РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Джэці
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
За здаровы лад жыцьця
Размова зь фінінспэктарам пра паэзію
Дзейныя асобы

П а э т
Ф і н і н с п э к т а р

Дзеяньне адбываецца ў шпіталі.

 

П а э т
(седзячы на ложку сьмяротна
хворага Фінінспэктара, задаволена)

Ў краіне сьветлай, дзе ты ўміраеш,
Я кнігу маю, а ты ня маеш.
 
Ф і н і н с п э к т а р
(паміраючы ад хваробы, сумна)

Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю,
Ты кнігу маеш, а я ня маю.


Фінінспэктар памірае.
Паэт мае кнігу.
 
Заслона.

 
 
 
 
Свабоду графаманам!
Далоў эстэтыкаў! Свабоду графаманам!
Яны адзіныя, хто духам шчэ ня сьпіць.
Яны адзіныя, хто верыць у падманы
Тупога пёрка, што па аркушы рыпіць.
Яны адзіныя з Эўтэрпай круглы год
Вадзіць гатовыя сьвяточны карагод.
Яны адзіныя, хто захаваў імпэт.
Яны ня грэбуюць ні вершам, ні раманам.
Далоў эстэтыкаў! Свабоду графаманам! –
І вы пабачыце: яны ўратуюць сьвет!
 
 
 
 
Трусікі
Ай вы трусікі-трусёнкі,
Ай вы новыя мае,
Ай ядвабны выраб тонкі
Ай найлепшых куцюр’е!
 
Не з чырвонымі вачыма,
З вушкамі, як ветракі, –
Вы дзівоснае начыньне
Пад маднюшчанскі прыкід.
 
Танчу з вамі па пакоі,
Шчасьце зорамі іскрыць.
Што б мне вырабіць такое
Ад няма чаго рабіць?
 
Вось на злосьць ільду і сьнегу
Па сьцяжынках ільдзяных
Я ўсю зімку буду бегаць
У тых трусіках адных.
 
Праз віхуру і завею,
Праз паўночны зарапад,
І зусім не захварэю,
І зусім ня зьмерзну на’т!
 
А калі зазьзяе сонка,
Скінуць футры ўсе ў пару,
Я чароўныя трусёнкі
Фэтышыстам падару.
 
 
 
 
З сусьвету ідэяў
Я Плятон.
З сусьвету ідэяў
Назіраю за змаганьнем людзей.
Тайсан забівае Сарданапала.
Заўзятарам мала.
Тайсан зноў забівае Сарданапала.
Зноў заўзятарам мала.
Тайсан ажыўляе Сарданапала і забівае нанова.
Дастаткова.
Забойца Ленана забівае Грэбеншчыкова.
Памылкова.
Забойца Ленана не забівае Грэбеншчыкова.
Забойца Ленана забівае Леніна.
Зноў памылкова.
Забойца Ленана не забівае Леніна.
Забойца Ленана не забівае нікога.
Атрута забівае Сакрата
На злосьць змагарам за шчасьце пралетарыяту.
Кат адзін, а асуджаных багата.
Асуджаныя змагары забіваюць ката.
Вынаходнік Эдысан
Сканструяваў у двары Бэдлэма канструкцыю.
Сядзіць у ёй і піша інструкцыю:
“Людзі!
Гаргона забівае вачыма.
Трымайцеся ў яе за плячыма.
Стрэльба забівае патронамі.
Сачэце за ёй вачыма”.
А ў сьвеце ідэяў людзей не бывае.
Таму там ніхто нікога не забівае.
Хіба што закарціць ну проста празь меру.
Тады можна ўзяць сякеру.
 
 
 
 
Пра разуменьне
Я разумею вершы пра вайну,
Пра земляробства і пра паляваньне,
Пра лета-восень, пра зіму-вясну,
Пра ноч і дзень, пра ранак і зьмярканьне,
 
Пра родны кут, пра новы курс рубля,
Пра вынікі сялянскага паўстаньня,
Пра сьмех і сьлёзы, пра палёт чмяля
Альбо пра ўзьнёсласьць п’янага хістаньня,
 
Пра будаўніцтва і пра руйнаваньне,
Пра гатаваньне страў, тручэньне стравамі,
І нават вершы пра вершаскладаньне
Я разумею і лічу цікавымі.
 
Пра захапленьне і пра баляваньне,
Пра пагадненьне і пра гадаваньне,
Пра гвалтаваньне і пра катаваньне,
Пра спаражненьне і ванітаваньне...
 
Не разумею толькі пра каханьне.
Аб ім чытаю я апавяданьні.
 
 
 
 
Чаканьне
Цягнік спазьняецца.
Карэніна нэрвуецца.
Пэронскі Ўронскі
З гімназісткамі цалуецца.
 
А недзе побач
Парай чмыхаюць вагоны.
Нахабны Ўронскі
Адбывае да Вэроны.
 
Цягнік ня едзе.
Ганна хрумстае пазногці.
Яе сукенка
Перапэцканая ў дзёгці.
 
Вэронскі зьехаў,
Толькі дым
За ім матляецца.
Цягнік адменены.
Ды Ганна не губляецца.
 
Рашуча крэкнуўшы,
Як Ганны папярэднія,
Перапаўзае з гэтых рэек
На суседнія.
 
 
 
 
Фэміністка
Я буду маўчаць, як палонны камрад,
Пра тое, што вымерлі кавалеры,
Што не прасьпяваюць яны сэрэнад
І не патрымаюць дзьверы.
 
І Вас я адпраўлю дадому спаць,
Таму што на вуліцы цёмна.
Прыпруся дадому і буду ляжаць,
Ад роспачы непрытомная,
 
Як пані ў гістэрыцы – не, лепей, як
П’янюга: бутэльку намацаю,
Вазьму дый насыплю ў гарэлку мыш’як
І выклічу рэанімацыю.
 
Глыну дый схаваюся ў чамадан.
Няхай мяне хопіць кандрашка
Ад злосьці за тое, што Вашым рукам
Ад цела майго ня цяжка.
 
 
 
 
Мара людаедаў
Вось людаеды. Я дзяўчына іхнай мары.
Мяне зьядуць. Як можна есьці дрэнь такую?
Ад гэтай думкі фэерычна ванітую.
Яны ў ванітах. Я ў сваім рэпэртуары.
 
 
 
 
Нірвана
Байка
Адзін знаёмы мой, мудак прасьпіртаваны,
        Сказаў мне неяк, што няма нірваны.
        Напэўна, ён хацеў мяне пазьліць.
        Я адказала: “Не, ня можа быць!”
        Мы зараўлі: “Яе няма і быць ня можа!”
        А побач
 
        мі-
 
        лі-
 
        цы-
 
        я-
 
        нэр! —
 
        хадзіў, настроены варожа.
 
