіце
на палетках радзімай старонкі.
 
Будуць нівы, лугі зіхацець,
слацца ўзорна-цьвяцістым абрусам...
Сіне, сіне наш лён зацьвіце,
быццам вочы ўдалых беларусак.
 
Я паволі па сьцежцы прайду,
каб нагой не стаптаць ні зярняці,
ні той бульбы ў зялёным раду,
ані траўкі буйной сенажаці
 
1938
 
 
 
 
ДЗЯВОЧАЕ СЭРЦА
Навучыла маці
Навучыла маці рожу замаўляці,
навучыла маці вогнік адліваць,
варагоў ўсялякай для спакою ў хаце,
а таёмны месяц навучыў кахаць.
 
Вугалькі наотлях кіну я на воду,
зь лёнам залацістым рожу я спалю,
зашапчу ціхонька ўсякую нягоду,
да зары урокі лёгка адальлю.
 
Але калі месяц блісьне із-за хмараў,
падсявае вецер зоры над зямлёй, –
абаўюць галоўку нязнаныя чары,
заварожаць сэрца, забяруць спакой.
 
Нагінае вецер кволыя галіны,
прасявае месяц бляды сьвет наскрось,
быццам-бы глядзелі вочы сакаліны,
быццам-бы міргалі ціха на кагось.
 
Расьпяяны вечар пацалуе губы,
раскалыша песьня майго сэрца звон,
толькі ціха вочы пэрлы-сьлёзы губяць –
чаму гэта вечар, чаму то ня ён...
 
Часта ясны месяц зоры пералічыць,
ціхі сон з чупрынаў дрэвы страхануць, –
мне-ж усё здаецца кволае аблічча,
не магу забыцца, не магу заснуць.
 
Навучыла маці рожу замаўляці,
навучыла маці вогнік адліваць,
варагоў ўсялякай для спакою ў хаце,
а таёмны месяц навучыў кахаць.
 
1936
 
 
 
 
Вецер вербаю калыша
Вецер вербаю калыша,
косы заплятае...
Чаму дзеўка з хаты выйшла
і каго чакае?
 
Косы доўгія уюцца
па плячах, па кволых;
думкі сумныя снуюцца
ночкай невясёлай.
 
Нейк ня цеша кудзелячка,
ні песьня дзявоцка,
а як прыйдзе нядзелячка –
заплаканы вочкі.
 
Вось у зоранькі пытае,
што блішчыць высока:
«Скажы, скажы, ты ня той мне,
дзе мой мілы сокал?
 
Павялі яго жаўнерам
да чужой краіны,
але я ніяк ня веру,
каб у полі згінуў».
 
«Ты ня плач, ня плач, галубка», –
зоранька гавора, –
«Пацалуюць твае губкі
залатыя зоры.
 
Пацалуе твае вочкі
стройны, ясны месяц,
калі зноў ты сумнаЙ ночкай
галованьку зьвесіш.
 
Бо твой мілы у палоне
зорачак нас просіць:
пацалуйце зоркі сёньня
губкі маёй Зосі.
 
Яшчэ месячыка просіць:
месячыку, браце, –
засьвяці у вочкі Зосі,
калі ляжа спаці,
 
і скажы, што я кахаю,
і што я ёй верны,
і што хутка мо’ да Краю
доля зноў нас верне.
 
Сьлёзы сам тады сцалую,
засьмяюцца вочкі,
макам цудным размалюю
дарагія шчочкі...»
 
Вецер вербаю калыша,
шуміць, абымае...
А далоў ізь сіняй вышы
зоры ападаюць.
 
1940
 
 
 
 
Было сьвята
Было сьвята, нядзеля,
ясна зоры гарэлі,
          пахла мятаю,
          дзе пад хатаю
хлопец зь дзеўкай сядзелі.
 
Нешта груша шумела,
нешта сэрца нясьмела
          аб каханьні тым,
          верным, маладым,
сказаць дзеўцы хацела.
 
Дзе-ж той сьмех дзецюковы?
Пагубляў быццам словы...
          Зоры зь месяцам
          цалаваліся-ж,
на’т ня знаючы мовы...
 
Паказалі паперу –
пайшоў хлопец ў жаўнеры...
          Неўгамоннае
          сэрца плакала,
бо хто-ж дзеўчыне верыць?
 
Было сьвята, нядзеля,
вокал стрэлы гудзелі...
          Лёг міленькі
          пад калінаю,
на зялёнай пасьцелі...
 
Было сьвята, нядзеля,
ў небе зоры ірдзелі...
          Ой, пыталася
          дзеўка ў ночанькі,
калі будзе вясельле?..
 
Многа нітак спрадзецца,
вёснаў шмат разаўецца, –
          ўсе-ж чакаціме
          дружка мілага
дзеўкі вернае сэрца.
 
1940
 
 
 
 
Вясна
Калыхала маці сына, каб заснуў,
і пяяла песьні, песьні пра вясну...
Будзе сын вялікі, будзе ён расьці,
будуць яму вёсны траўнямі цьвісьці.
Пойдзе ён дарогай, цьветам па лугох,
будзе яму шчасьце слаціся ля ног...
Расьці, сыну, хутка маці дум шляхом –
выляціш да зораў, вылеціш арлом!
 
Спадабаў той хлопец дзеўчыну-красу,
гаварылі разам ціха пра вясну...
– Калі рожа сіня зацьвіце ў саду –
да цябе, дзяўчына, ў сваты я прыйду...
Калі кране сэрца песьня салаўя –
будзеш ты, дзяўчына, будзеш ўжо мая!
 
Белым, белым цьветам груша зацьвіла...
салавей шчабеча ў гаі ля сяла...
Ня жджы сына, маці, – на блакітны мох
ён ў зялёным лесе ля сасонкі лёг!..
Ня шыкуй палотнаў, дзеўка, не прадзі –
глянь, які гаротны месяц-маладзік!
У зялёным лесе, на капцох ваяк
чырваньню крывавай расьцьвітае мак...
I скрыпіць, чамусьці, жаліцца сасна,
а навокал краскі, а кругом вясна...
 
1941
 
 
 
 
Адна
Сядзіць Зося на узгорку,
заплятае косы, чэша...
Ой, ня лі ты сьлёзаў горкіх
на нямонска пабярэжжа!
 
Ды ня шлі ты птушкі-сэрца
ў край далёкі, у нязнаны, –
цёмнай ноччу зь белай сьмерцю
павянчаўся твой каханы!
 
Ня шукай ў парыве верным
масца, сьледу, дзе твой мілы –
ўжо зямля таго ня верне,
што да сэрца прытуліла!
 
Для цябе ён нёс каралі,
але ў восень ночкай сіняй –
каб ня плакала ад жалю –
ён аддасьць і іх каліне!..
 
 
 
 
Дзяўчына
Заглядзеўся раз на дзяўчыну пан,
калі золатам сплылі на каптан,
 
сплылі хвалямі косы льняныя
на кашулю ёй палатняную,
 
як цьвілі вясной ясна вочанькі
ў полі сінімі васілёчкамі.
 
– Будзеш, дзеўчына, будзеш паняю,
са мной жыцімеш ў месьце каменным,
 
ды рукамі, як лебедзь, белымі
жаць ня будзеш больш жыта сьпелага,
 
рана росамі, мяжой-стужкаю,
больш ня пойдзеш ўжо разам з дружкамі.
 
Кінеш прасьці лён, нітку белую,
кінеш прасьніцу із кудзеляю.
 
I не станеш больш ты за кроснамі
патыкаць палёў сонца коскамі,
 
ані вечарам, ды задуманым,
не разжалішся песьняй сумнаю.
 
