РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На чабары настоена
 
Лірыка
1
Жаўрук
О кліч вясны непераможны!
Рунее поле,
                          водаў бег.
Пыл на нагах маіх дарожны,
на скронях белым-белы сьнег.
 
У полі жаўранак вітае вясну,
узьняўся, каб пяяць.
І я – жаўрук.
I я такая.
І мне бязь песень не стрываць.
 
Зьвінець душой,
                                  пяяць і верыць
у цьвет лугоў, у гон ракі.
Любіць зямлю сваю бязьмерна,
як толькі ўмеюць жаўрукі.
 
 
 
 
Дрэмле вечар у ціхай дуброве
Дрэмле вечар у ціхай дуброве,
летняй стомаю ные зямля.
Засьпявай мне на матчынай мове
незабыўную песьню зь сяла.
 
Пра сярпочак, дзявочыя рукі,
васільковы на скронях вянок.
Хай над пожняй калышуцца гукі,
надрываецца рэха здалёк.
 
Месяц выплыў на хмарку сярпочкам.
Мала стомы ў руках маладых.
Млее ноч ад тых песьняў дзявочых.
Бог Ярыла ля ніваў прыціх.
 
 
 
 
Дыван
Пад старасьць дзён,
калі так ломіць змора
ўсяго жыцьця,
                              што засталося ў снох,
прыгадваю дзівосныя узоры
у ромбікі
                    на матчыных краснох.
 
Узор пяе на лоне пражы белай,
шнурок з квадратаў роўненька бяжыць.
Як вылічыць, як аснаваць сумела
дыван свой,
                          каб аж так заваражыць?
 
Так далікатна, анідзе памылкі,
на бель асновы колерам лягло,
так ад калыскі да самой магілкі
жыцьцё людское выткана было:
 
квадраты дзён,
запоўненыя працай,
між імі – сонца залаты прасьвет.
Так роўненька,
так нельга памыляцца,
каб спраўным быў дыван жыцьця
як сьлед.
 
 
 
 
Беларусь
Беларусь мая сьпеўная,
                                                    летняя,
                                                                  жніўная.
Палавеюць загоны густой ярыной.
Напаю свае вочы блакітам і нівамі
і лясоў тваіх цьмяных суровай красой.
 
На дарогах жыцьця сьлёз нап’юся папоўніцы.
Кожны крок мне да болю бывае цяжкім.
Толькі ласкай тваёю душа мая поўніцца.
Імя тваё сьветлае ў сэрцы маім.
 
Аддалёк, бы дыван, зелянее бульбянішча,
паабапал дарогі адцьвіў чабарок.
О зямля маіх прадзедаў, наша прыстанішча!
Зноў на грудзі мне ўпала сьляза незнарок.
 
Паглядаю навокал –
                                              дачка твая верная –
і люблю да адчаю, мой скарбе, цябе.
Шлях даўгі, адзінокі, усыпаны цернямі.
Толькі я не прыстала яшчэ ў барацьбе.
 
 
 
 
Мая крыніца
Жыта морам наўкол,
сіні лён і пшаніца.
Кроны дзічак на межах.
Ячмень і аўсы.
 
То дзяцінства майго залатая
крыніца
вабіць жоралам вечна жывое
красы.
 
Зь ветрам дрэвы шумяць,
нешта сэрцу гавораць.
Прад вачыма расквечаны траваў дыван.
А рачулка гаючая
хваль пераборам
ціха гойдае вербаў пахілены стан.
 
Дзе дарога наўпрост,
полем сьцежка віецца,
сонца шчодрымі промнямі сее кругом.
Блаславёным цяплом заварожвае сэрца,
кліча сьветлымі вокнамі дзедаўскі дом.
 
Нехта быдла з дубовага поіць карыта,
ля драўлянае студні рыпіць журавель.
А ў вадзе адбіваецца неба блакітам
і палошчуць аблокі пушаную бель.
 
Як тут зелена, хораша,
ціха, адвечна.
Панадворак травой, канюшынай прапах.
Адбіваецца засмуж нябёснай сінечы
у задуманых зьлёгку дзявочых вачах.
 
 
 
 
Чысьціня
Тут белы дзень і белы цьвет
палотнаў у каморах.
У белай сьвітцы белы дзед,
а ўнук бялявы поруч.
 
Бярозаў белым-белы стан,
ля іх красуня ў белі,
зьвісае белая каса,
як белы лён з кудзелі.
 
I белы сыр і белы стол
паважныя, аж люба.
Уся сямейка навакол
сядзіць ля белай бульбы.
 
Над імі маці са збанком
і дочкі, як галубкі.
Струменем белым малако
паволі льецца ў кубкі.
 
Абраз пад белым ручніком,
бялявыя дзяўчаты
і белы бэз, што пад акном,
як сьнег, буслы над хатай.
 
I вішні бела зацьвілі,
і зь белай грывай коні.
Чарнелі толькі мазалі
рубцамі на далонях.
 
 
 
 
Унуку
Твой век праедзе на машынах.
Мой пехатой прайшоў.
Ля васількоў, да болі сініх,
ля сьпелых каласоў.
 
Зязюля мне гады лічыла.
За рукі вецер вёў.
I нехта з сумнымі вачыма
непадалёк ішоў.
 
Красе мяне вучыла поле.
А белы сьвет – кахаць.
Людскія радасьці і болі
ў жыцьці не абмінаць.
 
Гнязду радзімаму і мове
заўсёды вернай быць
і хлеб надзённы напалову
ў бядзе зь людзьмі дзяліць.
 
 
 
 
Кніжка
Гамана і разгул на дзядзінцы
ад дзіцячых нястрыманых слоў.
Едзе тата. Чакаем гасьцінцаў,
сустракаем з дарогі дамоў.
 
Хлопцам – ножык, цукеркі ў далонях,
абаранкі, істужкі да кос.
– Я табе, разумная доня,
з крамы некалькі кніжак прывёз.
 
Шапаціць зь ветрам лісьценка звонку,
рой вясёлы дзіцячы гудзе.
Шалясьцяць у куточку старонкі –
як цікава чытаць пра людзей!
 
З абразочка хлапец паглядае,
ён у лес за братамі пайшоў.
Хлопцы дровы сякуць, ён блукае,
ловіць рэха ялінаў, дубоў.
 
То бяжыць за вавёркаю рыжай,
выглядае русалак з азёр,
ловіць гукі, любоўна іх ніжа
у цудоўны няведаны ўзор.
 
Мякка гнецца трава пад нагамі,
кожны зь нечым да хаты бяжыць,
толькі хлопец з пустымі рукамі,
але ж вершы якія злажыў!
 
Я жыла б, як русалка, ня еўшы
сярод цішы аеру і траў.
Мілы хлопчык, каму тыя вершы
ты на досьвітку з сэрцам аддаў?
 
Кніжка побач. Я сплю, не прачнуся.
Водзіць сон па далёкіх куткох.
Назіраю. Нясу Беларусі
нізку вершаў у кволых рукох.
 
 
 
 
Восень
Золата, чырвань і медзь на кустах.
Вецер свавольны аж хмеліць.
Фарбаў багацьце – то восень, мастак,
малюе свае акварэлі.
 
Хмарам зьбірацца і лісьцю кружыць,
вітаючы сумную госьцю.
Хораша позьняю восеньню жыць,
дыхаць яе прыгажосьцю.
 
З трывогай ў сэрцы на край мой гляджу,
на лад і разлад на планеце.
У засяроджанай цішы кажу:
– Хай выйграе праўда на сьвеце.
 
Хай замець закруціць сумётаў сувой,
бінт сьнегу на раны паркана.
Хай людзі жывуць на планеце сваёй,
каму колькі наканавана.
 
 
 
 
*  *  *
Пралеска раскрылася ў жмені.
Лес першай травою прапах.
Блакіт ператкала праменьне
вясны на птушыных шляхах.
Мінула завеяў дакука.
Вылазіць пралеска зь зямлі.
Пяшчотныя ручанькі ўнука
за шыю мяне абнялі.
 
 
 
 
Коні
Прамінуў непаўторна
час журботы ў палёх.
Загудзелі маторы,
ажно вецер прыглох.
 
Конь наш, верны наш конік,
сябра ў долі цяжкой.
Пасьміхаецца комік
над табою з сахой.
 
Забываюць, саколік,
пра аратага зь ніў,
як да трактарнай долі
ты нас хлебам карміў.
 
Безь цябе як жылося б?
Ты гаротна іржаў
ды вазіў праз палоскі
нашу радасьць і жаль.
 
Да млына нетаропка,
улегцы – рвеш, не ўцячы...
Трапяталі жаробкі,
на кірмаш бегучы.
 
Да цябе прыпадалі
ў сумны час дзецюкі,
жонкі грывы спляталі
і кармілі з рукі.
 
Ды ня раз маладзіцу
везучы сабе ў дом,
падзяліўся вазьніца
сваім шчасьцем з канём.
 
Сьлёзаў, сьлёзаў прадоньне.
Гнёт суровай пары.
Ды былі ж у нас коні,
як бываюць сябры.
 
 
 
 
Сыну ў Беласток
Задрыжала зьнячэўку асіна,
подзьмух сьцюжы прабег па кары.
Восень згрэбла атаву,
звазіла,
пазганяла жывёлу ў двары.
 
Мокры вецер ахрып, занядужаў,
над ракою лякоча вярба.
Павуціньне – апошні свой кужаль –
ткальля-восень снуе з сэрабра.
 
Мо’ сумуеш, а можа, рагочаш.
Я шкадую, што ты не пры мне.
Дождж з-пад Воўпы цябе не намочыць,
вецер жлобаўскі не закране.
 
 
 
 
Доўг
Хтось адыдзе, нехта разьвітаецца,
застанецца жменя сумных слоў.
I буслы ня ўсе дамоў вяртаюцца
з афрыканскіх сонечных краёў.
 
Абарвуцца думкі чалавечыя,
згасьне сон дзявочы на зары.
У жыцьці няма нічога вечнага,
бо жыцьцё самое да пары.
 
Я стаю сярод палёў засеяных,
пад нагамі гнуцца бадылі.
Бацькавы сьлядочкі ветрам зьвеяны,
пазатоптаны, даўно ў зямлі.
 
Грэліся пад шэрай стрэшкай разам мы,
сьмех зьвінеў ад раніцы ў палёх.
Так шкада – ня ўсё дарэшты сказана,
не адплачаны бацькам наш доўг.
 
 
 
 
*  *  *
Іду сваёй сялібай неабжытай,
не спадзяюся тут сустрэць кагосьць.
На танкаструнных сьцебялёчках жыта
вятры зайгралі мне пра маладосьць.
 
А жыта наліваецца, расуе,
а зернеткі растуць адно ў адно.
У курганох ляжаць і не пачуюць
браты мае, як зазьвініць яно.
 
 
 
 
*  *  *
Крутавата цягнецца дарога.
Лес абапал цёмнаю сьцяной.
Сьцежкі тупкай ледзь кранаюць ногі –
маладосьць іх носіць над зямлёй.
 
Зьзяе братаў твар, амаль дзяціны.
Я і ён.
I ноч.
I родны край.
Родныя да болю каляіны
і на хмарцы месяц-каравай.
 
Хуценька сьпяшаемся дахаты,
завідна ня ўправімся аднак.
Бачыла... ў газэтах... зноў гарматы...
Вечна людзям трызьніцца вайна.
 
Пра вайну зусім старыя байкі
у дзядоў. А нам бы жыць ды жыць.
Нас у сьвет шырокі клічуць грайкі.
Сто дарог у далечы бяжыць.
 
Цішыня. Ніхто ў сяле ня сьвеціць.
Гасьне зорак ператлелы жар.
Выграбае мітусьлівы вецер
бохан-месяц з чорнай печы хмар.
 
Мы ідзём. Бадзёрым словам звонім
войнам, страху, цемрадзі на злосьць.
Не заступіць гора, не дагоніць
у жытнёвым полі маладосьць!
 
А вайна ля межаў гаманіла –
азьвярэлая, агідная жывым.
Заставаліся попел ды магілы
ды ўспаміны,
                              бы ахвярны дым.
 
Зноў успомню –
закрычу ад болю:
– Не аддам цябе, сынок,
вайне!
 
Хай вайна суровая ніколі
маладосьці ў полі не сажне!
 
 
 
 
Аблокі
Абуджаецца родны край,
гладзяць косы вятры пералётныя.
Бохан хлеба, нібы каравай,
у ручнік матуля загортвае.
 
А птушыная скрозь мітусьня!
Завушніцы на гольлі бярозаў.
Урываецца ў сьмех вясна
зь белых дрэў, зарунелых барознаў.
 
Так лагодна ў вільготных палёх
вецер гладзіць русыя косы.
Гнуцца травы пад пальцамі ног,
шчэ зь вясны бялюсенькіх, босых.
 
Аблачыны-гускі плывуць,
ўзьвейна-лёгкія, зь белага пуху.
Так шчымліва узьняць галаву –
адгалоскі далёкія слухаць.
 
 
 
 
Баразна
Вярніся зноў, вясновы вецер звонкі!
I голас таты за вярсту чуваць:
– Гэй, не мыляйце, хлопцы, з баразёнкі!
Сур’ёзна трэба плугам кіраваць.
 
Каб роўна рэзаў плуг барозны-струны,
каб не глыбока і ня плытка браць.
Калі папар засееш, з добрай руні
найлепей тое ворыва відаць.
 
I сеяла ўся Беларусь, грала,
у хатах прала, ткала давідна
і толькі думкі новыя снавала
і душы высвабоджвала зь ярма.
 
Аджыў наш плуг сваё жыцьцё пачэсна,
сярпочак пад паветкаю спачыў.
I не на лавах, на адказных крэслах
сядзяць сыны, што адышлі ад ніў.
 
Ня плугам, яркім лазарам працуюць.
Бяруць за чуб жыцьцёвы пералом.
Высокаю энэргіяй кіруюць
і пішуць самалётавым крылом.
 
I крыкнуць хочацца нашчадкам юным:
– Змагайцеся зь няведамым сьмялей!
Прастуйце плугам, каб барозны-струны
і ворыва ня горш, як у людзей.
 
Шляхі жыцьця – запрэжаныя коні,
гаспадароў хай слухаюць яны.
Трымайце лейцы моцна у далонях
і не мыляйце роднай баразны.
 
 
 
 
*  *  *
Хлопчык маленькі, ты быццам сьвітаньне,
Калі вецер сонейку вочы разьвяжа,
I яснае з хмараў жыцьцёвых прагляне,
I праўду дзіцячымі вуснамі скажа.
 
Гэта, мой хлопчык, у цяжкай патрэбе,
Калі болей сілаў ў жыцьці не хапае,
Ясны праменьчык паслала нам неба
За мукі і боль для радзімага Краю.
 
 
 
 
Вясковы дом
Вясковы дом. Тут зруб звычайны
і сіла бацькавай рукі.
Бярвеньняў, высечаных дбайна,
цяжар
              прылёг на вушакі.
 
Глядзіць на сьвет,
                                        прапах жывіцай,
на летнім сонейку прасох,
між дрэва ветру не прабіцца –
ляжыць там туга шэры мох.
 
Чысьцеюць сені і сьвятліца
да ўсіх прыветліва, зь цяплом.
Тут кожны можа прыпыніцца,
хто завітае не са злом.
 
Хлеб пад абрусам хатні, сьвежы,
мядок ліпнёвы загусьцеў.
Ахвотна нож акраец рэжа
і мажа мёдам для гасьцей.
 
Сьляды маіх дзядоў на лаве,
дыван з матуліных красён.
За абразамі пахнуць травы,
цьвітуць юргіні пад вакном.
 
Сагрэта вішнямі сяліба,
сьцяжынак ад суседзяў бег,
засеяная хлебам скіба
айчынных ніваў зь веку ў век.
 