        Ён нас забраў за парушэньне цішыні
        І высьвятляў асобы нашыя тры дні.
        А праз тры дні мы ўсе ўвайшлі
 
        ў стан нірваны —
 
        І я, і мі-
 
        лі-
 
        цы-
 
        я-
 
        нэр,
 
        і той мудак прасьпіртаваны.
 
 
 
 
Таварышы
Сьмела ў ногу, таварыш Ленін,
Сьмела ў сэрца, таварыш Сталін,
Бі фашыстаў, таварыш Жукаў,
Пі гарэлку, Міхал Сяргеіч.
 
Ві вяроўкі, таварыш Павіч,
Фрай таварыш і Тэн таварыш,
Хай няблізка таварыш Блікса,
Грай на скрыпцы, таварыш Грэй.
 
Таварыш Качалаў, Калчак і Чкалаў.
Моцны трактар – таварыш Картэр.
Магутны сокал – таварыш Колас.
Вожык бяз рожак – таварыш Мрожак.
 
Таварыш Ома – нязгасны Мао.
Таварыш Нэо жыве ў Більбао,
Таварыш Кастра – ў баку Баку.
Таварыш Вумка лезе ў муку.
 
Грэе Сашу красуня Ушас.
Сьпі спакойна, таварыш Эрг.
 
 
 
 
Як Ван Гог зрабіўся дзедам
Верш у дзьвюх частках

#Частка 1
У Ван Гога дзяцей не было.
А кватэра была. І карціны.
Закахаўся неяк Ван Гог
У таемную надта дзяўчыну.
Ёй пад вокны прынёс Ван Гог
Не гітару, ня скарб, не пірог,
А ў тысячы шэрых заплечнікаў
Мільён рудатварых сланечнікаў.
 
А дзяўчына глядзела ў акно
І крычала: “Ратуйце, людзі!”
У Ван Гога дзяцей не было
І ніколі ня будзе.
І ўнукаў таксама ня будзе.

 

#Частка 2
У Ван Гога дзяцей не было.
Але засталіся карціны.
Нехта сказаў: прыгожыя.
А нехта дадаў: каштоўныя.
І вісяць яны ўсе ў музэі
І каштуюць вялікія грошы.
 
У тысячы шэрых заплечнікаў
Мільён рудатварых сланечнікаў
Зьнеслі з музэя злодзеі,
Нарабілі пад іх падробак.
Карціны – дзеці Ван Гога,
А падробкі – дзеці дзяцей,
А калі карацей – унукі.
 
Не было ў Ван Гога сыноў.
І дачок не было. І вуха.
Але дзедам Ван Гог зрабіўся.
Безь дзяцей. Намаганьнем духу.
 
 
 
 
Сырынга

#1
Пан грае на валынцы, бо
Сырынга ператварылася ў авечку
So я чую сьпеў у калідоры
Is ён твой – ці гэта ветру сьпеў?
Right, я згодны, гэта неістотна,
If цябе злавіць я не пасьпеў.
Neither nor сказаць у калідоры
Go туды, і ты пабачыш зоры
And пачуеш мой ці ветру сьпеў:
do-o-o-o-o-o-o-o-o –

 

#2
Пан грае на горне, бо
Сырынга ператварылася
ў катушку меднага дроту
(Mэрэт Кэйзі)
Гонар хлопчыку Марату,
Marat Kazey’s our hero.
Атрымаў фашыст гранату –
Marat Kazey’s made him zero.
 
Bombs are exploding over a head,
Marat Kazey is never dead.
Bombs are exploding over a head,
Marat Kazey is never dead.
 
Адзін фашыст залез на дрэва.
Marat Kazey lives forever.
А вартавыя зьбеглі з паста.
Marat Kazey superstar.
 
Bombs are exploding over a head,
Marat Kazey is never dead.
Bombs are exploding over a head,
Marat Kazey is never dead.
 
Усім астатнім быў пізьдзец!
Marat Kazey kills skinheads.
А каму недастаткова –
Marat Kazey is over and over
And over and over and over
Again!
 
Бомбы рвуцца ў галаве.
Марат Казей заўсёды жыве.
Бомбы рвуцца ў галаве.
Марат Казей заўсёды заўсёды
Заўсёды заўсёды
Заўсёды жыве!
 
Marat Kazey made me crazy
Marat Kazey made me crazy
Marat Kazey made me crazy
Marat Kazey made me crazy

 

#3
Пан грае на сынтэзатары “Ямаха”,
бо Сырынга зрабілася плястыкавай скрыняй
З посьвісту ветру сынтэзую тваё аблічча.
Хай кажуць, што ты мёртвы дух –
Тваё цела жывое й цёплае.
Сынтэзую твой гнуткі стан зь вербалозу.
Хай кажуць, што ты не ад сьвету жывых –
З табой буду жыць.
На лузе калгасны падпасак Ху
Зь “Ямахі” сынтэзуе жалейку.
І ці скажа які пустадомак,
Што ў ягоных каровак
Несапраўднае малако?

 

#4. Пан грае на барабане, бо
Сырынга засталася Сырынгай і не
захацела сьпяваць
Тое, што я граю на барабане,
Яшчэ не нагода пісаць гукаперайманьні
(Там-та-да-да-да-да-да-дамм!)
Таму што мой барабан незвычайны.
Таму што мой барарарабабабан
гучыць ня так, як звычайны,
Ня можа ён гучаць, як звычайны,
Калі ўлічыць, з чаго яго зрабіў Паннн.
Не, ён яе не забіў.
Яна проста не захацела сьпяваць у опэры.
Для гэтага ў яе проста не было здольнасьцяў.
Яна не захацела пайсьці ў рэпэры.
Яна сказала: я лепш памру – і памерла.
 
А Пан плакаў.
А Пан хадзіў пануры.
А Пам зрабіў барабан зь ейнае скуры.
І ў яе зьявіліся здольнасьці
Сьпяваць, як дождж па вясновым лёдзе,
Як нябесная птушка,
Як сонца на ўсходзе
(яно сьпявае, калі прыслухацца).
 
Ня ведаю нават, з чым параўнаць гэты барабан.
Маўчэце, опэрныя сьпявячкі.
Вы побач зь ім – прачкі.
Маўчэце, нябесныя хоры,
Гнілыя вам у рот мандрагоры.
Маўчэце, аркестры,
Выгнаныя з кансэрваторыі ў мінулым сэмэстры.
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга
(А я нават не дакранаюся да яе пальцамі).
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга,
Калі на ёй грае Пан.
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга,
Гэта я вам кажу, сама
Сырынга.
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга,
Найлепшы ў сьвеце
Барабан.

 

#5
Пан ня грае, ён апынуўся
раптоўна забітым, таму што
Сырынга зрабілася дынамітам
А ўсё.
 
