Мы покуль не народжаны народ, Мы вязьні скамянелых яйцаклетак, Мысьленча запаволены чарот; Хтось падла, хтось зусім яшчэ падлетак, Хтось піша і рыторыкай старой Уводзіць юнакоў у заблужджэньне: Змагар, руплівец, ходаньнік, герой, Тытан, а мо й тытанік адраджэньня. Стаміліся й губляем лік гадам: Гады ў турме паўзучыя, як гады! Дзе ж тая паўнагрудая мадам, Што ўсіх нас павядзе на барыкады? Што маем, ёй бы кінулі да ног! І вартавыя чуюць нашы енкі, Калі начамі ў каляровых снох Мы бычым гэту кралю без сукенкі. Мы валім дрэвы, чэшам камяні, Капаем катлаваны і каналы, Чакаем на спатканьні, лічым дні Й абагульняем сьвет наш дасканалы. Бо верым: навакольнае лайно Цудоўным гноем станецца ў гасподзе. Па-праз закратаванае акно Гартуем дых, каб дыхаць на свабодзе.
|
|