 
 
 
*  *  *
Ужо ў маім жыцьці і вечарэе.
Канчаецца працоўны ясны дзень.
Яшчэ блішчыць зарой адна надзея –
сынок у сасьняку не прападзе.
 
Цямнее. Ці была бяз сэрца маці:
паслала сына пашукаць бычка.
Хай спалі б думкі сьмелыя дзіцяці
каля прымурка цёплага бачка.
 
 
 
 
*  *  *
Гэткі сон, болем на’т не разбуджаны.
Сонца сыпле надзеі з каўша.
На далонях тваіх натруджаных
сьпіць, здаецца, Радзімы душа.
 
Сонным сэрцам зямля пагарджае.
Людзі ж родзяцца,
                                          каб тварыць.
Не зьбярэ жнівом ураджаю,
хто вясну маладую прасьпіць.
 
 
 
 
*  *  *
Праляцелі гады з разлукаю.
Туманамі боль уваччу.
Ты раскажаш,
а я паслухаю.
Ты спытаеш, а я змаўчу.
 
Слоў ня хопіць,
каб праўду выказаць.
Хопіць сілы – маўчаць магу.
Успаміны нярадаснай нізкаю
разбудзілі маю тугу.
 
 
 
 
Менск
На скрыжаваньні
адвечных шляхоў
ты стаяў па-славянску
гасьцінны,
напаўнялі тавары замежных купцоў
кублы, жалезныя скрыні.
 
Руйнавалі, палілі,
а ты паўставаў,
красаваўся,
як памяць былога.
Панаваў,
гандляваў
і сардэчна вітаў
гандляроў ля гасьцінных парогаў.
 
Непахісны ў змаганьні
і мужны ў бядзе,
калі ў грузах здаваўся памершым,
паўставаў,
быццам з ночы народжаны дзень,
малады і яшчэ прыгажэйшы.
 
Глянь на працу сваю,
мудры продак стары,
наша дзевяцьсотгодняе «ўчора».
А мядзьведзь жа за крокам
сачыў у бары,
як ты клаў першы камень пад горад.
 
Конь у гербе даўнейшым
капытам грабе,
меч і шчыт – тваёй волі зарука.
«Нур фюр дойтшэ», –
                                              казалі чужынцы табе.
Ты ж, як быў, так і ёсьць беларускі.
 
Шмат вады і крыві
паплыло з той пары,
і другія стаяць абеліскі.
А з мэталу і з пушчы
выходзяць зубры
на гасьцінец асфальтавы менскі.
 
У шчасьлівы і благаславёны той час
з неабчэсаных смоленых брусаў
залажыў гэты горад
наш продак для нас,
для нашчадкаў сваіх,
беларусаў.
 
 
 
 
Віцебск
Тваіх ранаў не пералічыш,
вой стары з маладым абліччам.
 
Нескароны ў крутой барацьбе,
акрыяў, ажыў – пакалочаны.
Нашы сэрцы імкнуцца к табе,
як калісьць на забытае веча.
 
Лёс шчасьлівы дазволіў сынам
на шчыце тваім век свой высечы.
Ганарыцца нашчадак – дзядам
і ня сто і ня дзьвесьце – тысяча.
 
Жыць табе у вянку нашых сёл,
новай славай гудзець, красавацца.
Хай к табе за сьвяточны стол
прыйдзе мір і плённая праца.
 
Рэхам слоў, што вякамі гучаць
зь дзён Ярылавых, як бязьсьмерце,
калышы сьветла-русых дзяўчат,
беражы каля мужнага сэрца.
 
 
 
 
Зэльва
Раненым крыльлем
сонейка хіліцца,
коўзаецца
і, як птушка, далоў.
 
Тонкім вэлюмам
дым над Зэльваю
ўецца з пабеленых
каміноў.
 
Сьцежкай асеньняй,
лістотай засеянай,
з сумкамі, з кніжкамі
хлапчукі.
 
А над Зэльвянкаю
вуды з прыманкамі,
хлопцы з каханкамі,
аблакі.
 
 
 
 
Вечарам
Прада мною два цені
каля дрэваў густых.
Нейкі крок летуценны,
адно сэрца ў дваіх.
 
Супраць нашага дома
абняліся, стаяць.
Можа, нехта знаёмы,
можа, некалі я?
 
Не ў нэйлоне празрыстым,
як сьвітальная мгла,
у сукенцы з батысту
я з табою ішла.
 
Ды цямнейшы быў россып
незаплеценых кос,
і ніжэйшы абцасік,
і вышэйшы мой рост.
 
Ды хіба ня ўсё роўна?
Хтось жыве, нехта жыў.
Гэты ж месяц у поўні
нам абедзьвюм сьвяціў.
 
Толькі лекарам першым
быў з зальвянцаў мой друг.
Мае першыя вершы
з сэрца ўпалі на брук.
 
 
 
 
Памяць
Памяць –
                      вечны сябра,
                                                  неадступны цень,
непагаслых фарбаў залаты прамень,
закідае невад у мінуласьць дзён –
надвячоркаў сьпевы, шэпты ля вакон.
 
На чужыя воды, плыні, берагі,
у ліхую воддаль, маразы, сьнягі
цягне, цягне сетку, бачную ледзь-ледзь.
Памяць не нябожчык, і ня ёй сатлець.
 
 
 
 
Ефрасіньня Полацкая
Мінуласьць ляжыць надмагільным вянком
над тымі, што ў сьмерці застылі,
зьзяе сьвятлом празь цемру вякоў
сьвятое імя Ефрасіньні.
 
А доля ж была у крывіцкіх жанчын
з кудзеляю, з прасьніцай злучана.
Яна ж за асьветніцкі слаўны пачын
дастойна прайшла ў неўміручасьць.
 
Ад Лады, вясьнянай красуні ў бары,
ад моцы Ярылы, Стварога
знайшла сярод вечна паганскай пары
да мудрасьці новай дарогу.
 
Яшчэ над Дзьвіною старыя багі
ў сялібах людзьмі карагодзяць,
яе ўжо прывабіў сьвет праўды другі,
што несьлі Кірыл і Мэфодзій.
 
У пушчы-лясы адыходзяць далей
продкаў сівых абаронцы.
Пісьменьніцтва,
                                  новая вера мацьней
за ўсіх багоў грому і сонца.
 
Народ яшчэ даўніх мілуе багоў.
З каменьня ім стодзіва ставіць.
Абараняць іх у пушчах гатоў
і моц над людзьмі славіць.
 
Дарэмна. Другія стаяць алтары.
У Прадыславы мэта –
сьвятыні, цэрквы, манастыры –
тагачасныя ўнівэрсытэты.
 
Вяртаецца ў край з навукай, з дабром,
братэрства і мір у ім сее.
Валодае сьмела князёўна пяром,
людзьмі завалодаць сумее.
 
Асьветніца наша, духоўны ўладар,
паганства і цемру скарыла,
каб Полацк узвысіць.
На шлях яе мар
з Полацка выйшаў Скарына.
 
У сэрцы чарніцы палае агонь.
Падзеі тых дзён па парадку
зьбірае на славу народа свайго
і летапіс піша нашчадкам.
 
У кельлі маленькай, у ціхім Сяльцы,
ня марыць пра узнагароду.
Ня толькі царкве яе веліч душы –
жывому народу і роду.
 
Адчула: народ ня ўчора паўстаў.
Ня заўтра канец нам прысудзяць.
Зь мінуўшчыны слаўных падзеяў і спраў
мы ёсьць.
Мы былі.
Мы будзем.
 
 
 
 
Над старымі друкаванымі кнігамі

Уладзімеру Караткевічу

 
Хмялееце.
Тут анігадкі ўпіцца,
гартаючы старонкі мудрых кніг.
 
Апавясьцілі поўнач са званіцы,
і крочыць поўнач.
Вы ўсё каля іх.
 
Забыты скарб вяртаеце народу.
Тут болей сэрцу,
                                      як вачам, відно.
Ні пыл вякоў, ні час
не перашкода,
калі нашчадак з продкам заадно.
 
Ці бачыце?
Пагас у хмарах бурых
пабляклы месяц – кованы ліхтар.
 
Заснуў з утомы
на мядзьведжых шкурах
гасьцінны і натруджаны друкар.
 
Варушыце вякоў старыя тайны.
Усхваляваны знойдзеным да сьлёз,
ня чуеце,
                    як конь заржаў у стайні
і раздувае храпаю авёс.
 
Ўсё дарагое, вырванае ў сьмерці
і ў небыцьця,
што з пылу паднялі,
у гэту ноч
                      схавайце ў нэтрах сэрца,
каб апасьля апавясьціць зямлі.
 
Няхай раскажа час мінулы сёньнеча
нашчадкам,
што імкнуцца ўдалячынь,
пра справы слаўныя Скарынаў і
                                                                          Мамонічаў.
Пра першы друк –
наш слаўны даўні чын.
 
 
 
 
*  *  *
Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць – дык жыць для Беларусі.
А безь яе – зусім ня жыць.
 
1953
 
 
 
 
Час
Скрыпучым возам ехаў час,
калдобістаю каляінай,
а ветах выплываў і гас,
а воз каціўся без упыну.
 
Ўставала сонца з-за лясоў,
ішло ў зэніт па небасхіле.
А воз каціўся, конь ішоў,
дарога курчылася ў пыле.
 
Гарыць агонь, глясы маўчаць,
прыпалі коні да атавы.
Пара вякі ператрасаць,
перацаніць людскія справы.
 
Забытым трактам я іду,
ступае побач адзінота.
Шукаю вынашаных дум,
падбітых крылаў з тых узьлётаў.
 
Іду, задуманы пілігрым,
сьлядоў шукаю ў каляінах.
Сюдэма йшоў Паўлюк Багрым,
сюды дамоў сьпяшаў Скарына.
 
Няма даўно ўжо іх сьлядоў.
Лёг пыл на шэрыя стагоддзі.
I толькі сэнс вялікіх слоў
у нечых раньніх сэрцах бродзіць.
 
 
 
 
*  *  *
Я сэрца ўздым,
жыцьцё сваё,
і вернасьць,
і ўсё, чым вымяраецца любоў,
аддам табе,
пяшчотная бязьмерна,
пакутная зямля маіх дзядоў.
 
 
 
 
Два рэхі
520
М. Т.

 
Мы з Вамі два рэхі
                                          ў адным бары
ад Нарачы аж да Нёмана,
на матчынай мове, па песьні сябры
і думаем крышку падобна.
 
Здалося мне: рэкі плывуць назад,
гады вяртаюцца з выраю.
Стаю сярод поля, дзе дрэвы ў рад, –
якую ж пуціну выберу?
 
Капытамі коні кранаюць зямлю,
іржуць, патрасаючы грывамі.
Я песьні з аселіц сэрцам лаўлю –
тужлівыя, сьпеўныя, жніўныя.
 
Я ведаю многа песень чужых,
усё ж тыя жніўныя, родныя,
як жураўліны асеньні крык,
навекі мяне запалонілі.
 
Шэрыя хаты пад шэраньню стрэх,
шэрае беднае зрэб’е.
Шэрыя твары плачуць празь сьмех,
шэрыя вёсны, бясхлеб’е,
 
а мова, як ліра: сьпявае, гудзе,
стагоддзямі вусна прадзецца.
Промнямі слоў суцяшае ў бядзе.
А мова, як сэрца, б’ецца.
 
Слухаю, думаю... Думка адна:
людзі пакрыўджаны родныя,
просяць за іх заступіцца,
                                                      аднак
сілы такія няроўныя.
 
Трэба змагацца.
З панамі на бой.
Трэба, як дуб, як камень.
Нашая песьня
                              панам, як мазоль:
шкадуюць і зводзяць вякамі.
 
Зьяўляліся хлопцы,
                                          празь цемру вякоў
народныя раны гоячы,
за сілу адважных закляцьцяў і слоў
жывымі згаралі на вогнішчы.
 
Ірваліся ў полымя, у забыцьцё,
каб толькі ня плакаць, ня каяцца!
З болю на сьвет прыходзіць жыцьцё,
болем яно адкупляецца.
 
Гэта было ў той завейнай пары,
калі, размахнуўшыся крыламі,
Вы сталі змагацца яшчэ на зары
з народнымі вечнымі крыўдамі.
 
 
 
 
*  *  *
Зямля мая любая, дзень мой і ноч,
водгульле песьняў, у полі калосьсе.
Часам ударыць аб шыбіну дождж,
сумна ля вокан вятры загалосяць.
 
I з заараных даўно каляін
роднага поля маёй маладосьці
вырвецца часам балючы ўспамін,
даўно адышоўшых пакліча ў госьці.
 
У покуці, тата, цябе пасаджу,
прысядзе матуля зычлівая побач.
У сьне-успаміне на вас пагляджу
і буду вас сьцішана слухаць за поўнач.
 
 
 
 
*  *  *
За вакном у сутоньні
сонца нікне са стрэх.
Дождж мне вымыў далоні.
Шчокі выбеліў сьнег.
 
Ільняную кашулю
на мой змучаны стан
каб на ноч апранулі
ды паслалі дыван,
 
ды паклалі на ўзьлесьсі
у старым дзірване,
каб цягучыя песьні
калыхалі мяне.
 
 
 
 
*  *  *
Думы – коні мае вараныя,
грыва зь ветрам і цокат капытаў.
Напярэймы – жывыя, зямныя,
выкрасаюцца іскры з граніту.
 
 
 
 
Сялянка я
Шугае позірк сьмела за аблокі,
што пралятаюць над гняздом маім.
Сялянка я з душой маёй шырокай
і з думкамі, як Нёмана уздым.
 
Зь цішы лясной, з тугі і крыху з поту.
Я працу ведаю і крыльля сьмелы ўзмах.
Мяняю я на ніваў пазалоту
ўсё золата на пальцах і ў вушах.
 
Хтось плача, што насіў калісьці лапці
і з пугаю за статкам босы йшоў.
А мне найлепей у сялянскай хаце,
што ведае, дзе мір і дзе любоў.
 
Калі на сэрцы ные боль шчымлівы,
хтось адыходзіць ў невараць зь сям’і, –
нам гояць раны залатыя нівы,
палі бязьмежныя.
Сяляне мы.
 
 
 
 
Медзьвядзёва фарба
На каптан для мужа,
на ўток і аснову,
шукала жанчына
фарбы медзьвядзёвай.
Гэткай незвычайнай
пражаю снавала
кросны,
гэткай ніткай бабка патыкала,
не гнядой,
ня бурай і не каштановай –
іменна наяўнай фарбай медзьвядзёвай.
I малюе мара маладой жанчыны
бурага мядзьведзя ў нерушах айчынных
і вачмі прабабкі бачыць,
як у буру
валакуць мужчыны медзьвядзёву шкуру.
Ды па тых адважных
згасла памяць недзе,
што змагалі ў пушчы
бурага мядзьведзя.
А жанчына марыць ночкаю зімовай
і шукае фарбы толькі медзьвядзёвай.
 
 
 
 
Беларусы
Беларусы ад касы.
Нам сьняцца высокія травы,
пракосы, як паясы.
Касавіца для вас – забава.
Лоб у поце, лугі з расой.
Гнецца першына, зноў атава.
Размахнуцца шырокай касой –
маладая мужчынская справа.
Беларусы ад касы.
З асялком у кішэні кожны.
Нахіляюцца каласы
з налітым зернем на пожню.
Косы зьвіняць у сяле,
іх клеплюць на бой пераможны.
I хлеб, бы зара, на стале,
і засек зімой не парожні.
Беларусы ад касы.
Дарогамі да сьвітаньня
хлопцы з косамі йшлі ў лясы,
на бунт ішлі, на паўстаньне.
Вашчыла іх вёў, Кастусь.
Зьвінелі ў паходах косы.
Адраджалася Беларусь
пад звон іх рашучы і востры.
Вокам сябра гляджу на касу.
Асялок кранаю рукою.
Не, на злом яе не панясу.
Няхай павісіць пад страхою.
 
