РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Белы сон
 
Вершы і паэмы
1
Тры дарогі
Агарнуў хлапца раз такі сумлеў –
прад сабою ён тры дарогі меў.
Па адной пайдзе – стане важным ён,
ды нязнаціме невясёлых дзён.
 
Ад курганаў тых, ад сяла далей,
а найдалей – дык ад сваіх людзей.
Будзе мець там моц, грошы звонкія,
жаль часамі, мо’ за старонкаю...
 
А другая йдзе к шчасьцю скораму
і ідуць па ёй нашы ворагі.
Пашто крыльлі мець, пашто вольным быць?
Лепш за тую медзь ворагам служыць!
 
Быццам недруг жыць зь яго платаю,
ды ня чуці сьлёз тых за кратамі.
Хай сабе ў сяле з плячэй згорбленых
ападзе жыцьцё шэрай торбаю.
 
Хай магілаў ў ноч прыбаўляецца,
хай браты свае адхіляюцца...
Сьцежка трэцяя йдзе няроўная,
праз бары, лугі праз чароўныя.
 
Паміж сёламі, паміж хатамі,
паміж сэрцамі, паміж братнімі.
Ўжо ня ворагі, не магутныя,
а вітацімуць рукі скутыя.
 
Рукі цьвёрдыя, ды мазольныя,
сэрца з крыўдаю паднявольнаю!
Вочы з просьбамі, душы з ранамі
ўсё пытацімуць сьвету раньняга.
 
Пры дарозе той чабор сьцелецца,
узышло на ёй волі зелейца.
Паліваць яго трэба з ласкаю,
на’т сьлязьмі, на’т крывёю ўласнаю.
 
Каб расло яно, ды магутнае,
красавалася, рвала путы нам.
Гэй, зарэе там раньне сьветлае!
Прывітаньне шлюць дзеўкі ветліва...
 
Гэй, лунае там даль бярозамі...
Вораг вязьніцай страшыць грознаю,
гневам пеніцца, грозіць сьмерцяю, –
ўсё-ж пайшоў дзяцюк сьцежкай трэцяю...
 
Сонца лашчыла асалодаю,
краскі сыпала зямля родная.
Калыхаў вецер пахам ліпавым,
на дарогу зь ніў росы сыпалісь.
 
1937
 
 
 
 
Дзяды
Смалу і дзёгаць ў пушчах дабывалі
з старых, вякамі пачарнелых пнёў
і мёдам залацістым налівалі
рады гліняных, паленых збаноў.
 
Аружжа цьвёрдае кавалі сабе самі,
вастрылі стрэлы, нацягалі лук,
часамі быў аружжам толькі камень,
ці двое дужых, гартаваных рук.
 
І дзік, і лось, мядзьведзь – асілак буры,
пад сілай рук ня раз у лесе паў.
Цьвярдое ложа пакрывалі скуры,
кругом сплывалі зь дзераўляных лаў.
 
Як дуб магутныя, адважныя як зьверы,
адужалі ў лясох суровае жыцьцё.
Перад цяжкою, кованай сякерай
паганы вораг назаўсёды ўцёк.
 
Калі-ж дружынаю за стол дубовы селі
і кубкі пенным мёдам налілі –
ня зналі меры буйнаму вясельлю
сівыя продкі нашае зямлі.
 
А калі князь агнём раскідаў віці,
каб ісьці дружна Краю бараніць, –
каўшы кідалі зь мёдам залацістым,
каваць зялеза, ды смалу паліць.
 
Пад горды сьцяг зьбіраліся дружыны,
грудзямі-мурам ворага спаткаць,
нашчадкам імя слаўнае пакінуць,
ды родных пушчаў недругу ня даць.
 
Гэроям сыпаліся курганы-магілы.
Міналі славы поўныя вякі,
аж покуль вораг хітры не асіліў,
Крывіцкі род з-над Нёману ракі.
 
Ня ўзяў нам пушчаў, ветрам калыханых,
магутных замкаў, слаўных гарадоў,
і ня прысвоіў славы на курганах,
дзе тлеюць нашых попелы дзядоў.
 
I часта вецер ноччу на магіле
азьвецца стогнам волатаў сівых:
– Мы Край грудзьмі сваімі баранілі,
каб ўнук ў няволі, ў сораме заціх?
 
Каб нашы землі, нашы пушчы, рэкі,
чужак сваёй краінай называў,
ды слаўна племя мучыў сяньня зьдзекам
і нават мове волі не даваў?
 
Так стогнуць сэрцы волатаў магутных,
як, быццам, вецер жалем галасіў,
што расьце Крывія маладая ў путах
ды ўнук аб славе дзедавай забыў.
 
1935
 
 
 
 
Лён
То ня сонца пазалотай
пакацілась на загон,
то ня ўвосень ля балота
загарэўся пышны лён.
 
То ня косы распусьціла
сабе дзеўка па плячох,
то ня хвалямі густымі
льецца жыта у палёх.
 
То ня восень павуціньнем
аснавала, серабром, –
залатога лёну жменя
сыпле іскрамі кругом.
 
Пад рукамі маладзіцаў
лён ды зь песьнямі паплыў
мігатліваю крыніцай,
каласістай хваляй ніў.
 
Трэплюць, чэшуць на кудзелі,
скарб пушысты гладзяць свой,
каб пад сьнежныя мяцелі
прасьці сіваю зімой.
 
Ня раз месяц па дарозе
пройдзе ціха ля вакна.
ды, прысеўшы на бярозе,
вып’е ночку аж да дна.
 
А жанчыны аж да рана,
пад лучынавы агонь,
зь песьняй, думкай аб каханьні,
будуць тонкі прасьці лён.
 
1935
 
 
 
 
За прасьніцай
Калаўротак бурчыць сваю песьню
пасівелых, далёкіх нам дзён.
З пральлі пальцамі сьпевам ён песьціць
залацісты на прасьніцы лён.
 
Навіваецца нітка на шпулю
із пад рук уцякаючы ў міг.
Зь яе белыя будуць кашулі,
будзе тонкі, узорны ручнік.
 
Ды палотнаў сьцягі сьнегавыя
забялеюць на сонцы вясною,
зелень сьвежую цьвет як пакрые
і чаромуху ў вэлюм прыстрое.
 
Калі воблакам рожава-белым
ахінецца сад цьвету імглой,
а дзяўчына затужыць нясьмела
аб каханьні расьцьвіўшай вясной.
 
Сьнежна белыя будуць кашулі,
ды бялей за чаромухі бель,
за галоўку старое бабулі
і як яснага сонца пасьцель.
 
– Як полаз, як колас, як волас,
ты, унучанька, нітку прадзеш...
Вечарасі накш мы пралі колісь
пры лучыне, на верацяне...
 
Так бабулька хаця дакарае,
але радасьдь у твары гарыць,
бо ўнучкіна нітка такая,
што танчэйшай ня можа і быць.
 
Залаціцца кудзеля на прасьніцы,
гарыць сонца ў касе залатой.
Пра палотны, пра долю, пра шчасьце
плывуць думкі за ніткай даўгой.
 
1935
 
 
 
 
Вячэрняя містэрыя
Золатам тканаю рызаю
пакрылася неба бяз хмар.
Пацеркі зораў нанізаных
вечар кладзе на алтар.
 
Месяц-сьвяшчэньнік кадзіць
бліскучым семенем зор.
Сыплюцца зоры ў прысадзе
на белы дзяўчыны прыпол.
 
Б’юць цені паклоны набожныя,
а распушчаны косы бяроз
атулілі крыжы прыдарожныя,
дзервяны дзе церпіць Хрыстос.
 
Май. Гараць сьвечкі нарцызаў,
гараць сэрцы каханьня агнём.
Блішчыць неба царкоўнаю рызаю,
кадзіць зорамі месяц кругом.
 
1935
 
 
 
 
Ноч
Ноч трапечацца, і зоры ярка сьвецяць,
вецер песьню запяяў цішэй...
У блядых руках душу калыша месяц
хістаючыся сярод заснулых дрэў.
 
Снуюцца цені па пустой дарозе,
на небе Воз адкінуў дышаль ў бок
і хмараў сініх болей не развозіць;
туман запутаўся над рэчкай у кустох.
 
То тонкі вэлюм свой разьвесілі русалкі,
каб вольна рытмам лебядзіных цел
прыйсьці, кружыцца, праляцець маланкай,
аж пакуль птушкі не празвоняць дзень.
 
Пакуль аж вецер зораў не патушыць,
расою не зазвоніць лісьце лебяды,
з рук месяц пусьціць разьпяяну душу,
ноч ногі мокрыя ня выцягне з вады.
 