 
 
 
Эгіпецкая песенька
Манархі ў патаемнай пірамідзе
Стаіліся для новага жыцьця,
Спакойныя: да іх ніхто ня прыйдзе.
І тут, зусім адзін, стаіўся я.
 
Няхай будуюць нада мной баракі,
Гуляюць выдмы з флегмай сьлімакоў,
Хай трушчаць паўзьдзічэлыя сабакі
На выдмах косткі тых будаўнікоў.
 
Хай рые ямкі ў глебе археоляг,
Шукаючы, чаго б яшчэ знайсьці,
Усюдыходы на жалезных колах
Хай ходзяць там, дзе здолеюць прайсьці.
 
Хай спарахнее ўсё ў маёй магіле,
Няхай і я ператваруся ў пыл
І пазьнікаюць караблі на Ніле,
І выпарыцца сам вялікі Ніл;
 
Хай сонца спыніць рух па небасхіле
І зоркі пазьлятаюць у трысьнёг
І ўсё такое ў адпаведным стылі,
Тым, у якім карае грэшных Бог, –
 
Я ведаю: я вечны, я ня згіну,
І тыя, хто ўжо нават і ня гной,
І ўсё, што існавала хоць хвіліну,
Заўсёды будзе існаваць у ёй –
 
У кропельцы ў бяздонным акіяне,
Бяздоннай, як і гэты акіян,
Дзе то кагосьці топяць эгіпцяне,
То нехта іншы топіць эгіпцян.
 
Ці чулі вы аб гэтым акіяне,
Куды сплывае хуткаплынны час?
Тут нам усім прызначана спатканьне.
І я ўжо тут. Даўно. Чакаю вас.
 
 
 
 
Сны па-беларуску
Мне сьняцца сны па-беларуску,
Каб абудзіць ва мне этруску
Ці расамаху (гэта зьвер
З чырвонай кнігі Сэсэсэр),
 
Ці трылябіта (ёсьць такое,
Зьвярку гадоў мільёнаў пяць).
Калі прачнуся ў мэзазоі,
Мне будзе з кім паразмаўляць.
 
 
 
 
Klipmaking
У лістападзе здымалі
Кінакліп пра Купальле.
Я здымалася ў кліпе
І праз вогнішча скокала.
Я праз вогнішча скокала
Ды згубіла спадніцу.
Я згубіла спадніцу
І ў вогнішча кінула.
І яны гэта выразалі.
А я б пакінула.
 
 
 
 
З акцэнтам
За тое, што я размаўляю з акцэнтам,
Мяне – ха! – адораць падробленым цэнтам,
А мент забярэ за падробку ў мянтоўку,
Гумовым дубцом зь мяне зробіць цыноўку.
 
За тое, што я размаўляю з акцэнтам,
Мяне забяруць і – пінцэтам, пінцэтам!
Разрэжуць ланцэтам, пакажуць студэнтам,
Каб ведалі, як размаўляць з акцэнтам!
 
І нехта мяне, зь яшчэ горшым акцэнтам,
Напоіць абсэнтам, абдыхае кентам,
Задурыць размовай аб пентым-дзясентым
І потым пацягне да апартамэнтаў.
 
І там без размоваў (таму без акцэнту)
Зь мяне па чарзе будуць зьдзеквацца розна.
Я ўспомню мянта, і пінцэт, і студэнтаў,
Як блізкіх, як родных, як лепшых... Ды позна!
 
 
 
 
На шляху майго цягніка
Сэмафоры блішчаць, як зоры,
На шляху майго цягніка,
З-пад зямлі ўзышлі мухаморы
На шляху майго цягніка,
Нехта кінуў скрыню Пандоры
На шляху майго цягніка,
Антыкропка антыпрасторы
На шляху майго цягніка.
 
Партызаны паклалі бомбу
На шляху майго цягніка
Камікадзэ танчылі румбу
На шляху майго цягніка
Папуасы трэскалі манга
На шляху майго цягніка
Псыхіятры чыталі Юнга
На шляху майго цягніка
 
Ды ці мала чагосьці дзесьці!
Я гляджу з усьмешкай у змрок,
Бо цягнік мой стаіць на месцы
І паедзе ў іншы бок.
 
 
 
 
Паўстаньне вошай
Аднойчы ў вошай скончыліся грошы,
І вошы паўзьнялі паўстаньне вошай.
 
Схапілі транспаранты і шампуры,
Патрабавалі перхаці і скуры.
 
Мітынгавалі нават інваліды:
"Канаем мы, хварэюць нашы гніды!"
 
Чакалі, што аднекуль з Антарктыды
Іх прыйдуць падтрымаць арыбатыды.
 
Але ніхто не падтрымаў паўстанцаў,
І выжыць ім не засталося шанцаў.
 
Яны паслалі SOS на доўгай хвалі.
Іх не пачулі. І яны сканалі.
 
Такім быў сумны вынік інцыдэнта
На малакроўных валасох студэнта.
 
 
 
 
Дайгралася
Сказалі: паграй нам, бо граць мы ня ўмеем,
А клявішы шчодра намазалі клеем,
І доўга ліюцца чароўныя гукі:
Шкада мне адрэзаць уласныя рукі.
 
 
 
 
*  *  *
У мяне памёр стол.
Ад самоты, бо доўгі час
За яго не сядаў ніхто з нас.
 
Мы яго пафарбавалі,
Прыклеілі ножку.
Але атрымалася мумія,
А стол не ўваскрос.
 
Ці ёсьць іншы сьвет
Зь іншым жыцьцём
Для нежывых істотаў?
 
Мы пахавалі стол на сьметніку,
Стаялі і выціралі вочы насоўкамі,
А насы рукавамі.
 
Ці ёсьць іншы сьвет
Зь іншым жыцьцём
Для нежывых істотаў?
 
Калі ёсьць,
Няхай ён там будзе шчасьлівы.
 
 
 
 
Прадмова
Пішу я прадмову,
Прадмову да працы,
Да працы маёй навуковай
Пра іншы сусьвет,
Дзе палова ўстановаў
Ня мае для працы ўмоваў.
У гэтым сусьвеце
Палова словаў
Ня мае сваіх паловаў
Адначасова
Палова паловаў
Ня мае сваіх галоваў.
Палова з галоваў
Належыць да соваў,
Палова –
Да рыбаловаў,
І тыя, якія
Належаць да соваў,
Наогул ва ўлік
Не прымаюцца.
Ня дзіва, што гэтай
Краінай шызовай
У навуцы ніхто
Не займаецца.
 
 
 
 
Сон крэйсера
Крэйсэр Аўрору
Зрабілі ахвярай тэрору.
Водзяць па ім турыстаў,
Нібы тэрарыстаў.
Водзяць па ім тэрарыстаў,
Нібы турыстаў.
А насамрэч гэта скрынка,
Пафарбаваная звонку.
Сьпіць ён і чуе катрынку.
І бачыць у сьне
Конку.
 
