I душна, i цесна, i сэрца самлела Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх... Як птушка на скрыдлах, ляцець бы хацела, Як хваля па моры, плыла бы да ix! Ўзьнялася б, здаецца, расінкай на хмары, А хмары бы ветрам сказала я гнаць Далека, далека, дзе сьняцца мне чары, Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць, Дзе пацеркай белай Вільля прабягае, Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе, Дзе кожна дарога i крыж мяне знае, Дзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве! Там я нарадзілася й вырасла уволю, Там першыя словы вучылась казаць. Затое сягоньня ляцела б стралою Там зь імі з усімі год Новы спаткаць! Ой, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты Загоны, лясочкі, дарожкі мае! Эх, як вы у сэрцы маім не забыты, Як часта абраз ваш у думцы ўстае! А вы, бледны твары, панураны ў працы, I ты, друг мой, смутак зь ix сьлёзных вачэй, Прыміце сягоньня прывет мой гарачы, Каб жыць нам было ў гэтым годзе лягчэй!
1909
|
|