1935
 
 
 
 
Дзяўчына
Заглядзеўся раз на дзяўчыну пан,
калі золатам сплылі на каптан,
 
сплылі хвалямі косы льняныя
на кашулю ёй палатняную,
 
як цьвілі вясной ясна вочанькі
ў полі сінімі васілёчкамі.
 
– Будзеш, дзеўчына, будзеш паняю,
са мной жыцімеш ў месьце каменным,
 
ды рукамі, як лебедзь, белымі
жаць ня будзеш больш жыта сьпелага,
 
рана росамі, мяжой-стужкаю,
больш ня пойдзеш ўжо разам з дружкамі.
 
Кінеш прасьці лён, нітку белую,
кінеш прасьніцу із кудзеляю.
 
I не станеш больш ты за кроснамі
патыкаць палёў сонца коскамі,
 
ані вечарам, ды задуманым,
не разжалішся песьняй сумнаю.
 
Кідай, дзеўчына, сіні Нёман свой,
кідай, дзеўчына, мілы край вясной.
 
Кідай родную хату бацькаву
і юргіні, што расьцьвітацімуць.
 
Забудзь вочы ты Міхасёвыя –
а багацьце дам, жыцьцё новае.
 
Будзеш ў месьце жыць, свае слугі мець,
ды ня будуць ўжо больш бары шумець.
 
Салавей цябе песьняй гучнаю
не разбудзе больш ў ноч пахучую...
 
Зь ветрам дзеравы абыймаліся,
нівы буйныя калыхаліся...
 
Толькі дзеўчыны сэрца вернае
ня хісталася, быццам дзерава.
 
Не пакінула ракі Нёману,
ні лясоў сівых зь ціхім гоманам.
 
Сяла роднага, Краю мілага,
каб быць паняю, не пакінула.
 
У сяле сваім песьняй, словамі
сэрца цешыла Міхасёвае.
 
1935
 
 
 
 
Краіне
Ці за рокат гучных громаў,
што начамі б’юць,
ці то за страху з саломы
я цябе люблю?
 
Ці за сумную мо’ долю,
за дзяўчат красу,
ці за тыя ветры ў полі,
бунтам што гудуць?
 
Мо’ за тыя навальніцы
ў буйную вясну,
за лязо мо’ бліскавіцаў,
што па хмарах тнуць?
 
Ці за ўздым бунтарны Нёмну
ў скутых берагох,
за пярэкліч ноччу цёмнай
па старых шляхох?
 
Ці за бор, як расшуміцца,
гневам задрыжыць?
Ці за зоры-зараніцы,
што прыйдуць сьвяціць?
 
Ці за сэрцы, што аб грудзі
рытмам волі б’юць?
Ах: за што-ж цябе, мой цудзе,
як жыцьцё, люблю?
 
1936
 
 
 
 
Навучыла маці
Навучыла маці рожу замаўляці,
навучыла маці вогнік адліваць,
варагоў ўсялякай для спакою ў хаце,
а таёмны месяц навучыў кахаць.
 
Вугалькі наотлях кіну я на воду,
зь лёнам залацістым рожу я спалю,
зашапчу ціхонька ўсякую нягоду,
да зары урокі лёгка адальлю.
 
Але калі месяц блісьне із-за хмараў,
падсявае вецер зоры над зямлёй, –
абаўюць галоўку нязнаныя чары,
заварожаць сэрца, забяруць спакой.
 
Нагінае вецер кволыя галіны,
прасявае месяц бляды сьвет наскрось,
быццам-бы глядзелі вочы сакаліны,
быццам-бы міргалі ціха на кагось.
 
Расьпяяны вечар пацалуе губы,
раскалыша песьня майго сэрца звон,
толькі ціха вочы пэрлы-сьлёзы губяць –
чаму гэта вечар, чаму то ня ён...
 
Часта ясны месяц зоры пералічыць,
ціхі сон з чупрынаў дрэвы страхануць, –
мне-ж усё здаецца кволае аблічча,
не магу забыцца, не магу заснуць.
 
Навучыла маці рожу замаўляці,
навучыла маці вогнік адліваць,
варагоў ўсялякай для спакою ў хаце,
а таёмны месяц навучыў кахаць.
 
1936
 
 
 
 
Дываны
Аснавала дзяўчына дываны,
аснавала сінія на зары.
 
Вечарамі, ранкамі будзе ткаць,
будзе толькі бёрдачка ляскатаць.
 
– Ніткаю сярэбранай на утку
ў зоры долю срэбную разатку.
 
Або вочы мілага – васількі.
Можа гусі выраю ля ракі.
 
Вытку мо’ вясёлкамі ў сіню-сінь
нашу долю горкую, як палын.
 
Вытку мо’ каліну, як цьвіла,
ці дарогу з выгану да сяла.
 
Можа, вытку рэчаньку ў трысьнягох,
ці вянок расквечаны на лугох.
 
Можа, жыта сьпелае, як стаіць,
сонца хвалі сьпеўныя серабрыць.
 
Або вытку сонейка – Родны Край,
шчасьлівую доленьку, ураджай.
 
Шчасьлівую доленьку, як у снох,
вытку ніткай тоненькай на краснох.
 
Пад сталёвым бёрдам ў ясны дзень
жыцьцё каляровае зацьвіце,
 
бо буду надзеямі звонка ткаць,
будзе толькі бёрдачка ляскатаць.
 
1936
 
 
 
 
Бабулька
Прадзе нітку сівая бабулька...
Лён – так бела яе галава!
Быццам яснага сонца касулькі
пачалі дзень вясьняны снаваць.
 
Маршчын столькі ў задуманым твары –
каляінаў цяжкога жыцьця.
Вось як быццам-бы плуг той папары
баразнамі густымі пацяў.
 
Пахілілісь, сагнуліся плечы
і вялікім зрабіўся каптан, –
то гады так ў жыцьці чалавечым
на горб стройны заменьваюць стан.
 
Гэта доля сялянкі цяжкая,
часта сьлёзы няветлівым днём,
гэтак нізка стан гібкі згінаюць,
снуюць косы блядым серабром.
 
Толькі вочы глядзяць гэтак міла...
– Ці ж запраўды, бабулька, гады
толькі плечы табе пахілілі,
пакідаючы дух маладым?
 
Ці-ж жыцьця усялякага хвалі
толькі косаў туманную медзь
табе бельлю густой аснавалі,
пакідаючы сэрца гарэць?
 
Раскажы, колькі дзён ты на тыдзень
мусела бегчы прыгон адрабляць,
ды ўставаць пакуль сонейка ўзыдзе,
пакуль росы ўбяруць сенажаць.
 
Як у паншчыну ты гадавала
ды галубіла дзеці свае...
Казкі, песьні, што доля снавала
ў тыя дні, – сяньня мне запяі.
 
Пакажы мне дзявочую хусту,
андарак свой, што ткала тады,
і хвартух, дзе ад вышывак густа,
пояс, што насіў дзед малады.
 
Ды скажы, чаму нітка льняная
табе цудна на верацяне,
бы струна зіхаціць залатая, –
чаму гэтак ня дарыцца мне?
 
Адкажы мне, бабулька, таксама,
чаму ў вечар, як молішся ты,
дык твой твар ў валасоў белых раме
ціха зьзяе, як быццам сьвяты?..
 
1936
 
 
 
 
Ужо даволі
Ўжо даволі нам стагодзьдзі
адну горыч піць!
Боль і гора сваё годзе
ў Нёмане тапіць!
Ўстанем, крыўды нагародзім,
запяём мы аб свабодзе,
станем вольна жыць!
 
Доўга мучыў вораг люты
ў кіпцюрох сваіх...
Голас волі ў сэрцах скутых
ўсё-ж ды не заціх!
Ўжо мінае час пакуты,
паржавелі нашы путы,
сяньня скінем іх!
 
Гэй, паслухайце з курганаў,
рыцары-браты!
Ўжо ня сьцеляцца туманы
паласьсём густым, –
толькі сонца рве кайданы,
асьвячае, гоіць раны,
залаціць куты!
 
Што было – навукай будзе,
мы-ж пайдзём ўпярод!
Нашых сэрцаў не астудзіць
на’т сібірскі лёд!
Воля сілай б’е у грудзі,
звонам веча кліча, будзіць
цэлы наш народ!
 
Хто з нас верным Краю сынам –
кожны ўздыме сьцяг!
Для крывавых каляінаў
мала пачуцьця! –
мы з узьлётам сакаліным
для любой нясём Краіны
дар свайго жыцьця!
 
