 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Мой пагляд і мэта
|
З прыпевак тутэйшага
|
Я па закону і па веры Ганю свой быт паміж людзей; Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў, Крывулі ў ім каб ні аднэй. Таму я – кум, таму я – сват; Той мне, таму штось вінен я; Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * Да гаспадаркі маю клёку: Як дзед, як прадзед, так вяду; Штось мо’ й ня так, як глянуць збоку, Але я дзьму на ўсё ў дуду... Кусток лазовы, ўзрэхаў рад – Ня бачу ў гэтым грэху я. Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * Я к працы здатны і ахвочы – З гультайствам дружбы не вяду; Натое Бог дзянёк рабочы Даў чалавеку на раду; Тры ж дні якія ў тыдзень сьвят Прасьвяткаваць магу і я. Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * Жыву з суседзьмі па-суседску, – Пакорны згоды я слуга; Ня быць нікому ў воку рэдзькай Я век стараюсь як мага. Які ж «на козыр» возьме «гад» – Дзяржу ў руках кол ёмка я. Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * Зладзейства – крый ты мяне Божа, Каб я зрабіў... ражон мне ў бок! Каня ж напасьціць чужым збожжам, У панскім лесе сьсеч дубок, Сянца напхаці панарад – Яшчэ згаджуся з гэтым я. Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * Зьдзірач, працэнтнік, ліхаімца – Ў мяне такі не чалавек; Я сам з другімі рад дзяліцца, Але ўсё ў меру, як той лек: Ніколі больш як «пяцьдзесят За сто» і ўзяць ня сьмею я. Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * Я п’янства, п’яніц прост ня зношу: Іх вораг – я, яны – мае; Калі ж сусед мне скажа: «проша» I чарку ставіць на стале, Ўступаю просьбам, рад ня рад. Што ж? – дзьве-тры чаркі – ня хвор я... Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * На пана, жыда і на чына Ня маю ласкі ні крыхі; Хоць перад першым сагнуць сьпіну, З другім гешэфцік завясьці, А з трэйцім знаць ў хабарах лад – Не ад таго падчас і я. Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * Як людзі добрыя, навукі Я з малку дзён пакаштаваў I расьпішуся без прынукі, Сынка ж у школу не даваў. Дзед без навукі жыў лет шмат, I сыну ж тое дзяўблю я. Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * Люблю чытаць я і газэты: Як, дзе, што – ведаці люблю; Сякі-такі толк знаю ў гэтым – Купляць жа – дык не прызнаю... Сусед пазычыць яе рад, Чытаць за «дзякуй» ласкаў я. Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * Знаём з расейскай, з польскай мовай; Сваёй з гасьцьмі ані мру-мру, Хаця ня зрокся і «вясковай» – «Папросту» з «простым» гавару. Зь яе ж рабіць які парад, За гэта дзякую ўжо я. Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая. * Так па закону і па веры Ганю свой век паміж людзей; Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў, Крывулі ў ім каб ні аднэй. Таму я – кум, таму я – сват, Той мне, таму штось вінен я. Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая.
1910
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2021. Беларусь, Менск.
|
|
|