РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забытая скрыпка

#I
Доўга пад трамай ляжала
          Сьцішна ў вясковым жыцьці,
Доўга ляжала, чакала
          Скрыпка адна ў забыцьці.
Колькі йшло лет за лятамі,
          Колькі йшло, сходзіла сіл! –
Скрыпка драмала. Пластамі
          Клаўся і рос на ёй пыл.
Потам залітыя вочы
          Гэткі ня мог сьлязіць глум,
Пальцу мазольнаму ўночы
          Страшна крануць было струн.
Доўга чакае і сьмягне,
          Покі хто з сэрцам такі
Скрыпчыны струны нацягне,
          Гэткай чакае рукі!..

 

#II
Шоў вёскай той падарожны,
          Чэзла дзе струньніца так,
Шоў і ў хаціну трывожна
          Сьмеліцца стукнуць бядак.
Зважна дамок адчыніўся,
          Просіць гасьціць гаспадар...
Скрыпка пад трамай... зьдзівіўся...
          (Быў падарожны – пясьняр.)
Цягне скрыпулю з-пад трамы,
          Пыл абмятае палой, –
Струны заенчылі самі,
          Жаляцна самі сабой.
Льюцца пясьнярскія словы,
          З дошкай ліповай пяюць;
Зьвесіўшы людзі галовы,
          Слухаюць, думкі снуюць.

 

#III
«Доўга шукаў цябе, скрыпка, –
          Гэткая песьня плыве, –
Быў без вадзіцы я рыбка,
          Ягадка ў буйнай траве.
Рвалася сэрца і думы,
          Гэт, да нязгадных сьвятліц,
Клікалі хвойныя шумы,
          Клікалі шэпты крыніц!
Клікалі... Поўнілісь грудзі
          Смуткам надзей і трывог...
Шоў між людзямі ў адлюддзі,
          Што мог, і то ўжо ня мог!
Вёску мінаў я за вёскай,
          Плёўся праз выдмы, кусты;
Трэ было, трэ было свойскай,
          Музыкі свойскай, як ты.

 

#IV
Слаўся, сьвятая здабыча!
          Пан я сягоньня ўсіх ніў!
Песень маіх не паліча
          Той аж, хто зоры зьлічыў!
Птушкаю з выраю буду,
          Пеці зязюлькай пачну,
Радаўніц жалямі люду
          Ў вочы цікава зірну!
Громаў, маланак ахвотна
          Буду і цар, і пастух,
Лягу расіцай вільготнай,
          Выш’ю вясёлкавы крут!
Дзівамі кветкі купальскай
          Кожную зваблю душу;
Буду няласкай і ласкай,
          Богаў фальшывых скрышу!

 

#V
Прыйдзе Узьвіжаньне – стану
          Ў лесе парадак вясьці:
Ў думкі жывіне ўсёй гляну,
          Буду ўсёй пушчай трасьці.
Ночкай асеньняй засяду
          За стол спраўляці «дзяды»;
З тым сьветам буду мець раду,
          Ўспомню магілкі тады.
Вымкну зноў птушкай на вырай;
          Сьвет не захоча ўжо спаць:
Будзе праводзіць ён шчыра,
          Будзе ён шчыра чакаць.
Грай жа ты, скрыпка жывая,
          Кожнай расходзься струной!
Хто мае сэрца? хто мае?!
          Гэй жа, за мною, са мной!

 

#VI
Я пакажу ўсе вам чары –
          Чары ўсе неба, зямлі, –
Шчасьця другога пажары,
          Дзе б вы сагрэцца маглі.
Праўду ў лад новы настрою,
          Новыя песьні злажу...
Гэй жа, за мною, са мною!
          К сонейку шлях пакажу!..»
Так прызывае-галосе
          Скрыпка ў руках песьняра.
Рэха пад неба няслося.
          Днела ўжо; гасла зара.
Музыку чуюць суседзі –
          Камень бы зрушыць магла!
Сьпеў пясьняр. Глянуў, угледзеў:
          Хата пустая была...

 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.