1937
 
 
 
 
Крыльлем віхор
Крыльлем віхор наш бор збудзіў,
на палёх зелянее рунь...
Што ты ў краі чужым адзін
сёньня, браце мой, не гаруй!
 
Колькі ў Нёмне бурлівых хваль,
колькі ў пушчах шуміць дубоў –
столькі сэрцаў цьвёрдых, як сталь,
столькі верных вартуе сыноў!
 
З чорных хмараў ўстала рань,
азарыла нам вокны сёл.
Ў гору, ў сонца адважна глянь,
там, дзе вольна ляціць арол.
 
Наш арліны сягоньня лёт!
Цяжкіх хмараў праб’ём стагі,
сэрцам сплавім крыштальны лёд,
сілай скінем з рук ланцугі!
 
Воляй цемру заменім ў сьвет,
верай зь неба прыклічам цуд;
залунае вясьняны цьвет,
азарыць наш радзімы кут!
 
Сілай сэрцы б’юць пад страхой –
там крывіцкі пульсуе марш!
Ўстане зь сёлаў курганны вой,
адазьвецца, хто сэрцам наш.
 
Дык ў ураджай нашых ніваў вер,
што крывёю засеяў, брат!
Сілы творчым парывам мер,
для змаганьня за волю хат!
 
Расшумеўся крывіцкі бор
і дзірван гарэ новы плуг.
А з-пад стрэхаў аж ў сэрца зор
наш стыхійны ўдарыў дух!
 
1937
 
 
 
 
Маладыя крыльлі
Ужо сонца за морам ў пасьцельку лягло
і птушка заснула прыкрыўшысь крылом:
у норцы прыціхла ля мышанькі мыш –
чаму ты сыночку так доўга ня сьпіш?
Ці у ручкі малыя табе халадно?
Ці ножанькі зьмёрзьлі пад тонкім радном?
Вось месяц заглянуў на нашу пасьцель,
і вугальчык зоркі на ніз паляцеў!
Ня будзе ўжо болей начамі сьвяціць –
пагас недзе сумна над рэчкай ў трысьці.
Заплюшч свае вочкі – з-пад небных старон
зьляціць матылёчкам табе ціхі сон!..
А я табе песьню ціхонька сьпяю
пад думкі, што голаў ўскружылі тваю...
 
– Хачу я, матулька, вялікі расьці,
Малочнаю Сьцежкай манлівай ісьці!
Хачу неба з шэрай зямлёю злучыць,
Мядзьведзіцу з зораў у Воз запрагчы,
акелзаць на небе разгонены гром
і сеяць на стрэхі празь Сітца дабро!
Маланкай, як пуга, як войстры бізун,
гнаць хмары, што воўкам над вёскай паўзуць,
вісяць па-над намі, як сьлёзы, як зло,
закрыўшы для сонца дарогу ў сяло!
Каб сівер у хаты крывыя ня дзьмуў –
сам ветравы лейцы я ў рукі вазьму;
расплаўлю на’т сэрцам на Нёмане лёд,
я шчасьцем сагрэю свой любы народ!
Адвечныя сьлёзы братоў я зьбяру,
дзірванную розумам долю згару...
Усе нашы раны зьлічу ў рызманох
і крыкну, што нават зьлітуецца Бог!
 
Сын крозіць, ён целам дзяцінны, малы,
а духам – як тыя пад небам арлы!
За вокнамі вецер б’е ў бубен-страху,
шапоча малітвы матуля ў страху.
А сэрца б’е сілай пад тонкім радном,
праз вокны-ж шлях сіні, шлях ясны відно...
 
1937
 
 
 
 
Дзявочае сэрца
У нязнаную дарогу, ў даль паехаў мілы...
Позна, позна цёмнай ночкай дзеўка варажыла...
 
Быццам думкай – ўзорам доўгі ручнічок снавала,
ды кашулю васількамі, шоўкам вышывала.
 
Казаў месяц рана зорам, што ў начы дзяўчына
пояс вышыты узорам сьлязьмі прамачыла...
 
Ўжо прыехаў з падарожжа, ўжо вярнуўся любы,
абяцаў ён жуковінку дзяўчыне да шлюбу.
 
– Што рабіла, дзяўчынанька, ці хоць сумавала?
Мо’ ў каморцы зачыніўшысь паясок снавала?
 
– Ой, не ткала паясочка, не зазнала суму –
праскакала цэлу ночку пад гармонік шумны!..
 
Прапяяла у кампаньні вечар васільковы,
прастаяла да сьвітаньня, ой, ды з хлопцам новым!
 
Мо’ дзяцюк дзяўчыне любай быў-бы і паверыў,
каб ня пояс ўзорна-сіні, што на стан прымераў.
 
Каб ня тыя васілёчкі, макі на кашулі,
што цьвілі з-пад рук дзявочых, калі ўсе паснулі...
 
1937
 
 
 
 
Жнівом
Сонца гладзіць па белай кашулі
і цалуе ўсё плечы жняі.
Пахінулась калосьсе – быццам ветры нагнулі, –
ціха звоніць, чакае, струіць.
 
Заіскрылася сонца ў сярпе мігатлівым...
Над плячамі жняі ж цэлы дзень
узьлятае ўсё ветрам ўзьнятаю грывай
дасьпелага золата жмень.
 
Вечар. Танцуюць абняўшысь дзесяткі...
Ня ўцерпіў і вецер – падняўся, задуў...
Дзесь пад лесам на пожні, на гладкай,
млеюць цені вячэрніх задум.
 
Гладзіць вецер чало прапацеўшае,
то гуляе з кашуляй жняі,
песьціць вуснаў дасьпелых чарэшні,
дзесь адносячы песьню ў палі.
 
Плыве песьня цьвяцістым узорам,
дум дзявочых гарачай струёй,
калі сэрца разжаліцца зорам
і заплача балючай тугой.
 
Аж засьне і рассыплецца ў росах
ці задрэмле на хаты дзьвярох...
Месяц цені крывыя пакосіць
і пакоціцца сам на мурог.
 
1937
 
 
 
 
Мой лён і сны
Кволы лён мой напіўся расы, –
быццам з воблакаў сіні наліўся.
Буду ткаць дываны, паясы,
для таго, хто мне ў ночы прысьніўся...
 
Будзе кужаль за сьнег той бялей,
пояс ўзорны, як межанька наша;
пазірацімуць людзі ў сяле,
калі мілы яго падпаяша!..
 
Няхай, змыты дажджамі, расьце,
хай сінее у раньні імглістым
так высокі, як тое трысьцё,
як той шоўк, так мяккі, валакністы!
 
Мама кажа: – Ты зрэб’е аснуй! –
яно болей патрэбнае ў хаце.
А мне хочацца толькі вясну
ды палі свае родныя ткаці.
 
Кажа мама: – Вось сьвіткі няма! –
за сукно трэ’, дачушка, узяцца...
Ах, сукно вытча мама сама –
там-жа ўзорам палі ня ірдзяцца!
 
Вельмі шэрае тое сукно, –
я-ж хачу ткаць вясёлкі і краскі;
аснаваць так прадно за прадном,
каб дыван быў як родная казка!
 
Так цьвяцісты, як нашы лугі,
як палі з васільковаю грывай;
быццам Нёман шырокі, даўгі,
быццам хвалі яго мігатлівы.
 
Ты-ж расьці, валакністы мой лён...
Апалю цябе рожавым раньнем,
спраду, вытку, дзявочы свой сон,
аснаваны гарачым каханьнем!
 
Ўсё, што цешыць, і ўсё, што баліць,
на палотны узорам раскіну:
хвалі, краскі, калосьсе, палі –
ўсю красу наймілейшай Краіны!..
 
1937
 
 
 
 
Не зязюлька куе
Не зязюлька куе ля ракі –
тчэ дзяўчына сабе ручнікі.
Ранным раньнем ўсё стук, стук, стук, стук,
а чаўночак сьлізгаецца з рук.
 
Пралятай, чаўночак, пралятай,
струны нітак льняных закранай,
на іх песьню родную звані,
будзі ў сэрцы дзявочым агні.
 
Пралятай, чаўночак, пралятай,
ўзорам бель ручнікоў патыкай,
як на поля зялёных краснох
тчэ сам травень пахучай вясной,
 
Хай з-пад зграбнай дзявочай рукі
цьвітуць макі, чабор, васількі.
Хай красуюць, як з году у год
на шаўковістых Нёмна лугох.
 
Пралятай, чаўночак, пралятай...
Хлопча дзеўкі сваёй ня пытай,
каму зь песьняй ручнік яна тчэ,
бо стралою з-за кроснаў ўцячэ.
 