 
 
 
Сустрэча
Сустрэнемся на вузкай перакладзіне.
З двух берагоў паважныя прыйдзем.
Усё, што не даткана, не дапрадзена,
я пакажу табе
ў сьвяточны дзень.
Вось толькі я забылася пра почасьці.
Калі з дарогі зойдзем
у мой дом,
я проста пасаджу цябе на покуці,
аддам на ласку маім багом.
Снуецца зь песьнямі льняное прадзіва,
пасаг бы з кужалю танчэй саткаць.
Жартоўна
                      кросенцы мае разладзілі,
уток заблыталі,
не разблытаць.
Я запяю табе
                              пра дзіва дзіўнае,
якая ў Нёмне глыбіня,
як ноччу месячнай на воды сінія
выводзіць дзеўчына паіць каня.
А конь ня слухае,
а конь бянтэжыцца,
рве цуглі срэбныя –
                                              дарма спыняць.
З каменьняў Нёмнавых
аж іскры крэшуцца,
аж сэрца цешыцца
                                          з таго каня.
З двух родных берагоў
                                                  на перакладзіне
сустрэнемся ў сьвяточны добры час.
Чаго б ня здужалі,
чаго б ня ўладзілі,
пакінем моладзі сказаць за нас.
 
 
 
 
З моладзьдзю
Апрануўшыся давідна,
падбадзёрана сьмехам звонкім,
вылятала мая вясна
зь лёгкім ветрам наперагонкі.
Час быў дзіўны. Каля мяжы,
упрыгожанай церпкім верасам,
так часамі хацелася жыць,
а часамі і жыць не хацелася.
Трудна вочы было адарваць
ад вясны, да зямлі прынаднае.
Цяжка людзям было дараваць,
што яны да людзей неспагадныя.
Усё адны гуляюць і п’юць,
а другія сьлязамі плюскаюць.
Я і выбрала сьцежку тваю,
маці-доля мая беларуская.
Ці прыходзіў у сны адчай?
Ці трымцела сьлязіна скупая?
Не скажу.
                      Сьвятлее ў вачах,
калі моладзь на шлях выступае.
 
 
 
 
Вечаровая песьня
Дзень спахмурнеў, у полі вечарэе,
над дрэвамі крыла начнога ўзмах.
Згасае ціха сонца, бы надзея,
адбіўшыся сумотай у вачах.
 
Міргаюць хатаў вечаровых вокны,
дзявочы голас выплыў і замоўк,
разьверадзіў ён успамін далёкі,
аж сэрца ўздрыганула незнарок.
 
Так і ў жыцьці ўмірае ўсё і чэзьне,
як гасьне дзень натруджаны ў палёх,
і застаецца неўміручай песьня –
яе красы ніхто не перамог.
 
 
 
 
*  *  *
Зноў басонач іду па расе,
дзень, народжаны сонцам, вітаю.
Вецер сонца ў праменнай красе
ўжо на раніцу выганяе.
 
А навокал птушыны сьпеў.
А здалёк на старым гарадзішчы
між лістоты разбуджаных дрэў
салавей не сьціхаючы сьвішча.
 
Прачынаюцца паплавы,
вольны вецер балотам блукае
і паволі з роснай травы
туманы, як пасьцель, складае.
 
Мне здаецца, зноў праз гады
ў бэзам абсаджанай хаце
бачу бацькавых крокаў сьляды,
чую, як прачынаецца маці.
 
 
 
 
У сэрцы надзея, як промні
Зноў вясны пераможны напеў,
беласьнежных галінаў у квеці.
Да кустоў, да расквечаных дрэў,
як дзяцюк, заляцаецца вецер.
Закаханы вясьняны настрой.
Рой пчаліны на цьвет ападае,
мы за рукі ўзяліся з табой,
вёсны даўнія зноў прыгадалі.
I чужыя дарогі, шляхі.
Мы прайшлі іх, а думы ля Нёмна,
ля сваёй саламянай страхі.
Толькі ў сэрцы надзея, бы промні.
 
 
 
 
Забыты абраз
Прыгадаўся забыты абраз.
Ты пабачыў мяне першы раз,
не пускаў. З хаціны тваёй
дзікай птушкай з рук паляцела,
каб пагнаўся каханы за ёй,
за дзяўчынай, капрызнаю, сьмелай.
 
Ты дагнаў.
                        Дзявочы мой сьмех,
непакорны, сыпаўся ў сьнег.
 
Вось такой ты жадаў удвая.
Я сказала:
– Пакуль не твая!
 
Я належу народу майму,
крышку ветру, крышку бярозам,
хлопцу вернаму аднаму,
што згубіў сваё сэрца і розум.
 
Я і замуж яшчэ не хачу,
хаты ў полі вятрам ня кіну.
Першы раз ты такое пачуў
ад вясковай вясёлай дзяўчыны.
 
Адказаў мне: – I я беларус.
I глынуў на чужыне гора,
і нясу непасільны той груз,
і хачу, каб ты была поруч.
 
Моцна сьціснуў мае далоні...
Нас павезьлі да шлюбу коні.
 
...Ходзяць людзі мяне суцяшаць.
Я ня веру разлучніцы-сьмерці.
Засталася ж твая душа.
Нашы думкі ў маім толькі сэрцы.
 
 
 
 
*  *  *
Словам ці затоеным маўчаньнем,
думкамі, што йдуць з маімі ў такт,
адгані з чала мне боль адчайны –
зь ім сама ня спраўлюся ніяк...
 
Бы ў часы сяброўскае сустрэчы,
як ішлі мы поруч празь сяло,
раскажы мне аб харошым нечым,
каб зусім ад сэрца адлягло.
 
Не шукаю я ў людзей апоры,
іншаму магу дапамагчы.
Гэта ўзьлёт мой прыпыніўся з гора,
і таму са мною памаўчы...
 
 
 
 
У хвіліну болю
Беласьнежныя гусі лятуць пад аблокі.
Лёгка гойдаюць хмары над полем вятры.
З паднямонскіх крыніц маёй песьні вытокі.
На зямлі беларускай
                                              мае алтары.
 
Дрэвы ў роснай красе,
птушкі гнезьдзяцца ў гольлі,
шчабятаньнем вітаюць:
                                                  ці я гэты госьць?
На маўклівым, адвечным,
пагораным полі
баразной прываліла маю маладосьць.
 
Сьлёз, надзеяў
                                  у глебу пасеяна зерне.
Джаліць сэрца мне боль,
як гадзючын укус.
Памяняла спакой
                                      на адданасьць і вернасьць
за цябе,
о матуля мая Беларусь!
 
Дзівіць сёстраў, братоў
                                                  сэрца кволага мяккасьць
не параніў бы крылы суровы мой лёс.
У цяжкую хвіліну мне трэба паплакаць.
Я жанчына, жанчына...
                                                      Жанчыны са сьлёз.
 
Можна вынесьці гора,
стрываць небясьпеку.
Перацерпець.
Глыкнуць з поўных прыгаршчаў лек.
Але гэтак баліць, што ня плакаць мне нельга.
Утрымаецца камень, не жывы чалавек.
 
Мне даводзілася
                                    зь беспрытульлем змагацца.
Як баліць,
                      не ратунак сьлязіна,
ня лек...
Без гарачай сьлязіны як зь мілым расстацца,
калі гэта расстаньне назаўсёды?
Навек?
 
 
 
 
*  *  *
Ты маладосьць прыпамінаеш нечым –
вятры ў палёх,
трываласьць дужых дрэў
і моц зямлі –
дзяцюк шыракаплечы,
што мне руку
на сваім твары грэў.
 
 
 
 
*  *  *
Славяцца людзі гуманнасьцю спраў.
Ня сілай, а веліччу сэрца.
 
Хто ў хвіліну цяжкую руку мне падаў,
той братам навек застанецца.
 
 
 
 
*  *  *
У забыцьці.
Мяне ніхто ня чуе.
Насупраць ветру я адна стаю.
У марах толькі тое,
што люблю я,
і песьні, што ў душы бяз слоў пяю.
 
Ля вокнаў шчырыя шчабечуць птушкі,
махае бусел крыламі здалёк,
маланкай сіняй асьвятляе душы
сярод калосься ў полі васілёк.
 
Не, не адна.
Мне хмары з паднябесься
зьліваюць ціхі дожджык на загон.
На гольлі дрэў снуе вятрыска песьню,
яе зьвіваю і праду, як лён.
 
 
 
 
*  *  *
Хтось адыходзіць ад нас назаўсёды,
сьлёз не стрымаць,
                                          але, плакаць нам нельга.
Так адплываюць рэчышчам воды
у акіян, бясконца разьлеглы.
 
Сьвет, бы пажатая восеньню пожня,
шмат тут падцятага ўпала калосься.
Зернем у глебу асыпаўся кожны,
каб узысьці
                          і жыцьцё не зьвялося.
 
 
 
 
Не глядзі на мяне сумным позіркам
Сані шпарка лятуць, ноч з марозікам,
ў ясным небе павіс маладзік.
Не глядзі на мяне сумным позіркам,
прыпыніўшы затоены крык.
 
Думы – птушкі мае пералётныя
зоры-семя дзяўбуць на таку.
Сьнег нам выслаў дарогі палотнамі,
а марозік цалуе ў шчаку.
 
Разам мы, як пры першай сустрэчы.
Не сатлела зарава слоў.
Шлях над намі прываблівы – Млечны,
перад намі –
дарога дамоў.
 
 
 
 
*  *  *
Хай славіцца наш беларускі род,
душой зь вясны і воляю са сталі,
каб з гнёздаў нам ня пеўнікі на плот,
а горда арляняты выляталі!
 
 
 
 
*  *  *
Ні ў багацьці вялікім, ні ў беднасьці,
а ў дружнай сям’і ля стала
жылі б мы ў харошай еднасьці –
долі людской хвала.
 
Вясною хай сонейка сьвеціць,
рунеюць буйна палі.
Зямлі мы адвечнай дзеці,
нам хораша жыць на зямлі.
 
 
 
 
Маладзік
Не спыняй, ня кліч мяне за зоры,
я хаджу басонач па зямлі.
З паплавоў, што над ракою, хорам
мне вятры насустрач загулі.
 
Мые твар у цьмянай ручаіне
адзінокі кволы маладзік,
зь ціхай хаты выбегла дзяўчына,
на далоні вынесла ручнік.
 
Вышыты рабінкаю па белым,
перасьпелай, бы чырвоны жар.
Кроны дрэў лістотай шапацелі,
месяц пахіліў задумны твар.
 
Час дамоў, зачыніць маці дзьверы,
спрацаваная сям’я засьне.
Маладзік – свавольнік лёгкаверы.
Вецер зноў заблытаўся ў касе.
 
Незнароку белаю рукою
дзеўчына касу перапляла.
Затужыла песьня за ракою,
уздыхнула сонная зямля
 
Месяц плаваў па нябесным лоне
адзінокім зораным шляхом,
не прыпаў абліччам да далоняў
і ня выцер твару ручніком.
 
 
 
 
Крылатасьць
Кожны сябра крылаты свой ведае шлях,
неабмежны, ясны, да неба,
і куды скіраваць крыльля вольнага ўзмах –
павучаць крылатых ня трэба.
Быць сабой, нібы дужая птушка, расьці –
ці гарачы поўдзень, ці восень.
Не пратоптанай вузкай сьцяжынкай пайсьці,
а ляцець, куды думкі заносяць.
Знаем сьвятасьць гнязда. Сілай зьверылі лёт.
Непахісныя продкаў законы.
Ёсьць у нашай крыві прага новых высот.
А напрамак да родных загонаў.
 
 
 
 
*  *  *
Не аўтобусам выпадковым
ехаць больш або менш мінут, –
я хачу, каб зьвінелі падковы
аб прамерзлы студзеньскі грунт.
 
У сьнягі, як у белую пену,
ветрам зьбітую ля дарог,
уразаліся сані сьпеўна,
летучы пад гасьцінны парог.
 
I паверыць, у што ня верыцца.
I ня выпіць ні кроплі страху.
I падужацца зноў зь мяцеліцай
на крамністым жыцьцёвым шляху.
 
 
 
 
*  *  *
Мудрасьць сьпелую сівых вякоў
п’ю з народных жывых крыніцаў.
Паважаю чужых багоў.
Ды прывыкла сваім маліцца.
 
 
 
 
Сарока
Скакала сарока,
чорна-белабока,
                                    па кусьце.
Скакала, чакала,
зьнекуль выглядала
                                          ўсё гасьцей.
Вецер горна ўсхліпваў,
прыгаршчамі сыпаў
                                            сьнег на двор,
заносіў дарогі,
засыпаў парогі
                                  у дакор.
А яна скакала,
на шлях пазірала:
                                      будзе госьць!
Гурбы сьнегавыя,
коні вараныя –
                                  едзе хтосьць!
Рогат, сьмех на санях,
коні з кутасамі,
                                стрэл біча.
Выйдзі, гаспадарык,
з сонейкам па твары
                                              іх страчаць.
Махала сарока,
чорна-белабока,
                                  хвосьцікам,
скакала, кружыла
ды наваражыла
                                  госьцейкаў.
 
 
 
 
Гасьціна
Калі палеткі ад жніва астынуць,
як ляжа сум асеньні на лугі,
захочацца ў сялянскую гасьціну
на верасовы мёд і пірагі.
 
Тут п’юць з прынукаю:
– I на здароўе!
П’е гаспадар,
і п’е нявольнік-госьць.
Плывуць застольлем шчырыя размовы,
людскія сэрцы сьвецяцца наскрозь.
 
I я тут п’ю зь вялікай насалодай.
П’ю давідна, да пеўнікаў,
да дня.
Ня з чаркі – з сэрца роднага народа,
пяюньня-мова,
п’ю цябе да дна.
 
 
 
 
Раніца
Сонейка.
Клёкат бусьліхі.
Грабельніцы – на сенажаць.
З хаты выходжу паціху,
каб раніцы не спужаць.
 
Яна ля майго парога,
сьвежая, у расе.
Вецер з шырокіх разлогаў
пах чабаровы нясе.
 
Лісьцем гальлё трапеча.
Зазелянеў мурог.
Боязна траўку скалечыць
міжвольным дотыкам ног.
 
Стаю на парозе.
Сьмяюся.
На шкле заламаўся прамень.
Галёкае зь ніў Беларусі
нованароджаны дзень.
 
 
 
 
*  *  *
Гартаваны працоўнымі днямі,
дух ад ветру ўзмацьнеў,
                                                    акрэп.
Найсмачнейшы –
зароблены хлеб
маладымі сваімі рукамі.
 
Як ні многа ў юнацтве
патрэб,
з добрых спраў
добры лёс прадзецца.
Што за гонар –
накроіць хлеб
добрым людзям
                                  ад шчырага сэрца.
 
 
 
 
Як бацька чакае сыноў...
Ноч разгарнула бяззорны плашч,
стукае гольлем аб стрэху вішня.
Вецер і холад.
I дождж, як плач,
звоніць у вокны хаты зацішнай.
 
Нехта спазьніўся, нехта прамок.
Сушыцца хустка.
Варыцца страва.
У хаце ня ўсе, яшчэ сына здалёк
бацька чакае, прысеўшы на лаву.
 
Пэўна што прыйдзе, абы толькі змог,
ветру насупраць, на злосьць непагодзе.
Калі бацька стары чакае ў дзьвярох,
нанач дахаты сыны папрыходзяць.
 
Бо бацька і маці і родная мова,
узьнятая к славе амаль зь небыцьця,
паэтаў натхнёным і велічным словам,
для беларусаў – пытаньне жыцьця.
 
