РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мора
Рэвалюцыя народная
Не такое цяпер мора,
Не такі у хвалях шум:
Цяпер бурна, страшна мора!
Хваля поўна дзікіх дум.

Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.

Мора злуе, крэпнуць хвілі, 
Зь дзікім шумам бераг рвуць; 
Гром грыміць за вёрсты-мілі, 
З мора брызгі ў неба б’юць.

Мейсцам хваля стогнам рыкне, 
Мейсцам плач сарвецца з губ, 
Мейсцам бераг болем ікне, 
Гром грыміць у тысяч труб.

Мора зброіцца палкамі, 
Шум русалак разбудзіў, 
Запаліўся смок агнямі, 
Неба чорны гнеў пакрыў.

Бог сярчае: злая бура 
Псуе вельмі сьвяты сон. 
Б’ецца, рвецца ўся натура, 
Аж дрыжыць нябесны трон.

Трон дрыжыць, ня сьпяць прарокі, 
Бог склікае сьвяты сход; 
А там радзяць, што аблокі 
Мусяць штурм пусьціць у ход.

Бой пачаўся. Войска Бога 
Залпам паліць ў горды хвіль... 
Мільён згіне, – нова змога 
Расьце крэпка праз сто міль.

Растуць сілы мора злога, 
У размаху відзен гарт. 
Не адступяць войскі Бога... 
Бой пачаўся не на жарт.

Такі бой вякамі жджэцца, 
Такі бой гігантаў дасьць, 
Ў такім баю толькі грэцца, 
Ў такім баю толькі пасьць.
 
Кастрычнік, 1905.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.