Кідай, дзеўчына, сіні Нёман свой,
кідай, дзеўчына, мілы край вясной.
 
Кідай родную хату бацькаву
і юргіні, што расьцьвітацімуць.
 
Забудзь вочы ты Міхасёвыя –
а багацьце дам, жыцьцё новае.
 
Будзеш ў месьце жыць, свае слугі мець,
ды ня будуць ўжо больш бары шумець.
 
Салавей цябе песьняй гучнаю
не разбудзе больш ў ноч пахучую...
 
Зь ветрам дзеравы абыймаліся,
нівы буйныя калыхаліся...
 
Толькі дзеўчыны сэрца вернае
ня хісталася, быццам дзерава.
 
Не пакінула ракі Нёману,
ні лясоў сівых зь ціхім гоманам.
 
Сяла роднага, Краю мілага,
каб быць паняю, не пакінула.
 
У сяле сваім песьняй, словамі
сэрца цешыла Міхасёвае.
 
1935
 
 
 
 
Дзявочае сэрца
У нязнаную дарогу, ў даль паехаў мілы...
Позна, позна цёмнай ночкай дзеўка варажыла...
 
Быццам думкай – ўзорам доўгі ручнічок снавала,
ды кашулю васількамі, шоўкам вышывала.
 
Казаў месяц рана зорам, што ў начы дзяўчына
пояс вышыты узорам сьлязьмі прамачыла...
 
Ўжо прыехаў з падарожжа, ўжо вярнуўся любы,
абяцаў ён жуковінку дзяўчыне да шлюбу.
 
– Што рабіла, дзяўчынанька, ці хоць сумавала?
Мо’ ў каморцы зачыніўшысь паясок снавала?
 
– Ой, не ткала паясочка, не зазнала суму –
праскакала цэлу ночку пад гармонік шумны!..
 
Прапяяла у кампаньні вечар васільковы,
прастаяла да сьвітаньня, ой, ды з хлопцам новым!
 
Мо’ дзяцюк дзяўчыне любай быў-бы і паверыў,
каб ня пояс ўзорна-сіні, што на стан прымераў.
 
Каб ня тыя васілёчкі, макі на кашулі,
што цьвілі з-пад рук дзявочых, калі ўсе паснулі...
 
1937
 
 
 
 
Доля
Ў сажалцы дзяўчына
лянок намачыла,
у вадзе празора
каб адмок,
 
каб быў залацісты,
каб быў валакністы,
каб быў ясны, мяккі,
быццам шоўк.
 
Каб пралася нітка
ды палотны выткаць,
разгарнуць вясною,
быццам сьцяг,
 
над ракою сіняй,
ды напоўніць скрыню
палатном дзявочым
на пасаг.
 
Над вадой аб мілым
дзеўка варажыла,
рассыпала краскі
на прыпол...
 
Красачкі варожаць,
што будзе прыгожы,
будзе стройны, сьмелы,
бы сакол,
 
да ўсялякай працы –
і загон гараці,
і сячы пакосы,
і кахаць...
 
– Будзеш гаспадыняй,
вечарам-жа сінім
будзеце аб шчырасьці
размаўляць...
 
 
 
 
З ВОЛЬНАКРЫЛЫМ ВЕТРАМ
Толькі вецер
Толькі вецер рана зелень дрэў парухаў –
падняліся хмары лёгкім, сінім пухам,
паплылі як гусі адны за другою
і маё дзесь сэрца аднясьлі з сабою.
 
Па шляху блакітным з хмараў караванам,
з вольнакрылым ветрам паплыло ў нязнана.
Днём нейдзе ля сонца кружа ў паднябесьсі,
а ў начы лялее неразгадны месяц.
 
Быццам тая пэрлаў залатая россып,
ўжо апалі хмары ў мігатлівых росах,
ды на родным, пэўна, згасьлі дзесь загоне...
Толькі вецер сэрца безупынна гоне.
 
1938
 
 
 
 
Раніца
Раньне зьвейнай аснована ймглою,
такой лёгкай, як быццам-бы ўздох.
Крывічанка на’т зграбнай рукою
так палотнаў ня тчэ на краснох!
 
На’т тым лёнам сваім залацістым
не патрапіць так лёгка снаваць,
як той вэлюм празора-імглісты,
што авеяў кругом сенажаць...
 
Ўстае сонца, румянае сонца,
твар ў вазёрнай памыла вадзе,
ды глядзіць, як дзяцюк, праз аконца,
сінявокі, разбуджаны дзень.
 
Раса сыплецца блескам на краскі,
зазьвінелі на межах званкі;
ў вадказ словы дасьпелае ласкі
шле ім колас зярніста-стрункі.
 
Гэта раньне, румянае раньне!
Згорне вецер імглу на палёх,
блісьне сонца, як тое каханьне,
прытаіўшысь ў дзявочых ачох!..
 
1939
 
 
 
 
Захад
У полымі сонца кацілась на захад,
на лысай іржышча лягло галаве...
Вось быццам хто сьмелым мастацкім размахам
чырвань распырскаў на палатне.
 
Быццам бітва у далі празьвінела...
Можа ўстае паднявольны народ
й крывёю разьлітай сыноў сваіх сьмелых
купляе вызвольных Краіне усход.
 
Ня гіне ўсё чырвань... Палае прыгожа...
Але ня кроў там ужо, не агні, –
гэта шырока раскінулі рожы
нейдзе дзяўчаты гэроям вайны.
 
Паволі ўсё гіне. Ноч наступае.
За ценем бяз шолаху сунецца цень...
Ды ноч міне скора. Па ёй расьсьвітае
ясны, скупаны у чырвані дзень.
 
 
 
 
Вечар
Апаў вечар вакол ціхім сумам,
таямніцай непрагляднай лёг,
апаў хмарай невясёлых думаў,
разаслаўся густа на палёх.
 
Аж праснуўся вецер над палянай,
дзьмухнуў ў попел звогненаму дню,
залунаў дзесь месяц над курганам,
зоры бліснулі бы сугаркі агню.
 
Мякка гнуцца грывістыя травы...
Нехта хаты ціха усыпіў.
Вецер стада хмараў кучаравых
ўдаль пагнаў па небе, па стэпі.
 
Ноч ў дрымоце клоніцца і вяне,
бы падкошаная ў маі сенажаць,
толькі зоры збуджаным каханьнем,
толькі зоры дзіўныя гараць.
 
 
 
 
Вячэрняя містэрыя
Золатам тканаю рызаю
пакрылася неба бяз хмар.
Пацеркі зораў нанізаных
вечар кладзе на алтар.
 
Месяц-сьвяшчэньнік кадзіць
бліскучым семенем зор.
Сыплюцца зоры ў прысадзе
на белы дзяўчыны прыпол.
 
Б’юць цені паклоны набожныя,
а распушчаны косы бяроз
атулілі крыжы прыдарожныя,
дзервяны дзе церпіць Хрыстос.
 
Май. Гараць сьвечкі нарцызаў,
гараць сэрцы каханьня агнём.
Блішчыць неба царкоўнаю рызаю,
кадзіць зорамі месяц кругом.
 
1935
 
 
 
 
Ноч
Ноч трапечацца, і зоры ярка сьвецяць,
вецер песьню запяяў цішэй...
У блядых руках душу калыша месяц
хістаючыся сярод заснулых дрэў.
 
Снуюцца цені па пустой дарозе,
на небе Воз адкінуў дышаль ў бок
і хмараў сініх болей не развозіць;
туман запутаўся над рэчкай у кустох.
 
