Не такое цяпер мора, Не такі у хвалях шум: Цяпер бурна, страшна мора! Хваля поўна дзікіх дум. Мора вуглем цяпер стала, Мора з дна цяпер гарыць, Мора скалы пазрывала, Мора хоча горы змыць. Мора злуе, крэпнуць хвілі, Зь дзікім шумам бераг рвуць; Гром грыміць за вёрсты-мілі, З мора брызгі ў неба б’юць. Мейсцам хваля стогнам рыкне, Мейсцам плач сарвецца з губ, Мейсцам бераг болем ікне, Гром грыміць у тысяч труб. Мора зброіцца палкамі, Шум русалак разбудзіў, Запаліўся смок агнямі, Неба чорны гнеў пакрыў. Бог сярчае: злая бура Псуе вельмі сьвяты сон. Б’ецца, рвецца ўся натура, Аж дрыжыць нябесны трон. Трон дрыжыць, ня сьпяць прарокі, Бог склікае сьвяты сход; А там радзяць, што аблокі Мусяць штурм пусьціць у ход. Бой пачаўся. Войска Бога Залпам паліць ў горды хвіль... Мільён згіне, – нова змога Расьце крэпка праз сто міль. Растуць сілы мора злога, У размаху відзен гарт. Не адступяць войскі Бога... Бой пачаўся не на жарт. Такі бой вякамі жджэцца, Такі бой гігантаў дасьць, Ў такім баю толькі грэцца, Ў такім баю толькі пасьць.
Кастрычнік, 1905.
|
|