 
 
 
Мінулае
Састарэлыя лекі
Ненадзейныя сродкі
Бестурботныя твары
Вершаваныя словы
 
На ружовых шпалерах
Шэра-шэрыя ружы
У дзіцячым пакоі
Залатыя сабачкі
 
А якія размовы
А якое маўчаньне
А якія ўсьмешкі
А якія хваробы
 
У дзіцячым пакоі
Састарэлыя лекі
Ненадзейныя сродкі
На ружовых шпалерах.
 
 
 
 
Пошта
Вісіць на прыбіральні надпіс “Пошта”.
Ня ведаю, навошта.
Магчыма, тых, каго паслалі ў зад,
У ёй чакае адрасат.
 
А можа, сапраўды
Там пошта, толькі брудная,
Выходная заўжды
І жудасна марудная.
 
 
 
 
Янку Купалу
Аўтар і вершы аўтара –
Гэта рэчы вельмі розныя,
Адна ад адной адрозныя.
 
Вершы надрукаваныя на паперы,
А аўтар размазаны па сьцяне,
Па столі і па падлозе
І наогул па ўсёй кватэры.
А я ў позе нэкрафілічнай гетэры
Сяджу і чытаю вершы,
Надрукаваныя на сьцяне,
А потым размазваюся па паперы,
І побач зь вершамі аўтара
Атрымліваецца пляма.
І, спрачаемся, ніводная мама
Не пазнае ў ёй мяне.
 
 
 
 
Я-ніхто тут стаіць
Я-ніхто тут стаіць, я-ніхто тут стаіць,
З маленькай нейкай самоты.
– Гатэнтоты.
 
Я-нішто мяне кінула пад тлустыя лыткі,
Пад мытыя ногі, пад галовы ў каронах.
– Чужы гонар.
 
Я-нікуды мяне кінуў гэты гонар часткова,
Я-нікуды кідаю таемна чужы.
– З кавалка цемры.
 
Я-ніхто ды тое мяне адзін мікрон
Гонар кідаць адвучыў, усыпіў маю бадзёрасьць.
– Шчасьце, радасьць.
 
Я-нічога, і нічога не расхацелася мне,
Вокамгненна ўзьнесенай мне,
з добрым зрокам, з добрым слыхам.
– Быць безыменнай малпай.
 
 
 
 
Каб паўсюль добра
Дзе я, там паўсюль.
А дзе мяне няма, там добра.
Як бы гэта зрабіць,
Каб паўсюль было добра,
І пры гэтым мяне
не забіць?
 
 
 
 
Занадта вясёлая
Я вясёлая занадта дзеўка.
Пры занадта сумным існаваньні
Я – бы недарэчная прыпеўка
На грамадзка значным пахаваньні.
 
Я – нібы агністая вавёрка
На застыла-чорным мёртвым дрэве.
І, запнуўшыся на ўласным сьпеве,
Я сяджу і плачу горка-горка.
 
 
 
 
Людзі ў падземцы
Людзі ў падземцы губляюцца.
Станцыі зачыняюцца.
Ніхто ні пра што не пытаецца.
Усе аб усім здагадваюцца.
 
 
 
 
Агеньчык
У адзіноце я сяджу на тонкім кноце.
На сіні сподачак сьцякае жоўты воск.
Сьцячэ дашчэнту ён, і я ў адзіноце
Сканаю, страціўшы сваю зямную вось.
 
 
 
 
Руку да нагі
Прывязалі мне руку да нагі,
Але вельмі добрыя людзі.
Не каб нехта благі!
А ад добрых – няхай ужо будзе!
 
 
 
 
Васьмі-з-паловай-павярховы падцэнзурны верш
Я бачу, як шматпавярхова
Размаўляе паэт з сусьветам:
Шасьціпавярховай актавай,
Чатырнаццаціпавярховым санэтам.
 
Сусьвет той шматпавярховы
На маю дзявочую памяць
Прыводзіць нейкія словы,
Якіх мне, на жаль, ня ўцяміць.
 
 
 
 
Санэт з прычэпам
Санэт ёсьць форма вершаваных твораў
Дакладна з чатырнаццаці радкоў:
Катрэнаў двух (казаў Міхась Лынькоў),
Тэрцэтаў двух (казаў Філіп Кіркораў).
 
Ня менш за форму тут істотны зьмест,
Звычайна філязофскі і глыбокі.
Спачатку ўсе ягоныя вытокі,
А потым вынік, і – let's have a rest.
 
У нас заўсёды гонар і дарога
Тым, у каго санэтаў вельмі многа,
Пішэце ж іх, чаго вам не стае?
 
Тых, у каго ніводнага санэта,
Ўсіх праглыне марудлівая Лета
Або, наадварот, яны – яе,
 
Што нават горш нашмат, няма размовы,
Бо чалавек жа не гумовы!
 
 
 
 
Трыялет з хвосьцікам
У двох дамоў паехаў дах,
У бок які – ня ў гэтым справа.
Суседнім двом ужо цікава.
У двох дамоў паехаў дах
Наступных, нахіліўся гмах
Суседні зьлева, потым справа...
Ва ўсіх дамоў паехаў дах,
У бок які – ня ў гэтым справа.
Або камусьці шчэ цікава?
 
 
 
 
Беларуская батальная басэтля
Бяскрыўдна, бясхмарна, бяскроўна
Бандыты бамбілі бліндаж.
Бліскуча бялела бавоўна –
Бялізнавы бацькаў багаж.
 
Бы баба, бабахала бойка
Блажэючых бронемашын.
Брыгада бэтоншчыкаў бойка,
Бязгучна бухала бэнзын.
 
Барбосам брахала балёнка,
Барашкам бляяў бегемот.
Бандыцкая боегалоўка
Бяз болю брукуе банкнот.
 
Бравурны брандмайстар бязвухі
Бяз бою бярэ бастыён.
Бы бачыць басэйн барматухі,
Бяжыць баявы батальён.
 
Бяжэце, браточкі-бандыты,
Бязглузды будынак бамбіць.
Бяз бруду буржуйскага быту
Будуйце бясхмарнае “БЫЦЬ”!
 
 
 
 
Зямля
Закувала зязюля
Званары загулі
Земляробы зрабілі
Заваліся зямлі
 
Засінелі засосы
З-за завалаў зямлі
Зыкам звонкагалосым:
“Задзяўблі! Задзяўблі!”
 
(Зіга Зюзінскі)
 
 
 
 
Спажыўцы літар
Ходзіць дзед-літараед
З хлопчыкам-літаралопчыкам,
Са стажорам-літаражорам
І баксёрам-літарасёрам.
 