То тонкі вэлюм свой разьвесілі русалкі,
каб вольна рытмам лебядзіных цел
прыйсьці, кружыцца, праляцець маланкай,
аж пакуль птушкі не празвоняць дзень.
 
Пакуль аж вецер зораў не патушыць,
расою не зазвоніць лісьце лебяды,
з рук месяц пусьціць разьпяяну душу,
ноч ногі мокрыя ня выцягне з вады.
 
1935
 
 
 
 
На струнах Вэлтавы
На струнах хваль іграе вецер
сымфоню ночы зорнае.
Над глыбінёю дуб разьвесіў
свой цень, бы крыльлі ворана.
            Ў сетку зь ясных зор
            прыбралася ноч,
            ў казачны ўбор,
            залацісты дождж.
 
Брыльянтамі на дно апалі,
апалі зоры семенем.
Калышуць іх на грыве хвалі,
а ноч іх сыпле жменямі.
            Нават не маглі-б
            вочы распазнаць –
            ці прад намі глыб,
            ці нябёсаў гладзь.
 
Пад намі неба ўсхваляванае,
пад намі неба зорнае,
сінь золатам размаляваная,
і тут, і там узорная.
            Верыць-бы кожны мог,
            быццам стаўся цуд,
            быццам неба тут
            сьцелецца ля ног.
 
1939
 
 
 
 
Панад Вэлтаваю
Панад Вэлтаваю
лётаюць, плаваюць
кагаркі ў сонечны дзень.
Стадамі белымі,
быццам вясельнымі,
маняць на бераг людзей.
 
Стрэламі лётнымі,
ветру ўзьлётамі
шыбаюць ў сінюю высь.
Неба-ж пад дотыкам
стройнае ґотыкі,
праскае неба дрыжыць.
 
Быццам-бы топалі
ў сонцам растоплена
нашае неба глядзяць.
Цьветам-жа ў маі
сады засыпаюць
сіняга Нёману гладзь.
 
Так над Вэлтаваю
кружаць то плаваюць
кагарак белых віры...
З чарам пагоднага-ж
неба, як роднага,
ўспомніцца Нёман стары.
 
 
 
 
На могілках
Вецер ціха падняўся з палёў
з родным пахам расьцьвіўшае ліпы;
белы ўскружаны рой матылькоў –
кволы мак маё сэрца асыпаў.
 
Цішыня, цішыня над душой...
Быццам раньнем блядым і нясьмелым
нейк атуліцца рэчка імглой,
лёгкім воблакам, вэлюмам белым.
 
Ды таёмны, як быццам з магіл,
што чыесьці тут тайны укрылі,
ціхі жаль над крыжамі застыў,
ціхі ўздох на забытай магіле.
 
Белы ўскружаны рой матылькоў –
мак расьцьвіўшы мне сэрца асыпаў...
ці рамонак з далёкіх палёў,
можа мёдам пахучая ліпа...
 
1942
 
 
 
 
Сыплюцца сьлёзы
Сыплюцца сьлёзы зь бялявай бярозы,
вецер тужліва гучыць.
Цёмныя хмары ўсё бураю грозяць,
бурай страшною ў начы.
 
Ой, ня стрымае ліхой навальніцы
стрункі дзявочы камель!
Можа, як вогненны вуж, бліскавіца
спаліць прыгожую бель.
 
Можа наклоніць віхор іх бязьлітасна
быццам на хвалі трысьцё,
й доўгімі косамі, кволымі лісьцямі,
пыл на шляху замяце.
 
Можа удара нястрымана крыльлямі,
нізка на землю сагне,
аж трэснуць, як сэрца часамі нясільнае,
як крануты струны мацьней.
 
Звоняць празорыя сьлёзы бярозаў
у ветры, што жалем гучыць.
Цёмныя хмары ўсё бураю грозяць,
бурай страшною ў начы.
 
1941
 
 
 
 
Места
Крыецца дзень за дамы, за бэтоны,
па вуліцах здрадліва цені паўзуць,
згінаюцца, ломяцца п’яныя сонна,
за хмарнае ночы сумнейшыя цьму.
 
Месяц ня выйшаў з палацаў туманных,
на пасад свой узорны таемна ня сеў,
таму так на вуліцах сумна заспаных
пад хворага ветру хвальшывы напеў.
 
Душа, як той птах, нейдзе ў даль адлятае,
крыльлямі ўсё б’ецца аб сьцены дамоў,
крывавіць, бясьсільна назад ападае,
каб выляцець заўтра на спробу ізноў.
 
Неба – як быццам той твар пачарнелы,
работніка з фабрыкі шэры каптан, –
цеменьню сыпне на сьнег колісь белы,
пакуль яшчэ горад яго не стаптаў.
 
А дзесьці на родных бязьмежных прасторах
сьнег пышны бялейшай пасьцельлю ляжыць,
а вецер бы роднаю мовай гавора
калышучы ў полі ціхія крыжы.
 
Сьліской каляінай іскрыцца дарога,
ў сярэбраным інею вербы стаяць,
ды зорак на небе здаецца так многа,
а ўсе яны радасна так мігацяць.
 
I цесны, як клетка птушыная, горад,
а сэрца лапоча бы крыльлямі птах, –
ўсё рвецца туды, да радзімых прастораў,
дзе іскрыцца ў зорах засьнежаны шлях.
 
1940
 
 
 
 
Зімою
Цёпла, міла каля печы –
дровы дзед прывёз.
За вакном зімовы вечар
і трашчыць мароз.
 
Ў заінелы белы вэлюм
ўбралася зіма;
а у сэрцы зьледзянелым
літасьці няма.
 
Ні агонь тых зораў ў небе,
ані той каптан
на плячох з старога зрэб’я
не сагрэюць там.
 
Толькі вецер сьнегам сее,
злы мароз трашчыць;
і тужлівая завея
жаліцца ў начы.
 
Толькі сэрца шчыміць сьцюжай...
Занясло парог.
Нехта белы, сьнежны кужаль
сьцеле па палёх.
 
Часам звончык адазьвецца
сам сярод палёў,
то вясёла расьсьмяецца,
то замоўкне зноў.
 
Мо’ ўжо трапіў падарожны
недзе ў цёплы кут?
А мо’ гэта ў бездарожжы
сані водзе блуд?
 
I заместа да сялібаў,
на прабіты сьлед,
сані штось па зьмерзлай скібе
цягне нейдзе ў сьвет.
 
Сьвятло міргае у далі...
Хатні аганёк?..
Можа йзноў мана якая?
Можа люты воўк?
 
Сыпнуў вецер сьнег з прыполу,
ўзьняўся йзноў круціць.
Дакучае страшны холад...
Сьледу не знайсьці...
 
Дзе-ж агонь, ты, дзе ля печы
ветлівы папас?
Дзе-ж вы, брацьці, што сардэчна
ў ноч чакалі нас?
 
Дзе-ж ты, родная хаціна
з роднаю сям’ёй?
Абагрэй блуднога сына
сьцюжнаю парой...
 
1940
 
 
 
 
Мяцеліца
Па палёх ды па загонах,
      па аселіцах,
ой, сівая йдзе, гуляе
      к нам мяцеліца.
 
Туманамі сьнег пушаны
      ўсё кудзеліцца,
па дарогах, ля парогаў,
      мякка сьцелецца.
 
То жаночым жалем звонкім
      разгалосіцца,
то аб шыбы б’е вузкія,
      ў хату просіцца.
 
То вясёла адазьвецца
      расьпяяная,
заве, маніць з сабой сэрца
      ў даль нязнаную.
 
Пяе песьню, зацягае
      ўсё тужлівую,
чэша вецер, заплятае
      косы сівыя.
 