 
 
 
Вечар жыцьця
Вечар жыцьця ўжо ступіў на парог,
моўчкі да нас прабіраецца ў сені.
Ляснуў зьнячэўку ля клямкі замок,
уздрыгануліся вушы сьценаў.
 
У печы кафлянай паленьне трашчыць,
сум і цяпло, цішыня па пакоях.
Верная хатка старая стаіць,
вечар вартуе і рэшткі спакою.
 
Кніжкі навокал, душы дабрыня,
ціха прысела за стол чалавечнасьць.
Дзесь за дзьвярамі грыміць мітусьня,
якая ўжо сталаму сэрцу пярэчыць.
 
Сьцішана боль адплывае з душы.
Хата – прыпынак роднае мовы,
веры, што покуль народ будзе жыць,
мова прыдасца для шчырай размовы.
 
 
 
 
Песьня
Хай песьня будзе як песьня.
Ганаровы ў песьні ўдзел:
яна не напітак прэсны,
а самы моцны хмель.
 
Клёкат душы неспакойнай,
у сэрцы затоены боль.
Зь песьняю, як са зброяй,
выходжу ў няроўны бой.
 
Песьня – дыван мой росны,
наднёманскі сівы сказ.
Мае беларускія кросны,
каб думаў палотны ткаць.
 
Песьня – душа мая ў слове.
Сабраны бацькамі пасаг,
іх мудрасьці сівагаловай
ня сьцерты гадамі знак.
 
Нясу яе бездарожжам
у галаве сівой.
Каб толькі ня страціць, крый Божа,
ноты адвечнай сваёй.
 
 
 
 
*  *  *
Ня трактарам, што аглушальным гулам
збудзіў, узбударажыў цаліну, –
слоў лемяшом загон я закранула,
і зерня жменю кінула ў ральлю.
 
Ня буду я. Зярняты ўзыдуць, можа.
Да новых дзён унукі дажывуць.
Мы зжалі боль.
А маладое збожжа
на родных нівах хай яны пажнуць.
 
 
 
 
*  *  *
На зоры глядзець немагчыма.
Мігцяць з-за хмары, быццам дым,
і сьвеціцца месяц-лучына
на прыпечку неба глухім.
 
 
 
 
Жаночы клопат
З маладых дзявочых гадоў
слаўлю меч, паважаю кудзелю,
зьмест з-пад сэрца вырваных слоў,
народа жыцьцё і надзеі.
 
Наша доля – кудзеля, лён,
нітку віць зь недапрадзенай шпулі,
вартаваць адвечны агонь –
казкі, песьні забытай бабулі.
 
Дом – адвечная доля жанчын,
а ў час, для народа грозны,
ў нас мужчыны ўздымалі мячы
ў абароне краіны і гнёздаў.
 
Ў кволых пальцах мяча не ўтрымаць,
меч – для дужых мужчынскіх далоняў.
Нараджаць нам, не забіваць,
ўзгадаваўшым жыцьцё ў сваім лоне.
 
Усё ж апора, мы брацьця, пры вас,
ў цяжкой долі надзейная помач.
Зьдзекі лёсу ня ўмеем стрываць,
у бядзе здольны выстаяць поруч.
 
Сэрцам мёртвым патрапім збудзіць,
і агонь ажывіць ў папялішчах,
і, як Лада, аддана любіць
свае пушчы, свае гарадзішчы.
 
Грознай лютасьці ведаем сеч
і ў адчаі ля вас не застогнем.
Калі з рук вашых выпадзе меч,
мы падымем яго ў абароне.
 
Нараджаць нам, не забіваць.
Ў нас мужчыны дубы, мы – лозы.
Ўсё ж гатовы мы львіцамі стаць,
калі нішчаць зямлю нам і гнёзды.
 
 
 
 
Сон
Зоры гамоняць таемнай гамонкаю,
вецер шапоча ў кустох.
Рвецца і рвецца нітачка тонкая
ў кволых, нядужых рукох.
 
Жар ператлеў пад засланкай шэраю,
зьвечара сьвет не гарыць.
Стыне памалу саганчык зь вячэраю,
бабка стамілася, сьпіць...
 
Можа, здаюцца ёй межанькі росныя,
птушкаю хоча ўзьляцець,
хоча вярнуцца да дзён, дзе з пракосамі
сьмела ваюе касец.
 
Станам і ростам мог мерацца з топалем,
чубам – з пракосамі траў.
Поту гарачага срэбныя кропелькі
позьмухам вецер сьціраў.
 
Люба было завіхацца з грабелькамі,
сьмехам зьвінець маладым,
люба было прыбірацца нядзелькаю
з думкай дзявочай аб ім.
 
Клічуць музыкі бубнам, гармонікам,
танцамі, блізкасьцю рук,
песьняю сэрца, тугой неўгамоннаю,
кліча разгойданы круг.
 
Зьзяе галоўка стужкамі, косамі,
шчокі і вусны, як мак,
скачуць пад музыку ножанькі босыя,
яркі мігціць андарак.
 
Ў танцы на рукі, каханыя, мужныя,
лёгенька клоніцца стан.
Русыя косы з галоўкі закружанай
ўпалі яму на каптан.
 
...Недзе цвыркун расьпяяўся у трэшчыне,
месячык выплыў з-за хмар.
Сьняцца бабулі пракосы над рэчкаю,
ціха ўсьміхаецца твар.
 
 
 
 
Явар зь ветрам хіліўся
Явар зь ветрам хіліўся
буйным чубам далоў,
у сьвеце сын загубіўся,
зараз едзе дамоў.
Ён ляціць да старонкі,
як вясной жураўлі,
безь дзяцсй і бяз жонкі,
верны толькі зямлі.
А бацькі перад хатай,
як сям'я галубкоў.
– Адкажы, мілы тата,
дзе ты маму знайшоў.
Вось такую, што прала
лён на верацяне,
што ў бядзе пацяшала
і цябе і мяне.
Што зямлю засявала,
калі ты ваяваў,
і дабру навучала,
калі я падрастаў.
Словы мамы, як зь мёду,
вочы – сонечны сьвет,
колькі любасьці шчодрай,
мудрых лекаў ад бед.
Многа даляў праехаў,
многа сьцежак прайшоў,
як матуля, дзяўчыны
анідзе не знайшоў.
– Выбраў я маладую
празь дзьве хаты зь сяла.
Гэткіх здатных гадуе
толькі наша зямля.
 
 
 
 
*  *  *
Зноў па шыферы дождж бубніць.
Шапаціць па страсе саламянай.
Разагналіся дні – не спыніць,
безупынна нясуць у нязнанасьць.
Дум разгойданых не суняць,
па-льняному іх лад прадзецца.
Як высока сынам ні лятаць,
іх зямное пры іх застанецца.
Засяваць – дзядоў запавет.
Гладзіць воблік зямлі, не калечыць.
Трэ’ пакінуць такі на ёй сьлед,
каб сказалі аб ім – чалавечы.
 
 
 
 
*  *  *
Час, бы нітка льняная, прадзецца
днямі, месяцамі і няўпынна.
Ўсё, што сёньня трывожным здаецца,
заўтра стане малым успамінам.
 
 
 
 
Вецер нівы калыша
Вецер нівы калыша,
                                          сіні лён, цёмны лес.
І зямля быццам кніжка
                                                  адкрывае свой зьмест.
Накланяюцца ў ногі
                                              грывы сочных траў.
Хтось араў тут разлогі,
                                                  нехта сьцежкі праклаў.
Зарастаюць курганы,
                                              б’юць пабегі з камля.
То залечвае раны
                                      пасьля войнаў зямля.
Дождж ёй воблік змывае,
                                                        бельлю сьнег замяце.
Як зіма – спачывае,
                                          а вясной заьцвіце.
Невад сініх азёраў
                                      ноччу зь неба як з дна,
ловіць цьмяныя зоры
                                                і калыша да дня.
 
 
 
 
*  *  *
Розна бывае ў жыцьці і ў полі.
У людзей і ў прыроды патрэба адна:
нараджацца, расьці, расьцьвітаць без патолі,
покуль вясна.
Юных стагоддзяў вецер адчайны.
Засяваем, кахаем, чакаем пары.
Страты заўчасна, дарма падлічаюць.
Зноўку вясна. Цяплеюць вятры.
 
 
 
 
Лёт
Конь буланы, сядзёлка,
лёгка ногі – у стрэмя,
з жураўлямі гаворка,
ў вочы ветру бярэмя.
 
А насустрач бярозы,
цёмны лес і паляны.
Лёс бязьлітасны, грозны,
'шчэ пакуль што нязнаны.
 
Коні – чорныя хмары
па нябёсным дзядзінцы
капытамі кранаюць
камяні на гасьцінцы.
 
Хмары бліскаюць, грозяць.
Конь у дзёрзкім разгоне.
Я сьціскаю паводдзе.
Толькі ногі ў страмёнах.
 
Вецер хмары разгушкаў.
Страху быццам ня стала.
– Ах, дачушча, дачушка,
ледзь каня не загнала.
 
 
 
 
Дамоў
Дамоў – на масточак калінавы
рванеш – гатовы ізноў
падняцца, бадай, па-бусьлінаму
клякочучы песьні з палёў.
 
Дамоў – гэта сэрцам да сэрца.
Дабрыдзень, мая маладосьць!
Душой акрыяць, адагрэцца
і словам сагрэць кагось.
 
Тут хлеба акраец, як мёд.
Падушка, як пух лебядзіны.
Бацькі.
I магілы.
I род.
Зямлі сваёй подых глыбінны.
 
 
 
 
Пятру Клімуку
1

 
Хлопча палескі, з харошых найлепшы,
што вылецеў к сонцу з дрымотных балотаў.
Скуль мне узяць дасканалыя вершы,
вартыя гэтак далёкіх палётаў?
 
То ж Беларусь наша
ў хустачцы белай,
можа, ў квяцістай сьвяточнымі днямі,
узгадаваць свайго сына сумела, –
ўзьвіўся арлом з дарагімі сябрамі.
 
Шмат сілы ў зямлі
і шмат у народзе.
Жывём мы пачэсна
з надзеі і працы.
Шчодра палеткі жытнёвыя родзяць.
Высока ўмеюць сыны падымацца.
 
Дзякуй, што наш ты з палсекае вёскі,
слаўна ўзьляцеў і шчасьліва вярнуўся.
Дзякуй, што ў сэрцы адданым, сыноўскім,
насіў ты і носіш імя Беларусі.
 

2

 
Сын хлебаробаў палескіх і ўнук,
годнасьць
                      і гордасьць роднага краю,
зноў у палёце
                              наш Пётра Клімук,
зноўку барозны ўвысь пракладае.
 
Застыў у трывожным чаканьні народ,
матчына сэрца лякоча
                                                  і млее,
сьмелы,
                  высокі падзіва палёт,
такога і ў снох паляшук не лялеяў.
 
З плугам учора прайшлі па зямлі,
ня раз наравістых закілзвалі коней,
а сёньнечы ў космас вядуць караблі
упэўненай сілай сялянскіх далоняў.
 
Блізкі нам той,
хто дзеліць палёт,
разам глядзіць па касьмічнае зьзяньне.
Скажы яму, хлопча,
які мы народ
і перадай ад усіх прывітаньне.
 
Хай зь лёгкай тваёй і шчасьлівай рукі
на гонар і радасьць роднага краю
зь вёсак выходзяць пялешукі.
Хай у палётах цябе даганяюць.
 
 
 
 
Кастусь Каліноўскі
Калі ў бой на змаганьне з катам
выйшаў наш адважны Кастусь,
за плячамі ён меў занадта
мала вёснаў
                            і меў Беларусь.
 
Меў Кастусь свой адвечны, сярмяжны,
прагны шчасьця, працоўны народ.
Толькі волі жадаў недасяжнай –
нагароды з усіх нагарод.
 
Боль і путы, чужацкая цемра,
лад чужы, зьдзек чужы,
                                                  цар і пан.
Толькі ў сэрцы, як вогнішча, вера,
што народ будзе сам сабе пан.
 
Толькі сіла
                        у Яські з-пад Вільні
палымяных завостраных слоў
ды пад шэраю сьвіткаю крыльле
і размах, бы вясной у арлоў.
 
О свабода! Тварыла дзівосы –
змагара-каваля са слугі.
Ты вастрыла сялянскія косы
у гарніле адчаю, тугі.
 
 
 
 
Час зубамі клацае ў застрэшшы
Час зубамі клацае ў застрэшшы.
Час ня ведае,
што хоча сам.
Я ў яго сышчу,
што мне належыць,
і табе, зямля мая, аддам.
Буду ведаць,
што жыву ня марна,
калі праўда ў песьні прарасьце,
пашыхуе ўсё з рукі ахвярна,
што ад сэрца,
                              тое зацьвіце.
Сьлёз гаручых гарцамі ня мераю.
Не скупая,
                      сілы не лічу.
Крочу ўперад,
                              спадзяюся, веру:
што пазычыла, усё сышчу.
I аддам Радзіме.
 
 
 
 
*  *  *
Радасьць, як вецер.
Каханьне, як госьць.
Дасягнутасьць шчасьця
ўжо шчасьцем ня ёсьць.
 
 
 
 
Люты
Холад люты да касьцей праймае,
аж за душу лапамі бярэ.
Стыне ўсюды, мерзьне, замярзае.
Ходзіць важна люты па дварэ.
 
Сьмех і грэх.
А колькі фанабэрыі.
Без кажушка цераз двор ня ход.
Заінелі шыбы, нават дзьверы.
За парогам стыне галалёд.
 
Люты-дзьмуты:
– Паваюю з вамі.
Вы сягоньня ўсе ў маіх руках!
 
За плячамі – сакавік з братамі
сеюць у прастор вясновы пах.
 
 
 
 
Белавежа
У Белавежу ўвайшла, нібы ў храм.
Стромкіх дрэў
                              маўчаць калоны.
На кары каля шрама шрам,
бы счарнелі старыя іконы.
 
Кроплі смольныя,
нібы перлы.
Кроны
купал неба падперлі.
 
Пахіліліся долу кусты.
Пах ядлоўцу густы,
                                          густы.
 
Ціха тут, толькі сэрца стук.
Тут касуля прывыкла да рук.
 
Жар суніцаў – кроў зь нечай раны,
незагоенай, набалелай.
 
Узьлятае бусел з паляны –
падалося –
                        як кужаль белы.
 
Зубр на мох, бы ягнё, прылёг
ля бярозаў у белай адзежы.
 
Калі недзе існуе Бог,
тут ён, пэўна, у Белавежы.
 
 
 
 
На сутоньні
Добры вечар у хату.
З зацярушаных дрэў
сьцюжай іней кудлаты
мне на сэрца асеў.
Тут агонь наш у печы.
Жар, якому ня стлець.
Цеплынёю спрадвечнай
мне б душу адагрэць.
На дыван паўзірацца,
слова шчырае ўчуць.
Адпачыць посьле працы
ў шчырай хаце хачу.
 
Дрэмле вечар на лавах.
Рэй дзіцячы прыціх.
Посьле сьнежных завалаў
адпачыну пры іх.
 
 
 
 
*  *  *
Сумна сягоньня.
На плечы вецьця
накінуў вецер
хустку сутоньня.
 
Месяц ня сьвеціць,
згубіўся недзе
ў цёмна-блакітнага неба прадоньне.
Пагасьлі вокны.
У поцемку зрэбным
стаяць натруджаныя сялібы.
 
Выплеснуў вецер
з прадоньня неба
на грудзі хмараў
                                  месяц,
як рыбу.
 
 
 
 
*  *  *
Я ад зямелькі крыльлем адштурхнуся
і абміну ў палёце чорны жах.
Лячу душой са сьцежак Беларусі
на недасяжны, паднебны шлях.
 