Пралятай, чаўночак, пралятай...
Калі свахі сьпякуць каравай,
тады зорка навокал глядзі –
ўбачыш ўзорны ручнік не адзін.
 
Пралятай, чаўночак, пралятай,
струны нітак льняных закранай,
тчы узорам ручнік і абрус
так чароўны, як ты, Беларусь!
 
1937
 
 
 
 
Маё сэрца
Ці мо’ сэрца малое маё?
Ўсяго сьвету агнём не ахопіць –
для тых ніў толькі горача б’е,
што нам сёлы у золаце топяць.
 
Для тых ніў, для тых соснаў ў бары,
для бярозаў, што бельлю лунаюць,
яно толькі каханьнем гарыць,
ды каханьне у чын расьцьвітае.
 
Доля сотняў ня нашых жанчын
сьлязьмі сэрца майго не цярэбіць,
як лёс той, што ад болю маўчыць,
пахіліўшысь над працаю ў зрэб’і.
 
Дзеці – ўсюды, здаецца, адно,
ўсюды іхні галоўкі сьвятыя; –
ўсё-ж хай тых пад дзіравым радном
Бог цяплейшаю доляй прыкрые.
 
Тым дзяўчатам, што ткуць дываны,
што з калосься аб долі варожаць, –
дай ім шчасьце, як іхні ляны,
дай ім долю ясьнейшую, Божа!
 
Ці мо’ сэрца малое маё,
ці мой дух няузьлётны і вузкі? –
Для Цябе толькі, Краю мой, б’е,
для Цябе, мой Народ Беларускі!
 
1938
 
 
 
 
Буслы
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Зялёны баль
У зялёным лесе
птушыны
                      сьвіст,
бярозы зь ветрам
танцуюць «твіст».
 
Кожным лісточкам,
кожнай галінкай
скачуць ў такт рытму,
быццам дзяўчынкі
                                          вясной.
 
Побач яліна
у крыналіне,
ў росным блакіце,
на аксаміце
золата шышак
                              зьвініць.
 
Столькі караляў –
хлопцы б кахалі! –
ў любай дзяўчынкі,
сумнай рабінкі.
Роскашшу гэтай
вабіць паэтаў.
                              Пашто?
 
Стройны, ў мэдалях –
жолудзях – дуб
з рыжай сасонкай
прымае шлюб
                              быццам.
 
Будзе ўсё побач,
будзе ёй верны,
пакуль ня дзвэнкне
ў комель сякера
                                  зімой.
 
Тады ўпадзе ўніз
на зары
вясьняны рыцар
у зброі з кары
да ног
              сасонкі.
 
Вецер зрывае лісьце,
мяце.
Дзікая ружа
дзіка цьвіце,
прагне каханьня,
быць хоча ўпары,
вабіць дубочка
ружовымі чарамі.
Дарма.
Будзе сама
цьвісьці.
 
Стукат і кукат
і звонкі сьвіст,
зь ветрам бярозы
танцуюць «твіст»,
рэхам «лявоніх»
рагоча даль,
ў лесе зялёным
зялёны баль
сёньня.
 
1966
 
 
 
 
*  *  *
Такая цішыня, што лісьце не шапоча,
ня гнуцца травы посьцілкай зялёнай,
пагодны дзень паволі плюшчыць вочы,
да сну здымае сьветлую карону,
на небасхіл кладзе.
 
Маўчаць палі, лясы, гаі заціхлі,
нясе рака чароты ў задуменьні,
паўзе туман з дарогі, пахнуць ліпы,
і мякка ноч малюе вокал цені
ля сонных дрэў.
 
У галаве ад паху, як ад чаду,
чутно, здаецца, ў цішыні бязьмернай,
як славяць продкі маладую Ладу
ды шлюць Ярыле песьні ў час вячэрні
на мове роднай...
 
Верасень, 1966
 
 
 
 
Маці
Ты пагладзь мяне, мая матуля,
ласкава, ціхенька, хоць у сьне,
як тады, калі пяяла люлі
у дзяцінства казачнай вясьне.
 
Ды рукою, шорсткаю ад працы,
ўсе удары залячы жыцьця.
Хоць віскі даўно ўжо серабрацца,
дай адчуць, што я яшчэ дзіця,
 
што, як колісь, на галоўцы русай
пальцы рук праменьнямі ляглі,
акажыся зноў па-беларуску,
мовай роднаю загавары.
 
Завязі ізноў мяне у школу,
прытулі да сэрца, як калісь...
Парай коней на акутых колах
будзем доўга ехаць ў Ваўкавыск.
 
Знаеш, мама, ў школе ўсё па-польску,
каб прымелі – душу узялі б.
Гавары мне мовай родных вёсак
сонечнай пакрыўджанай зямлі.
 
Кажаш, вырасла танкляваю вярбою,
азарыла юнасьцю наш дом...
Забяры мяне назад з сабою,
мне так добра, калі мы разом...
 
Годзе, годзе, мама дарагая,
рук ня трэба нада мной ламаць.
Я ж адно ў жыцьці маім кахаю,
чаго нельга на зямлі кахаць.
 
Ты сама ўліла мне гэту сілу
горкіх крыўдаў, што ня ўбачыў Бог,
і сама такою нарадзіла –
з прагай волі ў маладых грудзёх.
 
Птушак шнур запозьнены, асеньні
праляцеў і скрыўся ў тумане.
Калі б знала, для якіх цярпеньняў
нарадзіла, маці, ты мяне.
 
Пакладзі на голаў мне далоні,
запляці апошні раз касу,
я цябе такою, як сягоньня,
праз жыцьцё, як сьвятасьць, пранясу.
 
1966
 
 
 
 
Жаўрук
О кліч вясны непераможны!
Рунее поле,
                          водаў бег.
Пыл на нагах маіх дарожны,
на скронях белым-белы сьнег.
 
У полі жаўранак вітае вясну,
узьняўся, каб пяяць.
І я – жаўрук.
I я такая.
І мне бязь песень не стрываць.
 
Зьвінець душой,
                                  пяяць і верыць
у цьвет лугоў, у гон ракі.
Любіць зямлю сваю бязьмерна,
як толькі ўмеюць жаўрукі.
 
 
 
 
Дрэмле вечар у ціхай дуброве
Дрэмле вечар у ціхай дуброве,
летняй стомаю ные зямля.
Засьпявай мне на матчынай мове
незабыўную песьню зь сяла.
 
Пра сярпочак, дзявочыя рукі,
васільковы на скронях вянок.
Хай над пожняй калышуцца гукі,
надрываецца рэха здалёк.
 
Месяц выплыў на хмарку сярпочкам.
Мала стомы ў руках маладых.
Млее ноч ад тых песьняў дзявочых.
Бог Ярыла ля ніваў прыціх.
 
 
 
 
Дыван
Пад старасьць дзён,
калі так ломіць змора
ўсяго жыцьця,
                              што засталося ў снох,
прыгадваю дзівосныя узоры
у ромбікі
                    на матчыных краснох.
 
Узор пяе на лоне пражы белай,
шнурок з квадратаў роўненька бяжыць.
Як вылічыць, як аснаваць сумела
дыван свой,
                          каб аж так заваражыць?
 
Так далікатна, анідзе памылкі,
на бель асновы колерам лягло,
так ад калыскі да самой магілкі
жыцьцё людское выткана было:
 
квадраты дзён,
запоўненыя працай,
між імі – сонца залаты прасьвет.
Так роўненька,
так нельга памыляцца,
каб спраўным быў дыван жыцьця
як сьлед.
 
 
 
 
Беларусь
Беларусь мая сьпеўная,
                                                    летняя,
                                                                  жніўная.
Палавеюць загоны густой ярыной.
Напаю свае вочы блакітам і нівамі
і лясоў тваіх цьмяных суровай красой.
 
На дарогах жыцьця сьлёз нап’юся папоўніцы.
Кожны крок мне да болю бывае цяжкім.
Толькі ласкай тваёю душа мая поўніцца.
Імя тваё сьветлае ў сэрцы маім.
 
Аддалёк, бы дыван, зелянее бульбянішча,
паабапал дарогі адцьвіў чабарок.
О зямля маіх прадзедаў, наша прыстанішча!
Зноў на грудзі мне ўпала сьляза незнарок.
 
Паглядаю навокал –
                                              дачка твая верная –
і люблю да адчаю, мой скарбе, цябе.
Шлях даўгі, адзінокі, усыпаны цернямі.
Толькі я не прыстала яшчэ ў барацьбе.
 