Сьцеле бурай, засыпае
      сьлед завеяны
матылькамі, бы у маі,
      сьнегам сеяным.
 
Наракае, плача, тужыць
      ноччу цёмнаю,
б’е у вокны, злосна будзіць
      вёску сонную.
 
Ой, скрыпяць, скрыпяць бярозы,
      нагінаюцца,
перад крыжам, пры дарозе,
      быццам каюцца.
 
Мо’ за вёсны з маем тыя
      расьпяяныя,
мо’ за песьні маладыя,
      за вясьняныя.
 
Мо’ за шэпты той мяцелі,
      ой, нязнаныя,
за пяшчоты зь ветрам кволым,
      ды за п’яныя.
 
 
 
 
Вясна
Трэсьне лёд пад напорам вады,
раскаваныя рэкі, крыніцы
зашумяць, быццам сьмех малады,
што ня можа, ня хоча спыніцца.
 
Птах ўзьляціць на спатканьне вясны,
размахнецца ў блакіце крыламі,
ўскружыць голаву запах сасны,
быццам хмель яе кружыць часамі.
 
Сонца сыпне касулькі шчырэй,
вецер вып’е ваду з каляінаў,
разаўецца сьцяг доўгі гусей –
сьцяг вясны маладой над Краінай!
 
Зашумяць на гары ручайкі
бы бурлівае сэрца паэты,
праб’юць панцыр зімовы пучкі,
стрэльнуць лісьцямі, казачным цьветам.
 
О, вясьняны, нястрыманы бег!
Сонца люба, ласкава так грэе...
Столькі сілы жывой у табе,
столькі ясных, узорных надзеяў!
 
1940
 
 
 
 
Лятуць гусі
Лятуць гусі, лятуць шнурам,
      бы вясьняны сьцяг,
праз туманы хмараў бурых,
      ў непагоду, празь віхуру,
              дзе радзімы шлях.
 
Лятуць гусі, лятуць дружна,
      вернай грамадой,
па тым Краю сэрцам тужаць,
      дзе дзяўчаты белы кужаль
              сьцеляць над ракой.
 
Сіні шлях вачыма мераць,
      рэжуць стальлю крыл,
і глыбока, цьвёрда вераць,
      што убачыць родны бераг
              стане, стане сіл.
 
Лятуць гусі ў Край Радзімы
      бы вясна ляціць!
Ўжо забыліся пра зіму –
      будуць днямі маладымі
              сабе гнёзды віць.
 
Панад Нёмна шляхам водным
      вольна пралятаць,
у палёх, лясох свабодных
      свае дзеці ў Краю Родным
              будуць гадаваць.
 
1941
 
 
 
 
АКОРДЫ ВОСЕНІ
Нейк сумна
Нейк сумна дождж асеньні звоніць
аб сэрца шротам алавяным,
ды зь ветрам дужаюцца клёны,
і кружыць блудна ліст сарваны.
 
I сумна дзень асеньні плача,
ды жаласна на небасхіле
нейк хмары торбаю жабрачай,
як ворана, павісьлі крыльлі.
 
Кудлатай, ўзьвіхранай кудзеляй,
жыцьцём абманутым, суровым,
апалі неяк безнадзейна
на душу стадам гругановым.
 
1941
 
 
 
 
Танцуе дождж
Танцуе дождж па дахах камяніцаў,
танцуе дождж па лысіне брукоў;
з дамоў замурзаных вада сьлязьмі струіцца,
ў рынштоках пеніцца каскадам брудных слоў.
 
Па вуліцах снуюцца парасоны
і людзі корчацца, змалелыя і так,
а у вачох заплесьненых і сонных
блішчыць аднолькавы сьлізкі каменны шлях.
 
Ніколі, быццам. тут ня зьзяла сонца,
вясною на’т ня лашчыла ачэй,
і быццам хмары зрэбныя бязконца
ўсё гасяць радасьць, тушаць блеск надзей.
 
Танцуе дождж па дахах камяніцаў,
задорна-звонкі выбівае рытм...
Вачыма хочацца празь цяжасьць хмар прабіцца,
дарогу сонцу яснаму раскрыць.
 
1942
 
 
 
 
Астры
Расьцьвілі ужо астры на градах,
ліст на дрэвах, бы мак той, адцьвіў;
так хацелася-б верыць у радасьць,
калі-б вецер так сумна ня ныў.
 
Каб ня плакаў даўгімі начамі
неабнятай тугой за акном,
цьветам мо’ расьцьвілі-б кучаравым
астры белыя ў сэрцы маём.
 
Можа ў восені дні залатыя
красавалі-б у сэрцы вясной,
пакуль раніцы нам ледзяныя
ня прыгоне тут сівер з сабой.
 
Так цьвітуць, цьвітуць белыя астры,
ды чаруюць на градах да сьлёз,
душу толькі, як быццам-бы ястраб,
да ніў родных навекі аднёс.
 
1942
 
 
 
 
Хрызантэмы
За вокнамі вецер ў густую б’е цемень,
згасіў на’т у сэрцы гарачым агні –
і толькі галоўкі блядых хрызантэмаў
у вазе крыштальнай красуюць адны...
 
Клён, што учора ў саду залаціўся –
сяньня ад сьлёзаў асеньніх замок;
сарванае ветрам узорнае лісьце
ціха ляжыць, як магільны вянок.
 
З восеньню шэрай змагацца дарэмна –
згасіць усё, на’т вясьняныя сны;
толькі галоўкі блядых хрызантэмаў
сумнае сэрца ўцішаюць адны...
 
1942
 
 
 
 
Ня суніме
Ня суніме мне вечар асеньні
сэрца ветраў разжаляных хорам,
не пакрэпяць то-ж яркай надзеяй
і высока-халодныя зоры.
 
Не разьясьняць душы успаміны
агнёў сумным днём дагарэўшых,
ані днямі асеньнімі, сінімі
край няродны мяне не пацешыць,
 
так, як вербы над роднаю рэчкай,
цуднай зелені буйныя хвалі
або вецер у полі сустрэчны,
сосны шумам сваім пацяшалі.
 
Сяньня-ж лісьцем сарваным ізь дзерава,
ад ніў доля далей ўсё-адносіць,
усё гоніць загонамі шэрымі
чужым краем ў плакучую восень.
 
1941
 
 
 
 
Сыплецца лісьце
Сыплецца лісьце ў парках асумелых
і гарыць як золата, быццам медзь ці жар.
Сонца гладзіць сьцежкі косамі нясьмела
поглядам астыўшым з-за алавяных хмар.
 
Кляны маляваныя вецер абтрасае
ды калыша лісьце, недзе ўдаль нясе,
бы ужо забытым даўно ў садзе маем
сьнегу цьветам белым сыпаў па расе.
 
Жураўлі-жа клінам ўбіліся у неба
і вісяць на хмарах тонкім ланцужком.
Быццам нехта сыпнуў пацеркі на зрэб’е,
ці разьвесіў пэрлы чорныя кругом.
 
Плывуць за лес хмары сьпененыя лётам,
нізка ападаюць волавам цяжкім.
Вецер-жа чырвонай сьцеле пазалотай,
песьню суму лісьцем шалясьціць сухім.
 
1940
 
 
 
 
Пакінь, пакінь вецер
Пакінь, пакінь, вецер, сумна абтрасаці
калярова лісьце з маляваных дрэў,
ды нясьці на крыльлях золата-багацьце,
каб пад сумны ў полі разаслаць напеў.
 
Ці табе няшкода вопратак узорных,
ці табе няшкода залатой красы,
што шуміць, шапоча, быццам на разорах
гаманілі сьпеўна летам каласы.
 
