 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Вялікая дзяржава – Вялікая ідэя. I ўсё ж, таварыш мой, Мазгамі шавяльні: Каля агню братэрства Растуць і ліхадзеі I расьцьвітае Вялікадзяржаўны шавінізм. Малыя народы – Як грошы разьменныя ў касах. На бронзавых конях Усюды сядзяць палкаводцы: То пакарэньне Каўказа, То высяленьне Каўказа, То Беластоцкая вобласьць, То ваяводства. Якія б войны У нас ні перакатваліся, I як бы акупанты Ні дратавалі зямлю, Рана ці позна Народы распраўляліся з катамі, I зноў аралі і сеялі, I гаварылі: «Люблю». Пахлі нашы пожні Мятаю і рутаю, А цяпер Пасьля аграхімічных праполак Пахне глеба гербіцыдамі, А вада атрутаю. У рацэ – ні плотак, ні язёў, Ні ў жыце перапёлак. А нашы псэўдаасьветнікі, Сабраныя на канцылярскіх сьметніках, Магутныя бюракраты Уласным сьцьверджаньням рады: «Гаворыш па-руску –– Інтэрнацыяналіст; Гаворыш па-беларуску – Нацыяналіст, Вучы дзяцей французскай, Ангельскай, эсперанта, Але не беларускай...» – Палохаюць піраты. I адвучылі Дзяцей і бацькоў, I адлучылі Ад родных народных слоў. Вучоны невук Ці дурнаваты крытык, Якія паэзію Не разумеюць і не адчуваюць, То ў жанры даносу, То пагардліва адкрыта Мяне з году ў год Ушчуваюць: «Каму патрэбна Тваіх маніфэстаў рыторыка? Трэба пра шчасьце пісаць I далі прасторныя». А я журуся: Мала ў Беларусі Разумных гісторыкаў, Якія любяць і ведаюць Родную гісторыю. Закрэсьлілі б невукі Мары усе залатыя: «Зьнікае ўсё: I вучэньні, і мовы, і веры. Сёньня Рым размаўляе Не на латыні, А Афіны гавораць Не на мове Гамера». Мы спазьніліся На сотні, напэўна, гадоў, А можа, На цэлае тысячагоддзе. Мы забылі пра вольнасьць Старажытных сваіх гарадоў. Наш цягнік адышоў. Зьнікла родная мова Ў народзе. У кожнага ёсьць Свае рэкі – Ці Дняпро, ці Нёман, Ціхі Дон, ці раз'юшаны Енісей. У сваіх парадзелых лясах Я не чую Ўсхвалёваны гоман, А рака памутнелага часу Нас нясе, і нясе, і нясе... Пастаю я самотна Каля полацкай белай Сафіі, Паблукаю ў Гародні, Пажуруся ў турава-пінскім Палесьсі, А вочы мае ўжо не плачуць – Сухія-сухія: Не чутно мне з былога Ні грому, Ні звону, Адны толькі казкі Ды песьні... Родны Янка Купала, Вы пісалі: «Я веру – настане...» Дарагі мой Іван Дамінікавіч, Не, не настане! Гэта ўжо не сьвітаньне, Гэта наша настала зьмярканьне, Гэта з мовай маёй, Гэта зь песьняй маёй Разьвітаньне.
[1988]
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|