Залягла, як пасьцель, Лебядзіная бель На загон, на курган. І кажан, і груган Занямеў не на сьмех: Гэта сьнег, толькі сьнег... За старухай-зямлёй Ты пасьцель, дружа мой, Узваліў на душу, Як бы крыж на мяжу, I ўжо рад не на сьмех: Гэта сьнег, толькі сьнег... Думкі, сэрца, паглёд Абліў лёд, скаваў лёд. Так спавіў, спавіў сам, Каб лягчэй было там, Дзе жыцьцё не на сьмех: Гэта сьнег, толькі сьнег... Ты і жыў, і любіў, Ты ня ўмёр – і забыў, Каб нічога ня дбаць, Сьмела ўдаль паглядаць, Быць самым не на сьмех... Гэта сьнег, толькі сьнег... Хтось – сваяк, не сваяк – Як жыў, скончыўся так. Прагудзеў поп і звон, Ідзі з памяці вон: Бой за хлеб не на сьмех! Гэта сьнег, толькі сьнег... Мо’ і лёгкія дні... Не зачэпяць ані Ні бяда, ні нуда, Ні агонь, ні вада... Само шчасьце, сам сьмех! Гэта сьнег, толькі сьнег...
[1909]
|
|