Ці табе няшкода тонкім павуціньнем
бадылі сухія серабром снаваць,
жураўлёў крылатых, ў даль што адляцелі,
на ліхой чужыне сэрцам сумаваць?
 
Ой, ня жалься, вецер, не сьцялі тугою,
бачыш – пасумнелі родныя палі,
пагублялі дрэвы лісьце над ракою,
адлятаюць, тужаць сэрцам жураўлі.
 
1941
 
 
 
 
Малюе восень
Малюе восень лісьце акварэльлю,
ды круціць ветрам каляровы рой,
чырвоны тон пераплятае зелень,
красуюць дрэвы ў ткані залатой.
 
I вопратка янтарная бярозы
чамусьці шоўкам стала шалясьцець.
Каліна вабіць пацеркамі ў лозах,
ды льецца зь ветрам на паляны медзь.
 
Красуюць дрэвы, быццам маладзіцы
вялікім сьвятам стройныя стаяць,
ды лёнам косаў лісьце залаціцца,
а шчокі макам пышныя гараць.
 
I песьціць сонца залатую восень,
ў багацьці хварбаў іскрыцца агнём,
аж пакуль вецер буйны не пазносіць
і не расьсьцеле лісьцямі кругом.
 
Не пазрывае вопраткі з каліны,
ператыканай ніткай залатой
і пацерак каралевых ня скіне,
ды не пагубіць сумна над ракой.
 
1942
 
 
 
 
Залаціста ўсьмяхаюцца далі
Залаціста ўсьмяхаюцца далі,
сонца іскрыцца, быццам пажар;
клён навешаў на грудзі мэдаляў,
як заслужаны ў боі ваяр.
 
Нехта ўзорную хусту ускінуў
на бярозку, як белы той дух;
над вадой сінявокай каліна
апранула узорны хвартух.
 
Зь ясных лісьцяў дыван на даліне,
вось-бы краска ля краскі расьце;
гэткі толькі раскіне дзяўчына
калі мілых чакае гасьцей.
 
Бы агонь сярод сумнага поля,
быццам сонца на шэрай страсе,
бы спакіў той хімэрнае далі, –
дагарае так восень ў красе.
 
1940
 
 
 
 
Восень
Бы нязжатае калосьсе, бы ўдава,
пачала ля вокан восень сумаваць.
 
Гай, што гаманіў калісьці, сумна змоўк;
паразносіў вецер лісьце – ясны шоўк.
 
Паразносіў на’т з галінкаў тую медзь, –
ўжо ня будзе больш каліна шалясьцець...
 
Замахалі птушкі крыльлямі: «Бывай!
Цяжка нам цябе пакінуць, мілы край!
 
Выглядай шляхом паднебным – вернемся,
долю лепшую табе мы прынясем!..»
 
1942
 
 
 
 
Гэй з-пад рук
Гэй з-пад рук тых, з-пад дзявочых, ды з-пад церніцаў,
восень сыплецца на землю церняцьцю,
 
ў даль шляхамі цягнецца гусінымі,
дагарае па садах юргінямі.
 
Разьвіталісь, замахалі птушкі крыльлямі...
Туманы разьвесіў вецер вокал мілямі.
 
З-пад кудзеляў, ніткай шэрай аж да раніцы,
доўга вечар, доўга ночка ў восень цягнецца.
 
Аб былым таёмным, страшным, аб няведамым,
доўга, доўга ня сьціхае казкай дзедавай.
 
Плача вецер неўгамонны дзесь за вокнамі –
дзе падзецца чалавеку адзінокаму,
 
што ня мае долі, шчасьця, нават іскрачкі,
што ня мае ў цэлым сьвеце сэрца блізкага?..
 
1942
 
 
 
 
Калі вецер
Калі вецер асеньні часамі
пачне біцца аб цьвёрды бэтон,
нейдзе рвацца буйнымі крыламі –
раскалышыцца сэрца як звон.
 
Ды празь сьцены дамоў камяныя
і праз стрэхаў іржавую медзь,
ўбачыш сэрцам прасторы іныя,
дзе якраз пачало сутунець.
 
Быццам едзеш дамоў па дарозе,
коні звонка капытамі тнуць,
бляды месяц апёршысь на розе
сьвеціць тухлай лятарняй у цьму.
 
Толькі пырскаюць борздыя коні
ды чужое міргае акно,
сумны вецер расказвае стогнам,
што сям’і ўжо няма тут даўно.
 
Быццам птушкі далёка у вырай
адлятаюць прад сівай зімой, –
на прасторы ліхое Сібіры
завязьлі іх усіх грамадой.
 
Але птушкі вясною свабодна
прылятуць яшчэ ў белы наш сад,
толькі тыя, зь Сібіры халоднай,
ўжо ня вернуцца ў вёскі назад...
 
 
 
 
Вышыла восень
Вышыла восень, вышыла ўзорам,
золатам, чырваньню, на’т янтаром,
колісь зялёныя дрэваў уборы,
рассыпалісь гусі ў паднеб’і шнуром.
 
Няма ўжо палудняў мядовае сьпекі,
ня коціцца звонка рагочучы гром,
вясьняныя буры заціхлі далёка, –
у золаце сумна ўсё вяне кругом.
 
Ня плач, каб разьбіла на’т сэрца і грудзі,
яно ня прыкліча зараньня вясны –
у сухой пазалоце жыцьця ўжо ня збудзіць
шапочучы вецер ў разлогах лясных...
 
Ня плач! Сум туманны, асеньні быць мусіць, –
няхай крылун-сэрца табе не баліць,
вось заўтра ўжо воблакаў шэрыя гусі
пасыплюць сьнег-пер’і на грудзі зямлі.
 
Калісь гэрой-сонца адвойстрыць праменьні
і стане з марозам траскучым у бой,
Крыштальнага лёду цьвярдыя каменьні
сплывуць невясёла мутною вадой.
 
Жыцьцё адазьвецца з-пад белай пасьцелі,
марозную зіму парве бураном.
Заместа тужлівай, суровай мяцелі –
пакоціцца звонкай надзеяю гром.
 
Ня плач, калі восень ўдавою заводзіць,
зіма калі рэкі марозіць да дна! –
Суровасьць дзён шэрых прыдзе нагародзіць
наперадзе з сонцам-гэроям вясна!
 
1941
 
 
 
 
ДУМЫ
Думы мае, думы
Думы мае, думы, раненыя крыльлі!
Вырасьлі ў няволі вы пад стогн братоў...
Путы вам цьвярдыя ўзьлёту баранілі,
не давалі зьліцца зь песьняй курганоў...
 
Шум дуброў тутэйшых вас паіў надзеяй,
гартавала сэрца цьвёрдая зіма;
срэбнакрылы Нёман на грудзёх лялеяў,
расьпяяны вецер ў неба падымаў...
 
Думы мае, думы, калыхаў вас сівер,
гадаваў вас смольны, пачарнелы зруб;
рваліся вы ў неба агнялётным ўзрывам,
каб пад нашы стрэхі прыманіць зару!
 
Думы, мае думы! Шапацеў вам вечар,
бэзавы галіны клікалі акном;
пад мільёнам зораў, мігатлівых сьвечак,
старажыў вам месяц неспакойны сон.
 
Вас вітала сонца залатых палудняў,
каласы цяжкія цалавалі ў твар;
вы-ж плылі, ляцелі за агнём тым блудным,
каб яго разьдзьмухаць ў несьмяротны жар!..
 
Калі стройны травень зелянеў на полі,
кучаравіў дрэвы, маляваў сады, –
места сноў дзявочых, лепш з курганаў волю
разбудзіць хацелі віхрам маладым!
 