 
 
 
*  *  *
Я заблукала ў кніжнай краме
Паміж паліц са старадрукамі.
Я зачапілася рукамі
За крылы вокладак, цьвікамі
Гатычных літар да радку
Мяне прыбіў анёл зь віньеткі.
 
А год праз сто ў тваю руку
Я ў выглядзе засохлай кветкі
Неспадзяваным падарункам
Зьлячу і раптам апяку
Цябе балючым пацалункам.
 
Ты скажаш мацернае слова,
І я сканаю канчаткова.
 
 
 
 
*  *  *
Ён кахаў яе сярод поля
За квітнеючымі садамі,
І аблокі плылі паволі
Па-над вышкамі з правадамі.
 
А паветра гуло і пела
Тагасьветным таемным гукам.
Выгіналася ў хлопца цела
Ўжо гатовым да стрэлу лукам.
 
І здавалася поўным шчасьце,
Быццам зьдзейсьніліся ўсе мары:
Ён шаптаў ёй замовы жарсьці,
Цалаваў радзімкі і шнары,
 
Прагнуў целам і прагнуў вокам,
Прыціскаў да яе свой рот.
А дзяўчына білася токам
І была халоднай, як лёд.
 
 
 
 
Лета
Абудзіся, калі раскіне ногі вясна,
Абрасьце валасамі кветак поплаў
І стары ясакар замарудзіць аблокі на
Перакуленым дагары небам цёплым
Дзённым сьвятле,
А сэрцайка б’ецца,
Толькі недзе справа,
І мне здаецца,
Я волас
Паміж ног сусьвету,
І дурной галаве
Ці ёсьць да мяне справа,
Калі нагамі
Надышло лета?
 
 
 
 
Зламысьніцы
Улетку бярозы рабілі даляры фальшывыя.
Увосень бярозы рабілі фальшывае золата.
Узімку бярозы стаяць нерухомыя, голыя.
Задумалі нешта. Напэўна, вясёлае.
 
 
 
 
Жыві
Я вышчэрваюся насустрач сонцу.
Яно мяне любіць.
Калі мяне доўга няма,
Яно плача.
І таму, калі я гляджу на сьцяну,
На якой напісана “Нежын”,
Я чытаю на ёй: “Жыві”.
 
 
 
 
Шчасьлівая душа
Шчасьлівая душа маўклівая.
Скажы, душа, ці ты шчасьлівая?
“Так, – кажа, – так, яшчэ якая!”
Шчасьлівая і гаваркая.
 
 
 
 
Мумія
Нэннэка і яго сям’я
заўсёды сьнедалі ў вялікім пакоі
і заўсёды ў гэты час
да іх прыходзіла мумія
яна была вельмі прыгожая
забальзамаваная па найвышэйшай клясе
некаторыя нават думалі
што гэта ня мумія а жывы чалавек
яна разам з усімі сядала за стол
працягвала рукі да ежы
размаўляла і ўсьміхалася
ела піла і потым часова
зьнікала на заднім двары
але гэта была сапраўдная мумія
яе толькі дрэнна забінтавалі
яна ня ведала што і навошта яна робіць і кажа
да каго і куды прыходзіць
і што такое яна сама
дакладней ведала але гэта яе не цікавіла
Нэннэка і яго сям’я
таксама ведалі ўсю ейную падпазногціцу
і галоўнае што яна сапраўдная мумія
але нікому пра гэта не казалі
 
 
 
 
Ён мой
Аднойчы ўлетку нехта ржаваю пілой
На дубе выразаў: “Ён мой”.
Цяпер, у выніку дзівоснага здарэньня,
Пад гэтым дубам ён ляжыць,
Яго аплецены карэньнем.
Вось так, амаль што выпадкова,
Да дрэў прыходзіць наша мова,
Каб недзе год праз тысяч пяць
Нам моўчкі сьвечкамі стаяць,
А ім хадзіць і размаўляць.
 
 
 
 
Зорачка
Прывітаньне, зорачка,
Што падае зь неба чарнавокага,
У якога дзьве зрэнкі,
І абедзьве гасяць адразу ўсе колеры
І запальваюць сьвятло або цемру.
Прывітаньне! Мінуў сьветлавы год
З таго часу, як мы разьвіталіся,
Паміж намі колькі парсэкаў?
Прывітаньне! Шалёны сабачка
Падвалоквае ножкі, мішка палярны
мые рыбак у студні.
Прывітаньне! З таго часу,
як мы разьвіталіся,
Колькі зорных кароў
Падаілі сябе на шляху салёным?
Прывітаньне! Колькі часу
Я ня бачыла зораў?
З пазаўчора, напэўна.
Прывітаньне, зоранька, прывітаньне!
 
 
 
 
Ліст Тацяны
Пішу да Вас. “Пішу” – дый годзе.
І не адняць, і не дадаць.
Вы можаце пры ўсім народзе
Мяне зьнявагай пакараць.
Але ці ў вашай то прыродзе?
Ня дзеля шкадаваньня, не! –
Вы так – ня кінеце мяне!
 
Спачатку я маўчаць хацела.
Маўчала б я, як бервяно,
Калі б ня енчыла ЯНО.
Каб не пацела, не карцела
Яго чырвоненькае цела.
Хіба б я бачыць Вас хацела,
Каб я ад Вас не заляцела?
Казалі: “Пазьбягай студэнтаў.
Яны ня плацяць алімэнтаў.
Яны ня думаюць жаніцца.”
А я ня слухала, дурніца.
І вось сяджу адна з малечам.
Вучу яго нядобрым рэчам.
Кажу: “Твой татка – іракез,
Жыве ў Нью-Ёрку, п’е шартрэз.
Як надакучыў наш экстрым –
Адразу зьбег за свой Гальфстрым.
Кажу: твой татка не герой,
Каб яму ў дупу гемарой,
Ня лётчык ён выпрабавальнік,
А дробны хлус і гвалтавальнік.
Ён зьбег – драўляная нага –
Мне не пакінуў ні фіга,
Ды толькі я яго прымушу,
Я абтрасу яго, як грушу,
Я адсуджу ў судзе, каб ён
Плаціў штотыдня мне мільён
(мільён даляраў, безумоўна,
і не прыблізна так, а роўна!)”.
 
Тут не шантаж і не тэрор.
Мой татка – обэр-пракурор.
Ён Вас прыцягне (не шкада!)
Да Найвышэйшага Суда!
 
 
 
 
Дыянісійская філязофія
На тонкай лёсачцы,
Зь нябёсаў спушчанай,
Гайдаўся Гайдэгер
Напаўраструшчаны.
 
А побач Крысьцева
Сухое лісьціва
Нагамі крэсьліла –
Шукала крэсіва.
 
