Гэй, родныя песьні! Вы ў суме і ў горы, Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, – Для роднай зямелькі вы – сьветлыя зоры, Для роднага краю вы – райскія гімны! У вас адаб’ецца нядоля і доля, Ўздыханьні, што ходзяць з сахою, зь сякерай, I холад, і голад, няволя і воля, I ў будучнасьць ясну надзея і вера. На сьвеце на белым і праўдай, і чэсьцяй Гандлююць, збываюць за фальш і няславу; Вы ж, песьні, і сьветам маглі бы затрэсьці, Паклікаць к змаганьню за добрую справу. На рукі людскія наложаць аковы, Край стопчуць, заграбяць чужыя народы, – У песьнях жа родны край, родныя словы Жылі, і жывуць, і жыць будуць заўсёды, Гэй, песьні, гэй, звон Беларусі загнанай! Зайграйце пацехай на родным загоне, Што ўжо няма болей няволі, кайданаў I людзі ня стогнуць, як стогнуць сягоньня!
1906
|
|