Калі восень лісьце ясна залаціла,
жураўлі вам слалі воклікі з гары, –
вы на сьвежых сумна плакалі магілах,
што насыпаў ў краі вораг без пары.
 
Вам пяялі ў ночы стрункія бярозы
аб руках адважных, скутых ланцугом;
гэты сівер крыльлі вам няраз марозіў,
што застыў бяз жалю за вузкім акном.
 
Думы мае, думы, раненыя крыльлі!
Вырасьлі вы ў путах, там пад стогн братоў...
Не мая віна ў тым, што калі вас выльлю, –
ля каліны белай чырванее кроў.
 
1942
 
 
 
 
Зорка
Зорка мая, зоранька,
для каго ў гары
ноччу ты узорнаю
ясьненька гарыш?
 
Ці для маці сумнае,
што пад ціхі ўздох
цяжка думку думае
аб сваіх сынох?
 
Ці для падарожнага
льеш ты ясны сьвет,
што змыліў з дарожанькі,
загубіўшы сьлед?
 
Засьвяці мне, зоранька,
засьвяці ясьней,
хай сынок мой скоранька
на руках засьне!
 
Хатка наша бедная,
сумна ля акна, –
долю нашу ведаеш,
зоранька, да дна.
 
Тата сьпіць пад горкаю –
думаў аб вясьне...
Ты-ж хоць сыну, зоранька,
засьвяці ясьней!
 
1941
 
 
 
 
Нехта ноччу
Нехта ноччу цёмнаю
ў сьцежку паднябесную
гвозьдзі залацістыя –
зоры шчодра ўбіў.
 
Хтосьці, шпарка едучы
ў ноч падкову месяца
на шляху няведамым
сярод зор згубіў.
 
Ані птушкі вольныя,
ўзьлётна-быстракрылыя,
ані ветры буйныя
там не даляцяць.
 
Думак неакелзаных
толькі дзіўнай сілаю
хоча сэрца месяца
дзівы разгадаць.
 
Чый быў конь нястрыманы,
золатам падкованы?
Хто дарогу цёмную
ў небе палюбіў?
 
Ці хтось зь ясным месяцам –
залатой падковаю,
сэрца паміж зорамі
часам ня згубіў?..
 
1940
 
 
 
 
Кволай краскай
Кволай краскай гарыць, расьцьвітае,
і сярэбраным іскрыцца днём,
зелянее запозьненым маем
нешта ў сэрцы астыўшым даўно.
 
Быццам песьня у полі заснулым
закалыша тужліва душой...
Нешта сэрцам маім скалыхнула,
нешта думы забрала з сабой.
 
Голас розуму вяне бясьсільна,
калі сэрца, як вольны той птах,
размахнулася шырака крыльлем
з маладою вясною у тахт.
 
I стрымаці яго ня стрымаеш...
Ды ня варта вясной і трымаць!
Хай сьмяецца, гарыць, расьцьвітае
для таго, хто прымусіў кахаць.
 
 
 
 
Ня веру
Ня веру, ня веру, каб ў сьцюжы замерзла,
што цудна вясной расьцьвіло,
ня веру, ня веру, каб колісь замерла,
што песьняй толькі жыло.
 
Што вецер крылаты у небе сасватаў,
калі зацьвіталі сады,
ды зоры у далі вясельле спраўлялі,
аж месяц упіўся бляды.
 
Ня веру, ня веру, каб днём жыцьця шэрым,
камусь заламалась крыло,
ня веру, ня веру, каб згасла, замерла,
што песьняй толькі жыло.
 
1940
 
 
 
 
Думы
Пра Цябе гэтак знаю нямнога,
на’т ня знаю, які маеш твар;
йдзеш далёкай, таёмнай дарогай,
як той месяц срэдзь ўзводненых хмар.
 
Што Ты з крозамі будзеш маімі –
для мяне гэта ўжо ня сумлеў
з тэй пары, як прыгожае імя
раз мне вецер ў начы прашумеў.
 
Места будняў сьвятога спакою –
мае думкі згараюць... Іх дым
снуе нейдзе ў далі за Табою,
як за месячным блескам блядым.
 
Пра Цябе так нямнога я знаю, –
толькі тое, што сэрца і чын,
каб здабыць пасма зораў для Краю,
Ты ў вялікую цэласьць злучыў.
 
I ня жаль Табе шэрых далінаў,
так як мне іх ніколі ня жаль,
куй, – хай доля Радзімай Краіны
стане ясная, быццам крыштал!
 
А спаткаемся там, дзе нам рэха
з братніх сэрцаў паўторыць наш кліч,
нейдзя там ля саломенных стрэхаў,
там, дзе слова пачуем «Крывіч»!..
 
1940
 
 
 
 
Бывай
Бывай, дарагая мне Прага!..
Ты ў белы прыбралася іней
калі карабель мой жыцьцёвы
прыстаў на Вэлтаве сіняй.
 
Адвагі было ў мяне мала,
настрой – беларускі, гаротны.
А ты сьнегам места прыбрала
так белым, як нашы палотны!
 
Ляцелі, як быццам-бы зоры,
танцуючы зь ветрам сьняжынкі,
у бель яны строілі горад
і цешылі сэрца чужынкі.
 
У неба цягнуліся вежы,
так стройна, як нашы таполі,
хоць вецер ня гнуў іх на межы
і вокал ня слалася поле...
 
Усё-ж ў ноч, калі сьніліся краскі
і сум крышыў сэрца ў аковах –
мне баяў таёмныя казкі
граніт гэтых вежаў вяковых.
 
Бывай, залацістая Прага!..
Мой парус кірунак ўжо меніць...
Успомню цябе я няблага
за казкі і сэрца каменьняў.
 
За прыязьні даўняй азнакі,
за кажнага Крывіі сына –
прыймі сяньня, Прага, падзяку
ад ўнучкі Франьцішка Скарыны!
 
Глядзі, як вякі ўжо, з адвагай
ў апеку сьвятога Вацлава...
Бывай, дарагая мне Прага,
бывай ў пене срэбнай Вэлтавы...
 
 
 
 
УЖО РУНЕЮЦЬ ПАЛІ
Загад
Ураджай шумлівы на палёх,
лугі, і рэкі, і азёры,
і магутнейшы бор ад бору –
ўсё гэта даў нам добры Бог.
 
Авёс вяцісты, нівы жыта,
пшаніцы звонкае калосьсе,
і шмат дароў багатых ў восень
зь зямелькі плодна-сакавітай.
 
I хаты роднае парог,
красу дзяўчатам нашым мілым,
а дзецюком буйную сілу, –
ўсё гэта даў нам добры Бог.
 
Даў наквець белую садоў,
багацьце песьняў мілагучных,
а ў сэрцы даў агонь пякучы
каханьня да зямлі дзядоў.
 
I даў загад нам добры Бог:
каб кажны моцнаю рукою
гараў загон ды сеяў волю
і Родную Зямлю сьцярог.
 
 
 
 
Наш сьцяг
Ня слава Краю, ўздым магутны,
на’т ня шумелі мне сьцягі...
Заместа іх зьвінелі путы
і цёмнай ноччу ланцугі.
 
Заместа водгульля Пагоні
яшчэ сягоньня, як крумкач,
у набалелым сэрцы звоне
жанчыны беларускай плач.
 
Дзявочы твар бляды ад жалю,
дзяцей спалоханы пагляд
і кроў братоў, што бунтавалісь –
я толькі гэткі знаю сьцяг!..
 
За жар душы, што набалела,
за сэрца зораны агонь,
я, Божа, чуць хоць раз хацела-б
шум сьцягу вольнага свайго.
 