На белым прапары,
Напаўразгаданы,
Драмаў падрапаны
Пабіты Гадамэр.
 
А Фэербах лавіў
Іх у траве
І фэербахаў іх
Па галаве.
 
А Ніцшэ зьнішчыў іх
І перабіў,
Засумаваў і новых
Нарабіў.
 
 
 
 
Гамэр
Як па пяску, рассыпаным па пляжы,
Па камянёх, якія час зьбіраць,
Ён раптам прыйдзе, спыніцца і ляжа,
Каб дагары нагамі загараць.
 
Зжаўцелы і распрануты да костак,
Абжыты квадрыльёнам мурашоў,
Устане раптам год празь дзевяноста
І пойдзе спаць туды, адкуль прыйшоў.
 
Яго ўжо там чакае валка лесу,
Завеі, сьнежань, футравы каўнер...
У белую сьляпую каламесу
Сыходзіць белы і сьляпы Гамэр.
 
 
 
 
Ня так, як трэба
Усё ня так, як трэба.
І вокамгненна згас.
Стварожылася неба.
Скапыціўся Пэгас.
 
Лагодна мэтазгодна
Набраў вядро вады.
Зірнуў куды заўгодна.
Сышоў у Нетуды.
 
 
 
 
Бібліятэка
Маленькія скрываўленыя ручкі
цягнуць кніжку з паліцы.
Маленькія скрываўленыя ручкі,
але толькі адна.
Брудныя валасы і крывавыя вачніцы.
Мне жахліва, але за сьпінай сьцяна.
А перад носам таксама сьцяна,
Са столі валіцца вапна,
ціха і трапна,
як ніколі раней.
Што рабіць?
Каталожныя скрыні
вытыркаюцца з розных бакоў,
б’юць мацней і мацней,
панабілі мне гузакоў.
Ногі мацаюць бібліёграфы
ў выглядзе пацукоў.
Шлях да выйсьця адрэзаны!
Бібліятэкаркі ў выглядзе кажаноў
зноў і зноў
сядаюць на вочы, блытаюцца ў валасох,
разьдзіраюць кіпцямі скуру,
шкуматаюць у макулятуру.
Вось, вятрыскам перапярэзаны,
паркет прабівае ВАЮ! –
кніжкі за ім, як птушкі,
драпежныя пажыральнікі падлы,
прагна выдзёўбваюць кішкі,
на падлогу кідаюць мяса,
трушчаць косткі...
ГЭТА СОН!
Я разьбіваю
шкло ў вакне!
Звон!
Прачнуцца! Тэрмінова трэба прачнуцца!
Гэта сон! Але раптам чужы?
Нейкай Марфы або Пракопія?
Мяне рэжуць шырокія вогненныя нажы.
Нехта робіць зь мяне ксэракопію!
Марфа! Марфачка!
Абудзіся!
Пракопка!
Я кардонная картка.
Я чорная кропка.
Цяжка дыхаць.
Я нічога не адчуваю.
ГЭТА СОН! Але раптам... О Божа!
Раптам нехта даўно ня сьпіць,
Толькі сон ня можа спыніцца? Я
ня выратуюся, мне ня жыць...
Не!
Ня трэба!
Ратуйце!
МІЛІЦЫЯ!!!
 
 
 
 
Па шчасьце
Зьбіраючыся плыць па шчасьце,
свой карабель я назвала лайном –
яно ж не патанае –
але мастак-дызайнэр
быў недалёкі чалавек
і на карме накрэмзаў “ЛАЙНЭР”.
І вырашыла я з хвіліны той
ісьці па шчасьце пехатой.
Я назавуся какай,
і ніхто мне не зашкодзіць,
бо ўсе ж упэўненыя,
што гаўно ня ходзіць.
 
 
 
 
Ня лірык
Не, я ня лірык – крый мяне хто можа,
Чым можа, калі гэта дапаможа...
 
 
 
 
“Дзіцячы альбом”
1. Уяві

 
Мой маленькі чытач!
Уяві сабе, што ты вялікі крумкач –
Вялікі чорны крумкач,
І дзяўбеш крывавую ежу,
Якую я для цябе рэжу
Па кавалках ад жывых зьвяроў
Пляскатым зубчастым нажом!
Уявіў, як пырскае кроў?
Гэта табе не баржом!
Уявіў, як шматкамі
Ляціць крывавая воўна?
Праўда, цудоўна!
 
2. Лялька

 
Калі ў першы раз
Нож у мяне ўтыркнулі
І там тры разы павярнулі,
Вельмі было балюча,
І крычала я вельмі гучна.
 
Калі ў другі раз
Нож у мяне ўтыркнулі
І там тры разы павярнулі,
Было ўжо ня так балюча.
Я крычала ня вельмі гучна.
 
Калі ў трэці раз
Нож у мяне ўтыркнулі
І там тры разы павярнулі,
Было зусім не балюча
І нават амаль не калюча,
А так, бы нехта казыча, памалу.
Я рагатала.
 
Калі ў чацьвёрты раз
Нож у мяне ўтыркнулі
І там тры разы павярнулі,
Яны мне ўжо надакучылі.
Сказала, каб адчапіліся.
Далей што было – забылася...
 
Калі ў энны раз
Нож у мяне ўтыркнулі
І там тры разы павярнулі,
Зразумела я: гэта ключык.
Ад мяне чакалі чагосьці,
Ды нічога не атрымалася.
Нехта, я чула, сказаў:
“Здаецца, яна зламалася”.
 
Я думала, мяне зьнішчаць
Ці адарвуць галаву.
А мяне проста закінулі на гарышча.
Там я цяпер жыву.
 
3. Вавёркі

 
Ці жывуць вавёркі ў норках?
Не, яны жывуць у парках.
Дрэвы там усе ў вавёрках,
Быццам мёртвыя ў прыпарках.
 
4. Відавочная

 
Відавочна бачыцца
Слыхавушна чуецца
Векапомна помніцца
Адпаведна ведаецца
 
Толькі ж я жа ж несумнеўна
За сабой сама сабой.
Чуеш, відавочная?
 
5. У тае дзяўчынкі

 
У тае дзяўчынкі сінія косы,
Зусім сінія косы.
А ў мяне такіх няма.
 
У тае дзяўчынкі чырвоныя вочы,
Зусім чырвоныя вочы.
А ў мяне такіх няма.
 
У тае дзяўчынкі зялёныя сьлёзы,
Зусім зялёныя сьлёзы.
А ў мяне такіх няма.
 
У тае дзяўчынкі ружовыя акуляры,
У якіх усе выявы ружовыя,
Зусім ружовыя выявы.
А ў мяне такіх няма.
 
У тае дзяўчынкі белыя меркаваньні,
Зусім белыя меркаваньні.
А ў мяне такіх няма.
 