Унізе бор пад ветрам студзіць шаты.
Уверсе ноч запальвае агні.
Свая туга, свае шляхі ў крылатых.
I праўды сьлед ясьнейшы з вышыні.
 
 
 
 
Па-беларуску
Задумана стаяць на ўзьлесьсі хвоі.
Вятры зь бярозаў лісьце замялі.
Нам дорага заўсёды ўсё жывое,
што побач з намі дыша на зямлі.
 
Равуць зубры, як продкі навучылі,
сівую пражу павукі прадуць.
Арол у хмарах распраўляе крылы,
каб даляцець да мэты вольных дум.
 
I добра так бывае ў сьвеце, строга.
I нельга кідаць лёс на самацёк.
Свой шлях у кожнага, свая дарога,
праверана вякамі і жыцьцём.
 
З дабром да роду, з ласкай да суседзяў –
ад прадзедаў парадак на зямлі.
Шурпатасьці, усе памылкі, беды
вякі даўно нам з душаў саскраблі.
 
I гонар свой – ня трэба нам благога.
I звычай свой па-людску жыць зь людзьмі.
Дабро сваё, ня трэба нам чужога.
I будзе ўсё. Бо з працавітых мы.
 
Зжынаем хлеб. Гадуем скібу-скварку.
Ня ворагі, сябры ў нас навакол.
Умеем хораша разладзіць сварку:
– Сядайце, госьцейкі, за наш гасьцінны стол!
 
 
 
 
Верасень
Верасень у тумане
бульбяны, багаты.
Вецер яблыні гне,
абтрасае ля хаты.
 
Дзед прылёг на мурог
і атавы ня косіць,
з дрэў яму каля ног
сыпле золата восень.
 
Каб жа сілу зьбярог,
назьбіраў бы са жменю
срэбра-медзі з дарог,
каб зьвінела ў кішэні,
 
ды пайшоў бы да той,
што, як ранак, сьмяецца,
што забрала спакой
ды прывабіла сэрца.
 
Было б меней гадоў,
як тады, як калісьці,
закружыліся б зь ёй,
бы асеньняе лісьце.
 
Была сонейкам, ласкай,
абразком маляваным,
чарадзейкаю-казкай,
песьняй недасьпяванай,
 
зоркай недачаканай,
зь недажатай палоскі
анікім не сарванай
польнай ружай ля вёскі.
 
Уздыхнуў аб пары,
як прыдумваў забаву...
Растрасаюць вятры
па пракосах атаву.
 
Галавы не падняць.
Небасхіл, як сьляза...
I шуміць сенажаць,
адзьвінела каса.
 
...Кажуць, блудзіць душа
па балотах, імшары,
як памрэш загадзя
ад нязьдзейсьненай мары.
 
 
 
 
Сын і матуля
Адплывалі няўпынна ў вечнасьць дзеі быцьця.
Гадавала жанчына каля сэрца дзіця.
 
Спавівала пяшчотай, сагравала дабром,
шчырых думак палётам,
                                                      што плылі з малаком.
 
Вырас любы саколік – дрэнным людзям дакор.
Ясным чубам да столі,
шчырым сэрцам да зор.
 
Сны юнацкія сьняцца, боль душу закрануў.
– Не сумуй, мая маці,
                                                што пакінуў адну.
 
Твае вочы – сьвітаньне, твае рукі – цяпло.
Безь цябе ні каханьня, ні жыцьця б не было.
 
Але мне, маладому,
                                            што ля рук тваіх рос,
захацелася грому зь недасяжных нябёс.
 
 
 
 
*  *  *
Мне патрэбны бор стары сасновы,
дзе на рукі сочыцца жывіца.
Мне патрэбна роднай чыстай мовы
з сырадоем у сяле напіцца.
Слоў айчынных,
слоў сардэчных жменю,
мудрасьці мінулых пакаленьняў.
Цеплыні суседскае сустрэчы,
хаты ціхай, добрай,
мірнай працы.
I адносін шчырых, чалавечых.
Быць людзьмі.
Ня толькі імі звацца.
 
 
 
 
Разьвітальна заплакала восень
Разьвітальна заплакала восень,
кроплі сьлёз на маім вакне,
ветру вольнага хор стогалосы
ў чыстым полі сумуе па мне.
 
Я з раўнін, дзе туманна і сіне,
вольна сэрцу, прасторна для дум.
Гасіць восень дажджамі касымі
жар рабінаў.
Сячэ лебяду.
 
З урадлівых засеяных гоняў,
з чыстых рэк,
што ўвабралі ў плынь
ліўні сьлёз сялянак прыгонных
і няволі агорклы палын.
 
Зь беларускай учэпістай гліны
і з рабра прынямонскіх вярбін,
я галінка ля белага тыну
незабыўных адвечных сьвятынь.
 
Маё сэрца зь зямлёю зраслося.
Калі восень бярозы сагне,
ветру вольнага хор стогалосы
ў чыстым полі сумуе па мне.
 
 
 
 
Хмары
Неба бяскрайняе,
неба над хатамі.
Сунуцца хмары ляніва ўгары,
нібы кудлатыя і барадатыя
выйшлі на вольную пашу зубры.
Кінулі дом свой –
пушчу адвечную,
выйшлі з гушчэчы,
нібы з даўніны,
каб нагадаць па дарозе сустрэчным
’шчэ ў нэтрах равуць начамі яны.
 
 
 
 
*  *  *
А вясна жыцьцядайная, дружная.
Засьмяялася сонца ўгары.
Белы сьнег, як палотнішча кужалю,
у сувой згартаюць вятры.
Птушкі з выраю.
Ты не са мною,
і дарма цябе ў хату чакаць.
I душы маёй не загоіць
распагоджаны сьпеў жаўрука.
 
 
 
 
*  *  *
Зіхаціць за сьцяною чаротаў
накрухмалены Нёмна абрус.
Што спыняе думак узьлёты,
я пакіну, як цяжкі груз.
 
Песьня, песьня, народная ліра.
Я з кайданаў яе узьняла.
Што ні нота – адкрытасьць і шчырасьць.
Скарб адзін – дарагая зямля.
 
 
 
 
У нас
Вочы мае сонныя.
Сны на вейках.
Не заспалі сонейка,
салавейка.
 
З ручніком кужэльным,
каб памыцца
раньняю расою, –
да крыніцы.
 
Быдла за ваколіцу.
На прастор дзеці.
Жыта ў пояс клоніцца.
Вее вецер.
 
На льняным настольніку
хлеб духмяны.
Сыр, аладкі на століку
да сьмятаны.
 
Дык яшчэ з прынукаю,
як вядзецца:
– Ешце, ешце, госьцікі,
бо ад сэрца.
 
 
 
 
Верш
Народ паважаеш, адкрыта жывеш –
прыходзіць натхненьне ад шчодрага сэрца.
З маленькіх пачуцьцяў ня зродзіцца верш,
як з пустога вядзерца вада не нальецца.
 
Шмат чаго трэба ў душу увабраць.
Там зьмесьціцца больш, як у нашых далонях.
Зачэрпнуць з крыніцы сьвятла і дабра –
хай наша мінуласьць празь вершы гамоніць.
 
Пісаць пра мінуласьць – ня крочыць назад.
Пісаць пра сучаснасьць – ня рвацца наперад.
Трэба ў паэму жыцьцё нанізаць –
зважыць былое, у заўтра паверыць.
 
Вершы пісаць, як любіць і цярпець.
З праўдаю лёс залучыць назаўсёды.
Ня ўчора пачатак,
ня заўтра канец
надзеям і думкам узьлётным народа.
 
 
 
 
Зямля
О зямля!
Сноў сялянскіх калыска,
беларуская наша доля.
Ты, як маці, нам родная, блізкая.
Наша поле, шырокае поле.
 
Ные сэрца соладка-соладка,
маладзенькая грыва руні,
і палеткаў бяскрайніх золата,
і тарпіны снапоў на гумнах.
 
Ўжо арэм і жнём мы машынамі,
нават дзічак не абмінаем.
Ты ж цьвіцеш, як цьвіла, шыпшынаю,
ты шуміш тапалёвым гаем.
 
Мы аднымі дажджамі змытыя,
мы са сьцюжы,
зь нялёгкай долі,
з родных песень,
з палеткаў жыта мы.
Урадлівае наша поле.
 
 
 
 
*  *  *
Верны будзь слову,
якім Купала,
прарок народны,
сэрцы ўзварушыў.
 
Верны будзь слову,
якое ўпала
з матчыных вуснаў,
як зь неба,
                        ў душу.
 
 
 
 
*  *  *
Толькі чыстыя сэрцы пяюць.
Толькі птушкі, вітаючы сонца
ды калі свае гнёзды ўюць,
звоняць песьнямі ў неба бясконца.
 
Гэта подзьмух жывучай вясны,
ясных промняў няўлоўная жменя
прабудзіла кругом галасы
маладосьці, сілы, квітненьня.
 
Сум праходзіць мінулай зімы,
заміраюць нягоды жыцьцёвыя,
падымаецца радасьць зь зямлі,
сакавіцкім павевам адноўленай.
 
Сіла крылаў ня знае граніц,
абмінаючы сьцежкі глухія,
п’е душа зь першародных крыніц
беларускай адвечнай стыхіі.
 
Вырываецца песьня у сьвет
моцнай прагай дабра і свабоды
за птушынымі песьнямі ўсьлед.
I паэты птушынага роду.
 
 
 
 
Крыніцы
У бязьмежную эру касьмічную,
бы ў сівую пару лучын,
б’е празора вада крынічная,
абмываючы пяткі вярбін.
 
Той, хто зьведаў
                                      палётаў кружэньні,
даль міжзорных шляхоў без граніц,
нахіліўся, глыкнуў са жмені,
каб шылінкі ў яе не ўраніць.
 
Як бы высака мы ні ўзьляталі,
як далёка б мы ні былі,
нас да вербаў крынічкі вярталі.
Мы юнацтва з крынічак пілі.
 
 
 
 
Вецер
За вокнамі дождж,
                                          не бадзёры, ня звонкі,
плакаў, аб тым на'т ня знаў.
Вецер рабіны чырвонае гронкі,
як пацеркі, перабіраў.
 
Сэрца трапеча ў нясталага ветру:
– Красуня, суцеш,
                                        супакой.
Чаму не злажыла караляў ты лстам,
я ажаніўся б з табой.
 
А то заручыўся зь бялявай бярозкай,
косы ёй плёў давідна,
верна чакала абдымкаў за вёскай,
сёньня бязь лісьця яна.
 
Гутаркі ветру былі несумесныя.
Зазіхацела рабіна красой
і засталася асеньняй нявестаю,
жонкаю нічыёй.
 
 
 
 
Буслы
Ходзяць госьці – буслы на даліне.
Скуль да нас прыляцелі,
сябры?
Крэкчуць жабы на дождж
                                                          ў лугавіне,
салаўі засьпявалі ў бары.
 
Сьмела, бусьлікі, лётайце дома,
віце гнёзды бліжэй каля нас.
Ў нас усё, як даўней, па-старому,
хоць і новы,
як кажуць, час.
 
Можа, крыху інакшую, звонкую,
па-старому каб вас прывітаць,
мы зацягнем на дрэва баронку,
каб лягчэй вам гняздо будаваць.
 
Гэтак многа шырокіх дарогаў.
Нам мілей даль палёў і лясы,
дзе вякамі да нашых парогаў
прылятаюць на весну буслы.
 
 
 
 
Смага
Жывым струменем з нэтраў б’е
халодная, бы лёд,
                                      крыніца.
Як праўду,
чэрпаю яе
зь зямлі, што мне не чужаніца.
 
Цячэ вадзіца проста ў збан.
А пэўна, што лягчэй удвое,
паволі адкруціўшы кран,
напоўніць конаўкі вадою.
 
Пайду насуперак вятроў
насустрач ніў і польных макаў
пад ценем ліпаў і дубоў
па воду тую,
што да смаку.
 
 
 
 
Вайной
Сэрца маці начамі ня сьпіць,
лекаціць, як зыманы голуб.
Сэрца маці за ўсіх баліць.
Белізна пакрывае годаў.
 
Нарадзіць,
                      карміць,
                                        гадаваць.
Чуць іх голас, бачыць усюды
і вайне на няміласьць аддаць
ды чакаць чорнай весткі ці цуду.
 
Хмарай зноў груганам кружыць
над пабоішчам.
Тлець папялішчам.
Як жа зроблена мала,
каб жыць.
Як жа зроблена многа,
каб нішчыць.
 
 
 
 
*  *  *
Сьвішча вецер ашалела, востра,
хлешча гордую душу маю.
зь непагодай у адзінаборсьцьве
вытрывала ўсё. Яшчэ стаю.
 
Не зламалі недругі і гора.
Бо ў часы праверак і нягод
пунктам непахіснае апоры
быў такі трывалы мой народ.
 
 
 
 
Жыць
Жыць – гэта ў заўтра праменнае верыць,
з паднятай ля злыдняў прайсьці галавой.
Жыць – гэта знача прачхнуцца ад цемры
і сонца убачыць над сумнай зямлёй.
 
Ў хаце з пахучых сасновых бярвеньняў
з нашым гаючым сямейным цяплом
бачыць, як шчыра ўсе тры пакаленьні
сыдуцца разам за поўным сталом.
 
Жыць – калыхаць і на вечнасьць праводзіць,
род свой і мову кахаць, сьцерагчы.
Хай зьзяе, хай вечна ў крыві нашай бродзіць,
роднаю песьняй чаруе ў жыцьці.
 
Мудрасьць дзядоў і дзяцей шчабятаньне,
гожасьць жаночая, сіла мужоў,
дзіўнасьць і сьмеласьць, жывое сьвітаньне,
ў якім адчуваецца верная кроў.
 
Сіла ў далонях ды посьпехі ў працы,
спогадзь суседзская, літасьць ў бядзе,
гордая мужнасьць за праўду змагацца,
пашана і вартасьць сапраўдных людзей.
 
Жыць – кідаць вечна у ворыва зерне,
садзіць маладыя лясы і сады,
то дотыкам ног цалаваць тую землю,
дзе цяжка ступалі бацькі і дзяды.
 
 
 
 
Будую дом
Будую дом. Палац ня ломкай гліны.
У друз парассыпаецца бэтон.
Жывых людзей прывальваюць руіны.
Я пабудую трывалы дом.
 
Са сьцежак ён, што праляглі празь церні.
Ён са змаганьня, дзе мае сьляды.
З малога і вялікага цярпеньня,
народзе мой, стары і малады.
 
Мой век мінуўся, жудасны і сумны.
Зь сяўні маёй наступіць умалот,
як будзе жыць акрылены, разумны,
паэтамі праслаўлены народ.
 
 
 
 
*  *  *
Ноч дыша цяжка, канае нібыта,
і таму так нявесела мне.
Неба зорамі моцна прыбіта,
так пагрозна маўчыць у вакне.
Не. Ня трэба! Цяжкасьці-важкасьці
слабым, прывучаным ныць
маем права жыцьцёвыя радасьці
на зямлі між людзьмі падзяліць.
Вымыты ў росах, прапахнуты зёлкамі,
абапёршыся на пляцень,
падперазаўся цуднай вясёлкаю
нованароджаны дзень.
 
 
 
 
Мароз
– Я дужы. Захочу – замучу да сьлёз.
Спыню, закаваю крыгі.
Усё анямее...
                              Хваліўся мароз,
пакуль не было адлігі.
 
Не ад такога ліхога, як сам,
што мучыць, марозіць бясконца
і нораў дыктуе жорсткім вятрам, –
загінуў мароз ад сонца.
 
 
 
 
Кволасьць
Жаночае амаль ня знаю кволі,
хоць сэрца тужыць восеньню па ёй.
Жыцьця ўмалот вятры перамалолі
і скроні на’т абсыпалі мукой.
 