Калі Крывіцкая Зямліца
мне сэрца гордае саўе,
а польны вецер расшуміцца,
на разьвітаньне запяе, –
 
няхай разгорне свае крыльлі,
як стораж вечнага жыцьця,
хай зашуміць хоць на магіле
мне бел-чырвона-белы сьцяг.
 
 
 
 
Маё сэрца
Ці мо’ сэрца малое маё?
Ўсяго сьвету агнём не ахопіць –
для тых ніў толькі горача б’е,
што нам сёлы у золаце топяць.
 
Для тых ніў, для тых соснаў ў бары,
для бярозаў, што бельлю лунаюць,
яно толькі каханьнем гарыць,
ды каханьне у чын расьцьвітае.
 
Доля сотняў ня нашых жанчын
сьлязьмі сэрца майго не цярэбіць,
як лёс той, што ад болю маўчыць,
пахіліўшысь над працаю ў зрэб’і.
 
Дзеці – ўсюды, здаецца, адно,
ўсюды іхні галоўкі сьвятыя; –
ўсё-ж хай тых пад дзіравым радном
Бог цяплейшаю доляй прыкрые.
 
Тым дзяўчатам, што ткуць дываны,
што з калосься аб долі варожаць, –
дай ім шчасьце, як іхні ляны,
дай ім долю ясьнейшую, Божа!
 
Ці мо’ сэрца малое маё,
ці мой дух няузьлётны і вузкі? –
Для Цябе толькі, Краю мой, б’е,
для Цябе, мой Народ Беларускі!
 
1938
 
 
 
 
Як хмарны дзень
Як хмарны дзень – так сэрца маё сёньня...
Дождж зь непагодных сыплецца ачэй...
Таму, што гэта Край мой любы стогне,
кроў ў воды Нёмну жыламі цячэ.
 
Не счырванела зорана каліна,
ня мак цьвіце, а Край наш, Край ў вагні! –
бы сьцеле сонца ярым кармазынам
заходзячы за грыву сьпелых ніў.
 
Уціш мяне, што гэта не пажары,
што не сяло, ня лес стары гарыць!
Наш Край злажыў даволі ўжо ахвяраў,
каб выпешчанай ўбачыць сьвет зары!..
 
22 чэрвеня 1941 года
 
 
 
 
Скажы
Ой, дзяўчына, скажы –
чаму сум ўсё ляжыць,
ды туга ўсё на твары прыгожым?
Можа месяц бляды,
мо’ дзяцюк малады
тваё сэрца так рана трывожыць?
 
Табе-ж родзяць ляны,
ўзорам тчэш дываны,
кужаль белы, як сьнег, на паляне!
Сама – быстры той птах,
Нёман сіні ў вачах,
засьмяешся – як сонца прагляне!
 
Чаму сумная ты?
Быццам скарб залаты
табе косы на плечы апалі;
твар твой – рожы лісткі,
стан як вербаў гнуткі
і за працу усе цябе хваляць!
 
– Глянь – там горад відно,
я сумую даўно,
ці-ж, запраўды, ніколі ня зналі,
што ў дзявочых грудзёх,
жаль бязьмерны залёг,
як братоў ў кайданы закавалі?
 
Глянь – там горад, а ў ім
тужаць ноччу і днём
сакалы нашай роднай Краіны...
Май красуе, цьвіце,
а за кратамі цень,
нават сонца там коскі ня кіне!
 
Там – дзе сосны, дзе дуб,
там – дзе пушчы, дзе зубр,
на магілах дзядоў, на курганах,
у старых гарадох,
на’т на славы сьлядох –
ўсюды вораг, усюды татарын!
 
Калі хочаш любіць,
калі хочаш здабыць
беларускае сэрца дзяўчыны –
дык-жа мусіш устаць,
памагчы разарваць
кайданы наймілейшай Краіне!
 
 
 
 
Беларуска
Калі цябе, мілы, Краіна пакліча
за родны змагацца парог,
то суму ня будзе ў мяне на абліччы,
ні страху ня будзе ў грудзёх.
 
Дзявочае сэрца ў хвіліне так важнай
ніколі тады ня здрыгне,
а буду ня менш за цябе я адважнай,
каб сілы дадаці табе.
 
Бо сэрца дзяўчыны пад кужалем тонкім,
як і сэрца найлепшых сыноў,
гарыць то-ж каханьнем для роднай старонкі
і спадчыны нашых дзядоў.
 
Ты пойдзеш у бой, а я плуг пакірую,
каня накармлю, напаю, –
і так абаронім, засеем, збудуем
Беларусь дарагую сваю.
 
Бо гэтак, як стрэльбы і кулі як звонкай,
як сіняе сталі мяча,
заўсёды патрэба для нашай старонкі
адважных хлапцоў і дзяўчат.
 
1939
 
 
 
 
Спатканьне
Калі тупат каня я пачую
і зазвоніць здалёк ужо стрэмя, –
сэрца шчасьцем ў грудёх забушуе,
з хаты выйду, цябе я сустрэну.
 
Ды каханьнем, як яснай зарою,
напаю твае сьмелыя вочы,
як з каня свайго, быстрай стралою,
ты на рукі, на грудзі, саскочыш.
 
Пацалунка тады мо’ ня прыймеш,
цяжка голаў адкінеш на плечы, –
я расьцьвіўшай чырвонай юргіняй
твае гордыя грудзі аквечу.
 
А як больш ня устанеш да бою
і на твар ляжа ліхасьць блядая, –
буду думаць: імгла над ракою,
ці палотны бяліць расьсьцілаю.
 
Буду думаць: ня кроў гэта з раны –
жменю пацерак нехта раскінуў;
буду думаць: румяніцца раньне,
ды усходзіць зара над Краінай.
 
Не скажу, што ты рана загінуў,
не пажалюся людзям, ні Богу!
Для каханае нашай Радзімы
й найдарожшых ахвяр не замнога.
 
1939
 
 
 
 
Маладыя крыльлі
Ужо сонца за морам ў пасьцельку лягло
і птушка заснула прыкрыўшысь крылом:
у норцы прыціхла ля мышанькі мыш –
чаму ты сыночку так доўга ня сьпіш?
Ці у ручкі малыя табе халадно?
Ці ножанькі зьмёрзьлі пад тонкім радном?
Вось месяц заглянуў на нашу пасьцель,
і вугальчык зоркі на ніз паляцеў!
Ня будзе ўжо болей начамі сьвяціць –
пагас недзе сумна над рэчкай ў трысьці.
Заплюшч свае вочкі – з-пад небных старон
зьляціць матылёчкам табе ціхі сон!..
А я табе песьню ціхонька сьпяю
пад думкі, што голаў ўскружылі тваю...
 
– Хачу я, матулька, вялікі расьці,
Малочнаю Сьцежкай манлівай ісьці!
Хачу неба з шэрай зямлёю злучыць,
Мядзьведзіцу з зораў у Воз запрагчы,
акелзаць на небе разгонены гром
і сеяць на стрэхі празь Сітца дабро!
Маланкай, як пуга, як войстры бізун,
гнаць хмары, што воўкам над вёскай паўзуць,
вісяць па-над намі, як сьлёзы, як зло,
закрыўшы для сонца дарогу ў сяло!
Каб сівер у хаты крывыя ня дзьмуў –
сам ветравы лейцы я ў рукі вазьму;
расплаўлю на’т сэрцам на Нёмане лёд,
я шчасьцем сагрэю свой любы народ!
Адвечныя сьлёзы братоў я зьбяру,
дзірванную розумам долю згару...
Усе нашы раны зьлічу ў рызманох
і крыкну, што нават зьлітуецца Бог!
 