У тае дзяўчынкі на грудзях валасы,
Кучаравыя чорныя валасы.
А ў мяне такіх няма.
А мне й ня трэба.
 
6. Раніца
(песенька Віні Пуха)

 
З раніцы ў мяне такі настрой,
Што хош напіся, а хош утапіся.
Гэта не таму, што я самагубца ці п’яніца.
Проста раніцы не пазьбегнеш.
На тое яна і раніца.
 
7. У кішэні

 
У маёй кішэні
Жыве дзядзя Сеня
І яго жонка Наташа.
У іх на сьнеданьне каша,
А на вячэру сыракваша.
Прараблю ў кішэні дзірку.
Будзе для іх параша.
 
Кажа мне сябрук Воўка:
Адпраў ты дзядзю Сеню
Ў камандзіроўку
Ў другую кішэню.
А да цёці Наташы
Пасадзі дзядзю Сашу
(Дзядзя Саша жыве ў Воўкі
Ў капюшоне вятроўкі).
 
А я кажу: трэці – лішні.
Пасадзім іх лепш да Надзі.
Няхай яны зьядуць усе вішні
Ў ейным кішэнным садзе.
 
8. Радонная казка

 
Жыў-быў і цяпер жыве.
І былі ў яго тры.
Паселі яны на коней і паехалі.
А адтуль раптам абвесьцілі,
што дачка-прыгажуня
і палова маёнтку ў спадчыну.
Выйшаў мужык поле араць.
Зацягнуў у багну і зьеў.
І я там быў,
мёд, піва і нацыянальны шансон.
А хто слухаў, сьцяг табе.
На белым кані па разорах да ўсходу.
 
9. Марозіва

 
Адзін хлопчык маленькі
Зьеў замнога марозіва,
І ягоныя ножкі
Ператварыліся ў нозіва,
 
А ручкі – у ручыва,
А вочкі – у вочыва,
А нос – у носіва,
А пуза – у пузіва.
 
А трусікі – у трусіва,
А боцікі – у боціва,
А зубкі – у зубіва,
А роцік – у роціва,
 
А пяткі – у пяціва,
А косткі – у косьціва,
А валасы – у валосіва,
А сьлёзы – у сьлёзіва.
 
Навошта, навошта
Ён зьеў столькі марозіва?!
 
10. Зіма – марозіва для дарослых

 
А потым ад зімы
Ці яшчэ ад нечага
Усе навокал рэчы
Ператварыліся ў рэчыва,
 
А кал – у каліва,
А печ – у печыва,
А крэсы – у крэсіва,
А палі – у паліва.
 
А Тула – у тулава,
А вол – у волава,
А мары – у марыва,
А Логас – у логава.
 
А пі – у піва,
А ка – у каву,
А гра – у грыву
А я – у яву.
 
Сяджу, размаўляю
з сабою сама...
Навошта, навошта
прыходзіць зіма?!
 
11. Загадка

 
Вісіць абвестка над завулкам:
“Мак – Лукамор’ю, ром – акулкам!”
Надзвычай дзіўная аб’ява!
Хто ведае, у чым тут справа?
 
12. Вуліца Шырокая

 
Вы-ха-ва-нчы-кі-дзі-ця-ча-га-са-дку
Пе-ра-хо-дзі-дзі-дзі-дзі-дзі-лі-ву-лі-цу
Ву-лі-ца-шы-ро-ка-я
У-я-е-ня-ма-дру-го-га-бе-ра-га
 
А-па-ву-лі-цы-ма-шы-ны-е-ха-лі
Пе-ра-е-ха-ха-ха-ха-лі-вы-ха-ва-нчы-каў
Ву-лі-ца-шы-ро-ка-я
У-я-е-ня-ма-дру-го-га-бе-ра-га
 
А-на-бе-ра-зе-а-дзі-ным-ма-ма-нькі
Вы-ха-ва-нчы-каў-пла-ла-ла-ла-ка-лі
Толь-кі-ву-лі-ца-шы-ро-ка-я
І-ні-хто-ні-чо-га-не-па-чуў.
 
13. Калыханачка

 
Сьпі, сынку.
Прабег прусак па тынку,
Зараўлі дзіравыя трубы.
Сьпі, мой любы.
Сусед-шызафрэнік
Нам у шыбу шпурляе
Камяні,
Але не трапляе.
Сьпі-засьні.
У пад’езьдзе нехта страляе.
Нехта ломіцца ў нашыя дзьверы.
Нехта лез праз акно,
Ды нібы ў павучыну,
Убіўся ў парцьеры.
Гэта вельмі было даўно,
Труп там цяпер астылы.
Сьпі, мой мілы.
Самалёты над гарадамі
Круцяць вогненнымі хвастамі.
Утыркаюцца крылы ў магілы,
А стрэлы – у крылы.
Па дарогах лётаюць кулі,
Ды ня з рулі,
А так –
Іх вятры надзьмулі.
Люлі-люлі.
Чорны вэлюм лёг на зямлю,
Зачыніліся крамы.
Сьпяць і таты, і мамы.
Толькі я, як той слон, ня сплю.
Нехта ціха пяе
Пра тых, хто п’е
Валяр’янку
І рыпіць зубамі аб шклянку
Табе калыханку.
Пацукі зрабілі палац са старых паштовак.
Лес замёр у чаканьні буйных лесанарыхтовак.
У паветры вісіць і зьвініць залаты званочак.
Сьпі, сыночак.
Сьпі, дарагуся.
Я табе сьнюся.
 
 
 
 
Пераўзбраеньне
Да Вэнэры прыйшоў Амур.
Кажа:
– Маці, я ўжо дарослы.
Мой маленькі дзіцячы лук
Не стасуецца з доўгім ростам.
Дай, матуля, мне лук другі,
Звонкі, моцны, важкі, тугі,
Каб далёка страляў і трапна,
Дай, матуля, мне лук такі.
 
Вось Вэнэра пайшла ў адрынку,
Прыцягнула чорную скрынку
І сказала:
– Мілы мой сынку,
За той час, як ты гадаваўся,
Сілкаваўся ды мацаваўся,
Так далёка зайшоў прагрэс!
Што твой лук! Лепш бяры абрэз!
 
Але нехта казаў, я чула,
Што яна яму прыцягнула
Не абрэз ці штосьці такое,
А кантэйнэр ядзернай зброі.
 
Уявеце ж сабе, якое
Нас чакае каханьне!..
 
 
 
 
Калі б ты быў далёкі
Калі б ты быў далёкі,
Мой сьпеў рыдаў бы нема,
Твае б я чула крокі
Паўсюдна, неадменна.
 
Твае б я чула словы
І плакала б натхнёна
І я была б шчасьлівай
У горычы штодзённай.
 