Я на тваіх разлогах – чарацінка,
зямля мая,
                      мой солад і мой боль.
Мой жытні хлеб з духмянаю скарынкай
на твой абрус
                              пакласьці мне дазволь.
 
 
 
 
*  *  *
Цягнуцца ў неба таполі.
Шлях нацянькі да сяла.
Я заблудзілася ў полі,
сьцежкай крутою пайшла.
 
Дуб у задуме глыбокай.
Гнецца вярба да зямлі.
Тутака вераць ва ўрокі,
пэўна, мяне ураклі.
 
Пахла ля ног канюшына.
Буйна цьвіла сенажаць.
Поле мяне навучыла
з родных дарог не змыляць.
 
Часам спынюся ад болю.
Моўчкі пот вытру з чала.
Я заблудзілася ў полі,
сьцежкай крутою пайшла.
 
 
 
 
*  *  *
Іду скрозь зялёныя шолахі дрэў,
адна між падоўжаных ценяў.
Пух тапаліны на скроні асеў.
Ня зьдзьмуць яго ветрам асеньнім.
 
 
 
 
Дом дзяцінства
Працягнулася дарога
моўчкі за сялом.
Там, за марывам разлогаў,
мой вясковы дом.
 
Зьлева – альшына густая,
луг цьвіце, як май.
Справа ў неба вырастае
белазоры гай.
 
Пахне сьвежа бор сасновы,
каля ног чабор.
Расьсьпяваўся дзень ліпнёвы,
бы пчаліны хор.
 
Ходзяць там «буслэ» паволі
зелена кругом.
Мной пакінуты між поля
мой вясновы дом.
 
 
 
 
Зубр-адзінец
Зубр-адзінец ад статка адвык,
не ахвярай, а панам у лесе.
Адзін, як пілігрым, што ў сьвятыню пранік.
Адзін, як арол паднябесьсі.
 
Наканаваньне накрэсьліць кругі,
разгон, узвышшы палёту.
Каго палюбілі аднойчы багі,
сіла яго – адзінота.
 
Красуецца статак прыплодам цялят,
гульнямі ў травах пахучых.
А ў сэрцы адзінца інакшы загад –
быць рыкам адвечнае пушчы.
 
Стойбішча статка і статка лугі.
Адзінцу – трывога ў сэрцы.
Каго палюбілі аднойчы багі,
са статкам той не сальецца.
 
 
 
 
*  *  *
Нада мною столь з дошак і бэлек
пралягла на бярвеньнях тугіх,
стырчаць гакі старых калыбеляў,
ноч мінуласьць калыша на іх.
 
 
 
 
*  *  *
Песьня каронай на голаў лягла,
зь церня вянком на чало.
Песьня-сяброўка з малога сяла
сьціплая, нібы сяло...
 
Хочацца рукі шырока падняць
і даць ёй свабодны ўзьлёт.
Хай кружыць, буркуе, пяе, як вясна,
прарваўшы праменьнем лёд.
 
 
 
 
*  *  *
З болю народа,
                                  зь ягоных надзей,
як любоў і сумленьне сьвету,
як носьбіты вольных і сьветлых ідэй,
зь зямлі прарастаюць паэты.
 
Шкода, ня кожны аб ёй запяе,
парад у яе запытае.
Хоць сіла, што й дрэвам магутнасьць дае,
ў сваіх нэтрах і песьню стварае!
 
 
 
 
Паэты
Поўнае сэрца ўзьнёслых турбот,
красою зямлі захапленьне.
Паэты – зусім не манашаскі род.
Паэты – жывыя стварэньні.
 
Не па разьліку бывалых людзей,
папаўшыся ў пераплёт,
слухаюць сэрца.
Яно праўдзівей,
ім крэсьліць напрамак, лёт.
 
З шэрасьці твораць жыцьця ідэал
і сьмела наперад варожаць.
Ля вогнішча – думаў натхнёны запал
і песень разьліў пераможны.
 
Ня ўсе зь ім музыкі,
ня ўсе салаўі,
што зоры трывожаць начамі.
Бязь енку ў цярпеньні,
бяз страху ў баі.
 
Паэты бываюць арламі.
 
 
 
 
У песьнях ёсьць хлеб
А мяне, мусіць, з гора
нарадзіла зямля,
толькі ціхай пакоры
ў сэрца мне ўліла.
 
Ноч, як подых хаўтурны,
на’т зара не ўзышла,
не з праменьня, а з буры,
мусіць, выйшла душа.
 
Сонца на небасхіле.
Кружыць птах над зямлёй.
Ён пазычыў мне крыльле
і паклікаў з сабой.
 
Крыльле – скарб небагаты.
Ўзьлётаў не падзяліць.
Не хапіла зярнятаў,
каб усіх накарміць.
 
Толькі песень хапіла,
каб хтось духам акрэп.
Пэўна, ў песьні ёсьць сіла.
Пэўна, ў песьні ёсьць хлеб.
 
 
 
 
Успамінала дзяўчынанька
Успамінала дзяўчынанька
залатую вясну.
Да магілачкі вернай быць –
хто цалуе адну.
 
I зімою ці летам
цераз буры і сьнег
за такім ісьці сьледам,
хто кахае навек.
 
Быў жа – доляю высьнены –
сэрца болем крануў,
Вусны – сьпелыя вішні –
пунсавалі яму.
 
Як ішлі ганаровыя.
Ён ад брата вярней.
Ды такія гэроямі
паляглі на вайне.
 
 
 
 
*  *  *
Будзьце з пагодай, мірныя дні –
плён чалавечае працы.
 
Будзьце з лагодай,
сьмелыя сны,
што сэрцу людскому сьняцца.
 
Будзь урадлівай заўсёды,
зямля,
шчодрай, вільготнай вечна,
што родным братам прытулак дала
ў сям’і сваёй чалавечай.
 
Але ў блакіце азёраў і рэк
з косамі сьпелага жыта
радзіма чакае вас,
як Сольвэйг
чакала калісь Пэр Гюнта.
 
 
 
 
*  *  *
Моладзь ня сьпіць, ня сьцішыць сяла –
тужаць, кахаюць гітары.
Ночка-цыганка высока ўзьняла
месяца поўную чару.
Воблеск далёкіх нязнаных планет.
Сад у шпакоў перагудзе.
Як жа харошы, расквечаны сьвет –
на вечную радасьць людзям!
 
З сэрцаў чуцьця, нібы кіпень з каўша,
сіла бурліць маладая.
Плешчацца ў песьнях жывая душа,
долю з-пад стрэх выклікае.
 
 
 
 
*  *  *
Сёньня месяц, рагаты і грэшны,
блудзіць небам, шукае прыгод.
Гэткай ноччу складаюцца вершы
аж да раніцы навылёт.
 
 
 
 
*  *  *
Час імчыцца.
Мінуласьці соладка сьпіцца.
Новых думак і мараў ня пафасны
хор,
новай праўды другія,
жывыя крыніцы
разбудзіў звышракетны,
шалёны віхор.
 
Не, ня атам!
Няхай лепш у стомленых сэрцах
стане розум насупраць тупых кулакоў.
Дасягненьні навукі
ў паядынку са сьмерцю.
 
Супраць згубы планэты
ўся мудрасьць вякоў.
 
 
 
 
Дзе блудзяць сны
Цішыня раўнамерна плыве за вакном,
як жыцьцё без прынады, бязь сьмеху.
Часам вецер зазвоніць аб шыбу крылом
ці заб’ецца з разгону аб стрэху.
 
Я лічу павароты ўжо пройдзеных дзён.
Тых, што прыйдуць,
                                            спазнаць не умею.
Час плыве.
Я ня сплю.
Заблудзіўся мой сон
ва ўспамінах суровых завеяў.
 
 
 
 
*  *  *
Айчына – адвечнае слова з глыбінь
з жыцьцём удыхнулі у сэрцы.
Долі палын і надзеяў цяплынь
і вернасьць надзеям да сьмерці.
 
Айчына – зямелька,
                                          магілы дзядоў,
іх думкі і творчая праца.
У сьнежную замець дарога дамоў
то – не баяцца!
 
То – радасьць сьвітаньня
                                                        і сум вечароў,
ад сонца салодкая ўтома.
То – сьветлая,
                              верная ў сэрцы любоў.
Айчына – то дома!
Дома!
 
Спрадвечная доля –
жыць і ўміраць.
Працягласьць супольнага роду.
Ці будуць часамі сыны ўспамінаць,
як пойдзем ужо назаўсёды?
 
 
 
 
Бяссоньне
Апалі хмары – кудзелі клочча –
з начное цьмы за шэры небасхіл.
А маладзік ад пацалункаў ночы
у рукі дзеўчыны
                                    упаў бязь сіл.
 
Зарою сьветлай неба закранула.
Збудзілі птушкі поле да жыцьця.
А я зусім пакуль што не заснула –
гаворцы з сэрцам не чутно канца.
 
Паэтаў сон і недарэчны.
Тут мары зь яваю не пагадзіць.
То – дыялёг,
напружаная спрэчка
Таго, што ёсьць
і як магло ўжо быць.
 
 
 
 
Жняя
Белая кашуля
і сярпок праз плечы.
Тканая спадніца, хвартушок квяцісты.
Вось ідзе дзяўчына
і пяе, шчабеча
зь ніваю дасьпелай,
з раньнем залацістым.
 
Ды на постаць стане,
загарне калосьсе,
зубленым сярпочкам сабярэ ў далоні.
 
Золата цяжкое,
каб не растраслося,
лёгенька і спрытна
да зямлі наклоніць.
 
Ды уздыме жменьку
йзноў над галавою.
Ды калосьсем сьпелым,
бы праменьнем ясным,
зь лёгкасьцю птушынай
ўскалыхне зь любоўю
і паложыць жменю ўніз на перавясла.
 
Адарвецца часам, сноп высокі зьвяжа.
За сабой паставіць ветру на забаву.
I стаяць снапочкі залатою стражай
ля мяжы зялёнай з чубам кучаравым.
 
Кончыцца дзянёчак,
дык на ржышчы гладкім
зжатаю дарогай у сутоньні шэрым
стройныя снапочкі сыдуцца ў дзесяткі.
 
А дзяўчына пойдзе
ў хату на вячэру.
 
 
 
 
Асеньні
Сонейка ня выйшла больш на неба
ў золаце ад галавы да пят.
 
Дзень сягоньня апрануўся
                                                          ў зрэб’е
хмар абшморганых
і хмаранят.
 
Нават вачаняты не сьмяюцца
пад асеньні,
пад імглісты шум.
 
Туманамі ў галаве снуюцца
пасмы сумных
                                жураўліных дум.
 
Адлятае,
заціхае радасьць.
Толькі сэрца стогне,
                                            бы крумкач,
быццам бы прыгнула нас адказнасьць
за віхураў безуцешны плач.
 
 
 
 
*  *  *
Мы паэты,
высокі ўзьлёт.
Нам да хлеба –
глыточак славы.
Каб расплавіць на Нёмне лёд,
неба дорыць нам вершы-праявы.
Мы адкрыта глядзім на сьвет,
наша вогнішча не патушаць.
Мы застогнем –
наш сьпеў, як сьлед,
застанецца адбіткам на душах.
 
 
 
 
*  *  *
Па гасьцінцы, капытамі ўбітым,
шпарка едзе параконны воз.
Паганяе вецер хваляй жыта,
звоняць росы ў кучарах бяроз.
 
Пчолы ў вульлях шчэ. Ранютка раньне.
Прачынаецца ледзь-ледзь сяло.
Толькі што нясьмелае сьвітаньне
чарку сонца ў неба падняло.
 
Бор прачнуўся ў важкім задуменьні.
Бронзу сосен дзятлы не куюць.
Ад глыбокіх векавых карэньняў
маладыя паросткі растуць.
 
 
 
 
*  *  *
Сонечна.
Ветрыку ціхі напеў.
Ладзіцца подступ шчодраму лету.
Цёмная зелень
разгалістых дрэў
мяне аддзяляе ад сьвету.
 
Кветкі навокал.
Травы ля ног.
Я не пайду
за блакітны той плёс.
Хаты сялянскай стаптаны парог
мне падарункам належыць...
Мой лёс...
 
 
 
 
Начная акварэль
Такая ноч.
Не зварухнецца вецер.
Галіна не зварушыцца назьдзіў.
На зрэб’і хмар
з бурштыну бранзалецік –
прынадна сьвеціць кволы маладзік.
 
Апошняе сьвятло ў вакне пагасла.
Мядзьведзем расьцягнуўся цёмны бор.
Ў задуме ўсё.
Адны толькі Пэгасы
кранаюць капытамі зор.
 
 
 
 
*  *  *
Выходжу над Нёман пад клёкат буслоў,
углыб запускаю невад.
Ці будзе на шчасьце багаты улоў,
трудна згадаць наперад.
 
Сьцелецца травамі бераг ракі,
уздрыгвае гладзь вадзяная.
Плешчуцца ў хвалях язі, шчупакі,
сом паветра глынуць вынырае.
 
З тоняў, з глыбінь ля сваіх берагоў
невад цягнуць – асалода.
Выплеснуць зь вершы тугіх шчупакоў,
а плотак пусьціць у воду.
 
 
 
 
*  *  *
Зашумела ў задумным лесе,
загайдалася ў вышыні.
Ува мне старадаўняя песьня
запусьціла свае карані.
 
З-пад сярпа прагучэла калісьці
ля зярністых жытнёвых снапоў,
Калі бусел гайдаў калыску
яснавокіх дзіцячых гадоў.
 
 
 
 
*  *  *
Жыць бы на аднасельлі,
дзе на дасьвецьці
стукоча ў скроні,
будзіць са сну вецер.
 
Жыць бы на аднасельлі –
зораў шукаць у прысадзе,
прасьці вятроў кудзелю,
што некалі не дапрадзена.
 
Агонь патрэсквае ў печы.
Каханьне шчыра шчабеча.
Ад шчасьця маўчыць, як бяздоньне,
гаючае Прынямоньне.
 
 
 
 
*  *  *
Падкрадаецца зьнячэўку страх
ды рукой кашчавай сэрца ўшчыміць.
Цьвёрда на сваіх стаю нагах
і гляджу цьвярозымі вачыма.
 
Каб мякіны за ўмалот ня ўзяць,
лёгкае слаўцо кладу на вагу.
 
Каб хлусьні ды праўдай не назваць,
я знайду яшчэ ў грудзёх адвагу.
 
 
 
 
*  *  *
Напластаваньне пройдзеных гадоў –
ужо амаль курганьне нарастае.
I сэрца халадок, і сьнег віскоў,
які ў вясновы поўдзень не растане, –
нагадваюць далёкі цяжкі шлях,
куды паеду, скуль няма звароту.
Застыне іней ў цёмных валасах
вянком апошнім шчыраму народу.
 
 
 
 
*  *  *
Розна бывае.
I зноў неспакой.
Нялёгка мне, не пярэчу.
Долю бяру жаночай рукой,
нібы каня пад вуздэчку.
 
Будзе ў нагу паслухмяна ісьці.
Волі маёй ня здрадзіць.
Ня дам сябе ў бездарожжа нясьці
па дзён маіх лістападзе.
 
Жыву – гэта значыць зноў на кані.
З зацуглянаю доляю.
У прорву рване – не баюся ані.
 
Праскачу?
Утрымаю?
Ня здолею?
 
 
 
 
*  *  *
Тут дарога бяжыць праз палі,
абмінае над крушнямі дзічкі,
б’е вада ля каменьняў зь зямлі
ў лона ціхай празрыстай крынічкі.
 
Я расту, як ячмень, як авёс,
зерне ў коласе пэўна хаваю,
а ў сьнягі і ў суровы мароз
я, здаецца, з ральлёй спачываю.
 
