Першыя песьні – першыя чуткі Шчасьце зазнаці хаценкі нясьмелай, Першыя думкі вольнай мінуткі Птушкамі вымкнуць на сьвет гэты белы. Што іх чакае, што іх спаткае, Чым блаславяць маладога музыку: Ці прыгалубіць ласка людская, Ці заплююць яго сьмехам, прытыкай? Грошы за песьню рэдка хто плаце, Часта акінуць нямілым паглёдам; Песьня паэту ўсё тут багацьце, – Цешыцца, плача у песьні з народам. Што людзі скажуць, што зробяць зь песьняй, Бог зь іхнім судам, насьмешкай, пахвалай! Зганяць – дык будзе трохі балесьне, Выхваляць – шчасьце хоць раз бы спаткала. Вечна рвучыся думкай да сонца, Кепска нікому ня думаў ніколі, А калі й кінуў лішняе слоўца, – Гэта знак толькі жыцьця у нядолі. Сьмерць пяўца возьме мо і сягоньня, Чорнай зямелькай накрыюць павекі, Песьня жыць будзе, ў магіле ня ўтоне, Блага ці добра – жыць будзе навекі!
1906
|
|