Сын крозіць, ён целам дзяцінны, малы,
а духам – як тыя пад небам арлы!
За вокнамі вецер б’е ў бубен-страху,
шапоча малітвы матуля ў страху.
А сэрца б’е сілай пад тонкім радном,
праз вокны-ж шлях сіні, шлях ясны відно...
 
1937
 
 
 
 
Тры дарогі
Агарнуў хлапца раз такі сумлеў –
прад сабою ён тры дарогі меў.
Па адной пайдзе – стане важным ён,
ды нязнаціме невясёлых дзён.
 
Ад курганаў тых, ад сяла далей,
а найдалей – дык ад сваіх людзей.
Будзе мець там моц, грошы звонкія,
жаль часамі, мо’ за старонкаю...
 
А другая йдзе к шчасьцю скораму
і ідуць па ёй нашы ворагі.
Пашто крыльлі мець, пашто вольным быць?
Лепш за тую медзь ворагам служыць!
 
Быццам недруг жыць зь яго платаю,
ды ня чуці сьлёз тых за кратамі.
Хай сабе ў сяле з плячэй згорбленых
ападзе жыцьцё шэрай торбаю.
 
Хай магілаў ў ноч прыбаўляецца,
хай браты свае адхіляюцца...
Сьцежка трэцяя йдзе няроўная,
праз бары, лугі праз чароўныя.
 
Паміж сёламі, паміж хатамі,
паміж сэрцамі, паміж братнімі.
Ўжо ня ворагі, не магутныя,
а вітацімуць рукі скутыя.
 
Рукі цьвёрдыя, ды мазольныя,
сэрца з крыўдаю паднявольнаю!
Вочы з просьбамі, душы з ранамі
ўсё пытацімуць сьвету раньняга.
 
Пры дарозе той чабор сьцелецца,
узышло на ёй волі зелейца.
Паліваць яго трэба з ласкаю,
на’т сьлязьмі, на’т крывёю ўласнаю.
 
Каб расло яно, ды магутнае,
красавалася, рвала путы нам.
Гэй, зарэе там раньне сьветлае!
Прывітаньне шлюць дзеўкі ветліва...
 
Гэй, лунае там даль бярозамі...
Вораг вязьніцай страшыць грознаю,
гневам пеніцца, грозіць сьмерцяю, –
ўсё-ж пайшоў дзяцюк сьцежкай трэцяю...
 
Сонца лашчыла асалодаю,
краскі сыпала зямля родная.
Калыхаў вецер пахам ліпавым,
на дарогу зь ніў росы сыпалісь.
 
1937
 
 
 
 
Моладзі
Гэй, зьбірайцесь крывіцкія дзеці
пад народны, пад горды наш сьцяг!
Воля Краю нам зоркаю сьвеціць,
яго шчасьце – у нашых руках!
 
Мы за волю крывіцкіх прастораў,
мы за спадчыну нашых дзядоў
аддамо, каб насыціўся вораг,
жыцьцё наша і нашую кроў.
 
Але краю, што Нёман галубіць,
гэтых сэрцаў, што воляй гараць, –
ўжо ня будзе арол крывадзюбы
да крыві пазурамі зьдзіраць!
 
Нам нястрашны сібірскі больш холад,
нам ня страшны маскаль або лях,
чужы серп непатрэбны, ні молат –
мы разгорнем крывіцкі наш сьцяг!
 
Нашы сэрцы гімн родны зайграюць!..
Адгукнецеся сёлы ў вадказ!
Мы нясём жыцьцё наша для краю,
мы нясём жыцьцё наша для вас!
 
Станем дружна ўсе брат каля брата,
абаронім Краіну грудзьмі,
воля будзе вялікай заплатай
за нягоды цяжкой барацьбы!
 
 
 
 
Крыльлем віхор
Крыльлем віхор наш бор збудзіў,
на палёх зелянее рунь...
Што ты ў краі чужым адзін
сёньня, браце мой, не гаруй!
 
Колькі ў Нёмне бурлівых хваль,
колькі ў пушчах шуміць дубоў –
столькі сэрцаў цьвёрдых, як сталь,
столькі верных вартуе сыноў!
 
З чорных хмараў ўстала рань,
азарыла нам вокны сёл.
Ў гору, ў сонца адважна глянь,
там, дзе вольна ляціць арол.
 
Наш арліны сягоньня лёт!
Цяжкіх хмараў праб’ём стагі,
сэрцам сплавім крыштальны лёд,
сілай скінем з рук ланцугі!
 
Воляй цемру заменім ў сьвет,
верай зь неба прыклічам цуд;
залунае вясьняны цьвет,
азарыць наш радзімы кут!
 
Сілай сэрцы б’юць пад страхой –
там крывіцкі пульсуе марш!
Ўстане зь сёлаў курганны вой,
адазьвецца, хто сэрцам наш.
 
Дык ў ураджай нашых ніваў вер,
што крывёю засеяў, брат!
Сілы творчым парывам мер,
для змаганьня за волю хат!
 
Расшумеўся крывіцкі бор
і дзірван гарэ новы плуг.
А з-пад стрэхаў аж ў сэрца зор
наш стыхійны ўдарыў дух!
 
1937
 
 
 
 
Ужо даволі
Ўжо даволі нам стагодзьдзі
адну горыч піць!
Боль і гора сваё годзе
ў Нёмане тапіць!
Ўстанем, крыўды нагародзім,
запяём мы аб свабодзе,
станем вольна жыць!
 
Доўга мучыў вораг люты
ў кіпцюрох сваіх...
Голас волі ў сэрцах скутых
ўсё-ж ды не заціх!
Ўжо мінае час пакуты,
паржавелі нашы путы,
сяньня скінем іх!
 
Гэй, паслухайце з курганаў,
рыцары-браты!
Ўжо ня сьцеляцца туманы
паласьсём густым, –
толькі сонца рве кайданы,
асьвячае, гоіць раны,
залаціць куты!
 
Што было – навукай будзе,
мы-ж пайдзём ўпярод!
Нашых сэрцаў не астудзіць
на’т сібірскі лёд!
Воля сілай б’е у грудзі,
звонам веча кліча, будзіць
цэлы наш народ!
 
Хто з нас верным Краю сынам –
кожны ўздыме сьцяг!
Для крывавых каляінаў
мала пачуцьця! –
мы з узьлётам сакаліным
для любой нясём Краіны
дар свайго жыцьця!
 
1937
 
 
 
 
Паход
Ідзём, а прад намі дым хмараў густы!
Ўпадзе хто – другія падходзяць!
Ў тахт нашага маршу гучаць ланцугі
і думы пяюць аб свабодзе.
 
Ідзём, крышым цемень у сэрцах блудных
бяз ўтомы і бяз перапыну,
і семенем волі пад новыя дні
сваю засяваем Краіну.
 
Хай родны, забыты рунее дзірван,
хай пунсам зарэюць прасторы,
а ў тахт нашых сэрцаў пад новую рань
хай сёлы сугучна заўтораць.
 
Упойны, як воля, наш марш малады!
Ступаем наперад мы сьмела!
І цешымся з працы, як ціхі сяўбіт
з палёў на вясну зарунелых.
 
Ідзём, а надзея, як золак ў душы –
мы, сьмелыя, спутаем гора!
Разгорнуты сьцяг наш вышэй і вышэй
над намі ўздымаецца ў зоры.
 
Ідзём! Нястрашны ўжо дым хмараў густы –
нам сонцам іскрыцца дарога!
І стройныя ў наквець прад намі шляхі,
а ў цьвёрдых руках перамога!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.