 
 
 
Мая крыніца
Жыта морам наўкол,
сіні лён і пшаніца.
Кроны дзічак на межах.
Ячмень і аўсы.
 
То дзяцінства майго залатая
крыніца
вабіць жоралам вечна жывое
красы.
 
Зь ветрам дрэвы шумяць,
нешта сэрцу гавораць.
Прад вачыма расквечаны траваў дыван.
А рачулка гаючая
хваль пераборам
ціха гойдае вербаў пахілены стан.
 
Дзе дарога наўпрост,
полем сьцежка віецца,
сонца шчодрымі промнямі сее кругом.
Блаславёным цяплом заварожвае сэрца,
кліча сьветлымі вокнамі дзедаўскі дом.
 
Нехта быдла з дубовага поіць карыта,
ля драўлянае студні рыпіць журавель.
А ў вадзе адбіваецца неба блакітам
і палошчуць аблокі пушаную бель.
 
Як тут зелена, хораша,
ціха, адвечна.
Панадворак травой, канюшынай прапах.
Адбіваецца засмуж нябёснай сінечы
у задуманых зьлёгку дзявочых вачах.
 
 
 
 
*  *  *
Зямля мая любая, дзень мой і ноч,
водгульле песьняў, у полі калосьсе.
Часам ударыць аб шыбіну дождж,
сумна ля вокан вятры загалосяць.
 
I з заараных даўно каляін
роднага поля маёй маладосьці
вырвецца часам балючы ўспамін,
даўно адышоўшых пакліча ў госьці.
 
У покуці, тата, цябе пасаджу,
прысядзе матуля зычлівая побач.
У сьне-успаміне на вас пагляджу
і буду вас сьцішана слухаць за поўнач.
 
 
 
 
*  *  *
За вакном у сутоньні
сонца нікне са стрэх.
Дождж мне вымыў далоні.
Шчокі выбеліў сьнег.
 
Ільняную кашулю
на мой змучаны стан
каб на ноч апранулі
ды паслалі дыван,
 
ды паклалі на ўзьлесьсі
у старым дзірване,
каб цягучыя песьні
калыхалі мяне.
 
 
 
 
*  *  *
Думы – коні мае вараныя,
грыва зь ветрам і цокат капытаў.
Напярэймы – жывыя, зямныя,
выкрасаюцца іскры з граніту.
 
 
 
 
Сялянка я
Шугае позірк сьмела за аблокі,
што пралятаюць над гняздом маім.
Сялянка я з душой маёй шырокай
і з думкамі, як Нёмана уздым.
 
Зь цішы лясной, з тугі і крыху з поту.
Я працу ведаю і крыльля сьмелы ўзмах.
Мяняю я на ніваў пазалоту
ўсё золата на пальцах і ў вушах.
 
Хтось плача, што насіў калісьці лапці
і з пугаю за статкам босы йшоў.
А мне найлепей у сялянскай хаце,
што ведае, дзе мір і дзе любоў.
 
Калі на сэрцы ные боль шчымлівы,
хтось адыходзіць ў невараць зь сям’і, –
нам гояць раны залатыя нівы,
палі бязьмежныя.
Сяляне мы.
 
 
 
 
Медзьвядзёва фарба
На каптан для мужа,
на ўток і аснову,
шукала жанчына
фарбы медзьвядзёвай.
Гэткай незвычайнай
пражаю снавала
кросны,
гэткай ніткай бабка патыкала,
не гнядой,
ня бурай і не каштановай –
іменна наяўнай фарбай медзьвядзёвай.
I малюе мара маладой жанчыны
бурага мядзьведзя ў нерушах айчынных
і вачмі прабабкі бачыць,
як у буру
валакуць мужчыны медзьвядзёву шкуру.
Ды па тых адважных
згасла памяць недзе,
што змагалі ў пушчы
бурага мядзьведзя.
А жанчына марыць ночкаю зімовай
і шукае фарбы толькі медзьвядзёвай.
 
 
 
 
Беларусы
Беларусы ад касы.
Нам сьняцца высокія травы,
пракосы, як паясы.
Касавіца для вас – забава.
Лоб у поце, лугі з расой.
Гнецца першына, зноў атава.
Размахнуцца шырокай касой –
маладая мужчынская справа.
Беларусы ад касы.
З асялком у кішэні кожны.
Нахіляюцца каласы
з налітым зернем на пожню.
Косы зьвіняць у сяле,
іх клеплюць на бой пераможны.
I хлеб, бы зара, на стале,
і засек зімой не парожні.
Беларусы ад касы.
Дарогамі да сьвітаньня
хлопцы з косамі йшлі ў лясы,
на бунт ішлі, на паўстаньне.
Вашчыла іх вёў, Кастусь.
Зьвінелі ў паходах косы.
Адраджалася Беларусь
пад звон іх рашучы і востры.
Вокам сябра гляджу на касу.
Асялок кранаю рукою.
Не, на злом яе не панясу.
Няхай павісіць пад страхою.
 
 
 
 
Сустрэча
Сустрэнемся на вузкай перакладзіне.
З двух берагоў паважныя прыйдзем.
Усё, што не даткана, не дапрадзена,
я пакажу табе
ў сьвяточны дзень.
Вось толькі я забылася пра почасьці.
Калі з дарогі зойдзем
у мой дом,
я проста пасаджу цябе на покуці,
аддам на ласку маім багом.
Снуецца зь песьнямі льняное прадзіва,
пасаг бы з кужалю танчэй саткаць.
Жартоўна
                      кросенцы мае разладзілі,
уток заблыталі,
не разблытаць.
Я запяю табе
                              пра дзіва дзіўнае,
якая ў Нёмне глыбіня,
як ноччу месячнай на воды сінія
выводзіць дзеўчына паіць каня.
А конь ня слухае,
а конь бянтэжыцца,
рве цуглі срэбныя –
                                              дарма спыняць.
З каменьняў Нёмнавых
аж іскры крэшуцца,
аж сэрца цешыцца
                                          з таго каня.
З двух родных берагоў
                                                  на перакладзіне
сустрэнемся ў сьвяточны добры час.
Чаго б ня здужалі,
чаго б ня ўладзілі,
пакінем моладзі сказаць за нас.
 
 
 
 
З моладзьдзю
Апрануўшыся давідна,
падбадзёрана сьмехам звонкім,
вылятала мая вясна
зь лёгкім ветрам наперагонкі.
Час быў дзіўны. Каля мяжы,
упрыгожанай церпкім верасам,
так часамі хацелася жыць,
а часамі і жыць не хацелася.
Трудна вочы было адарваць
ад вясны, да зямлі прынаднае.
Цяжка людзям было дараваць,
што яны да людзей неспагадныя.
Усё адны гуляюць і п’юць,
а другія сьлязамі плюскаюць.
Я і выбрала сьцежку тваю,
маці-доля мая беларуская.
Ці прыходзіў у сны адчай?
Ці трымцела сьлязіна скупая?
Не скажу.
                      Сьвятлее ў вачах,
калі моладзь на шлях выступае.
 
 
 
 
Вечаровая песьня
Дзень спахмурнеў, у полі вечарэе,
над дрэвамі крыла начнога ўзмах.
Згасае ціха сонца, бы надзея,
адбіўшыся сумотай у вачах.
 
Міргаюць хатаў вечаровых вокны,
дзявочы голас выплыў і замоўк,
разьверадзіў ён успамін далёкі,
аж сэрца ўздрыганула незнарок.
 
Так і ў жыцьці ўмірае ўсё і чэзьне,
як гасьне дзень натруджаны ў палёх,
і застаецца неўміручай песьня –
яе красы ніхто не перамог.
 
 
 
 
Буслы
Ходзяць госьці – буслы на даліне.
Скуль да нас прыляцелі,
сябры?
Крэкчуць жабы на дождж
                                                          ў лугавіне,
салаўі засьпявалі ў бары.
 
Сьмела, бусьлікі, лётайце дома,
віце гнёзды бліжэй каля нас.
Ў нас усё, як даўней, па-старому,
хоць і новы,
як кажуць, час.
 
Можа, крыху інакшую, звонкую,
па-старому каб вас прывітаць,
мы зацягнем на дрэва баронку,
каб лягчэй вам гняздо будаваць.
 
Гэтак многа шырокіх дарогаў.
Нам мілей даль палёў і лясы,
дзе вякамі да нашых парогаў
прылятаюць на весну буслы.
 
 
 
 
Смага
Жывым струменем з нэтраў б’е
халодная, бы лёд,
                                      крыніца.
Як праўду,
чэрпаю яе
зь зямлі, што мне не чужаніца.
 