Што жывое, я сэрцам люблю.
Кожны ведаю твар невялічкі.
Ласку сонейка ў душу лаўлю
і ад бур не хаваю аблічча.
 
 
 
 
У сёлах даўно не прадуць
Воўны белай пасмачкі кволыя
з хмар-кудзелі вятры прадуць,
не на кужаль, што ткалі ў сёлах.
Па сёлах даўно не прадуць.
 
Не снуюць вечарамі, ня мараць
ды ня ладзяць забытых красён.
Калі ўбачаць старое прыладдзе,
даўніну ўспамінаюць, як сон.
 
Зь ціхай сьцежкі жыцьцё саступіла,
шэрых досьвіткаў болей няма.
Не майструе грабель і цапільнаў,
на таку не малоціць зіма.
 
Не патрэбны ні сьвірны, ні гумны.
Малацьба без цапоў і грабель.
Толькі сэрцу даўнейшаму сумна.
Часам сьніцца кужэльная бель.
 
 
 
 
*  *  *
Цячэ ў крыві ня дух слабы і прэсны,
што хіліцца прад кожнай хваляй зла,
а сум лясны, старыя нашы песьні
з наднёманскага роднага сяла.
 
Упэўнена цячэ яна па жылах –
народа кроў,
што пратрываў вякі,
бунтарная,
бы некалі ў Вашчылы...
 
 
 
 
*  *  *
У неба ўперліся
                                  дубоў кароны.
Стаяць яны, равесьнікі вякам,
бы стройныя дарыцкія калоны,
нагадваюць стары антычны храм.
 
З паганцаў я.
Красе зямлі малюся,
ў сябе ўбіраю веліч і спакой.
Імкнуся ў сьвет
шляхамі Беларусі.
Сьняжынкі таюць на вачох сьлязой.
 
 
 
 
*  *  *
На сонечных гонях,
дзе я падрасла,
над маёю зялёнай калыскаю
гамоніць вясна,
зацьвітае вясна,
маланкі зігзагамі бліскаюць.
Ня горад вялікі,
асфальтавы шлях,
палацы і сутарэньні, –
дзяцінства ільнянае сьніцца,
а ў снах
суніцы ў мурзатай жмені.
 
 
 
 
*  *  *
На прыпечку мурлыча кот,
гадзіньнік мірна б’ецца
і сэрца шыфраваны код
чутно ў цішы, здаецца.
 
Маўчаньне, цемень у гары.
Насуперак спакою
я з вамі гутару, сябры,
сьлязінаю скупою.
 
 
 
 
Лекі
Гляджу з вакна: сьнягі паволі таюць
і сонца ўстала гожае як сьлед,
паветра зноў папоўніцы глытаю
і цешуся, што зарунеў сусьвет.
 
Душа ізноў, бы сонейка, ясьнее,
і ногі ўсё нясуць мяне далей,
і хочацца зярняты шчодра сеяць,
на крылах слоў за воблакі ляцець.
 
Вітаць вачыма кожную травінку,
аказвацца на шчыры стрэчны сьмех,
ісьці сьцяжынамі без адпачынку,
тварыць, як твораць вёсны, не насьпех.
 
Выходзіць з вострым лемяхом у поле,
прылёт птушыны, звонкі сьпеў вітаць,
расьці ажно да неба сіняй столі,
з прыродаю душою расьцьвітаць.
 
Сплывае з дрэў адвечная жывіца,
вятры задорна ў правадах гудуць.
Спакойны сон, майго жыцьця крыніца,
залечваць раны да цябе іду.
 
 
 
 
*  *  *
Жыцьцё – ня грушка на вярбе,
гатовы каравай.
Стваральнай працы для сябе
ў нас непачаты край.
Пасьпець бы раны загаіць,
хто ў бітве паў, за тых,
усё вярнуць, ізноў стварыць
і дакахаць за іх.
Зьвярыных лапаў сьцерці сьлед.
людзей дабру вучыць
і паказаць нашчадкам сьвет,
ў якім ня страшна жыць.
 
 
 
 
*  *  *
У кожнага зара сваіх надзей,
радасьці свае, свае турботы.
Таму ня можа звонкі салавей,
пяюн вясны, сьвістаць па воўчых нотах.
 
 
 
 
У часы войнаў на нашай зямлі
Тут усё прыдбана і ў зямлі схавана.
Хлеб ёсьць і да хлеба ў цяжкі час.
Самі апранаемся і самі лечым раны, –
гэтак войны навучылі нас.
 
Лён і воўна – вопратка гатова.
Кажухі і сьвіткі.
Сала. Мёд.
Вораг кулямі вядзе размову –
кулямі адкажа наш народ.
 
Як бяда нішчымніцу стварае –
будзе дужы з бульбы, зь лебяды.
Толькі чалавечнасьць захавае,
дабрыню, сумленнасьць, як заўжды.
 
Шчыра тут усё ў нас і папросту:
нівы, збожжа. Веліч нашых спраў.
I няўцям пажары і забойствы
тым, хто хлеб рукамі здабываў.
 
Зноў сяло за лесам дагарае,
зацягнулі небасхіл дымы.
Вораг нас не пастраляе.
Тут каменьні робяцца людзьмі.
 
 
 
 
Вырай малады
Народ аседлы мы, ня птушкі пералётныя,
і Бацькаўшчына родная – ня стэп.
Зь зямелькі ворнае,
зь сяўні і поту мы,
так пакахаўшыя касу і серп.
 
Дажджамі мы абмытыя і росамі,
жывучасьць нам дае сама вясна.
Мы ад зямлі – складаныя і простыя
і шчодрыя такія ж, як яна.
 
Натураю, як сонейка, мы добрыя
і літасьцівыя, як матчына любоў.
У барацьбе мы стойкія, харобрыя
і верныя зямлі сваіх дзядоў.
 
Як нашы пчолы, гэтак працавітыя,
нібы мурашкі, дружныя з сабой.
Ад долі труднай гартаваныя, гранітныя,
ішлі стотысячнаю «Грамадой».
 
Душою мы, як песьні шчырыя,
у сьвет загнаныя мы са спалоху дзён,
дамоў вяртаемся, як птушкі з выраю,
і ападаем на стары загон.
 
I мілае нам неба грудаватае,
і восені, і летні санцапёк.
Бары адвечныя, сады за хатамі,
нагамі роду стоптаны парог.
 
Жывём мы гнёздамі, сваімі сёламі,
насельваем старыя гарады,
ў бяседзе дружныя,
падчас вясёлыя,
зь вясковых хатаў вырай малады.
 
 
 
 
Маладосьць і старасьць
Маладосьць – палёт мараў высокіх,
нестрыманасьць парываў і бунт.
Старасьць робіць маленькія крокі,
але пэўна ступае на грунт.
Маладосьць без задумаў, дакораў
часам прыме за золата медзь.
Скіраваць свае крокі да зораў –
’шчэ ня значыць да іх даляцець...
Ў маладых – парываньне і слова,
буралом на спакойнай зямлі.
Мужнасьць важкая ў сівагаловых,
што карэньнем у дол урасьлі.
Маладосьць, замагаючы многа,
дарам блудзіць сабе ў аблаках.
Старасьць ведае лепей дарогу
і на правільны выведзе шлях.
Слаўны ўзьлёт малады і прыгожы,
ўсё ж падводзіць няведаньне спраў.
У жыцьці толькі той пераможа,
хто ў сябе мудрасьць старца ўвабраў.
Ну, а мудрасьць ня зь ветру бярэцца –
аднагодак стагоддзям амаль.
Доўга молатам цяжкім куецца,
покуль стане гартоўнаю сталь.
Сьмелы бунт, побач мудрая рада,
пэўнасьць крокаў і думаў палёт.
I адна толькі простая праўда:
хай жыве і дужэе народ.
 
 
 
 
Завея
Даль, як глянуць,
бялее.
Белы кужаль дарог,
закруціла завея
белы сьнег у палёх.
 
Ашалела завея,
загубіла мой сьлед.
Насумёціла, вее
аж каню па хрыбет.
 
Палазам не працерці
шлях стары да сяла.
Гурбы сьнегу і ў сэрцы
мне зіма намяла.
 
Мроі, мары, надзеі
вырваў вецер з дарог.
Круціць, круціць завея
белым сьнегам ля ног.
 
 
 
 
Тост
Адкінуўшы ўбок блытаніну
чужых надакучлівых слоў,
іду я старой каляінай,
забытаю сьцежкай дамоў.
 
I кожны мой крок – то памяць,
позірк – сустрэча з былым
раны старыя паляць.
Боль вочы грызе, як дым.
 
Я чую, як мёдам ліповым
з вуснаў жанчыны любой
льецца родная мова
і гоіць нязьлечаны боль.
 
Хачу на пачэснае месца
ля вышытых ручнікоў
за стол свой дубовы сесьці,
склікаць ў застольле сяброў.
 
І хлеба чорнага лусту
ўсім разьдзяліць пароўну
ды з чаркі, па бераг поўнай,
выпіць за ваша здароўе,
хто гэтай зямлі гаспадар.
 
 
 
 
Сьцежка
Іду штодзённа
сьцежкай студзёнай.
Бяру за грыву долю-каня.
Здаецца часам: пяюць верацёны
пад бацькавай стрэхаю аж давідна.
 
Водгук мінуласьці, любы і сьпеўны,
як хвалі калосься,
як шум баравы.
 
Матчыных рук дотык мяккі, сугрэўны,
кранаецца промнем
маёй галавы.
 
Усё гэта – прывіды, здані.
Вяртаньне
да вёснаў,
да матчыных рук цеплыні.
Сялянскаю шчыраю песьняй сьвітаньня
трывожыць асеньнія позьнія дні.
 
Сумна на сэрцы
і крыху балюча
бяз баяў кудзельных,
бяз матчыных слоў
Такая у гэтым усім
                                          неўміручасьць,
гаючая душу сьвятая любоў.
 
 
 
 
Торбачка
Як дзядулі ў дарогу
выпраўлялі бацькоў,
кожны з торбачкай, з Богам
з роднай хаты пайшоў.
 
А ў той торбе ў паперы –
цёплай бондачкі круг,
хлеб, прапахлы аерам,
зь любых матчыных рук.
 
О шляхі і дарогі!
Ціхі ў полі папас.
Перамералі ногі
вашу далеч ня раз...
 
Прамінула сутоньне.
Выйшлі не ў пасталах
дзецюкі нашы сёньня
на асфальтавы шлях.
 
Гарадоў панарама
кліча за небакрай.
А ўсё чуецца:
– Мама!
З сабой торбачку дай.
 
Палажы нам у вырай
подых роднай зямлі,
нашу сьціпласьць і шчырасьць
на абходак зь людзьмі
 
і тугі вераценца,
што начамі зьвіла.
Мову родную з сэрца,
нашы песьні зь сяла.
 
Сілы бацькавай крыху
і павагі людской,
гэтай любасьці ціхай,
што завуць дабратой.
 
Хай падтрымкаю будзе
сьмелы ўзьлёт, слаўны чын.
Каб пыталіся людзі,
скуль я, маці, і чый.
 
 
 
 
Я не сьпяшаюся
Я не сьпяшаюся. Нібы той дзед зь сявенькай,
што расьсявае ў полі збажыну,
ступаю роўна, сею памаленьку,
бо як пасею, так я і пажну.
 
Ня ўзыдзе хлеб – запозна ці зарана
і гэта ведама майму пяру.
Узыдзе ён, калі наканавана.
Як прыйдзе час, уздымецца ўгару.
 
I хоць вятры ня раз тут загалосяць
і застракоча па сьцяблінах град,
прыйдзе пара – і нівы закалосяць,
паставіць жнівень дзесяткі у рад.
 
Малая я. Гадуюся ў законе
пяшчоты сонца, мудрасьці зямлі.
Калі дабро пасею на загоне,
закаласяцца і дабром палі.
 
Я не сьпяшаюся. Як сонейка, як дрэвы,
стаю ля ніў, а нада мной – сусьвет.
Дзяды вучылі: добрыя пасевы,
дзе зернетка і ворыва як сьлед.
 
Сялянка.
                    Веру ў розум, веру ў працу.
У чарназём. У цёплы дождж з гары.
У думках толькі можна разагнацца.
А на палетках – пачакай пары.
 
Няма бяз працы на ўмалот надзеі.
Змалоцім каласы – тады спачнём.
 
I сёньня трэба ў полі праўду сеяць.
Бо што пасеем, тое і пажнём.
 
 
 
 
Арлы не пакідаюць гнёзд
Кінулі мы ветру сьцежкі-межанькі.
Пасумнела на старых кутах.
Зіхаціць з канца ў канец аб’езджаны,
выліты асфальтам шлях.
 
Кліча да вандровак, сьмелых вылетаў,
вырывае птушанят з гнязда,
каб зь вясьняным, самым першым выраем
з жураўлямі іх вярнуць назад.
 
Кліча дом сьцяжынкаю пратоптанай.
Маці стомлена дамоў пайшла.
Зноў трывожаць сэрца тыя клопаты
з наднямонскага радзімага сяла.
 
Здаецца, ступіш – і зямля загутарыць,
загамоняць сьпеўна каласы,
сьцежкі зноў зазелянеюць рутаю,
птушкі мераюць завоблачную сінь.
 
Бацькаў зруб, акраец жытні хлеба,
цішыня, ахвочай працы час.
I дымок над хатамі да неба,
і руплівасьць матчына аб нас.
 
Сэрца, нібы яблык, налілося
буйным сокам роднае зямлі.
Сонца ўсюды. Кос вярбовых россып.
Хлеб з прыполу роднае зямлі.
 
Восень зноў. I жураўлі цыбатыя
Адлятуць у край чужы наўпрост.
Толькі мы душой з сваімі хатамі.
Бо арлы не пакідаюць гнёзд.
 
 
 
 
Белы сон
Белы сон.
Толькі неба здалёк
у мігатлівым маку.
I скрыпіць пад нагамі пясок,
і гамоняць з марозам сабакі.
 
Недзе месяц брыдзе наўздагад.
Беляхціць пад сумётамі поле.
Цемень ночы на нечы загад
пахавалася
                        соснам пад гольле.
 
Праз расьсеяны месячны сьвет
зь нерасьсеянай шчыраю верай
у бясконцы
                          жыцьця запавет
крочу –
                  сілам ня ведаю меры.
 
...Праляцелі,
прабеглі гады.
Сэрца непагадзі
                                    не забудзе.
А здавалася – дужай –
тады,
          што на сьвеце харошыя людзі.
 
 
 
 
Раньнія думкі каля вёскі
Па лесе бура лютавала,
кавалі віхры соснаў медзь,
а вёска ціха пазяхала,
як неразбуджаны мядзьведзь.
 
Я закрычаць хацела проста:
– Гудуць ракеты над зямлёй!
Адны ўжо выбраліся ў космас,
другія – на сьмяротны бой.
 
Але замоўк зьнячэўку голас,
спыніўся мой рашучы крок...
– Да сонца сьпі, драмай да промняў,
не разбуджу цябе знарок.
 
 
 
 
Песьнярам
Цёпла на сэрцы,
хоць неба асеньняе
Хмарамі сонца закрыла ўгары.
Ды разбудзілі вясну летуценную
песьні старыя –
                                  пяюць песьняры.
 
Што ў беларуса пад сэрцам схавана,
тысячагоддзе ў вёсцы жыло,
самае кволае, самае раннае
гонарам, болем на струны лягло.
 
Песьня зьлятае натхнёнай малітваю,
мужнаю нотай на струнах гучыць,
шчасьцем сьмяецца, калісь перажытым,
папараць-кветку шукае ўначы.
 
Каб аднавіць і дабром і каханьнем
песьню,
каб долю народа пазнаць,
каб песьні вякоў хвалявалі так сяньня,
трэба іх сэрцам, прачула пяяць.
 
