Апляла мяне нядоля Зь неспакойнай бабай; Ледзьве цягне ногі з поля, – Вадзіцца ж ня слаба. Хоць яе мужык я родны, – Цягам мучыць звадай; Ці то годны, ці нягодны, – Прычапіцца рада. Як даўгі язык разваліць, – Сам чорт не запрэча; Век радню сваю ўсю хваліць, А маю нівеча. Што яна мяне здатнейшай, – У адным б’е чыне, – Разумнейшай, дасьціпнейшай, Лепшай гаспадыняй. Часта паласаваў пугай, Валасы патузаў; Скураной ня раз папругай Наляпіў ёй гузаў. Стану біць, запёршы ў клеці: Дружна поўха скача; I што ж? Плачуць толькі дзеці, I сама ўсьцяж плача. I нічога, ой, нічога Ёй не памагае, – Век браханьня абрыднога Баба не кідае. Слухай, малец, будзь прыкладным, Раджу не за грошы, – Не паддайся вочам здрадным Дзеўчыны харошай! Не бяры жонкі выбрэднай Ды ў багатай скуры, Хай сабе ўжо будзе беднай, Ды добрай натуры!
1906
|
|