Цячэ вадзіца проста ў збан.
А пэўна, што лягчэй удвое,
паволі адкруціўшы кран,
напоўніць конаўкі вадою.
 
Пайду насуперак вятроў
насустрач ніў і польных макаў
пад ценем ліпаў і дубоў
па воду тую,
што да смаку.
 
 
 
 
Вайной
Сэрца маці начамі ня сьпіць,
лекаціць, як зыманы голуб.
Сэрца маці за ўсіх баліць.
Белізна пакрывае годаў.
 
Нарадзіць,
                      карміць,
                                        гадаваць.
Чуць іх голас, бачыць усюды
і вайне на няміласьць аддаць
ды чакаць чорнай весткі ці цуду.
 
Хмарай зноў груганам кружыць
над пабоішчам.
Тлець папялішчам.
Як жа зроблена мала,
каб жыць.
Як жа зроблена многа,
каб нішчыць.
 
 
 
 
*  *  *
Сьвішча вецер ашалела, востра,
хлешча гордую душу маю.
зь непагодай у адзінаборсьцьве
вытрывала ўсё. Яшчэ стаю.
 
Не зламалі недругі і гора.
Бо ў часы праверак і нягод
пунктам непахіснае апоры
быў такі трывалы мой народ.
 
 
 
 
Жыць
Жыць – гэта ў заўтра праменнае верыць,
з паднятай ля злыдняў прайсьці галавой.
Жыць – гэта знача прачхнуцца ад цемры
і сонца убачыць над сумнай зямлёй.
 
Ў хаце з пахучых сасновых бярвеньняў
з нашым гаючым сямейным цяплом
бачыць, як шчыра ўсе тры пакаленьні
сыдуцца разам за поўным сталом.
 
Жыць – калыхаць і на вечнасьць праводзіць,
род свой і мову кахаць, сьцерагчы.
Хай зьзяе, хай вечна ў крыві нашай бродзіць,
роднаю песьняй чаруе ў жыцьці.
 
Мудрасьць дзядоў і дзяцей шчабятаньне,
гожасьць жаночая, сіла мужоў,
дзіўнасьць і сьмеласьць, жывое сьвітаньне,
ў якім адчуваецца верная кроў.
 
Сіла ў далонях ды посьпехі ў працы,
спогадзь суседзская, літасьць ў бядзе,
гордая мужнасьць за праўду змагацца,
пашана і вартасьць сапраўдных людзей.
 
Жыць – кідаць вечна у ворыва зерне,
садзіць маладыя лясы і сады,
то дотыкам ног цалаваць тую землю,
дзе цяжка ступалі бацькі і дзяды.
 
 
 
 
Зь мінулага
Восень прарочыць панікшы юргіні,
Сталі туманы над рэчкаю млець.
Небам прасторным, шляхом цёмна-сінім
Гусі ўзьняліся за мора ляцець.
 
Ходзяць дзяўчаты ў дзень на капаньне,
Увечары труць свой адмочаны лён,
Песьні з-пад церніц гучаць аб каханьні,
Цудным, вясёлкавым марам ўздагон.
 
Хто жа насіць будзе зь лёну кашулю,
Хто рушніком утрэ, змораны, пот,
Хто ж каля вішняў да сэрца прытуліць,
Цалуючы вочы і вусны, як мёд?
 
 
 
 
*  *  *
Промень сонца нутро паласнуў,
I цяпло па крыві разьлілося.
Я кахаю цябе, як вясну.
Ці ня зь неба вачэй тваіх просінь?
 
Жытні колер тваіх валасоў
Ў летні поўдзень снапочкам іскрыцца.
Ты бярозкаю выйшла зь лясоў
Мне насустрач, і я захапіўся!
 
Гэтак часта чаруюць бяз слоў
Пачуцьця паляцеўшага хвалі.
На зямлі адышоўшых дзядоў
Мне вятры пра цябе запяялі.
 
Дзеўчынё, лёсу шчодрага дар.
Рэчаіснасьць з бабулінай казкі,
Я сустрэў цябе, як гаспадар,
З чыстым сэрцам у хаце сялянскай.
 
Прада мною прасторы дарог,
Што пралеглі па нашай Краіне,
Ўсё ж дзядоў маіх родны парог
Ў юным сэрцы маім, як сьвятыня.
 
Куды б лёс ні закінуў мяне,
Ў якім краі я ні апынуўся б,
Сьвяты кліч маё сэрца кране
І – прыйду да маёй Беларусі.
 
Сёньня ціха стаю ля дзьвярэй,
Толькі сілай юнацкай багаты,
Усьміхніся ж, дзяўчына, шчырэй
І з даверам заходзь ў маю хату.
 
Пакуль хмара здалёк наляціць,
Лёс сьцяжыну праложыць крутую,
Будзь, як сонца, што грэе ў жыцьці,
Будзь, як песьня, што душу чаруе.
 
Твае словы, як звон каласоў,
Ты, як поўдзень вясновы ў нядзельку,
Як легэнда з адвечных часоў,
Нашай, любай да болю, зямелькі.
 
Дык пакуль ўсё квітнее кругом,
Нашы вёсны, бы цьвет на каліне,
Уваходзь у сялянскі мой дом,
Як пілігрым уваходзіць ў сьвятыню.
 
 
 
 
*  *  *
Ажно прыпальвае сонца зь нябёс,
Жыта стаіць залатою сьцяною.
Ляглі сенажаці ў духмяны пакос,
Жніво наступае адвечнай чаргою.
 
Яго не адсрочыць. Трэ’ выйсьці і жаць,
Ці раніца ў хмарах, ці поўдзень утомны,
Дар шчодры зямелькі трэ’ ў пору сабраць,
Ў жывое прыроды крутыя законы.
 
Глядзіць задумёна асьвечаны ўнук
На дзеда аблічча, яму на далоні,
Зь зямелькай ён гутарыў дотыкам рук
Ды паліваў сваім потам загоны.
 
Радзіла? – ня вельмі. Скупы на ўмалот,
Далоням зямелька ўсяго не давала,
I калі з годам зыходзіўся год,
Хлеба часамі на стол не хапала.
 
Зьвіняць на палетках зярнём каласы,
Ня жнейкі ўжо постацьцю йдуць, а камбайны
Толькі, як некалі, тыя ж лясы,
Птушыны народ там руплівы і дбайны.
 
Дзякуй, дзядуля, араў што і жаў,
Ды з саламянай сявенечкі сеяў.
Былога, дзядуля, ня вернеш, на жаль,
Як маладосьць ўжо вярнуць безнадзейна.
 
А пот твой і праца на роднай зямлі
Бясьсьледна ў наплыве змагань не прапалі.
Жалезныя рукі ўмалот узьнялі,
Пасеялі лепей і болей нажалі.
 
Чаго табе брак, дзеду стомлены мой,
Чаго не хапае – дзяцей на парозе?
Ці гутаркі беспасярэднай зь зямлёй,
Ці ў стаянцы побач каня варанога?
 
Час новы адкінуў твае лемяшы.
Сярод нецьвярозых суседзяў здаецца,
Што тыя машыны, яны без душы,
Ды людзі пры іх атупелі, бяз сэрца...
 
Можа, чаго зразумець не змаглі,
Думам няма ля чаго прыпыніцца?
Скажы нам: хлеб – дар жыцьцядайнай зямлі,
Ёй нізка належыць за ўсё пакланіцца...
 
 
 
 
*  *  *
Цішыня. Толькі месяц двурогі
Ўзяўся зжатым палеткам сьвяціць.
Мне б дазнацца, якою дарогай
Праз туманы з табою пайсьці.
 
Цень задумына сумным абліччы,
А са мною далёкі ўспамін
Незабыўнымі песьнямі кліча
З наднямонскіх, шырокіх раўнін.
 
Сьпеў адвечны, як брага, упойны,
Зьліты з нашай душою ва ўсім.
Ўсё бурліць мне ў душы неспакойнай
Ласкай, вернасьцю продкам маім.
 
Дзе прыстаць, як накрэсьліць граніцы
Чалавечых, нязбыўных патрэб?
I ракетамі ж нам ганарыцца,
Ад вякоў засяваючы хлеб.
 
 
 
 
*  *  *
Нам марыць належыць тады, калі марыцца,
Быць зьнічкай, ня сумнаю сьвечкаю тлець,
Можна й вясною дачасна састарыцца,
Можна і полымем ўвосень гарэць.
 
Хай славіцца сэрцаў жывое гарэньне,
Каханьня і працы сьвяты запавет.
Ўся вартасьць людскога жыцьця – у тварэньні,
Калі застаецца раз’іскраны сьлед!
 