Калі б ты быў далёкі,
Я цалавала б кветкі,
Твае б лавіла згукі
У маркатаньні ветру,
 
Заломваліся б рукі
У роспачы маўклівай.
Калі б ты быў далёкі –
О, я была б шчасьлівай!
 
Калі б ты быў далёкі...
А ты жахліва блізкі,
Бы зьвер мільёнавокі
Ля бэзавай калыскі,
 
Як сонца не за хмуркай,
А побач і навокал,
Як вока для кузуркі,
Што заляцела ў вока...
 
Калі б ты быў далёкі,
Бы ў небе касманаўты,
Ня пекліся б апёкі
Там, дзе мяне кранаў ты.
 
І ты б ня біўся токам,
Такі жахліва блізкі,
І я б раўла аблокам,
Яктала да вятрыскі,
 
Качала б голай лыткай
У жалю і ў журбе
І неймаверна брыдкай
Была б сама сабе.
 
 
 
 
Коцікі
Вы чулі, як сьпяваюць коцікі,
І асабліва – удваіх?
Ім непатрэбныя наркотыкі,
Ім дастаткова іх саміх.
 
І сэрца поўніцца пяшчотаю
Й красою навакольных зьяў,
Імкнецца за кацінай нотаю,
І разам зь імі кажа: МЯЎ!
 
 
 
 
Беражэце зубы!
Я мыкала ў трубку старанна
З усьмешкаю скрыўленых губ,
І ты зразумеў, мой каханы,
Што сёньня мне вырвалі зуб.
 
І я засталася бяз зуба.
Цяпер ён чакае мяне
Ў тым месцы, дзе мы з табой, любы,
Бываем пакуль толькі ў сьне.
 
А сьніцца нам змрочная сьцежка,
І зорачкай зьзяе над ёй
Дзявоча-бяззубая ўсьмешка
З прыгожай і чыстай душой.
 
 
 
 
Балерына
Сем гадзін. Тэатар поўны гледачамі,
Быццам бочка – селядцамі, людзі пільна
Сочаць, як пакутна поўзае па сцэне
Балерына са зламанымі нагамі.
 
Дырыжор бязрукі, палку ўзяўшы ў зубы,
Мітусіцца перад скурчаным аркестрам
Эпілептыкаў і паралізаваных,
Што ўхапілі канвульсіўна інструмэнты.
 
Гледачы ўсе спрэс глухія і сьляпыя,
І тэатар за часоў Напалеона
Зруйнаваны безнадзейна назаўсёды.
А пад стольлю на паўвыскубаных крылах
Сумна лётае здань нейкай іншай здані
І палохае бядачку балерыну,
Балерыну са зламанымі нагамі.
 
А са столі я крычу пра злую долю,
Зачапіўшыся нагой за жырандолю,
Я крычу ня ролю.
Я крычу ад болю.
 
 
 
 
Ліст
Я пішу гэты ліст у ААН
Каб атрымаць дазвол
Забіваць сатурніян.
Гэта яны, сатурніяне праклятыя,
Ва ўсім, ва ўсім вінаватыя.
Гэта ад іх усе пошасьці й хваробы,
Усе недароды і ўсе недаробы,
Ад іх усе вырадкі і ўсе ўрады,
Усе прафсаюзы і гіт-парады.
Гэта ад іх завёўся жук калярадзкі,
Юры Шаўчук і Аляксандар Градзкі.
Гэта яны пад рознымі імёнамі
Плююць і сьмецяць пад антычнымі калёнамі.
І я ненавіджу іх усім сваім сэрцам,
Пырскаю ў іх газавымі балёнчыкамі зь перцам.
А яны бываюць у форме і ў падвале
(Аднойчы яны мяне нават арыштавалі),
А яшчэ яны бываюць з хаерамі і з іракезамі,
З устаўнымі зубамі, на катафалках і з пратэзамі,
Але я бачу іх на кожным кроку,
Бачу наскрозь і з кожнага боку,
Гэта яны, ненавісныя сатурніяне,
Атруцілі ваду ў Ціхім акіяне,
І калі вы гэтага ня бачыце ў вашым ААНе,
Дык можа, вы ў ім таксама сатурніяне!
Я не магу вам даслаць гэты ліст.
Няхай яго атрымае Грынпіс.
Такі ж зялёны,
Такі ж шалёны,
Ён зразумее
Мае праклёны
Па-свойму
І дасьць мне
Абойму.
Цалую й бяру ў абдойму.
Забойца сатурніян,
Нехта Напалеян.
 
 
 
 
Дзіўны зьвярок
Нейк прывезьлі ў наш зьвярынец
Вельмі дзіўную жывёлу.
Вочкі-сонейкі са скрыні
Аглядалі ўсё наўкола.
 
Футра зьзяла, быццам поўня
Над блакітнымі палямі.
Вось які зьвярок цудоўны
Пасяліўся побач з намі!
 
Толькі лапкі аб падлогу
Да крыві ён абівае,
І яму на дапамогу
Вартаўнік не пасьпявае.
 
Скурка тонкая празь меру
І ад дотыку рукі
Рвецца горай за паперу
І паўзе ва ўсе бакі.
 
А ад позіркаў цікаўных
Ён сумуе і марнее,
І ад розных смачных страваў
На мытуху ён хварэе.
 
Ён нагадвае камэту,
Закапаную ў пясок.
А чаму – каб хтосьці ведаў,
Каб хоць трошкі дапамог...
 
 
 
 
Гімн мэдыцыне
Блізка, блізка час перамогі!
Мэдыцына ўратуе ўсіх.
Пабяжыць упрыскок бязногі,
І разумным зробіцца псых.
 
І ніхто не памрэ ўжо болей
Са шматлікіх прыгожых нас.
У каханьні, скоках, футболе
Будзем бавіць шчасьлівы час.
 
Паляцім на Марс і Вэнэру,
Як ня стане дзе жыць на Зямлі,
Зьнішчым там і грып, і халеру
(Што, дарма б мы туды прыйшлі?)
 
Абжывем далёкія зоры,
Разьліемся ня горш за моры.
Будзем жыць на Кентаўры, у Рыбах,
На мільёнах розных плянэт,
Аж пакуль не адбудзецца выбух –
ВЯЛІКІ ДЭМАГРАФІЧНЫ ВЫБУХ! –
І ў выніку гэтага выбуху
Не народзіцца новы сусьвет.
А ў гэтым новым сусьвеце
Ў нас народзяцца новыя дзеці,
Толькі гэта ня страшна, бо ў ім
Месца хопіць дакладна ўсім.
 
 
 
 
Кінжал
Мне хтосьці спаць перашкаджаў.
Я выцягнула свой кінжал.
Ад сэрца – дзякуй! – асеціну-кавалю.
Цяпер я вельмі добра сплю.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.