 
 
 
*  *  *
Я ганаруся з асваеньня неба.
Але калі ракеты чую гром,
мне хочацца нажаць сярпочкам хлеба
і з ворагам пабіцца кулаком.
 
 
 
 
Пазяхае раніца ветрыкам нявыспаным
Пазяхае раніца ветрыкам нявыспаным.
Дрэвы пацягаюцца, гольлямі шумяць.
Плечы распраўляюць дубы ганарыстыя,
на зямельцы прадзедаў вартаю стаяць.
 
Гулка звоніць раніца хорам птушак
                                                                              зладжаным,
травы абмываюцца кроплямі расы.
Аснавала сонейка залатою пражаю
першымі праменьнямі поле і лясы.
 
Вочы падымаюцца ў неба беззаганнае.
Чысьціню празорую п’е нагбом душа.
Зь ветру ўсхваляванага, зь цішыні духмянае,
з даляў недасягнутых сіняга каўша.
 
Урачыстасьць раньняя сэрца растрывожыла,
душу набалелую атуліў блакіт.
Прыгаство зялёнае, сінь непераможная
адагналі клопаты пра штодзённы быт.
 
Промнямі ахрышчана, росамі абмытая,
ветрам зачасаная, зелянее рунь.
Сталі сьцежкі роўнымі.
Ўсе вузлы разблытаны.
Многа сэрцу ведама, ведама пяру.
 
 
 
 
Дзед
Цікавы, мудры быў мой дзед.
Любіў жніва багацьце.
Жаніўся ў васемнаццаць лет,
шаснаццаць раз быў бацькам.
 
Пісаць ён, праўда, не прывык,
хоць меў пад старасьць слуг.
Усё лічыў, што алавік
куды цяжэй, чым плуг.
 
Старанны, добры дзед мой быў.
I ведаў вартасьць волі.
Дзён, як на паншчыну хадзіў,
не забываў ніколі.
 
А скажа слова – быць таму,
бо слова – праўды мера.
I людзі верылі яму.
Ён чалавеку верыў.
 
Да старасьці апошніх дзён
нязгорблены і стрункі,
ён запрагаў каня ў фургон
ды не любіў чыгункі.
 
Захутка прэцца той цягнік,
на крык не затармозіць,
а дзед паціхеньку прывык
з прыпынкамі ў дарозе.
 
Бывала, ў сьцюжу ці ў мароз
заложыць пару коней
ды ў санках едзе сотню вёрст,
каб толькі не ў вагоне.
 
То закіруе на папас,
аброк каню падкіне.
Зь сябрамі стрэнецца якраз
або купца запыне.
 
Гарэла, сьпела безьліч спраў
з дарогі да дарогі.
Нікому дзед не адмаўляў
разумнай дапамогі.
 
 
 
 
*  *  *
Сіратліва ўзіраецца топаль
у асеньніх дарог каламуць.
Калі ў сэрцы паэта попел,
у агонь яго не разьдзьмуць.
 
 
 
 
Працягласьць
На роднай зямельцы ўсе мы ня госьці,
Усе мы чыесьці, усе мы кагосьці.
Хоць спарахнелі дзядоў нашых косьці,
У нашай натуры ёсьць іхняе штосьці.
 
У паднявольлі ад пыхі адсталасьць,
На вузкіх загонах народу трываласьць.
Жаночая гожасьць, мужчынская сталасьць,
Лагоднасьць зь сябрамі і з ворагам ярасьць.
 
У цягліцах сіла, а ў сэрцы каханьне.
У працы і ў песьні бяз стомы, хістаньня.
Роднаму вернасьць, да гнёздаў вяртаньне,
З тугою бязьмернай, ўсе крыху сяляне.
 
Усе з баразёнкі, ад нівы, ад плуга
Йдзем часам асфальтам, як полем ці лугам,
Калі непасільна бывае і туга,
Ты к ворагу грозна, а з сэрцам да друга.
 
 
 
 
*  *  *
Ад моцнага ветру павеву
Ляцяць сёньня яблыкі з дрэва
Цяжкія, бы золата зьлітак,
На стол наш гасьцінны прыбытак.
Як дар, на мае далоні
Антонаўкі падаюць сёньня.
Упрыгожаць мас застольле,
Калі пабялее поле.
Цьвярдыя, духмяныя, сочныя,
Радуюць сэрца і вочы мне.
З высокага дрэва, бы зь неба.
Не, іншых «ракетаў» ня трэба!
 
 
 
 
*  *  *
Змагаесься зь цемраю, дык і жывеш,
Родзіцца творчасьць са шчодрага сэрца,
З маленькіх пачуцьцяў не вырасьце верш,
З пустога вядзерца вада не нальецца!
 
Шмат чаго ў душу належыць увабраць,
У ёй зьмесьціцца болей, як у нашых далонях,
Нам чэрпаць з крыніцаў сьвятла і дабра,
Мінуласьць хай сілаю у вершах гамоніць!
 
Пісаць пра былое – ня знача назад,
Пісаць пра сучаснасьць – ня знача наперад,
У жывую паэму трэ’ ўсё нанізаць,
Трэ’ зважыць мінуласьць, каб у заўтра паверыць!
 
Тварыць – гэта знача кахаць і цярпець,
I з праўдаю лёс свой злучыць назаўсёды,
Ня ўчора пачатак, ня заўтра канец
Надзеям і думам старога народу!
 
 
 
 
*  *  *
Сяброўкі, сябры дарагія маі,
На жаль, лёс наш бывае ўсялякі,
За тое, што з вамі я, што у страі,
Я долі выношу падзяку.
 
Упэўнена, цьвёрда стаю на нагах
У сваёй адзіноце сягоньня.
Можа, зьнізіўся крыльляў няспынны размах,
Але сэрца маё не ў палоне.
 
З вамі яно, зь лёсам роднай зямлі,
З тымі днямі на бацькавых межах.
З братамі, ў баёх што снапамі ляглі.
Маё сэрца народу належыць!
 
 
 
 
*  *  *
Ноч глухая наўкол, цемень сэрца трывожыць,
Гдзесьці запозьненых струнаў чутно перабор.
Месяц ў хмары апаў, як на шлюбнае ложа,
I на шлях мой ня сьвецяць ліхтарыкі зор.
 
Цішыня. Чутно стукат уласнага сэрца.
Вецер гольлем бярозавым не скалыхне.
Я бяз страху іду. Мне заўсёды здаецца,
Што ў хвіліны трывогі ты сілай пры мне.
 
 
 
 
*  *  *
Стома дня, бляск вачэй маіх сумны,
Адзіноты дурманячы боль,
Час мне зьдзейсьніць усё, што задумана
Пакуль ў кроне жыцьця майго ствол.
 
Стаяць дрэвы, бы здані белыя,
Паліць сонейка, скрозь трава.
Чабаром густым зь ніў павеяла,
Завінулася галава.
 
Ўсхвалявалася поле жытняе,
А бярозанька за сялом
Да зямлі маёй старажытнае
Нагінаецца, б’е чалом.
 
Буйным гольлем, кволымі лісьцямі
Маю душу з родных палян
Падхапілі, дрэвы, калісьці вы
I разгойдалі да змагань.
 
Што ж, паранілі, пакалечылі
Ў жыцьці душу маю ня раз.
Уздымаю яе, падлечваю,
Дрэвы родныя, каля вас.
 
 
 
 
Зь мінулага
Восень прарочыць панікшы юргіні,
Сталі туманы над рэчкаю млець.
Небам прасторным, шляхом цёмна-сінім
Гусі ўзьняліся за мора ляцець.
 
Ходзяць дзяўчаты ў дзень на капаньне,
Увечары труць свой адмочаны лён,
Песьні з-пад церніц гучаць аб каханьні,
Цудным, вясёлкавым марам ўздагон.
 
Хто жа насіць будзе зь лёну кашулю,
Хто рушніком утрэ, змораны, пот,
Хто ж каля вішняў да сэрца прытуліць,
Цалуючы вочы і вусны, як мёд?
 
 
 
 
*  *  *
Промень сонца нутро паласнуў,
I цяпло па крыві разьлілося.
Я кахаю цябе, як вясну.
Ці ня зь неба вачэй тваіх просінь?
 
Жытні колер тваіх валасоў
Ў летні поўдзень снапочкам іскрыцца.
Ты бярозкаю выйшла зь лясоў
Мне насустрач, і я захапіўся!
 
Гэтак часта чаруюць бяз слоў
Пачуцьця паляцеўшага хвалі.
На зямлі адышоўшых дзядоў
Мне вятры пра цябе запяялі.
 
Дзеўчынё, лёсу шчодрага дар.
Рэчаіснасьць з бабулінай казкі,
Я сустрэў цябе, як гаспадар,
З чыстым сэрцам у хаце сялянскай.
 
Прада мною прасторы дарог,
Што пралеглі па нашай Краіне,
Ўсё ж дзядоў маіх родны парог
Ў юным сэрцы маім, як сьвятыня.
 
Куды б лёс ні закінуў мяне,
Ў якім краі я ні апынуўся б,
Сьвяты кліч маё сэрца кране
І – прыйду да маёй Беларусі.
 
Сёньня ціха стаю ля дзьвярэй,
Толькі сілай юнацкай багаты,
Усьміхніся ж, дзяўчына, шчырэй
І з даверам заходзь ў маю хату.
 
Пакуль хмара здалёк наляціць,
Лёс сьцяжыну праложыць крутую,
Будзь, як сонца, што грэе ў жыцьці,
Будзь, як песьня, што душу чаруе.
 
Твае словы, як звон каласоў,
Ты, як поўдзень вясновы ў нядзельку,
Як легэнда з адвечных часоў,
Нашай, любай да болю, зямелькі.
 
Дык пакуль ўсё квітнее кругом,
Нашы вёсны, бы цьвет на каліне,
Уваходзь у сялянскі мой дом,
Як пілігрым уваходзіць ў сьвятыню.
 
 
 
 
*  *  *
Ажно прыпальвае сонца зь нябёс,
Жыта стаіць залатою сьцяною.
Ляглі сенажаці ў духмяны пакос,
Жніво наступае адвечнай чаргою.
 
Яго не адсрочыць. Трэ’ выйсьці і жаць,
Ці раніца ў хмарах, ці поўдзень утомны,
Дар шчодры зямелькі трэ’ ў пору сабраць,
Ў жывое прыроды крутыя законы.
 
Глядзіць задумёна асьвечаны ўнук
На дзеда аблічча, яму на далоні,
Зь зямелькай ён гутарыў дотыкам рук
Ды паліваў сваім потам загоны.
 
Радзіла? – ня вельмі. Скупы на ўмалот,
Далоням зямелька ўсяго не давала,
I калі з годам зыходзіўся год,
Хлеба часамі на стол не хапала.
 
Зьвіняць на палетках зярнём каласы,
Ня жнейкі ўжо постацьцю йдуць, а камбайны
Толькі, як некалі, тыя ж лясы,
Птушыны народ там руплівы і дбайны.
 
Дзякуй, дзядуля, араў што і жаў,
Ды з саламянай сявенечкі сеяў.
Былога, дзядуля, ня вернеш, на жаль,
Як маладосьць ўжо вярнуць безнадзейна.
 
А пот твой і праца на роднай зямлі
Бясьсьледна ў наплыве змагань не прапалі.
Жалезныя рукі ўмалот узьнялі,
Пасеялі лепей і болей нажалі.
 
Чаго табе брак, дзеду стомлены мой,
Чаго не хапае – дзяцей на парозе?
Ці гутаркі беспасярэднай зь зямлёй,
Ці ў стаянцы побач каня варанога?
 
Час новы адкінуў твае лемяшы.
Сярод нецьвярозых суседзяў здаецца,
Што тыя машыны, яны без душы,
Ды людзі пры іх атупелі, бяз сэрца...
 
Можа, чаго зразумець не змаглі,
Думам няма ля чаго прыпыніцца?
Скажы нам: хлеб – дар жыцьцядайнай зямлі,
Ёй нізка належыць за ўсё пакланіцца...
 
 
 
 
*  *  *
Цішыня. Толькі месяц двурогі
Ўзяўся зжатым палеткам сьвяціць.
Мне б дазнацца, якою дарогай
Праз туманы з табою пайсьці.
 
Цень задумына сумным абліччы,
А са мною далёкі ўспамін
Незабыўнымі песьнямі кліча
З наднямонскіх, шырокіх раўнін.
 
Сьпеў адвечны, як брага, упойны,
Зьліты з нашай душою ва ўсім.
Ўсё бурліць мне ў душы неспакойнай
Ласкай, вернасьцю продкам маім.
 
Дзе прыстаць, як накрэсьліць граніцы
Чалавечых, нязбыўных патрэб?
I ракетамі ж нам ганарыцца,
Ад вякоў засяваючы хлеб.
 
 
 
 
*  *  *
Нам марыць належыць тады, калі марыцца,
Быць зьнічкай, ня сумнаю сьвечкаю тлець,
Можна й вясною дачасна састарыцца,
Можна і полымем ўвосень гарэць.
 
Хай славіцца сэрцаў жывое гарэньне,
Каханьня і працы сьвяты запавет.
Ўся вартасьць людскога жыцьця – у тварэньні,
Калі застаецца раз’іскраны сьлед!
 
 
 
 
*  *  *
На ветразях крыльляў з шырокім размахам
У вышыню шуганулі птахі.
Верныя небу і лесу,
Ня ведаюць птахі «прагрэсу».
 
Зямлі толькі вераць чорнай,
Што іх зернем налітым корміць.
Неба прасторам бясконцым
I жыцьцядайнаму сонцу.
 
Уюць гнёзды, як іхнія продкі,
Саматугам ляцяць за аблокі.
Зямлі зарунелай прадвесьне
Пад сіняга неба навесам.
 
Поўная звонкай свабоды
Працягласьць птушынага роду,
Ня знаюць граніцаў, ні межаў,
Вышыня ім і воля належыць.
 
Азброеныя навукай і тэхнікай тысячарукай,
З павагай глядзім, зь любоўю
На зваблівы ўзьлёт няўлоўны,
Спалегласьць на ўласную сілу,
                                                                    свабодныя крылы.
 
 
 
 
*  *  *
Зіма. Мароз кусаецца,
Пра поўдзень дзе хто марыць,
Калі ля нас спыняецца,
Румяніць толькі твары.
 
Сьнег усе дарогі нам заслаў,
К суседзям не пралезьці.
Тады нам марыцца вясна
I яблыні ў квеці...
 
I не скуе нам сэрцаў лёд,
Сьпякота не расплавіць.
Сярод выгод, сярод нягод
Жыцьцё умеем славіць!
 
Трывалы, моцны ў нас касьцяк,
Што нам ліхая сьцюжа.
Беларусы мы як-ніяк,
Нас сьцюжам не адужаць!
 
 
 
 
*  *  *
Зямля ня сьпіць, зямля яшчэ жывая,
Гарцуе вецер ля бязьлістых крон,
Пад белым сьнегам ўсё адпачывае.
Заслужаны, благаславенны сон.
 
I сну і працы яна знае меру,
Такі закон пакінулі вякі.
Вось прыйдзе час, пацягнуцца з даверам
Насустрач сонцу кволыя лісткі.
 
Будуць дажджы, грымотныя акорды,
Умыюць ліўні яе гожы твар,
I будзе зноў радзіць аддана, шчодра,
I пчолы з наквеці зьбяруць нэктар.
 
Вачыма прагнымі да родных ніў прыпасьці,
Бясконца слухаць салаўя ўначы.
Зямля цьвіце. Якое гэта шчасьце!
Як маці, трэба землю сьцерагчы.
 
Тут ўнукам жыць на гэтым белым сьвеце,
Зямля гадуе, корміць змалку дзён,
На ўлоньні ніў усе мы – яе дзеці,
Закон зямлі і наш сьвяты закон.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.