 
 
 
*  *  *
На ветразях крыльляў з шырокім размахам
У вышыню шуганулі птахі.
Верныя небу і лесу,
Ня ведаюць птахі «прагрэсу».
 
Зямлі толькі вераць чорнай,
Што іх зернем налітым корміць.
Неба прасторам бясконцым
I жыцьцядайнаму сонцу.
 
Уюць гнёзды, як іхнія продкі,
Саматугам ляцяць за аблокі.
Зямлі зарунелай прадвесьне
Пад сіняга неба навесам.
 
Поўная звонкай свабоды
Працягласьць птушынага роду,
Ня знаюць граніцаў, ні межаў,
Вышыня ім і воля належыць.
 
Азброеныя навукай і тэхнікай тысячарукай,
З павагай глядзім, зь любоўю
На зваблівы ўзьлёт няўлоўны,
Спалегласьць на ўласную сілу,
                                                                    свабодныя крылы.
 
 
 
 
*  *  *
Зіма. Мароз кусаецца,
Пра поўдзень дзе хто марыць,
Калі ля нас спыняецца,
Румяніць толькі твары.
 
Сьнег усе дарогі нам заслаў,
К суседзям не пралезьці.
Тады нам марыцца вясна
I яблыні ў квеці...
 
I не скуе нам сэрцаў лёд,
Сьпякота не расплавіць.
Сярод выгод, сярод нягод
Жыцьцё умеем славіць!
 
Трывалы, моцны ў нас касьцяк,
Што нам ліхая сьцюжа.
Беларусы мы як-ніяк,
Нас сьцюжам не адужаць!
 
 
 
 
*  *  *
Зямля ня сьпіць, зямля яшчэ жывая,
Гарцуе вецер ля бязьлістых крон,
Пад белым сьнегам ўсё адпачывае.
Заслужаны, благаславенны сон.
 
I сну і працы яна знае меру,
Такі закон пакінулі вякі.
Вось прыйдзе час, пацягнуцца з даверам
Насустрач сонцу кволыя лісткі.
 
Будуць дажджы, грымотныя акорды,
Умыюць ліўні яе гожы твар,
I будзе зноў радзіць аддана, шчодра,
I пчолы з наквеці зьбяруць нэктар.
 
Вачыма прагнымі да родных ніў прыпасьці,
Бясконца слухаць салаўя ўначы.
Зямля цьвіце. Якое гэта шчасьце!
Як маці, трэба землю сьцерагчы.
 
Тут ўнукам жыць на гэтым белым сьвеце,
Зямля гадуе, корміць змалку дзён,
На ўлоньні ніў усе мы – яе дзеці,
Закон зямлі і наш сьвяты закон.
 
 
 
 
Ой, пайду
Ой, пайду, пайду я
ды ў старонку тую,
дзе мая дзяўчына
ўсё па мне сумуе...
 
Дзе начамі вецер
песьні, казкі бае,
дзе мяне матуля
сумна выглядае.
 
Дзе над роднай хатай
ціха дуб нагнуўся...
Ой, пайду, пайду я,
касой размахнуся!..
 
Пакашу атаву,
пакашу я зельле, –
шыкуй, дзеўка, скрыню
шыкуй на вясельле!
 
Прыдбай, дзеўка, мёду
за наш Край чароўны,
за тваё здароўе, –
вып’ю чару поўну!
 
Ворагам на ганьбу –
вып’ю я другую!
Трэцю за палоску
сваю дарагую.
 
А калі сьпяеш мне
ціха нашу песьню
і дасі мне вуснаў
сьпелыя чарэшні –
 
я за іх, за косы
у чырвонай стужцы,
аддам душу, сэрца
табе – Беларусцы!
 
Дык чакай, галубка, –
я прыйду, вярнуся!
Ні цябе, ні Краю
свайго не зракуся!
 
 
 
 
Забэйдзе-Суміцкаму
Ты запеў нам песьню аб барох сасновых,
аб пахілых ў полі, сумных дзесяткох,
аб цудоўных межах зь цьветам васільковым,
што здаюцца часта на чужыне ў снох.
 
Ты запеў нам песьню аб бярозе белай,
як ў зялёнай хусьце стройная стаіць
і аб тым, як явар у начы нясьмела
аб сваім каханьні лістам шалясьціць.
 
Ды як ціха вецер лісьцямі зь бярозы
засыпае сумна незабыты сьлед,
што пакінуў кажны з нас там на дарозе,
як ішоў ды з хаты ў непрыхільны сьвет.
 
Аб радзімай вёсцы запяяў нам песьню,
матчыную песьню запяяў ня раз
і аб тым, як птушкі кажнае прадвесьне
прывітаньні з сэрца там нясуць ад нас.
 
Хай з тваёю песьняй, хай шляхом гусіным
размахнецца сэрца, ды ляціць туды,
дзе астаўся сьлед наш ў родных каляінах,
дзе мы пагублялі сьмех наш малады.
 
 
 
 
Новы Год
Новы Год ідзе крокам бадзёрым,
крокам звонкім, як сам маладым,
расьсьцілае надзеі узорныя,
гоіць крыўдаў і ранаў сьляды.
 
Ідзе стуль, дзе ў завеяных хатах
нас чакае сям’я за сталом,
каб з загубленым сынам ці братам
падзяліцца сямейным цяплом.
 
Ідзе стуль, вецер дзе у лазінах
па-за гурбамі сьнегу заціх;
на гасьцінцах дзе скрып палазіны
замірае у далях лясных.
 
Ідзе зь сьнегам засланых загонаў
Нёман сьпіць дзе пад лёду карой.
Хай-жа ў нашую чарку зазвоніць
на чужыне ды братняй рукой!
 
Хай нясе успаміны аб сёлах,
што у белай задуме ляжаць.
Прывітайма-ж яго мы вясёла,
каб ніводзін ня сьмеў сумаваць!
 
Новы Год ідзе крокам бадзёрым,
як заўсёды – зь бярэмам надзей.
Мо’ вясною палямі узорнымі
ў родны, вольны наш Край завядзе.
 
 
 
 
Доля
Ў сажалцы дзяўчына
лянок намачыла,
у вадзе празора
каб адмок,
 
каб быў залацісты,
каб быў валакністы,
каб быў ясны, мяккі,
быццам шоўк.
 
Каб пралася нітка
ды палотны выткаць,
разгарнуць вясною,
быццам сьцяг,
 
над ракою сіняй,
ды напоўніць скрыню
палатном дзявочым
на пасаг.
 
Над вадой аб мілым
дзеўка варажыла,
рассыпала краскі
на прыпол...
 
Красачкі варожаць,
што будзе прыгожы,
будзе стройны, сьмелы,
бы сакол,
 
да ўсялякай працы –
і загон гараці,
і сячы пакосы,
і кахаць...
 
– Будзеш гаспадыняй,
вечарам-жа сінім
будзеце аб шчырасьці
размаўляць...
 
 
 
 
Вечар
Апаў вечар вакол ціхім сумам,
таямніцай непрагляднай лёг,
апаў хмарай невясёлых думаў,
разаслаўся густа на палёх.
 
Аж праснуўся вецер над палянай,
дзьмухнуў ў попел звогненаму дню,
залунаў дзесь месяц над курганам,
зоры бліснулі бы сугаркі агню.
 
Мякка гнуцца грывістыя травы...
Нехта хаты ціха усыпіў.
Вецер стада хмараў кучаравых
ўдаль пагнаў па небе, па стэпі.
 
Ноч ў дрымоце клоніцца і вяне,
бы падкошаная ў маі сенажаць,
толькі зоры збуджаным каханьнем,
толькі зоры дзіўныя гараць.
 
 
 
 
Панад Вэлтаваю
Панад Вэлтаваю
лётаюць, плаваюць
кагаркі ў сонечны дзень.
Стадамі белымі,
быццам вясельнымі,
маняць на бераг людзей.
 
Стрэламі лётнымі,
ветру ўзьлётамі
шыбаюць ў сінюю высь.
Неба-ж пад дотыкам
стройнае ґотыкі,
праскае неба дрыжыць.
 
Быццам-бы топалі
ў сонцам растоплена
нашае неба глядзяць.
Цьветам-жа ў маі
сады засыпаюць
сіняга Нёману гладзь.
 
Так над Вэлтаваю
кружаць то плаваюць
кагарак белых віры...
З чарам пагоднага-ж
неба, як роднага,
ўспомніцца Нёман стары.
 
