РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дачакаць!
Чаканьне каштоўнейшае за чаканку
Старых мэдалёў, старажытных манэт.
Чакаць ганарару, навінаў, каханку,
Што ўночы наведае праз Інтэрнэт;
 
Чакаць, што знаёмыя вернуць пазыкі,
І клясьціся больш не даваць напавер;
Чакаць, што паўстане народ безьязыкі,
Калі пасьля дожджыку будзе чацьвер;
Чакаць, і пад томам "Сымона-музыкі"
У пыльнай шуфлядзе трымаць рэвальвэр.
 
Чакаць, калі здарыцца Раз Назаўсёды,
З надзеяю гледзячы за далягляд.
І вось дачакацца, калі не свабоды,
Дык першых у новай эпосе Каляд.
 
У міры ды згодзе, ізь сьмехам дый годзе,
На стол пачастункі паставіць свае
І ў першага-лепшага тысячагодзьдзя
Спытаць: "Трэцім будзеш?"
А раптам ня п'е?!
 
Усе атрымалі сьвяточныя грошы,
Засмажылі тлустую смачную гусь
І жджэм, што апоўначы самы харошы
З экрану прамовіць "Жыве Беларусь!"
 
А мы ап'янеем, губляючы розум.
Закружыцца голаў ад мрояў і кроз.
Міколка, што некалі быў Паравозам,
А сёньня ўвіхаецца, як Дзед Мароз,
 
Ізноў распачне навагоднія жарты,
Сьнягуркі апрануць свае кімано,
І сядзе дасьведчаны шулер за карты -
Гуляць са стагодзьдзямі ў "дваццаць адно"...
 
А стрэлка праходзіць апошні адцінак.
(Два тысячагодзьдзі - на ейным баку!)
Зязюля падкінула яйка ў гадзіньнік
І хутка ўсясьветнае грымне "ку-ку".
 
30.XII.2000.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.