#I Было гэта, было гэта... Ну, было – і квіта! Жыў у вёсцы ў сваёй хаце Мужычок Мікіта. Меў ён жонку Міхалінку, Меў дзяцей зь сямёра, Меў кароўку, меў кабылку I тачок з падпорай. Сэрца меў ён залатое, Быў з пакоры знаны, Не бяз грэху, каб і ў чарку Часам не заглянуў. Вёў вайну ён век зь бядою; Мацавала гора; Лыкне чарку, лёгка стане, Па калені мора! Жонка часам пачне лаяць, – Сойдзе бабе з вока. Адным словам, жыў Мікіта Лёгка і нялёгка.
#II Проста, накас, скокам-бокам Жылося, вялося, Але, як кажуць, да часу Жбан вадзіцу носе. Над зямлёй засела восень, Холадна, плаксіва; Ліпа лісьце паскідала; Зьвяла ўроду ніва. Хмары неба абляпілі, – Каб зірнула сонца! – Золь, слата, што ня дай Божа! Б’ецца у аконца. I старэйшым, і малейшым Стужа дакучае, А ў Мікіты – каб паленца, – Што рабіць? – ня знае. Думаў доўга. Што тут думаць? – Лес не за гарою... За сякеру – ды ў бор панскі Сыпе пехатою.
#III Ой, багата лесам-пушчай Нашая старонка: Ў само неба так і лезе Сосна за сасонкай. Дубы, вязы, елкі, хвойкі Хто зьмера, хто зьліча? А як шумам загамоняць, Так к чамусь і клічуць. К адной елцы і Мікіта Падышоў з уцехай I давай матаць сякерай, Толькі стогне рэха. Сячэ сьмела і ня дбае, Што прыйшоў к чужому; Знаў, што ў лесе хто ня злодзей, – Не гаспадар дома. З гукам рухнула дравіна, Ажно бор затросься. Стаў Мікіта сабірацца Дамоў па калёсы.
#IV Каля лесу на пляцоўцы, Між кустоў калматых, Падкасіўшыся стаяла Лесьнікова хата. Жыў лясьнік у гэтай хаце Грышка Валівода, Чалавек не самавіты, Хоць і мужык родам. Усім вёскам па суседству Добра ў знакі даўся: Празь яго там і ў астрозе Не адзін збадзяўся. Зубы на яго тачыла Бедакоў нямала, – Лесьніковая дасьціпнасьць Косткай усім стала. I цяпер вось, як на ліха, Падслухаў Мікіту: За стральбіну і так вале Зь мінаю сярдзітай.
#V «Ты што робіш гэта, злодзей, Начною парою?» – Наш Мікіта неўспадзеўкі Чуе над сабою. «Што раблю я?.. Сяку дрэва!» – Кажа ён пакорна, Таго як бы і ня кеме, Што у пушчы дворнай. «А хто ж, гад, табе пазволіў Панскі лес пустошыць? За такую, шэльма, штуку Мала і ўкакошыць. Давай, чорт, сваю сякеру, А то кепска будзе!» – Лясьнік лезе да Мікіты I бярэ за грудзі. Штось Мікіта зноў адцяўся, Зноў лясьнік ня змоўчыў, І давай абое драцца, Поўны злосьці воўчай.
#VI Хмурна неба; дожджу каплі, Як сьлёзы, ліюцца, А Мікіта з Валіводам Ня кідаюць, б’юцца. Раптам выстрал пакаціўся, Як сказаці слова, Далей ціха... адна пушча Гамоне нанова. Шуміць пушча, шуміць важна На усе староны, Быццам хоча заглушыці Ўсе няшчасных стоны; Быццам хоча сказаць сьвету Дзерава лясное, Як ідзе несправядліва Ў нас жыцьцё людское; Як на чорнай на зямліцы Грэху не ўбывае... Ох ты, пушча! Праўду баеш, Пушча нежывая.
#VII Ніхто ўжо Мікіту болей На сяле ня бачыў, Дарма сем сіротак кліча, Дарма ўдоўка плача. Сьпіць гаротнік сном вячыстым, Крыж уеўся ў грудзі. Сьпі! К людзям ты ўжо ня прыйдзеш – К табе пойдуць людзі. З часам праўда наверх выйшла, Што рэдка між намі, I сягоньня Валівода Звоніць ланцугамі. Аб тым мейсцы ходзяць байкі, Дзе Мікіта згінуў; Страшна езьдзіць і праходзіць Начною часінай. ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Так прапала людзей двое Праз дабро чужое; I спытайся ж, Божа мілы, За што за якое?
1909
|
|