 
 
 
Мяцеліца
Па палёх ды па загонах,
      па аселіцах,
ой, сівая йдзе, гуляе
      к нам мяцеліца.
 
Туманамі сьнег пушаны
      ўсё кудзеліцца,
па дарогах, ля парогаў,
      мякка сьцелецца.
 
То жаночым жалем звонкім
      разгалосіцца,
то аб шыбы б’е вузкія,
      ў хату просіцца.
 
То вясёла адазьвецца
      расьпяяная,
заве, маніць з сабой сэрца
      ў даль нязнаную.
 
Пяе песьню, зацягае
      ўсё тужлівую,
чэша вецер, заплятае
      косы сівыя.
 
Сьцеле бурай, засыпае
      сьлед завеяны
матылькамі, бы у маі,
      сьнегам сеяным.
 
Наракае, плача, тужыць
      ноччу цёмнаю,
б’е у вокны, злосна будзіць
      вёску сонную.
 
Ой, скрыпяць, скрыпяць бярозы,
      нагінаюцца,
перад крыжам, пры дарозе,
      быццам каюцца.
 
Мо’ за вёсны з маем тыя
      расьпяяныя,
мо’ за песьні маладыя,
      за вясьняныя.
 
Мо’ за шэпты той мяцелі,
      ой, нязнаныя,
за пяшчоты зь ветрам кволым,
      ды за п’яныя.
 
 
 
 
Калі вецер
Калі вецер асеньні часамі
пачне біцца аб цьвёрды бэтон,
нейдзе рвацца буйнымі крыламі –
раскалышыцца сэрца як звон.
 
Ды празь сьцены дамоў камяныя
і праз стрэхаў іржавую медзь,
ўбачыш сэрцам прасторы іныя,
дзе якраз пачало сутунець.
 
Быццам едзеш дамоў па дарозе,
коні звонка капытамі тнуць,
бляды месяц апёршысь на розе
сьвеціць тухлай лятарняй у цьму.
 
Толькі пырскаюць борздыя коні
ды чужое міргае акно,
сумны вецер расказвае стогнам,
што сям’і ўжо няма тут даўно.
 
Быццам птушкі далёка у вырай
адлятаюць прад сівай зімой, –
на прасторы ліхое Сібіры
завязьлі іх усіх грамадой.
 
Але птушкі вясною свабодна
прылятуць яшчэ ў белы наш сад,
толькі тыя, зь Сібіры халоднай,
ўжо ня вернуцца ў вёскі назад...
 
 
 
 
Кволай краскай
Кволай краскай гарыць, расьцьвітае,
і сярэбраным іскрыцца днём,
зелянее запозьненым маем
нешта ў сэрцы астыўшым даўно.
 
Быццам песьня у полі заснулым
закалыша тужліва душой...
Нешта сэрцам маім скалыхнула,
нешта думы забрала з сабой.
 
Голас розуму вяне бясьсільна,
калі сэрца, як вольны той птах,
размахнулася шырака крыльлем
з маладою вясною у тахт.
 
I стрымаці яго ня стрымаеш...
Ды ня варта вясной і трымаць!
Хай сьмяецца, гарыць, расьцьвітае
для таго, хто прымусіў кахаць.
 
 
 
 
Загад
Ураджай шумлівы на палёх,
лугі, і рэкі, і азёры,
і магутнейшы бор ад бору –
ўсё гэта даў нам добры Бог.
 
Авёс вяцісты, нівы жыта,
пшаніцы звонкае калосьсе,
і шмат дароў багатых ў восень
зь зямелькі плодна-сакавітай.
 
I хаты роднае парог,
красу дзяўчатам нашым мілым,
а дзецюком буйную сілу, –
ўсё гэта даў нам добры Бог.
 
Даў наквець белую садоў,
багацьце песьняў мілагучных,
а ў сэрцы даў агонь пякучы
каханьня да зямлі дзядоў.
 
I даў загад нам добры Бог:
каб кажны моцнаю рукою
гараў загон ды сеяў волю
і Родную Зямлю сьцярог.
 
 
 
 
Ёсьць край адзін
Ёсьць край адзін пад прамяністым небам,
даступны сяньня толькі маім сном,
дзе гожы луг ля цёмна-сініх грэбляў
засланы сьнежна-белым туманом.
Там недзе ў хвалях рэкаў перазвонных,
ў палёх, дзе зацьвітаюць васількі,
ў ачох дзяўчат і ясных лехаў лёну
губляе неба цудны свой блакіт.
 
Далоні й сэрца зроднены з ральлёю,
а душы з краем ў наквеці галін.
Там Нёман пенным бурыцца прыбоем,
ніў хусьцем ярым сьцелюцца палі.
Шуміць пшаніца залацістым чубам,
зьвісае зь вецьця перламі авёс,
заносьліва ірдзіцца сіні лубін,
а грэчка кволая лунаецца з палос.
 
Ёсьць край адзін, аквечаны юргіняй,
край, тканы зеленьню узорыстых краснох,
край, вышыты у пацеркі калінаў,
дзе ноч з расой сядае на парог
і чэша косы доўга, задумлёна,
ўплятае зоры ў цемень валасоў,
блядыя рукі выцягае сонна
і надзіць месяц, каб апаў далоў.
 
Ёсьць край адзін, так сьвету мала знаны,
дзявочы край між сіні і зарніц,
дзе дню насустрач конь іржэ буланы,
гатовы ў полі вецер даганіць.
Вятрамі чэсаны і росамі умыты,
дзе гоні з сонцам мерае сявец,
і гнецца ў пояс каласамі жыта...
Ёсьць край адзін – мой цэлы, цэлы сьвет!
 
 
 
 
Над Зэльвянкай
Стаю адна, а прада мной ірдзіцца,
сінее поясам вузенькая рака...
Прыйшла сюды я раньнем на граніцу
з другога боку птушак сустракаць.
 
Вось вылетуць яны зь зялёных хвояў,
пачнуць вясёла з сонцам гаманіць
і паплывуць у сіні нада мною,
ня знаючы ні межаў, ні граніц.
 
Вось вылетуць... ушыр і ўдоўж па краі,
дзе толькі кліча рэха братніх мук.
Іх вольны лёт нішто не затрымае –
ні сінь Дняпра, ні быстраводны Буг.
 
Ня ўбачу больш, як сонца тут устане
і ў сініх хвалях голаў акуне...
Не заірдзіцца у кустох ружова раньне
і толькі ў чужыне прысьніцца мне.
 
Як гляну я на стрэхі родных вёсак,
што у лугох, як птушак чарада...
Мне гэтак цяжка родныя палоскі
і край свой любы сяньня пакідаць...
 
Калі цягнік жалезам зарагоча
і панясе ў далёкі, гулкі вір,
імглою смутак ападзе на вочы,
ўпадзе мой стогн на прыдарожны жвір...
 
I, ціха стоячы ў вакне вагона,
я захачу, самотная, адна
свае аўсом засеяныя гоні,
і вобраз сёл, і буры лес абняць.
 
Бывай ужо, плыві далей, Зэльвянка,
нам прыйдзецца з табой расстацца ўсё ж...
Іду дамоў, а прада мной сялянкі
ступаюць па дарозе басанож.
 
Глядзяць у твар, і чуецца пытаньне:
чаму ў вачох такі дзіўны агонь,
адкуль прыйшла чужая пані
і плача так няведама чаго?
 
Пайшлі далей, іх словы заціхалі,
упаўшы недзе ў польны малачай.
Мне ж засталася толькі жменя жалю
й дарога сумная ў чужы, далёкі край.
 
1943
 
 
 
 
Маёй песьні
Шугай, мая песьня, шляхом недаступным,
арлінаю сьцежкай дахаты ляці.
I я паляцела б з табой, каб ня путы,
што долю так рана скавалі ў жыцьці.
 
Ляці, мая песьня, дзе нашы дзяўчаты,
калінавы цьвет у вянкі зь імі ві
ды чорнай разорай ідзі за аратым,
тугою за воляй па Нёмне плыві.
 
З гарачага сэрца цябе пасылаю
да цьветам пахучым асыпаных ліп, –
вітай і лялей там усё, што кахаю,
на'т камень амшэлы на роднай зямлі.
 
Ня шмат панясеш ты з сабой па дарогах
у родных прастораў туманную сінь.
Апроч майго сэрца, ня маю нічога, –
яго ты да хатаў, як дар, занясі.
 
Прыспаную цьмою, няволяй вяковай
арліную душу пад сьвітай будзі.
Ты сілай каханьня крышы нам аковы
і клічам краіну да сонца вядзі.
 
1942-1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.